БЕЛАРУ́СЫ,

нацыя, асноўнае насельніцтва Беларусі. Складае 7904 тыс. чал. (перапіс 1989), 77,4% насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Значная частка беларусаў жыве па-за межамі Беларусі, у т. л. ў Расіі 1052 тыс. (1989), на Украіне 406 тыс., у Польшчы больш за 200 тыс., Казахстане 182 тыс., Латвіі 112 тыс., Літве 58 тыс., Эстоніі 23 тыс. чал.; у краінах Зах. Еўропы, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш., паводле розных ацэнак, жыве ад 300 тыс. да 2 млн. беларусаў (гл. Дыяспара беларуская). Гавораць на беларускай мове, якая адносіцца да слав. групы індаеўрап. моўнай сям’і. Разам з рускімі і ўкраінцамі належаць да ўсх. славян. Антрапалагічны тып — сярэднееўрап. варыянт еўразійскай (еўрапеоіднай) расы. Тэрыторыя іх кампактнага рассялення ў межах Беларусі займае 207,6 тыс. км² і ахоплівае басейны верхняга Дняпра, Сажа, Зах. Дзвіны, Нёмана, Прыпяці і часткова Зах. Буга.

Археалагічныя даследаванні сведчаць, што ўжо ў 5—8 ст. тэр. Беларусі насялялі слав. плямёны, з якімі генетычна звязаны саюзаплемянныя і раннефеад. этнапалітычныя супольнасці 9—10 ст. — крывічы, дрыгавічы, радзімічы, часткова валыняне, драўляне і севяране. Працэс іх рассялення на Беларусі суправаджаўся міжэтнічнымі кантактамі з мясц. балцкімі плямёнамі (гл. Балты), якія ў асноўным былі асіміляваны, а часткова (у зах. абласцях) склалі змешаныя балта-слав. групы. У межах Кіеўскай Русі (канец 9 — пач. 11 ст.) пачалі складвацца феад. адносіны, узнікаць класы, гарады, фарміравацца стараж.руская народнасць, прынята хрысціянства. З 10 ст. землі Беларусі ўваходзілі ў склад Полацкага, Тураўскага, часткова Смаленскага, Чарнігаўскага княстваў; да 12 ст. з іх вылучыліся Пінскае, Мінскае, Друцкае, Заслаўскае, Навагрудскае і інш. княствы.

Фарміраванне і развіццё беларускай народнасці. У 13—14 ст. землі і княствы Беларусі ўвайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Полацкая, Новагародская, Віцебская землі, а таксама Слуцкае, Кобрынскае, Мсціслаўскае і інш. княствы мелі ў ВКЛ пэўную сац.-эканам. і юрыдычна-прававую аўтаномію. У складзе адзінай дзяржавы спыніўся працэс іх феад. драблення, што садзейнічала стварэнню агульнай этнічнай тэрыторыі беларусаў. Сацыяльна-эканам., паліт., дэмаграфічныя і этнакультурныя фактары абумовілі пашырэнне этнасацыяльных сувязей паміж рознымі тэрытарыяльнымі часткамі Беларусі і ўнутрыэтнічную кансалідацыю. На працягу 15—16 ст. у ВКЛ павялічылася колькасць гарадоў і мястэчак, узмацніліся гандл. сувязі паміж імі, вырасла доля гандл.-рамесніцкага насельніцтва, павысілася таварнасць і прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі, праведзены адм.-тэр. і аграрна-гасп. рэформы; кадыфікацыя і уніфікацыя дзярж. юрыд. нормаў завяршылася складаннем Статутаў Вял. княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588. Пасля аб’яднання з Польшчай у федэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую ВКЛ захоўвала паліт. аўтаномію, свой урад, юрыд. правы, войска, фінансы і інш., што ў пэўнай меры стрымлівала польскі ўплыў на бел. і літ. народы. Аднак з таго часу ўзмацніліся працэсы паланізацыі і акаталічвання. Для бел. сялянства і гараджан асн. каштоўнасцю была этнагенетычная спадчына, якая аб’ядноўвала розныя тэрытарыяльныя групы беларусаў на аснове агульнасці іх гіст. лёсу, культуры, мовы, рэлігіі. Значную ролю адыгрывалі фактар кампактнага рассялення беларусаў і іх дэмаграфічнае становішча (бел. землі складалі большасць тэр. ВКЛ, а насельніцтва — асн. этнічны масіў). Беларусы складалі значную частку насельніцтва і ў гарадах этнічнай Літвы — Троках, Коўне, сталіцы ВКЛ Вільні. Дамінуючае дэмаграфічнае становішча беларусаў у межах ВКЛ і высокі ўзровень развіцця іх культуры вызначылі поліэтнічны характар пашырэння іх мовы. Старабел. мова («руськая») была афіцыйнай дзярж. мовай ВКЛ, сродкам зносін паміж усх.-слав. насельніцтвам і літоўцамі-аўкштайтамі, жмудзінамі, латгаламі і больш дробнымі этнічнымі групамі (татары, яўрэі, цыганы, караімы і інш.).

У перыяд складвання бел. народнасці этнакансалідуючую функцыю адыгрываў і канфесіянальны фактар. Большасць усх.-слав. насельніцтва ВКЛ да 16 ст. вызнавала праваслаўе. Гэтага веравызнання трымалася таксама частка насельніцтва этнічнай Літвы і Жмудзі. Пасля дынастычнага саюзу ВКЛ і Польшчы (гл. Крэўская унія 1385) на землях Літвы і Беларусі пачало пашырацца каталіцтва, у 16 ст. ў сувязі з еўрап. рэфармацыйным рухам — пратэстантызм (лютэранства, кальвінізм і інш.), а пасля Брэсцкай уніі 1596 — уніяцтва. Праваслаўныя цэрквы Беларусі, Украіны і Літвы, пераведзеныя ва уніяцтва, трапілі пад духоўную ўладу рымскага пантыфікату і ўспрынялі асн. догматы каталіцызму. Наступ каталіцтва і уніяцтва выклікаў у большасці правасл. насельніцтва незадаволенасць і пратэст. Найб. глыбока паланізацыя пранікла ў самасвядомасць, матэрыяльную і духоўную культуру пануючых класаў Беларусі. У 17 ст. большая палова бел. шляхты спавядала каталіцкую ці уніяцкую веру, карысталася польскай мовай, прытрымлівалася агульнасаслоўных стэрэатыпаў ладу жыцця і паводзін (напр., панібрацтва). Усе этнастваральныя фактары, што садзейнічалі складванню бел. народнасці ў 14—16 ст., у цэлым мелі аб’яднальную тэндэнцыю. Жыхары абшчыны сваю супольнасць звычайна вызначалі агульным сельскім ці валасным этніконам, які паходзіў ад назвы сяла ці цэнтра воласці. У межах паветаў, княстваў, зямель, ваяводстваў насельніцтва аб’ядноўвалася вакол гарадоў і мястэчак у т.зв. зямляцтвы (напр., мазыране, палачане, мсціслаўцы, случане і інш.). Зямляцкія этнонімы былі ўстойлівыя і ў самой Беларусі, і за яе межамі. У 14—16 ст. значна пабольшала роля працэсаў этнагенетычнай кансалідацыі і агульнадзярж. інтэграцыі. Пра гэта сведчыць пашырэнне этнонімаў «русіны» і «літвіны». Руссю (рус. землямі) у той час называлі ўсх. і цэнтр. тэр. Беларусі. Кампактны арэал назвы «літвіны» бытаваў пераважна ў раёнах Вілейкі, Смаргоні, Ашмян, Крэва, Маладзечна, Ліды і інш. (т.зв. Павілейская Літва). Але ў 16—17 ст. «Літвой» і «літвінамі» называлі ўсё насельніцтва ВКЛ. Канкрэтна беларусаў называлі «літвіны рускага роду», «літвіны рускай веры», «літвіны-беларусцы», «літоўскія беларусы», што адлюстравана і ў гіст. дакументах (напр., бел. першадрукар і асветнік Ф.​Скарына называў сябе палачанінам, русінам і літвінам).

Розныя ўзроўні працэсаў этнічнага формаўтварэння, саслоўна-класавая і канфесіянальная дыферэнцыяцыя адбіліся на складванні бел. народнасці, на разнастайнасці формаў і элементаў яе культуры і побыту. Асаблівасцю гарадоў і мястэчак Беларусі быў іх хуткі рост. У канцы 16 ст. іх было больш за 300, а іх жыхары складалі каля 16—20% насельніцтва. Многія з іх мелі магдэбургскае права. Павялічвалася маёмаснае, прававое і саслоўнае размежаванне іх насельніцтва. Да асобных катэгорый належалі духавенства і арыстакратыя. Іншаэтнічнае насельніцтва часта не ўваходзіла ў катэгорыю мяшчан, а аб’ядноўвалася ў свае абшчыны з асобнымі правамі і прывілеямі.

Асн. масу насельніцтва Беларусі 14—16 ст. складалі сяляне. Яны падзяляліся на дзяржаўных і прыватнаўласніцкіх. У выніку аграрнай рэформы — валочнай памеры, праведзенай у ВКЛ у 16 ст., саслоўна-сац. і гасп.-эканам. арганізацыя сялянства змянілася і стала складацца з трох асн. катэгорый: слугі, асадныя сяляне і цяглыя сяляне.

Асн. збожжавай культурай было жыта; сеялі таксама авёс, ячмень, проса, пшаніцу і інш. Былі пашыраны агародныя і садовыя культуры. З землеапрацоўчых прылад пераважала саха для парнай запрэжкі. Пры ляднай (падсечна-агнявой) сістэме апрацоўкі зямлі сяляне карысталіся матыкамі, баронамі, сукаваткамі, смыкамі. Збожжавыя культуры сеялі ўручную з сявенькі-лубянкі, жалі сярпом, малацілі цапамі, веялі зерне веялкай-шуфлікам, малолі на муку або абдзіралі на крупы. Павелічэнне плошчы ворных зямель суправаджалася ўзнікненнем новых пасяленняў. Іх памеры, характар узнікнення і інш. асаблівасці адлюстраваліся і ў назвах-вызначэннях. Побач з вядомымі са старажытнасці назвамі сяло, сяльцо, весь, вёска, пагост з 15 ст. пачалі сустракацца слабада. воля, вольта, засценак, селішча. Асн. тыпам планіроўкі новых пасяленняў быў вулічны, што адпавядаў дзярж. плану забудовы. Існавала таксама бессістэмная, або кучавая, забудова. Асноўным тыпам жылля была зрубная хата з двума памяшканнямі (хата + сенцы). Вядома і трохкамернае жыллё (святліца + сенцы + жылое або гасп. памяшканне). Дах накрывалі саломай, дранкай, гонтай. Печы рабілі з комінам або без яго (курная хата). Вокны былі невялікія, іх закрывалі засаўкай, бычыным пухіром, прамасленай паперай, зрэдку шклом. Жылыя дамы заможнай шляхты былі значна большыя, шматкамерныя, часам двухпавярховыя.

Пэўныя асаблівасці мела архітэктура гарадоў і мястэчак, якія паступова набывалі урбанізаваны тып, набліжаны да зах.-еўрапейскіх традыцый горадабудаўніцтва. У іх павялічвалася колькасць мураваных пабудоў (найбольш у зах. абласцях). Мураванымі былі пераважна абарончыя (замкі, крэпасці) і культавыя (цэрквы, касцёлы), радзей жылыя, бытавыя і адм. пабудовы.

Да 16 ст. адносіцца з’яўленне пэўных відаў адзення, якія пазней увайшлі ў традыц. бел. нар. касцюм. Асновай жаночага і мужчынскага касцюма заставалася кашуля (сарочка). Мужчынскі гарнітур дапаўняўся паясным (штаны, споднікі), плечавым (кафтан) і верхнім (кажух, армяк, даламан) адзеннем. У жаночы гарнітур уваходзіла плечавое і паясное адзенне (андарак, панёва, фартух, летнік, спадніца), розныя галаўныя ўборы (хустка, рантух, плахта, каптур, чапец, магерка, капялюш), а таксама паясы, кашалькі, упрыгожанні. З даўніх часоў на Беларусі бытаваў скураны абутак. Для сял. асяроддзя характэрнымі былі і лапці, пашытыя са скуры або сплеценыя з лыка.

Аснову харч. рацыёну насельніцтва 14—16 ст. складалі прадукты земляробства, агародніцтва, жывёлагадоўлі. Дадатковымі крыніцамі былі паляўніцтва, рыбалоўства, бортніцтва. З напіткаў спажывалі мёд, квас, піва і інш. (гл. таксама Беларускія народныя стравы).

Фальклор беларусаў перыяду фарміравання народнасці меў тыя самыя жанры і элементы, што і ў папярэднія стагоддзі: песні, магічныя заклінанні, звязаныя з язычніцкай абраднасцю, галашэнні, быліны, казкі, легенды, загадкі. Узнік і новы эпічны жанр — гіст. песні і паданні, гал. тэмай якіх была барацьба народа з іншаземнымі захопнікамі, а таксама з уласнымі прыгнятальнікамі. Шырока бытавалі лірычныя песні. Зліццём язычніцкіх і хрысц. элементаў характарызаваліся многія абрады і звычаі, звязаныя з каляндарна-аграрнымі святамі і сямейна-бытавой абраднасцю. Гл. таксама Народная паэтычная творчасць.

Традыцыі перадаваліся ў спадчыну з пакалення ў пакаленне ў рамках сям’і. Тагачасныя сем’і падзяляліся на малыя (шлюбная пара і іх дзеці) і вялікія (бацькоўскія і брацкія родзічы 2—3 пакаленняў, сваякі, якія мелі агульную маёмасць, вялі сумесную гаспадарку і лічыліся адным «дымам»). Распараджальнікам і галавой сям’і быў бацька, а ў выпадку яго смерці — маці (пры адсутнасці дарослага сына). Сямейна-бытавыя адносіны рэгламентаваліся звычаёвым правам і дзярж. сямейным правам.

Са стараж. часоў на Беларусі былі вядомы школы. Яны існавалі пераважна пры манастырах і цэрквах, з 16 ст. — пры брацтвах (гл. Брацкія школы). Пры ордэнах езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў існавалі калегіумы. Адукацыя гар. насельніцтва была звязана з агульнаеўрап. традыцыямі. Разам з тым духоўная культура і грамадская думка беларусаў у 14—16 ст. мелі свае асаблівасці. У той час узнікала бел.-літоўскае летапісанне (гл. «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», Хроніка Быхаўца). Вяршыняй тагачаснай бел. культуры стала гуманістычная дзейнасць Ф.Скарыны, які ў перакладзе на старабел. мову выдаў Біблію (Прага, 1517—19). Яго паслядоўнікі С.Будны, В.Цяпінскі і інш. былі актыўнымі дзеячамі бел. Рэфармацыі. З жыццём і побытам беларусаў знаёміў еўрап. чытача адзін з выдатных паэтаў эпохі Адраджэння М.Гусоўскі. Вострыя праблемы грамадска-паліт. жыцця ўзнімалі М.Сматрыцкі, Л.Карповіч, С.Зізаній, Афанасій Брэсцкі і інш. З 16 ст. вядомы школьны тэатр, папулярнымі ў народзе былі лялечны тэатр батлейка, бел. харавыя песні-гімны — канты і псалмы. Склалася адметная беларуская іканапісная школа, дасягнулі росквіту драўляная скульптура і разьба па дрэве, беларуская рэзь стала шырока вядома за межамі Беларусі. Узнікла своеасаблівая архітэктура: Мірскі, Навагрудскі, Лідскі, Крэўскі замкі, Мураванкаўская і Сынковіцкая цэрквы-крэпасці і інш.

