АТМАФІ́ЛЬНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,

некаторыя хімічныя элементы атмасферы Зямлі. Паводле геахім. класіфікацыі элементаў да атмафільных элементаў адносяцца вадарод, азот і інертныя газы (гелій, неон, аргон, крыптон, ксенон і радон), якія ў атмасферы знаходзяцца ў стане свабодных атамаў або малекул. Кісларод належыць да літафільных элементаў (складае 47% літасферы).

т. 2, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАСЫ́ ПЕ́ЛЕ (ад імя Пеле — багіні агню ў стараж. гавайцаў),

тонкія бурыя ніткі вулканічнага шкла, якія ўтвараюцца ў выніку ўздзеяння моцных патокаў газаў і вятроў на фантаны вельмі вадкай лавы. Характэрныя для вывяржэнняў вулканаў на Гавайскіх а-вах. Назіраліся пры вывяржэннях Талбачынскай сопкі на Камчатцы.

т. 3, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСТ (перс.),

у звычаёвым праве Ірана права недатыкальнасці прыстанішча на тэр. свяшчэнных месцаў. Пашыраны ў мусульм. краінах Усходу звычай даваць прыстанішча ў мячэцях, грабніцах, дамах вышэйшых духоўных асоб. З 19 ст. права бест часам мелі памяшканні замежных пасольстваў, місій і інш. устаноў, якія карысталіся экстэрытарыяльнасцю.

т. 3, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАРКАВЕ́ННЕ,

працэс адкладання тлушчападобнага рэчыва суберыну ў абалонках клетак шматгадовых раслін. Характэрна для клетак покрыўных тканак — экзадэрмы і корку, якія ахоўваюць унутр. тканкі кораня і сцябла ад страты вільгаці і ваганняў т-ры. Корак не дае раслінам высыхаць і ахоўвае жывыя клеткі, спрыяе загойванню ран.

т. 1, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫНІ́ЧНАСЦЬ фатаграфічная,

здольнасць светлавога выпрамянення аказваць фатагр. ўздзеянне на святлоадчувальны матэрыял. Пры нязменным у часе выпрамяненні мерай адноснай актынічнасці з’яўляюцца адносіны асветленасцяў, утвораных у плоскасці фатагр. матэрыялу дадзенай крыніцай і крыніцай параўнання, якія пры аднолькавых экспазіцыях і хім.-фатагр. апрацоўцы даюць аднолькавы фатагр. эфект.

т. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА́Х (ад араб. ілах бажаство),

адзіны бог у ісламе. Паводле мусульманскага веравучэння Алах — творца ўсяго існага: неба, зямлі і чалавека, усемагутны валадар свету, гаспадар суднага дня; чалавек павінен яму пакарацца. Алаху прыпісваюць найлепшыя якасці, якія выказаны ў 99 эпітэтах (міласцівы, міласэрны, вялікі, мудры і інш.).

т. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІРДАЎЛА́Т (Амаснацы) (1420 або 1425 — 1496),

армянскі ўрач. Аўтар працы «Карысць медыцыны» (1469) пра анатамічныя, фізіялагічныя, гігіенічныя веды; таксама даецца апісанне хвароб, якія былі вядомы сярэдневяковай медыцыне. У працы «Непатрэбнае для невукаў» (1482) прыведзена каля 3000 назваў лек. сродкаў на 6 мовах у алфавітным парадку.

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСКА́К (цюрк.),

у сярэднія вякі прадстаўнік мангольскага хана, які кіраваў захопленай тэрыторыяй і меў шырокія паўнамоцтвы. На Русі з’явіліся ў сярэдзіне 13 ст., збіралі даніну, вялі ўлік насельніцтва, кантралявалі дзейнасць мясц. улады. Баскакі мелі ваен. атрады, якія душылі выступленні заваяванага насельніцтва супраць мангола-татарскага панавання.

т. 2, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТЫЯ́ЛЬНЫЯ АДКЛА́ДЫ,

акіянскія і марскія адклады, якія намнажаюцца на глыб. 200—3000 м, на мацерыковым схіле і часткова ў найб. глыбакаводных участках шэльфа. Займаюць каля 20% плошчы Сусветнага ак. Прадстаўлены тэрыгеннымі асадкамі (больш за 56%), разнастайнымі муламі (вапняковыя, крамяністыя) і інш. Гл. таксама Батыяль.

т. 2, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШО́Т I Багратуні

(?—890),

армянскі цар [885—890], заснавальнік дынастыі Багратыдаў. Узначаліў барацьбу за незалежнасць і аб’яднанне Арменіі. Разбіў араб. войска (880-я г.). У 886 араб. халіф і візант. імператар, якія сапернічалі паміж сабой, паслалі Ашоту I кожны па кароне, г. зн. прызналі незалежнасць Арменіі.

т. 2, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)