БЕЛАРУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКІ КУЛЬТУ́РНЫ ЦЭНТР (БАКЦ) у Саўт-Рыверы, бел. грамадска-культурны асяродак у ЗША, штаце Нью-Джэрсі. Засн. ў 1972 пры царкве імя св. Ефрасінні Полацкай. Кіруючы орган — управа, старшынямі якой у розны час былі Б.Шчорс, М.Бахар, Ж.Навумчык. Культ. праграму каардынуе Бел.культ.-мастацкае т-ва, якое з 1974 ладзіць паказы твораў бел. мастакоў і ўмельцаў. Працуе жаночы хор «Каліна», Бел.тэатр. студыя, нядзельная школа, Бел.спарт. аб’яднанне; у 1975—85 для моладзі арганізоўваліся адукац. курсы. Пры цэнтры ёсць б-ка, друкарня. У Саўт-Рыверы выдаюцца час. «Царкоўны светач», «Беларуская думка», «Сяўбіт», «Беларускі праваслаўны каляндар».
А.С.Ляднёва.
Беларуска-амерыканскі культурны цэнтр у г. Саўт-Рывер (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДАБРАЧЫ́ННАСЦІў Стоўбцах.
Дзейнічала ў 1931—33. Ставіла за мэту ўмацаванне нац. самасвядомасці бел. насельніцтва Зах. Беларусі. Займалася таксама аказаннем матэрыяльнай і маральнай дапамогі бедным, сіротам, інвалідам, прапагандавала сан. веды сярод сялян. Пры т-ве працавалі клуб з б-кай і радыё, бел. хор, ставіліся драм. спектаклі ў Стоўбцах, Нясвіжы, Міры, навакольных вёсках. Сябры т-ва арганізавалі курсы земляробства, кройкі і шыцця для сялян, чыталі лекцыі, вялі заняткі па бел. мове з дзецьмі, якія вучыліся ў польскіх школах. Сярод актывістаў т-ва Ф.Акінчыц, І.Гундзіловіч, М.Сабалеўскі і інш.Т-ва зазнала ганенні польскіх улад. 30.7.1933 на агульным сходзе прынята рашэнне далучыцца да Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЗАПРАЖНЫ́ КОНЬ,
пародная група коней універсальнага выкарыстання. Выведзена ў зах. абласцях Беларусі ў 19—20 ст. скрыжаваннем мясц. коней ляснога тыпу з ардэнскай, шведскай, гудбрандсдальскай і інш. пародамі. За апошнія дзесяцігоддзі чыстапароднай гадоўлі выведзена 6 ліній, 13 сямействаў, створаны селекцыйныя масівы і племянныя гаспадаркі. Вядучыя гаспадаркі — конныя заводы ў Баранавіцкім і Лідскім, племзаводы ў Карэліцкім і Ляхавіцкім р-нах. Беларускі запражны конь — асн. паляпшальнік рабочакарыстальнай прадукцыйнай конегадоўлі ў рэспубліцы, экспартуецца, выкарыстоўваецца для прагулак, турызму, верхавога адпачынку.
Коні вынослівыя, даўгавечныя, непераборлівыя, спакойныя. Масць: буланая, рыжая, гнядая, вараная, мышастая. Выш. ў карку элітных жывёл 154—156 см; 2 км крокам з 3-тонным грузам праходзіць за 14—16 мінут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ КАЛЯНДА́Р»,
штогадовае выданне Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГКТ) у Польшчы. Выдаецца з 1957 у Беластоку на бел. мове (у 1993 друкаваўся ў Гродне, у 1994 і 1995 у Мінску). Змяшчае матэрыялы, прысвечаныя юбілейным і памятным датам Беларусі і Польшчы, дзейнасці БГКТ, бел.-польскім грамадскім, культ. і эканам. сувязям, даведкі пра найб. значныя падзеі і славутых дзеячаў свету, даследаванні па гісторыі, культуры і краязнаўстве Беласточчыны. Друкуе бел. фальклор, рэпертуарныя старонкі для аматарскіх фалькл. і тэатр. калектываў, творы членаў літ.-маст. аб’яднання «Белавежа», біяграфіі і творы бел. пісьменнікаў, старонкі гумару, юрыд. і гасп. парады, астр. звесткі, імяніны, царк.правасл. і каталіцкі календары паводле старога і новага стыляў і інш. Выданне ілюстраванае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ КАМІТЭ́Т «ДЗЕ́ЦІ ЧАРНО́БЫЛЯ»,
незалежная няўрадавая гуманіт.арг-цыя. Створана ў 1989 пры аргкамітэце БНФ, з 1990 незалежная арг-цыя. Гал. кірунак дзейнасці — прафілактыка захворванняў дзяцей-чарнобыльцаў. З гэтай мэтай арганізавана іх аздараўленне на спец. базах, дзе спецыялісты кансультацыйна-дыягнастычнай лабараторыі к-та праводзяць паглыбленае абследаванне. К-там створаны таксама лабараторыі радыелагічнай бяспекі (вырошчванне экалагічна чыстай прадукцыі на забруджаных землях) і сац.-псіхал. рэабілітацыі. Праводзіць сімпозіумы, семінары, канферэнцыі, «круглыя сталы», па матэрыялах якіх выдае зборнікі, памяткі для насельніцтва. Удзельнічае ў міжнар. чарнобыльскіх акцыях, быў арганізатарам на Беларусі Міжнар. маршу «За бяз’ядзерны свет — 1995». Мае абласныя арг-цыі, мінскую гар. і некалькі раённых. Дэвіз к-та «Здаровыя дзеці — здаровая нацыя».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАСТА́ЎНІЦКІ САЮ́З,
