від сучаснага выяўл. мастацтва. Уключае маст.фатаграфію, фотаграфіку, фотамантаж, фотагравюру і інш. Валодае многімі выразнымі сродкамі жывапісу і графікі, а таксама спецыфічнымі: святло (градацыі святлаценю), аптычныя сродкі (каротка- і даўгафокусныя аб’ектывы), лічбавы фотаапарат, камп’ютэрная графіка і інш. Творы Ф. выкарыстоўваюцца як дадатковы ці зыходны матэрыял у інш. відах мастацтва, а таксама ў плакаце, кніжнай і часопіснай графіцы, рэкламе.
Першым фатаграфічным дакументам лічаць здымак Н.Ньепса «Від з майго рабочага пакоя на Шалонсюр-Саон» (1826). З таго часу Ф. развіваецца як «мастацтва спыненага моманту». Напачатку фатаграфія развівалася пад уплывам кірункаў у выяўл. мастацтве, якія прытрымліваліся дакумент. адлюстравання рэчаіснасці (пераважна партрэты). Таму фатографы запазычвалі і прыёмы партрэтнага жывапісу Э.Баярд, Э.Корж, Г.Ф.Надар, К.Сільві (Францыя), Дж.М.Камеран (Вялікабрытанія). З удасканальваннем фотатэхнікі акрэсліваліся новыя шляхі ў развіцці фатаграфіі. Фатографы, якіх не задавальняла простае капіраванне прыроды, імкнуліся падкрэсліць яе прыгажосць праз унутр. дынамізм, маст. пераасэнсаванне; здымак набываў самаст.эстэт. сэнс. У пач. 20 ст. Ф. развівалася пад уплывам стылю мадэрн: Я.Булгак (Беларусь, Літва, Польшча), М.Напельбаўм (Расія), Ё.Судэк (Чэхія). У галіне Ф. працавалі еўрап. графікі і жывапісцы А.М.Муха, П.Пікасо, Ц.Ульрыхс, Г.Цыле, Л.Лісіцкі. Сувязь фатаграфіі з традыц.выяўл. мастацтвамі выявілася ў пераасэнсаванні маст. традыцый жывапісу і графікі. Адзін з заснавальнікаў сучаснага Ф. — А.Стыгліц (ЗША); яго развіццю садзейнічалі сав. авангард і еўрап. мадэрнізм. Як від мастацтва Ф. сфарміравалася ў 1920-я г. У Ф. адбыўся рэв. ўздым, абумоўлены выкарыстаннем вопыту кінематаграфістаў, оптыкі і новых канструкцыйных асаблівасцей фотакамеры. Сярод вядучых фотамастакоў: М.Рэй (ЗША), М.Альперт, Д.Дэмуцкі, Б.Ігнатовіч, Г.Клуцыс, А.Родчанка (Расія), А.Зандэр, Л.Мохай-Надзь, А.Штанкоўскі (Германія). Ф. 1930—50-х г. уласціва імкненне да адлюстравання сац. праблем, стварэння маштабнага партрэта грамадства: К.Х.Маі, Э.Саламон (Германія), А.Карцье-Брэсон, А.Кертэш, Э.Стэйхен (Францыя), Л.Мілер (ЗША). У 1950—70-я г. ўзмацніліся ўзаемасувязі новых эстэт. кірункаў мастацтва: М.Франк (Бельгія), Б.Бранд (Вялікабрытанія), А.Адамс (ЗША), А.Суткус (Літва), А.Ньюмен (ЗША). Сучасны этап Ф. характарызуецца шматграннасцю жанравых форм, творчых метадаў, канцэптуальных падыходаў, высокімі эстэт. патрабаваннямі, тэхн. разнастайнасцю і дасканаласцю. У жанры фотапартрэта працуюць Т.Руф, К.Северынг (Германія); арх. і ландшафтны мінімалізм адлюстроўваюць Б. і Х.Бехеры, А.Гурскі, О.Мартэнс (Германія), В.Вендэрс (Германія, ЗША), Б.Канопка (Францыя); жанравую фатаграфію з драматургічнай вобразнай структурай распрацоўваюць Н.Аракі (Японія), Дж.П.Віткін (Францыя, Германія, ЗША).
На Беларусі фатаграфія вядома з 1860-х г. Уклад у еўрап. Ф. пач. 20 ст. зрабілі выхадцы з Беларусі Булгак, Л.Дашкевіч, Напельбаўм, С.Юркоўскі, А.Прушынскі і інш. У 1920-я г. вядомы творы Ф. ў плакатах навучэнцаў Віцебскага маст. тэхнікума; фотамантаж выкарыстоўваўся ў кніжнай графіцы 1930-х г. Як самаст.маст. з’ява Ф. пашырылася з 1970-х г. Жанр архітэктурна-эпічнага пейзажа знайшоў увасабленне ў творах В.Бараноўскага, Г.Ліхтаровіча, Дз.Раманюка, У.Суцягіна, П.Цішкоўскага, псіхал. партрэта — В.Федарэнкі, У.Шубы, М.Раманюка, Я.Казюлі. З 2-й пал. 1970-х г. у Бел.АМ уведзены курс фотаграфікі, кіраўнік якога У.Цярэнцьеў займаўся эксперым. пошукамі, развіваў арыгінальныя методыкі. Ф. дасягнула росквіту ў 1980-я г., калі пачалі складвацца адметныя прынцыпы бел.маст. школы. У галіне эксперым.маст. фатаграфіі, фотаграфіцы працавалі і працуюць А.Адамчык, М.Баразна, В.Ганчарэнка, А.Дудкін, М.Жылінскі, В.Лабко, Г.Маскалёва, У.Парфянок, В.Шчукін. Сац. бок грамадскага жыцця адлюстраваў у сваіх серыях А.Кляшчук (напр., «Зона журбы», 1986—96, прысвечана чарнобыльскай тэматыцы). Даасн. плыні фотамастакоў далучыліся С.Кажамякін, У.Парфянок, І.Саўчанка і інш. Іх творчасці ўласцівы падкрэсленая графічная своеасаблівасць здымка, пазбаўленая штампаў кампазіцыйнага мыслення рэпартажнай фатаграфіі. За творамі гэтага асяродка замацавалася назва жанру «мінская канцэптуальная фатаграфія». Магілёўская творчая суполка развівае класічныя якасці маст. фатаграфіі і традыцыі Міжнар. асацыяцыі фотамастакоў FIAP: П.Цішкоўскі, З.Шэгельман, Г.Карчэўскі, В.Цітоў, А.Сувораў і інш.
М.Р.Баразна.
Даарт.Фотамастацтва. Г.Ф.Надар. Сара Бернар. 1860.Даарт.Фотамастацтва. Л.Лісіцкі. Канструкцыя. 1924.Даарт.Фотамастацтва. М.Рэй. Мэры Опенхайм. 1933.Даарт.Фотамастацтва. П.Пікасо, А.Віе. Жанчына на кані. 1962.Даарт.Фотамастацтва. А.Кляшчук. Перад невядомай наступнасцю. З серыі «Зона журбы». 1994.Даарт.Фотамастацтва. М.Раманюк. Жанчына ў старадаўнім касцюме з наміткай.Даарт.Фотамастацтва. Б. і Х. Бехеры. Газавы рэзервуар. 1992.Даарт.Фотамастацтва. Г.Ліхтаровіч. Замак 16 ст.Г.п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл.Даарт.Фотамастацтва. П.Цішкоўскі. Гарадскія навіны. 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКЛА́Д МАСТА́ЦКІ,
від літаратурна-мастацкай творчасці; узнаўленне твора выяўленчымі сродкамі другой мовы; літ. твор, што з’яўляецца семантычна-стылістычным адпаведнікам ідэйна-вобразнай структуры якога-небудзь іншамоўнага твора (арыгінала). Ад інш. відаў перакладу (грамадска-паліт., навук., тэхн., ваеннага) П.м. адрозніваецца сваёй творчай сутнасцю. Перакладны маст. твор — і не даслоўная копія арыгінала, і не цалкам новы твор, а «нешта трэцяе» (А.Кундзіч), што стаіць на памежжы двух л-р — у якой узнік і ў якой пачынае новае жыццё. Паводле характару стаўлення да арыгінала падзяляецца на: аўтарскі — аўтапераклад, здзейснены самім аўтарам арыгінала, пэўныя адступленні ад яго прадвызначаны аўтарскай воляй; аўтарызаваны — ухвалены і падпісаны аўтарам; вольны — з наўмыснымі адступленнямі ад сэнсу ці форм арыгінала; паслоўны — пераклад «слова ў слова», без належнага ўзнаўлення сэнсу выказвання; падрадковы — паслоўны пераклад вершаў без захавання іх формы (рытму, рыфмаў і інш.); дакладны, або рэалістычны — найб. пашыраны, плённы і мэтазгодны. Дакладны П.м. мае на мэце беражлівае стаўленне да арыгінала, захаванне яго ідэйна-вобразнай структуры, асн. стылёвых рыс і нац. адметнасцей, каб «унутранае жыццё перакладзенага выказвання адпавядала ўнутранаму жыццю арыгінальнага» (В.Бялінскі).
У П.м. твор робіць на чытача такое ж уражанне, як і ў арыгінале. На характар і ўзровень П.м. ўплываюць ступень развітасці нац. л-ры, распрацаванасць літ. мовы, багацце перакладчыцкіх традыцый, моўная, этнагр.-бытавая, культ., паліт. і інш. блізкасць народаў, паміж якімі ён адбываецца. Перакладаць з блізкіх моў не лягчэй, чым з далёкіх, бо ўзнікае шэраг спецыфічных цяжкасцей, звязаных з міжмоўнай аманіміяй, гіпнозам арыгінала, працай перакладчыка «на віду» ў чытача, які можа параўнаць пераклад з вядомым яму арыгіналам, і інш. П.м. мае канкрэтна-гіст. характар: перакладчык выступае і як творчая індывідуальнасць, і як прадстаўнік пэўнага часу, краіны, грамадскага асяроддзя. Ён павінен валодаць навыкамі вучонага-літ.-знаўца і талентам арыгінальнага творцы, мовай арыгінала, ведаць творчасць пісьменніка, якога перакладае. Таму магчыма існаванне многіх П.м. аднаго твора на пэўную мову. Найб. складаны П.м. паэзіі: узнаўленне рытмічнага малюнка арыгінала (эквіметрычнасць), характару рыфмаў і рыфмоўкі (эквірыфменнасць), захаванне колькасці і парадку радкоў (эквілінеарнасць), цяжкасці, звязаныя з «адзінствам і цеснатой вершаванага рада» (Ю.Тынянаў), перадачай паэт. тропікі і інш.
П.м. вядомы са старажытнасці. У сярэднявеччы перакладалі пераважна Біблію і інш.рэліг. кнігі, у эпоху Адраджэння — творы ант. л-ры. У Расіі П.м. пачаў развівацца з 18 ст. (В.Традзьякоўскі, М.Ламаносаў і інш.). У 19 — пач. 20 ст. як перакладчыкі вызначаліся В.Жукоўскі, М.Гнедзіч, А.Пушкін, А.Блок, В.Брусаў і інш. Іх традыцыі развілі Л.Гінэбург, М.Лазінскі, В.Левік, М.Любімаў, С.Маршак, Я.Хелемскі і інш.
