БАРЫ́САЎСКАЯ МАКАРО́ННАЯ ФА́БРЫКА, «Барымак». Створана ў 1931 у г. Барысаў на базе дражджавога з-да як макаронна-мукамольны камбінат. У Вял. Айч. вайну разбурана, адноўлена ў 1944 як макаронная ф-ка. У 1955, 1985 і 1991 рэканструявана і расшырана. У 1971—93 у ВА «Барысаўмакаронпрам» (галаўное прадпрыемства), у 1993—94 арэнднае прадпрыемства, з 1994 адкрытае акц. т-ва «Барымак». Асн. прадукцыя (1995): макаронныя вырабы рознага асартыменту.

т. 2, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКІ ВАСКРАСЕ́НСКІ САБО́Р,

помнік архітэктуры псеўдарускага стылю ў г. Барысаў. Пабудаваны ў 1874 (арх. П.​Мяркулаў). Мураваная 3-нефавая крыжова-купальная базіліка, завершана 9 галоўкамі. Арх.-дэкар. элементы з белай цэглы (какошнікі, ліштвы вокнаў і дзвярэй, раскрапоўка вуглавых пілястраў і інш.) ствараюць маляўнічы кантраст з цёмна-чырвонымі сценамі. У 1907 перад саборам пабудавана званіца (арх. В.​Струеў) з больш сціплым дэкорам фасадаў.

Барысаўскі Васкрасенскі сабор.

т. 2, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОРБ ((Korb) Іаган Георг) (каля 1670, г. Ноймаркт, Германія — каля 1742),

дыпламат, падарожнік. Сакратар пасольства аўстр. імператара Леапольда I у Расію (1698—99). У 1700 выдаў у Вене на лац. мове «Дзённік падарожжа ў Масковію», у якім ёсць звесткі пра Вільню, Ашмяны, Баруны, Мінск, Барысаў, Друцк, Шклоў і інш. бел. гарады і вёскі, побыт іх жыхароў, пра касцёлы, кляштары, шляхі зносін і інш.

В.​П.​Грыцкевіч.

т. 8, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУКО́ВІЧ (Павел Антонавіч) (1904, г. Барысаў Мінскай вобл. — 15.6.1944),

адзін з кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху ў Мінскай і Вілейскай абл. у Вял. Айч. вайну. З 1939 заг. аддзела Чашніцкага, 1-ы сакратар Куранецкага райкомаў КП(б)Б. Са жн. 1942 у тыле ворага, у кастр. 1942 — ліп. 1943 кіраўнік Барысаўскага падп. міжрайпартцэнтра, потым чл. Вілейскага падп. абкома КП(б)Б, упаўнаважаны па паўд.-ўсх. зоне Вілейскай вобл.

т. 6, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́КАНЫ,

вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Бягомль — в. Зембін. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 43 км на ПнЗ ад горада і 48 км ад чыг. ст. Барысаў, 114 км ад Мінска. 540 ж., 191 двор (1997). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі землякам і партызанам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Мемарыяльны парк герояў, Іканскі музей народнай славы.

т. 7, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗО́ (Рахіль Эфраімаўна) (н. 6.2.1910, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-р мед. н. (1965), праф. (1966). Скончыла Маскоўскі ун-т (1930) і Мінскі мед. ін-т (1940). У 1949—80 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1969 заг. кафедры). Навук. працы па кардыялогіі дзіцячага ўзросту.

Тв.:

Пособие по педиатрии для врачей. Мн., 1969 (разам з І.​Н.​Усавым);

Пневмония у детей раннего возраста. Мн., 1977.

т. 9, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎ (Міхаіл Ільіч) (1.1.1922, г. Барысаў Мінскай вобл. — 24.8.1944),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Барысаўскае педвучылішча (1939). У Вял. Айч. вайну на Зах., Варонежскім, Цэнтр. і 1-м Укр. франтах. Артыл. батарэя на чале з старшым лейт. М. вызначылася ў жн.—вер. 1943 пры вызваленні Украіны. У баі за плацдарм на р. Сейм паранены М. працягваў кіраваць агнём батарэі, забяспечыў прарыў абароны праціўніка і вызваленне шэрагу нас. пунктаў.

М.І.Марозаў.

т. 10, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Барысаўскае староства,

дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ у 14—18 ст. Займала ўсх. ч. сучасных Барысаўскага і паўд. ч. Крупскага р-наў. Напачатку воласць уваходзіла, верагодна, у Друцкае княства, у 15 — 1-й пал. 16 ст. — у Віленскае ваяводства. Даход з воласці ішоў на службовыя расходы віленскага ваяводы. У пач. 16 ст. частка тэр. воласці ў выніку велікакняжацкіх падараванняў ператварылася ў прыватныя маёнткі. Пазней Барысаўская воласць ператворана ў староства, якое перадавалася ва ўмоўнае ўладанне буйным феадалам. Першымі старостамі былі віленскія ваяводы М.​Радзівіл Чорны і М.​Радзівіл Руды, потым знаходзілася ва ўмоўным уладанні нашчадкаў апошняга. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 большая ч. староства ўвайшла ў Аршанскі павет, астатняя, на правым беразе р. Бярэзіна, — у Менскі павет. У 17 ст. некат. маёнткі Барысаўскай воласці вылучыліся ў самаст. ўладанні, засталося каля 50 нас. пунктаў, найбуйнейшымі з якіх у 18 ст. былі г. Барысаў і мяст. Барань, Лошніца, Нача, Нёманіца, Ухвала. У 18 ст. староства трымалі Агінскія, потым зноў Радзівілы. З 1793 у Рас. імперыі. У 1798 са складу староства вылучаны ў якасці павятовага цэнтра Барысаў, а само яно ў колькасці 8 тыс. душ мужчынскага полу падаравана ў прыватную ўласнасць М.​Радзівілу.

В.​Л.​Насевіч.

т. 2, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЯ АКРУ́ГА,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—27. Утворана 17.7.1924. Цэнтр г. Барысаў. Пл. 11,8 тыс. км², нас. 370,3 тыс. чал. (1925). Уключала 9 раёнаў (Барысаўскі, Бягомльскі, Бярэзінскі, Зембінскі, Крупскі, Лепельскі, Плешчаніцкі, Халопеніцкі, Чарэйскі), 2 гарады, 7 мястэчак, 107 сельсаветаў. Акруговая газ. «Вясковая праўда». Скасавана 12.4.1927 у сувязі з узбуйненнем акруг у рэспубліцы: большасць раёнаў перададзены ў Мінскую, астатнія ў Полацкую (Лепельскі р-н) і Аршанскую (Чарэйскі р-н) акругі.

т. 2, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТВІЛО́ЎСКІ (Рычард Пятровіч) (22.5.1933, г. Барысаў Мінскай вобл. — 22.12.1977),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1958, клас М.Аладава). З 1957 выкладаў у муз. вучылішчы, кансерваторыі, пед. ін-це ў Мінску. Сярод твораў: балада «Подзвіг маці» на сл. І.​Панкевіча для салістаў, хору і аркестра (1975); сімфонія (1961); Канцэрт-казка для фп. з аркестрам (1965); п’есы для нар. і эстраднага аркестра; фп. трыо (1956); хары; рамансы; музыка да драм. спектакляў, кінафільма «Анюціна дарога» (у сааўт.).

т. 3, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)