Асн. вынікам дзейнасці комплексу сац.-эканам., паліт., этнічных працэсаў 14—16 ст. на Беларусі стала складванне самаст. этнасацыяльнай супольнасці феад. тыпу — бел. народнасці і яе асн. этнічных прыкмет — мовы, культуры, самасвядомасці.

Цяжкім і складаным у гісторыі беларусаў быў перыяд 17—18 ст. Шматлікія войны з суседзямі і паміж магнатамі прывялі да сац.-эканам. крызісу Рэчы Паспалітай, які скончыўся яе падзеламі (1772, 1793 і 1795) паміж суседнімі дзяржавамі. Абвастрэнне нац.-класавых, рэлігійных і інш. супярэчнасцей выклікалі ўздым вызв. войнаў і антыфеад. паўстанняў. У выніку войнаў, голаду і эпідэмій рэзка зменшылася колькасць насельніцтва, што негатыўна паўплывала на развіццё бел. народнасці. Бел. шляхта на працягу 17—18 ст. ў асноўнай масе была паланізавана. Сялянства, частка гараджан, ніжэйшага і сярэдняга духавенства, дробнай і часткова сярэдняй шляхты актыўна супраціўлялася паланізацыі, што забяспечвала этнаэвалюцыйнае развіццё бел. народа. Дыферэнцыяцыя бел. культуры на культуру нар. мас і пануючых саслоўяў набывала ярка выражаную этнічную накіраванасць, калі менавіта народ захоўваў традыцыйнасць этнавызначальных прыкмет этнасу.

У 17—18 ст. на ПнУ і У Беларусі, сумежных тэр. Смаленшчыны і Пскоўшчыны стабілізавалася назва Белая Русь, вядомая з 14 ст., паступова ў шырокі ўжытак увайшлі паняцці «беларускі край», «беларускія гарады», «беларуская мова», «беларуская вера» (уніяцтва). Канфесіянальны склад заставаўся стракатым. Падтрымка каралеўскім дваром і магнатамі каталіцкай царквы садзейнічала пашырэнню на Беларусі розных каталіцкіх ордэнаў (дамініканцаў, езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў, кармелітаў і інш.), якія актыўна падтрымлівалі уніяцтва. Да канца 18 ст. католікі складалі каля 15%, уніяты 70%, праваслаўныя 6%, іудзеі 7%, пратэстанты і інш. 2% насельніцтва Беларусі. Палітыка акаталічвання і паланізацыі закранула і мову. У 1696 на канфедэрацыі Рэчы Паспалітай прынята рашэнне, паводле якога агульнадзярж. мовай абвяшчалася польская. Гэтыя і інш. неспрыяльныя сац.-паліт. фактары пагоршылі ўмовы развіцця духоўнай культуры бел. народа.

І.​У.​Чаквін.

Фарміраванне беларускай нацыі. Драматычныя падзеі апошняй трэці 18 ст. шмат у чым прадвызначылі далейшы лёс бел. этнасу. Устанаўленне паліт. улады рас. царызму садзейнічала захаванню і нават узмацненню феад. прыгону. Сельская гаспадарка Беларусі знаходзілася ў крызісным стане. За 1796—1858 насельніцтва Беларусі павялічылася на 27% і складала 3,3 млн. чал. Вял. страты панесла Беларусь у час Айчыннай вайны 1812. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя прыкметы нац. кансалідацыі. У Віленскім ун-це ў канцы 1810-х г. М.Баброўскі і І.Даніловіч паклалі пачатак збіранню і публікацыі помнікаў бел. пісьменства 16—17 ст., садзейнічалі абуджэнню цікавасці да гіст. мінулага сярод студэнтаў — сяброў таварыстваў філаматаў і філарэтаў.

Развіццё бел. этнасу ў пач. 19 ст. характарызавалася не толькі працэсам фарміравання нац. самасвядомасці, але і іншаэтнічным асіміляцыйным уздзеяннем. Пры патуранні царскай адміністрацыі паланізацыя і акаталічванне карэннага насельніцтва ў канцы 18 — пач. 19 ст. нават узмацніліся. Тэарэтычным абгрунтаваннем гэтай дзейнасці сталі працы польскіх даследчыкаў С.​Ліндэ, Л.​Галамбёўскага, А.​Дамбоўскага, А.​Нарушэвіча, якія разглядалі беларусаў як этнагр. групу польскага народа. Пасля задушэння паўстання 1830—31 у дзярж. і навуч. установах замест польскай мовы ўводзілася руская. Полацкі царкоўны сабор 1839 абвясціў «уз’яднанне» уніятаў з пануючай праваслаўнай царквой. Гэта выклікала супраціўленне многіх вернікаў, асабліва на ПнЗ Беларусі. Пачалося афармленне тэорыі заходнерусізму, паводле якой беларусы лічыліся не самастойным этнасам, а адгалінаваннем рус. народа. Этнагр. асаблівасці, якія адрознівалі беларусаў ад рускіх, тлумачыліся польскім уплывам і падлягалі знішчэнню для аднаўлення нібыта «спрадвечна рускага характару краю». Заходнерусізм стаў ідэалогіяй і формай самасвядомасці часткі праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і дваран.

У 1840—50-я г. сярод шырокага кола мясц. інтэлігенцыі павялічылася цікавасць да гіст. мінулага Беларусі, вывучэння фальклору і побыту карэннага насельніцтва. З польскамоўнага літ. руху вылучылася т.зв. беларуская школа, творчасць прадстаўнікоў якой была прысвечана Беларусі. Асобныя творы Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, У.Сыракомлі былі напісаны на бел. мове, а ў Я.Дуніна-Марцінкевіча яна стала асноўнай. У 1840-я г. А.Абрамовіч зрабіў першыя спробы стварэння нац. музычных твораў. У 1852 пастаўлена першая бел. опера «Сялянка» («Ідылія», муз. С.​Манюшкі і К.​Кжыжаноўскага, лібрэта Дуніна-Марцінкевіча). Самасвядомасць і творчасць гэтага кола інтэлігенцыі не заўсёды мелі ясна акрэслены нац. змест, але аб’ектыўна яны стваралі аснову бел. нацыянальнай мастацкай культуры. У цэлым развіццё нац. кансалідацыі слаба закранула этнас. Літвінамі сябе па-ранейшаму называлі жыхары Гродзенскага, Ваўкавыскага, Слонімскага, часткова Слуцкага пав. У Віленскай губ., Мінскім, Дзісенскім, Барысаўскім пав. літвінамі называлі толькі католікаў, а праваслаўных — беларусамі. Зах. Беларусь, як і раней, называлі Літвой, а этнічную Літву — Жмуддзю, Самагіціяй. Саманазва «беларусы» была найб. пашырана ў «гістарычнай Беларусі» — Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Смаленшчыне, але яна мела пераважна тапанімічны характар. Захоўваліся шматлікія этніконы тыпу віцебцы, магілёўцы, гомельцы, пінчукі, бужане. Большасць памешчыкаў, 92% якіх былі католікамі, лічылі сябе палякамі. Многія з іх захоўвалі элементы мясц. («літоўскага», ці «беларускага») патрыятызму, які ў пач. 1860-х г. набыў нацынальна-паліт. і асветніцкі характар. У 1862 мінскі маршалак А.​Аскерка выдаў у Варшаве бел. лемантар. Дробная шляхта сваю этнічную прыналежнасць звязвала з канфесіянальнай: католікі лічылі сябе палякамі, праваслаўныя — рускімі. Аналагічным чынам вызначалі сябе мяшчане. Этнічнае самавызначэнне інтэлігенцыі залежала гал. чынам ад яе паліт. арыентацыі, але большая частка аддавала перавагу польскай дэмакр. культуры. І толькі сярод нешматлікага кола дэмакр. інтэлігенцыі сфарміравалася ўяўленне пра тое, што беларусы валодаюць усімі ўмовамі для самастойнага развіцця і маюць на тое ўсе правы. Лідэрам гэтай групы стаў К.Каліноўскі. Яго публіцыстыка ў газ. «Мужыцкая праўда» сведчыла пра спеласць нац. руху. У час паўстання 1863—64 на Вілейшчыне па патрабаванні сялян былі адкрыты бел. школы. Паражэнне паўстання адмоўна адбілася на развіцці бел. этнасу. Лепшыя прадстаўнікі дэмакр. інтэлігенцыі загінулі, многія сасланы ў Сібір. Царская адміністрацыя ўстанавіла на Беларусі ваенна-паліцэйскі рэжым. Руская мова заняла пануючае становішча ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Было забаронена друкаваць бел. кнігі лацінкай.

Сялянская рэформа 1861 абумовіла пазітыўныя зрухі ў эканам. развіцці Беларусі. Вял. значэнне мела будаўніцтва густой сеткі чыгунак. Эканам. становішча сялян палепшылася. Вынікам гэтага стаў хуткі рост колькасці насельніцтва. За 40 паслярэформенных гадоў колькасць жыхароў падвоілася. У 1897 на Беларусі жыло 6,5 млн. чал.

У 1868 у Пецярбургу ўзнікла асветніцкая арг-цыя «Крывіцкі вязок». Далейшае развіццё нац. руху было звязана з народніцкай ідэалогіяй. У канцы 1870-х — пач. 1880-х г. у Пецярбургу была створана група «Гоман» — першая паліт. самастойная арг-цыя бел. нац. інтэлігенцыі, якая выдавала час. «Гомон», інш. выданні. У 2-й пал. 1880-х г. у Мінску ўзнікла група ліберальнай інтэлігенцыі (М.В.Доўнар-Запольскі, У.З.Завітневіч, А.І.Слупскі, Я.Лучына і інш.), якая імкнулася абудзіць нац. самасвядомасць легальнымі сродкамі. Для гэтага выкарыстоўвалася першая прыватная на Беларусі газ. «Минский листок», а таксама выдадзеныя ў 1889—93 календары. Яшчэ большы ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці зрабіла творчасць Ф.Багушэвіча. Яго прадмова да «Дудкі беларускай» з’явілася сапраўдным маніфестам нац. адраджэння (гл. таксама Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух).

Вял. значэнне мела дзейнасць шматлікіх збіральнікаў і даследчыкаў фальклору, лінгвістаў, этнографаў. Іх публікацыі пераканаўча сведчылі, што беларусы з’яўляюцца самастойным этнасам, а не «сапсаванымі» рускімі ці палякамі.

На працягу 2-й пал. 19 ст. ў этнічнай самасвядомасці беларусаў адбыліся істотныя змены. Паводле перапісу 1897, 74% насельніцтва Беларусі лічылі роднай мовай беларускую. Да беларусаў сябе адносілі каля 43% саслоўя дваран. Роднай мовай беларускую лічылі 40% чыноўнікаў, 10% юрыстаў, 20% урачоў, 29% паштова-тэлеграфных служачых, 60% настаўнікаў. Сярод сялянства назва «беларусы» выцесніла большасць лакальных этніконаў. Тэрмін Беларусь замацаваўся за ўсёй этнічнай тэрыторыяй беларусаў. Аднак саманазва «беларус» яшчэ не мела агульнаэтнічнага і нац. зместу. Таму поруч з ім ужываліся канфесіянізмы («рускія», і «палякі»), а жыхары паўн.-заходняй і цэнтр. часткі Беларусі нярэдка называлі сябе «тутэйшымі».

Нац. рух, які ўступіў у новы перыяд свайго развіцця, меў сацыяліст. характар. У 1903 створана Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Паскорыўся працэс фарміравання бел. прафесійнай мастацкай культуры. Узніклі бел. выдавецтвы «Загляне сонца і ў наша аконца» ў Пецярбургу, «Наша ніва», «Наша хата» і «Палачанін» у Вільні і інш. З’явіліся перыяд. выданні: газеты «Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», «Беларус», часопісы «Лучынка», «Саха», «Крапіва», альманах «Маладая Беларусь». Характэрнай рысай усёй бел. нацыянальнай культуры было абуджэнне агульнаэтнічнай самасвядомасці.

Вял. ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці як сістэмы навук. поглядаў зрабілі працы Я.​Ф.​Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22), артыкулы Доўнар-Запольскага, матэрыялы перапісу 1897, працы В.Ластоўскага, асабліва яго «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Вядучую ролю ў пашырэнні нац. самасвядомасці адыгрывала прэса, у першую чаргу газ. «Наша ніва», рэдакцыя якой стала арганізацыйным цэнтрам усяго нац. руху. Важнай формай папулярызацыі нац. культуры сталі бел. вечарынкі, што арганізоўваліся ў Вільні, Гродне, Полацку, Карэлічах, а таксама ў Пецярбургу, Варшаве, Тамбове і інш. Развіццю нац. культуры спрыяла кадыфікацыя бел. мовы. У 1908—10 былі спробы стварэння прыватных бел. школ.

Галоўным арэалам кансалідацыі бел. нацыі сталі цэнтр. і паўн.-зах. часткі Беларусі (Лідскі, Дзісенскі, Ашмянскі, Вілейскі, Гродзенскі, Ваўкавыскі, Слонімскі, Навагрудскі, Слуцкі і Мінскі пав.). Менавіта сярэднебел. гаворкі, асабліва іх паўн.-зах. група, склалі дыялектную аснову бел. літаратурнай мовы. На пач. 20 ст. нац. самасвядомасць стала характэрнай рысай прадстаўнікоў практычна ўсіх класаў і сац. слаёў грамадства, што сведчыла пра завяршэнне фарміравання бел. нацыі як самаст. этнасацыяльнага арганізма.

П.​У.​Церашковіч.

Развіццё беларускай нацыі ў 20 ст. Першая сусв. вайна, Лютаўская і Кастр. рэв. 1917, грамадз. вайна, герм. і польск. акупацыі паставілі бел. народ на мяжу выжывання. У выніку страт на франтах і сярод мірнага насельніцтва ў часы ваен. дзеянняў і акупацый, эпідэмій, бежанства, эміграцыі з 7,5 млн. чал., што жылі на Беларусі ў 1914, на канец 1917 засталося 6,9 млн., а на пач. 1921 — 6,7 млн. чал. Радыкальныя змены ў паліт. сітуацыі пацягнулі за сабой трансфармацыю звыклых стэрэатыпаў, фарміраванне якасна новых уяўленняў аб сабе і суседзях. Важным крокам на шляху да бел. дзяржаўнасці было абвяшчэнне 25.3.1918 Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). 1.1.1919 Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі абнародаваў Маніфест аб утварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Фактар дзяржаўнасці адыграў вял. этнафарміравальную ролю. У лют. 1919 БССР была аб’яднана з Літвой у Літоўска-Беларускую ССР. 31.7.1920 Беларусь зноў абвешчана незалежнай рэспублікай. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 зах. тэр. Беларусі з насельніцтвам больш за 4 млн. чал. засталася пад уладай Польшчы. Прымусовае адарванне Заходняй Беларусі стрымлівала этнічную кансалідацыю беларусаў. З пераходам да мірнага будаўніцтва, стварэннем СССР паступова вырашаліся нац. і культ. праблемы, пачалася беларусізацыя, якая прадугледжвала пашырэнне сферы ўжывання бел. мовы, вылучэнне на ключавыя пасады мясц. кадраў, развіццё нац. культуры.

