Мусала (арх. ансамбль у Гераце) 1/619

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ САБО́РНАЯ ПЛО́ШЧА,

горадабудаўнічы ансамбль канца 18—1-й пал. 19 ст. ў Магілёве (цяпер плошча перад гасцініцай «Дняпро» па вул. Першамайскай). Створана паводле праекта арх. М.​Львова і В.​Стасава. Плошча ў плане мела форму эліпса. Кампазіцыйным цэнтрам яе быў Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, па баках яго знаходзіліся 1-павярховыя флігелі з вежамі-ратондамі, злучаныя з саборам мураванай сцяной з металічнымі ажурнымі кратамі. Насупраць сабора ў 1780 пабудавана манум. брама з 2 невял. флігелямі па баках (звязаны з брамай такой жа агароджай). У 1820—30-я г. ансамбль плошчы завершаны будынкам манежа, за ім разбіты гар. сквер (паводле праекта Стасава). Плошча атрымала замкнёную кампазіцыю і стала гал. кампазіцыйным цэнтрам горада. Ансамбль плошчы не захаваўся.

Т.​І.​Чарняўская.

Магілёўская Саборная плошча. З акварэлі 18 ст.

т. 9, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СВЯ́ТА»,

бел. дзярж. ансамбль нар. музыкі. Створаны ў 1984 пры Бел. філармоніі. Арганізатар і маст. кіраўнік В.Купрыяненка, з 2001 — А.Кашталапаў. Уключае інстр. ансамбль (10 музыкантаў), вак. (4 спевакі) і танц. (4 выканаўцы) групы. У рэпертуары аўтэнтычныя і апрацаваныя бел. нар. песні і танцы, музыка і абрады з розных рэгіёнаў Беларусі, у т. л. «Цячэ вада ў ярок», «Ой, у полі крыніца», «Пасею гурочкі», віцебская і лядзецкая полькі, вак.-харэаграфічныя замалёўкі «Каханачка», «Лысы», вак.-інстр. кампазіцыя «Вяселле Магілёўшчыны і Палесся». Сярод выкарыстоўваемых бел. нар. інструментаў цымбалы, жалейка, акарына, колавая ліра, басэтля, саломка, дуда і інш. Лаўрэат Міжнар. маст. фестывалю садружнасці краін у Паўн. Карэі (г. Пхеньян, 1992). Пра «С.» зняты аднайм. кінафільм (1988). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1988.

Н.​Г.​Мазурына.

Ансамбль народнай музыкі «Свята».

т. 14, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ АБЛАСНА́Я ФІЛАРМО́НІЯ.

Створана ў 1987 у Гродне на базе гастрольна-канцэртнага аддзялення Белдзяржфілармоніі. У яе складзе (1997): ансамбль песні, музыкі і танца «Белыя росы» (маст. кіраўнік Я.Штоп), ансамбль сучаснай харэаграфіі «ТАД», танц. дуэт Ю. і Л.​Зябкіных; сярод салістаў І.​Брускін (фп.), У.Захараў (гітара), засл. арт. Расіі Ю.​Трашкееў (чытальнік). У 1987—89 у філармоніі працавалі канцэртна-лекцыйная брыгада, рок-гурт «Рада». Удзельнічае ў арганізацыі і правядзенні муз. фестываляў і конкурсаў, свят горада.

т. 5, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЕСНЯРЫ́»,

бел. вакальна-інструментальны ансамбль. Створаны ў 1969 пры Бел. філармоніі, з 1985 Дзярж. бел. эстрадны ансамбль «П.» Маст. кіраўнік У.Г.Мулявін. Ансамбль вылучаецца экспрэсіўнасцю выканання, каларытнасцю гучання. Творчасці характэрны апора на нац. традыцыі, творчы пошук, падпарадкаванасць мелодыцы і паэт. сэнсу песеннага сказа, уменне перадаць фальклорныя песенныя інтанацыі сучаснымі сродкамі. У рэпертуары апрацоўкі бел. нар. песень («Ой, рана на Йвана», «Перапёлачка», «Касіў Ясь канюшыну», «Купалінка», «А ў полі вярба», «Рэчанька», «Хлопец пашаньку пахае», «Як я ехаў да яе», цыкл каляндарна-абрадавых), творы бел. кампазітараў («Спадчына», «Хатынь», «Алеся», «Вераніка», «Мой родны кут», «Жураўлі на Палессе ляцяць», паэма-легенда «Гусляр» І.​Лучанка, «Ты мне вясною прыснілася», «Явар і каліна» Ю.​Семянякі, «Александрына», «Завушніцы», «Балада пра чатырох заложнікаў», муз. паэма «Песня пра долю», цыкл песень на вершы Я.​Купалы, песенныя праграмы з муз. Мулявіна «Праз усю вайну», «Ва ўвесь голас», «Вянок» паводле твораў М.​Багдановіча, «Голас душы» на нар. тэксты і інш.). У розныя гады ў склад ансамбля ўваходзілі засл. арт. Беларусі Л.​Барткевіч, В.​Дайнэка, А.​Дзямешка, А.​Кашапараў, У.​Місевіч, І.​Пеня, Л.​Тышко. У 1990-я г. склад П. цалкам абноўлены. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976. 1-я прэмія міжнар. фестывалю песні «Залаты леў» у Лейпцыгу (1973), лаўрэат II фестывалю паліт. песні ў Хельсінкі (1978).

