КАЗЛО́ЎСКІ (Павел Паўлавіч) (н. 9.3.1942, в. Ваўкаўня Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. ваенны дзеяч. Ген.-палк. (1992). З 1994 ген.-лейт. Скончыў Ташкенцкае агульнавайсковае каманднае вучылішча (1965), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1974) і Генштаба (1987). Служыў у Сярэднеазіяцкай, Маскоўскай, Закаўказскай, Паўн.-Каўказскай ваен. акругах на камандна-штабных пасадах. З 1987 1-ы нам. камандуючага, з 1989 камандуючы 28-й агульнавайсковай арміяй у Гродне. З 1991 нач. штаба — 1-ы нам. камандуючага войскамі БВА. У 1992—94 міністр абароны Рэспублікі Беларусь.

т. 7, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ГЕР ((Krüger) Освальд) (каля 1598, Усх. Прусія — 6.4.1655),

матэматык, архітэктар, астраном, філолаг ВКЛ. Д-р філасофіі і вольных навук (1632). Вучыўся ў Рыме і Вільні. Чл. ордэна езуітаў (1618). З 1634 выкладаў у Віленскай езуіцкай акадэміі (гл. Віленскі універсітэт). З 1648 выкладчык матэматыкі і маральнай тэалогіі ў Нясвіжскім езуіцкім калегіуме, з 1653 яго рэктар. Архітэктар адбудовы Нясвіжскага замка пасля пажару. У 1655 каралеўскі інжынер у Гродне. Аўтар кніг на лац. мове па матэматыцы, оптыцы, астраноміі і інш.

Ю.​М.​Лаўрык.

т. 8, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬЧЫ́ЦКІ (Лявон Францавіч) (каля 1823, Аўгустоўская губ. — 17.4.1863),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Брат Б.Кульчыцкага. Служыў на тэр. Польшчы ў Кастрамскім пях. палку, выйшаў у адстаўку штабс-капітанам. Напярэдадні паўстання — нач. чыг. станцыі ў Гродне. Быў звязаны з «чырвонымі». Быў інструктарам і камандзірам стралкоў у паўстанцкім атрадзе, які дзейнічаў у літоўскім Занямонні (паўн. частка Аўгустоўскай губ.). 9 4.1863 цяжка паранены ў баі пад Сапяжышкамі (у літ. крыніцах — Лякечай) у Марыямпальскім пав., узяты ў палон, памёр у шпіталі ў Коўне.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 9, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУХА́ЛЬСКІ (Андрэй) (1767?, г. Паставы Віцебскай вобл. — ?),

бел. танцоўшчык. Прыгонны падскарбія надворнага літ. А.​Тызенгаўза. Вучыўся ў яго балетных школах у Гродне і Паставах. У жн. 1778 удзельнічаў у якасці саліста ў школьным спектаклі «Сялянскі балет» Г.​Петынеці на сцэне Гродзенскага т-ра Тызенгаўза. У 1785—90 у складзе трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве. Выступаў на каралеўскіх сцэнах, у т. л. ў замку ў балеце «Лукас і Калінета» (1785) і ў Нац. т-ры.

Г.​І.​Барышаў.

т. 9, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКА́ДА (франц. arcade),

шэраг аднолькавых па велічыні і абрысах арак, якія апіраюцца на слупы або калоны і ствараюць разам з імі рытмічны паслядоўны рад. Бываюць канструкцыйныя (успрымаюць нагрузку верхніх частак будынкаў) і дэкар. (стаяць асобна або ўтвараюць «сляпыя» аркады). Аркады з’явіліся ў архітэктуры Стараж. Рыма. На Беларусі пашырыліся з 16 ст. ў архітэктуры рэнесансу, барока, класіцызму ў адкрытых галерэях гандл. радоў (у Пінску, Нясвіжы), палацаў (у г.п. Ружаны Пружанскага р-на), гасп. будынкаў (лямус брыгіцкага кляштара ў Гродне), а таксама як дэкар. элемент — аркатура.

Аркада Ружанскага палаца.

