КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ АБ НЕ́ТРАХ,

сістэматызаваны заканад. акт, які рэгулюе адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з геал. вывучэннем, карыстаннем і аховай нетраў Рэспублікі Беларусь. Зацверджаны Нац. сходам Рэспублікі Беларусь і ўведзены ў дзеянне 18.12.1997. Змяшчае прававыя асновы комплекснага выкарыстання і аховы нетраў, забяспечвае абарону інтарэсаў дзяржавы і грамадзян краіны, а таксама правоў карыстальнікаў нетраў. Складаецца з прэамбулы, 11 раздзелаў і 60 артыкулаў. Змяшчае агульныя палажэнні, асн. паняцці і тэрміны, якія ўжываюцца ў справе вывучэння і карыстання нетрамі, замацоўвае выключную ўласнасць дзяржавы на нетры; вызначае задачы дзярж. рэгулявання ў галіне карыстання нетрамі і іх аховы, органы, што займаюцца гэтым рэгуляваннем, і іх кампетэнцыю; парадак прадстаўлення нетраў у карыстанне, выдачы ліцэнзій на права карыстання, правы і абавязкі карыстальнікаў; рэгламентуе пытанні рацыянальнага выкарыстання нетраў, парадак дзярж. рэгістрацыі і ўліку карыстання нетрамі, вядзення кадастраў нетраў; рэгулюе парадак і формы аплаты за карыстанне нетрамі; рэгламентуе пытанні бяспекі работ, звязаных з карыстаннем нетрамі, стварэння горнавыратавальнай службы, кантролю і нагляду за карыстаннем нетрамі і іх ахове, адказнасці за парушэнне заканадаўства аб нетрах, вырашэння спрэчак па праблемах нетракарыстання; вызначае парадак урэгулявання нац. заканадаўства з правіламі міжнар. пагадненняў і дагавораў; парадак набыцця кодэксам сілы і прывядзення існуючых заканад. актаў па нетрах у адпаведнасць з кодэксам.

Г.​А.​Маслыка.

т. 8, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНА́МСКІ КАНА́Л (ісп. Canal de Panama, англ. Panama Canal),

штучны водны шлях міжнар. значэння на тэр. Панамы ў Цэнтр. Амерыцы, праз Панамскі перашыек у самай вузкай яго частцы. Злучае Атлантычны і Ціхі акіяны. Даўж. 81,6 км, у т. л. 65,2 км па сушы і 16,4 км па дне бухты Лімон Карыбскага м. і Панамскага зал., шыр. 150—305 м, глыб. па фарватэры 12,8—25,9 м; 12 шлюзаў. Штогадовы аб’ём перавозак каля 154 млн. т, доля транзіту больш за 80%. Штогод праз П.к. праходзяць больш за 14 тыс. грузавых суднаў. Каля Атлантычнага ўвахода ў П.к. порты Крыстобаль і Калон, каля ціхаакіянскага — Бальбоа і Панама.

Ідэя будаўніцтва П.к. існавала і абмяркоўвалася з пач. 16 ст. У 1879 рэалізацыю гэтага праекта пачала Францыя, якая выкарыстала супярэчнасці паміж ЗША і Вялікабрытаніяй і ўзяла канцэсію на буд-ва канала ва ўрада Калумбіі. Крах франц. акц. кампаніі (1888, гл. «Панама») і націск з боку амер. і брыт. ўрадаў прымусілі Францыю ў 1902 прадаць свае правы ЗША. У 1903, пры падтрымцы ЗША, Панама аддзялілася ад Калумбіі, і далейшыя пытанні, звязаныя з буд-вам і функцыянаваннем канала, рэгуляваліся Амерыкана-панамскімі дагаворамі 1903, 1936, 1955, 1977. Паводле дагавора 1903 ЗША атрымалі ў бестэрміновае карыстанне Панамскага канала зону, права будаваць і эксплуатаваць канал. Першае судна прайшло праз П.к. 15.8.1914, афіцыйна канал адкрыты 12.6.1920. Паводле амер.-панамскіх дагавораў 1977 П.к. з 1.1.2000 перайшоў пад кантроль Панамы.

