ГО́ТШАЛК (каля 1010—7.6.1066),
князь бодрычаў [1031—66; фактычна з 1044]. Выхоўваўся ў кляштары св. Міхаіла ў г. Люнебург (Германія). Пасля смерці бацькі Прыбыгнева (каля 1030) вярнуўся на радзіму і стаў княжыць, аднак у хуткім часе скінуты саксонцамі і эмігрыраваў у Данію. З дапамогай свайго цесця дацкага караля Кнуда I Вялікага і брэменскага архіепіскапа Адальберта II вярнуў у 1044 княжацкі трон. Заснаваў Вендскую дзяржаву. Укараняў хрысціянства, намагаўся стварыць незалежную слав. царкву. Загінуў у час паўстання (інспіравана племянной знаццю), якое праходзіла пад лозунгам вяртання да язычніцтва.
т. 5, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭНЕ́ЎСКАЯ НАРА́ДА ПА ЎРЭГУЛЯВА́ННІ ЛАО́СКАГА ПЫТА́ННЯ Склікана па ініцыятыве СССР, праходзіла з 16.5.1961 да 23.7.1962. Прадстаўнікі Бірмы, Вялікабрытаніі, ДРВ, ЗША, Індыі, Камбоджы, Канады, КНР, Лаоса, Польшчы, СССР, Тайланда, Францыі і Паўд. В’етнама прынялі Дэкларацыю і Пратакол аб нейтралітэце Лаоса, заявілі, што будуць паважаць яго суверэнітэт, незалежнасць, нейтралітэт, адзінства і тэр. цэласнасць. Пагадненні прадугледжвалі стварэнне ў Лаосе кааліцыйнага ўрада (сфарміраваны ў чэрв. 1962). Аднак рэалізаваць дамоўленасці і дасягнуць нац. адзінства ў Лаосе не ўдалося. У 1964 ЗША парушылі ўмовы пагаднення, пачалі бамбардзіроўкі тэр. Лаоса.
т. 6, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́МВРЫ (лац. Cimbri),
адно з плямён стараж. германцаў. Спачатку жылі на Пн п-ва Ютландыя. У канцы 2 ст. да н.э. рушылі на Пд ва Усх. Альпы, дзе ў 113 да н.э. разбілі стараж.-рым. войска. У 109, 107 і 105 да н.э. перамагалі рымлян у Галіі. Разам з тэўтонамі, амбронамі і гарудамі прасунуліся ў Італію, аднак 30.7.101 да н.э. былі разгромлены рым. арміяй пад камандаваннем Г.Марыя каля Верцэлаў (цяпер г. Верчэлі). Міграцыя К. — першае гістарычна даказанае перасяленне стараж.-герм. плямён на Пд.
т. 8, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́СЫ ДАКЛА́ДНАСЦІ сродкаў вымярэнняў,
абагульненая характарыстыка мер, вымяральных прылад і інструментаў, якая служыць паказчыкам устаноўленых для іх дзярж. стандартамі межаў асноўных і дадатковых хібнасцей і інш. параметраў, што ўплываюць на дакладнасць вымярэння.
К.д. характарызуюць вымяральную тэхніку, аднак не з’яўляюцца непасрэдным паказчыкам дакладнасці вымярэнняў, якія робяцца з дапамогай гэтай тэхнікі. Для кожнага К.д. межы дапушчальных хібнасцей устанаўліваюць у выглядзе абсалютных, прыведзеных або адносных хібнасцей ці ў дзяленнях шкалы (гл. Хібнасць сродкаў вымярэнняў). Спосабам выражэння хібнасцей адпавядаюць умоўныя абазначэнні К.д., якія ўстанаўліваюцца дзяржстандартам.
т. 8, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬБА́ЧЫНА,
гарадзішча 10—13 ст. каля в. Кульбачына Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. У выніку даследаванняў выяўлены развалы печаў-каменак, жал. прылады працы і зброя, ганчарная кераміка, упрыгожанні і інш. Рас. археолаг В.В.Сядоў, які ў 1968 даследаваў помнік, лічыў яго стараж. г. Астрэя. Аднак раскопкі на беразе воз. Астрые (Пскоўская вобл., Расія), праведзеныя экспедыцыяй Эрмітажа, навукова даказалі месцазнаходжанне там летапіснай Астрэі. На Пн ад вёскі і Пд ад гарадзішча К. захаваліся 2 курганныя могільнікі (5 і 4 насыпаў).