На Беларусі П.м. пачаў Ф.Скарына, які пераклаў і надрукаваў на старабел. мове 23 кнігі Бібліі (1517—19). Кіруючыся асветніцкімі мэтамі, ён адмовіўся ад традыц. пры перакладзе Бібліі літаралізму, уносіў у яе тэкст пэўныя змены (ужываў вобразы з вусна-паэт. творчасці, прымаўкі, устаўляў уласныя вершы, дадаваў свае прадмовы і пасляслоўі і інш.). Традыцыі Скарыны развівалі С.Будны, В.Цяпінскі, ананімныя перакладчыкі жыцій («Жыціе святой Марыны»), апокрыфаў («Страцім-птах», «Пра дванаццаць пакутаў»), аповесцей рэліг. зместу («Аповесць пра трох каралёў»), рыцарскіх раманаў («Александрыя», «Аповесць пра Трышчана»), гіст. аповесцей («Гісторыя пра Атылу», «Аповесць пра Скандэрбега») і інш. Новы перыяд бел. П.м. пачынаецца з 19 ст. разам з узнікненнем новай бел. л-ры. Яго пачынальнік — В.Дунін-Марцінкевіч, які ўзнавіў па-беларуску «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча (1859, захаваўся часткова). А.Вярыга-Дарэўскі, А.Гурыновіч, Я.Лучына, М.Косіч, А.Ельскі і інш. развівалі пераважна вольны П.м. Асновы бел. дакладнага П.м. заклалі Я.Купала (пераклаў «Слова пра паход Ігаравы», паэзію А.Міцкевіча, Т.Шаўчэнкі, М.Някрасава, У.Сыракомлі, М.Канапніцкай), М.Багдановіч (упершыню даў на бел. мове ўзоры ант. лірыкі, класічнай ням., франц. і бельг. паэзіі, і інш.), Я.Колас (пераклаў «Палтаву» А.Пушкіна, «Дэмана» М.Лермантава, многія творы Шаўчэнкі). П.м. развівалі і ўзбагацілі П.Броўка, Ю.Гаўрук, П.Глебка, У.Дубоўка, А.Дудар, А.Зарыцкі, А.Куляшоў, П.Макаль, Я.Семяжон. М.Танк, Ю.Таўбін, К.Чорны, а ў наш час Р.Барадулін, Я.Брыль, Н.Гілевіч, А.Лойка, М.Лужанін, Н.Мацяш, В.Сёмуха, Я.Сіпакоў, і інш. Іх пераклады і інш. перакладныя творы выдаваліся асобна і ў серыйных выданнях («Проза народаў СССР», «Паэзія народаў СССР», «Паэзія народаў свету», зб-ках «Братэрства», «Далягляды» і інш.). У 1970 Куляшову (за пер. кніг «Выбраная паэзія» Лермантава, «Энеіда» І.Катлярэўскага, «Спеў аб Гаяваце» Г.Лангфела), у 1976 Барадуліну (за зб. «Рум» і пер.выбр. лірыкі Ф.Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады»), у 1980 Гілевічу (за зб. паэзіі «У добрай згодзе» і перакладчыцкую дзейнасць), у 1982 Семяжону (за пер. паэмы «Песня пра зубра» М.Гусоўскага) прысуджаны Дзярж. прэміі Беларусі імя Я.Купалы. Творы бел. пісьменнікаў перакладзены на многія мовы народаў свету. Хелемскаму за пераклад твораў бел. л-ры (Броўкі, Куляшова, П.Панчанкі, М.Танка) на рус. мову ў 1980 прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗЫЛЬЯ́НЕ,
каталіцкія манахі ўсх. абраду, якія жывуць паводле т.зв. статута св. Васіля (Базыля) Вялікага (распрацаваны ў 4 ст.). Існуюць у Еўропе і на Б.Усходзе з ранняга сярэднявечча. У 16 ст. зарганізаваны ў адзіны ордэн. Вылучаецца некалькі асн. базыльянскіх абрадаў: Гротаферата (італа-албанскі), св. Збаўцы і св. Яна Хрысціцеля, Мелкіцкі (у Ліване, Палесціне і Егіпце), св. Іасафата (на Украіне, у Румыніі). На Беларусі базыльяне з’явіліся ў 17 ст. ў выніку царк. рэформаў уніяцкага мітрапаліта І.В.Руцкага. Першая місія манахаў-кармелітаў, выкліканая Руцкім у 1605, заклала базыльянскі ордэн у Свята-Троіцкім кляштары ў Вільні. На далейшае фарміраванне ордэна ў ВКЛ і ў Рэчы Паспалітай зрабілі ўплыў езуіты. У 1617 Навагрудская кангрэгацыя зацвердзіла стварэнне базыльянскага ордэна ў Рэчы Паспалітай і прыняла рэгулы (статут) новага ордэна, распрацаваныя Руцкім, які быў абраны 1-м протаархімандрытам (генералам) базыльянаў. Паводле рэгулаў протаархімандрыт ордэна падпарадкоўваўся папу рымскаму праз уніяцкага мітрапаліта. Протаархімандрытамі базыльянаў былі Руцкі (1617—21), Леў Крэўза Ржавускі (1621—26), Рафаіл Корсак (1626—36), Пахомій Война Аранскі (з 1636), Антоній Сялява (з 1652), Якуб Суша (з 1661), Гаўрыіл Календа (з 1666), Пахомій Агілевіч (1675—79), Стафан Мартышкевіч Бусінскі (1679—86), Язэп Пяткевіч (1686—90), Сымон Агурцэвіч (з 1690), Якім Кушэвіч (з 1694), Леў Кішка (1703—13), Васіль Працэвіч (1713—17), Максімілян Вятржынскі (1717—19), Антон Завадскі (з 1719), Карнелій Сталпавіцкі-Лябецкі (да 1727), Антанін Таміловіч (1729—36), Патрыцый Жураўскі (1739—43), Палікарп Мігуневіч (1743—47), Іпацій Білінскі (1747—51; 1759—72), Ераклій Лісянскі (1751—59), Парфірый Скарбек Важынскі (1772—80 і з 1788), Язэп Маргулец (1780—85), Ерафей Карчынскі (1786—88), Максімілян Вільчынскі (да 1793), Афанасій Фалькоўскі (да 1802), Юстын Гусакоўскі (да 1804, калі пасада протаархімандрыта была скасавана). У 1743 ордэн падзелены на 2 правінцыі: Літоўскую (уваходзілі землі княства, у т. л. Беларусі) і Рускую (або Польскую, каронную). Ордэнам кіравалі протаархімандрыт, правінцыялы (кіраўнікі правінцый), 4 кансультары і сакратар. Вышэйшай заканад. уладай былі кангрэгацыі (з удзелам мітрапаліта), іерархіі базыльянаў. Кангрэгацыі склікаліся раз на 4 гады ў любым буйным цэнтры базыльянаў, найчасцей у Навагрудку (1617, 1671, 1686, 1703, 1717, 1719, 1730), Жыровічах (1629, 1631, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694), Вільні (1636, 1642, 1646, 1650, 1667, 1713). У 1635 базыльяне атрымалі прывілей караля Уладзіслава IV, паводле якога біскупамі уніяцкай царквы маглі выбірацца толькі манахі-азыльяне, што ўзмацніла пазіцыі ордэна. Расла колькасць кляштараў. У 1772 у кожнай правінцыі было па 72 кляштары, больш за 600 манахаў. Базыльяне актыўна займаліся адукац. дзейнасцю. Прывілеем 1613 кароль Жыгімонт III Ваза дазволіў базыльянам адкрываць школы са статутам пач. і сярэдніх навуч. устаноў з выкладаннем на бел. мове. Базыльяне распрацавалі сістэму свецкай адукацыі пераважна лінгвістычнага багаслоўскага і агульнагуманітарнага кірунку. У 18 ст. буйнейшыя базыльянскія школы мелі па 300—500 вучняў. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 існавалі 4 правінцыі; акрамя 2 існуючых утварыліся Беларуская (на далучаных да Расіі землях) і Галіцкая (на тэр. Аўстрыі). У 1785 ордэну базыльянаў, які стаў сур’ёзнай перашкодай на шляху афіц. палітыкі праваславізацыі і русіфікацыі Беларусі, было забаронена выбіраць правінцыяла і протаархімандрыта, улада над ім была перададзена архібіскупу А.Лісоўскаму І.Лісоўскаму, прыхільніку ўсх. абраднасці. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай кантакты базыльянаў з Рымам спынены, ордэн ператварыўся ў групу адасобленых кляштараў без ордэнскай цэнтралізацыі. У 1822 паводле загаду цара Аляксандра I закрыты кляштары базыльянаў, пры якіх існавалі навіцыяты, школы або філасофскія і багаслоўскія класы, а на іх базе створаны правасл. духоўныя вучылішчы. Паводле ўказу Мікалая I ад 9.10.1827 ліквідавана базыльянскае манаства, а ў 1828 ліквідаваны і кляштары базыльянаў. Толькі Свята-Троіцкі віленскі кляштар з семінарыяй праіснаваў да 1839, калі на Полацкім дзярж. саборы была скасавана уніяцкая царква. У 1870 забаронены апошнія кляштары базыльянаў на тэр. Польшчы. Базыльяне захаваліся ў Аўстра-Венгрыі (14 кляштараў у Галіцыі і 7 у Венгрыі). На Украіне базыльяне афіцыйна дзейнічалі да 1946, калі на Львоўскім саборы была ліквідавана Украінская грэка-каталіцкая царква. З таго часу базыльяне разам з усёй царквой перайшлі на нелегальнае становішча. У канцы 1980-х г. яны аднавілі сваю дзейнасць. На Беларусі базыльянства не адрадзілася, аднак невял. частка манахаў праходзяць навіцыят ва ўкраінскіх базыльянскіх кляштарах.
Літ.:
Коялович М.О. История воссоединения западнорусских униатов старых времен. Спб., 1873;
Бобровский П.О. Русская греко-униатская церковь в царствование императора Александра I. Спб., 1890.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫЯ ЎРАЎНЕ́ННІ,
ураўненні, якія змяшчаюць невядомыя функцыі, іх вытворныя любых парадкаў і незалежныя пераменныя. Уведзены ў матэматыку І.Ньютанам і Г.Лейбніцам. Іх сістэматычнае вывучэнне пачаў Л.Эйлер. У 19 ст. Д.ў. сталі самастойнай матэм. дысцыплінай. Заснавальнікі сучаснай тэорыі Д.у. — А.М.Ляпуноў, У.А.Сцяклоў і інш.
Змена масы m радыеактыўнага рэчыва з каэфіцыентам распаду k за прамежак часуdt выражаецца Д.у. dm = kmdt (1). Тэмпература U = U(x, y, z), што ўстанавілася ў кожным пункце (x, y, z) цела, на мяжы якога падтрымліваецца зададзены цеплавы рэжым, задавальняе Д.ў.
(2).
Д.ў. віду (1) — звычайнае Д.ў. (змяшчае функцыю аднаго пераменнага), віду (2) — Д.ў. ў частковых вытворных (змяшчае вытворныя невядомай функцыі па розных пераменных). Парадак Д.ў. вызначаецца вытворнай самага высокага парадку ў гэтым ураўненні Кожнае Д.ў. вызначае адразу цэлую сям’ю рашэнняў, залежную ад лікавых ці функцыянальных параметраў; яно выражае некаторы агульны закон, якому падпарадкоўваецца мноства канкрэтных працэсаў. Для вылучэння асобнага працэсу задаюць дадатковыя ўмовы, найчасцей — краявыя (пачатковыя і гранічныя). Для рашэння (1) задаецца пачатковае значэнне — маса m(0) = m0. Рашэнне (2) вызначаецца, напр., гранічнымі значэннямі — размеркаваннем тэмпературы на паверхні цела. Звычайнае лінейнае Д.ў. або сістэму гэтых Д.у. увядзеннем дапаможнай функцыі можна запісаць у выглядзе x′ = P(t)x + φ(t), дзе P — матрыца каэфіцыентаў, φ — вектар свабодных членаў, x = x(t) — вектар-функцыя. Калі Y — квадратычная матрыца, якая складаецца з незалежных рашэнняў адпаведнай аднароднай сістэмы (φ ≡ 0), а x* — адно з рашэнняў прыведзенага Д.ў., тады ўсе яго рашэнні дае формула x = x* + Yc, дзе c — адвольны пастаянны вектар. У шэрагу выпадкаў, напр. пры пастаяннай P, пабудова x* і Y зводзіцца да алгебраічных аперацый і інтэгравання. Існуюць і нелінейныя Д.ў., якія рашаюцца з дапамогай канечнага ліку прасцейшых аналітычных аперацый. Напр., калі My′= Mx′ тады ўсе рашэнні M(x,y)dx + N(x,y)dy = 0 дае формула ∫M(x,y)dx + N(x,y)dy = c, дзе c — адвольная пастаянная. Калі Д.ў. зададзена з дапамогай аналітычных функцый, тады рашэнне выяўляецца таксама аналітычнай функцыяй, раскладаецца ў ступенны рад каля кожнага неасаблівага пункта і знаходзіцца метадам неакрэсленых каэфіцыентаў. Вызначэнне рашэння Д.ў. ці сістэмы Д.у. x′ = 𝑓(t,x) з зададзенай пачатковай умовай x(t0) = x0 раўназначнае рашэнню інтэгральных ураўненняў тыпу:
(3). Калі 𝑓 неперарыўная функцыя, то (3) мае хоць бы адно рашэнне. Калі, акрамя гэтага, неперарыўная 𝑓′x, то рашэнне (3) адзінае і яго можна знайсці з дапамогай ітэрацый. Метад ітэрацый разам з метадам раздзялення пераменных, з метадам малога параметра і інш. ўжываецца і пры рашэнні Д.ў. з частковымі вытворнымі. Прыбліжанае рашэнне Д.ў. атрымліваюць, замяняючы ў Д.у. вытворныя адносінамі прырашчэнняў і пераходзячы да ўраўненняў у канечных рознасцях. Тэорыя Д.ў. выкарыстоўваецца ў варыяцыйным злічэнні, у тэорыі аптымальных працэсаў, у тэорыі кіравання рухам і ў большасці раздзелаў прыкладной матэматыкі. Вывучэнне краявых задач для Д.у. з частковымі вытворнымі — гал. частка матэм. фізікі.