т. 12, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ (ад позналац. confoederatio саюз, аб’яднанне),

форма саюза дзяржаў, пры якой дзяржавы, што ўваходзяць у саюз, захоўваюць свой суверэнітэт у поўным аб’ёме. Спалучае рысы міжнар.-прававой і дзярж. арг-цыі. У розны час К. былі: Аўстра-Венгрыя (да 1918), Швецыя і Нарвегія (да 1905), ЗША (1781—89), Швейцарыя (1815—48) і інш. У наш час у свеце існуе толькі адно ўтварэнне, якое мае прыкметы К., — Еўрапейскі Саюз.

Вопыт сведчыць, што форма К. з’яўляецца пераходнай або да поўнага распаду саюза, або да федэратыўнай формы дзярж. пабудовы. Асн. рысы К.: утварэнне на аснове адпаведных дагавораў; суб’екты маюць права свабоднага выхаду з яе; рашэнні саюзнай улады не маюць сілы без згоды суб’ектаў; у распараджэнне К. ўваходзіць невял. кола пытанняў (вайны і міру, знешняй палітыкі, сістэмы камунікацый і інш); у К. ствараюцца толькі тыя дзярж. органы, якія неабходны для вырашэння задач, спецыяльна вызначаных у дагаворных актах; парламент фарміруецца прадстаўнічымі органамі суб’ектаў, якія абавязваюць свае дэлегацыі няўхільна выконваць выдадзеныя ім інструкцыі і ўказанні; пастаянна дзеючыя органы К. пазбаўлены ўласных паўнамоцтваў; суб’ектам К. належыць права адмовы ў прызнанні або адмова ва ўжыванні актаў саюзнай улады; бюджэт К. фарміруецца за кошт добраахвотных узносаў яе суб’ектаў; суб’екты маюць права ўстанаўліваць мытныя і інш. абмежаванні, што перашкаджаюць перамяшчэнню асоб, тавараў, паслуг і капіталаў; як правіла, у К. адсутнічае адзіная сістэма грашовага абарачэння; вайсковыя фарміраванні набіраюцца суб’ектамі К., прычым часта захоўваецца іх двайное падпарадкаванне органам К. і яе суб’ектаў; у К. няма саюзнага грамадзянства.

Г.​А.​Маслыка.

т. 8, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЛА́МЕНТ (англ. parliament ад франц. parlement ад parier гаварыць),

назва найвышэйшага прадстаўнічага і заканад. органа ў дэмакр. дзяржавах. Першыя П. ўзніклі ў 12—13 ст. у Англіі і Іспаніі як саслоўная прадстаўнічая ўстанова. Сучаснае значэнне П. набыў у 17—18 ст. У сав. перыяд найвышэйшыя прадстаўнічыя органы саюзных рэспублік і СССР П. не з’яўляліся. П. мае розныя назвы: уласна П. існуе ў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Канадзе, Бельгіі і інш.; у ЗША — кангрэс, у Расіі — Федэральны сход, у Літве і Латвіі — сейм, Беларусі — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь і г.д. Існуюць аднапалатная і двухпалатная структуры П. (Нац. сход і Сенат у Францыі, Палата прадстаўнікоў і Сенат у ЗША, Сейм і Сенат у Польшчы, Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі ў Беларусі; аднапалатны Усекіт. сход нар. прадстаўнікоў у Кітаі і інш.). У краінах англасаксонскага права састаўной часткай П. з’яўляецца кіраўнік дзяржавы (Нар. палата, Савет штатаў і прэзідэнт у Індыі). Ніжнія палаты ў двухпалатных П. і аднапалатныя П. ўтвараюцца заўсёды шляхам прамых выбараў, верхнія палаты фарміруюцца шляхам прамых (ЗША, Італія) або непрамых (ускосных, многаступенных) выбараў (Індыя, Францыя), частка іх членаў займае месцы ў парадку назначэння (Вялікабрытанія, Канада, Беларусь). У палатах ствараюцца камітэты або камісіі для папярэдняга разгляду законапраектаў. Функцыі П. ўключаюць выданне законаў, прыняцце дзяржбюджэту, ратыфікацыю міжнар. дагавораў. У некаторых краінах П. фарміруе ўрад, выбірае або назначае многія інш. вышэйшыя органы дзяржавы — вярх. суд, канстытуцыйны суд, ген. пракурора, прэзідэнта, падліковую палату і інш.

