УРА́Н,

сёмая па парадку ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, знак ⛢. Адносіцца да класа планет-гігантаў. Адкрыты ў 1781 У.Гершэлем.

Сярэдняя адлегласць ад Сонца 2,871 млрд. км. Перыяд абарачэння вакол Сонца 84,068 зямнога года, вакол восі 17 гадз 14 мін. Экватарыяльны дыяметр 51 118 км. Плоскасць экватара нахілена да плоскасці арбіты на 98° (вось вярчэння ляжыць амаль у гэтай плоскасці). Напрамак сутачнага вярчэння адваротны. Маса 8,686 10​25 кг (14,5 масы Зямлі). Сярэдняя шчыльнасць 1290 кг/м³, што сведчыць аб значным каменным ядры планеты. Састаў атмасферы: малекулярны вадарод (84%), гелій (14%), метан (2%). Альбеда атмасферы вялікае; паглынанне чырвоных прамянёў метанам у верхняй частцы атмасферы абумоўлівае сіне-зялёны колер У. пры візуальным назіранні. У. не мае магутных унутр. крыніц энергіі. Т-ра воблакаў у вобласці, дзе ціск роўны нармальнаму атмасфернаму на Зямлі (10​5 Па), каля -193 °C. Адсутнасць воблакаў у высокіх слаях атмасферы, у адрозненне ад інш. планет-гігантаў, абумоўлівае роўны колер без палос і віхраў. Магн. поле слабае. У. мае 21 спадарожнік (гл. Спадарожнікі планет). Выяўлены 10 кольцаў рознай шырыні і колеру на адлегласці ад 41 да 52 тыс. км ад цэнтра планеты.

Літ.:

Тейфель В.Г. Уран и Нептун — далекие планеты-гиганты. М., 1982;

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984;

Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Поиски и открытия планет. 2 изд. М., 1984;

Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986.

А.​А.​Шымбалёў.

Планета Уран.

т. 16, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРЭ́ЧЧА,

гарадскі пасёлак у Любанскім р-не Мінскай вобл., на р. Бярозаўка. За 24 км на ПнЗ ад г. Любань, 177 км ад Мінска; чыг. ст. на лініі Баранавічы—Асіповічы, аўтадарогамі злучана са Слуцкам, Любанню, Старымі Дарогамі. 3,6 тыс. ж. (2002).

Вядома з 1635, калі ў маёнтку У. Слуцкага княства ВКЛ адкрыта люстэркавая мануфактура, на базе якой дзейнічала Урэцкая шкляная мануфактура. Належала Алелькавічам, Радзівілам, у 18—19 ст. Вітгенштэйнам. У 18 ст. ва У. царква св. Мікалая, касцёл, сінагога. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка ў Горкаўскай вол. Бабруйскага пав. З 1830 у маёнтку працаваў бровар з паравым катлом і вадзяным рухавіком, у 1841—2 мануфактуры па вытв-сці люстэркаў, шклянога посуду і ліставога шкла, на месцы якіх у канцы 19 ст. адкрыты керамічныя майстэрні. У 1886—595 ж., 60 двароў. У пач. 20 ст. ва У. нар. вучылішча, царк.-прыходская школа, паштовае аддз., аптэка, пажарная дружына. У 1915 пабудавана чыг. станцыя на лініі Асіповічы—Слуцк. З 1924 мястэчка Слуцкага р-на, з 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939—5,6 тыс. ж З 28.6.1941 да 30.6.1944 акупіравана ням. фашыстамі, дзейнічала падп. патрыят. група. У жн. 1943 акупанты расстралялі 25 сем’яў удзельнікаў падп. групы. З 25.12.1962 у Любанскім р-не.

Працуюць Урэцкі спіртавы завод, з-д с.-г. прылад, прадпрыемства «Другасмет», хлебазавод; 2 сярэднія школы, 3 дашкольныя ўстановы, 3 б-кі, Дом культуры; бальніца, аптэка, 2 аддз. сувязі. Брацкая магіла партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну.

