ЗЯНКЕ́ВІЧ (Леў Аляксандравіч) (16.6.1889, г. Ленінск Валгаградскай вобл., Расія — 20.6.1970),
савецкі акіянолаг, гідрабіёлаг. Акад.АНСССР (1968; чл.-кар. 1953). Скончыў Маскоўскі ун-т (юрыд.ф-т, 1912; фіз.-матэм.ф-т, 1916). З 1930 заг. кафедры ў Маскоўскім ун-це і адначасова ў 1936—47 заг. кафедры ў БДУ. Узначальваў комплексныя марскія экспедыцыі на суднах «Персей», «Віцязь», «Акадэмік Курчатаў». Пад яго кіраўніцтвам закладзены асновы комплексных экспедыцыйных даследаванняў вадаёмаў Беларусі (1936—47), па яго ініцыятыве створана Нарачанская біял. станцыя (1946). Асн. працы па марфалогіі і параўнальнай анатоміі беспазваночных, зоагеаграфіі, вывучэнні марской і акіянічнай фауны, біял. структуры акіяна і марской біяцэналогіі. Ленінская прэмія 1965. Дзярж. прэмія 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЎСГОФЕР ((Haushofer) Карл Эрнст) (27.8.1869, г. Мюнхен, Германія — 13.3.1946),
нямецкі географ, заснавальнік школы геапалітыкі ў Германіі. Праф. геаграфіі Мюнхенскага ун-та (1921—39). Настаўнік Р.Геса У 1887—1919 быў у Паўд. і Усх. Азіі, у т. л. ў Тыбеце, у 1908—10 — у Японіі. У 1924—44 выдаваў «Zeitschrift für Geopolitik» («Часопіс па геапалітыцы»). Аўтар ідэй жыццёвай прасторы, перавагі паўн. народаў і адмоўнага ўздзеяння яўрэяў на ход сусв. гісторыі; лічыў, што арыйская раса вядзе сваё паходжанне з Цэнтр. Азіі і таму яе тэрыторыю неабходна заваяваць. Ідэі Гаўсгофера былі выкарыстаны нацыстамі для абгрунтавання сваіх заваёўніцкіх і інш. планаў. Гал. працы: «Японія і японцы» (1923), «Геапалітыка Ціхага акіяна» (1924), «Граніцы і іх геаграфічнае і палітычнае значэнне» (1927). Скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТЫ́ЧНАЕ ЗГУРТАВА́ННЕ,
сукупнасць жывых арганізмаў розных відаў, якія жывуць сумесна ў межах прыроднай прасторы або тэрыторыі (біятопу) і ўзаемадзейнічаюць паміж сабой (напр., фітапланктон вадаёма, глебавыя жывёлы ўчастка лесу і інш.); частка экасістэмы. Часам біятычнае згуртаванне — сукупнасць усіх арганізмаў (раслін, жывёл, мікраарганізмаў; сінонім біяцэнозу). Адрозніваюць біятычнае згуртаванне раслін (фітацэноз) і жывёл (зоацэноз). Сістэма арганізацыі жывой матэрыі з некаторымі асаблівымі ўласцівасцямі, якіх не маюць яе кампаненты (асобіны і папуляцыі), функцыянуе як адзінае цэлае дзякуючы ўзаемазвязаным метабалічным пераўтварэнням. У залежнасці ад змены фактараў навакольнага асяроддзя біятычныя згуртаванні паступова пераходзяць адно ў адно. Ад біятычнага згуртавання залежыць функцыянаванне арганізма. Мае розныя памеры (напр., біёты дрэвавага ствала і вял. лесу або акіяна). Біятычныя згуртаванні першы вывучаў амер. вучоны В.Шэлфард (1913). Гл. таксама Біём.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЧУ́К (Гурый Іванавіч) (н. 8.6.1925, с. Петра-Херсонец Грачоўскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія),
расійскі матэматык і фізік. Акад.Рас.АН (1968; чл.-кар. з 1962). Замежны чл.Нац.АН Беларусі (2000). Герой Сац. Працы (1975). Скончыў Ленінградскі ун-т (1949). У 1975—80 віцэ-прэзідэнт і старшыня Сібірскага аддз., у 1986—91 прэзідэнт АНСССР. У 1980—86 нам. старшыні СМСССР і старшыня Дзярж.к-та па навуцы і тэхніцы, адначасова з 1980 дырэктар Ін-та вылічальнай матэматыкі Рас.АН. Навук. працы па вылічальнай і прыкладной матэматыцы, па метадах разліку ядз. рэактараў і матэм. мадэліраванні ў задачах фізікі атмасферы́ і акіяна, навакольнага асяроддзя, у імуналогіі і медыцыне. Ленінская прэмія 1961, Дзярж. прэмія СССР 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ МАНІТО́РЫНГ,