На Беларусі развіццё тэорыі Д.у. звязана з імем М.П.Яругіна; распрацоўка новых раздзелаў тэорыі Д.у., арыентаваных на тэорыю кіравання, пачата ў 1966 Я.А.Барбашыным. Даследаванні па Д.у. вядуцца ў Ін-це матэматыкі Нац.АН Беларусі, БДУ і інш. (І.В.Гайшун, М.А.Ізобаў, Э.І.Груда, Ф.М.Кірылава, В.І.Карзюк і інш.). У Мінску выдаецца міжнар. навуковы час.«Дифференциальные уравнения».
Літ.:
Еругин Н.П. Книга для чтения по общему курсу дифференциальных уравнений. 3 изд. Мн., 1979;
Яго ж. Линейные системы обыкновенных дифференциальных уравнений с периодическими и квазипериодическими коэффициентами. Мн., 1963;
Барбашин Е.А. Введение в теорию устойчивости. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫЦЦЁ,
філасофскае паняцце, якім абазначаюць аб’ектыўную рэальнасць існавання ўсіх матэрыяльных і духоўных з’яў. Складанасць вызначэння гэтага паняцця абумоўлена мноствам прадметаў рэальнасці, разнастайнасцю іх якасцяў і прыкмет. У прыватнасці, аб’екты рэчаіснасці падзяляюцца на матэрыяльныя і духоўныя, жывыя і мёртвыя, прыродныя і сац.; яны могуць мець прыкметы адзінкавага і агульнага, істотнага і неістотнага, магчымага і сапраўднага. Спалучэнне гэтых прыкмет і вызначае рознае тлумачэнне прыроды быцця. Найперш быццё абазначае факт існавання пэўнага прадмета ў межах пэўнай прасторы і часу. Па-за гэтымі рамкамі настае смерць, разбурэнне, знішчэнне прадмета, адбываецца яго пераход з быцця ў небыццё. У гэтым значэнні быццё набывае абсалютнае, а небыццё адноснае значэнне. Але быццё разумеецца і як субстанцыя, аснова свету і яго асобных, канкрэтных рэчаў. Пад быццём разумеюць таксама сутнасць аб’ектаў — сукупнасць агульных, значных прыкмет аб’ектаў. Пры такім падыходзе быццё падзяляецца на рэальнае і ідэальнае. Рэальнае — гэта спалучэнне агульных, істотных прыкмет пэўнага класа прадметаў, якія зноў і зноў утвараюцца ў працэсе іх узнікнення і існавання. Тым самым агульныя прыкметы прадметаў набываюць статус абсалютнага быцця, канкрэтная рэч характарызуецца паняццем адноснага быцця. Акрамя таго, існасць (а разам з ёю і быццё) можа пераўтварацца і ў ідэальную форму, г. зн. у форму паняцця. Напр., стол можа існаваць у рэальнасці (стол — аб’ект) і ў ідэальнай рэчаіснасці як паняцце (стол — ідэя). Г. зн., што ў ідэальнай форме быцця магчымасць і рэчаіснасць як бы зліваюцца ў сваім дыялект. адзінстве, набываючы нейкі першасны субстанцыйны сэнс. Ідэя таго ж стала (як і любая іншая ідэя) становіцца вечнай, абсалютнай, нязменнай і характарызуе, з пункту гледжання аб’ектыўных ідэалістаў, сапраўднае быццё, сапраўдную рэальнасць, а канкрэтны прадмет (той жа стол) уяўляе сабой як бы копію гэтай ідэі, яе пераходны злепак, або небыццё. Таму, паводле Платона, у ідэальным свеце ёсць толькі быццё і няма небыцця, а ў свеце канкрэтных рэчаў ёсць толькі небыццё і няма быцця. Яшчэ больш складаны характар набывае праблема быцця, калі яна пераносіцца ў галіны гнасеалогіі і сацыялогіі, таму што тут гаворка ідзе пра магчымасць адлюстравання быцця, пра спецыфіку чалавечага быцця (Платон, М.Хайдэгер). Тут ідэальнасць становіцца не толькі сэнсам адлюстравання, але і элементам існавання; самаперажыванне быцця набывае характар быційнай характарыстыкі, а паняцце небыцця становіцца сімвалам невядомага канца, асэнсаванне якога таксама надае асаблівую афарбоўку чалавечаму быццю.
Філосафы розных эпох істотна разыходзіліся ў азначэнні сутнасці быцця і небыцця, па-рознаму вызначалі іх суадносіны. Напр., прадстаўнікі стараж.-грэч. мілецкай школы лічылі, што ёсць толькі быццё, якое вызначаецца зыходнымі элементамі (стыхіямі) свету (зямля, вада, паветра, агонь). Геракліт сцвярджаў, што быццё і небыццё — гэта адно і тое ж і адначасова не адно і тое ж. Парменід лічыў, што ёсць толькі быццё, а небыцця няма. Паводле Платона, чалавек існуе адначасова ў фізічным і духоўным, вонкавым і ўнутраным сусветах, таму неабходна адрозніваць быццё эмпірычнае (пераходнае) і сапраўднае (вечнае). Для Г.Гегеля быццё ёсць ідэальнае, божае, а прырода — другаснае быццё ідэі. Ф.Ніцшэ лічыў, што ніякага абсалютнага быцця няма, быццё — гэта вечны ланцуг паўтораў. Прадстаўнікі дыялект. матэрыялізму зыходзілі з таго, што быццё вечнае і першаснае ў адносінах да свядомасці, вызначае яе функцыянаванне і развіццё, хоць сама свядомасць здольна не толькі адлюстроўваць быццё, але і аказваць уздзеянне на яго.
Літ.:
Доброхотов А.Л. Категория бытия в классической западной европейской философии. М., 1986;
Проблемы познания социальной реальности. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРАЖЫТНЫ ГОРАД.
Да найбольш стараж. паселішчаў на тэр. Беларусі належаць выяўленыя ў Падняпроўі рэшткі верхнепалеалітычных (24—20-е тыс.дан.э.) жытлаў з выкарыстаннем касцей маманта каля вёсак Бердыж Чачэрскага і Юравічы Калінкавіцкага р-наў. У жалезным веку (з 7 ст.дан.э.) насельніцтва жыло на гарадзішчах (ці выкарыстоўвала іх як сховішчы для навакольных паселішчаў); да нашага часу на Беларусі захавалася больш за тысячу такіх гарадзішчаў. Першыя ўласна гарады вырасталі з родаплемянных (Полацк, Гомель, Тураў) ці абарончых (Брэст, Мінск) цэнтраў. Яны ўяўлялі сабой умацаванае (агароджанае, адсюль назва «град», «горад») паселішча, якое нярэдка ўзнікала на месцах гарадзішчаў жалезнага веку (Полацк, Мінск). Многія гарады з’яўляліся гандл. і рэліг. цэнтрамі. Пасля прыняцця хрысціянства тут часам на месцы язычніцкіх капішчаў узнікалі першыя драўляныя, а пазней і мураваныя храмы. Ядром стараж. горада было ўмацаванне (дзядзінец), якое найчасцей размяшчалася на ўзвышаным месцы, на беразе возера ці ракі, на скрыжаванні гандл. шляхоў. Да дзядзінца прылягала ўмацаванае паселішча, т.зв. вакольны горад, у якім жылі гандляры, рамеснікі. Паводле такога прынцыпу фарміраваліся Полацк, Тураў, Мінск, Пінск і інш. гарады. Разам з хрысціянствам у буд-ве пашыраўся візантыйскі ўплыў, у 9—10 ст. прасочваюцца таксама арабскія і скандынаўскія ўплывы. У 11 ст. з’явіліся новыя буд. матэрыялы: плінфа, плітка для падлогі, вапна, цамянка, аконнае шкло, свінцовыя лісты для пакрыцця дахаў.
У перыяд удзельных княстваў (11—1-я пал. 13 ст.) гарады ўзнікалі пераважна як гандл.-рамесныя цэнтры сярод вясковай акругі (Слуцк, Клецк і інш.). часам ускладнялася іх тапаграфічная структура: дзядзінец (часам з асобным княжацкім дваром), вакольны горад, пасад ці прадмесце, гарадскі курганны ці бескурганны некропаль, загарадныя манастыры і наваколле. На княжацкіх дварах, на дзядзінцах Полацка, Гродна і Смаленска будавалі 2-павярховыя каменныя палацы (хорамы). Гарады развіваліся пераважна на аснове радыяльна-кальцавой ці радыяльна-веернай планіроўкі. З ростам заходнееўрапейскага, візантыйскага і кіеўскага імпарту адбывалася пранікненне навацый у матэрыяльную культуру гарадоў Беларусі, што прасочваецца ў інжынерна-фартыфікацыйнай справе і культавай архітэктуры. Гэта трывалыя канструкцыі абарончых збудаванняў у Віцебску, Мінску, Полацку і Гродне (напр., дзядзінец стараж. Гродна быў умацаваны каменнымі абарончымі сценамі вышынёй да 5 м), а таксама спроба збудаваць з дапамогай польскіх майстроў каменны храм у Мінску. У 13 ст. будавалі шмат’ярусныя прамавугольныя ці круглыя ў плане мураваныя вежы-данжоны — «стаўпы» (Камянец, Навагрудак, Гродна, Брэст, Тураў).