В.​А.​Кадаўбовіч.

т. 12, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ЗЯМЛЯ́,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—16 ст. Землямі звычайна наз. асабліва значныя намесніцтвы, якія мелі элементы аўтаноміі, замацаваныя абласнымі прывілеямі. Намесніцтва ў Віцебску, верагодна, з моманту свайго ўтварэння (1392) атрымала ад вял. кн. Вітаўта грамату, якая гарантавала захаванне пэўных нормаў мясц. права, што ўзыходзілі да дагавораў паміж горадам і князем. Сляды такой граматы прасочваюцца ў віцебскім прывілеі вял. князя Казіміра IV (каля 1440—47, не захаваўся), які пазней быў пацверджаны вял. князямі Аляксандрам (1503) і Жыгімонтам I Старым (1509, 1547). Гэтыя прывілеі гарантавалі мясц. феадалам і мяшчанам правы, абвешчаныя шляхце цэнтр. часткі ВКЛ (Віленскаму і Трокскаму ваяв.) прывілеямі 1387, 1432, 1434, а таксама права несці гарнізонную службу толькі ў сваёй зямлі, мясцовы (замкавы) суд і непадлегласць юрысдыкцыі ўпаўнаважаных вял. князя (дзецкіх). Мясц. баяры карысталіся выключным правам па чарзе кіраваць дзярж. валасцямі, што знаходзіліся ў складзе зямлі, за выключэннем некалькіх маёнткаў, падпарадкаваных непасрэдна віцебскаму намесніку (гл. Віцебскае права). Аднак на практыцы самастойнасць Віцебскай зямлі была даволі абмежаваная. Асн. ўлада належала намесніку (ужо ў прывілеях 1503 і 1509 ён наз. ваяводам). Азярышчанская і Усвяцкая воласці пры Казіміру IV былі вылучаны з-пад кіравання мясц. баяр і ператвораны ў асобныя намесніцтвы. Відаць, самастойны намеснік быў і ў Оршы. Значныя воласці ў Віцебскай зямлі былі падараваны князям Андрэю Уладзіміравічу, Друцкім, Жылінскім, што таксама выключала іх з-пад кантролю віцебскага баярства. Пасля 1511 за Віцебскай зямлёй канчаткова замацавалася назва «ваяводства». Яе асобны статус быў афіцыйна скасаваны з прыняццем Статута ВКЛ 1566, які пашырыў на ўсю тэр. ВКЛ агульныя прававыя нормы.

В.​Л.​Насевіч.

т. 4, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ЦЫЙ ((Grotius) Гуга) (сапр. дэ Гроат; de Groot; 10.4.1583, г, Дэлфт, Нідэрланды — 26.8.1645),