Станаўленне новай школы ішло пераважна на роднай мове. На 15.12.1927 у БССР з 5510 школ 4573 былі беларускія. Працавалі таксама рус., яўр., укр., польск., лат., літ., ням. і інш. школы. Існавалі і школы змешанага тыпу: бел.-рус., бел.-польскія, бел.-яўр., рус.-яўр. і інш. Раўнапраўнымі дзярж. мовамі лічыліся бел., рус., польская і яўрэйская. Справаводства ў парт., дзярж., грамадскіх установах і арг-цыях пераводзілася на бел. мову. У станаўленні нац. адзінства пэўную ролю адыграла вышэйшая школа, у т. л. БДУ, Бел. ін-т сельскай і лясной гаспадаркі, Віцебскі ветэрынарны ін-т і інш. У 1929 на аснове Інстытута беларускай культуры створана Акадэмія навук Беларусі. Працэсу кансалідацыі спрыяла развіццё прафесійных формаў культуры беларусаў. На рэв. хвалі з нар. глыбінь у л-ру прыйшлі маладыя пісьменнікі і паэты. Узніклі літ. аб’яднанні («Узвышша», «Полымя», «Маладняк»), якія адыгралі прыкметную ролю ва ўздыме нац. свядомасці. Стварэнне бел. прафесійных тэатраў (Першы БДТ у 1920, Другі БДТ у 1926) стала стымулам для развіцця бел. драматургіі. Бел. мастакі, апрача нац. выставак, дэманстравалі свае творы ў Маскве, Лейпцыгу, Лос-Анжэлесе. У бел. кіно вядучае месца адводзілася гіст.-рэв. фільмам. Развівалася прафесійная музыка, аснову якой складалі нар. мелодыі. Палітыка беларусізацыі дала магутны імпульс для росквіту нац. культуры, абудзіла духоўныя сілы народа. У працэсе культурнай рэвалюцыі назіраліся супярэчлівыя тэндэнцыі, выкліканыя ігнараваннем інтарэсаў пэўных грамадскіх плыняў. Істотныя страты беларусам прычынілі прымусовая калектывізацыя і звязаныя з ёй высылкі за межы Беларусі заможных сялян. Калектывізацыя пакінула глыбокі след у духоўным жыцці беларусаў: разбураліся многія нар. традыцыі, звычаі, абрады, якія складваліся стагоддзямі. Гіпертрафіраваных памераў дасягнула антырэліг. прапаганда: закрываліся і рабаваліся цэрквы, знішчаліся многія арх. і гіст. помнікі. З канца 1920-х г. пачалася кампанія па выкрыцці т.зв. нацыяналдэмакратызму. Да «нацдэмаў» найперш адносілі пісьменнікаў і паэтаў сял. паходжання. Ахвярамі беззаконня сталі таксама вядомыя вучоныя, дзеячы мастацтва, настаўнікі і інш. (гл. Рэпрэсіі палітычныя ў СССР).

І ўсё ж бел. л-ра і мастацтва набывалі жанравую разнастайнасць і займалі пачэснае месца ў агульнасаюзнай і еўрапейскай культуры. У пач. 1930-х г. у БССР уведзена ўсеаг. абавязковае навучанне (пачатковае ў вёсцы, сямігадовае ў горадзе), у асноўным была ліквідавана непісьменнасць (паводле перапісу 1939 было 80,81% пісьменных). У 1938 працавала 7132 школы, у якіх вучылася больш за мільён дзяцей.

Складаным працэсам на Беларусі была індустрыялізацыя. У выніку хуткіх тэмпаў прамысл. развіцця БССР з аграрнай ператварылася ў індустрыяльна-аграрную рэспубліку. У працэсе тэхн. пераўзбраення нар. гаспадаркі мяняліся побыт і матэрыяльная культура беларусаў: традыц. касцюм паступова страчваў функцыі этнічнай прыкметы, традыц. прылады працы паступова выцясняліся машынамі. Замест шматлікіх вёсачак, засценкаў, хутароў узнікалі калгасныя пасёлкі, заснаваныя на нетрадыцыйных прынцыпах гасп. планавання. Пачалася планамерная забудова і рэканструкцыя гарадоў.

У Зах. Беларусі, якая да 1939 знаходзілася ў межах Польшчы, на нац. працэсы ўплывалі супярэчлівыя тэндэнцыі этнасац. развіцця. З аднаго боку, нарастала польска-каталіцкая каланізацыя «ўсходніх крэсаў», з другога — абуджэнне нац. самасвядомасці беларусаў. Запаволенае яе эканам. развіццё і слабая урбанізацыя былі адной з прычын кансервацыі традыц. культуры беларусаў. Важным паліт. актам, які станоўча паўплываў на развіццё бел. народа, было ўз’яднанне беларусаў у адзінай рэспубліцы (1939).

Працэсы ўнутранай кансалідацыі бел. этнасу перапыніла Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. За гады акупацыі гітлераўцы разбурылі і зруйнавалі на Беларусі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак, правялі больш за 140 карных аперацый, у час якіх спалілі 628 вёсак разам з жыхарамі. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі. Вайна выклікала вял. міграцыі насельніцтва: у першыя месяцы вайны з тэр. Беларусі эвакуіравана 1,5 млн. чал.; больш за мільён беларусаў змагаліся на франтах, больш за 440 тыс. партызан і падпольшчыкаў вялі барацьбу на акупіраванай ворагам тэрыторыі (гл. Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну).

Пасля вайны ўнутрыэтнічная кансалідацыя бел. этнасу набірала сілу. У перыяд аднаўлення нар. гаспадаркі адраджаліся традыц. промыслы і рамёствы. Да канца 1950-х г. з дапамогай усёй краіны Беларусь аднавіла свой эканам. патэнцыял. Аднак толькі праз 30 гадоў яна дасягнула даваен. колькасці насельніцтва.

З 1960-х г. з разгортваннем навукова-тэхн. прагрэсу, інтэнсіўным развіццём урбанізацыі і міграцыі, ростам адукацыйнага патэнцыялу насельніцтва адбываліся глыбокія структурныя зрухі ў эканам., паліт., сац. і духоўным абліччы беларусаў. Унутраная кансалідацыя этнасу спалучалася з нарастаннем інтэграцыйных працэсаў. Тэмпы эканам. развіцця Беларусі былі вышэйшыя за сярэднія паказчыкі ў СССР. Павялічылася ўраджайнасць с.-г. культур, прадукцыйнасць жывёлагадоўлі. Індустрыяльнае аблічча рэспублікі сталі вызначаць працаёмкія і навукаёмкія галіны прамысловасці. Хуткі рост прам-сці паўплываў на рост міграцыйных працэсаў і тэмпы урбанізацыі. У гарадах Беларусі жыве 68,6% яе насельніцтва (на 1.1.1995). Міграцыя з вёсак найб. актыўнай і адукаванай іх часткі, масавы прыток сельскіх жыхароў у гарады пэўным чынам паўплывалі на этнічныя працэсы, на аблічча гараджан (73% ад гараджан склалі беларусы). Вяскоўцы прыносілі ў гар. лад жыцця бел. традыцыйную культуру: песні, танцы, абрады, звычаі.

Пад уплывам навук.-тэхн. прагрэсу адбываюцца змены ў матэрыяльнай культуры народа. Бел. нар. адзенне знайшло сваё ўвасабленне ў сцэнічным і абрадавым касцюме. Традыцыі нар. творчасці выкарыстоўваюцца ў мадэліраванні сучаснага адзення. У асобных нас. пунктах захоўваюцца нар. промыслы і рамёствы.

Значныя змены адбываюцца ў жыллёвым буд-ве, ва ўпарадкаванні сельскіх і гар. паселішчаў. Сельскае жыллё развіваецца па 2 кірунках: удасканальванне традыц. тыпаў і забудова вёскі шматпавярховымі дамамі і катэджамі. Аднак пераважае традыц. жыллё: 73% жыллёвага фонду сельскіх нас. пунктаў прыпадае на індывід. хаты. Будуюцца ў вёсках цагляныя і шлакабетонныя дамы; на змену саламянаму даху прыйшлі чарапіца, гонта, бляха, шыфер.

Ідзе інтэнсіўная трансфармацыя інтэр’ера (вылучэнне пакояў, наяўнасць фабрычнай мэблі, хатняй бібліятэкі і інш.).

Пэўнай традыцыйнасцю вылучаецца нац. кухня беларусаў. Па-ранейшаму аддаецца перавага жытняму хлебу, штодзень на стале ў беларусаў бывае бульба ў розных варыянтах. Як і раней, пашыраны стравы з круп. Аднак і ў харчаванні адбыліся пэўныя змены: больш спажываецца мясных і малочных прадуктаў, яек, цукру; параўнальна менш хлеба і бульбы. Стравы, якія раней гатавалі на свята, сталі паўсядзённымі. У той жа час такія стравы, як дранікі, калдуны, бабка, мачанка, пераходзяць на святочны стол і служаць свайго роду этнічнай прыкметай бел. кулінарыі.

Пазітыўныя змены адбыліся і ў духоўнай культуры беларусаў. Ажыццяўляецца ўсеагульная сярэдняя адукацыя. За 1970—90 колькасць нац. інтэлігенцыі падвоілася. Сярод спецыялістаў з вышэйшай адукацый, што працуюць у нар. гаспадарцы, беларусы складаюць 61% (1974), колькасць студэнтаў беларусаў павялічылася да 70,7% (1989). Калі ў 1970 на 1 тыс. беларусаў, што працавалі ў нар. гаспадарцы, прыпадала 40 чал. з вышэйшай і 515 з сярэдняй адукацыяй, то ў 1989 — адпаведна 115 і 774 чал. Беларусы прадстаўлены ва ўсіх групах інтэлігенцыі. Сярод дактароў навук беларусаў 47%, сярод кандыдатаў — каля 50%. Адметнай рысай самасвядомасці беларусаў стала прафесійная культура (літаратура, мастацтва). Яна заняла моцныя пазіцыі ў перадачы этнічных ведаў.

Вялікае значэнне ва ўмацаванні агульнаэтнічнага адзінства набылі тэлебачанне, радыё, друк, якія знаёмяць з багатай спадчынай беларусаў, іх гісторыяй, культурай. У абрадавым жыцці беларусаў ідуць складаныя, супярэчлівыя працэсы. Абраднасць выцясняецца за межы сям’і. Паралельна з працэсам арганізаванага ўкаранення новай абраднасці ідзе актывізацыя абрадавай творчасці нар. мас. Ступень захаванасці нац. самабытнасці найб. высокая ў абрадах, звязаных з жыццём сям’і (радзіны, вяселле, пахаванне). У апошнія дзесяцігоддзі заўважаецца адраджэнне каляндарных свят (провады зімы, гуканне вясны, зажынкі, дажынкі, Купалле), а з 1990-х г. агульнанац. святамі сталі Каляды, Вялікдзень, Дзяды.

Неадназначныя працэсы ідуць і ў моўнай сферы беларусаў. Перапіс 1959 зафіксаваў павелічэнне колькасці беларусаў, якія лічаць бел. мову роднай. Аднак з 1970 працэнт такіх людзей памяншаўся. Мацнейшыя арыентацыі на бел. мову ў сельскай мясцовасці. Больш трывала яна ўтрымлівалася ў сферы чытання, менш — ва ўнутры- і міжнац. зносінах. Патэнцыяльнае валоданне роднай мовай у беларусаў больш высокае, чым яе фактычнае выкарыстанне. Ва ўмовах інтэнсіўнай адаптацыі беларусаў да індустрыяльна-урбанізаванага асяроддзя, інтэрнацыяналізацыі ладу жыцця змяніліся адносіны ў выкарыстанні бел. і рус. моў на карысць апошняй. У выніку нац. свядомасць часткі беларусаў стала абапірацца на мову не як на аб’ектыўную прыкмету, а як на этнічны сімвал. Матэрыялы спец. даследаванняў і перапісаў сведчаць, што нац. самасвядомасць беларусаў абапіраецца на 2 мовы: беларускую і рускую. Масавае двухмоўе стала ўстойлівай з’явай, што пацвердзіў рэферэндум 1995. Руская мова адносіцца да найбольш пашыраных у свеце моў, валодае высокім інфармацыйна-камунікатыўным патэнцыялам, з’яўляецца роднаснай беларускай мове, што і вызначае яе шырокае выкарыстанне беларусамі.

Інтэнсіфікацыя этнакультурных кантактаў, рост нац. змешаных сем’яў, інтэрнацыяналізацыя працоўных калектываў ідзе на фоне нац. цярпімасці і суправаджаецца пэўнай мадыфікацыяй этнасу. У выніку кансалідацыйных працэсаў устойліва замацаваўся ў якасці агульнаэтнічнай назвы этнонім «беларусы». У іншанац. асяроддзі беларусы выступаюць як адзіная нац. агульнасць.

У этнічнай гісторыі беларусаў 1970—80-я г. адзначаны развіццём эканомікі, культуры, своеасаблівай раўнавагай (балансам) інтарэсаў розных нац. і сац. сіл, умацаваннем нац. самасвядомасці. Аднак у канцы 1980 — пач. 1990-х г. заўважаюцца негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы, дэмаграфічным развіцці (павялічваецца смяротнасць, зніжаецца нараджальнасць), у культуры этнасу, экалогіі (найперш Чарнобыльская катастрофа 1986).

Канец 20 ст., як і яго пачатак, стаў пераломным у гісторыі беларусаў, калі на эвалюцыйны шлях развіцця вял. ўплыў аказвалі паліт. і сац. зрухі. 27.7.1990 сесія Вярх. Савета БССР прыняла Дэкларацыю «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі», якой 25.8.1991 нададзены статус канстытуцыйнага закону. Пасля распаду СССР глабальныя паліт. змены адбыліся і на Беларусі. На 1990-я г. прыпадаюць змены ў культурна-гіст. самасвядомасці беларусаў: умацоўваецца рэліг. самасвядомасць і прыналежнасць чалавека да пэўнага этнасу, а ўтварэнне менавіта сваёй бел. дзяржаўнасці спрыяе развіццю этнакансалідуючых тэндэнцый.

Гісторыя сведчыць, што беларусы на працягу свайго шматвяковага шляху стварылі і захавалі багатую, самабытную і унікальную культуру, якая ўвайшла ў сусветную цывілізацыю, паказалі мужнасць і гераізм, цярпенне і працавітасць, міласэрнасць і ўменне жыць у добрасуседстве. Гэта дае надзею на будучае, што і ў 3-м тысячагоддзі беларусы не страцяць свайго «твару», знойдуць сваё месца ў шматколернай сусветнай супольнасці народаў.