Горадабудаўніцтва эпохі ВКЛ. У 13—14 ст. адбывалася творчая перапрацоўка ўсходнеславянскіх і візантыйскіх традыцый. Пашырэнне і развіццё гэтых традыцый працягвалася на тэр. Беларусі і Украіны, а таксама яны інтэнсіўна пранікалі на землі, заселеныя балтамі, дзе бурна развіваліся гарады і ўзнік феномен новай гарадской культуры. На землях праваслаўных беларусаў і язычнікаў літоўцаў апрача храмаў узнікалі шматлікія праваслаўныя манастыры і каталіцкія кляштары. Пасля Крэўскай уніі 1385 на тэр.ВКЛ пачалі пранікаць і пашырацца традыцыі заходнееўрапейскай каталіцкай культуры. У 14 — пач. 17 ст. яе асяродкамі сталі Віцебск, Мсціслаў, Орша і Смаленск. У 14—15 ст. на тэр.зах. і цэнтр. Беларусі пабудаваны першыя драўляныя мячэці і сінагогі ў месцах кампактнага рассялення татараў і яўрэяў. Пасля Грунвальдскай бітвы 1410, калі знікла крыжацкая пагроза, гарадская культура ВКЛ канчаткова стала фарміравацца як неад’емная частка заходнееўрапейскай цывілізацыі. У гэты час пашыралася магдэбургскае права, таму адм. цэнтр горада паступова перамясціўся на рыначную плошчу, дзе ставілі ратушу (Віцебск, Чачэрск, Слонім, Мінск і інш.), часам у комплексе з гандл. радамі (Нясвіж). Часта захоўвалася суіснаванне двух цэнтраў гарадскога жыцця: княжацкая рэзідэнцыя на гарадскім (звычайна верхнім) замку і ратуша з гарадскім магістратам і рыначнай плошчай. Для гэтага часу характэрна з’яўленне мястэчкаў як прамежкавай формы паселішчаў паміж горадам (местам) і вялікім сялом. Пры мястэчках будаваліся мураваныя замкі тыпу кастэляў (Крэва Смаргонскага р-на, Ліда). Пашырыліся новыя буд. матэрыялы — буйнапамерная тоўстая цэгла і керамічная дахоўка, якія наблізілі тэхніку будаўніцтва да заходнееўрапейскіх узораў. З паяўленнем гармат ранейшыя мураваныя і драўляныя замкі перабудоўвалі з улікам выкарыстання агнястрэльнай зброі (Гродна, Ліда, Мір). З 15 ст. пашырыўся стыль готыкі. Яе ўзор — Троіцкі касцёл у в. Ішкалдзь Баранавіцкага р-на: мураваны храм зальнага тыпу, асноўны аб’ём якога накрыты высокім 2-схільным дахам са стромкімі шчытамі на тарцах. Яго пластычныя ступеньчатыя шчыт і контрфорсы на гал. фасадзе аздоблены плоскімі нішамі; нефы асноўнага аб’ёму перакрыты крыжовымі скляпеннямі, апсіда — зорчатым нервюрным. Данайб. значных храмаў абарончага тыпу належаць цэрквы-крэпасці ў вёсках Сынковічы Зэльвенскага і Мураванка Шчучынскага р-наў. Сынковіцкая царква (канец 15 — пач. 16 ст.) — 3-нефавы 4-стаўповы 3-апсідны мураваны зальны храм (у плане перакошаны прамавугольнік), па вуглах фланкіраваны 4 баявымі вежамі (з захаду гранёныя, з усходу круглыя) з цаглянымі вітымі ўсходамі ўнутры. Па версе сцен праходзіць пояс машыкуляў, дах 2-схільны, з вострымі тарцовымі шчытамі. Мураванкаўская царква (другая памылковая назва — Маламажэйкаўская; пач. 16 ст.) — 4-стаўповае збудаванне зальнага тыпу (у плане прамавугольнік, блізкі да квадрата), завершанае 2-схільным дахам са шчытамі на тарцах, з паўцыркульнай апсідай і 4 круглымі вуглавымі вежамі. Абарончы характар мелі Барысаглебская царква ў Навагрудку (пач. 16 ст.), кальвінскі збор у Заслаўі (2-я пал. 16 ст. — пач. 17 ст.), сінагога ў Быхаве (пач. 17 ст.), а таксама некаторыя жылыя дамы, вежы-званіцы, брамы і ратушы. Тэр. кальвінскага збору ў мяст. Койданава (цяпер г. Дзяржынск; пач. 17 ст.) была ўмацавана мураванай сцяной з 9 круглымі ў плане 2-яруснымі абарончымі вежамі. Манументальна» кампактныя аб’ёмы храмаў, умацаваныя контрфорсамі, кантраставалі з высокімі яруснымі вертыкальнымі вежамі: касцёлы ў вёсках Гнезна Ваўкавыскага (каля 1524), Дзераўная Стаўбцоўскага (1-я пал. 17 ст.) р-наў. У 15 — пач. 17 ст. развіццё архітэктуры і горадабудаўніцтва ВКЛ характарызуецца росквітам і агульнымі тэндэнцыямі, якія маюць выразнае заходнееўрапейскае паходжанне. З эпохай Адраджэння (Рэнесанс) звязаны спробы комплекснай рэканструкцыі гарадоў на аснове рэгулярнага плана, які формамі набліжаўся да прамавугольніка, авала, паўавала (Нясвіж, Быхаў, Слуцк). Цэнтрам кампазіцыі горада была плошча з ратушай і храмамі. Напачатку рысы стылю рэнесанс спалучаліся з элементамі готыкі. Свецкая і культавая архітэктура паступова страчвала абарончыя рысы, набывала аркадныя галерэі (палац у Рагачове, 2-я пал. 16 ст.); з’явіліся храмы-ратонды з купалам (кальвінскі збор у Смаргоні, сярэдзіна 16 ст.), вежы набылі дэкаратыўнае аздабленне. Інтэр’еры ўпрыгожвалі разнымі алтарамі, скляпенні — ляпнымі нервюрамі (храмы ў вёсках Чарнаўчыцы Брэсцкага, Вішнева Валожынскага р-наў). Драўляныя вулічныя маставыя замяняліся каменнымі, брукаванымі. У цэнтрах гарадоў з’явіліся першыя цагляныя жылыя будынкі. Рамеснікі і гандляры будавалі дамы фахверкавага тыпу («прускі мур»), простыя гараджане, як і сяляне — аднакамерныя «курныя хаты» або 2- ці 3-камерныя з прыбудаваным хлявом. Пашырэнне атрымалі феад. рэзідэнцыі: замкі ў вёсках Геранёны Іўеўскага (канец 15 — пач. 16 ст.), Смаляны Аршанскага (да 1626) р-наў і інш.Да 16 ст. будавалі пераважна драўляныя замкі, якія складаліся з гародняў, са шмат’яруснымі вежамі (Полацк, Орша, Магілёў), пазней — муравана-драўляныя. Пад уплывам фартыфікацыйнага дойлідства Італіі з 2-й пал. 16 ст. пашырылася буд-ва ўмацаванняў бастыённай сістэмы (Заслаўе, Нясвіж). Сярод унікальных манументальных ансамбляў — 5-вежавы мураваны замак з палацам у Міры, пабудаваны ў пач. 16 ст. з рысамі готыкі і рэнесансу. Напачатку замак быў мураванай крэпасцю, абнесенай абарончымі сценамі з 5-яруснымі вежамі па вуглах; пасярэдзіне размяшчалася пятая, 6-ярусная вежа-брама, якая мела герсу і пад’ёмны мост. Замак быў абкружаны землянымі валамі вышынёй каля 10 м і ровам з вадой. У 1580—90-я г. комплекс перабудаваны пад княжацкую рэзідэнцыю. Дапаўд. і ўсх. сцен прыбудаваны 3-павярховы палац. На працягу існавання замак неаднойчы быў аб’ектам аблог і штурмаў, моцна пашкоджаны. З 1983 вядзецца яго рэстаўрацыя. Мірскі замкава-паркавы комплекс ЮНЕСКА аднесены да вышэйшай катэгорыі помнікаў сусветнай культуры (1994) і ўключаны ў спіс Сусветнай спадчыны (2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ВАПІС,
від выяўленчага мастацтва, творы якога ствараюцца спосабам нанясення колеравых матэрыялаў на якую-небудзь цвёрдую аснову; адлюстроўвае рэчаіснасць, пераасэнсаваную творчай фантазіяй мастака як вынік эстэт. асваення свету. У залежнасці ад прызначэння твора, пануючага маст. стылю (готыка, рэнесанс, класіцызм, рэалізм і інш.), мастака Ж. дае ацэнку духоўнаму зместу эпохі і з’яўляецца дзейсным сродкам эстэт. выхавання грамадства. Як высокаразвітая форма чалавечай дзейнасці з’яўляецца сферай стварэння маст. каштоўнасцей.
Вызначальная спецыфічная асаблівасць Ж. — шматбаковае выкарыстанне выяўл. магчымасцей колеру для стварэння гарманічна цэласнай сістэмы (каларыту). Звычайна ўжываецца шэраг узаемазвязаных колераў і іх адценняў (гама колеравая), але існуе і Ж. адценнямі аднаго колеру (монахраматызм). З дапамогай колеру, малюнка, кампазіцыі, фактуры Ж. стварае маст. вобразы, якія могуць узнаўляць матэрыяльнасць свету, плоскаснасць і перспектыву прасторы, ствараць ілюзію руху, адлюстроўваць жывую прыроду ці адасобленыя ідэі (алегорыя, сімвал). Па сукупнасці матэрыялаў і тэхніцы іх выкарыстання вылучаюць алейны жывапіс, тэмперу, васковы жывапіс, фрэску, а сэка і інш. Часам для выканання жывапісных работ выкарыстоўваюць акварэль, гуаш, эмаль, пастэль, туш. Непасрэдна з Ж звязаны вітраж, мазаіка, панарама і дыярама. Залежна ад прызначэння, характару вобразаў і выканання адрозніваюць манументальны жывапіс, станковы Ж. (карціна, абраз, гл.Станковае мастацтва), дэкаратыўны жывапіс, мініяцюру, дэкарацыйны Ж. (гл.Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва). Паводле тэматыкі і прадметаў адлюстравання Ж. падзяляецца на жанры: гістарычны жанр, бытавы жанр, анімалістычны жанр, батальны жанр, партрэт, пейзаж, нацюрморт і інш. Па тэхніцы пісьма адрозніваюць Ж шматслаёвы (з падмалёўкамі і лесіроўкамі) і Ж. у адзін прыём (альпрыма).
Ж. узнік у эпоху позняга палеаліту (40—8 тыс.г. назад). Захаваліся наскальныя размалёўкі (Пд Францыі, Пн Іспаніі і інш.) — выкананыя вохрамі, сажай і вуглем абстрактныя абагульненыя выявы асобных жывёл, пазней і сцэн палявання. Ж рабаўладальніцкага грамадства валодаў развітой вобразнай сістэмай, багатымі тэхн. сродкамі (гл. раздзелы па мастацтве ў аўт.Егіпет Старажытны, Індыя, Кітай, Антычнае мастацтва). У сярэдневякоўі ў Еўропе дамінаваў рэліг. Ж. (гл.Іканапіс), які часам змяшчаў і гіст. сюжэты. Ж.Адраджэння сцвярджаў агульныя прынцыпы новага гуманіст. мастацтва (Рафаэль, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы, А.Дзюрэр, Я. ван Эйк і інш.). У 17—18 ст. працэс развіцця еўрап. Ж. ўскладніўся. Пачалі складвацца нац. школы ў Францыі (Ж. дэ Латур, Н.Пусэн, Ж.Л.Давід), у Італіі (М.Караваджа. П’етра да Картона, Дж.Цьепала), Іспаніі (Эль Грэка, Д.Веласкес, Ф.Сурбаран, Ф.Гоя), Фландрыі (П.П.Рубенс, Я.Іорданс, А. ван Дэйк), Галандыі (Ф.Халс, Рэмбрант, Я.Вермер), Англіі (Т.Гейнсбара, У.Хогарт), Расіі (Ф.Рокатаў, Дз.Лявіцкі, У.Баравікоўскі). Пашырылася і сістэма жанраў, паглыбілася псіхалагічная праблематыка. Сфарміраваліся розныя жывапісныя сістэмы з агульнымі стылявымі прыкметамі (дынамічны Ж барока з характэрнай незамкнутай, спіралепадобнай кампазіцыяй; Ж класіцызму з дакладным, строгім і ясным малюнкам; Ж. ракако з гульнёй вытанчаных нюансаў колеру, светлых і бляклых тонаў) і не акрэсленыя стылявымі рамкамі. Развіліся больш камерныя, тонкія тэхнікі Ж. (пастэль, акварэль, партрэтная мініяцюра). У 19 ст. склалася нац. школа Ж. ў Амерыцы (гл. ў арт.Злучаныя Штаты Амерыкі). Пашырыліся маст. сувязі паміж Еўропай і інш. часткамі свету, вынікам чаго стаў пэўны ўзаемаўплыў Ж розных рэгіёнаў. У канцы 19 ст. ў барацьбе з познім класіцызмам, акадэмізмам і натуралізмам склаўся Ж. рамантызму з яго актыўнай цікавасцю дадрам. падзей гісторыі і сучаснасці, насычанасцю каларыту (Т.Жэрыко, Э.Дэлакруа, А.А.Іванаў). Ж. рэалізму імкнуўся да дакладнага, пераканаўчага адлюстравання жыцця (Дж.Констэбл, К.Каро, А.Дам’е). Для сцвярджэння рэаліст. Ж.Расіі вял. значэнне мела Т-ва перасоўных мастацкіх выставак (гл.Перасоўнікі). У развіцці каларызму і пленэрнага Ж. важную ролю адыграў імпрэсіянізм (Э.Дэга, А.Рэнуар, К.Манэ і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. характар Ж. стаў асабліва складаным і супярэчлівым: суіснавалі, узаемаўплывалі і змагаліся паміж сабою разнастайныя рэаліст. і авангардысцкія плыні (фавізм, футурызм, лучызм, кубізм, мадэрн, абстракцыянізм і інш.), што выявілася ў творчасці буйнейшых мастакоў таго часу: П.Пікасо, А.Матыса, Ф.Лежэ, Р.Дэланэ ў Францыі; Д.Рыверы, Д.Сікейраса ў Мексіцы; Р.Гутуза ў Італіі; Дж.Полака ў ЗША. У 1940—50-я г. ў зах.-еўрап. і амер. мастацтве найб. распаўсюджаным стылем быў сюррэалізм, які да 1960-х г. саступіў лідэрства поп-арту. З канца 1960-х г. Ж. актыўна развіваецца ў напрамках опарта, кінетычнага мастацтва, гіперрэалізму і інш., а таксама ў рэаліст. кірунку.