Н.​М.​Сіняк.

т. 16, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРМАКАЛО́ГІЯ (ад грэч. pharmakon лякарства + ...логія),

навука пра лекавыя сродкі і іх уплыў на арганізм; у шырокім сэнсе — навука пра фізіялагічна актыўныя рэчывы. Найважн. задача Ф. — пошук новых лек. сродкаў (у свеце зарэгістравана больш за 40 тыс. лякарстваў).

Цесна звязана з хіміяй. біяхіміяй, фізіялогіяй, паталогіяй і інш. З Ф. вылучыліся фармацыя, таксікалогія і інш. Падзяляецца на агульную (вывучае асн. заканамернасці і механізмы дзеяння хім. злучэнняў на жывыя арганізмы) і прыватную (хім. будова, фіз. -хім. ўласцівасці, усысанне, размеркаванне ў арганізме, метабалізм і інш. асобных лек. сродкаў).

На Беларусі лек. рэчывы са стараж. часоў выкарыстоўваліся народнай медыцынай. Сістэм. даследаванні пачаліся ў 1920-я г. і праводзяцца ў мед. ін-тах, ун-тах, мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, НДІ гематалогіі і пералівання крыві, НДІ санітарыі і гігіены, у шэрагу ін-таў Нац. АН Беларусі, у Рэсп. навукова-практычным цэнтры «Кардыялогія» і інш. Асн. кірункі даследаванняў у Ф.: вывучэнне прыродных і сінт. сродкаў, што ўплываюць на імунную, нерв., сардэчна-сасудзістую сістэмы, валодаюць процірадыяцыйным, процівірусным, проціпухлінным і інш. дзеяннем, павышаюць устойлівасць арганізма да недахопу кіслароду, ахоўваюць ад пашкоджання суставы і інш. Развіццю Ф. садзейнічалі працы бел. вучоных Я.Д.Белаенка, В.І.Вацякова, А.С.Захарэўскага, М.В.Караблёва, Б.Б.Кузьміцкага, П.І.Лукіенкі, Г.І.Сідарэнкі, В.І.Талапіна, К.С.Шадурскага, Б.​В.​Дубовіка, М.​К.​Кеўры і інш.

Літ.:

Катцунг Б.Г. Базисная и клиническая фармакология: Пер. с англ. Т. 1—2. М.; СПб., 1998;

Машковский М.Д. Лекарственные средства. Т. 1—2. 14 изд. Харьков, 2002.

І.​М.​Семяненя.

т. 16, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕДЭРА́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКІХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ у Аргенціне.

Створана ў маі 1939. Заснавальнікі: культ.-асв. т-ва «Грамада», бел. т-ва «Культура», Т-ва б-кі імя І.​Луцкевіча, бел. культ. т-ва «Белавежа». Паступова ў федэрацыю ўвайшло яшчэ 16 бел. эмігранцкіх арг-цый. Кіруючы орган — управа, якую ўзначальвалі М.​Мярэчка, У.​Гайлевіч, Я.​Пятрушак. Выдавала газ. «Эхо», з 1940 — «Белорусский иллюстрированный календарь». Члены бел. арг-цый, што ўваходзілі ў федэрацыю, займаліся на курсах ісп. мовы, вывучалі творы класікаў марксізму-ленінізму, удзельнічалі ў маст. самадзейнасці, антыўрадавых дэманстрацыях, мітынгах, забастоўках, уступалі ў Кампартыю Аргенціны. У пач. 2-й сусв. вайны пры федэрацыі створаны Бел. дэмакр. к-т, актывісты якога праводзілі кампаніі па зборы дабрачынных ахвяраванняў і адзення для адпраўкі ў СССР пад лозунгамі «На дапамогу сіротам», «За падзенне Берліна», «На будаўніцтва шпіталя «Мінск» і інш. Характэрная тэндэнцыя гэтага перыяду — паступовая русіфікацыя т-ваў. У сак. 1943 на 1-м Лацінаамерыканскім кангрэсе (Мантэвідэо, Уругвай), дзе прысутнічала 50 беларусаў з Аргенціны, быў утвораны Слав. саюз Аргенціны прасав., пракамуніст. арыентацыі. Пад яго ўплывам арг-цыі бел. эміграцыі пачалі страчваць сваю нац. адметнасць, змяняць назвы (бел. т-ва «Культура» стала «Бел. обществом им. Горького», Бел. культ. т-ва на Док Судзе — «Бел. обществом «Минск», Бел. т-ва ў Берыса — «Обществом Георгия Скорины» і гл.), узніклі новыя арг-цыі («Общество имени Л.​Толстого» і інш.). У 1945 федэрацыя далучылася да Слав. саюза Аргенціны. У 1949 у выніку асуджэння Слав. саюза Аргенціны як антыдзярж. арг-цыі Ф.б.а. забаронена аргенцінскімі ўладамі.