Літ.:

Гл. пры арт. Беларусь.

Г.​І.​Каспяровіч.

т. 3, с. 5

Да арт. Беларусы. Свінцовая пячатка Усевалада Яраславіча з Полацка. 11 ст.
Да арт. Беларусы. Карта Вялікага княства Літоўскага і Белай Русі Г.​Баплана. Каля 1654.
Да арт. Беларусы. Дзяўчынкі са Случчыны. Пач. 20 ст.
Да арт. Беларусы. Дзяўчына ў святочным уборы. Вёска Колкі Клецкага р-на Мінскай вобл.
Неглюбскія ручнікі. Вёска Неглюбка Веткаўскага раёна.
Хата ў вёсцы Старое Сяло Веткаўскага раёна.
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыя сектара «Цэнтральная Беларусь».
Крыжы з аброчнымі тканінамі на могілках у Чарнобыльскай зоне.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬ,

горад, цэнтр Гомельскай вобл. і раёна. За 301 км ад Мінска. Вузел чыгунак (напрамкі на Жлобін, Калінкавічы, Чарнігаў, Шчорс, Навазыбкаў) і аўтадарог. Порт на р. Сож. Аэрапорт. 501 тыс. ж. (1997).

Гісторыя. Летапісныя назвы Гомель, Гомій, Гомін, Гомь, Гомье. Узнік у канцы 1-га тыс. н. э. пры ўпадзенні р. Гомій (Гамяюк) у Сож на зямлі радзімічаў. Археал. раскопкамі тут выяўлены матэрыялы эпохі неаліту і бронзавага веку, мілаградскай, зарубінецкай, калочынскай культур, гар. ўмацаванні 9—11 ст., рэчы 10—13 ст. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1142 як уладанне чарнігаўскага князя. У 12 ст. барацьбу за Гомель вялі чарнігаўскія, кіеўскія і ноўгарад-северскія князі. З 1161 уладанне Ольгавічаў. У 1-й пал. 13 ст., магчыма, спалены мангола-татарамі. Каля 1335 далучаны да ВКЛ, уладанне Патрыкія Нарымунтавіча і яго нашчадкаў. У канцы 14 ст. ўпамінаецца сярод кіеўскіх гарадоў. У 1406—19 Гомелем кіравалі велікакняжацкія намеснікі, пазней належаў кн. Свідрыгайлу, беглым серпухаўскаму і бароўскаму кн. Васілю Яраславічу і мажайскаму кн. Івану Андрэевічу, з 1483 сыну апошняга. У вайну Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500 — 03 заняты рус. войскамі, якія ўмацавалі горад і Гомельскі замак. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37 зноў у ВКЛ, цэнтр Гомельскага староства (гл. Гомельская воласць). З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. У сярэдзіне 16 ст. адыгрываў важную ролю ў абароне паўд.-ўсх. зямель ВКЛ ад набегаў крымскіх татар. У Лівонскую вайну 1558—83 Гомель ненадоўга заняты войскамі Івана IV Грознага, у маі 1581 вытрымаў аблогу царскіх войск, у 1595 захоплены атрадам паўстанцаў С.​Налівайкі. У час вызваленчай вайны ўкраінскага народа 1648—54, антыфеадальнай вайны 1548—51 казацкія атрады Галавацкага і М.​Нябабы пры падтрымцы мясц. жыхароў у 1648 і 1649 займалі Гомель. У 1651 зноў абложаны казакамі (гл. Гомеля аблога 1651). У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 заняты казацкім войскам І.​Н.​Залатарэнкі. З 1667 у складзе Рэчы Паспалітай, належаў М.​К.​Радзівілу, потым Чартарыйскім. У 1670 атрымаў магдэбургскае права. У час Паўн. вайны 1700—21 у Гомелі размяшчаліся рус. войскі пад камандаваннем А.​Д.​Меншыкава (1706). З 1772 у Рас. імперыі. З 1773 цэнтр Гомельскага павета Рагачоўскай правінцыі, з 1777 мястэчка Беліцкага павета, з 1852 горад, цэнтр павета Магілёўскай губ. Належаў П.​А.​Румянцаву-Задунайскаму, з 1836 І.​Ф.​Паскевічу-Эрыванскаму. У 1775 — 5 тыс. ж., у 1858 — 14 тыс. ж. У 1854 да Гомеля далучаны заштатны горад Новая Беліца як прадмесце. У 1856 зацверджаны гар. герб: у верхняй частцы выява двухгаловага арла, у ніжняй — рысі на блакітным полі. У 1897 — 36,8 тыс. ж. У 1890-я г. ўзнік першы ў горадзе с.-д. гурток. Напярэдадні рэвалюцыі 1905—07 аформіліся гомельскія арг-цыі РСДРП, Бунда, Гомельскі к-т партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Па маштабах рэв. руху Гомель займаў адно з першых месцаў у царскай Расіі. У снеж. 1905 дзейнічаў Гомельскі камітэт дэлегатаў. У 1-ю сусв. вайну адбылося Гомельскага перасыльнага пункта паўстанне 1916. 19.3.1917 утвораны Гомельскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 1.3.1918 да 14.1.1919 акупіраваны ням. войскамі. Паводле дагавора Укр. цэнтр. рады з герм. камандаваннем Гомель уключаны ў склад новаўтворанай Палескай губ. Украіны; ваен. ўлада належала герм. камендатуры, Цывільная — камісару Укр. цэнтр. рады, павятоваму старасту, з 17.12.1918 — Гомельскай дырэкторыі. Пасля Гомельскай забастоўкі 1918—19 (гл. Гомельскія забастоўкі 1918—19) улада 6.1.1919 перададзена ВРК. У сак. 1919 у горадзе адбыўся стракапытаўскі мяцеж 1919. З крас. 1919 Гомель — цэнтр Гомельскай губерні ў складзе РСФСР, з 1926 у БССР; у 1926—31 і з 1937 цэнтр Гомельскага раёна, у 1926—30 — Гомельскай акругі, з 15.1.1938 — Гомельскай вобласці. У першыя дні Вял. Айч. вайны створаны Гомельскі полк народнага апалчэння (гл. Гомеля абарона 1941). З 19.8.1941 да 26.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія знішчылі ў гар. турмах, 5 лагерах смерці і 4 гета больш за 100 тыс. чал. Дзейнічала Гомельскае патрыятычнае падполле і Гомельскае камсамольска-маладзёжнае падполле. Вызвалены ў ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. Пасля вызвалення ў Гомель пераехалі ЦК КП(б)Б, СНК БССР. У 1959 — 168 тыс. ж., у 1979 — 383 тыс. ж. У сувязі з невырашэннем праблем, звязаных з Чарнобыльскай катастрофай 1986, адбылася Гомельская забастоўка 1990.

Гаспадарка. У 1-й пал. 19 ст. Гомель стаў набываць прамысл. аблічча. Дзейнічалі з-д па вырабе свечак, шкляная мануфактура, 2 ткацкія ф-кі, цукр. з-д Паскевіча (1839), сальна-свечачны з-д Школьнікава (1840), крупадзёрка (1853), некалькі канатна-вяровачных і лесапільных прадпрыемстваў. У 1850 праз Гомель пракладзена шаша Пецярбург—Кіеў і першая ў Расіі тэлегр. лінія Пецярбург—Севастопаль. Пракладзены чыг. лініі Гомель—Бабруйск (1873) і Гомель—Рамны (1874) Лібава-Роменскай чыгункі, лініі Гомель—Лунінец (1886) і Гомель—Бранск (1887) Палескіх чыгунак. У выніку Гомель стаў важным чыг. вузлом, звязаным з Украінай, Польшчай, Прыбалтыкай, Масквой, Пецярбургам і інш. прамысл. цэнтрамі Расіі. У канцы 19 — пач. 20 ст. Гомель — буйны прамысл. цэнтр Беларусі. Тут існавала больш за 40 прадпрыемстваў, асн. частка іх перапрацоўвала мясц. сыравіну: 9 лесапільных ф-к (гл. Гомельскія лесапільныя фабрыкі), запалкавая ф-ка «Везувій» (400 рабочых у 1913, гл. Гомельскі фанерна-запалкавы камбінат), 4 маслабойныя прадпрыемствы, з-ды спіртаачышчальны, цукровы, піваварны, канатны, 2 мукамольныя, швейная ф-кі і інш. Дзейнічалі металаапр. прадпрыемствы: з-ды ліцейна-мех. Фрумкіна і сыноў, ліцейна-мех. з-д «Рухавік» (гл. Гомельскі завод «Стромаўталінія»), гал. мех. майстэрні (абслугоўвалі Лібава-Роменскую чыгунку, 1220 рабочых у 1913; гл. Гомельскі вагонарамонтны завод) і малыя рамонтныя майстэрні (абслугоўвалі Палескія чыгункі, 145 рабочых у 1913), якія выконвалі функцыі паравозавагонарамонтных з-даў, а таксама лакафарбавае прадпрыемства, 5 друкарняў, Гомельскія рагожныя мануфактуры, электрастанцыі і інш. Пачалося паравое суднаходства па р. Сож. Важнае месца ў эканам. жыцці горада займаў гандаль лесам, лёнам, пянькой; гандл. абарот у канцы 1870 — пач. 1890-х г. каля 5,5 млн. руб. Штогод у Гомелі праводзіліся 3 кірмашы. Пасля рэформы 1861 г. ў Гомелі адкрыты гар. грамадскі банк, у пач. 1890-х г. — аддз. (агенцтвы) Віленскага і Мінскага камерц. банкаў; у пач. 20 ст. — аддз. Арлоўскага, Паўн., Аб’яднанага, Руска-Азіяцкага камера банкаў. Пасля 1-й сусв. і грамадз. войнаў пачалося аднаўленне прам-сці і транспарту. У 1920 адноўлена работа ф-кі «Везувій», чыгуналіцейных майстэрняў, цагельных з-даў. Уведзены ў дзеянне ф-ка «Палесдрук» (гл. Гомельская фабрыка «Палесдрук»), у 1922—24 абутковая ф-ка «Праца», хлебакамбінат, электрастанцыя, у 1928 Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання «Гомсельмаш». У 1930-я г. рэканструяваны «Гомсельмаш», пабудаваны станкабуд. з-д імя Кірава, шклозавод імя Ламаносава, ф-кі «Камінтэрн» (гл. Гомельскае акцыянернае таварыства «Камінтэрн»), «8 Сакавіка» (гл. Гомельская прамыслова-гандлёвая фірма «8 Сакавіка»), «Спартак» (гл. Гомельскае адкрытае акцыянернае таварыства «Спартак»), тлушчакамбінат і інш. На пач. 1940 у Гомелі 264 прамысл. прадпрыемствы (3-е месца ў БССР па аб’ёме прамысл. прадукцыі). Пасля вызвалення Гомеля ад ням.-фаш. захопнікаў адноўлены чыг. вузел, да канца 1944 — 25 прадпрыемстваў. Да 1950 адноўлены ўсе даваен. і пабудаваны новыя прадпрыемствы. У 1950—60-я г. ўведзены ў дзеянне з-ды «Гідраапаратура» (гл. Гомельскі завод «Гідрапрывод»), Гомельскі завод пускавых рухавікоў, сан.-тэхн. абсталявання (гл. Гомельскі завод «Эмальпосуд»), Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт». У 1961 горад атрымаў прыродны газ, у 1962 пушчаны першы тралейбус. Вырашэнне сац. і эканам. праблем вельмі ўскладнілася ў сувязі з Чарнобыльскай катастрофай 1986. Створаны філіялы НДІ с.-г. радыялогіі і НДІ радыелагічнай медыцыны. Гомель — адзін з буйнейшых прамысл. цэнтраў Беларусі. Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Гомельскі завод вымяральных прылад, Гомельскі падшыпнікавы завод, Гомельскае вытворчае аб’яднанне «Карал», Гомельскі электратэхнічны завод, Гомельскі завод «Электраапаратура», Гомельскі кабельны завод, Гомельскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод і інш.), хім. (Гомельскі хімічны завод, Гомельскі завод хімічных вырабаў, Гомельскі завод пластмасавых вырабаў), лясной, цэлюлозна-папяровай, лёгкай (Гомельская фабрыка мастацкіх вырабаў), буд. матэрыялаў (Гомельскае акцыянернае таварыства «Гомельшпалеры», Гомельскі шклозавод), дрэваапр. (Гомельскае вытворчае дрэваапрацоўчае аб’яднанне «Гомельдрэў»), харч. (Гомельскі тлушчавы камбінат) прам-сці.