галандскі юрыст, дыпламат, філосаф, гісторык. Адзін з заснавальнікаў тэорыі натуральнага права і навукі міжнар. права. З 1607 генеральны адвакат правінцыяльнага казначэйства, з 1613 пенсіянарый у гар. радзе Ротэрдама. У 1618 за ўдзел у паліт. барацьбе арыштаваны і асуджаны на пажыццёвае зняволенне. У 1621 збег у Францыю, дзе быў дарадчыкам пры каралеўскім двары, у 1634—44 — пасланнікам Швецыі ў Парыжы. Аўтар твораў па тэалогіі, філасофіі, гісторыі, палітыцы, праве, філалогіі, а таксама вершаў. У працы «Аб праве вайны і міру» (1625) разглядаў праблемы міжнар. права, агульныя пытанні дзяржавы і права. Ён лічыў, што натуральнае права складаецца з элементарных прынцыпаў: выкананне дагавораў, устрыманне ад замахаў на чужую ўласнасць, пакаранне за злачынствы і інш. У выніку развіцця і прыстасавання натуральнага права да ўмоў жыцця розных народаў узнікае пазітыўнае права, гіст. зменлівае і залежнае ад волі таго, хто яго ўстанаўлівае. У аснову міжнар. права уключаў дагаворы паміж дзяржавамі. Лічыў, што несправядлівыя войны павінны быць забаронены; бакі, што ваююць, абавязаны ўстрымлівацца ад знішчэння маёмасці праціўніка і жорсткасці ў дачыненні да грамадз. насельніцтва. Для вырашэння спрэчак паміж дзяржавамі ён прапанаваў стварыць пастаянны орган — «сход хрысціянскіх правіцеляў». У ліку яго прац: «Каментарыі аб праве здабычы» (1604—05), «Аб старажытнасці і ладзе Батаўскай рэспублікі» (1610), «Аб паходжанні амерыканскіх народаў» (1642). Ідэі Гроцыя паўплывалі на сац. фізіку 17—18 ст. і школу натуральнага права.

Тв.:

Рус. пер. — О праве войны и мира... Кн. 1—3. М., 1956.

Літ.:

Dumbauld E. The life and legal writings of Hugo Grotius. Norman, 1969.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 5, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЧАНО́СЦЫ (Ордэн мечаносцаў),

духоўна-рыцарскі ордэн, засн. ў 1202 рыжскім епіскапам Альбертам для абароны каталіцкай царквы ў Лівоніі і прымусовай хрысціянізацыі народаў Усх. Прыбалтыкі. Актыўныя ўдзельнікі крыжовых паходаў супраць славян і балтаў у 12—15 ст. Афіц. назва Браты воінства Хрыстовага (Fratres militiae Christi). Назва М. ад апазнавальнага знака на белых плашчах рыцараў — мяча і крыжа. У 1205 папа рымскі Інакенцій III афіцыйна зацвердзіў ордэн і надаў яму статут на ўзор статута тампліераў. Паводле статута члены ордэна падзяляліся на братоў-рыцараў, братоў-святароў і братоў-службоўцаў. На чале ордэна стаяў выбарны магістр з рэзідэнцыяй у Рызе, які падпарадкоўваўся рыжскаму епіскапу. У 1-й трэці 13 ст. М., нягледзячы на процідзеянне Полацкага княства і Пскова, зламалі супраціўленне ліваў, земгалаў, латгалаў, эстаў, інш. прыбалтыйскіх плямён і авалодалі б.ч. тэр. сучасных Латвіі і Эстоніі, у т. л. падвасальнымі Полацку княствамі Кукенойс і Герцыке, нападалі на Літву. Паводле дагавораў з Рыжскім і інш. епіскапствамі ордэн М. атрымаў каля трэці заваяваных зямель і фактычна ператварыўся ў феад. каталіцкую дзяржаву. Мясц. ўладу ажыццяўлялі комтуры (начальнікі правінцыяльных замкаў) і фогты (адм. чыноўнікі). Браты аднаго замка складалі канвент, іх сход наз. капітулам, агульны сход усіх ордэнскіх братоў — ген. капітулам. Гал. даходам ордэна была даніна з мясц. прымусова хрысціянізаванага насельніцтва, а таксама ваен. здабыча. У 1236 аб’яднаныя сілы літоўцаў і земгалаў каля сучаснага г. Шаўляй (Літва) разбілі М., рэшткі якіх у 1237 аб’ядналіся з Тэўтонскім ордэнам і ўтварылі залежны ад яго Лівонскі ордэн.

