КАМПАРА́ТАР (лац. comparator ад comparo параўноўваю),

вымяральная прылада для параўнання вымеранай велічыні з эталоннай. Бываюць мех. (напр., рычажныя вагі), аптычныя (гл. Аптыметр), эл. (гл. Мост вымяральны), інтэрферэнцыйныя (гл. Інтэрферометр), стэрэаскапічныя (стэрэакампаратары, імі вызначаюць прасторавыя памеры аб’ектаў) і інш. З дапамогай К. вымяраюць даўжыні, вуглы, масу, ціск і інш. Гл. таксама Кампенсацыйны метад вымярэнняў.

т. 7, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́МПА ДЗЁННАГА СВЯТЛА́,

разнавіднасць люмінесцэнтнай лямпы з блакітнаватым (блізкім да дзённага святла) свячэннем. Магутнасць ад 15 да 80 Вт.

Бываюць з правільнай колераперадачай (служаць для асвятлення аб’ектаў, для якіх патрэбна дакладнае ўзнаўленне колерных адценняў) і звычайныя, якія не забяспечваюць правільнай перадачы колеру (выкарыстоўваюцца для агульнага асвятлення). Часта Л.дз.с. няправільна называюць усе віды люмінесцэнтных лямпаў.

т. 9, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁБА́ЧАННЕ,

атрыманне з дапамогай радыёхваль бачнага відарыса ўнутр. будовы аб’екта, непразрыстага для аптычнага выпрамянення, а таксама аб’ектаў, якія знаходзяцца ў аптычна непразрыстым асяроддзі. Ажыццяўляецца з дапамогай радыёінтраскопаў. Засн. на ўздзеянні радыёхваль на некаторыя люмінафоры, якія змяняюць інтэнсіўнасць свячэння, на паўправадніковыя і вадкія крышталі, фотаплёнкі і інш. У Р. выкарыстоўваюць метад сканіравання даследуемага аб’екта.

т. 13, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВЕ́ЖСКАЯ ПУ́ШЧА,

дзяржаўны нац. парк у Беларусі. Размешчаны на тэр. буйнога ляснога масіву Белавежская пушча (Камянецкі і Пружанскі р-ны Брэсцкай і Свіслацкі р-н Гродзенскай вобл.). Створаны ў мэтах захавання эталонных і унікальных прыродных комплексаў і аб’ектаў прыроды, правядзення навук. даследаванняў, распрацоўкі і ўкаранення навук. метадаў аховы прыроды і прыродакарыстання, арганізацыі экалагічнай асветы і рэкрэацыйнай дзейнасці, вядзення комплекснай гаспадаркі на аснове традыц. метадаў і дасягненняў прыродакарыстання. Пушча — былая паляўнічая гаспадарка польскіх каралёў (з 15 ст.) і рус. цароў (18 — пач. 20 ст.). У 1939 абвешчана дзярж. запаведнікам, у 1957—91 дзярж. запаведна-паляўнічая гаспадарка, з 1991 дзярж. нац. парк. У 1992 уключана ЮНЕСКА у спіс аб’ектаў сусв. культурнай і прыроднай спадчыны, з 1993 біясферны запаведнік. Пл. каля 51 тыс. га (1994), у т. л. абсалютна запаведнай ч. 15,7 тыс. га. Адм.-гасп. і навук. цэнтр у в. Камянюкі Камянецкага р-на.

т. 2, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХАВА́ННЯ ПРЫ́НЦЫПЫ,

клас навуковых прынцыпаў, якія адлюстроўваюць пастаянства (захаванне) фундаментальных уласцівасцей і суадносін прыроды. У фіз. тэорыях З.п. фармулююцца як захаваныя законы і прынцыпы інварыянтнасці. Сярод З.п. можна вылучыць агульныя (напр., законы захавання энергіі, імпульсу і моманту імпульсу) і прыватныя (напр., законы захавання ізатапічнага спіну, дзіўнасці, цотнасці). Наяўнасць універсальных фіз. пастаянных (напр., гравітацыйная пастаянная, Планка пастаянная, скорасць святла ў вакууме і інш.) можна разглядаць як праяўленне своеасаблівага тыпу З.п. Пры даследаванні складаных, у т. л. біял. сістэм, важнае значэнне набывае паняцце структуры; у гэтым выпадку З.п. маюць форму структурных прынцыпаў, звязаных з уласцівасцямі сіметрыі. У фізіцы гэта выяўляецца як незалежнасць (інварыянтнасць) фіз. з’яў ад пэўных прасторава-часавых або інш. ператварэнняў (гл. Людэрса—Паўлі тэарэма, Нётэр тэарэма), у біялогіі — як адзінства захавання і змянення, звязанае з тоеснасцю і адрозненнем асобных аб’ектаў. З.п. рэгламентуюць працэсы ўзаемных ператварэнняў матэрыяльных аб’ектаў і выяўляюць прычынныя сувязі прыроды.