Асвета і культура. У 1781 у Гомель засн. правасл. духоўнае вучылішча (з 1840 павятовае духоўнае вучылішча). У 1818 пры ўдзеле М.​П.​Румянцава адчынена пач. школа Бел-Ланкастэрскай сістэмы навучання. У 19 ст. ствараюцца ніжэйшыя і сярэднія навуч. ўстановы. У 1841 на базе Беліцкага пав. вучылішча (засн. ў 1790 як дамініканскае, з 1833 свецкае прыходскае) створана 3-класнае пав. нар. вучылішча, на базе якога ў 1866 у Гомелі засн. 4-класная прагімназія (з 1877 — 6-класная гімназія, з 1897 — 8-класная). У 1878 на сродкі Лібава-Роменскай чыгункі засн. тэхн. чыг. вучылішча (гл. Гомельскі тэхнікум чыгуначнага транспарту), адчынена пач. аднакласнае яўр. вучылішча з падрыхтоўчым класам. У 1882 на базе жаночага 3-класнага прыватнага пансіёна створана жаночая 4-класная прагімназія (з 1897 — урадавая гімназія). У 1903, 1907 створаны прыватныя муз. школы. З 1906 дзейнічала прыватная школа павітух, з 1907 — гімназіі: жаночая В.​А.​Копіш і яўр. мужчынская А.​Е.​Ратнера; з 1911 жаночая прагімназія М.​А.​Табалевіч-Федароўскай (гл. Гомельскія гімназіі). У 1911 у Гомелі 32 навуч. ўстановы, у т. л. 5 сярэдніх, 24 ніжэйшыя і пач., 3 падрыхтоўчыя, 45 яўр. вучылішчаў рознага тыпу. З 1915 у Гомелі працавала настаўніцкая семінарыя (у 1919 пераўтворана ў пед. курсы для падрыхтоўкі настаўнікаў школ 1-й ступені). У 1919 створаны курсы буд. дзесятнікаў, бухгалтараў, рахункаводаў, школы паліграф. справы, майстроў для швейнай прам-сці і інш. У 1926 у Гомелі працавалі 3 тэхнікумы — пед. агульны (з 1937 пед. вучылішча), яўр. педагагічны, шляхоў зносін; 15 школ 1-й ступені, 13 школ сямігодак, 9-годка, 4 школы 2-й ступені; 8 дзіцячых дамоў. У 1930 у Гомелі засн. ін-ты механіка-машынабуд., лесатэхн. (у 1945 пераведзены ў Мінск, гл. Беларускі тэхналагічны універсітэт), Гомельскі аграпедагагічны інстытут (з 1933 пед. ін-т); Гомельскі дарожна-будаўнічы тэхнікум. У 1932 адчынена мед. вучылішча і муз. тэхнікум (з 1939 муз. вучылішча). У 1936 пры пед. ін-це створаны Гомельскі настаўніцкі інстытут. У час Вял. Айч. вайны спалены 2 ін-ты, пед. вучылішча, 24 школы. У 1944 аднавілі работу пед., настаўніцкі, лесатэхн. ін-ты, пед. вучылішча, 2 сярэднія, 7 няпоўных сярэдніх і 4 пач. школы, адчынены тэхнікумы рачны, фіз. культуры, Гомельскі кааператыўны тэхнікум, у 1946 — Гомельскі політэхнічны тэхнікум. У 1953 засн. Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (гл. Беларускі універсітэт транспарту). У 1955 адчынены Гомельскі машынабудаўнічы тэхнікум, у 1956 — Гомельскі сельскагаспадарчы тэхнікум. У 1996/97 навуч. г. ў Гомелі 154 дашкольныя ўстановы, у т. л. дашкольная гімназія, цэнтр развіцця дзіцяці, 4 дашкольныя ўстановы з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, эстэтыка і інш.), 8 устаноў санаторнага тыпу, сад для дзяцей з рознымі дэфектамі, сад для глухіх і з недахопамі слыху. У дашкольных установах выхоўвалася каля 25 тыс. дзяцей. Дзейнічала 80 агульнаадук. школ (больш за 70 тыс. вучняў), у т. л. ліцэй, бел.-слав. гімназія імя І.​Мележа, спец. школа з паглыбленым вывучэннем англ. мовы (навучанне з 5 гадоў), 3 пач. школы, школа-сад для дзяцей з парушэннямі зроку, 1 яўр. школа-сад, спец. школа для глухіх і з недахопамі слыху дзяцей, 4 школы-інтэрнаты (2 для разумова адсталых дзяцей, базавая для дзяцей хворых на скаліёз, 1 для сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі), 4 зменныя школы (адна з іх на тэр. жаночай калоніі для непаўналетніх дзяўчынак). Акрамя таго ў Гомелі ёсць прыватная гімназія і абласны ліцэй, 16 прафес.-тэхн. вучылішчаў, у якіх займалася больш за 8 тыс. навучэнцаў, 11 сярэдніх спец. навуч. устаноў (каля 10 тыс. студэнтаў), у т. л. мед. вучылішча, каледж мастацтва, муз.-пед. каледж і інш. У Гомелі 5 дзярж. ВНУ: Гомельскі універсітэт, Гомельскі політэхнічны інстытут, Гомельскі медыцынскі інстытут, Гомельскі кааператыўны інстытут, Беларускі універсітэт транспарту, а таксама Гомельскі філіял Міжнар. недзярж. ін-та працоўных і сац. адносін. У Гомелі 18 масавых б-к, у т. л. 6 дзіцячых, а таксама Гомельская абласная б-ка з дзіцячым аддзяленнем (гл. Бібліятэкі абласныя Беларусі, Бібліятэка дзіцячая). Працуе Гомельскі абласны краязнаўчы музей.

Архітэктура. У 14 ст. аснову Гомеля складаў драўляны замак, пабудаваны на месцы дзядзінца. Горад забудоўваўся хаатычна. Да сярэдзіны 18 ст. ён уяўляў сабой шэраг слабод і вёсак, якія групаваліся вакол замка. У канцы 18 ст. пачалася перапланіроўка — на месцы стараж. замка створаны Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор; на тэр. Спасавай слабады — Гомельская Ільінская царква. 3-прамянёвая сістэма планіроўкі прадугледжвала арыентацыю гал. магістралей — вуліц Румянцаўскай (цяпер Савецкая, асн. вось кампазіцыі горада), Замкавай (праспект Леніна), Фельдмаршальскай (Пралетарская) — на палац. Гэты прынцып захоўваўся і пры наступных рэканструкцыях. Усе будынкі на Румянцаўскай вул. былі створаны ў стылі класіцызму (Гомельскай ланкастэрскай школы будынак і інш.). На вул. Мільённай (цяпер Бялецкага) размяшчаліся Гомельскі «паляўнічы домік», летні дом Румянцава (у 1819 пераабсталяваны пад Гомельскага духоўнага вучылішча будынак). Да ліку лепшых пабудоў канца 19 — пач. 20 ст. належаць Гомельскай гарадской думы будынак, Гомельскага камерцыйнага банка будынак, Гомельскага філіяла Руска-Азіяцкага банка будынак, будынкі мужчынскай і жаночай гімназій, тэхн. вучылішча (гл. адпаведныя артыкулы), асобныя жылыя дамы. У маст. вырашэнні фасадаў гэтых будынкаў выкарыстаны элементы стылізатарска-эклектычнага кірунку і стылю мадэрн. У культавых пабудовах панаваў неарускі стыль: цэрквы Георгіеўская (1904, не захавалася), Праабражэнская (захавалася часткова), Гомельская капліца. Значны ўклад у забудову Гомеля гарадскога арх. С.​Шабунеўскага. У 1920—30-я г. пачалося масавае жыллёвае і прамысл. буд-ва: пабудаваны першыя секцыйныя шматкватэрныя жылыя дамы для чыгуначнікаў, Гомельскі дом-камуна, Палац культуры чыгуначнікаў з кінатэатрам, настаўніцкі ін-т і інш. Паблізу прамысл. прадпрыемстваў узніклі рабочыя пасёлкі: Залінейны, Сельмашаўскі, Касцюкоўка. У 1946 распрацаваны праект аднаўлення і рэканструкцыі Гомеля («Белдзяржпраект», арх. І.​Сяргееў, Т.​Сяргеева, інж. Г.​М.​Ішчанка, І.​Дзесятнікаў, І.​Бардукоў) з захаваннем асн. прамянёвых магістралей, што склаліся гістарычна. Паводле генплана 1964 (Гомельскі філіял «Белдзяржпраекта»; арх. М.​Сундукоў, К.​Усцюгоў, Б.​Барысаў, А.​Касякоў, інж. М.​Найшулер і інш.) радыяльныя напрамкі вуліц паступова ператвараліся ў лінейныя. На гал. магістралях пабудаваны Дом спорту (арх. І.​Спірын, С.​Паўлаў), рэстаран «Беларусь» (арх. Л.​Тамкоў), будынкі абл. б-кі (арх. В.​Бурлака), абл. драм. т-ра (арх. А.​Тарасенка), пешаходны мост цераз Сож і інш. Аб’екты, пабудаваныя ў 1970—80-я г. змянілі арх. аблічча Гомеля: будынкі Дома сувязі (арх. Р.​Ціхаў), трэста «Гомельсаўгасбуд», цэнтра навук.-тэхн. інфармацыі, гал. корпус ун-та, праектнага ін-та «Дзіпражыўмаш» (усіх арх. С.​Пеўны), Гомельскі цырк, Ін-т механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі (арх. Тамкоў), Гомельскі лёгкаатлетычны манеж, кінатэатр «Юбілейны» (арх. В.​Ціхава), аэравакзальны комплекс, гасцініца «Турыст», шпіталь для інвалідаў Вял. Айч. вайны, комплекс фізкультурна-аздараўленчага камбіната (усіх арх. В.​Бяспалаў) і інш. Створаны шэраг мікрараёнаў у паўд.-зах. (арх. Л.​Стукачоў, А.​Лебедзеў, С.​Крывашэеў), паўн.-зах. і левабярэжнай частках (арх. Я.​Казлоў, Лебедзеў), раёнах «Аэрадром» (арх. Казлоў) і «Гомсельмаш» (арх. Стукачоў, Л.​Патапаў). Паводле генплана 1977 («Гомельграмадзянпраект»; арх. Паўлаў, Крывашэеў, А.​Падабедаў, інж. І.​Дубаў, Л.​Калашнікаў, Найшулер) планіровачная структура горада фарміруецца з 5 комплексных планіровачных раёнаў (Цэнтральнага, Паўночна-Усходняга, Паўднёва-Заходняга, Сельмашаўскага, Навабеліцкага) і развіваецца ў паўн.-ўсх., паўд.-зах. і паўд. напрамках; агульнагарадскі цэнтр развіваецца ўздоўж р. Сож. У 1980-я г. у Гомелі пачалося асваенне поймы р. Сож пад жыллёва-грамадзянскае буд-ва (аўтары інж. Дубаў, А.​Карамышаў, Найшулер). На гідранамыўных поймавых тэрыторыях забудаваны вял. жылыя масівы Волатава (арх. Крывашэеў, Казлоў, Лебедзеў), Паўднёвы і інш. Сярод значных пабудоў 1990-х г.: прыгарадны чыг. вузел (арх. Л.​Гоер), гал. корпус політэхн. ін-та (арх. Пеўны), ін-та «Гомельпраект» (арх. Ціхаў), Палац моладзі (арх. Г.​Комар). У Гомелі брацкія магілы: сав. воінаў, ахвяр фашызму, сав. воінаў і партызан; камунараў; падпольшчыкаў; сав. воінаў і ахвяр фашызму; сав. воінаў і падпольшчыкаў; магілы ахвяр фашызму; магіла гомельскіх апалчэнцаў; брацкія могілкі сав. воінаў. Курган Славы. Помнікі: Вызвалення, П.​Я.​Галавачову, гомельскім апалчэнцам, А.​А.​Грамыку, П.​А.​Румянцаву, П.​В.​Сухому, у гонар войск Бел. фронту, якія вызвалілі Гомель, і інш.

Друк, радыё, тэлебачанне. Пачатак кнігадрукавання ў Гомелі звязаны з друкарняй Ш.​А.​Фрыдланда (1887—1912). На пач. 20 ст. ў Гомелі выдаваліся газеты рознай грамадска-паліт. і тэматычнай арыентацыі: «Полесский листок» (1904—05), «Труд» (1906), «Гомельский вестник» (1908—09), «Полесская жизнь» (1909—11), «Гомельская мысль» (1913—14), «Белорусский голос» (1910), «Гомельское слово» (1911—12), «Гомельская жизнь» (1911—19; да 1917 «Гомельская копейка»), «Гомельский театрально-музыкальный вестник» (1914), «Виленский вестник» (1915—16), «Рабочая мысль» (1917), «Голос народа» (1917—18), «Известия Гомельского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов» (з 1917, мяняла назвы, з 1930 на бел. мове, з 1938 «Гомельская праўда») і інш. Літ.-маст. час. «Зарницы» (1911—12) друкаваў творы маладых літаратараў. З 1919 пачалі выдавацца шматтыражныя ведамасныя газеты [«Проблески», «Путь пролетария» (у 1920—21 «Сигнал»), «Рабочая жизнь» (у 1921—22 «Молот») і інш.], а таксама штотыднёвікі («Жизнь — творчество»), У 1920—30-я г. выдаваліся газеты: «Новая деревня» (1919—28), «Бюллетень Гомельского губкома РКП» (1920), «Власть Советов» (1922), «Набат молодёжи» (1922—26), «Искра Ильича» (1924—27), «Камсамолец Гомельшчыны» (1931—35), «Сталінскі сцяг» (з 1938; з 1956 «Трыбуна хлебароба», з 1962 «Маяк», раённая); часопісы «Полесский коммунар» (1919—26), «Коммунистическое просвещение» (1920—21), «Вереск» (1922), «Агитатор» (1922—23), «Рабочий досуг» (1925—26) і «Дэр камунісцішэр вэг» («Камуністычны шлях», 1926, на яўр. мове). У 1922—24 у Гомелі выдаваліся 24 шматтыражныя газеты (большасць з іх праіснавала нядоўга). У 1930-я г. колькасць іх павялічылася, у т. л. «За высокую якасць» ф-кі «Везувій» (1928—41), «Ратацыя» ф-кі «Палесдрук» (1928—41), «Рачнік Беларусі» (1929—41; 1944—53; 1957—63, мяняла назвы) і інш. У Вял. Айч. вайну ў Гомелі выходзіла рэсп. газета «Звязда» (да 13.8.1941), выдадзены 1-ы нумар сатыр. выдання «Раздавім фашысцкую гадзіну». У гады акупацыі ў Гомелі падпольна выдаваліся газеты «Гомельская праўда» і «Партызан Гомельшчыны» (1943). Пасля вызвалення ў Гомелі працавалі рэдакцыі газет «Советская Белоруссия» (снеж. 1943 — ліп. 1944), «Чырвоная змена» (сак. 1944), адноўлена выданне абласной, раённай і шматтыражных газет, пачалі выдавацца новыя.

Выходзяць газеты: «Гомельская праўда», «Рабочае слова» (абл., з 1990), «Агронеделя» (абл. з 1991), «Гомельскія ведамасці» (гар., з 1991), «Вячэрні Гомель» (гар., з 1991); шматтыражныя «Сельмашавец» (з 1930), «Гомельскі універсітэт» (з 1969) і інш.

Літаратура. Літ. жыццё ў Гомелі актывізавалася ў канцы 18 — пач. 19 ст. ў сувязі з дзейнасцю тут мецэната, збіральніка кніг і рукапісаў М.​П.​Румянцава. Бел. гісторык і археограф І.І.Грыгаровіч працаваў у Гомелі над «Беларускім архівам старажытных грамат» — першым зборнікам дакументаў па гісторыі Беларусі (выд. 1824 у Маскве на сродкі Румянцава). Літ. лекцыі, дыспуты, сходы наладжвала Гомельскае музычна-драматычнае таварыства (1908—14). Горад наведвалі пісьменнікі К.​І.​Чукоўскі (1913), А.​А.​Блок (1916), У.​У.​Маякоўскі (1924). У 1925—27 дзейнічала Гомельская філія «Маладняк» (створана пры ўдзеле Я.​Пушчы і Н.​Чарнушэвіча), якая арганізоўвала літ. гурткі і студыі, наладжвала вучобу творчай моладзі, праводзіла літ. вечары з удзелам бел. пісьменнікаў (М.​Зарэцкі, А.​Гурло, А.​Дудар і інш.); у 1927 і 1930 у Гомель прыязджаў Я.​Купала, у 1934 і 1936 — Я.​Колас, у 1937 ён прысутнічаў на спектаклі па сваёй п’есе «Вайна вайне» ў пастаноўцы БДТ-2. У 1934 выдадзены альманах «Літаратурны Гомель». Пасля вайны пры газ. «Гомельская праўда» працавала літ. аб’яднанне, выдадзены альманах «Літаратурны Гомель» (1958), праводзіліся абл. нарады маладых пісьменнікаў. З 1967 дзейнічае Гомельскае абл. аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. У горадзе праводзяцца літ. вечары, канферэнцыі, сустрэчы з пісьменнікамі, дні л-ры, семінары маладых пісьменнікаў, літ. свята «Над Дняпром, Дзясной і Сожам» з удзелам пісьменнікаў Мінска, Чарнігава і Бранска. Шырока адзначалася ў Гомелі 80-, 90-, 100-годдзе з дня нараджэння Я.​Купалы і Я.​Коласа. У 1971 брыгада пісьменнікаў (І.​Мележ і інш.) удзельнічала ў днях бел. л-ры на Гомельшчыне. У розны час у Гомелі жылі пісьменнікі У.​Галубок, П.​Трус, Р.​Сабаленка, Л.​Гаўрылкін, А.​Грачанікаў, А.​Капусцін, Я.​Каршукоў, І.​Кірэйчык, М.​Кусянкоў, Б.​Спрынчан, У.​Дзюба, С.​Дубавец і інш. Тут пачыналі сваю творчую дзейнасць Л.​Гаўрылаў, Дз.​Кавалёў, К.​Кірэенка, С.​Кухараў, П.​Прануза, М.​Сурначоў, І.​Шамякін; тут жывуць і працуюць пісьменнікі Г.​Афанасьеў, М.​Даніленка, А.​Бароўскі, Т.​Мельчанка, А.​Сопат, І.​Сяркоў, В.​Ткачоў, В.​Ярац. Гомельскі ун-т скончылі пісьменнікі Э.​Акулін, І.​Багдановіч, А.​Казлоў, В.​Куртаніч, А.​Сыс, Л.​Раманава і інш. Выдаецца альманах «Магістраль» (з 1992), час. «Палессе» (з 1996). Працуе абл. літ. аб’яднанне «Магістраль» імя А.​Грачанікава.

