РАДЫЁСЕКСТА́НТ (ад радыё... + секстант),

прылада для дакладнага вызначэння напрамку на Сонца (зорку ці інш. пазаземны аб’ект) па іх радыёвыпрамяненні. Складаецца з востранакіраванай прыёмнай антэны, радыёпрыёмніка, платформы, якая служыць штучным гарызонтам і стабілізуецца ў прасторы гіраскопам, і аўтам. ўстройства (сістэмы сачэння), якое фіксуе вось антэны ў напрамку Сонца (зоркі). У параўнанні са звычайным (аптычным) секстантам Р. можа працаваць пры любых метэаралагічных умовах. Хібнасць вызначэння напрамку пры дапамозе Р. (адносна яго платформы) не перавышае 1. Выкарыстоўваецца ў паветр. і марской навігацыі.

т. 13, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯ́Н (ад лац. radius прамень, радыус),

адзінка плоскага вугла, вуглавой каардынаты, фазы ваганняў і інш. вуглавых велічынь у СІ; адносіцца да дадатковых адзінак гэтай сістэмы. Р. — безразмерная адзінка, таму можа выкарыстоўвацца ў інш. сістэмах адзінак. Абазначаецца рад. 1 рад роўны вуглу паміж двума радыусамі акружнасці, даўжыня дугі паміж якімі роўная радыусу: 1 рад ≈ 57°1745". Вуглы ў 30°, 45°, 60°, 90° роўныя адпаведна π/6, π/4, π/3, π/2 рад. Выкарыстоўваецца пераважна ў тэарэт. разліках.

т. 13, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗДЗЯЛЕ́ННЕ ЎЛАД,

адзін з асноватворных прынцыпаў канстытуцыяналізму, паводле якога адзіная дзярж. ўлада падзяляецца на самастойныя і незалежныя адна ад адной заканадаўчую, выканаўчую і суд. ўлады. Прынцып Р.ў. упершыню і найб. паслядоўна ўвасоблены ў Канстытуцыі ЗША 1787, дзе тры ўлады не толькі раздзелены, але і кантралююць адна адну праз т.зв. сістэму «стрымак і процівагаў». Менш паслядоўна прынцып Р.ў. праведзены ў парламенцкіх дзяржавах, дзе парламенту належыць вяршэнства над органамі выканаўчай улады. Прынцып Р.ў. замацаваны ў арт. 6 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

т. 13, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́ЛЬДАЎСКІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Размешчаны ва ўрочышчы Замхоўе, за 2 км на ПнУ ад в. Рамальдава Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Валун парфірападобнага дробназярністага граніту з крышталямі палявога шпату. Даўж. 3,7 м, шыр. 3 м, выш. 0,6 м, у абводзе 10,4 м, аб’ём бачнай часткі 7 м³, маса 18 т. Доўгая вось арыентавана з ПнЗ на ПдУ. Прынесены ледавіком каля 20—15 тыс. г. назад з Зах. Фінляндыі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 13, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМБО́ЭДР (ад ромб + грэч. hedra аснова, грань),

1) від паралелепіпеда (звычайна нахілены), грані якога з’яўляюцца роўнымі ромбамі. Па крайняй меры 2 вяршыні Р. такія, што ўсе прылеглыя да іх вуглы роўныя паміж сабой. Паралелепіпед з’яўляецца Р. тады і толькі тады, калі ён мае вось сіметрыі 3-га парадку; гл. Сіметрыя.

2) Р. у геалогіі — простая форма крышталёў трыганальнай сінганіі (6-граннік з гранямі ў выглядзе ромбаў). Такую форму маюць крышталі шэрагу мінералаў (кальцыт, магнезіт, радахразіт, смітсаніт і інш.).

т. 13, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАНГ (ням. Rang ад франц. rang месца, рад),

ступень адрознення, чын, званне; разрад, катэгорыя, клас і інш. У большасці краін Р. ўстанаўліваюцца для служачых цывільных ведамстваў, напр., дыпламатычныя рангі. Ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў існуюць званні воінскія, якія адпавядаюць Р. (напр., у ВМФ Расіі капітан 1-га, 2-га і 3-га Р.). У ВМФ на Р. падзяляюцца караблі (гл. Карабель ваенны), у адпаведнасці з якімі вызначаецца старшынства іх камандзіраў, прававое становішча экіпажаў і нормы іх матэрыяльнага забеспячэння.

т. 13, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАНСА́РАВА СТРАФА́ (назва ад прозвішча франц. паэта 16 ст. П. дэ Рансара),

шасцірадковая страфа з рыфмоўкай ААбВВб. Першы ўзор Р.с. ў бел. паэзіі пакінуў В.​Дунін-Марцінкевіч (першы раздзел паэмы «Халімон на каранацыі»). Р.с. напісаны верш Я.​Купалы «Час!»:

Хай званы зазвоняць з жарам,
Хай музы́ка ў струны ўдара!
Гэй, паўстань, народ!
За сябе сам пастаяці
І за Бацькаўшчыну-маці
Йдзі, народ, на сход!

Ёю карыстаўся Я.​Колас (верш «Вольнаму народу») і інш.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАПАЛЕ́ЎСКІ Ян, Іаан Віцебскі, бел. мастак 18 ст. Аформіў «Ілюстраваны нотны ірмалой» (1741) з віцебскай Іаана-Багаслоўскай царквы і стварыў для яго каля 30 заставак. Уставіў у гэты ж рукапіс створаныя ім у 1700 і 1744 мініяцюры «Нараджэнне Хрыста» і «Дванаццацігадовы Хрыстос у Іерусалімскім храме сярод настаўнікаў», у якіх адышоў ад кананічных схем, выявіў кампазіцыйную здольнасць.

Літ.:

Высоцкая Н.Ф. Материалы к истории станковой живописи Белоруссии XVI—XVIII вв. // Музей: Худож. собр. СССР. М., 1983. Сб. 4.

Н.​Ф.​Высоцкая.

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОЎНАПЕРАМЕ́ННЫ РУХ,

механічны рух часціцы (матэрыяльнага пункта), пры якім модуль тангенцыяльнага паскарэння (у выпадку прамалінейнага руху модуль поўнага паскарэння) застаецца пастаянным. Пры Р.р. праекцыя скорасці v часціцы на напрамак руху і шлях S, пройдзены ад пач. становішча, у кожны момант часу t вызначаюцца формуламі: v = v0 + at, s = v0t + at​2/2, дзе v0пач. скорасць, a — праекцыя тангенцыяльнага (поўнага) паскарэння на напрамак руху. Пры a > 0 рух роўнапаскораны, пры a < 0 — роўназапаволены, пры a = 0 — раўнамерны.

т. 13, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЭРА́ЛЬНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

[ад лац. rudus (ruderis) друз, буд. смецце], смеццевыя расліны, якія растуць каля будынкаў, на пустках, уздоўж шляхоў зносін і на падобных другасных (не палявых) месцах. Пераважна нітрафілы. Часта маюць прыстасаванні, якія дазваляюць ім пазбегнуць знішчэння чалавекам і жывёламі (непрыкметны выгляд, ядавітыя рэчывы, шыпы, жыгучыя валаскі і інш.). На Беларусі больш за 350 відаў з родаў аксамітнік, блёкат, вапнаўка, вярблюдка, герань, дурнап’ян, дурнічнік, крапіва і інш. Разам з сегетальнымі раслінамі складаюць групу пустазелля.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)