На Беларусі Ж. вядомы з 11—12 ст. Ён развіваўся як самабытная з’ява ў рэчышчы мастацтва ўсх. славян пад уплывам візантыйскага і зах.-еўрап. (фрэскі Полацкай Спаса-Ефрасіннеўскай царквы, мініяцюры Тураўскага евангелля, Аршанскага евангелля). Твораў станковага Ж. таго перыяду практычна не захавалася. У пач. 16 ст. склалася беларуская іканапісная школа; паступова ў рэліг. кампазіцыі сталі пранікаць гіст. сюжэты, выявы фундатараў і інш., вызначылася тэндэнцыя да развіцця свецкага Ж. Канец 16—18 ст. пазначаны росквітам параднага, т. зв. сармацкага. партрэта (партрэт Аляксандра Астрожскага невядомага мастака. 17 ст.). У канцы 18—19 ст. ў бел. Ж. дамінавалі класіцызм і рамантызм (творы І.Аляшкевіча, В.Ваньковіча, Я.Дамеля, Я.Сухадольскага). Пашырыліся жанры пейзажа (творчасць В.Дмахоўскага. К.Русецкага, Ф.Смуглевіча), нацюрморта, які ўводзіўся і ў інш. жанры (І.Хруцкі). Вял. ролю ў развіцці бел. Ж. адыгралі Віленская мастацкая школа і Пецярбургская АМ. У 2-й пал. 19 ст. пад уплывам рус. мастацтва развіліся тэндэнцыі крытычнага рэалізму («На этапе» К.Альхімовіча, «Салдат з хлопчыкам» Н.Селівановіча і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. самым пашыраным жанрам стаў пейзаж (творы В.Бялыніцкага-Бірулі. Ф.Рушчыца), які вылучаўся высокай самабытнай культурай каларыту. Жывапісныя творы прадстаўнікоў дэмакр. кірунку мелі яскрава выражаны сац. характар («Зямля» і «Эмігранты» Рушчыца, «Шэсце навальніцы» К.Стаброўскага і інш.). Для творчасці мастакоў 1920—30-х г. характэрна актыўнае пераасэнсаванне асн.еўрап. стыляў і накірункаў, пошукі нац. стылістыкі і палітры (Бялыніцкі-Біруля, Я.Драздовіч, У.Кудрэвіч, Ю.Пэн, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, М.Станюта, М.Філіповіч, М.Шагал; дзейнасць Віцебскага народнага мастацкага вучылішча). З канца 1930-х г. у бел. Ж. склаўся метад т. зв. сацрэалізму. асн. прыкметамі якога сталі рэаліст. трактоўка дэталей, спрошчаная ідэалізацыя тыпажу, гераізацыя рэв. гісторыі і сучаснасці, паліт. ангажыраванасць У гады Вял.Айч. вайны ў Ж. пераважалі сюжэтна-тэматычная карціна, батальны і партрэтны жанры (творы Я.Зайцава, Сергіевіча, У.Сухаверхава, В.Волкава, А.Шыбнёва) Тэма вайны і яе эмацыянальнае асэнсаванне дамінавалі да канца 1950-х г. Своеасаблівасць бел. прыроды паказана ў творах Бялыніцкага-Бірулі. У 1960-я г. ў бел. Ж. пераважаў т. зв. суровы стыль, якому ўласцівы абагульненасць форм, манументальнасць і сімвалічнасць вобразаў, някідкі каларыт (творы Г.Вашчанкі, В.Грамыкі, М.Савіцкага і інш.). З 2-й пал. 1970-х г. узнікла цікавасць данац. гісторыі, нар. спадчыны. Пашырылася стылістычная і жанравая разнастайнасць Бел. асветнікам. дзеячам культуры і гісторыі прысвячалі свае творы Вашчанка, А.Марачкін, Г.Скрыпнічэнка, Ф.Янушкевіч; завершанасцю і эмацыянальнай змястоўнасцю вылучаюцца пейзажы П.Масленікава, І.Рэя, В.Цвіркі, Л.Шчамялёва, У.Маскоўскіх, творы Р.Таболіча, М.Апіёка; самабытны характар бел. нацюрморта выяўлены ў творчасці В.Жолтак, В.Свентахоўскай. З сярэдзіны 1980-х г. як альтэрнатыва афіцыйнаму мастацтву ўзнік андэрграўнд, у якім тэмай Ж. з’яўляліся самі выяўл. сродкі. Для Ж. пачатку 1990-х г. характэрны разнапланавасць кірункаў, імкненне да сінтэзу жанраў і стылістыкі як сродку абнаўлення маст. мовы (М.Селяшчук, А.Задорын, Л.Хобатаў, В.Захарынскі, Р.Заслонаў і інш.). Важную ролю ў развіцці бел. школы Ж. адыграла адкрыццё ў 1947 Мінскага маст. вучылішча, у 1953 — маст. ф-та Бел.тэатр.-маст. ін-та (з 1991 БелАМ). Іл.гл. таксама даарт.Іканапіс, Беларуская іканапісная школа, Манументальны жывапіс, Станковае мастацтва, Тэатральна-дэкаратыўнае мастацтва, а таксама даарт. пра асобныя стылі і жанры мастацтва.
Літ.:
Всеобщая история искусств. Т. 1—6. М., 1956—66;
Ильина Т.В. История искусств: Западноевроп. искусство. 2 изд. М., 1993;
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1—6. Мн., 1987—94.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА ЭПОХІ СЯРЭДНЕВЯКОЎЯ (канец 10—15 ст.).
Вытокі бел. літаратуры ва ўсходнеслав. пісьменстве Кіеўскай Русі. Узнікненне першых дзярж. аб’яднанняў і культурна-гіст. прагрэс славян выклікалі неабходнасць розных дзелавых запісаў яшчэ ў дахрысціянскі час. Аднак толькі са стварэннем кірылічнай азбукі, прыняццем хрысціянства і выпрацоўкай літ.стараслав. мовы пачалося пашырэнне пісьменства. З’явілася патрэба ў кнігах для набажэнства і азнаямлення насельніцтва з асновамі новага веравучэння. Такія кнігі былі створаны ў Візантыі і перакладзены на стараслав. мову ў Балгарыі. Да іх належаць рознага тыпу Евангеллі, Апосталы, Трыёдзі, «Мінеі-Чэцці», а таксама Псалтыр, Парамійнік, Пролаг і інш., якія складаюць агульны фонд слав. пісьменства, аднолькавы для ўсіх правасл. славян. Разам з імі на ўсх.слав. землі трапілі рэліг. чытальныя, даведачныя і інш. зборнікі: «Пчала», ізборнікі, ізмарагды, «Залаты ланцуг», «Златавуст», «Златаструй», пацерыкі, хронікі і інш. Тыпы кніг, або зборнікаў, адрозніваюць ад жанраў перакладной літаратуры — жыціі святых (змяшчаліся ў «Мінеях-Чэццях», Пролагу, ізборніках), павучальнае і ўрачыстае красамоўства (пропаведзі), малітваслоўі, гімнаграфія, пацерыковыя апавяданні, патрыстыка і хронікі. Найб. папулярнасць атрымалі жыціе Міколы Цудатворца, «Жыціе Аляксея, чалавека божага», аповесці «Александрыя» (фантаст. аповесць пра Аляксандра Македонскага), «Троя», «Іудзейская вайна» Іосіфа Флавія, хронікі Георгія Амартала і Іаана Малалы, «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», «Сінайскі пацярык», «Шасціднёвік» Іаана, экзарха Балгарскага, «Фізіёлаг», «Хрысціянская тапаграфія» Казьмы Індыкаплава, павучальныя і дагматычныя творы Іаана Златавуста, Яфрэма Сірына, Іаана Дамаскіна. Асобныя біблейскія тэмы, матывы і сюжэты распрацоўваліся ў апокрыфах пра стварэнне чалавека («Як Бог стварыў Адама»), жыццё Хрыста (евангеллі ад Нікадзіма, Іакава, Фамы), дзеі апосталаў («Абыходы апостальскія»), Багародзіцу («Хаджэнне Багародзіцы па пакутах»; у бел. апрацоўцы 15—16 ст. «Пра дванаццаць пакут») і інш. У канцы 10—11 ст. перакладныя кнігі перапісваліся на ўсх.-слав. землях; найб. старажытныя з іх, якія звязаны з Беларуссю, — Тураўскае (11 ст.), Полацкае (12 ст.) і Аршанскае (пач. 13 ст.) евангеллі. Творы, прызначаныя для чытання, а не для набажэнства, маглі не мець устойлівага тэксту, і перакладчыкі, рэдактары, перапісчыкі, прыстасоўваючы тэксты дамясц. умоў, змянялі іх змест з мэтамі тлумачэння, пашырэння або скарачэння. Пачалі складацца рэгіянальныя варыянты перакладных помнікаў. З арыгінальных уставак і рэдакцый перакладных тэкстаў, а таксама са стварэння першых твораў дзелавога пісьменства пачалося зараджэнне ўсх.-слав. літаратур. Да 15 ст. многія арыгінальныя творы напісаны ў адпаведнасці са строгімі жанравымі, стылістычнымі і інш. нормамі, якія склаліся ў Візантыі. Літаратура перыяду ранняга сярэдневякоўя (канец 10—1-я пал. 13 ст.) не вылучалася з агульнай сукупнасці інш. пісьмовых помнікаў, што мелі дзелавы і пазнавальны характар (царкоўна-службовы, справаводны, прыродазнаўчы, гісторыка-юрыд. і інш.), бо сярэдневяковае мысленне мела сінкрэтычны характар.
Вартасці твора вызначаліся не эстэт. характарыстыкамі, а карыснасцю з пункту гледжання прыкладных мэт яго напісання.
У 11—12 ст.гал. цэнтрам кніжнасці на Русі быў Кіеў, а асн. месцамі літ. жыцця — манастыры. Кіеўская мітраполія кіравала рэліг. дзейнасцю і забяспечвала кнігамі ўсе астатнія землі; у кіеўскай кнігавытворчай справе ўдзельнічалі выхадцы з усіх краёў Стараж. Русі. Тут была зроблена асн. частка перакладаў, створаны помнікі агульнага ўсх.-слав. зместу: «Слова пра закон і ласку божую» мітрапаліта Іларыёна, прысвечанае не толькі ўзаемаадносінам Старога і Новага запаветаў, але і асэнсаванню гіст. місіі хрысціянства, апалогіі хрышчэння Русі; «Сказанне» і «Чытанне» пра Барыса і Глеба, «Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Кіева-Пячэрскі пацярык» і інш. Асаблівае значэнне мела летапісанне. Летапісы паводле зместу былі свецкімі творамі, але асвятлялі гісторыю ўсх. славян з рэліг. пазіцый. У апавяданнях пра дагістарычныя часы Русі шырока выкарыстоўваліся розныя паданні, фальклор. Самы стараж. летапіс, што захаваўся да нашага часу, — «Аповесць мінулых гадоў», складзеная ў пач. 12 ст. манахам Нестарам на аснове папярэдніх летапісных зводаў. Твор прысвечаны ўзнікненню і станаўленню дзяржаўнасці ва ўсх. славян, прыняццю хрысціянства князем Уладзімірам, паліт. гісторыі Русі ранняга сярэдневякоўя; у ім змешчана апавяданне пра Рагвалода і Рагнеду і многія іншыя гіст. падзеі 10—11 ст. на этнічных бел. землях. Да сярэдзіны 12 ст. манахі-кніжнікі ўяўлялі Русь у многім як агульную этнакультурную і паліт. супольнасць. Ігумен чарнігаўскага манастыра Данііл склаў першае апісанне Іерусалімскіх святынь і паклаў пачатак жанру хаджэнняў, стаўшы такім чынам прадстаўніком усх.-слав. зямель у Палесціне. Аднак агульнарус. ідэалы кніжнікаў не цалкам адпавядалі дзярж.-паліт. становішчу ва Усх. Еўропе. Працэс этнічнай дыферэнцыяцыі славянства прыводзіў да фарміравання асобных этн. груп, што супадала з феадалізацыяй і адасабленнем розных зямель, ростам гарадоў, якія станавіліся цэнтрамі незалежных княстваў і ачагамі культуры. Ужо ў 1-й пал. 12 ст. ў пісьменстве асобных гарадоў выяўлялася цікавасць дамясц. тэматыкі, пазней узніклі культы мясцовашанаваных святых, што выклікала стварэнне іх жыцій. Творы тагачасных аўтараў прызначаліся пераважна для чытання ўголас, што абумоўлівала яскрава выражаны царкоўна-павучальны характар усёй творчасці. Пісьменства мела пераважна ананімны характар, важную ролю ў ім адыгрывалі агульныя месцы, літ. этыкет і маст. канон. Літаратура павінна была адлюстроўваць і асэнсоўваць жыццё паводле біблейскіх уяўленняў і хрысц. светапогляду. У выніку склаліся агульны стыль выяўлення (манументальны гістарызм), універсальная аснова творчасці (сярэдневяковы сімвалізм) і літ. мова са складаным узаемадзеяннем стараж.-слав. і мясц. элементаў; агульнымі заставаліся іерархія жанраў, погляды пісьменнікаў на рэчаіснасць і інш. Многія творы, напісаныя ў асобных землях, пашыраліся па ўсім усходнеслав. арэале і ў выніку агульнасці веравызнання і літ. мовы паўсюль прымаліся як уласныя. Аднак мясц. тэматыка цясней звязвала літ. творы з надзённым жыццём, служыла ўмовай для выяўлення пісьменнікамі ўласных адносін да напісанага, што давала магчымасць для адлюстравання ў творах мясц. інтарэсаў і поглядаў, асаблівасцей гаворак.