т. 1, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ТЫ (ад лац. votum ахвяра, прынашэнне па абяцанні),

ахвяравальныя рэчы рэліг. ўжытку. Іх прыносілі ў касцёл як падзяку за выздараўленне ці з надзеяй на выздараўленне, як засцярогу ад няшчасця; развешвалі вакол цудатворных абразоў. Вотамі маглі быць малыя прадметы ў форме сэрца, рукі, нагі, вока або ў выглядзе жывёлы, птушкі і г.д. Часам воты аздаблялі залачэннем, гравіроўкай, чаканкай. На Беларусі многія воты з’яўляюцца творамі мастацтва мясц. чаканнага майстэрства 18—19 ст. Разнастайныя калекцыі іх знаходзяцца ў касцёлах фарным у Гродне, Троіцкім у Ружанах (Пружанскі р-н), францысканскім у Пінску.

М.​М.​Яніцкая.

т. 4, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАФРЭНАПЕДАГО́ГІКА (ад аліга... + грэч. phrēn розум + педагогіка),

раздзел дэфекталогіі, які вывучае праблемы выхавання, навучання і шляхі карэкцыі недахопаў развіцця разумова адсталых дзяцей (гл. Алігафрэнія), а таксама пытанні іх сац. рэабілітацыі. Цесна звязана з псіхіятрыяй, педагогікай, мед. навукамі (педыятрыяй, неўралогіяй, псіхапаталогіяй і інш.). На Беларусі пытанні алігафрэнапедагогікі распрацоўваюць дэфектолагі Бел. пед. ун-та, Нац. ін-та адукацыі і інш. Распрацавана канцэпцыя навучання, выхавання і падрыхтоўкі да жыцця дзяцей з адхіленнямі ў разумовым і фіз. развіцці (Т.​Л.​Ляшчынская, У.​А.​Шынкарэнка і інш.). Працуюць спец. школы ў Гродне, Мінску, Полацку.

т. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭ́РВА (Osterwa, сапр. Малюшак) Юльюш (23.6.1885, Кракаў — 10.5.1947), польскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1904 у Кракаве. У 1916—18 працаваў у польскіх тэатрах у Маскве і Кіеве. У 1919—39 кіраўнік т-ра «Рэдута» (Варшава, у 1925—29 тэатр знаходзіўся ў Вільні і Гродне). З 1946 кіраваў аб’яднаннем Гар. т-раў Кракава, стварыў драм. школу і быў яе дырэктарам. Ставіў гал. чынам нац. паэтычныя драмы, у якіх стварыў псіхалагічна глыбокія вобразы («Кардыян», «Ліла Венеда», «Князь Нязломны» Ю.​Славацкага, «Сулкоўскі» С.​Жаромскага, «Вызваленне» С.​Выспянскага і інш.).

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЖАЗІ́НСКІ (Бжэскі) Адам

(1768?, г. Паставы Віцебскай вобл. — ?),

бел. танцоўшчык. Да 1785 прыгонны А.Тызенгаўза. Вучыўся ў яго балетных школах у Гродне і Паставах. У 1778 саліраваў у школьным спектаклі «Сялянскага балета» Г.​Петынеці на сцэне Гродзенскага т-ра Тызенгаўза. З 1785 саліст трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Да 1794 выступаў на прыдворнай сцэне і ў Нац. т-ры. Сярод партый: Парменон («Шлюб самнітаў»), адзін з міністраў («Каралева Ванда»), Актавіян («Клеапатра»). У 1794—97 у прыватных трупах у Вільні, Варшаве, Гданьску.

Г.​І.​Барышаў.

т. 3, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАГА АКРУГО́ВАГА СУДА́ БУДЫ́НАК,

помнік эклектычнай архітэктуры. Пабудаваны ў Гродне ў 1884. Трохпавярховы цагляны будынак на высокім цокалі. З паўд. боку да яго прымыкае 2-павярховае крыло. Насычаны арх.-пластычны дэкор уключае руст, прафіляваныя філёнгі з гірляндамі, лучковыя сандрыкі, арнаментальныя паясы меандра і дубовых галінак. Па баках фасада над прафіляваным карнізам з сухарыкамі пастаўлены лучковы і прамавугольны атыкі. Бакавы ўваход вылучаны рызалітам з балконам. На дваровым фасадзе выступаюць глыбокія рызаліты лесвічнай клеткі і тарцовых залаў.

А.​М.​Кулагін, І.​Г.​Трусаў.

Гродзенскага акруговага суда будынак.

т. 5, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)