Літ.:

Mugurëvičs E. Die militärische Tätigkeit des Schwertbrüderordens (1202—1236) // Ordines militares. Torun, 1991. [T.] 6.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 10, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ПСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ, Папская дзяржава, Царкоўная вобласць, Царкоўная дзяржава,

тэакратычная дзяржава ў Сярэдняй Італіі на чале з папам рымскім у 756—1870. Сталіца — г. Рым. Утварылася пасля таго, як кароль франкаў Піпін Кароткі падараваў папу рымскаму Стэфану II Рымскую вобл., Равенскі экзархат (уключаў таксама Венецыю і Істрыю), Пентаполіс, Парму, Рэджыю, Мантую, герцагствы Спалета і Беневента, в-аў Корсіка. У 774 падараванне пацвердзіў Карл Вялікі. Да 888 П.в. — частка імперыі Каралінгаў, у 962—1274 у складзе «Свяшчэннай Рым. імперыі». Межы П.в. неаднаразова мяняліся, гэтаму спрыяла феад. раздробленасць. У 13 ст. большасць гарадоў П.в. сталі камунамі. Уладу пап аслаблялі ератычныя рухі (Арнольда Брэшыянскага 1145—55) і паўстанні (Кола ды Рыенца ў 1347 і 1354). Асабліва іх ўлада аслабла ў перыяд Авіньёнскага паланення папаў. У 15 — пач. 16 ст. пачалося аднаўленне П.в., якое дасягнула значных поспехаў пры Аляксандру VI і Юлію II. У 16—18 ст. П.в. ператварылася ў абсалютысцкую дзяржаву. Пасля Франц. рэвалюцыі 1789—99 на яе тэр. ўтварылася Рымская рэспубліка 1798—99. У 1809—14 П.в. у складзе Франц. імперыі, адноўлена ў 1815. Пасля задушэння рэвалюцыі 1848 і ліквідацыі Рым. рэспублікі 1849 у П.в. размяшчаўся (з 1849) франц. вайск. корпус. Пасля рэвалюцыі 1859—60 ад П.в. да Сардзінскага (з 1861 Італьян.) каралеўства адышлі ўсе землі, акрамя Рыма і Рымскай вобл. У 1870 П.в. стала часткай аб’яднанай Італіі. У выніку Латэранскіх дагавораў 1929 папская дзяржава адноўлена на невялікай ч. Рыма (гл. Ватыкан).

Літ.:

Лозинский С.Г. История папства. 3 изд. М., 1986;

Ковальский Я.В. Папы и папство: Пер. с пол. М., 1991.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 12, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСЭ́НСУС (ад лац. consensus згода, аднадушша, саўдзел),

1) адзінства поглядаў, меркаванняў, узаемная згода людзей. Неабходнасць дасягнення К. адзначалі заснавальнікі і прыхільнікі ідэі грамадзянскай супольнасці і грамадскага дагавору Т.​Гобс, Д.​Дзідро, Дж.​Лок, Ш.​Мантэск’ё, Ж.​Ж.​Русо і інш. Паводле Г.​Гегеля, забеспячэнне ўзаемнага «прызнання» людзьмі адзін аднаго (аж да прымусовага К.) з’яўляецца найбольш агульнай умовай рэалізацыі магчымасцей грамадства. У процілегласць такому падыходу прадстаўнікі франц.

Асветніцтва, а потым Э.​Дзюркгейм і яго паслядоўнікі лічылі К. рацыянальна ўсвядомленай салідарнасцю, арган. уласцівасцю «нармальнага» сац. жыцця людзей. М.​Вебер разглядаў К. не толькі як атрыбут «нармальнага» (ідэальнага) стану грамадства, але і як неад’емную характарыстыку любога грамадства, калі яно валодае элементарным парадкам, згодай — гармоніяй яго элементаў. Г.​Тард, наадварот, выводзіў К. з псіхал. «законаў пераймання», а Г.​Лебон — з пастуліраванага ім закону «духоўнага адзінства», што дзейнічае ў любым чалавечым калектыве. Паводле тэорыі традыцыяналізму (Ч.​Морыс, А.​Конт, Ф.​Ніцшэ, М.​Хайдэгер), К. звязаны з ажыццяўленнем прынцыпу «адзінства ў разнастайнасці», як спалучэння ў адзіным арганізме вялікай федэрацыі разнастайных аўтаномных супольнасцей (сямейных, прафес., этн., рэліг., рэгіянальных), кожная з якіх з’яўляецца прамежкавым звяном паміж індывідамі і дзяржавай. Аб радыкальным парушэнні грамадзянскага К. сведчаць грамадзянскія войны, рэвалюцыі, сац., рэліг. і міжнац. канфлікты.