На этн.бел. землях пісьменства існавала з 10 ст., аднак да 1130-х г. развіццё кніжнасці адбывалася ў агульнарус. рэчышчы. Тут бытавалі ўсе асн. віды, жанры, помнікі літаратуры Кіеўскай Русі. Толькі з пачаткам актыўнай рэліг.-асветніцкай дзейнасці Ефрасінні Полацкай узнік першы літ. ачаг у заснаваным ёю манастыры, у дзейнасці якога заўважаюцца рысы, адметныя ад інш.культ. цэнтраў Русі. «Жыціе Ефрасінні Полацкай» (канец 12 — пач. 13 ст.) змяшчае не толькі тыповыя для ўсх. жыцій апавяданні пра шлях да святасці, подзвігі, спачын гераіні, але і разгорнутае апісанне яе паломніцтва на Усход (што было ўласціва для лацінамоўнай агіяграфіі Еўропы), а таксама рытарычную пахвалу князёўне. Магчыма, фрагменты з яе твораў пазней укладзены агіёграфам у вусны асветніцы ў «Жыціі». Гал.паліт. і культ. цэнтрам тагачаснай Беларусі быў Полацк, які, відаць, меў сваё летапісанне. Хоць сам тэкст Полацкага летапісу не захаваўся, матэрыялы з яго пазней уключаны ў склад Іпацьеўскага летапіснага зводу. Мяркуюць, што полацкае летапісанне было пераважна княжацкім. У сціслых, але інфармацыйна насычаных пагадовых артыкулах паведамлялася пра паліт. дзейнасць прадстаўнікоў полацкай дынастыі, гал. падзеі ў княстве і залежных ад Полацка гарадах. Важную ролю ў літ. развіцці краю з 2-й пал. 12 ст. адыгрываў Смаленск. Традыцыі мітрапаліта Іларыёна творча развіты Кліментам Смаляцічам, са спадчыны якога захавалася толькі «Пасланне смаленскаму прэсвітэру Фаме». У ім аўтар выяўляе тонкае веданне багаслоўя, валоданне ўсімі рытарычнымі сродкамі вядзення палемікі, шырокае знаёмства з тагачаснымі творамі візантыйскіх тэолагаў, умела звязвае ў адно цэлае рэліг.-дагматычныя праблемы і пытанні царк. кіравання, унутр. і знешняй палітыкі Русі. Выдатным прамоўцам быў Аўрамій Смаленскі, «Жыціе» якога складзена каля 1240 яго вучнем манахам Яфрэмам. У творы адлюстравана жыццё сярэдневяковага горада, зроблена спроба даць славесны партрэт персанажа. Адметнымі ў жанравых адносінах былі аповесці пра цудоўныя здарэнні «Слова пра жанчын і дзяўчат смаленскіх» і «Слова пра Меркурыя Смаленскага», у якіх увасобіліся простанародныя рэліг. погляды і ўзаемапранікненне стараж. міфалогіі і хрысціянства.
Важным цэнтрам пісьменства быў і Тураў. Тут складзена мясц. рэдакцыя «Чытання пра жыццё і гібель... Барыса і Глеба», у дадатку да якой змешчана арыгінальнае «Слова пра манаха Марціна». Высокай ступені літ. дасканаласці, уключаючы свабоднае валоданне ўсім багаццем ант. і візантыйскай рыторыкі, дасягнула ў Тураве павучальнае і ўрачыстае красамоўства. Прамоўніцкая спадчына Кірылы Тураўскага складае больш за 50 помнікаў розных жанраў. Змест твораў цалкам рэлігійны, што абумовіла іх вядомасць ва ўсіх правасл. краінах. Кірыла Тураўскі пісаў на стараслав. мове; для яго стылю характэрна ўскладненасць і ўрачыстасць, высокае літаратурна-маст. майстэрства выкладу. Яго творчасць карысталася вял. папулярнасцю на ўсх.-слав. землях і істотна паўплывала на развіццё аратарскай прозы. Вяршыня л-ры Кіеўскай Русі — «Слова аб паходзе Ігаравым», якое ўзнікла на скрыжаванні лепшых традыцый кніжнасці і фальклору. «Слова...» глыбока народнае па духу і ідэйна-вобразным ладзе, прасякнутае гарачай любоўю дарус. зямлі, клопатам пра яе абарону ад знешніх ворагаў. Прыватны эпізод руска-палавецкіх войнаў ператвораны ў падзею вялікага гіст. маштабу. У творы намаляваны прывабны вобраз Усяслава Полацкага; гераізмам ахутаны князь Ізяслаў Васількавіч, які не атрымаў дапамогу ад братоў і загінуў у бітве з літоўцамі. Невядомы аўтар выступае супраць міжусобных войнаў і сцвярджае ідэю незалежнасці асобных княстваў з умовай іх абарончага саюзу. Як прадукт феад.-хрысц. ідэалогіі літаратура Стараж. Русі служыла грамадска-паліт. мэтам умацавання феад. ладу, несла новыя для свайго часу светапогляд і эстэт. прынцыпы. Маючы ў цэлым рэліг. характар, яна выпрацавала высокія маральныя ідэалы і з пазіцыі гэтых ідэалаў звярталася да ўсяго народа, манахаў і князёў і станавілася выразніцай іх агульных інтарэсаў. Літаратура вызначалася публіцыстычнасцю, значнасцю тэм і герояў, глыбінёй праблематыкі. У цэнтры ўвагі пісьменнікаў былі чалавек і лёс народа. Гэтыя якасці стараж.-рус. літаратуры перайшлі ў спадчыну літаратурам усіх усходнеслав. народаў.
Станаўленне ўласна бел. літаратуры адбывалася ў перыяд позняга сярэдневякоўя (2-я пал. 13—15 ст.) у новых культурна-гіст. умовах. Працэс этн. дыферэнцыяцыі і паліт. раздраблення, абцяжараны крыжацкай агрэсіяй і мангола-татарскімі нападамі, не прывёў да заняпаду кніжнасці на ўсходнеслав. землях. Пачаўся працэс новай феад. цэнтралізацыі і этн. кансалідацыі вакол новых цэнтраў. Паліт. аб’яднанне бел. зямель у складзе ВКЛ, фарміраванне бел. народнасці, багатыя стараж.-рус. традыцыі спрыялі захаванню і паступоваму развіццю кніжнай справы і пісьменства. Ва ўмовах адноснай грамадска-паліт. стабілізацыі адбывалася своеасаблівая літ. кансервацыя. Некаторыя рукапісныя помнікі, пераважна царк.-рэлігійныя, што ўзніклі і бытавалі тады на бел. землях [Полацкае, Друцкае, Лаўрышаўскае, Мсціжскае, Слуцкае евангеллі, Анежскі (Мсціслаўскі) псалтыр), — сапраўдныя шэдэўры кніжнага мастацтва. Нягледзячы на беднасць значных літ.-маст. з’яў, актыўна развівалася свецкае дзелавое пісьменства, чаму спрыяла рэальнае ўжыванне старабел. мовы ў якасці дзярж. ў ВКЛ. У ім даволі рана пачала развівацца вобразнасць і выкарыстоўвацца жывая гутарковая мова. Маляўнічыя сцэны рэальнага жыцця набліжаюць дагавор 1229 (Смаленская гандлёвая праўда), грамату рыжан (каля 1300), дагавор Полацка з Рыгай 1407 да з’яў маст. літаратуры. Працягвалі бытаваць стараж.-рус. летапісы. Каштоўныя звесткі па гісторыі Беларусі 13 ст., станаўленні бел.-літоўскай дзяржаўнасці змешчаны ў Галіцка-Валынскім летапісе, які адрозніваецца ад папярэдніх пераважна свецкім характарам; у першапачатковым варыянце ён уяўляў цэласную гіст. аповесць, не разбітую на пагадовыя артыкулы хроніку, што было прынцыпова новым ва ўсходнеслав. гістарыяграфіі і пазней паўплывала на бел.-літ. летапісанне. Нягледзячы на непрыхільныя адносіны галічан да літоўска-бел. князёў, укр. летапісцы стварылі цікавыя вобразы Міндоўга, Войшалка і інш. дзеячаў ВКЛ таго часу, выразна і рознабакова асвятлілі падзеі ў ВКЛ, шмат увагі аддавалі апісанню вайсковых паходаў, рыцарскага побыту. З арыгінальных літ. помнікаў 14 ст. пэўную цікавасць уяўляе «Хаджэнне» смаленскага архімандрыта Графенія (1375) — наступны пасля «Хаджэння ігумена Данііла» твор, прысвечаны апісанню святынь Палесціны.
Новы імпульс для развіцця кніжнасці даў другі паўд.-слав. ўплыў, які пачаўся каля сярэдзіны 14 ст. Многія дзеячы культуры з Балкан і Візантыі, дзе пачалося турэцкае нашэсце, пераязджалі ва Усх. Еўропу. Яны прыносілі новае, больш складанае светабачанне, новы экспрэсіўна-эмацыянальны стыль выяўлення чалавека, звязаны з ідэямі ісіхазму. Пад уздзеяннем ісіхасцкага вучэння ўзмацнілася ўвага даўнутр. стану асобнага чалавека. Паўд.-слав. кніжнікі імкнуліся адрадзіць чысціню стараслав. мовы, выпраўлялі богаслужэбныя і рэліг. кнігі ў адпаведнасці са старымі ўзорамі. Гэта ў многім паспрыяла зараджэнню крытычнага стаўлення да тэкстаў, з’яўленню першых элементаў тэксталогіі, мовазнаўства і літ. крытыкі. Аднак другі паўд.-слав. ўплыў закрануў толькі царк. кніжнасць і ў старабел. пісьменстве адыгрываў прыкметную ролю ў канцы 14 — пач. 15 ст., абумовіўшы кароткачасовы росквіт красамоўства, звязаны з літ. дзейнасцю выхадцаў з паўд.-слав. краін — мітрапалітаў Кіпрыяна і Грыгорыя Цамблака. Кіпрыян вёў ажыўленую перапіску з многімі віднымі дзеячамі, прапаноўваў увядзенне царк. уніі, у канцы жыцця склаў Траецкі летапіс, які пазней выкарыстоўваўся бел. летапісцамі. Найб. значныя творы аратарскай прозы належаць Грыгорыю Цамблаку, які ў 1415 быў абраны наваградскім мітрапалітам. Яго ўрачыстыя словы-пропаведзі, напісаныя вобразнай мовай у стылі «пляцення славес», характарызуюцца ярка выражанай арнаментальнасцю, славесна-вобразнай ускладненасцю, багаццем ампліфікацый і тропаў. Спыненне працэсу кананізацыі святых прывяло да крызісу жыційнага жанру. Адзіны агіяграфічны твор, тэматычна звязаны з бел.-літ. рэгіёнам, — «Жыціе віленскіх пакутнікаў», якое ўзнікла ў Візантыі.
Істотныя змены адбыліся і ў жанры хаджэнняў, які пачаў страчваць сувязь з традыцыямі царк.-рэліг. кніжнасці. Значным крокам наперад было «Хаджэнне ў Царград» Ігнація Смаляніна (канец 14 ст.), якое ўзнікла на скрыжаванні традыцый паломніцкай літаратуры і летапіснага стылю. Твор нагадвае дзённік падарожжа, змяшчае апісанні прыроды на берагах Дона, вандровак па моры, жыцця аўтара ў Канстанцінопалі, аповесць пра барацьбу ў Візантыі канкурэнтаў за імператарскі пасад і інш. Святыні прыцягвалі ўвагу аўтара як помнікі культуры і мастацтва, шмат месца адводзілася грамадскім падзеям, супастаўленню жыцця на радзіме з убачаным за мяжой. «Хаджэнне» ў Егіпет, на Сінай і ў Палесціну полацкага іераманаха Варсанофія (1462) знаёміла чытачоў з малавядомымі землямі хрысц. Усходу; асабліва вылучаюцца апісанні Сінайскага манастыра.
