горад у Беларусі, цэнтр Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. За 48 км ад Гомеля. Чыг. ст. Буда-Кашалёўская на лініі Мінск—Гомель. 9,5 тыс.ж. (1995).
Да 1861 вёска Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ. З 1877 чыг. станцыя Лібава-Роменскай чыг. У 1888 заснавана прадпрыемства па вырабе драўляных дэталей ткацкіх станкоў. У 1897 — 517 ж. З 1924 цэнтр Буда-Кашалёўскага р-на. З 27.9.1938 гар. пасёлак. З да 27.11.1943 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі тут 485 чалавек. У 1959 — 4,6 тыс.ж., у 1969 — 7,2 тыс.ж. З 31.12.1971 горад.
У Буда-Кашалёве харч., буд. матэрыялаў прам-сць. Буда-Кашалёўскі аграрна-тэхнічны каледж. Брацкія магілы сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДА́Н, курэнь,
часовая жылая пабудова, вартоўня ці склад у садах, на вял. агародах, у лесе, на сенажаці. Вядомы на Беларусі і Украіне са старажытнасці. Найчасцей будан будавалі ў выглядзе 2-схільных канструкцый з тонкіх жэрдак на 2 слупах-сохах, злучаных уверсе перакладзінай, накрывалі карой, галлём, саломай, сенам. У пач. 20 ст. на Палессі зафіксаваны буданы больш складанай пірамідальнай канструкцыі: васьмігранныя ў плане з 4 слупамі ў цэнтры, якія звязваліся перакладзінамі і служылі асновай нахіленых сцен з плашак або драніц, абкладзеных звонку дзёрнам. Часам ніжнюю частку будана рубілі з бярвён, а над агнішчам (у цэнтры) ставілі 2-схільны дах з дымнікам па баках. Выкарыстоўвалі будан і як часовае жыллё ў перыяд розных нягод, асабліва войнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧАЯ ЦЕПЛАТЭ́ХНІКА,
раздзел будаўнічай фізікі, які вывучае працэсы перадачы цяпла, вільгаці і паветра ў будынках, збудаваннях і іх канструкцыях.
Метадамі будаўнічай цеплатэхнікі ўстанаўліваюць неабходныя цеплатэхн. якасці і параметры агараджальных канструкцый, заканамернасці іх узаемадзеяння з унутр. і навакольным асяроддзем, вызначаюць цепла- і масаабмен унутры канструкцый, даўгавечнасць збудаванняў, умовы падтрымання (з улікам ацяплення, вентыляцыі, кандыцыяніравання паветра) тэмпературна-вільготнасных гігіенічных умоў у памяшканнях жылых, грамадскіх і прамысл. будынкаў. Даследаванні па будаўнічай цеплатэхніцы вядуць у натурных умовах і кліматычных камерах; у разліках выкарыстоўваюць сродкі матэм. і фіз. мадэлявання, аналітычныя і інш. метады на аснове тэорыі цеплаперадачы, масаабмену, тэрмадынамікі, тэорыі падобнасці і інш. Роля будаўнічай цеплатэхнікі павышаецца пры пашырэнні ў буд-ве аблегчаных агараджальных канструкцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІВЕ́РА (Viverra),
род млекакормячых атр. драпежных. 3 віды: цывета буйнаплямістая (Viverra megaspila) з 2 падвідамі, цывета азіяцкая (Viverra zibetha), тангалунга (Viverra tangalunga). Пашыраны ў Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. Наземныя могуць добра лазіць па дрэвах і плаваць.
Даўж. цела 60—83 см, хваста 30—48 см, маса да 11 кг. Тулава падоўжанае, з бакоў пляскатае. Валасяное покрыва высокае, але рэдкае і грубае, рыжавата-карычневае або шараватае з чорнымі плямамі; хвост з чорнымі і белымі кольцамі. Кормяцца дробнымі млекакормячымі, птушкамі, рэптыліямі, амфібіямі, насякомымі, пладамі і каранямі раслін. Трымаюць у няволі, сакрэт анальных залоз (мускус) выкарыстоўваецца ў парфумерыі і медыцыне. Падвід цывета малабарская (Viverra megaspila civettina) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ГЕЛАН ((Vigeland) Адольф Густаў) (11.4.1869, г. Мандаль, Нарвегія — 12.3.1943),
нарвежскі скульптар. У 1889—90 вучыўся ў Осла, у 1891 у Капенгагене, у 1892—93 у Парыжы, дзе фарміраваўся пад уплывам А.Радэна. Аўтар пранікнёных дынамічных па пластыцы і кампазіцыі твораў: партрэт Г.Ібсена (1903); помнікі матэматыку Н.Абелю (1908), пісьменніцы К.Колет (1911), кампазітару Р.Нурдраку (1911) у Осла. Стварыў грандыёзны скульпт. ансамбль Фрогнер-парк у Осла (больш за 150 фігур і кампазіцый; 1900—43), у якім увасобіў чалавечыя радасці і выпрабаванні ў цыклічным развіцці і адзінстве з прыродай. Філас. сімвалізм у ансамблі спалучаецца з жыццёвымі рэаліямі і пластычнай дасканаласцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДО́Р ((Widor) Шарль Мары) (21.2.1844, г. Ліён, Францыя — 12.3.1937),