Т.​А.​Папоўская.

т. 16, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНА́НСАВАЯ ПАЛІ́ТЫКА,

састаўная частка эканамічнай палітыкі дзяржавы, накіраваная на мабілізацыю фін. рэсурсаў, іх рацыянальнае размеркаванне і выкарыстанне для ажыццяўлення дзяржавай яе функцый. Яна рэалізуецца праз рычагі і стымулы фін. механізму, асобая роля сярод якіх належыць падаткам, што забяспечваюць фарміраванне цэнтралізаваных даходаў. Функцыя рэгулявання выяўляецца пры размеркаванні сродкаў бюджэту дзяржаўнага на розныя мэты: капітальныя ўкладанні, развіццё сац. сферы, абарону, абслугоўванне дзярж. і ўнутр. доўгу і г.д. Фін. рэгулятарамі з’яўляюцца таксама ўмовы фарміравання і размеркавання фінансавых рэсурсаў, умовы крэдытавання, сістэмы спец. падатковых ільгот, рэгуляванне ўзроўнем заработнай платы, цэнамі, мытнае рэгуляванне і інш. інструменты фінансава-крэдытнай палітыкі. Адрозніваюць самаст. часткі Ф.п.: падатковую, бюджэтна-фінансавую і грашова-крэдытную. Падатковая палітыка рэалізуе інтарэсы дзяржавы праз забранне часткі валавога ўнутр. прадукту на агульна-дзярж. патрэбы, мабілізацыю гэтых сродкаў і іх пераразмеркаванне праз бюджэт. Падаткі ажыццяўляюць свае прызначэнне і функцыі ў адзіным бюджэтным працэсе, выконваючы фіскальную і стымулявальную функцыі. Бюджэтна-фінансавая палітыка звязана з размеркаваннем фонду грашовых сродкаў дзяржавы і яго выкарыстаннем па галіновым, мэтавым і тэр. прызначэнні. Выдаткі бюджэту цесна звязаны з яго даходамі. На канкрэтныя віды бюджэтных выдаткаў уздзейнічаюць фактары: прырода і функцыі дзяржавы, узровень сац.-эканам. развіцця, формы прадстаўлення бюджэтных сродкаў і г.д. Грашова-крэдытная палітыка складае аснову Ф.п.; арыентуецца на павышэнне ролі банкаўскага крэдыту і эфектыўнасць выкарыстання пазыковых сродкаў, гнуткі падыход да прадастаўлення крэдыту, фарміраванне банкаўскіх рэзерваў, фін. рынку, скарачэнне неабгрунтаванага перапампоўвання грошай са сферы безнаяўнага абарачэння ў наяўнае, канверсоўнасць грошай, рэарганізацыя ашчаднай і страхавой справы.

М.​Е.​Заяц.