З 1-й пал. 15 ст. пачынаецца шырокае распаўсюджанне паперы — больш таннага матэрыялу для пісьма. Гэта давала магчымасць набываць кнігі небагатым людзям, складаць на свой густ зборнікі змешанага тыпу, выказваць на палях уласныя думкі адносна прачытанага, што было немагчыма раней з прычыны сакралізацыі тэксту кнігі. Творы пачынаюць ацэньвацца не толькі з пункту гледжання іх адпаведнасці павучальным або інш. службова-прыкладным задачам, але і зыходзячы з іх ідэйна-маст. якасцей і арыгінальнасці. Урачысты ўстаўны почырк павольна замяняецца больш лёгкім для напісання паўустаўным, што значна паскарала працэс перапісвання кніг. Шырокае ўжыванне старабел. мовы, якая стала важным сродкам грамадскіх зносін у краіне і ўсё больш абапіралася на жывую нар. гаворку, садзейнічала яе ўдасканаленню. Пачалася паступовая дэмакратызацыя і беларусізацыя царк.-слав. мовы і значна звузілася сфера яе пісьмовага ўжытку. У перыяд позняга сярэдневякоўя росквіту дасягнула летапісанне, што было вынікам росту нац. свядомасці беларусаў і ўсведамлення народам сваёй нац.-гіст. адметнасці. З пач. 15 ст.мясц. летапісы саступаюць месца агульнадзяржаўным. Гэта паўплывала на змену жанравай формы летапісаў, асаблівасцю якой стала спалучэнне традыц. пагадовай формы выкладу з прагматычным, звязным апавяданнем. З агульнадзярж. пазіцый і ў цеснай сувязі з гісторыяй Русі ў «Летапісцы вялікіх князёў літоўскіх» (1-я трэць 15 ст.) і Беларуска-літоўскім летапісе 1446 пададзена багатае мінулае бел. і літ. народаў, адлюстраваны ўмацаванне велікакняжацкай улады і яе барацьба супраць феад. раздробленасці. У асобных раздзелах летапісаў заўважаецца імкненне аўтараў да белетрызацыі апавядання, з’яўляюцца элементы сюжэтапабудовы. Канчаткова выпрацаваўся своеасаблівы летапісны стыль, лаканічны і выразны, блізкі да стылю дзелавога пісьменства позняга сярэдневякоўя. Летапісы складаюць найважнейшы этап у станаўленні бел. літаратуры. Яны сцвярджалі свецкі кірунак яе развіцця і садзейнічалі прагрэсу жанраў, незалежных ад царк.-рэліг. канонаў. Найважнейшым гіст. падзеям прысвячаліся невялікія аповесці — асобныя творы са сваімі героямі і самастойнай тэматыкай, дзе элементы сюжэтапабудовы, або дакументальная «падзейнасць», выяўляюцца больш выразна. Іншы характар набыла перакладчыцкая дзейнасць, што сведчыла пра актывізацыю культ. узаемасувязей бел. народа з народамі інш. краін і было вынікам росту духоўных запатрабаванняў грамадства. Старабел. кніжнікі самастойна ажыццяўлялі пераклады з лац., ням., рус. і інш. моў, прычым у ходзе перакладу яны свядома перапрацоўвалі тэксты, узгадняючы іх з эстэт. і ідэйнымі запатрабаваннямі чытачоў. На бел. мову перакладаліся заходнееўрап. помнікі рэліг. характару («Аповесць пра трох каралёў», 15 ст.), якія засведчылі высокае майстэрства бел. кніжнікаў, паказвалі вялікія лексіка-стылістычныя багацці, маст.-выяўленчыя магчымасці старабел. літ. мовы. Нанова перакладзены «Александрыя», «Жыціе Аляксея, чалавека божага», асобныя кнігі Бібліі і інш. Дзякуючы перапрацоўцы перакладная літаратура набліжалася да арыгінальнай, арганічна дапаўняла яе і складала разам з ёю адзіную сістэму.
Ізборнік Святаслава Канец 11 ст.Архангел Міхаіл. Мініяцюра Лаўрышаўскага евангелля. 14 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛАСО́ФІЯ (грэч. philosophia любоў да мудрасці),
асаблівая форма пазнання свету, якая выпрацоўвае сістэму ведаў пра фундаментальныя прынцыпы і асновы быцця, сутнасць чалавека і яго адносіны да прыроды, грамадства і духоўнага жыцця ва ўсіх яго асн. праяўленнях. Дазваляе стварыць гранічна абагульненую карціну рэчаіснасці, ролі і месца ў ёй чалавека з яго разнастайнымі патрэбнасцямі, інтарэсамі, ідэаламі, каштоўнаснымі арыентацыямі. Адрозненні ў філас. канцэпцыях, што складваюцца ў залежнасці ад інтарэсаў індывідаў і сац. груп, пераважна звязаны з суадносінамі чалавека і навакольнага свету, суб’екта і аб’екта, свядомасці і быцця. У сувязі з гэтым узніклі розныя варыянты матэрыялізму і ідэалізму, а таксама такія процілеглыя падыходы да рэчаіснасці як дыялектыка і метафізіка, рацыяналізм і эмпірызм, натуралізм і спірытуалізм, дэтэрмінізм і індэтэрмінізм. Сярод асн. функцый Ф. вылучаюць светапоглядную, гнасеалагічную і метадалагічную, г.зн. Ф. выступае ў ролі сістэмы агульных уяўленняў чалавека пра свет і сваё месца ў ім (светапогляд), тэорыі пазнання (гнасеалогія), вучэння пра метады (метадалогія). Унутры Ф. традыцыйна адрозніваюць адносна самаст. галіны філас. ведаў: анталогію, гнасеалогію, логіку і дыялектыку. Дафілас.-светапоглядных дысцыплін адносяць этыку, эстэтыку, аксіялогію, філасофію гісторыі, філасофію культуры, гісторыю філасофіі, філасофію сацыяльную, філасофію палітыкі, Ф. права, Ф. навукі, Ф. рэлігіі і інш.
Першыя філас.-рэліг. вучэнні ўзніклі ў Індыі (веданта, джайнізм, будызм і інш.), Кітаі (канфуцыянства, маізм, легізм, даасізм) і Стараж. Грэцыі (7—6 ст.дан.э.). Ф. прыйшла на змену поглядам, для якіх быў характэрны антрапамарфізм. Ант. дыялектыка стала гістарычна першай формай дыялектыкі (Геракліт). Стройную сістэму навук.-філас. ведаў стварылі Дэмакрыт, Сакрат, Эпікур, Платон, Арыстоцель. У рэчышчы перыпатэтызму (гл.Перыпатэтычная школа) развівалі свае вучэнні прадстаўнікі сярэдневяковай араб. філасофіі Кіндзі, Фарабі, Ібн Сіна, Ібн Рушд. Ф. еўрап. сярэдневякоўя развівалася пераважна ў рэчышчы хрысц. культуры (патрыстыка, схаластыка, Фама Аквінскі, І.Дунс Скот, У.Окам). У эпоху Адраджэння адбыўся сінтэз хрысц. Ф. з ант.філас. традыцыяй (Г.Галілей, Мікалай Кузанскі, Дж.Бруна, М. дэ Мантэнь). Разнастайнасцю светапоглядных пазіцый і кірункаў адзначана Ф. новага часу і Асветніцтва (Ф.Бэкан, Т.Гобс, Р.Дэкарт, Б.Спіноза, Дж.Лок, Дж.Берклі, Д.Юм, Г.Лейбніц). Метады рацыянальнага пазнання як фактара разумнай арганізацыі грамадства паклалі ў аснову сваёй Ф. прадстаўнікі класічнай нямецкай філасофіі (І.Кант, І.Г.Фіхтэ, Ф.В.Шэлінг, Г.Гегель). Ідэалізм Гегеля і рэлігію крытыкаваў Л.Феербах, Ф. якога паўплывала на фарміраванне філас. поглядаў К.Маркса і Ф.Энгельса (гл.Марксізм). У Расіі ў 18—пач. 20 ст. развіваліся матэрыяліст. Ф. рэвалюцыйных дэмакратаў, філас. канцэпцыі славянафілаў і заходнікаў, рэліг.-этычныя і гістарыясофскія погляды Ф.М.Дастаеўскага і Л.М.Талстога. Гэтая тэндэнцыя сінтэзавала Ф. ўсеадзінства У.С.Салаўёва, з якой бяруць пачатак вучэнні вядучых прадстаўнікоў рус.рэліг. Ф. (С.М.Булгакаў, С.Л.Франк, М.А.Лоскі, Л.П.Карсавін, П.А.Фларэнскі, М.А.Бярдзяеў, В.В.Розанаў). Ідэя ўнутр. адзінства чалавека і космасу пакладзена ў аснову Ф. рус. касмізму (М.Ф.Фёдараў, У.І.Вярнадскі, К.Э.Цыялкоўскі). У Зах. Еўропе ў 1-й пал. 19 ст. пачаўся пераход ад класічных форм Ф. да некласічных (вульгарны матэрыялізм, пазітывізм, неакантыянства, прагматызм, філасофія жыцця, махізм). На ідэаліст. Ф. 20 ст. паўплывалі фенаменалогія, філасофская антрапалогія. Важную ролю ў развіцці сучаснай фармальнай логікі і семіётыкі адыгралі прадстаўнікі неапазітывізму. Уплывовымі кірункамі філас. думкі сталі персаналізм, экзістэнцыялізм, неатамізм, філас. герменеўтыка (Г.Г.Гадамер, П.Рыкёр), структуралізм, крытычны рацыяналізм.
На Беларусі Ф. ўзнікла ў 10—11 ст. пасля прыняцця хрысціянства ў бел. княствах, якія ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі, і ўсталявання культ. сувязей з Візантыяй і зах.-еўрап. краінамі. Хрысц. разуменне свету і высокіх духоўна-маральных каштоўнасцей чалавека знайшло ўвасабленне ў творчасці Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага. Філас. накіраванасцю і гуманізмам пазначаны творы Ф.Скарыны, які лічыў, што ў Бібліі выкладзена не толькі боская мудрасць, але і арыстоцелева Ф., і таму мудрэц павінен быць прасякнуты «духам святым і філасофіяй». С.Будны прапаведаваў канцэпцыю антытрынітарызму (гл.Антытрынітарыі), якая вяла да дэізму, вучэнне пра натуральнае паходжанне Хрыста; ён адмаўляў бессмяротнасць душы і лічыў, што ў аснове паводзін чалавека павінны ляжаць разумныя маральныя прынцыпы, а не страх пакарання або надзея на ўзнагароду ў замагільным царстве. Матэрыяліст. і ідэаліст. ідэі, вучэнне пра аўтаномны характар маральнай свядомасці і паводзін чалавека прапанавалі «эпікурэйцы» К.Бекеш і С.Лован. Элементы натуральнага погляду на гісторыю меліся ў сац.-філас. поглядах А.Волана, які лічыў, што прычынай узвышэння або ўпадку грамадства з’яўляюцца людзі, іх норавы, сац. інтарэсы і матывы, а не Бог. З пазіцый рацыяналістычнага пазнання навакольнага свету і заканамернага натуральнага развіцця прыроды выступаў К.Лышчынскі. З канца 18 ст. развівалася пераважна схаластычная Ф., заснаваная на тэалагічнай інтэрпрэтацыі вучэння Арыстоцеля (М.Сарбеўскі, С.Лаўксмін і інш.). У 2-й пал. 18 ст. ўзмацніўся ўплыў ідэалогіі і Ф. новага часу, распаўсюдзіліся эклектычная Ф. (А.Скарульскі, Б.Дабшэвіч, С.Шадурскі і інш.), вучэнне фізіякратаў, якія лічылі, што адыход чалавецтва ад разумення законаў прыроды непазбежна выкліча няшчасці, бедствы і беспарадкі. У 19 ст. развіваліся тэндэнцыі прыродазнаўчага матэрыялізму, радыкальныя сац.-утапічныя ідэі, звязаныя з пошукам шляхоў сац. і нац. вызвалення (К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч, Я.Лучына, Я.Купала, Я.Колас, Цётка, А.Луцкевіч і інш.). На мяжы 19—20 ст. на Беларусі распаўсюдзіліся ідэі марксізму, а пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 з’явіліся філас. працы, у якіх распрацоўваліся праблемы пазнання, быцця, нац. свядомасці, гісторыі Ф. (І.Канчэўскі, У.Самойла, Б.Э.Быхоўскі, С.Я.Вальфсон, У.І.Пічэта, А.Цвікевіч і інш.). У 1931 у Мінску створаны Інстытут філасофіі АНБССР (гл.Інстытут філасофіі і права Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі). З 1950-х г. пачаліся сістэматычныя даследаванні па гісторыі філас. і грамадска-паліт. думкі Беларусі. 1960—80-я г. адзначаны сур’ёзнымі распрацоўкамі ў галіне матэрыяліст. дыялектыкі, метадалогіі навук. пазнання, сац. філасофіі, філас. пытанняў прыродазнаўства, духоўнай сферы і выхавання. З 1990-х г. на Беларусі праводзяцца комплексныя даследаванні па праблемах логікі і метадалогіі навук. пазнання (А.І.Зелянкоў, У.К.Дукашэвіч, Дз.І.Шыраканаў, Я.С.Яскевіч), сац. Ф. (Я.М.Бабосаў, В.І.Боўш, А.М.Елсукоў, Ю.А.Харын), гісторыі Ф. (Э.К.Дарашэвіч, У.М.Конан, А.С.Майхровіч, С.А.Падокшын, В.Ф.Шалькевіч і інш.).
