ІНТЭГРА́ТАР,
1) механічная прылада для вылічэння некаторых інтэгралаў (напр., момантаў інерцыі, плошчаў плоскіх фігур). Гл. таксама Планіметр.
2) Тое, што інтэгравальнае прыстасаванне.
т. 7, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРБО́Н [ад лац. carbo (carbonis) вугаль],
тое, што каменнавугальная сістэма (перыяд). Тэрмін уведзены англ. геолагамі У.Конібірам і У.Філіпсам у 1822.
т. 8, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАКАЛЬКУЛЯ́ТАР,
партатыўная мікра-ЭВМ індывідуальнага карыстання, якая выконвае арыфм. дзеянні і вылічвае элементарныя функцыі па зададзеных значэннях аргументаў; тое, што электронны калькулятар.
т. 10, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАН... (грэч. pan усё), першая састаўная частка складаных слоў, што абазначае «які адносіцца да ўсяго», «які ахоплівае ўсё», напр., панарама., панбіясфера, пандэмія.
т. 12, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́ЦІ ў раслін,
травяністыя парасткі, што сцелюцца па зямлі, часам укараняюцца (напр., у агурка, гарбуза, кавуна). Адрозніваюцца ад сталонаў больш кароткімі міжвузеллямі.
т. 12, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКА́Т у металургіі,
прадукцыя пракатнай вытворчасці — метал. вырабы, што атрымліваюцца гарачай і халоднай пракаткай (лісты, палосы, стужкі, рэйкі, бэлькі, трубы і інш.).
т. 12, с. 545
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
статут,
збор законаў у 14-18 ст; звод нарматыўна-прававых правіл арганізацыі; палажэнне пра што-небудзь; назва заканадаўчых актаў у некаторых краінах.
т. 15, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАНСІРО́ЎКА,
ураўнаважванне вярчальных частак у машынах і механізмах. Праводзіцца гал. ч. для ліквідацыі (зняцця) іх неўраўнаважанасці (дысбалансу), дынамічных нагрузак, што дзейнічаюць на апоры хуткавярчальных дэталяў машын (ротараў, каленчатых валоў і інш.) і прыводзяць да заўчаснага іх зношвання. Балансіроўка заключаецца ў вызначэнні масы і месца прыкладання процівагаў.
Адрозніваюць дынамічную балансіроўку, што выконваецца на балансіровачным станку пры наданні вярчэння дэталі, якая балансуецца, і статычную, калі дэталь ураўнаважваюць адной процівагай у адвольна выбранай плоскасці, зыходзячы з таго, каб цэнтр цяжару дэталі ляжаў на восі вярчэння.
т. 2, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУШЫ́НА (peritoneum),
серозная абалонка, што высцілае сценкі брушной і тазавай поласцей і ўкрывае паверхню размешчаных у ёй органаў у чалавека і пазваночных жывёл; тонкая празрыстая пласцінка. Агульная плошча брушыны чалавека 1,6—2,04 м², таўшчыня — 0,7—1,1 мм. Складаецца з валакністай злучальнай тканкі, высланай плоскімі клеткамі мезатэлію. Паверхня брушыны гладкая, увільгатняецца серознай вадкасцю, што палягчае слізгаценне кішэчніка ў час перыстальтыкі і рух інш. органаў брушной поласці. Брушына мае ахоўную функцыю — паглынае і знішчае бактэрыі. Утварае брыжэйку і сальнік Запаленне брушыны — перытаніт.
т. 3, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМНЕЗІ́Я (ад а... + грэч. mnesis успамін),
адсутнасць успамінаў, аслабленне памяці. Нармальная амнезія ў першыя 3 гады жыцця дзіцяці абумоўліваецца недаразвіццём кары галаўнога мозга, паталагічная амнезія бывае пры псіх. хваробах, траўмах галавы, атручэннях і парушэннях свядомасці. Пры частковай амнезіі з памяці выпадаюць некат. віды і ўяўленні, пры рэтраграднай — падзеі пэўнага часу (гадзіны, дні, месяцы), якія папярэднічалі хваробе. Пры антэраграднай амнезіі забываюцца падзеі, што адбыліся пасля хваробы ці вострага парушэння свядомасці, а пры амнезіі, якая прагрэсіруе, забываецца найперш тое, што было нядаўна.
т. 1, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)