міжнародная сістэма сачэння за шырокамаштабнымі, у т.л. агульнапланетарнымі, працэсамі і з’явамі ў біясферы, уключаючы антрапагенныя ўздзеянні на прыроду і іх вынікі, якая ствараецца і развіваецца на базе міжнар. пагадненняў і праграм навук. даследаванняў. Складае арганізац. аснову глабальнага, а таксама базавага, біясфернага і рэгіянальнага маніторынгу (гл. адпаведныя арт.). Агульную ч. глабальнага маніторынгу ажыццяўляе Сусв. метэаралагічная арг-цыя, галіновыя раздзелы — Міжнар. агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), Міжнар. саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП), Сусв.арг-цыя аховы здароўя, ЮНЕСКА (праграмы «Чалавек і біясфера», «ЮНЕСКА—Чарнобыль»), Міжнар.арг-цыя па пытаннях сельскай гаспадаркі і харчавання, міжнар. служба назіранняў за станам Сусв.акіяна і інш. Намаганні па стварэнні сістэмы М.м. каардынуе Міжнародная Праграма ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАУ́РЫ (інд. kauri),
невялікая ракавіна марскога малюска (даўж. 1—2,5 см). У стараж. часы К. выкарыстоўваліся як упрыгожанні і грашовы сродак у народаў Азіі, Афрыкі, Акіяніі (да пач. 20 ст.), Еўропы. Як грошы ў Афрыцы вядомы ў 11—12 ст. У 17—18 ст. тэрыторыя іх выкарыстання пашыралася, у сярэдзіне 19 ст. у Зах. Афрыцы зафіксаваны іх курс: 1 талер = 2500 ракавін, у народаў Індыйскага акіяна 1 рупія = 2500—12 000 К. На Беларусі К. выяўлены пры раскопках сярод знаходак 12 ст. (Гродзенскі Стары замак, Полацк і інш.) і 15—16 ст. (Панямонне). Звычайна К. мелі адтуліну для нанізвання на шнур. Магчыма, К. выкарыстоўваліся на тэр. Беларусі як грошы у безманетны перыяд (2-я пал. 11—13 ст.).
Каралі з кауры, бронзавыя пярсцёнак і бранзалет 12 ст. з Полацкага гарадзішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЎЗНАЎЛЯ́ЛЬНЫЯ ПРЫРО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
прыродныя рэсурсы, не здольныя самааднаўляцца за час, сувымерны з тэмпамі іх расходавання чалавекам; частка вычарпальных прыродных рэсурсаў. Напр., карысныя выкапні, глебы, некат. віды жывога і экасістэмы (у колькасным сэнсе), відавы склад жывых істот. Некат. Н.п.р. лічацца эканамічна аднаўляльнымі, калі іх запасы могуць кампенсавацца для гаспадаркі (пэўны час) шляхам удасканалення тэхналогій іх здабычы і выкарыстання, прыцягнення рэзерваў, якія раней не выкарыстоўваліся з-за эканам. немэтазгоднасці, пошуку новых крыніц (напр., некат. карысныя выкапні, біял. рэсурсы акіяна) ці ўзнаўляцца штучна (напр., некат. мінералы, глебы). Рацыянальнае расходаванне Н.п.р. заключаецца ў іх ахове і комплексным і эканамічным выкарыстанні. Асобна вылучаюць групу прыродных рэсурсаў, што не могуць быць адноўлены ў выпадку іх змены ці знікнення, напр., віды, эталоны рэгіянальнай прыроды. Гл. таксама Ахова прыроды, Узнаўляльныя прыродныя рэсурсы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРААКУ́СТЫКА (ад гідра... + акустыка),
раздзел акустыкі, які вывучае распаўсюджванне гуку ў водным асяроддзі. Гідраакустыка ўключае тэарэт. даследаванні па прагназаванні структуры акустычных палёў, вывучэнне заканамернасцей распаўсюджвання гуку ў воднай прасторы для розных раёнаў Сусветнага акіяна, распрацоўку метадаў і сродкаў вымярэння параметраў гукавых палёў, эксперым. натурныя даследаванні.