Тэндэнцыі развіцця сучаснай Ф. звязаны з пошукам новых падыходаў, светапоглядных арыентацый і праграм у розных сферах жыццядзейнасці людзей, з асэнсаваннем такіх праблем, як глабальны экалагічны крызіс, лёс сучаснай цывілізацыі і спосабы прадухілення рэальных пагроз яе існаванню, дынаміка і перспектыва сусв.культ. працэсу, гуманізацыя грамадскіх адносін, шляхі ўмацавання дэмакр. ін-таў і механізмаў функцыянавання грамадз. супольнасці, гранічнае пашырэнне магчымасцей чалавека ў яго ўзаемадзеянні з навакольным светам і інш.
Літ.:
Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;
Развитие марксистско-ленинской философии в БССР (20—70-е гг.). Мн., 1984;
Лукьянов А.Е. Становление философии на Востоке (Древний Китай и Индия). М., 1989;
Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992;
Рассел Б. История западной философии...: Пер. с англ. 3 изд. М., 2000;
Абдеев Р.Ф. Философия информационной цивилизации. М., 1994;
Юлина Н.С. Очерки по философии в США: XX век. М., 1999;
Асветнікі зямлі Беларускай, X — пач. XX ст.: Энцыкл.давед.Мн., 2001;
Шаповалов В.Ф. Основы философии: От классики к современности. 2 изд. М., 2000;
Новая философская энциклопедия. Т. 1—4. М., 2000—01.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРКІ
Як састаўная частка адзінага сац.-культ. комплексу Беларусі, як асн. элементы азелянення і садова-паркавага мастацтва, паркі ствараюцца ў гар. і сельскай мясцовасці сродкамі ландшафтнай архітэктуры. Яны прызначаны для арганізацыі вольнага часу, задавальнення культ.-пазнавальных патрэбнасцей і інтарэсаў людзей праз стварэнне на сваёй тэр. спрыяльных умоў для адпачынку, распаўсюджвання і папулярызацыі культ. каштоўнасцей і ведаў аб прыродзе, фарміравання беражлівых і гуманных адносін да навакольнага асяроддзя. Усе паркі адкрытыя для публічнага наведвання.
Найб. старадаўнія на Беларусі паркі, што захаваліся, адносяцца да 18 ст. Адрозніваюць паркі рэгулярныя, пейзажныя, мемарыяльныя, паркі культуры і адпачынку, гарадскія сады і інш. Для рэгулярных паркаў характэрны строгая геам. планіроўка і радковая пасадка дрэў, падпарадкаваная гал. кампазіцыйнай восі; наяўнасць баскетаў, шырокіх партэраў з кветкавымі газонамі, басейнаў, каналаў, фантанаў, часам — стараж. палаца (замка), ад якога разыходзяцца прамыя алеі Да ліку лепшых узораў такіх паркаў належаць Бачэйкаўскі парк, закладзены ў сярэдзіне 18 ст. ў в. Бачэйкава (Бешанковіцкі р-н Віцебскай вобл.), Дубайскі парк, створаны ў 2-й пал. 18 ст. ў в. Дубай (Пінскі р-н Брэсцкай вобл.), у в. Вялікае Мажэйкава (Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл.), у в. Забалацце (Рагачоўскі р-н Гомельскай вобл.) і інш.
У канцы 18—19 ст. былі пашыраны пейзажныя паркі з уласцівай для іх свабоднай планіроўкай, маляўнічым размяшчэннем кампазіцыйных элементаў, што імітуюць прыродны ландшафт, невялікія збудаванні ў выглядзе гатычнага сабора, замка, грота, розныя віды малых форм архітэктуры, і інш. Адзін з паркаў такога тыпу закладзены ў 1879 на тэр. Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу (засн. ў 1583 кн. М.К.Радзівілам Сіроткам). Яго агульная плошча каля 100 га. На правабярэжнай частцы парку (падзелены р. Уша) знаходзяцца палац і замак з фрагментам парку (Замкавы парк) і Стары, т.зв. англійскі парк з японскім садам; у левабярэжнай частцы — Новы (Марысін) парк з т.зв. іпадромам. У парку ўстаноўлены бюсты кн. Юрыя Нясвіжскага, італьян.арх. Дж.М.Бернардоні, пісьменнікаў У.Сыракомлі, Я.Коласа, картографа Т.Макоўскага, 3 вазы з сімваламі: «1794. За нашу і вашу волю. 1863», «1410. Грунвальд», «Gloria Victoria» і інш. Пасля рэканструкцыі ў 1991 водна-паркавай сістэмы Нясвіжа адноўлены 5 пейзажных паркаў, у т. л. парк «Альба». Найб. захаваным на Беларусі пейзажным паркам з элементамі рамантызму з’яўляецца парк Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, заснаванага ў 2-й пал. 18 ст. на правым беразе р. Сож (даўж. 800 м, пл. 25 га). У ім знаходзіцца пладовы сад з багатай аранжарэяй («Зімовы сад»), ставок «Лебядзінае возера», вял. і мал. гроты, Верхні і Ніжні масты, памятныя камяні, больш за 9 тыс. дрэў мясц. і экзатычных парод; устаноўлены конная статуя кн. І.Панятоўскага, 2 трафейныя гарматы рус.-тур. вайны (1828—29), манумент кн. I Ф.Паскевіча ў адзенні рымскага палкаводца, дэкаратыўныя мармуровыя скульптуры і інш.Да тыпу пейзажных паркаў адносяцца Савейкаўскі парк (Ляхавіцкі р-н Брэсцкай вобл.), паркі Жыліцкага (Кіраўскі р-н Магілёўскай вобл.), Лагойскага. Валожынскага палацава-паркавых ансамбляў і інш.
Мемарыяльныя паркі часцей ствараюцца ў гонар выдатных дзеячаў навукі і культуры, нац. герояў (напр., парк імя Я.Купалы ў Мінску), або прысвячаюцца значным гіст. падзеям ці юбілеям (напр., парк Перамогі ў Мінску). Большасць такога тыпу паркаў з’яўляюцца часткай сядзібна-паркавых ансамбляў. Да нашага часу на Беларусі захаваліся 175 мемарыяльных сядзіб з рэшткамі паркаў. У іх ліку рэшткі парку ў родавым маёнтку Касцюшкаў Сяхновічы (Жабінкаўскі р-н Брэсцкай вобл.), закладзенага ў канцы 17 ст., у гар. сядзібе Ваньковічаў (Мінск), дзе з 1824 жыў і працаваў мастак-рамантык Валенцій Ваньковіч, бывалі Я.Дамель, С.Манюшка, У.Сыракомля, В.Дунін-Марцінкевіч. У Брэсцкім р-не захаваліся мемарыяльныя сядзібы Лышчыцы (радзіма К.Лышчынскага) і Скокі (радзіма Ю.Нямцэвіча). У Баранавіцкім р-не 9 такіх сядзіб, у т. л. музей-сядзіба А.Міцкевіча «Завоссе» і сядзіба ў Ясянцах — радавым маёнтку апошняга канцлера ВКЛ Я.Храптовіча. У 2004 у в. Ракаў Мінскага р-на адкрылася сядзіба-музей, звязаная з імёнамі Ф.Багушэвіча, А.Міцкевіча і М.К.Агінскага; тут экспануюцца мэбля і адзенне 18—19 ст., муз. інструменты, фрагменты слуцкіх паясоў і інш. У 19 ст. склаўся новы тып парку — гарадскі с а д (у Мінску, Віцебску, Магілёве і інш.). Самы старадаўні такі парк — Цэнтр. дзіцячы парк імя М.Горкага (былы Губернатарскі сад; пл. 30 га), у якім дзейнічаюць разнастайныя атракцыёны, планетарый, крыты каток, летняя эстрада. У 1920-я г. пачалі стварацца паркі культуры і адпачынку, дзіцячыя, спартыўныя, заалагічныя і інш.
У 2002 на Беларусі дзейнічалі 24 паркі культуры і адпачынку, у т. л. ў Брэсцкай, Віцебскай і Гродзенскай абл. — па 4, у Гомельскай вобл. і г. Мінск — па 3, Магілёўскай вобл. — 1 і Мінскай вобл. — 5. Дзейнічаюць 4 заапаркі (Віцебск, Гомель, Гродна, Мінск). Найб. паркі культуры і адпачынку ў Гомелі (280 га, з філіяламі), Віцебску (190 га), Гродне (92 га), Кобрыне (60 га), Брэсце (40 га). У Мінску працуюць парк культуры і адпачынку імя Чэлюскінцаў (50 га) і імя 50-годдзя Кастрычніка (110 га), а таксама парк Я.Купалы і парк Перамогі (у раёне Камсамольскага возера). У парках культуры і адпачынку праводзяцца тэатралізаваныя канцэрты, выстаўкі, нар. святы, творчыя конкурсы, гульнёва-забаўляльныя праграмы, дыскатэкі, танцавальныя вечары, спарт. мерапрыемствы. У 2002 у іх дзейнічала 14 гурткоў маст. самадзейнасці, 16 спарт. гурткоў і 8 дзіцячых аб’яднанняў. У 2003 у Мінску адкрыты адзіны ў Беларусі сучасны парк забаў «Dream Land» (Краіна мары), у якім дзейнічаюць разнастайныя італьян. атракцыёны (экстрэмальныя, сямейныя, дзіцячыя), лічбавая фотастудыя і інш.
Паркавая прастора выкарыстоўваецца і як месца актыўных зносін людзей з прыродай, чаму садзейнічае стварэнне ў іх рэкрэацыйна-аздараўленчых зон і аб’ектаў, спрыяльных умоў для фіз. і маральна-псіхал. адпачынку і аднаўлення сіл чалавека. Першы батанічны сад на Беларусі засн. Ж.Э.Жыліберам у Гродне на месцы старога гарадзішча; у 1778 у садзе было больш за 2000 відаў экзотаў (большасць экзатычных насаджэнняў у 1781 перанесена ў Віленскі батанічны сад, цяпер на яго месцы гар. парк культуры і адпачынку). У пач. 20 ст. існаваў (да 1924) Вялікалятчанскі батанічны сад каля Віцебска. Працуюць батанічныя сады БСГА (з 1847), Віцебскага ун-та (закладзены ў 1919), БДУ (арганізаваны ў 1933), Бел.тэхнал. ун-та (арганізаваны ў 1969). У Цэнтр. батанічным садзе Нац.АН Беларусі (створаны ў 1932, пл. больш за 80 га) сабрана больш за 9 тыс. відаў раслін. У яго экспазіцыі: дэндрарый з сектарамі Беларусі, Д.Усходу, Усх. Азіі, Паўн, Амерыкі, Еўропы, Сібіры, Каўказа, Сярэдняй Азіі, альпінарый, ружоўнік, цюльпаннік, вяргіннік, бэзавы сад, сад бесперапыннага цвіцення, ландшафтны. З 1985 у Мінску дзейнічае парк камянёў — геалагічны музей пад адкрытым небам. У ім больш за 2 тыс. экспанатаў, пл. экспазіцыі 6,5 га, з іх 4,5 га займае рэльефная мадэль геагр. карты Беларусі. Парк з’яўляецца эксперыментальнай базай Ін-та геалагічных навук Нац.АН Беларусі па вывучэнні ледавіковых валуноў, вырашэнні шэрагу актуальных праблем геалогіі, а таксама своеасаблівым сродкам папулярызацыі і пашырэння прыродазнаўчых і гісторыка-краязнаўчых ведаў.
Літ.:
Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1974;
Яго ж. Старинные усадьбы Минского края. Мн., 2000;
Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989;
Смолік А.І. Культура Беларусі XI—XIX стст.: Навук.давед.Мн., 1998;
Каштоўнасці мінуўшчыны, 5: Рэстаўрацыя і выкарыстанне помнікау гісторыі і культуры: Матэрыялы канф., Мінск, 17 крас. 2001 г.Мн., 2001.
С.Ф.Дубянецкі, Э.С.Дубянецкі.
Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс.Сноўскі палацава-паркавы ансамбль.Мірскі садова-паркавы комплекс.У парку камянёў.Фрагмент парку Я.Купалы ў Мінску.У Гродзенскім заалагічным парку.