С.А.Піваварчык.
т. 9, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЕ́ТРЫ (сярэдневяковае лац. sal nitri ад лац. sal соль + nitrum прыродная сода, шчолач),
агульная гіст. назва нітратаў натрыю NaNO3 (натрыевая С.), калію KNO3 (калійная С.), амонію NH4NO3 (аміячная С.), кальцыю Ca(NO3)2 (кальцыевая С.), барыю Ba(NO3)2 (барыевая С.). Натрыевая (найб. пашырана) і каліевая С. трапляюцца ў выглядзе прыродных пакладаў, аднак атрымліваюць С. пераважна хім. шляхам. Выкарыстоўваюць як угнаенні (гл. Азотныя ўгнаенні), кампаненты піратэхн. саставаў, выбуховых рэчываў і інш. Гл. таксама Нітраты, Амонію злучэнні, Барыю злучэнні, Калію злучэнні.
т. 14, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАПО́ЛК МСЦІСЛА́ВІЧ (7—1154),
князь уладзіміра-валынскі. Сын вял. кн. Мсціслава Уладзіміравіча. З 1132 княжыў у Полацку пасля брата Ізяслава, які перайшоў у Пераяслаў. Аднак палачане прагналі яго, заявіўшы «лишается нас», і абралі князем Васільку Святаславіча. З 1138 пасля смерці старэйшага брата Усевалада С.М. княжыў у Пскове. У 1140 атрымаў ад вял. кн. Усевалада Ольгавіча Бярэсце, а ў 1142 перайшоў княжыць у Ноўгарад. У 1148 атрымаў ад вял. кн. Ізяслава Мсціславіча Уладзіміра-Валынскае княства, якім валодаў да смерці.
В.С.Пазднякоў.
т. 14, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІРО́КА (італьян. scirocco ад араб. шарк — усход),
моцны гарачы, сухі і пыльны вецер паўд. румбаў у Міжземнамор’і, які дзьме з боку пустынь Паўн. Афрыкі і Аравійскага п-ва. Над краінамі Афрыкі і Б. Усходу нясе шмат пяску і пылу, на шляху праз Міжземнае м. насычаецца вільгаццю, аднак аказвае высушальны ўплыў на расліннасць узбярэжных раёнаў Францыі, краін Апенінскага і Балканскага п-воў. Часцей назіраецца вясной, дзьме 2—3 дні, павышае т-ру паветра да 35 °C; на падветраных схілах гор часам набывае характар фёну.
т. 14, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНЫ НУЛЬ,
пачатак адліку абсалютнай тэмпературы па шкале Кельвіна; знаходзіцца на 273,16 К ніжэй за трайны пункт вады. Адпавядае стан з найменшай магчымай энергіяй, пры якой часціцы (атамы і малекулы) выконваюць т.зв. «нулявыя» ваганні. Пры абсалютным нулі ўсе рэчывы, акрамя гелію, знаходзяцца ў цвёрдым крышталічным стане. Атрыманы т-ры, якія толькі на мільённыя долі градуса адрозніваюцца ад абсалютнага нуля, аднак на практыцы абсалютны нуль недасягальны (гл. Нернста тэарэма). Пры ахаладжэнні да т-р, блізкіх да абсалютнага нуля, некаторыя рэчывы набываюць звышцякучасць, звышправоднасць і інш. своеасаблівыя ўласцівасці.
т. 1, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХА́РСКІ ЭМІРА́Т,
феадальная дзяржава ў Сярэдняй Азіі ў 1747—1920. Сталіца — г. Бухара. Утвораны ў 1747, калі ўлада ў Бухарскім ханстве перайшла да дынастыі Мангыт, прадстаўнікі якой наз. сябе эмірамі. Паліт. і эканам. становішча дзяржавы крыху стабілізавалася, аднак феад. раздробленасць не была ліквідавана. Сяляне, амаль пазбаўленыя зямлі, карысталіся ёю на правах здольшчыны. Паводле дагавораў 1868 і 1873 Бухарскі эмірат трапіў у васальную залежнасць ад Расіі. У вер. 1920 у Бухары ў выніку нар. паўстання, падтрыманага Чырв. Арміяй, быў скінуты эмір. 8.10.1920 абвешчана стварэнне на тэр. эмірата Бухарскай Народнай Савецкай Рэспублікі.
т. 3, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)