КАЛАПТУ́Р (Ніна Фёдараўна) (8.1.1916, г. Днепрапятроўск, Украіна — 11.5.1981),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыла тэатр. студыю рабочай моладзі ў Днепрапятроўску (1933). Працавала ў т-рах Крывога Рога, Сумаў, Адэсы, Куйбышава. З 1951 у ансамблі аперэты пры Белдзяржэстрадзе, з 1962 у Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі, з 1970 у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.​Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску. Выконвала ролі субрэтак, «каскадных», камічных старых (у т-ры музкамедыі) і вострахарактарныя (у т-ры драмы і камедыі). Творчую манеру вылучалі выразнасць формы, умелае выкарыстанне гратэску. Сярод лепшых роляў: у т-рах аперэты і музкамедыі — Софія, Гарпіна Дармідонтаўна («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава), мадам Арно і Караліна («Фіялка Манмартра» і «Прынцэса цырка» І.​Кальмана), Амалія («Лятучая мыш» І.​Штрауса); у т-ры драмы і камедыі — Мальвіна («Несцерка» В.​Вольскага), Кукушкіна («Даходнае месца» А.​Астроўскага), Ханума («Ханума» А.​Цагарэлі), Сенатарша («Юстына» Х.​Вуаліёкі).

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 7, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ГАЎТ ((Kohout) Павел) (н. 20.7.1928, Прага),

чэшскі пісьменнік, драматург. Працаваў культ. аташэ ў Маскве (1949—50), гал. рэдактарам гумарыстычнага час. «Dikobraz» («Дзікабраз»), Удзельнік дысідэнцкага руху 1960—70-х г. З 1979 у Аўстрыі. Друкуецца з 1950. Аўтар зб-каў паліт. і лірычных вершаў «Вершы і песні» (1952), «Час кахання і барацьбы» (1954). Крытычны пафас характэрны для п’есы «Такое каханне» (1957; паст. Гродзенскім абл. драм. т-рам і Бел. т-рам імя Я.​Коласа ў 1958, Магілёўскім абл. драм. т-рам у 1962), сатыр. рамана «Катыня» (1978), аўтабіягр. раманаў «З дзённіка контррэвалюцыянера» (1969), «Дзе закапаны сабака» (1987); маральная праблематыка ў п’есах «Добрая песня» (1952), «Жнівень, жнівень, жнівень» (1968). Аўтар п’ес «Марыя ў змаганні з анёламі» (1981), «Ecce Constantia» (паст. 1990), рамана «Канец вялікіх канікул» (1990), сатыр. апавяданняў, артыкулаў пра л-ру і т-р. На бел. мову паасобныя вершы К. пераклаў М.​Калачынскі. Дзярж. прэмія Аўстрыі 1977.

Тв.:

Рус. пер. — Хорошая песня. М., 1957;

[Вершы] // Антология чешской поэзии. М., 1959. Т. 3.

І.​В.​Шаблоўская.

т. 8, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖРАЁННЫЯ ПАДПО́ЛЬНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ КП(б)Б, міжрайкомы КП(б)Б,

кіруючыя парт. органы на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі ў 1942—44 (у Баранавіцкай і ч. Мінскай абл. называліся міжраённымі падпольнымі партыйнымі цэнтрамі). Ствараліся і дзейнічалі пад кіраўніцгвам ЦК КП(б)Б і абл. падп. к-таў КП(б)Б. Арганізоўвалі і ўзначальвалі ў замацаваных за імі раёнах падп. парт. органы, арг-цыі і групы, кіравалі патрыят. падполлем і партыз. рухам, ажыццяўлялі паліт. і арганізатарскую работу сярод насельніцтва, наладжвалі выданне газет (гл. Друк падпольны). Адначасова дапамагалі абкомам падбіраць і рыхтаваць кадры для падп. гаркомаў і райкомаў у зонах сваёй дзейнасці. Дзейнічала 11 міжрайкомаў КП(б)Б: Аўгустоўскі (21.11.1943—19.7.1944), Бабруйскі (11.8—4.11.1942), Бранскі (снеж. 1943—17.7.1944), Брэсцка-Жабінкаўскі (20.6—21.7.1944), Быценскі (24.9—4.11.1943), Жлобінскі (кастр. 1942 — май 1943), Лапскі (23.10.1943—1.8.1944), Маларыцка-Дамачоўскі (19.6—20.7.1944), Мінскі (3.10.1942—18.9.1943), Слуцкі (жн. 1942 — ліп. 1943), Чыжаўскі (21.11.1943—13.7.1944). Са стварэннем і арганізац. ўмацаваннем раённых падп. к-таў КП(б)Б міжрайкомы расфарміраваны.