Мастацкае жыццё. У 10—15 ст. у Гомелі былі пашыраны разнастайныя рамёствы і маст. промыслы, у т. л. ганчарства, ткацтва, ювелірна-бронзаліцейная справа, апрацоўка косці, скуры, дрэва. Пры маст. апрацоўцы прадметаў побыту, рэліг. культу, працы і зброі выкарыстоўвалі коўку, ліццё, чаканку, гравіроўку, інкрустацыю і інш.

У 16 ст. пачалася вытв-сць пячной кафлі. У сярэдзіне 17 — канцы 18 ст. з’явіліся прадпрыемствы па вытв-сці шклянога посуду (келіхі, штофы, бутэлькі), які вылучаўся высокім майстэрствам выканання, мудрагелістай арнаментыкай. Мясц. майстры размалёўвалі вырабы на фаянсавай ф-цы. Разнастайнымі вытканымі і набіванымі ўзорамі аздаблялі баваўняныя тканіны на хустачнай мануфактуры, талеснай ф-цы. Рэзчыкі па дрэве, спалучаючы традыц. арнаментальныя матывы з элементамі тагачасных маст. стыляў, аздаблялі фасады дамоў, мэблю, прадметы побыту праразной карункавай і мудрагелістай аб’ёмнай разьбой. У пач. 20 ст. працавалі прыватная маст. школа Школьнікава, студыя Камінскага, Гомельская мастацкая студыя, жывапісна-малярныя майстэрні Н.​Гурэвіч і Х.​Рахліна, філіялы маст.-плакатнай майстэрні Усерас. арг-цыі працаўнікоў мастацтва, жывапісная майстэрня «Арцель», выдаваліся плакаты «Гомель-РОСТА». У 1920-я г. дзейнічала маст. школа пад кіраўніцтвам Я.​Краўчанкі, у 1924—27 — маст. студыя (кіраўнік С.​Каўроўскі), у якой займаліся К.​Максімцаў, Б. і Т.​Несцярэнкі, М.​Сімкоўскі, Н.​Тарасікаў і інш. У 1930-я г. існавалі курсы клубных мастакоў, дзе выкладалі А.​Бембель, А.​Шаўчэнка, А.​Шыфрын. У маст. школе выкладаў М.​Русецкі. У 1927—32 дзейнічала абл. аддзяленне «Усебеларускай асацыяцыі мастакоў». У 1939 адбылася 1-я абл. маст. выстаўка, у 1941 — перасоўная выстаўка графікі, 3-я абл. маст. выстаўка. Пры Палацы чыгуначнікаў працавала студыя выяўл. мастацтва (кіраўнікі М.​Малец, Б.​Звінагродскі). З 1966 дзейнічае Гомельская абл. арг-цыя Саюза мастакоў Беларусі. Вял. ролю ў прапагандзе выяўл. і прыкладнога мастацтва адыграла адкрыццё выставачнай залы (1968), дзе адбываюцца персанальныя і тэматычныя выстаўкі. Цяпер у Гомелі працуюць засл. дз. маст. Беларусі Дз.​Алейнік і М.​Казакевіч, жывапісцы В.​Дзенісенка, С.​Дзьяканаў, У.​Еўтухоў, В.​Казачэнка, П.​Лук’яненка, М.​Палянкоў, І.​Сямека, В. і М.​Ягоравы, графікі В.​Дземянчук, У.​Лосеў, А.​Отчык, М.​Шкляраў, скульптары Г.​Гарбанёў, Дз.​Папоў, мастакі дэкар.-прыкладнога мастацтва У.​Андрыянаў, І.​Данілава, А.​Дваранін, М.​Кляцкоў, А. і Г.​Осіпавы, П. і В.​Феі, А.​Чудзін, мастацтвазнавец А.​Шныпаркоў і інш. У творчы калектыў прыйшлі маладыя мастакі: Л.​Зуева, А.​Крылоў, С.​Курашова, С.​Наздрын-Платніцкая, М.​Няхайчык, І.​Папоў.

Тэатральнае жыццё. Вядома, што ў Гомелі адбываліся нар. тэатр. паказы. Бел. фалькларыст Е.​Раманаў адзначаў выкананне тут на Каляды нар. драм «Цар Максімілян» і «Трон». У канцы 18 ст. ў маёнтку графа П.​А.​Румянцава дзейнічаў т-р. Актывізацыя тэатр. жыцця ў 2-й пал. 19 ст. звязана са з’яўленнем у Гомелі прыватнага тэатр. памяшкання (1852) і зімовага т-ра на 400 месцаў (1887—1900). У 19 — пач. 20 ст. ў горадзе выступалі польска-рускія трупы К.​Фядзецкага, Ю.​Кондрата, С.​Навакоўскага і В.​Вяжбіцкага; працавалі рус. тэатр. калектывы: антрэпрызы І.​Славянскага (1869; у складзе трупы В.​Далматаў, М.​Мяшкоў-Траяпольскі, Г.​Страмлянаў), Ліпоўскай (1881—82), Я.​Бяляева (1903), Л.​Балоцінай і І.​Арлова (1909); т-вы артыстаў пад кіраўніцтвам Е.​Свіршчэўскага (1893—94), на чале з Г.​Фядотавай (1898), Далматавым (1898; у складзе трупы акцёры пецярб. Александрынскага т-ра В.​Істоміна, І.​Ставінская, М.​Ходатаў), Пісаравым (1910; у складзе трупы П.​Арленеў), М.​Волкавым (1917) і інш.; украінскія трупы пад кіраўніцтвам Б.​Замоўскага (1909, 1911), Н.​Запарожца (1917) і інш.; яўрэйскія пад кіраўніцтвам І.​Канеўскага (1912), А.​Ф.​Фішзона (1914); яўрэйска-нямецкая Ш.​Жоржа і Ф.​Бекера (1914). Поспехам карысталіся спектаклі па п’есах М.​Гогаля, А.​Астроўскага, М.​Горкага, А.​Чэхава, Г.​Ібсена, інсцэніроўкі па творах Ф.​Дастаеўскага, Л.​Талстога, І.​Тургенева. Прыкметную ролю ў культ. жыцці горада адыгрывалі аматары, якія наладжвалі вечары, канцэрты, ставілі спектаклі. У 1914 выходзіў «Гомельский театрально-музыкальный вестник». У 1918 у горадзе дзейнічала тэатр. аматарскае т-ва «Вянок». У пач. 1919 арганізавана пралетарская муз.-драм. студыя, якая рыхтавала канцэртныя праграмы, муз.-драм. пастаноўкі. У 1919—20 па ініцыятыве Пралеткульта створана шырокая сетка тэатр. гурткоў пры клубах і рабочых арг-цыях. У 1922 у Гомелі было 8 драм. гурткоў (найб. значны клуба чыгуначнікаў), самадзейны т-р навучэнцаў; выдаваўся часопіс т-ра, л-ры і мастацтва «Вереск». У пач. 1920-х г. у горадзе гастраліравалі бел. тэатр. калектывы, а таксама прафес. калектывы з Расіі і Украіны. У 1920-я г. дзейнічаў калектыў «Сіняй блузы». У 1930 на базе гуртка чыгуначнікаў створаны т-р рабочай моладзі, рэарганізаваны ў 1935 у калгасна-саўгасны т-р (існаваў да 1937). У 1932—37 Гомель быў базай Беларускага трэцяга дзяржаўнага тэатра. У 1938 у Гомелі пачаў сваю дзейнасць Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі, у 1939 — Гомельскі абласны рускі драматычны тэатр. Пасля Айч. вайны аднавілі дзейнасць т-р лялек (працаваў да мая 1949) і абл. рус. драм. т-р (у 1946 пераведзены ў Магілёў). З 1954 цэнтрам культ. жыцця горада з’яўляецца Гомельскі абласны драматычны тэатр. З 1968 працуе Гомельскі абласны тэатр лялек. Дзейнічаюць шматлікія самадз. драм. калектывы, нар. т-ры.

Музычнае жыццё. З часу прыняцця хрысціянства тут пераважала царкоўная музыка, асабліва спевы. У муз. культуры Гомеля 18 ст. асобае месца займае творчасць старавераў (захаваліся іх рукапісныя нотныя зборнікі). У 1-й пал. 19 ст. пераважала хатняе музіцыраванне, выкладаліся муз. дысцыпліны ў асобных прыватных навуч. установах, у т. л. ў жаночым пансіёне А.​Петрашэнь. Пасля 1852 пачалося развіццё муз. культуры гар. тыпу. У 1870—90-я г. на Гомельшчыне збіралі ўзоры песеннага фальклору муз. этнографы (З.Радчанка і інш.). Спевы і музыку выкладалі ў мужчынскіх і жаночых гімназіях, у тэхн. чыгуначным вучылішчы, настаўніцкай семінарыі. У 1903 адкрыта муз. школа С.​Валовіча, у 1907 — С.​Захарына, у 1908 — фартэпіянныя класы Б.​Розенблюма. У 1908—14 дзейнічала Гомельскае музычна-драматычнае таварыства. Да 1917 пры гомельскіх храмах існавалі шматлікія хары, у т. л. мужчынскі пры Георгіеўскай царкве, дзявочы пры Петрапаўлаўскім саборы (арганізатар А.​Паскевіч). У 1908—17 у Гомелі гастраліравалі «Кааператыўнае т-ва» рус. оперы, вядомыя вакалісты, піяністы, скрыпачы (Л.Аўэр і інш.), рус. і польскія тэатр. трупы, якія ставілі муз. спектаклі. Пасля 1917 створаны шматлікія харавыя студыі і гурткі, у т. л. муз.-харавая студыя пры Гомельскім пралет. ун-це (кіраўнік Шубін), пры рабочым клубе на станцыі Палескай чыгункі (кіраўнік Р.Пукст), муз.-хар. студыя на Палессі імя Н.​Брусавай (кіраўнік М.​Назараў), студыі пры культ. аддзеле губ. савета прафсаюзаў (кіраўнік Р.​Розенблюм) і запалкавай ф-цы «Везувій» (кіраўнік А.Туранкоў). Самадзейным хар. калектывам дапамагалі кампазітары Туранкоў, Пукст, піяніст і хормайстар Г.Пятроў. У ліп. 1919 адкрыта нар. кансерваторыя, якая стала цэнтрам муз. жыцця горада. У 1920 яна рэарганізавана ў дзярж. муз. школу 1-й і 2-й ступеней, у 1921 на яе базе створаны муз. тэхнікум і спец. муз. школа. У вер. 1920 адбылася 1-я Гомельская канферэнцыя работнікаў мастацтваў. Пры губ. аддзеле нар. адукацыі быў створаны пастаянны сімф. аркестр (50 музыкантаў у ліп. 1921; дырыжоры Назараў, Захарын). У канцы 1921 адкрыта 2-я дзярж. муз. школа (у 1923 аб’яднана з 1-й, з 1940 муз. дзіцячая школа-сямігодка № 1 імя П.​Чайкоўскага). Муз. мастацтва прапагандавалі педагогі і навучэнцы тэхнікума і школы. У 1920-я г. ў Гомелі гастраліравалі шматлікія муз.-тэатр. трупы (у т. л. У.​Галубка), аркестры, асобныя выканаўцы, у т. л. А.Дункан, У.Горавіц, М.​Эрдэнка і інш. У 1930-я г. шырока развівалася маст. самадзейнасць, цэнтрам якой быў клуб чыгуначнікаў (цяпер Гомельскі Палац культуры і тэхнікі чыгуначнікаў), дзе працавалі муз., харавы, струнны і інш. гурткі. Музыку да пастановак Гомельскага трама пісалі Туранкоў і Пукст. Дзіцячым аркестрам і хорам (170 чал.) кіравалі К.​Карнілаў і Пукст, танц. калектывам, створаным у 1936, — А.Рыбальчанка. У суправаджэнні Дзярж. ансамбля бел. нар. інструментаў (кіраўнік Дз.Захар) выступала Л.Александроўская. Бел. нар. песні выконвала І.Яўнзем. Пасля вызвалення Гомеля ад ням.-фаш. захопнікаў 30.12.1943 у Навабеліцы адбыўся святочны канцэрт з удзелам Бел. дзярж. ансамбля песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Шырмы. З 1967 вял. канцэртна-лекцыйную працу вядзе Гомельская абласная філармонія, пры якой пачыналі сваю дзейнасць вак.-інстр. ансамблі «Лявоны» (з 1967; цяпер «Песняры») і «Сябры» (з 1974). Тут жыў і працаваў рэгент Петрапаўлаўскага сабора (да 1961), кампазітар М.​Бутома, царк. музыка якога шырока выконвалася ў бел. храмах і за межамі Беларусі. У 1970—80-я г. выступалі шматлікія бел. і інш. муз.-тэатр., харавыя, аркестравыя, харэаграфічныя калектывы, вак.-інстр. групы і ансамблі, калектывы з Польшчы, Венгрыі, Югаславіі. У 1978—93 у Гомелі працаваў фальклорны драм.-муз. т-р «Жалейка» (з 1985 народны, з 1989 прафесійны). У 1997 працуюць 3 муз. школы, 5 школ мастацтваў з аддзяленнямі муз. і харэаграфічным, муз. каледж імя Н.​Сакалоўскага, муз.-пед. каледж, абл. аддзяленне Саюза муз. дзеячаў Беларусі (з 1987). Больш за 30 самадзейных калектываў маюць званні народных і ўзорных.

Літ.:

Лебедев Г. Гомель: (Ист.-экон. очерк). 2 изд. Мн., 1962;

Пашкин Ю.А. Русский драматический театр в Белоруссии XIX в. Мн., 1980;

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гомельская вобл. Мн., 1985;

Гомель: Энцикл. справ. Мн., 1991;

Мальцаў У. Тэатральная геаграфія Гомеля // Мастацтва. 1993. №11.

