АБУ́-СІМБЕ́Л,

мясцовасць на зах. беразе Ніла, каля г. Асуан у Егіпце. У 1-й пал. 13 ст. да н.э. тут высечаны 2 скальныя храмы фараона Рамсеса II і гал. стараж.-егіпецкіх багоў са статуямі і рэльефамі на фасадах і ў інтэр’ерах. На фасадзе гал. храма 4 велічныя (20-метровыя) сядзячыя калосы Рамсеса II. У сувязі з буд-вам Асуанскай плаціны ў 1967 яны перанесены на плато над старым рэчышчам Ніла.

Калосы Рамсеса II у Абу-Сімбеле.

т. 1, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІФАРНІ́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў (ісп. Golfo de Califomia),

заліў Ціхага ак. каля зах. берагоў Паўн. Амерыкі. Пл. 180 тыс. км². Даўж. 1240 км, шыр. да 220 км, глыб. да 3292 м. Адасоблены п-вам Каліфорнія. Шмат астравоў, найбольшыя — Тыбурон, Анхель-дэ-ла-Гуарда. Упадае р. Каларада. Паводле гідралагічнага рэжыму — мора. Т-ра вады зімой 15—21 °C, летам да 28 °C. Салёнасць да 35,5‰. Прылівы няправільныя, паўсутачныя (да 2,9 м). Рыбалоўства (тунец, камбала, скумбрыя і інш.). Порт — Гуаймас (Мексіка).

т. 7, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЦЫ, Лочы (Locci) Аўгуста Вінцэнці (каля 1640, Варшава — 22.10.1732), польскі архітэктар. Вучыўся ў бацькі Аўгуста Станіслава Л. і Дж.​Б.​Джызлені ў Рыме. Кіраўнік буд.-дэкарацыйных работ і маст. дарадца польскага караля Яна III Сабескага. Паводле яго праектаў пабудаваны палац у Вілянаве (б. летняя каралеўская рэзідэнцыя каля Варшавы, 1677—1794; барока), створаны план Варшавы (1683, не захаваўся). Кіраваў буд-вам касцёла і кляштара капуцынаў у Варшаве (1683—85). На Беларусі для Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу зрабіў праект галерэі (1678).

т. 9, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭ́РНА ((Maderna) Карла) (1556, Капалаго, каля г. Лугана, Швейцарыя — 30.1.1629),

італьянскі архітэктар; прадстаўнік стылю барока. Працаваў у Рыме (з 1588). Творы М. адметныя пышнасцю дэкору і прасторавай пабудовы інтэр’ераў: царква Санта-Сусана (1596—1603), палацца Матэа ды Джове (1606—16) і Барберыні (з 1625, завяршылі Л.​Берніні і Ф.​Бараміні). Кіраваў буд-вам сабора св. Пятра (з 1603), змяніў план Мікеланджэла — падоўжыў гал. неф і збудаваў гал. фасад.

К.Мадэрна. Фасад царквы Санта-Сусана ў Рыме. 1596—1603.

т. 9, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ЦІН (Кінешамцаў) Гурый

(1630-я г.—1691),

расійскі жывапісец. Жыў пераважна ў г. Кастрама, дзе кіраваў т-вам іканапісцаў. Яго размалёўкам (сумесна з С.​Савіным) у Троіцкім саборы ў г. Пераяслаўль-Залескі (1662—68), у царкве Ільі Прарока ў г. Яраслаўль (1680—81), у Троіцкім саборы Іпацьеўскага манастыра ў Кастраме (1685), Праабражэнскім саборы ў г. Суздаль (1689) і інш., а таксама абразам уласцівы багацце фантазіі, цікавасць да навакольнага жыцця, дэкар. маляўнічасць.

Літ.:

Брюсова В.Г. Г.​Никитин. М., 1982.

