«БЕЛМЕДПРЭПАРА́ТЫ»,

адкрытае акц. т-ва ў Мінску. Створана ў 1977 як ВА «Мінмедпрэпараты» на базе Мінскага з-да мед. прэпаратаў (галаўное прадпрыемства, працуе з 1929) і Мінскага з-да эндакрынных прэпаратаў (працуе з 1959). З 1986 ВА «Белмедпрэпараты», з 1995 акц. т-ва. Выпускае больш за 150 відаў лек. сродкаў (1995): антыбіётыкі, кровазамяшчальнікі, прэпараты для парэнтэральнага жыўлення, арганатэрапеўтычныя прэпараты, гатовыя лек. формы інсулінаў, гематаген дзіцячы і тырэаідзін у гранулах, сіроп парацэтамолу, прэпараты першай неабходнасці і інш. Частка прадукцыі выкарыстоўваецца ў касметыцы, жывёлагадоўлі і ветэрынарыі.

т. 3, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПА́ПАРАЦЬ-КВЕ́ТКА»,

бел. культ.-асв. т-ва ў г. Слуцк Мінскай вобл. ў 1917—20. Створана навучэнцамі Слуцкай земскай гімназіі па ініцыятыве С.​Бусла і Я.​Ракуцькі (першы старшыня т-ва). Налічвала больш за 300 чал. Мела літ., краязнаўчую і драм.-хар. секцыі, гурткі-філіялы на Случчыне і Капыльшчыне. Паводле свайго статута прапагандавала бел. мову, культуру і мастацтва. Знаходзілася пад уплывам бел. эсэраў. У час герм. і польскай акупацыі праводзіла падп. работу. Намаганнямі яе членаў у Мінску выдадзены 2 нумары газ. «Наша каляіна». У кастр. 1917 у Слуцку адбылася першая тэатр. вечарына т-ва, на якой паказана п’еса Я.​Купалы «Паўлінка». Ставіла таксама п’есы Ф.​Аляхновіча, У.​Галубка (у чэрв.—ліп. 1920 узначальваў драм. гурток т-ва), К.​Каганца і інш.; наладжвала канцэрты бел. нар. песні, дэкламацыі вершаў бел. паэтаў. У ліп. 1920 дзейнасць т-ва была прыпынена польскімі акупац. ўладамі, у ліст. 1920 адноўлена. Члены т-ва прынялі ўдзел у арг-цыі і рабоце бел. з’езда Случчыны. Актывісты «П.-к.» ўдзельнічалі ў Слуцкім паўстанні 1920.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 12, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАВАРЫ́СТВА БЫЛЫ́Х ПАЛІТКАТАРЖА́Н І ССЫЛЬНАНАСЯЛЕ́НЦАЎ Існавала ў СССР у 1921—35. Створана па ініцыятыве Ф.​Э.​Дзяржынскага, Я.​Э.​Рудзутака, Е.​М.​Яраслаўскага і інш. Аказвала матэрыяльную дапамогу б. паліткатаржанам і ссыльнапасяленцам, арганізоўвала іх выступленні, успаміны, і даклады, лекцыі. Важным кірункамі дзейнасці т-ва былі збор, вывучэнне і выданне гіст.-дакумент. матэрыялаў. У 1921—23 аддзяленні т-ва ўзніклі ў Віцебску, Гомелі, Мінску. Бел. аддзяленне да 1928 правяло 3 канферэнцыі. Навукова-даследчую працу члены т-ва вялі ў секцыях: па гісторыі дзекабрызму, рэвалюцыі 1905—07, нарадавольцаў і інш. Яны абмяркоўвалі даклады і мемуары, рыхтавалі да друку зб-кі дакументаў, манаграфіі. Т-ва выдавала час. «Каторга и ссылка», біябібліягр. слоўнік «Дзеячы рэвалюцыйнага руху ў Расіі» (1927—34), «Бюллетень Центрального совета Всесоюзного общества бывших политка-торжан и ссыльнопоселенцев» (1929—33), у якіх ёсць біягр. артыкулы і звесткі пра дзеячаў, чый лёс звязаны з Беларуссю. Супрацоўнічала з Гістпартам, Ін-там Маркса—Энгельса—Леніна пры ЦК ВКП(б) і іх філіяламі на месцах, з Таварыствам старых бальшавікоў. Т-ва спыніла дзейнасць у 1935 ва ўмовах разгортвання ў СССР паліт. рэпрэсій.

У.​М.​Міхнюк.