французскі арганіст, кампазітар, музыказнавец, педагог. Чл. Акадэміі прыгожых мастацтваў (1910). Праф. Парыжскай кансерваторыі (1891—1905). У 1870—1934 арганіст царквы Сен-Сюльпіс у Парыжы. Арганіст-віртуоз, імправізатар, канцэртаваў у многіх краінах. Па яго рэкамендацыі і пад яго наглядам устаноўлены арган фірмы «Кавае-Коль» у Вял. зале Маскоўскай кансерваторыі (у 1901 даў першы арганны канцэрт). Сярод твораў: 3 оперы, балет, творы для аркестра, 10 сімфоній і інш. творы для аргана, месы, камерна-інстр. ансамблі, фп. п’есы. Апублікаваў (разам з А.Швейцэрам) арганныя творы І.С.Баха (т. 1—5, 1912—14). Сярод вучняў: арганісты Л.Б’ёрн, М.Дзюпрэ, Швейцэр, кампазітары Д.Міё, К.Анегер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЗЕ (Уладзімір Юльевіч) (5.3.1886, г. Пушкін, Расія — 19.2.1954),
савецкі акіянолаг, даследчык Арктыкі. Чл.-кар.АНСССР (1933). З 1928 супрацоўнік Арктычнага ін-та, з 1945 праф. у Ленінградскім ун-це. У 1912—14 удзельнік экспедыцыі Г.Я.Сядова, у 1921—22 — экспедыцыі на «Таймыры», у 1924, 1928 і 1931 — на «Малыгіне». Навук. кіраўнік экспедыцый на «Георгіі Сядове» (1930), «Сібіракове» (1932) і «Латке» (1934). Аўтар прац па акіянаграфіі, метэаралогіі. Распрацаваў метады лядовых прагнозаў. Дзярж. прэмія СССР 1946. Імем Візе названы востраў у Карскім м., ледавік, мыс і бухта на в-ве Новая Зямля.
Тв.:
Основы долгосрочных ледовых прогнозов для арктических морей. М., 1944;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1982, адкрыты ў 1985 у г. Вілейка. Пл. экспазіцыі 258 м², больш за 19 тыс. экспанатаў асн. фонду. Сярод экспанатаў матэрыялы археал. раскопак з паселішча Сосенка і гарадзішча Малышкі на тэр. раёна, манетны скарб 17 ст., царк. летапісы канна 19 ст., дакументы і фотаздымкі пра гісторыю горада і раёна, удзел ураджэнцаў Вілейшчыны ў грамадз. вайне, партыз. руху ў Вял.Айч. вайну і яго кіраўнікоў А.С.Азончыка, А.І.Валынца, матэрыялы пра ўраджэнцаў раёна мастака Н.Ю.Сілівановіча, паэтэсу Г.А.Новік, Герояў Сав. Саюза К.М.Зубовіча, У.С.Лаўрыновіча. Экспануюцца прылады працы і побыту бел. сялян 19 — пач. 20 ст., калекцыя самавараў, вырабы ткацтва, саломапляцення, разьбы па дрэве і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ПАЎСТА́НЦКІ КАМІТЭ́Т, Галоўны камітэт, Польскі часовы ўрад у Літве,
орган паўстання 1830—31. Арганізаваны ў канцы 1830 — пач. 1831 для каардынацыі дзеянняў паўстанцаў на Беларусі і ў Літве. У к-т увайшлі пераважна кансерватары, якія выражалі інтарэсы заможнай шляхты: С.Шумскі, М.Балінскі, А.Гарэцкі, Л.Замбжыцкі, Э.Ромер, Ю.Храбніцкі, Л.Рагальскі, В.Пяткевіч. К-т падтрымліваў сувязі з варшаўскім нар. урадам і пав. ўрадамі (к-тамі). Аднак ён не адыграў значнай ролі і па сутнасці не стаў кіруючым цэнтрам паўстання на Беларусі і ў Літве. Кансерватыўная частка адцягвала тэрмін паўстання, чакаючы дапамогі і загадаў ад варшаўскага ўрада. Бяздзейнасць к-та паскорыла разгром паўстання 1830—31 царскімі войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ.
Існавала ў Віцебску ў 1834—39; першая на Беларусі спец.навуч. ўстанова, якая рыхтавала настаўнікаў для прыходскіх вучылішчаў, падрыхтоўчых класаў гімназій і пав. вучылішчаў. Засн.па ініцыятыве папячыцеля Бел. навуч акругі Р.І.Карташэўскага. Кіраваў гімназіяй дырэктар (упраўляючы) ланкастэрскіх вучылішчаў Бел.навуч. акругі Аглоблін. Навучаліся юнакі з сем’яў дваран, мяшчан, обер-афіцэраў, правасл. царкоўнаслужыцеляў. Тэрмін навучання 3 гады. Выкладаліся рус. мова, арыфметыка, гісторыя Расіі і ВКЛ, методыка ўзаемнага навучання ў пач. школе паводле Бел-Ланкастэрскай сістэмы. Некаторыя навучэнцы займаліся таксама музыкай і спевамі. У вольны час семінарысты абавязаны былі наведваць урокі рус. мовы і геаграфіі ў Віцебскай мужчынскай гімназіі. Былі падрыхтаваны 62 настаўнікі. Закрыта з-за адсутнасці сродкаў.