Гукавыя хвалі ў водным асяроддзі распаўсюджваюцца на значныя адлегласці (напр., у дыяпазоне частот 500—2000 Гц далёкасць распаўсюджвання пад вадой гуку сярэдняй інтэнсіўнасці дасягае 15—20 км, у дыяпазоне ультрагуку — 3—5 км). Далёкасць распаўсюджвання акустычных імпульсаў у моры і акіяне абмяжоўваецца рэфракцыяй гуку (скрыўленнем шляху гукавога праменя) і наяўнасцю лакальных неаднароднасцей (часцінак, бурбалачак паветра і інш.), на якіх яны рассейваюцца і паглынаюцца. Скорасць гуку залежыць у асноўным ад гідрастатычнага ціску і слаістасці, абумоўленай размеркаваннем т-ры і салёнасці вады па глыбіні (мяняецца ў межах 1450—1540 м/с). З гэтай прычыны акустычныя хвалі могуць пераламляцца, а ў асобных выпадках на пэўнай глыбіні з’яўляюцца каналы звышдалёкага распаўсюджвання гуку (да тысяч км). Зменлівасць асяроддзя, яго неаднароднасць, наяўнасць межаў з непрадказальнымі характарыстыкамі, разнастайнасць фіз. працэсаў у водным асяроддзі — аб’ектыўныя фактары, якія ўскладняюць карэктнае апісанне працэсу распаўсюджвання гуку ў вадзе і стварэнне адэкватнай яму мадэлі. Прыкладная гідраакустыка займаецца распрацоўкай гідраакустычных прылад. Найб. пашыраны рэхалоты, гідралакатары, шумапеленгатары і інш. Яны выкарыстоўваюцца для даследавання акіяна, у навігацыйных мэтах, для рыбапрамысловай разведкі, пошукавых работ, вырашэння ваенных задач (пошукі падводных лодак праціўніка, бесперыскопная тарпедная атака і інш.). Распрацаваны і створаны мнагамэтавыя вымяральна-вылічальныя комплексы (вымярэнне часавых параметраў акустычных сігналаў, аналіз структуры шматпрамянёвых сігналаў і часавай стабільнасці характарыстык трас распаўсюджвання гуку працягласцю да некалькіх соцень кіламетраў).
На Беларусі даследаванні па гідраакустыцы вядуцца з 1971 у НДІ прыкладных фіз. праблем пры БДУ.
Літ.:
Урик Р.Д. Основы гидроакустики: Пер. с англ. Л., 1978;
Клей К., Медвин Г. Акустическая океанография: Пер. с англ. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́Я ВЕ́РХНЯЯ,
прыродная вобласць Зах. Афрыкі, уздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. і Гвінейскага зал., паміж 10 — 12° паўн. ш. на Пн і 9—10° усх. д. на У. Большую ч.тэр. займае Паўночна-Гвінейскае ўзвышша, пераважныя выш. 500—1000 м, найб. — да 1948 м (г. Бінтымані). Уздоўж акіяна цягнецца нізінная раўніна шыр. 50—200 км. Клімат экватарыяльны і экватарыяльны мусонны. Сярэднямесячная т-ра 21 — 29 °C, ападкаў ад 1000—1500 мм на Пн да 3000—4000 мм на прыморскай нізіне. Шматлікія мнагаводныя рэкі, самыя вялікія — Нігер, Вольта. Ва ўнутр. раёнах Гвінеі Верхняй высакатраўныя саванны на чырвоных фералітных глебах, па далінах рэк галерэйныя лясы. Вільготныя трапічныя і лістападныя лясы прыбярэжнай раўніны значна зведзены; на забалочаных узбярэжжах мангравыя лясы і хмызнякі. У межах Гвінеі Верхняй поўнасцю або часткова размешчаны Гвінея-Бісау, Гвінея, Сьера-Леоне, Ліберыя, Кот-д’Івуар, Гана, Тога, Бенін, Нігерыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДЗО́Н, Хадсан (Hudson),
рака на У ЗША. Даўж. 520 км, пл. басейна каля 35 тыс.км². Пачынаецца з ледавіковых азёр гор Адырондак, цячэ ў Апалачах, у глыбокай даліне з шматлікімі парогамі і вадаспадамі; упадае ў бухту Лоўэр-Бей Атлантычнага ак.; утварае эстуарый глыб. ад 3,5 м да 14 м. Падводная даліна, т.зв. Каньён Гудзона, працягваецца ў глыб.акіяна на 200—250 км. Марскія прылівы на 240 км ад вусця да плаціны г. Трой. Жыўленне снега-дажджавое. Макс. веснавое разводдзе ў сак.—красавіку. Сцёк зарэгуляваны плацінамі. Сярэдні расход вады каля 630 м³/с. Суднаходства ад г. Трой. Суднаходнымі каналамі злучана з азёрамі Эры (канал Эры), Антарыо і Шамплейн (водны шлях да р.Св. Лаўрэнція). У бас. Гудзона буйныя ГЭС (Шэрман-Айленд, Спайр-Фолс і інш.). На Гудзоне гарады Трой, Олбані, Хадсан, Кінгстан, Пакіпсі, у вусці — г. Нью-Йорк. Названа ў гонар англ. мараплаўца Г.Гудзона, які адкрыў у 1609 вусце ракі.