В.​М.​Лебедзева, А.​А.​Макушнікаў (гісторыя), М.​І.​Ліс, А.​Ф.​Самусік (асвета і культура), М.​А.​Найшулер, С.​Ф.​Самбук (архітэктура), Т.​А.​Меляшкевіч (друк), Т.​Ф.​Літвінава, Л.​Дз.​Налівайка (маст. жыццё), У.​В.​Мальцаў (тэатр. жыццё).

Праспект Леніна ў Гомелі.

т. 5, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА,

мова беларусаў, асноўнага насельніцтва Рэспублікі Беларусь; дзярж. мова Рэспублікі Беларусь. Паводле перапісу 1989 яе лічаць роднай 77,7% жыхароў Беларусі, у т. л. 80,2% беларусаў. Разам з рускай мовай і ўкраінскай мовай адносіцца да ўсх. групы славянскіх моў.

Сучасная бел. мова існуе ў літ. і дыялектнай формах. Дыялектная беларуская мова (гл. ў арт. Дыялект) захоўваецца пераважна сярод сельскага насельніцтва. Яна ўключае асн. масіў гаворак і т.зв. палескую (зах.-палескую) групу гаворак. Асн. масіў падзяляецца на 2 вял. дыялекты: паўн.-ўсходні і паўд.-заходні. Паміж імі знаходзіцца паласа пераходных, або сярэднебел., гаворак (з ПнЗ на ПнУ). Літаратурная мова генетычна грунтуецца на гаворках цэнтр. Беларусі, але ў працэсе свайго станаўлення сінтэзавала характэрныя для большасці бел. гаворак граматычныя і лексічныя рысы і ў сучасны момант не суадносіцца з пэўным тэр. дыялектам.

Арфаграфія беларускай мовы грунтуецца на фанет. прынцыпе ў спалучэнні з марфалагічным. У цесным узаемадзеянні з ёю ішло фарміраванне бел. арфаэпіі. У бел. фанетычнай сістэме (гл. Гукі мовы, Фанетыка) 5 галосных гукаў і 32 зычныя гукі. Марфалогія беларускай мовы сінтэтычная з рысамі аналітызму. Усе словы размяркоўваюцца па 10 часцінах мовы, якія падзяляюцца на знамянальныя (апрача прыслоўя маюць формы словазмянення) і службовыя. Спецыфіку сінтаксісу надаюць гал. чынам адметнасці ў дзеяслоўным і прыназоўнікавым кіраванні. У аснове бел. графікі — рус. грамадзянскі шрыфт, утвораны ў выніку рэформы кірыліцы. Беларускі алфавіт налічвае 32 літары.

Параўнальна-гіст. мовазнаўствам устаноўлена, што ў перыяд ад 3—2-га тыс. да нашай эры да 7—8 ст. нашай эры ў слав. плямёнаў існавала агульная праславянская мова, якая напачатку складалася з блізкароднасных дыялектаў. Шырокае рассяленне слав. плямёнаў у 6—7 ст. абумовіла паслабленне ўнутраных сувязяў. У выніку прыкладна ў 8—9 ст. адбыўся працэс ператварэння ранейшых дыялектаў у самастойныя слав. мовы. У гэты час пачала складвацца і стараж.-рус. мова як адзіная для ўсходніх славян. Яе адноснае адзінства захоўвалася да 13 ст., у т. л. ў эпоху Кіеўскай Русі. Ад праслав. мовы яна атрымала ў спадчыну фанетычную сістэму, граматычны лад і асн. слоўнікавы фонд. У перыяд з 6—7 да 9—10 ст. у стараж.-рус. мове развіўся шэраг спецыфічных рысаў у галіне фанетыкі: поўнагалоссе (берегъ, голова), пачатковае «о» на месцы спалучэння «jе» (озеро, олень), шыпячыя «ж» і «ч» на месцы спалучэння гукаў d, t, kt з j (межа, ночь) і інш. На працягу 11—14 ст. найб. значным фанетычным працэсам стала падзенне рэдукаваных галосных «ъ» і «ь», у выніку чаго фанетычная сістэма наблізілася да фанетычнага ладу сучасных усх.-слав. моў. У граматычным ладзе ранейшая сістэма скланення назоўнікаў па асновах выцяснялася новымі тыпамі скланення па родах, што адбілася на характары канчаткаў. У сістэме дзеяслова аформілася катэгорыя трывання, у сувязі з чым змянілася сістэма прошлых часоў: аорыст, імперфект і часткова плюсквамперфект выцеснены перфектам, які стаў асноўнай формай прошлага часу ў жывой стараж.-рус. мове. Развіццё грамадскай, культ. і ваен. дзейнасці ўсх. славян садзейнічала ўзбагачэнню слоўнікавага складу. Большасць новых слоў узнікла праз словаўтварэнне ад агульнаслав. каранёў, змяненне значэння старых слоў і запазычанняў з грэч., скандынаўскіх, фінскіх і цюркскіх моў.

Пісьменства ва ўсх. славян (на аснове кірыліцы) пашыралася з канца 10 ст. ў сувязі з прыняццем хрысціянства і развіццём дзяржаўнасці. Для Кіеўскай Русі было характэрна літ.-пісьмовае двухмоўе. Яно ўключала царкоўнаславянскую мову богаслужэбнай л-ры, перакладзенай або створанай у Балгарыі і інш. слав. краінах і перапісанай на Русі (Евангелле, Псалтыр, Апостал), і славяна-рускую мову арыгінальных твораў, у якіх пераважала царк.-слав. стыхія, але прысутнічаў і ўсх.-слав. субстрат («Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Сказанне пра Барыса і Глеба», «Слова аб законе і божай ласцы» мітрапаліта Іларыёна). Стараж.-руская літ. мова на нар. аснове выкарыстоўвалася ў дзярж. справаводстве, дзелавой пісьменнасці («Руская праўда», граматы), у творах апавядальнай л-ры («Аповесць мінулых гадоў», «Павучанне Уладзіміра Манамаха», «Слова аб палку Ігаравым»), шматлікіх дакументах, у прыватнай перапісцы на берасцяных граматах. Гэтыя віды пісьменства выкарыстоўваліся і на бел. землях эпохі Кіеўскай Русі. Вядучае месца тут належала царк.-слав. мове як мове правасл. набажэнства. Гэта пацвярджаюць выяўленыя на Беларусі помнікі пісьменства: Супрасльскі рукапіс і Тураўскае (11—12 ст.), Аршанскае, Друцкае, Мсціжскае, Полацкае (13—14 ст.) евангеллі. Арыгінальныя творы 12 ст. — «словы», казанні, павучанні і малітвы Кірылы Тураўскага, агіяграфічныя «Жыціе Ефрасінні Полацкай» і «Жыціе Аўраамія Смаленскага». Стараж. бел. пісьменства на нар. аснове прадстаўлена гал. чынам мясцовымі летапісамі і дагаворамі 13—14 ст. з Полацка, Віцебска і цесна звязанага з імі Смаленска.

Феадальнае драбленне і распад Кіеўскай Русі садзейнічалі актывізацыі на бел. землях мясц. дыялектаў. На працягу 14—16 ст. у беларускай мове развіліся фанетычныя асаблівасці: цвёрдае «р», дзеканне і цеканне і інш. Адначасова выпрацаваўся шэраг спецыфічных рысаў беларускай мовы ў галіне лексікі. Агульнаўжывальнымі сталі словы, вядомыя з глыбокай старажытнасці як дыялектызмы («багна», «вавёрка», «воўна», «вырай», «гай», «грэбля», «жыта», «збожжа», «крыніца», «смага», «брахаць», «жадаць», «лагодзіць», «лаяць»). Многія агульнаслав. і агульнаўсх.-слав. словы на бел. глебе змяніліся ў выніку прыстасавання да бел. фанетычнай сістэмы («аржаны», «іржа», «возера», «вока», «дрыжыць», «крывавы»). Асноўная ж колькасць новых слоў утваралася афіксальным спосабам шляхам выкарыстання пашыраных у беларускай мове сродкаў словаўтварэння — суфіксаў і прыставак («авечка», «сцежка», «частка», «выбавіць», «выбраць»). У папаўненні слоўніка беларускай мовы значную ролю адыгралі запазычанні з інш. моў — паланізмы, лацінізмы, германізмы, літуанізмы (гл. Балтызм), цюркізмы. Бел. пісьмовыя помнікі 16 ст. сведчаць, што да гэтага часу склаліся ўсе важнейшыя фанетычныя, граматычныя і лексічныя рысы, уласцівыя беларускай мове і цяпер.

З сярэдзіны 15 ст. пісьменства на Беларусі насычаецца спецыфічна бел. рысамі ў такой меры, што дае падставу сцвярджаць пра самастойную бел. літ. мову са сваімі арфаграфічнымі, граматычнымі і лексічнымі адзнакамі. Развіццю беларускай мовы спрыяла і тое, што ў ВКЛ яна выконвала функцыі дзяржаўнай мовы. Асабліва шырока беларуская мова выкарыстоўвалася ў канцылярска-юрыд. дакументацыі — актах, граматах, дагаворах і статутах (найб. важныя — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588). Буйны помнік канцылярска-юрыд. пісьменства — Метрыка Вялікага княства Літоўскага, дакументы якой да сярэдзіны 17 ст. афармляліся пераважна на беларускай мове. На ёй вялася таксама дакументацыя ў гар. управах, магістратах і магдэбургіях, у гар., земскіх і замкавых судах і інш. Да сярэдзіны 17 ст. беларуская мова выкарыстоўвалася таксама ў канцылярыях і судах на тэр. этнічнай Літвы, на ёй пісаліся дакументы ў каралеўскіх канцылярыях Кракава і Варшавы, што прызначаліся для ВКЛ. У канцы 14 — пач. 15 ст. на Беларусі вял. пашырэнне атрымала летапісанне, але ў летапісах, якія дайшлі да нашага часу ў больш позніх спісах [Нікіфараўскі, Слуцкі, Віленскі адносяцца да канца 15 — пач. 16 ст., астатнія (больш як 10) да 16—17 ст.], бел. мова адлюстравалася неаднолькава (раннія летапісы ў большай ступені захоўваюць архаічныя моўныя рысы, пазнейшыя — жывую нар. стыхію). Жывой нар. мовай напісаны Баркулабаўскі летапіс, мемуарныя творы («Дзённік» Ф.​Еўлашоўскага, «Дыярыуш» А.​Філіповіча), перакладныя аповесці («Александрыя», «Троя», «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву»), польск. гіст. хронікі канца 16 — пач. 17 ст. («Хроніка ўсяго свету» М.​Бельскага, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага).

Паступовае збліжэнне з Польшчай у паліт. і культ. адносінах, насаджэнне на Беларусі каталіцызму паслабляла пазіцыі праваслаўя і царк.-слав. мовы. Гэтаму садзейнічала і распаўсюджанне рэфармацыйных плыняў, прыхільнікі якіх імкнуліся ўводзіць мясц. мовы ў набажэнства і богаслужэбную л-ру. Першапачаткова беларуская мова пранікла ў жыційную л-ру (напр., «Мінеі — Чэцці», 1489). У канцы 15 ст. пачалі з’яўляцца пераклады з польск. мовы агіяграфічных і апакрыфічных твораў («Страсці Хрыстовы», «Аповесць пра трох каралёў», «Жыціе Аляксея, чалавека божага»). З пач. 16 ст. беларуская мова пранікае і ў кананічныя рэліг. творы. Пачатак гэтаму працэсу паклаў Ф.​Скарына, які ў 1517—19 выдаў у Празе большую частку кніг Старога запавету. Захаваўшы ў гэтых выданнях царк.-слав. аснову, ён наблізіў іх мову да народнай. У часы Скарыны зроблены пераклады на беларускую мову асобных кніг Бібліі непасрэдна са стараяўр. мовы. Каля сярэдзіны 16 ст. з’явіўся пераклад Псалтыра — самай папулярнай кнігі ў паслядоўнікаў хрысц. веравызнання. Першапачаткова такія пераклады распаўсюджваліся ў рукапісных спісах. З 2-й пал. 16 ст. на беларускай мове з’яўляюцца друкаваныя творы рэліг. прызначэння. У 1562 С.​Будны выдаў у Нясвіжскай друкарні першыя на Беларусі друкаваныя кнігі на беларускай мове «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (не захавалася). Каля 1580 В.​Цяпінскі выдаў Евангелле, у якім бел. тэкст змешчаны паралельна з царк.-славянскім — унікальная з’ява ў тагачасным слав. свеце. З канца 16 ст. беларуская мова стала прадметам абавязковага вывучэння ў правасл. брацкіх школах, што садзейнічала яе паспяховаму выкарыстанню ў розных галінах грамадскага і культ. жыцця. Канец 16 — 1-я пал. 17 ст. былі эпохай найб. выкарыстання беларускай мовы ў рэліг. сферы — пераважна ў т.зв. гамілетычнай л-ры, якая грунтавалася на павучальным тлумачэнні тэкстаў Свяшчэннага пісання. Захаваліся да нашага часу шматлікія рукапісныя зборнікі і друкаваныя кнігі: «Казанне Кірылы, патрыярха іерусалімскага, пра антыхрыста» С.​Зізанія (Вільня, 1596), «Евангелле вучыцельнае» (Еўе, 1616), «Духоўныя гутаркі» Макарыя Егіпецкага (Вільня, 1627), «Гісторыя пра Варлаама і Іаасафа» (Куцейна, 1637) і інш. На беларускай мове былі надрукаваны і пахавальныя казанні, складзеныя паводле правілаў тагачаснай царк. рыторыкі. Беларуская мова выкарыстоўвалася ў разнастайных настаўленнях аб хрысц. рытуалах і ў царк. заканадаўстве.

Аднак у новых паліт. і культ. умовах жыцця бел. народа ў складзе Рэчы Паспалітай выкарыстанне бел. літ.-пісьмовай мовы паступова пайшло на спад. Пасля Люблінскай уніі 1569 бел.-літоўская шляхта з мэтай захавання свайго паліт. і эканам. становішча імкнулася да ўстанаўлення ў ВКЛ важнейшых дзярж. інстытутаў на польскі ўзор. У сярэдзіне 17 ст. беларуская мова практычна выйшла з ужытку ў дзярж. канцылярыях. Юрыдычна гэта было аформлена рашэннем усеагульнай канфедэрацыі саслоўяў 1696. Разам з заняпадам беларускай мовы ў справаводстве пачала звужацца і яе роля ў інш. галінах грамадскага і культ. жыцця. Бел. кнігі не друкаваліся, рэліг. л-ра выдавалася выключна на царк.-слав. мове. У 2-й пал. 17 і на працягу 18 ст. на Беларусі панавала польска-лац. кнігадрукаванне. Адукацыя знаходзілася пераважна ў руках шматлікіх рымска-каталіцкіх ордэнаў: езуітаў, дамініканцаў, кармелітаў, францысканцаў, бернардзінцаў і піяраў, якія мелі свае школы і вучылішчы амаль ва ўсіх бел. гарадах і буйных мястэчках. Навучанне ў іх вялося на польск. і лац. мовах. Беларуская мова вывучалася толькі ва уніяцкіх базыльянскіх школах і выкарыстоўвалася ў неафіц. частках набажэнства. Жывой беларускай мовай працягвалі карыстацца сяляне, дробная шляхта, гар. рамеснае насельніцтва. На нар. мове ствараліся разнастайныя фалькл. творы: песні, казкі, легенды, паданні, прыказкі, прымаўкі і інш. У 18 ст. беларуская мова атрымала пісьмовую фіксацыю толькі ў інтэрмедыях і інтэрлюдыях да драм. твораў, што ставіліся ў вучылішчах, гімназіях і калегіях (гл. Школьны тэатр). Панаванне польск. мовы ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця працягвалася да 1830-х г., пасля польск. мову ў гэтых сферах замяніла руская.