прафесіянальна-палітычная арг-цыябел. настаўнікаў. Засн. 25.5.1907 у Вільні. Аб’ядноўваў прыхільнікаў беларусізацыі нар. асветы. Мэта: рэарганізацыя сістэмы асветы для ўздыму грамадз. самасвядомасці і культуры народа. Выступаў за свецкі характар асветы, адмену саслоўных, нац. і рэліг. абмежаванняў у сферы адукацыі, перадачу школьнай справы ў распараджэнне настаўніцкіх саветаў, перавод пач. навучання на бел. мову (пры захаванні вывучэння рус. і інш.мясц. моў), увядзенне бел. і інш.мясц. моў у праграмы настаўніцкіх семінарый, паляпшэнне матэрыяльнага і культ. становішча настаўнікаў. Ва ўмовах рэакцыі пасля паражэння рэвалюцыі 1905—07 спыніў дзейнасць. Адноўлены ў час 1-й сусв. вайны намаганнямі І.Луцкевіча, аднак забаронены герм.акупац. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕ́ЛАЯ РУСЬ»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 19.2(4.3) да 20.6(3.7).1906 у Вільні на рус. мове. Выступала за пануючае становішча ў Паўн.-Зах. краі «рускага насельніцтва», да якога адносіла таксама беларусаў і ўкраінцаў, адмаўляла іх нац. і культ. самастойнасць. Агітавала за выданне «тайных газет на мясцовай гаворцы» і ўвядзенне бел. мовы ў праграму пач. школы для «барацьбы з паланізацыяй краю». З мэтай выхавання вялікадзярж. «патрыятычных пачуццяў» спрабавала выкарыстоўваць спадчыну Ф.Скарыны, В.Цяпінскага і інш. дзеячаў бел. культуры, адмаўляючы пры гэтым іх бел. самабытнасць. З правых пазіцый ацэньвала дзейнасць урада і Дзярж. думы, выступала супраць рэв. і нац.-вызв. руху. Змяшчала агляды маст. жыцця Вільні і губерні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ ВЕ́ЖА.
Існавала ў 13 — 1-й пал. 19 ст. ў Брэсце (Берасці). Пабудавана ў 1276—88 на дзядзінцы стараж. Берасця валынскім кн. Уладзімірам Васількавічам, які валодаў горадам у 2-й пал. 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе як «столп высотою яко Каменецкий». Адносілася да тыпу манум. абарончых вежаў, прызначаных для адбіцця атак з выкарыстаннем каменямётных машын. Пазней уваходзіла ў абарончую сістэму Берасцейскага замка. На планах 18—19 ст. прамавугольная (5,9×6,3 м), таўшчыня сцен каля 1,3 м, вышыня каля 20 м. Была складзена з брусковай цэглы на вапнавай рошчыне. Верагодна, выява Берасцейскай вежы змешчана на гар. гербе 1554. Разабрана ў 1831 у сувязі з буд-вам Брэсцкай крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЛІ́НСКІ КАНГРЭ́С 1878,
міжнародны кангрэс, скліканы для перагляду Сан-Стэфанскага міру 1878, які завяршыў руска-турэцкую вайну 1877—78. Умовы Сан-Стэфанскага міру прадугледжвалі значныя тэр. набыткі Расіі і ўзмацненне яе пазіцый на Балканах (утварэнне Балгарыі), што выклікала незадаволенасць Вялікабрытаніі і Аўстра-Венгрыі. Акрамя іх і Расіі ў Берлінскім кангрэсе ўдзельнічалі Германія, Францыя, Італія і Турцыя. Расія, якая апынулася ў дыпламат. ізаляцыі, падпісала 13 ліп. Берлінскі трактат, дзе пацвярджалася незалежнасць Чарнагорыі, Сербіі і Румыніі. Паўн. Балгарыя стала аўт. дзяржавай, Паўд. Балгарыя (Усх. Румелія) засталася пад уладай тур. султана і атрымала адм. аўтаномію. Да Расіі адышлі вусце Дуная, крэпасці Карс, Ардаган і Батум. Аўстра-Венгрыя акупіравала Боснію і Герцагавіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРУЛА́ВА (Хута Міхайлавіч) (н. 10.12.1924, г. Зугдыды, Грузія),
грузінскі паэт. Скончыў Літ.ін-т імя Горкага ў Маскве (1952). Друкуецца з 1941. Піша на груз. і рус. мовах. Аўтар зб-каў вершаў «Дні» (1950), «Гэтыя дваццаць гадоў...» (1963), «Эпітафія дойліду Светыцхавелі» (1974), «Родныя імёны: Успаміны» (1979), паэм «Рускае сэрца» (1950), «Калхецкая легенда» (1943—55), «Бурная цішыня» (1981) і інш. У творах каларытныя карціны прыроды, жыцця і побыту грузінскай вёскі. Піша для дзяцей. На груз. мову пераклаў творы Г.Бураўкіна, А.Грачанікава. Беларусі прысвяціў паэму «Хвалі Нёмана. Дванаццаць песень пра Беларусь» (1973). На бел. мову творы Берулавы перакладалі Р.Барадулін, А.Вольскі, Грачанікаў, Х.Жычка, В.Зуёнак, В.Лукша, У.Паўлаў, Я.Семяжон і інш.