АТМАСФЕ́РНАЯ ТУРБУЛЕ́НТНАСЦЬ,

асаблівасць рухаў паветраных патокаў, што маюць неўпарадкаваны характар на фоне агульнай цыркуляцыі атмасферы; адна з асн. уласцівасцяў атмасферы. Прычыны атмасфернай турбулентнасці — узнікненне паветраных віхраў рознага памеру. У выніку адбываецца хуткае перамешванне паветра, асабліва вертыкальнае, абмен цяплом, вільгаццю, аэразольнымі часцінкамі паміж асобнымі яго слаямі. Ад атмасфернай турбулентнасці залежыць сутачны ход ветру, формы воблакаў, асаблівасці ападкаў.

т. 2, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЭНЮА́ТАР (ад франц. atténuer змякчаць, памяншаць),

прыстасаванне ў электра-, радыётэхніцы і вымяральнай апаратуры, якое памяншае напружанне, сілу току і магутнасць эл.-магн. ваганняў. Адрозніваюць атэнюатары паглынальны (прынцып дзеяння заснаваны на паглынанні эл.-магн. энергіі ў правадніках і дыэлектрыках) і гранічны (выкарыстанне з’явы згасання эл.-магн. хваляў у радыёхваляводзе). Найпрасцейшы атэнюатар — дзялільнік напружання з пераменным рэзістарам (гл. Рэастат).

т. 2, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎРЭ́ЛІЙ ВІ́КТАР Секст (Sextus Aurelius Victor),

рымскі гісторык 4 ст. Нарадзіўся ў Афрыцы. У 361 быў намеснікам Ніжняй Паноніі, у 389 — гар. прэфектам Рыма. Каля 360 напісаў кароткую гісторыю імператараў ад Аўгуста да Канстанцыя II «Пра цэзараў» («De Caesaribus»). Пазней гэты твор уключаны ў «Кароткую вытрымку пра цэзараў», дзе звесткі даведзены да 395, аўтарам якой памылкова лічылі Аўрэлія.

т. 2, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТЫГЕ́ННЫЯ МІНЕРА́ЛЫ (ад грэч. authigenës мясцовага паходжання),

мінералы асадкавых горных парод, якія ўтварыліся ў працэсе седыментацыі і літагенезу. Аўтыгеннымі мінераламі з’яўляюцца розныя карбанаты, растваральныя солі, рудныя мінералы, барыт, цэлесцін, палявы шпат, цэаліты, некаторыя гліністыя мінералы. На Беларусі пашыраны ў пародах асадкавага чахла, складаюць саляныя і сульфатныя пароды дэвону Прыпяцкага прагіну (галіт, сільвін, карналіт, ангідрыт, гіпс і інш.).

т. 2, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХІЛІ́Я (ад а... + грэч. chylos сок),

адсутнасць салянай кіслаты і ферментаў у страўнікавым соку (ахілія страўнікавая) ці ферментаў у панкрэатычным соку (ахілія панкрэатычная). Абумоўлена прыгнечаннем дзейнасці залоз страўніка або недастатковасцю знешняй сакрэцыі падстраўнікавай залозы ў выніку іх першаснага пашкоджання або ўскоснага (пры інш. хваробах) парушэння функцый. Лечаць прэпаратамі падстраўнікавай залозы, ужываннем страўнікавага соку ў час яды, ліквідуюць першапрычыны ахіліі.

т. 2, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХМАДНА́ГАР,

феадальная дзяржава ў канцы 15—17 ст. ў Індыі. Заснавана намеснікам бахманідскага султана ў Джунары Малікам Ахмадам, які ў 1490 абвясціў сябе незалежным кіраўніком з тытулам нізамшаха. Назва дзяржавы ад сваёй сталіцы — г. Ахмаднагар (засн. Ў 1494). У канцы 16 — пач. 17 ст. Ахмаднагар вяла доўгія войны з Вялікімі Маголамі і ў 1636 падпарадкавана Шах-Джаханам.

т. 2, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШМЯ́НКА, Лебяжода,

рака ў Беларусі, у Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці і Навагрудскім раёне Гродзенскай вобл., правы прыток Кроманкі (бас. Нёмана). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 37 км². Пачынаецца каля в. Налібакі Стаўбцоўскага р-на, упадае ў Кроманку за 4 км на ПнУ ад в. Купіск Навагрудскага р-на.

Рака Ашмянка каля вёскі Маркуны Астравецкага р-на.

т. 2, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАПО́НІКА (ад аэра... + грэч. ponos работа), паветраная культура,

спосаб вырошчвання раслін у вільготным паветры без глебы або яе заменнікаў. Прапанаваны ў 1910 рус. вучоным У.​М.​Арцыхоўскім. Пры аэрапоніцы карані раслін перыядычна апырскваюць растворам пажыўных рэчываў, што значна зніжае матэр.-тэхн. затраты на іх вырошчванне. Выкарыстоўваецца ў прамысл. кветкаводстве і агародніцтве, у аранжарэях, цяпліцах, касм. караблях і інш.

т. 2, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРЭНХІ́МА (ад аэра... + грэч. enchyma налітае, тут — тканка), паветраносная тканка,

тканка розных органаў раслін, якая выконвае вентыляцыйную і часткова дыхальную функцыі. Аэрэнхіма — рыхлая мадыфікаваная парэнхіма з клетак рознай формы і міжклетнікаў, запоўненых паветрам. Характэрна для многіх балотных і водных раслін (гарлачыкаў, рдзестаў, чароту і інш.), памяншае іх удз. вагу, памагае трымацца на вадзе, назапашвае кісларод і вуглякіслы газ.

т. 2, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКАРА́ (ад назвы г. Бакара ў Францыі),

французская вытворчасць вырабаў з хрусталю. Узнікла ў 1816 на шкляной мануфактуры Сент-Ан (засн. каля 1766) у г. Бакара. Вядомасць набыла ў 2-й пал. 19 ст. тэхн. дасканаласцю пышных і багата ўпрыгожаных дробнай агранкай сервізаў і вазаў. Вырабы гэтай вытворчасці (існуе і цяпер) і сам тып дробнай агранкі таксама наз. бакарой.

т. 2, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)