Г.​М.​Загародні.

Ансамбль «Песняры».

т. 12, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БУ́ЛЬБА»,

бел. сцэнічны танец. Муз. памер 24. Тэмп жвавы. Створаны на аснове аднайм. нар. песні. Першы сцэн. варыянт паст. К.​Алексютовічам у 1930-я г. (Ансамбль бел. нар. песні і танца). Вял. пашырэнне ў СССР танец атрымаў пасля пастаноўкі І.​Майсеевым (Дзярж. ансамбль нар. танца Расіі), дзе ў жартоўнай форме паказваецца, як садзяць, вырошчваюць і капаюць бульбу. Танец у яго харэагр. рэдакцыі (з рознымі адхіленнямі) увайшоў у нар. танц. рэпертуар, зазнаў уплыў мясц. танц. традыцый.

т. 3, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДЭБАЛЕ́Т (франц. corps de ballet),

ансамбль танцоўшчыц і танцоўшчыкаў, якія выконваюць групавыя і масавыя танцы ў балеце, оперы, аперэце. Можа выкарыстоўвацца самастойна, у масавых танцах, у спалучэнні з ансамблем і салістамі. Служыць эмацыянальным «акампанементам» танцу саліста. Часта танец саліста і К. звязвае ансамбль карыфеяў, які перадае рухі ад саліста да К. і наадварот. У балетах 19 ст. асн. ролю адыгрываў жаночы К. У 20 ст. з развіццём мужчынскага танца павялічылася вобразнае значэнне мужчынскага К. Шырока выкарыстоўваецца на эстрадзе.

т. 8, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕРАСЫ́»,

вакальна-інструментальны ансамбль. Створаны ў 1974, да 1996 у складзе Бел. філармоніі. Маст. кіраўнік нар. артыст Беларусі В.Раінчык. У рэпертуары песенная лірыка, творы бел. (у т. л. У.​Будніка, Я.​Глебава, Л.​Захлеўнага, В.​Іванова, І.​Лучанка, Раінчыка, Ю.​Семянякі, Дз.​Смольскага, Э.​Ханка, І.​Цвятковай) і зарубежных кампазітараў. З пач. 1980-х г. шырока выкарыстоўвае камп’ютэры і сінтэзатары, выконвае пераважна электронную музыку. Лаўрэат V Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады (1974). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980.

Г.​М.​Загародні.

Вакальна-інструментальны ансамбль «Верасы».

т. 4, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Саласпілс (мемар. ансамбль) 6/272, 272—273 (укл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ША́ХІ-ЗІНДА́ (перс., літар. — жывы цар),

ансамбль мемарыяльна-культавых пабудоў; помнік сярэдневяковай архітэктуры ў г. Самарканд (Узбекістан). Пачаў складвацца ў 11—12 ст., у сучасным выглядзе з 14—15 ст. Уключае мазар Кусама ібн Абаса (1334, арнаментальныя насценныя размалёўкі, кафля; ч. дэкору 15 ст.), партальна-купальныя маўзалеі Шадзі-Мульк (1372), Хаджа-Ахмада (14 ст.), комплекс Туман-ака (пач. 15 ст.; чартак — 4-стаўповы купальны павільён, маўзалей, мячэць), т.зв. маўзалей Казі-задэ Румі (15 ст.) і інш. з керамічным шматколерным дэкорам.

Літ.:

Немцева Н.Б., Шваб Ю.З. Ансамбль Шах-и Зинда. Ташкент, 1979.

Комплекс Шахі-Зінда.

т. 17, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)