т. 16, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАСІ́НТЭЗ (ад фота... + сінтэз),

утварэнне клеткамі вышэйшых раслін, водарасцей і некат. бактэрыямі арган. рэчываў з удзелам энергіі святла; працэс аўтатрофнага харчавання арганізмаў. Адзіны працэс, які прыводзіць да павелічэння свабоднай энергіі біясферы за кошт знешняй крыніцы — Сонца і забяспечвае існаванне раслін і гетэратрофных арганізмаў, у т. л. чалавека. З’яўляецца асновай для атрымання прадуктаў харчавання, кармоў, тэхн. сыравіны, а назапашаная ў яго прадуктах энергія (розныя віды паліва) — асн. крыніца энергіі для чалавецтва.

Адбываецца з дапамогай пігментаў (хларафілаў і інш.), што знаходзяцца ў хларапластах і храматафорах клетак. Аснова Ф. — акісляльна-аднаўленчы працэс, у якім электроны пераносяцца ад донара-аднаўляльніка (вада, вадарод і інш.) да акцэптара (напр., вуглякіслы газ) з утварэннем адноўленых злучэнняў (вугляводы) і выдзяленнем кіслароду (калі акісляецца вада). Адзін з асн. прадуктаў фотахім. светлавых стадый Ф., дзе назапашваецца энергія клеткі, — адэназінтрыфосфарная кіслата (АТФ).

Штогод на Зямлі ў выніку Ф. ўтвараецца 100 млрд. т. арган. рэчыва, назапашваецца каля 450×10​15 ккал энергіі, паглынаецца каля 170 млрд. т. вуглякіслага газу і выдзяляецца каля 115 млрд. т. свабоднага кіслароду. Састаў атмасферы, неабходны для жыцця на Зямлі, утварыўся і падтрымліваецца ў працэсах Ф. кругаваротам кіслароду, вугляроду і інш. элементаў. Ён прадухіляе павелічэнне канцэнтрацыі вуглякіслага газу ў атмасферы і перагрэў Зямлі (т.зв. парніковы эфект); выдзелены ў выніку фотахім. рэакцый кісларод неабходны для жыццядзейнасці арганізмаў. для аховы жывога ад ультрафіялетавага выпрамянення (кіслародна-азонавы экран атмасферы).

Літ.:

Фотосинтез: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1987;

Мокроносов А.Т., Гавриленко В.Ф. Фотосинтез: Физиол.-экол. и биохим. аспекты. М., 1992.

С.​С.​Мельнікаў.

т. 16, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРО́НДА (франц. fronde прашча),

грамадска-паліт. рух супраць абсалютызму ў Францыі ў 1648—53. Назвы «Ф.» і «франдзёры» яго ўдзельнікі прынялі з пагарды да 1-га міністра Францыі Дж.Мазарыні, які здзекліва параўнаў іх з падлеткамі, што дапякалі паліцыю стральбой з дзіцячых прашчаў (фронд). Ф. выклікана бедствамі Трыццацігадовай вайны 1618—48 і жорсткай падатковай палітыкай Мазарыні, якога падтрымлівала каралева-рэгентка пры малалетнім Людовіку XIV Ганна Аўстрыйская. На 1-м этапе Ф. (1648—49) Парыжскі парламент і звязаныя з ім колы буржуазіі аб’ядналіся ў барацьбе супраць абсалютызму з антыфеад. рухам нар. мас Парыжа. Спроба Мазарыні арыштаваць лідэраў апазіцыі выклікала ў Парыжы паўстанне 26—27.8.1648. Мазарыні паспешліва заключыў Вестфальскі мір 1648. Каралеўскія войскі да сак. 1649 трымалі Парыж у аблозе. У выніку кіраўнікі Ф. пайшлі на пагадненне з каралеўскім дваром. Т.ч. «Парламенцкая Ф.» скончылася, але ў пач. 1650 грамадскую апазіцыю абсалютызму ўзначалілі арыстакратычныя прыдворныя колы («Ф. прынцаў»), якія дамагаліся толькі выгад для сябе ў выглядзе грашовых выплат, пасад і інш. (адсюль выраз «франдзіраваць» — знаходзіцца ў няпоўнай, непрынцыповай апазіцыі). У 1651 франдзёры-арыстакраты дамагліся адстаўкі і высылкі Мазарыні, але неўзабаве ён вярнуўся з наёмнымі войскамі. Пачалася спусташальная міжусобная вайна, падчас якой «Ф. прынцаў» карысталася ваен. дапамогай Іспаніі. У 1652—53 каралеўскія войскі нанеслі шэраг паражэнняў франдзёрам і іспанцам. Адначасова Мазарыні шляхам падачак і ўступак дамогся прымірэння з большасцю знатных франдзёраў. Да сярэдзіны 1653 антыфеад. рух у Парыжы. Бардо і інш. месцах падаўлены. Паражэнне Ф. спрыяла ўстанаўленню ў наступныя гады неабмежаванага самадзяржаўя Людовіка XIV.

