КАРАЧУ́Н,

у старажытных павер’ях беларусаў і інш. слав. народаў фантаст. істота, што ўвасабляла зіму і смерць. Часам К. называлі зімовы сонцаварот і звязанае з ім свята, пазней стаў увасабленнем толькі смерці. На Беларусі К. лічылі злым духам, які скарачаў жыццё, выклікаў сутаргі, раптоўную смерць у маладым узросце. Павер’і пра К. захоўваліся да пач. 20 ст.

т. 8, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРН (ням. Kern),

1) у прыладабудаванні — стальны стрыжань (вось), што выкарыстоўваецца ў рухомых частках механізмаў эл. вымяральных прылад. 2)У тэхналогіі механічнай апрацоўкі — пункт, нанесены кернерам пры разметцы загатоўкі. 3)У геалогіі — цыліндрычны слупок горнай пароды, які атрымліваюць у выніку калонкавага свідравання. Служыць для геал. пошуку і разведкі радовішчаў, даследавання будовы зямной кары і інш.

т. 8, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПРА,

высушаны алеісты эндасперм арэхаў какосавай пальмы. Белыя ці жаўтаватыя кавалачкі таўшчынёй 6—12 мм, пакрытыя скуркай. Мае ў сабе ў сярэднім (у %): вады 5,8, тлушчу 67, вугляводаў 16,5, бялку 8,9. Гарачым прасаваннем з К. атрымліваюць легкаплаўкі алей (tпл 20—27 °C), які выкарыстоўваюць для вырабу какосавага алею, маргарыну, мыла. Макуха — каштоўны корм для жывёл.

т. 8, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ЙЧЫ,

пасада ў ВКЛ і Польшчы. Да 13 ст. прыдворны, які пасля падрыхтоўкі стала стольнікам наразаў стравы для свайго пана. У ВКЛ вядомы з 15 ст. У Рэчы Паспалітай ВКЛ і Польшча мелі асобных вялікіх К. У паветах былі пасады К. земскіх. У 16 ст. К. — ганаровае званне (тытул) без пэўных абавязкаў.

т. 8, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЯБІЁНТЫ [ад крыя... + біёнт(ы)],

пастаянныя жыхары вельмі халодных месцаў (на або ў снезе ці лёдзе, у талых водах і інш.). Да іх адносяцца некаторыя аднаклетачныя водарасці, напр., хіянафілы (раслінны жгуціканосец, які можа афарбоўваць снег або лёд у чырв. колер, снегавая хламідаманада), падснежнікі, некаторыя чэрві, насякомыя (снежныя блохі Colembola і інш.), антарктычная рыба трэматомус, аўцабык і інш.

т. 8, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЙ,

у старажытнакітайскай міфалогіі пачвара ў выглядзе аднаногага бязрогага попельна-сіняга быка, які мог хадзіць па паверхні мора, выклікаць моцны вецер і лівень. У некаторых помніках К. — аднаногі дракон або дух дрэў і камянёў, што жыве ў гарах. Пазней вобраз пачвары К. злучаны з Куем, што загадваў музыкай пры міфічным правіцелі Шуні.

т. 8, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮРЫ́ ПУНКТ,

тэмпература фазавага пераходу, звязаная са скачкападобнымі зменамі сіметрыі магн. або эл. уласцівасцей рэчыва. Пры т-рах, больш высокіх за К.п., ферамагнетыкі і сегнетаэлектрыкі страчваюць свае спецыфічныя ўласцівасці і пераўтвараюцца ў парамагнетыкі і звычайныя дыэлектрыкі адпаведна (К.п. у антыферамагнетыкаў наз. Нееля пунктам). Названы ў гонар П.Кюры, які вывучаў такі пераход у ферамагнетыках.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПЦЕВА ДЗМІ́ТРЫЯ ПРАЛІ́Ў У Паўночным Ледавітым ак. паміж в-вам Вялікі Ляхаўскі і паўн. узбярэжжам мацерыка Азія (Расія). Злучае моры Лапцевых і Усх.-Сібірскае. Даўж. 115 км, шыр. 50—61 км, глыб. 11—16 м. Большую ч. года пад лёдам. Названы ў гонар удзельніка Вял. Паўн. экспедыцыі 18 ст. Дз.Я.Лапцева, які адкрыў праліў у 1740.

т. 9, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВІЯФА́Н,

у біблейскай міфалогіі вялізная марская пачвара ў выглядзе кракадзіла, змея ці дракона, здольная ўскіпяціць увесь акіян. У Бібліі (Старым Запавеце) узгадваецца як прыклад (разам з бегемотам) недаступнасці спасціжэння боскага тварэння, або ў якасці варожай Богу магутнай істоты, якая сімвалізуе першабытны хаос, які ён перамагае напачатку светаўтварэння. У пераносным сэнсе — нешта вялізнае і пачварнае.

т. 9, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАСЕ́КА,

участак лесу, прызначаны для высечкі. Сукупнасць Л. пэўнага года складае лесасечны фонд, у які ўваходзяць Л. высечак гал. і прамежкавага карыстання (гл. Лесакарыстанне). Форма і памеры Л., парадак чаргавання і тэрміны прымыкання, напрамак высечкі залежаць ад катэгорыі лесу, лесараслінных умоў і пераважных відаў дрэў. Разліковая Л. — магчымы памер гадавога гал. або прамежкавага карыстання.

т. 9, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)