А.​І.​Балсун.

т. 7, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКА́ЦЫЯ (ад лац. locatio размяшчэнне, размеркаванне),

вызначэнне лакатарам месцазнаходжання і інш. характарыстык аб’ектаў. Заснавана на аналізе адбітых аб’ектам сігналаў — гукавых або эл.-магн. хваль, якія генерыруе лакатар (актыўная Л., пры якой выкарыстоўваюцца імпульсныя і неперарыўныя сігналы), і хваль, якія стварае сам аб’ект (пасіўная Л.).

У залежнасці ад фіз. прыроды сігналаў адрозніваюць Л. гукавую (для назірання за аб’ектамі, што знаходзяцца на зямлі, у паветры і пад вадой; гл. Гідралакацыя), аптычную лакацыю, радыёлакацыю. Пры гукавой Л. ў імпульсным рэжыме адлегласць да аб’екта вызначаецца па часе спазнення адбітага рэхасігналу, пры неперарыўным рэжыме — па рознасці частот пасланага і адбітага частотна-мадуляваных сігналаў. Пасіўная Л. аб’ектаў, якія ствараюць шум, ажыццяўляецца з дапамогай вузканакіраваных прыёмнікаў гуку або з дапамогай карэляцыйных метадаў прыёму. На гукавых і ультрагукавых частотах працуюць гідралакатары, шумапеленгатары і рэхалоты. Уласцівасці Л. маюць многія жывёлы: яны здольныя вызначаць становішча любога аб’екта адносна сябе або сваё становішча ў прасторы (гл. Біялакацыя).

т. 9, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЙНІКАЎ (Сяргей Пятровіч) (4.2.1909, в. Зацішша Магілёўскага р-на — 1.2.1984),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Маскоўскую школу ВПС (1930). У Вял. Айч. вайну са жн. 1941 на фронце. Штурман авіяцыі далёкага дзеяння маёр Алейнікаў зрабіў 240 вылетаў на разведку і бамбардзіроўку аб’ектаў праціўніка, удзельнічаў у баях пад Масквой, Сталінградам, Арлом, Ленінградам, на Беларусі, у Германіі. Да 1947 у ВПС.

т. 1, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭГРАДА́ЦЫЯ ПРЫРО́ДЫ,

пагаршэнне ці страта станоўчых якасцей прыроднага асяроддзя. Тэрмін часцей выкарыстоўваецца ў адносінах да канкрэтных аб’ектаў і кампанентаў прыроднага асяроддзя, напр., дэградацыі глеб (паніжэнне ўрадлівасці глеб, выкліканае прыроднай зменай умоў глебаўтварэння або гасп. дзейнасцю чалавека), дэструкцыі ландшафтаў, рэкрэацыйнай дыгрэсіі (гл. Дыгрэсія) і інш., папярэджанне якіх складае адну з гал. задач аховы прыроды. Да Д.п. адносіцца таксама біядэградацыя.

т. 6, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАМЕТЭАРАЛАГІ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ,

установа, якая вядзе метэаралагічныя і гідралагічныя назіранні за станам надвор’я, рэжымам водных аб’ектаў. Падзяляюцца на мацерыковыя, марскія, рачныя, азёрныя і балотныя. Назіранні праводзяць па адзінай праграме ў дакладна вызначаныя тэрміны. На Беларусі гідраметэаралагічныя станцыі дзейнічаюць у гарадах Вілейка, Полацк, курортным пас. Нарач (азёрная), пас. Палескі Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. (балотная). Гл. таксама Гідралагічная станцыя.

т. 5, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАСІСТЭ́МА, геаграфічная сістэма,

цэласнае мноства ўзаемазвязаных, узаемадзейных і ўзаемазалежных кампанентаў геаграфічнай абалонкі. Тэрмін увёў сав. вучоны В.​Б.​Сачава ў 1960-я г. Паняцце «геасістэма» выкарыстоўваецца для вызначэння складаных геагр. утварэнняў, якія ўключаюць прыродныя, гасп., дэмаграфічныя, сац.-эканам. і тэхнагенныя элементы, а таксама ўсіх аб’ектаў галін ведаў і навук, якія займаюцца вывучэннем Зямлі.

В.​С.​Аношка.

т. 5, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)