П.​А.​Тупік.

т. 16, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАСА́НСКІ КАНФЛІ́КТ 1938,

баявыя дзеянні паміж сав. і яп. войскамі ў раёне воз. Хасан (Прыморскі край, Расія, каля граніцы з Кітаем і Карэяй) 29.7—11.8.1938. Справакаваны яп. бокам. У канцы 1936 яп. ўрад падпісаў «Антыкамінтэрнаўскі пакт» з фаш. Германіяй і распрацаваў план «Оцу», які прадугледжваў акупацыю сав. Прымор’я. 15.7.1938 павераны ў справах Японіі ў Маскве патрабаваў вывесці сав. войскі з вышынь на З ад воз. Хасан. Сав. ўрад дакументальна пацвердзіў, што, паводле дадатку да Хуньчуньскага пагаднення ад 26.6.1886, гэта тэр. належыць Расіі, значыць, — СССР. Аднак у ноч на 29.7.1938 яп. войскі перайшлі граніцу і захапілі вышыню Безыменная. Сав. пагранічнікі і стралк. рота адкінулі ворага на тэр. Маньчжурыі (акупіравана Японіяй у 1931). 31.7.1938 яп. войскі большымі сіламі перайшлі граніцу і захапілі вышыні Безыменная і Заазерная. 6.8.1938 сав. войскі (каманд. камандарм 2-га рангу Р.​М.​Штэрн, каардынатар дзеянняў Маршал Сав. Саюза В.К.Блюхер) пры падтрымцы авіяцыі і артылерыі пачалі наступленне і да 9.8.1938 вызвалілі гэтую тэрыторыю. Баявыя дзеянні спынены 11.8.1938. За мужнасць 26 удзельнікам баёў прысвоена званне Героя Сав. Саюза, у т. л. беларусу А.С.Благавешчанскаму; сярод адзначаных інш. ўзнагародамі беларусы і ўраджэнцы Беларусі А.Р.Бацюня, А.Р.Галдовіч, Ф.А.Крыловіч, І.М.Мілавідаў, П.А.Пілютаў, М.Л.Аляксееў і інш.

Літ.:

История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 2. М., 1974;

Ежаков В.И. Герои Хасана. М., 1969;

Стрюченко И.Г. Об историографии хасанских событий 1938 г. // История СССР. 1990. № 5;

Катунцев В., Коц И. Инцидент: Подоплека хасанских событий // Родина. 1991. № 6/7.

Г.​Дз.​Бабусенка.

т. 16, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІМІ́ЧНАЯ ЗБРО́Я,

від зброі масавага знішчэння, дзеянне якой заснавана на выкарыстанні баявых атрутных рэчываў, таксінаў, фітатаксінаў. Уключае хім. боепрыпасы аднаразовага выкарыстання (артыл. снарады, авіяц. бомбы, міны, шашкі і інш.) і шматразовага (т. зв. хім. баявыя прылады — выліўныя авіяц. прылады, тэрмамех. і мех. генератары і інш.).