А.​А.​Каваленя.

т. 10, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛЕР ((Miller) Артур) (н. 17.10.1915, Нью-Йорк),

амерыканскі драматург. Скончыў Мічыганскі ун-т (1938). Дэбютаваў кн. нарысаў «Становішча нармальнае» (1944). У п’есах «Чалавек, якому гэтак шанцавала» (1944), «Усе мае сыны» (1947), рамане «Фокус» (1945) праблемы асобы, сям’і і грамадства, расавых і нац. узаемаадносін. Сусв. вядомасць прынесла драма «Смерць коміваяжора» (1949) — своеасаблівая інтэрпрэтацыя «амерыканскай мары» і «амерыканскай трагедыі». Аўтар п’ес «Цяжкае выпрабаванне» (1953, гіст. хроніка), «Від з моста» і «Успаміны пра два панядзелкі» (абедзве 1955), «інтэлектуальных» антынацысцкіх драм «Пасля грэхападзення» (1964) і «Гэта здарылася ў Вішы» (1965), камедыі «Стварэнне свету і іншыя справы» (1972), сац.-філас. драмы «Амерыканскі хранограф» (1980), кінасцэнарыя і аднайм. аповесці «Непрыкаяныя» (1961). У яго рэаліст. творах адчувальны ўплыў экзістэнцыялізму, «плыні свядомасці». Паводле яго п’есы «Цяжкае выпрабаванне» Бабруйскі вандроўны бел. драм. т-р (1957) і Гродзенскі абл. драм. т-р (1996) паставілі п’есу «Салемскія ведзьмы», Брэсцкі абл. драм. т-р — «Від з моста» (1959).

Тв.:

Рус. пер. — Пьесы. М., 1960.

Е.​А.​Лявонава.

т. 10, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАПО́ЛАЦК,

горад абл. падпарадкавання ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., на левым беразе Зах. Дзвіны. За 6 км на ПнЗ ад г. Полацк, за 12 км ад чыг. ст. Полацк на лініі Віцебск—Рыга. Таварная чыг. станцыя. 106,6 тыс. ж. (2000).

Узнік у 1958 у сувязі з буд-вам нафтахім. прамысл. комплексу. З 22.10.1959 р. п. Полацкі, з 14.12.1963 горад абл. падпарадкавання, атрымаў назву Н. Пры буд-ве горада і заводаў знесена 30 вёсак 40,1 тыс. ж. у 1970. У перспектыве плануецца зліццё Н. з Полацкам.

Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Нафтай», Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Палімір», Наваполацкі завод бялкова-вітамінных канцэнтратаў, Наваполацкі завод «Вымяральнік», прадпрыемства па транспарціроўцы нафты «Дружба», з-ды жалезабетонных вырабаў, «Нафтазаводмантаж», хлебазавод. У горадзе Полацкі універсітэт, Наваполацкі палітэхнікум, 2 ПТВ (нафтахіміі і будаўнікоў), муз. вучылішча, Цэнтр нац. культуры і рамёстваў, Музей гісторыі і культуры горада Наваполацка. Помнікі: воінам-вызваліцелям, на месцы першай палаткі будаўнікоў горада, Курган прац. славы.

Наваполацк. Жылыя дамы па вуліцы Паркавай.