2) Прыняцце рашэнняў або дагавораў на аснове агульнай згоды ўдзельнікаў. Метад К. прыняты ў шэрагу органаў ААН і інш. міжнар. арг-цый. Напр., прынцып К. выкарыстаны пры прыняцці кардынальных рашэнняў па міжнар. палітыцы на Нарадзе па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе 1975.

3) Дамоўленасць, згода наконт умоў ажыццяўлення якой.-н. аперацыі або дзейнасці, у якіх зацікаўлены некалькі бакоў (напр., дагавор куплі-продажу, дагавор падраду, дагавор камісіі і г.д.).

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 7, с. 600

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЗЕЛЬ (Basel),

горад на Пн Швейцарыі. Адм. ц. паўкантона Базель-Штат. 175,6 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел. Порт на Рэйне і канале Рэйн—Рона (грузаабарот больш за 10 млн. т, каля 20% знешнегандлёвых грузаў Швейцарыі). Міжнар. аэрапорт. Важны гандл.-фінансавы цэнтр міжнар. значэння (знаходзіцца Банк міжнар. разлікаў). Хіміка-фармацэўтычная, машынабуд., эл.-тэхн., швейная, шаўковая, дрэваапр., паліграф., харч. прам-сць. Штогадовыя прамысл. кірмашы. Ун-т. Музеі: гіст., нар. мастацтва і этнаграфіі, ант. мастацтва, Кунстгале і інш.

Упершыню ўпамінаецца як рым. ўмацаванне ў 374. Да 13 ст. стаў значным цэнтрам рамёстваў і гандлю. У 14 ст. дамогся правоў імперскага горада. У 1431—39 тут праходзіў Усяленскі сабор каталіцкай царквы. У 1460 засн. старэйшы ў Швейцарыі ун-т. У 15—16 ст. адзін з цэнтраў Адраджэння і Рэфармацыі. Месца заключэння Базельскіх мірных дагавораў 1795. У 1869 і 1912 тут праходзілі кангрэсы 1-га і 2-га Інтэрнацыяналаў.

Рэйн падзяляе Базель на Вялікі (на левым, узвышаным, беразе, дзе знаходзяцца гіст. цэнтр, асн. помнікі архітэктуры, захаваліся тыповыя рысы стараж. гандлёва-рамесніцкага горада) і Малы (Новы горад на правым, нізінным, беразе з прамысл. зонай). Яны звязаны 5 мастамі і 3 паромнымі пераправамі. На Пн ад Базеля гавань Хюнінген з партовымі пабудовамі. Сярод помнікаў архітэктуры: раманска-гатычны сабор (закладзены ў 1019, будаваўся да 15 ст.), цэрквы: гатычныя Санкт-Марцін (1356—98), Санкт-Петэр (14 ст.), дамініканская прапаведніцкая (1356); неараманскія Санкт-Паўль (1898—1901), Санкт-Антоніус (1925—27) і інш.; ратуша з фрэскамі 16 ст. У 1962—63 пабудаваны комплекс Школы мастацтва і рамёстваў (арх. Г.​Баўр). На Саборнай пл. дамы ў стылі барока, готыкі і класіцызму, шматлікія стараж. фантаны, у т. л. Фішмарктбрунен (14 ст.).

Да арт. Базель. Інтэр’ер царквы Санкт-Антоніус. 1925—27. Арх. К.​Мозер.

т. 2, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)