Сродкі дастаўкі Х.з.: авіяцыя, ракеты, артылерыя і інш. Паражальная дзейнасць Х.з. заснавана на таксічных уласцівасцях хім. злучэнняў, якія знаходзяцца ў парападобным, вадкім або аэразольным стане, могуць пранікаць у арганізм цераз органы дыхання, скурнае покрыва, слізістыя абалонкі, страўнікавы тракт. Х.з. можа быць выкарыстана для паражэння жывой сілы, заражэння мясцовасці, узбраення, баявой тэхнікі і розных тылавых аб’ектаў. Ад інш. відаў зброі адрозніваецца: высокай таксічнасцю, што дазваляе малымі дозамі выклікаць значныя страты ў стане праціўніка; вял. пранікальнасцю ў розныя збудаванні, ваен. тэхніку і інш.; складанасцю своечасовага выяўлення наяўнасці выкарыстання атрутных рэчываў, распазнавання іх тыпу, вызначэння тэрміну дзеяння і інш. Упершыню Х.з. (хлор) была выкарыстана ў 1-ю сусв. вайну герм. войскамі 22.4.1915 у раёне г. Іпр (Бельгія), пазней арміямі інш. дзяржаў.

Выкарыстанне Х.з. забаронена Жэнеўскім пратаколам 1925. У 1993 у Парыжы прынята канцэпцыя аб забароне распрацоўкі, вытв-сці, назапашвання і выкарыстання Х.з. і яе знішчэнні (уведзена ў дзеянне ў крас. 1997).

Літ.:

У Тан. Химическое и бактериологическое (биологическос) оружие и последствия его возможного применения: [Доклад на XXIV сессии Генеральной Ассамблеи ООН]. М., 1970;

Степанов А.А., Попов В.Н. Химическое оружие и основы противохимической защиты. М., 1962;

Херш С. Химическое и биологическое оружие: Пер. с англ. М., 1970.

І.​А.​Шор.

т. 17, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫНО́ЎНІЦТВА,

асобая прывілеяваная праслойка насельніцтва, якая знаходзіцца на цывільнай дзярж. службе і спецыялізуецца на кіраванні і справаводстве. На Беларусі тэрмін «Ч.» ўвайшоў у сталы ўжытак у канцы 18 ст. пасля яе ўключэння ў склад Рас. імперыі ў выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай. У гэты час на Беларусі сфарміравалася дзярж. бюракратыя як асобная сац. група, арганізаваная на рацыянальных прынцыпах падзелу працы з адпаведнай спецыялізацыяй і вызначанай сферай паўнамоцтваў, са строгай іерархіяй службовых месцаў і пасад, з фармалізаванай сістэмай правіл, інструкцый і спец. прынцыпамі прасоўвання па службовай лесвіцы.

У 1-й трэці 19 ст. большасць чыноўніцкага корпуса на Беларусі фарміравалася пераважна з выхадцаў з мясц. дробнай шляхты. Вышэйшыя і найб. адказныя пасады на губернскім узроўні займалі прысланыя з рас. губерняў чыноўнікі высокага рангу або мясц. буйныя землеўладальнікі. Пасля падаўлення паўстання 1863—64 склад дзярж. апарата на Беларусі радыкальна абноўлены за кошт асоб рус. паходжання. Сярод прыбылых на Беларусь чыноўнікаў пераважалі разначынцы. З разрастаннем дзярж. апарата стаў пашырацца доступ у яго выхадцам з мясц. сялянства. Пасля 1917 тэрмін «Ч.» страціў афіц. значэнне і практычна выйшаў з ужытку. Спосабы арганізацыі рас. Ч. скапіраваны з зах.-еўрап. узораў, пераважна з прускага. У 1722 Пётр I увёў Табель аб рангах — сістэму чыноў і рангаў, паводле якой існавалі 14 класаў, што адпавядалі вызначаным штатным пасадам. Заняць пасаду ў сістэме дзярж. кіравання было немагчыма, калі кандыдат не быў чыноўнікам, г.зн. не меў класнага чыну.

С.​М.​Токць.

т. 17, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)