т. 15, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЧЫРВО́НАГА КРЫ́ЖА» Беларускае таварыства,

нацыянальнае, недзярж. добраахвотнае грамадскае т-ва, якое аказвае дапамогу ахвярам узбр. канфліктаў і катастроф, адзінокім, інвалідам і састарэлым, удзельнічае ў арганізацыі дапамогі насельніцтву ў экстрэмальных сітуацыях, у т. л. ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Першае на Беларусі т-ва апекі параненых і хворых у ваен. час існавала ў 1866—87. Як т-ва «Ч.К.» існуе на Беларусі з 1921. У 2-й пал. 1940-х г. яго санітарна-эпідэміял. атрады ўдзельнічалі ў абеззаражванні тэр., ліквідацыі і прафілактыцы брушнога тыфу. Пад апекай т-ва знаходзіліся ўсе дзіцячыя дамы, арганізоўваліся лагеры для дзяцей-сірот. З 1960-х г. патранажныя сёстры т-ва «Ч.К.» даглядалі інвалідаў Вял. Айч. вайны, у 1960—80 сан. інспектары і сан. дружынніцы значна павысілі сан. культуру, прафілактыку захворванняў і добраўпарадкаванне населеных месц. У 1991 Бел. т-ва «Ч.К.» (назва з 1994) стала недзярж. арг-цыяй. Яго вышэйшы орган — з’езд (1 раз у 5 гадоў), паміж з’ездамі кіруе Рэсп. к-т Бел. «Ч.К.», які ў пач. 2000-х г. меў у падпарадкаванні 6 абл., 179 гар. і раённых арг-цый, Дарожжы к-т «Ч.-к.» У 1995 т-ва Беларусі прызнана 168-м членам Міжнар. руху «Ч.К.» і «Чырвонага Паўмесяца». Працуе па праграмах: «Служба міласэрнасці». «Чарнобыль», «Служба катастроф», «Донарства», «Бежанцы» і інш. Гл. таксама арт. «Чырвоны Крыж».

Э.​А.​Вальчук.

т. 17, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА «ВЕ́ДЫ»,

грамадскае, навукова-асв. таварыства. Засн. 29.3.1948 у Мінску як рэсп. аддзяленне Усесаюзнага т-ва па пашырэнні паліт. і навук. ведаў; з 1963 т-ва «Веды» ў складзе Усесаюзнага т-ва «Веды». З 1991 сучасная назва. Чл. Міжнар. асацыяцыі «Веды» (з 1991). Аб’ядноўвае вучоных, выкладчыкаў, спецыялістаў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі. Мэта: садзейнічанне прафесійна-эканам., прававой, паліт., экалагічнай адукацыі насельніцтва Беларусі, развіццю духоўнай культуры, інфармаванне па пытаннях дэмакр. пераўтварэнняў, дзейнасці цэнтр. і мясц. органаў улады і кіравання. Праводзіць лекцыі, канферэнцыі, праблемныя «круглыя» сталы і інш. Працуюць курсы, школы прафесійнай падрыхтоўкі, лекторыі. Дзейнічаюць рэсп., абл., гар. і раённыя арг-цыі т-ва.

К.​К.​Украінец.

т. 2, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІЦЕБСКМЭ́БЛЯ»,

акцыянернае т-ва ў Віцебску. Створана ў 1948—50 як мэблевая ф-ка. У 1975—88 у вытв. дрэваапр. аб’яднанні «Віцебскдрэў». З 1988 галаўное прадпрыемства ВА «Віцебскмэбля», з 1992 акц. т-ва «Садружнасць», з 1994 сучасная назва. Дзейнічаюць цэхі: раскроечна-загатоўчы, мэблевыя (2), рамонтна-мех., энергацэх, трансп., склады (2). Асн. прадукцыя (1996): мяккая мэбля, гарнітуры для адпачынку, канапы, тумбачкі пад тэлеапаратуру, корпусная мэбля («сценкі»), шафы.

т. 4, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАЦЦЯКО́Ў Павел Міхайлавіч (27.12.1832, Масква — 16.12.1898),

рускі прадпрымальнік, мецэнат, маст. дзеяч. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1893). Чл. маскоўскага аддзялення Савета гандлю і мануфактур (1868—89), выбарны Маскоўскага біржавога т-ва (з 1870), Рус. муз. т-ва (1860—98), савета Маскоўскага маст. т-ва (1872—94). З 1854 пачаў збіраць маст. калекцыю, з 1856 творы рус. мастацтва, якія паклалі пачатак заснаванню Траццякоўскай галерэі. У 1892 перадаў свой збор у дар Маскве.