т. 11, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРЫ́ПЯЦКІЯ БАЛО́ТЫ»

(«Pripiatsee»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.фаш. захопнікаў супраць часцей Чырв. Арміі, якія трапілі ў акружэнне, партызан і мясц. насельніцтва на тэр. Брэсцкай, Пінскай і Мінскай абл. 19.7—31.8.1941 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 162-й і 252-й пях. дывізій, 1-й кав. брыгады СС на чале з нач. СС і паліцыі тылу групы арміі «Цэнтр» Бах-Зелеўскім паводле загаду рэйхсфюрэра СС Гімлера. Мэта: расстраляць западозраных у падтрымцы партызан, вывезці жанчын і дзяцей у балота, канфіскаваць жывёлу і прадукты, знішчыць у раёне Прыпяцкіх балот вёскі, дзе будзе аказана супраціўленне. Паводле звестак ням. камандавання, на 13 жн. было загублена 13 788 чал., спалена шмат нас. пунктаў, у т. л. вёскі Вял. Гаць (загублена 123 чал.), Святая Воля (436 чал.) Косаўскага р-на Брэсцкай, Запясочча (300 чал.), Пагост (69 чал.), Чэрнічы (40 чал.) Жыткавіцкага, Асташкавічы (120 чал.), Славань (72 чал.) Парыцкага р-наў Палескай, Хатынічы (73 чал.) Ганцавіцкага р-на Пінскай абл. Гітлер палічыў «надта нязначнай» колькасць загубленых жыхароў.

т. 13, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАГРАПРАМТЭ́ХНІКА»,

рэспубліканскае аб’яднанне па вытворча-тэхн. абслугоўванні сельскай гаспадаркі Беларусі. Створана ў 1991 у Мінску. Мае 6 абл. падраздзяленняў і 118 раённых (Райаграпрамтэхніка). Для рамонту і абслугоўвання с.-г. тэхнікі ёсць спецыялізаваныя прадпрыемствы, вырабляе с.-г. тэхніку і тавары шырокага ўжытку. Выконвае работы па дагаворах з калгасамі і саўгасамі па рамонце аўтамотатэхнікі, механізацыі жывёлагадоўчых фермаў, трансп. абслугоўванні і інш.

т. 2, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ГА,

рака, левы прыток Паўн. Дзвіны, у Валагодскай і Архангельскай абл. Расійскай Федэрацыі. Даўж. 575 км, пл. бас. 44,8 тыс. км². Пачынаецца сярод балот, цячэ па лясістай мясцовасці. Асн. прытокі: Кулой, Вусця (справа), Вель (злева). Сярэдні расход вады каля с. Усць-Сюма 369 м³/с. Суднаходная на 355 км ад вусця. Сплаўная. На Вазе — г. Вельск, Шэнкурск.

т. 3, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖУ́НТА (італьян. giunta),

выканаўчы орган муніцыпалітэта ў камунах, правінцыях і абласцях Італіі. Выбіраецца на 4 гады адпаведнымі муніцыпальнымі саветамі з ліку іх членаў. На чале Дж. ў камунах стаіць сіндык (мэр), у правінцыях і абласцях — прэзідэнт муніцыпальнага савета. Рашэнні Дж. кантралююцца прадстаўнікамі цэнтр. улады — прэфектамі правінцый і абл. камісарамі. Важныя рашэнні ніжэйстаячых муніцыпальных органаў зацвярджаюць вышэйстаячыя Дж.

т. 6, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПА́ЦКІХ КУРГАНО́Ў КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура 2 — пач. 6 ст., помнікі якой пашыраны на тэр. Чарнавіцкай, Івана-Франкоўскай і Закарпацкай абл. Украіны і Румыніі. Помнікі яе даследаваліся з 1880-х г. Выяўлены рэшткі наземных паўзямлянкавых жытлаў, пахаванні з абрадам трупаспалення, шматлікія прадметы побыту. Носьбіты культуры — аселыя земляробча-жывёлагадоўчыя плямёны, якія, відаць, былі продкамі харватаў, што згадваюцца ў «Аповесці мінулых гадоў».

т. 8, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)