ПЛЯШЧЭ́ЕВА ВО́ЗЕРА, Пераслаўскае возера,

на ПдЗ Яраслаўскай вобл. Расіі. Пл. 50,8 км², глыб. да 25 м. Упадае р. Трубеж, выцякае р. Нерль (пад назвай Векса-Пляшчэеўская). Замярзае ў ліст., крыгалом у красавіку. Ваганні ўзроўню вады 1,3 м. Рыбалоўства. На паўд.-ўсх. беразе — г. Пераслаўль-Залескі.

т. 12, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́ДЛЫЯ ЛЮ́ДЗІ»,

тэрмін, што ўжываўся ў некаторых заканад. актах Расіі 18 ст. ў адносінах да ніжэйшых пластоў гар. насельніцтва. Рэгламент Гал. магістрата (1721) называў «П.л.» асоб, якія знаходзіліся «ў наймах і чорных работах», г. зн. «нерэгулярных» (немаёмасных) гараджан, што не ўваходзілі ў склад мяшчан.

т. 12, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЯНЁВАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,

від ацяплення, пры якім асн. колькасць цяпла ў памяшканне перадаецца выпрамяненнем. Ацяпляльныя прылады размяшчаюць у сценах, пад столлю або ў перакрыццях. Цепланосьбітам служаць гарачая вада, радзей пара ці нагрэтае паветра. Выкарыстоўваюцца таксама інфрачырвоныя газавыя ці эл. выпрамяняльнікі. Часам да П.а. адносяць панэльнае ацяпленне.

т. 13, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЭІ́ДЫ (ад прата... + грэч. eidos выгляд),

складаныя бялкі, утвораныя з простых бялкоў (пратэінаў) і прастэтычных груп. У залежнасці ад хім. прыроды прастэтычнай групы падзяляюць на нуклеапратэіды, глікапратэіды, ліпапратэіды, фосфапратэіды і інш. Да П. адносяцца многія ферменты. Выконваюць пластычныя, ферментатыўныя, гарманальныя і інш. жыццёва важныя функцыі.

т. 13, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБЫЛО́ВА АСТРАВЫ́,

група вулканічных астравоў у Берынгавым м. У складзе штата Аляска (ЗША). Пл. каля 200 км². Выш. да 300 м. Скалістыя, укрытыя лугава-тундравай расліннасцю. Лежбішча коцікаў (фауністычны рэзерват). Пушны промысел. Названы імем рус. мараплаўца Г.​Л.​Прыбылова, які адкрыў астравы ў 1788.

т. 13, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́НТЭР (ад англ. printer друкар),

прылада для аўтам. друку вынікаў апрацоўкі інфармацыі на ЭВМ. Адносіцца да знакасінтэзавальных друкавальных прылад. Адрозніваюць П. кантактавага друку (маюць друкавальную, як і ў пішучых машынках, ці ігольчастую галоўку) і бескантактавага друку (струменныя і лазерныя), якія дазваляюць атрымліваць якасныя каляровыя відарысы.

т. 13, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЦІ́РКА ў машынабудаванні,

аперацыя мех. апрацоўкі з мэтай падгонкі дэталей, якія працуюць у пары (напр., клапан — сядло клапана). Зводзіцца да шматразовых перамяшчэнняў інструмента (прыціра) і дэталі (дэталей) з абразіўным матэрыялам. Выпраўляе форму дэталі ў межах допуску, памяншае шурпатасць паверхні і паляпшае іх эксплуатацыйныя якасці.

т. 13, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯСО́ЧНЫ ГАДЗІ́ННІК,

найпрасцейшая прылада для вымярэння часу. 2 лейкападобныя пасудзіны (ці цэлая сістэма) злучаны вузкай гарлавінай; адна часткова запоўнена пяском. Прамежак часу, за які пясок праз гарлавіну перасыпаецца з адной пасудзіны ў другую, можа складаць ад некалькіх гадзін да некалькіх секунд. Гл. таксама Гадзіннік.

т. 13, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́БІН (ад стараж.-яўр. раббі — настаўнік),

служыцель культу ў іудаізме, суддзя па пытаннях рэліг. і сямейнага жыцця ў яўр. абшчыне. Калегія Р. — рабінат — тлумачыць прадпісанні Талмуда, прыстасоўвае іх да сац. умоў, імкнецца кіраваць духоўным і паліт. жыццём нар. мас, практычна выконваць шэраг дзярж. функцый.

т. 13, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗДЫМНА́Е ЗЛУЧЭ́ННЕ,

спалучэнне дэталей у вузлах механізмаў, машын, прылад, апаратаў, збудаванняў, што дапускае разборку і зборку вузлоў без разбурэння дэталей. Асн. віды Р.з.: вінтавыя, балтавыя, зубчастыя, шпоначныя, клемавыя. Да Р.з. таксама адносяць некат. прэсавыя і клеявыя злучэнні, якія дапускаюць разборку без дэталей, напр., пры нагрэве.

т. 13, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)