АНАБА́С, паўзун (Anabas testudineus),

рыба атрада акунепадобных. Водзіцца ў стаячых і слаба праточных вадаёмах Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі.

Даўж. да 25 см. Цела буравата-зялёнае, бруха жаўтаватае. Можа жыць без вады каля 8 гадзін. З дапамогай хваста, грудных плаўнікоў і шыпоў шчэлепных накрывак поўзае па сушы. Дыхае атм. паветрам з дапамогай спец. надшчэлепнага органа. У сухі сезон упадае ў спячку, закопваючыся ў глей. Драпежнік. Аб’ект мясц. промыслу, разводзяць у сажалках.

Анабас.

т. 1, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАСІ́, далёкаўсходняя сардзіна (Sardinops sagax melanosticta),

падвід ціхаакіянскай сардзіны сям. селядцовых атр. селядцападобных. Пашыраны ў прыбярэжных водах Усх. Азіі ад Сахаліна да Паўд. Японіі і кіт. ўзбярэжжа Жоўтага мора.

Даўж. да 30 см. Спіна зеленавата-аліўкавая, бакі серабрыста-белыя, канец рыла і задняя ч. хваставога плаўніка чорныя. Па баках цела ўздоўж спіны цёмныя плямы (да 15), зрэдку размешчаны ніжэй светлыя плямы. Корміцца фіта- і зоапланктонам. Жыве да 8 гадоў. Аб’ект промыслу.

Івасі.

т. 7, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫВІ́Д (ад лац. individuum непадзельнае, асобіна), індывідуум,

адзіночнае як процілеглае сукупнасці, масе. 1) У філасофіі асобны прадстаўнік сац. супольнасці (народа, грамадства, сац. групы і інш.), сац. істота, якая самастойна вызначае ўласныя паводзіны і псіхічныя працэсы; трэба адрозніваць ад паняццяў «індывідуальнасць», «асоба».

2) У біялогіі істота, кожны самастойна існуючы жывы арганізм.

3) У логіцы адзіночны аб’ект, які супрацьпастаўляецца віду, класу прадметаў, мноству.

Літ.:

Человек: Филос. аспекты сознания и деятельности. Мн., 1989.

Л.​А.​Гуцаленка.

т. 7, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗУ́ЛЯ (Capreolus),

род млекакормячых сям. аленевых атр. парнакапытных. 2 віды: К. еўрапейская (C. capreolus) і К. сібірская (C. pygargus). Пашыраны ў Еўразіі. Жыве ў разрэджаных лясах і перадгорных стэпах. На Беларусі трымаецца невял. статкамі.

Даўж. да 155 см, выш. ў карку да 100 см, маса да 60 кг. Поўсць густая, зімой буравата-шэрая, летам рыжая. Каляхваставое «люстэрка» белае. У самцоў невял. рогі з 3—4 адросткамі. Нараджае 2—3 цялят. Корміцца раслінамі. Аб’ект промыслу.

Казуля.

т. 7, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАХТА́К, марскі заяц (Erignathus barbatus),

воднае млекакормячае сям. сапраўдных цюленяў атр. ластаногіх. Пашыраны ў арктычных раёнах Атл. і Ціхага акіянаў, Ахоцкім моры. Трымаецца пераважна паасобку на мелкаводдзях, восенню ўтварае лежбішчы па 1000 асобін і больш.

Даўж. да 2,7 м, маса да 360 кг. Валасяное покрыва негустое, грубае, бура-шэрае, часам са светлымі плямамі на спіне. Корміцца доннымі беспазваночнымі, рыбай. Размнажаецца вясной на дрэйфуючых ільдах. Нараджае 1 дзіцяня. Аб’ект промыслу.

Э.​Р.​Самусенка.

Лахтак.

т. 9, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСТА́НГ (ад ісп. mustango),

здзічэлы свойскі конь, завезены еўрапейцамі ў Паўн. Амерыку ў 16 ст. Пашыраны ў стэпавай зоне (прэрыі). Жылі вял. табунамі. У 18 ст. М. было каля 4 млн. галоў, цяпер амаль вынішчаны. Выкарыстоўваліся індзейцамі як аб’ект промыслу і з мэтай вывядзення мясц. парод коней (індзейскія поні). У Паўд. Амерыцы здзічэлых коней наз. цымаронамі, у Аўстраліі (завезены ў 18 ст.) — брамбі. Масць разнастайная, як у парод свойскіх коней.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 11, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОСТ (франц. poste ад лац. positus пастаўлены),

1) аб’ект, які даручаны для аховы і абароны вартавому, а таксама месца або ўчастак, на якім ён выконвае свае абавязкі.

2) Вайсковец або інш. асоба (невял. падраздзяленне), якія выконваюць спец. задачу, а таксама месца (пункт), укамплектаванае адпаведнай тэхнікай для яе выканання. Напр., П. назірання, у т. л. паветр., П. пагран. аховы, П. аховы, П. ДАІ і інш. 3) Адказная пасада ў органах дзярж., грамадскага кіравання і інш.

т. 12, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЧКУ́Р (Gobio gobio),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашырана ў рэках і азёрах Еўропы і Азіі. Жыве невял. чародамі ў месцах з пясчаным або камяністым грунтам. На Беларусі нар. назвы: дудорга, келбук, коблік, курмель, піскіж, пяскар, стаўпец.

Даўж. да 22 см, маса да 80 г. Рот ніжні. У вуглах рота па вусіку. Па баках цела каля 10 чорных ці бурых плям. Корміцца бентасам. Аб’ект аматарскага лову, прынада для лоўлі драпежных рыб.

Пячкур.

т. 13, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ПУС ладажскі

(Coregonus albula ladogensis),

кілец,

рыба сям. сіговых атр. ласосепадобных. Хуткарослая буйная форма рапушкі еўрапейскай. Пашырана ў Анежскім і Ладажскім азёрах. Трымаецца чародамі далёка ад берагоў, пераважна на глыбіні. Характэрны кармавыя міграцыі. На Беларусі інтрадукаваны (1950—62) у Браслаўскую і Нарачанскую групы азёр і ў Лукомскае возера. Нар. назвы: рыпукса, рыпуса.

Даўж. да 46 см, маса да 1,5 кг. Ад рапушкі адрозніваецца выгінам бакавой лініі. Корміцца пераважна планктонам, часам дробнай рыбай (корушкай). Аб’ект развядзення.

т. 13, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУ́ЦІ, гарбатыя зайцы (Dasyprocta),

род млекакормячых атр. грызуноў. 20 відаў. Жывуць каля рэк у трапічных лясах і сухіх саваннах Паўд. і Цэнтр. Амерыкі, в-ва Трынідад і М.​Антыльскіх а-воў на выш. да 2 км.

Даўж. цела 41—62 см, хваста 1—3,5 см, маса 1,3—4 кг. Афарбоўка ад ярка-залацістай (D. aguti) да цёмна-шэрай (D. fuliginosa). На доўгіх задніх нагах 3 пальцы. Добра плаваюць. Кормяцца лісцем, пладамі, арэхамі. Шкодзяць плантацыі цукр. трыснягу. Аб’ект палявання.

Агуці.

т. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)