т. 11, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫ́ДЖПАРТ (bridgeport),

горад на ПнУ ЗША, у штаце Канектыкут. Уваходзіць у Вял. Нью-Йорк. Засн. ў 1639. 142 тыс. ж. (1990), з гарадамі Мілфард, Стратфард, Фэрфілд і агульнымі прыгарадамі 444 тыс. ж. Порт у прал. Лонг-Айленд. З в-вам Лонг-Айленд злучаны паромам. Буйны цэнтр металапрамысловасці. Эл.-тэхн., радыёэлектронная, авіяц. (вытв-сць верталётаў, дэталяў і вузлоў), металаапр., хім. прам-сць. Вытв-сць металарэзных станкоў, інструменту, падшыпнікаў, кантрольна-вымяральных прылад, стальных сплаваў, стралк. зброі, боепрыпасаў, метал. галантарэйных вырабаў. 2 ун-ты.

т. 3, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ЦІ»,

грамадска-літаратурны часопіс. Выдаваўся ў 1952—57 у Нью-Йорку на бел. мове Згуртаваннем бел. моладзі і Бел. студэнцкім т-вам у ЗША. У раздзелах «Царква і моладзь», «Новае ў навуцы і тэхніцы», «Хроніка», «Гумар» і інш. змяшчаў матэрыялы і дакументы пра дзейнасць маладзёжных арг-цый, грамадскае і культ. жыццё бел. моладзі, студэнцтва і інш. у ЗША. Друкаваў творы Я.​Купалы, М.​Багдановіча, Н.​Арсенневай, А.​Савёнак, М.​Белемука, Ю.​Віцьбіча і інш. Выйшла 10 нумароў.

А.​С.​Ляднёва.

т. 4, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АТЭНЭ́УМ ВІЛЕ́НЬСКЕ»

(«Ateneum Wileńskie»),

гістарычны часопіс. Выдаваўся ў 1923—39 у Вільні на польск. мове Т-вам аматараў навук. Перыядычнасць — ад 4 нумароў у год да аднаго ў 2 гады. Асвятляў гісторыю зямель ВКЛ, змяшчаў дакументы, падрабязную, часта анатаваную бібліяграфію даследаванняў па гісторыі ВКЛ. Друкаваў артыкулы і дакументы па гісторыі асобных зямель і гарадоў Беларусі, магнацкіх родаў Радзівілаў і Гаштольдаў, гісторыі культуры, асветы, рэлігіі на Беларусі. Змяшчаў таксама дакументы часоў вайны 1812, паўстанняў 1830—31 і 1863—64, матэрыялы па археалогіі.

т. 2, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЭ́ЙДЭЛЬ (Іван) (Іаган Георг; ? — пасля 1787),

бел. архітэктар. У 1764—67 кіраваў буд-вам Рундальскага палаца (узведзены ў 1736—40 у стылі барока каля г. Баўска, Латвія, арх. В.​Растрэлі). У 1777—86 Магілёўскі губернскі архітэктар. У 1778—84 пад яго кіраўніцтвам ажыццёўлена забудова гал. плошчы горада — Губернатарскай. У 1774—75 стварыў праект будынка павятовых устаноў для гарадоў Магілёўскай губ.: Оршы, Рагачова і Мсціслава (узведзены ў 1780). Распрацаваў тыпавыя праекты правіянцкага склада, правіянцкай і саляной крам для гарадоў Магілёўскай і Полацкай губерняў.

т. 7, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗРА́ІЛЬСКІ КУЛЬТУ́РНА-ІНФАРМАЦЫ́ЙНЫ ЦЭНТР (ІКІЦ),

ізраільскае прадстаўніцтва ў Беларусі. Засн. 29.3.1992 у Мінску з мэтай інфармавання насельніцтва Беларусі пра ўсе аспекты жыцця сучаснага Ізраіля (паліт., эканам., культ., навук.-тэхн. дасягненні, развіццё сістэмы адукацыі). Дапамагае яўр. абшчыне ствараць і развіваць нядзельныя школы ў Беларусі, ажыццяўляе сувязь паміж Мін-вам адукацыі Ізраіля і яўр. агульнаадук. школай (з вер. 1993) у Мінску. Прадстаўляе Адкрыты ун-т Ізраіля. Пры цэнтры дзейнічаюць курсы па вывучэнні іўрыта, асноў прадпрымальніцтва, камп’ютэрнай граматы; працуюць дзіцячыя гурткі, б-ка.

т. 7, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)