ВЕРЖЭ́Н ((Vergennes) Шарль Граўе дэ) (28.12.1717, г. Дыжон, Францыя — 13.2.1787),
французскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф. На дыпламат. службе з 1739. Працаваў у франц. пасольствах у Партугаліі (1739—42 і 1746—49) і Германіі (1742—45). Франц. пасланнік у герм. гарадах Кобленц (1750—52), Гановер (1752) і Мангейм (1753). У 1755—68 пасол у Турцыі, у 1771—74 у Швецыі. У 1774—83 міністр замежных спраў. У час Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 падтрымліваў каланістаў, удзельнічаў у заключэнні амерыкана-французскага дагавора 1778, амер. палітыку замацаваў у Версальскім мірным дагаворы 1783. У 1783—87 узначальваў фін. савет. Заключыў англа-французскі (1786) і руска-французскі (1787) дагаворы аб гандлі.
т. 4, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НСА (ANSA; Agenzia Nazionale Stampa Associata Нац. агенцтва аб’яднанага друку),
італьянскае інфарм. агенцтва. Засн. ў 1945 у Рыме ўладальнікамі італьян. газетных і часопісных выд-ваў. Мае дагаворы на абмен інфармацыяй з найбуйнейшымі сусв. агенцтвамі, шырокую сетку карэспандэнцкіх пунктаў у краіне і за яе межамі.
т. 1, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́СІЯ,
1) у цывільным праве дагавор, паводле якога адзін бок (камісіянер) абавязваецца па даручэнні другога боку (камітэнта) здзяйсняць здзелкі ад свайго імя. Узаемаадносіны бакоў у дагаворы К., іх правы і абавязкі рэгламентуюцца цывільным заканадаўствам.
2) Выбраная ці назначаная група асоб, упаўнаважаная выконваць часовае ці пастаяннае даручэнне.
т. 7, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГЕ́НЦТВА,
1) арганізацыя, якая за абумоўленую плату выконвае пэўныя даручэнні фіз. або юрыд. асоб (давернікаў). Аб’ём, парадак і ўмовы агенцкага абслугоўвання фіксуюцца ў дагаворы паміж агенцтвам і давернікам, ад імя, за кошт і ў інтарэсах якога агенцтва дзейнічае.
2) Прадстаўніцтва, аддзяленне якой-н. установы ці прадпрыемства, напр. тэлегр. агенцтва, трансп. агенцтва, Агенцтва друку, агенцтва літаратурнае.
т. 1, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОТ (англ. lot),
партыя тавару, частка яго агульнай колькасці, што прадаецца ці пастаўляецца па дагаворы. Тэрмін пашыраны ў аўкцыённым гандлі (гл. Аўкцыён), дзе Л. можа складацца са стандартнага пакета каштоўных папер (100, 1000 адзінак і інш.), адной рэчы (напр., карціна, прадмет антыкварыяту), набору аднародных па якасці прадметаў (напр., калекцыя стараж. марак, манет).
т. 9, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРАНІ́ЧНЫЯ ПАГАДНЕ́ННІ,
дагаворы міжнародныя, якія заключаюцца паміж суседнімі дзяржавамі па пытаннях, што тычацца ўстанаўлення рэжыму дзярж. граніц, іх дэмаркацыі, водакарыстання на прыгранічных рэках і вадаёмах. Уключаюць пытанні буд-ва гідратэхн. збудаванняў, каналаў, барацьбы з ляснымі пажарамі, эпідэміямі і эпізаотыямі, правілы адносна парадку выезду і ўезду на пагранічныя тэрыторыі, мытнае супрацоўніцтва, прыгранічны гандаль і інш.
т. 11, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛІМІТА́ЦЫЯ ГРАНІ́Ц,
вызначэнне становішча і напрамку дзярж. граніцы па дамоўленасці паміж сумежнымі дзяржавамі, зафіксаванае ў дагаворы і графічна выяўленае на картах, якія прыкладаюцца да яго. На падставе Д.г. праводзіцца дэмаркацыя граніц. Д. наз. таксама размежаванне марской тэр. сумежных дзяржаў (унутр. вод, тэр. мора, выключнай эканам. зоны, кантынент. шэльфа), якое ажыццяўляецца на падставе міждзярж. дагавора або судовага ці арбітражнага рашэння.
т. 6, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНАНСА́ЦЫЯ (ад франц. dénoncer абвяшчаць, касаваць),
адмова аднаго з бакоў міжнароднага дагавора ад яго выканання. Звычайна права Д., яе формы і тэрміны прадугледжваюцца ў самім дагаворы. Д. шматбаковых дагавораў мае сілу толькі для той дзяржавы, якая яго дэнансавала; паміж яго інш. ўдзельнікамі дагавор працягвае дзейнічаць. Д. міжнар. дагавораў Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца Палатай прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь.
т. 6, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕ́НЦЫІ МІЖНАРО́ДНЫЯ ПА АХО́ВЕ А́ЎТАРСКІХ ПРАВО́Ў,
шматбаковыя міжнар. дагаворы, якія ўстанаўліваюць абавязацельствы дзяржаў па ахове аўтарскага права на творы, што належаць грамадзянам краін — удзельніц гэтых дагавораў або ўпершыню апублікаваных у гэтых краінах. Найб. значэнне маюць Бернская канвенцыя 1886 і Сусветная (Жэнеўская) 1952 (набыла сілу ў 1955). Побач з удзелам у міжнар. канвенцыях дзяржавы могуць заключаць паміж сабой двухбаковыя пагадненні аб ахове аўтарскіх правоў.
т. 7, с. 574
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАБІ́СТЫЯ НЕМАЁМАСНЫЯ ПРАВЫ́,
суб’ектыўныя правы грамадзян, якія не маюць матэрыяльнага зместу і неаддзельныя ад асобы чалавека. Адрозніваюць 2 іх разнавіднасці: звязаныя з маёмаснымі правамі (напр., прадукцыя інтэлектуальнай творчасці, якая пры пэўных абставінах можа пераходзіць да іншых асоб па дагаворы з аўтарам, у парадку атрымання ў спадчыну; гл. Аўтарскае права, Спадчыннае права) і не звязаныя (іх адчужэнне ад асобы немагчымае, напрыклад, права на імя, гонар, годнасць).
т. 2, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)