т. 15, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАВАРЫ́СТВА АМА́ТАРАЎ НАВУ́К, Навуковае таварыства, Навучальнае таварыства,

тайная арг-цыя, заснаваная ў пач. 1820 навучэнцамі Свіслацкай гімназіі. Створана пад уплывам выдаўца газ. «Dekada Polska» («Польская дэкада») В.Гельтмана. Старшыня т-ва Д.​Шлаеўскі, сакратар Р.​Вашчыловіч. Праект статута арг-цыі ад 7.1.1820 складаўся з 7 раздзелаў, 30 параграфаў; члены т-ва падзяляліся на кандыдатаў, правадз. членаў, членаў-карэспандэнтаў, ганаровых членаў. Падтрымлівалі ідэю адраджэння Польшчы ў межах 1772, імкнуліся «сумеснымі сваімі працамі ўдасканальваць айчынную мову і памнажаць творы польскага красамоўя». Вядома 15 членаў т-ва. Заканчэнне 6-га (апошняга) класа, відаць, прывяло да самароспуску т-ва, але ёсць меркаванне, што яно існавала да арышту Гельтмана ў 1821.

В.​В.​Швед.

т. 15, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕКТЫ́ЎНАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,

форма ўласнасці, пры якой маёмасць належыць калектывам грамадзян. Паводле Закону «Аб уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» ад 11.12.1990 К.ў. маюць арэндныя і калект. прадпрыемствы, кааператывы, акц. і гасп. т-вы, асацыяцыі, грамадскія, рэліг. і інш. арг-цыі і аб’яднанні.

Ва ўласнасці арэнднага прадпрыемства знаходзяцца прадукцыя і даходы, атрыманыя ў выніку выкарыстання арандаванай маёмасці, а таксама інш. маёмасць, набытая на законных падставах. Уласнасць калект. прадпрыемстваў узнікае, калі прац. калектыў поўнасцю набудзе маёмасць адпаведнага прадпрыемства. Уласнасцю акц. т-ва з’яўляюцца маёмасць і грашовыя ўзносы яго ўдзельнікаў, вырабленая ім прадукцыя, атрыманыя даходы і інш. Удзельнікамі гасп. т-ва могуць быць прадпрыемствы, установы, арг-цыі, дзярж. органы і грамадзяне, іх уласнасць складаецца з укладаў і маёмасці ад гасп. дзейнасці. Грамадскія арг-цыі маюць права мець ва ўласнасці будынкі, жыллёвы фонд, грашовыя сродкі і інш. Ва ўласнасці рэліг. арг-цый закон прадугледжвае знаходжанне будынкаў, культавых рэчаў, грашовых сродкаў і інш. Уласнікамі маёмасці, якая адносіцца да К.ў., з’яўляюцца толькі прадпрыемствы, арг-цыі і аб’яднанні са статусам юрыд. асобы.

т. 7, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕДЭРА́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКІХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ у Аргенціне.

Створана ў маі 1939. Заснавальнікі: культ.-асв. т-ва «Грамада», бел. т-ва «Культура», Т-ва б-кі імя І.​Луцкевіча, бел. культ. т-ва «Белавежа». Паступова ў федэрацыю ўвайшло яшчэ 16 бел. эмігранцкіх арг-цый. Кіруючы орган — управа, якую ўзначальвалі М.​Мярэчка, У.​Гайлевіч, Я.​Пятрушак. Выдавала газ. «Эхо», з 1940 — «Белорусский иллюстрированный календарь». Члены бел. арг-цый, што ўваходзілі ў федэрацыю, займаліся на курсах ісп. мовы, вывучалі творы класікаў марксізму-ленінізму, удзельнічалі ў маст. самадзейнасці, антыўрадавых дэманстрацыях, мітынгах, забастоўках, уступалі ў Кампартыю Аргенціны. У пач. 2-й сусв. вайны пры федэрацыі створаны Бел. дэмакр. к-т, актывісты якога праводзілі кампаніі па зборы дабрачынных ахвяраванняў і адзення для адпраўкі ў СССР пад лозунгамі «На дапамогу сіротам», «За падзенне Берліна», «На будаўніцтва шпіталя «Мінск» і інш. Характэрная тэндэнцыя гэтага перыяду — паступовая русіфікацыя т-ваў. У сак. 1943 на 1-м Лацінаамерыканскім кангрэсе (Мантэвідэо, Уругвай), дзе прысутнічала 50 беларусаў з Аргенціны, быў утвораны Слав. саюз Аргенціны прасав., пракамуніст. арыентацыі. Пад яго ўплывам арг-цыі бел. эміграцыі пачалі страчваць сваю нац. адметнасць, змяняць назвы (бел. т-ва «Культура» стала «Бел. обществом им. Горького», Бел. культ. т-ва на Док Судзе — «Бел. обществом «Минск», Бел. т-ва ў Берыса — «Обществом Георгия Скорины» і гл.), узніклі новыя арг-цыі («Общество имени Л.​Толстого» і інш.). У 1945 федэрацыя далучылася да Слав. саюза Аргенціны. У 1949 у выніку асуджэння Слав. саюза Аргенціны як антыдзярж. арг-цыі Ф.б.а. забаронена аргенцінскімі ўладамі.

Т.​А.​Папоўская.

т. 16, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)