Новая бел. літ. мова на нар. аснове, без сувязі са стараж. пісьмовымі традыцыямі пачала складвацца на пач. 19 ст. Станаўленне яе праходзіла ў агульным кантэксце слав. адраджэння нацыянальнага. Але на Беларусі развіццё літ. мовы стрымлівалася адсутнасцю яе дзярж. самастойнасці, панаваннем у тагачасным грамадстве думкі, што бел. нар.-дыялектная мова з’яўляецца толькі дыялектам рус. ці польск. моў. Сведчаннем фарміравання новай бел. літ. мовы было з’яўленне ў 19 ст. ананімных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», якія доўгі час бытавалі ў вуснай перадачы і ў рукапісах. Першая друкаваная кніга на новай беларускай мове «Кароткі збор хрысціянскай навукі» (Вільня, 1835). Аднак найперш беларуская мова прабівала сабе дарогу ў паэт. жанрах, якія былі вядучыя на працягу ўсяго 19 ст. Значны ўклад у развіццё новай бел. літ. мовы зрабілі Я.​Баршчэўскі, А.​Рыпінскі, Я.​Чачот, В.​Дунін-Марцінкевіч, Ф.​Багушэвіч і інш. З канца 19 ст. на беларускай мове з’яўляюцца пераклады з рус., укр. і польск. моў.

Бел. літ. мова 19 ст. яшчэ не мела ўстойлівых графічных, арфаграфічных, граматычных і лексічных нормаў. На ёй не ствараліся падручнікі ці дапаможнікі, не вялося школьнае навучанне, яна не дапускалася ў дзярж. сферу. Пісьменнікі арыентаваліся на свае родныя гаворкі. Працэс нармалізацыі мовы стрымлівала выкарыстанне дзвюх графічных сістэм — лацінскага і кірылічнага шрыфтоў, што назіралася аж да 1917, а ў Зах. Беларусі — да 1939. Рэвалюцыя 1905—07 паскорыла разгортванне літ.-грамадскага руху на Беларусі, зняла абмежаванні з бел. друкаванага слова. З гэтага часу пачалі арганізоўвацца легальныя органы друку і бел. выд-вы. У развіцці бел. літ. мовы значную ролю адыграла «Наша ніва» (Вільня, 1906—15), на старонках якой выступала новая плеяда бел. пісьменнікаў: Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, Цётка, М.​Гарэцкі, З.​Бядуля, Ц.​Гартны, К.​Каганец, Ядвігін Ш. і інш. Газета садзейнічала выпрацоўцы навук. стылю, на яе правапісныя, грамат. і лексічныя нормы арыентаваліся інш. перыядычныя выданні. Аднак сфера выкарыстання беларускай мовы ў гэты час была звужаная, бо ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця панавала рус. мова. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, абвяшчэння БНР (сак. 1918), а потым БССР (1.1.1919) беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай. У выніку беларусізацыі беларуская мова стала мовай школьнага навучання, вышэйшых навуч. устаноў, дзярж. і грамадскіх арганізацый, перыяд. друку. Арфаграфія і граматычныя нормы яе былі кадыфікаваны «Беларускай граматыкай для школ» Б.​Тарашкевіча (Вільня, 1918). Яе прынцыпы папулярызаваліся падручнікамі Я.​Лёсіка. Беларуская мова набыла ўсе гал. прыкметы, уласцівыя кожнай нац. літ. мове: развітая стылістычная дыферэнцыяцыя, апрацаванасць, упарадкаванасць літ. мовы ў параўнанні з нар.-дыялектнай, узаконеная грамадствам нарматыўнасць, стабільнасць, неперарыўнасць традыцый, наяўнасць пісьмовай і вуснай разнавіднасцяў. Для нармалізацыі бел. літ. мовы важнае значэнне мела прынятая СНК БССР у жн. 1933 пастанова «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» (гл. ў арт. Рэформы моўныя). Бел. дыяспара за межамі Беларусі не прызнала рэформу 1933 і працягвае карыстацца дарэформеннымі правапіснымі і граматычнымі нормамі. Так фактычна ўтварыліся два варыянты бел. літ. мовы, якія існуюць і ў наш час.

Самыя раннія спробы вывучэння беларускай мовы зроблены на пач. 19 ст., аднак яно не мела арганізаванага і сістэматычнага характару (гл. ў арт. Беларусазнаўства). Найбагацейшы збор бел. лексічнага матэрыялу дарэв. пары — «Слоўнік беларускай мовы» І.​І.​Насовіча (1870). Пачатак грунтоўнаму навук. даследаванню беларускай мовы далі працы заснавальніка бел. мовазнаўства Я.​Ф.​Карскага, асабліва яго манаграфіі «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22). У сав. час апублікаваны фундаментальныя даследаванні беларускай мовы, падрыхтаваныя Інстытутам мовазнаўства імя Я.​Коласа АН Беларусі, разнастайныя дапаможнікі для ВНУ па гісторыі мовы, дыялекталогіі сучаснай беларускай мовы, спец. кнігі па асобных праблемах фанет. сістэмы, грамат. ладу мовы беларусаў. Выдадзены вялікія перакладныя, тлумачальныя, гіст. і інш. слоўнікі (гл. ў арт. Лексікаграфія), аналізуюцца кантакты беларускай мовы з мовамі інш. слав. і неслав. народаў на розных этапах іх гіст. развіцця. У 1990 прыняты Закон «Аб мовах у Беларускай ССР», які надаў беларускай мове статус дзяржаўнай мовы.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Вып. 1—3. М., 1955—56;

Филин Ф.П. Происхождение русского, украинского и белорусского языков: Ист.-диалектол. очерк. Л., 1972;

Булахов М.Г., Жовтобрюх М.А., Кодухов В.И. Восточнославянские языки. М., 1987;

Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989;

Воўк-Левановіч О.В. Лекцыі па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1994;

Нарысы па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1957;

Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;

Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979;

Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;

Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;

Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд. Мн., 1984;

Мова беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст. Мн., 1988;

Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;

Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн., 1985—86;

Беларуская мова: Энцыкл. Мн., 1994.

А.​І.​Жураўскі.

Да арт. Беларуская мова. Тытульны ліст «Беларускай граматыкі для школ» Б.​Тарашкевіча. 1918.
Да арт. Беларуская мова. Старонка з Баркулабаўскага летапісу. 17 ст.
Да арт. Беларуская мова. Надпіс на Рагвалодавым камені. 1171.

т. 2, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УКРАІ́НА (Україна),

дзяржава ва Усх. Еўропе. Мяжуе на Пн з Беларуссю, на ПнУ і У з Расіяй, на ПнЗ з Польшчай, на З са Славакіяй і Венгрыяй, на ПдЗ з Румыніяй і Малдовай. На Пд абмываецца водамі Чорнага і Азоўскага мораў. Працягласць граніц 6500 км, у т. л. марскіх 1050 км. Пл. 603,7 тыс. км². Нас. 48,9 млн. чал. (2002). Сталіца — г. Кіеў. Падзяляецца на 24 вобласці, Аўт. Рэспубліку Крым. Дзярж. мова — украінская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (24 жн.).

Дзяржаўны лад. У. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права шляхам тайнага галасавання на 5 гадоў. Вышэйшы орган заканад. улады — аднапалатны парламент — Вярхоўная Рада (450 дэпутатаў, якія выбіраюцца на ўсеагульных выбарах на 4 гады). Вышэйшы орган выканаўчай улады — Кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Большая ч. У. размешчана на ПдЗ Усх.-Еўрапейскай раўніны. Сярод узвышшаў вылучаюцца: на З Валынскае і Падольскае (выш. 471 м, г. Камула), у цэнтры Прыдняпроўскае, на ПдУ Прыазоўскае і Данецкі Краж (выш. да 367 м), на ПнУ адгор’і Сярэднярускага. На Пн знаходзіцца Палеская нізіна, на Пд — Прычарнаморская, на левабярэжжы р. Дняпро — Прыдняпроўская. Горы займаюць 5% тэр., на З — Усх. Карпаты (выш. 2061 м, г. Гаверла), на Пд Крымскага п-ва — Крымскія горы (выш. 1545 м, г. Раман Кош). У. багатая карыснымі выкапнямі (каля 5% мінер. рэсурсаў свету). Буйныя запасы жал. (16,9 млрд. т), марганцавай (каля 1 млрд. т), тытанавых і нікелевых, свінцова-цынкавых, хромавых руд, ртуці, баксітаў і нефелінаў. З паліўных рэсурсаў вылучаюцца каменны (50 млрд. т) і буры (2,7 млрд. т) вугаль, нафта, прыродны газ, гаручыя сланцы, торф. Разнастайная сыравіна для хім. прам-сці (каменная і калійная солі, сера і інш.), буд. матэрыялаў (граніт, мел, мергель, вапнякі, гліны). У межах Украінскага крышт. шчыта запасы каштоўных камянёў. Шматлікія крыніцы мінер. вод (Трускавец, Хмяльнік, Белая Царква і інш.) і лекавых гразей (ліманы на ўзбярэжжы Чорнага і Азоўскага мораў). Клімат умерана кантынентальны, на паўд. беразе Крыма — субтрапічны. Кантынентальнасць клімату ўзмацняецца з З на У. Сярэдняя т-ра студз. ад -7 °C на ПнУ да 2—4 °C на Паўд. беразе Крыма, ліп. ад 18 °C на ПнЗ да 23 °C на ПдУ. Гадавая колькасць ападкаў ад 700 мм на ПнЗ да 300 мм на ПдУ, у гарах Крыма 1000—1200 мм, у Карпатах 1200—1600 мм. Рэкі належаць да бас. Чорнага і Азоўскага мораў і часткова Балтыйскага (Сан і Зах. Буг). Гал. р. Дняпро, якая перасякае краіну з Пн на Пд і падзяляе яе на правабярэжную і левабярэжную; асн. яго прытокі: Прыпяць, Дзясна, Уж, Цецераў, Псёл, Сула, Ворскла, Інгулец. На З працякаюць рэкі Днестр і Ціса, на Пд — Паўд. Буг і Інгул, на мяжы з Румыніяй — Дунай, на У — Дора (прыток Северскага Данца). Больш за 3 тыс. азёр, найб. на Палессі (Свіцязь, Турскае, Белае і інш.), у Крыме (Сасык, Сакскае), на ўзбярэжжы азёры-ліманы (Куяльніцкі, Хаджыбейскі і інш.). Вадасховішчы: Кахоўскае, Кіеўскае, Крамянчугскае і інш. Глебы на Пн дзярнова-падзолістыя, балотныя, у лесастэпавай зоне пашыраны чарназёмы, шэрыя лясныя і лугавыя глебы, у стэпавай — чарназёмы і цёмна-каштанавыя, на Пд трапляюцца саланчаковыя глебы; у Крымскіх гарах карычневыя горныя, бурыя і горна-лугавыя, на Паўд. беразе Крыма чырвона-бурыя і карычневыя, у Карпатах бурыя горна-лясныя і горна-лугавыя. Пад лесам каля 13% тэр. Найб. масівы на Палессі (хвоя, дуб, бяроза, вольха) і ў Карпатах (елка, піхта, бук, дуб). У лесастэпавай зоне — дуб, ясень, граб. У стэпавай зоне натуральная расліннасць амаль не захавалася. Жывёльны свет разнастайны: на Палессі — лось, казуля, дзік, воўк, ліс, рысь і інш.; у Карпатах — еўрап. алень, казуля, дзік, трапляецца мядзведзь; у стэпавых раёнах — суслікі, хамякі, паўсюдна — заяц-русак. Шмат птушак (цецярук, глушэц, рабчык, драфа, стэпавы арол, бусел). Прамысл. рыба Азоўскага м. — селядзец, камбала, хамса; Чорнага — скумбрыя, ласось, цюлька, кефаль, бычок; у рэках і азёрах — лешч, шчупак, судак. Ахоўных тэр. 52 тыс. км². Найб. запаведнікі: Асканія-Нова, Дунайскія Плаўні, Канеўскі, Чарнаморскі, Палескі, нац. паркі Карпацкі і Шацкі.

Насельніцтва. Большасць насельніцтва — украінцы (73%). Жывуць рускія (22%), яўрэі (1%), беларусы (0,9%) і інш. Цэнтр. вобласці кампактна заселены ўкраінцамі, бліжэй да межаў нац. склад мяшаны. Большасць вернікаў — праваслаўныя (76%), уніяты і католікі (13,5%), ёсць іудзеі, пратэстанты, мусульмане. Сярэдняя шчыльн. 81 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены Данецкая і зах. вобласці. Гар. насельніцтва 67,7%. Буйныя гарады (тыс. ж., 2000): Кіеў (2637), Харкаў (1622), Днепрапятроўск (1200), Данецк (1121), Адэса (1104), Запарожжа (900), Львоў (803). У прам-сці і буд-ве занята 32% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай і лясной гаспадарцы 24%, у сферы паслуг 44%.

Гісторыя. Чалавек пачаў засяляць тэр. У. ў раннім палеаліце, людзі сучаснага тыпу з’явіліся тут 35—10 тыс. г. назад. Найб. значнымі грамадскімі ўтварэннямі эпохі энеаліту (4—3-е тыс. да н.э.) былі земляробча-жывёлагадоўчыя плямёны трыпольскай культуры. 1-е вядомае этн. ўтварэнне на Пд У. — кімерыйцы (9—7 ст. да н.э.), якіх выцеснілі з Прычарнамор’я і часткова асімілявалі скіфы. У 1-м тыс. да н.э. на Пд У. існавалі Баспорскае і Скіфскае царствы, грэч. гарады-дзяржавы Херсанес, Ольвія і інш. У 1 ст. да н.э. гэтыя дзярж. ўтварэнні падпарадкаваны Стараж. Рымам. У 4 — пач. 7 ст. н.э. на Пд У. існавала слав. плем. аб’яднанне антаў, якія ваявалі з Візантыяй, готамі і аварамі. Са слав. плем. саюза дулебаў (6—9 ст.) утварыліся валыняне. У 9 ст. У. насялялі таксама ўсх.-слав. плем. саюзы драўлян, палян, севяран, ціверцаў, улічаў і белых харватаў. З канца 9 ст. б.ч. У. ў складзе Кіеўскай Русі. Пры вял. кіеўскім кн. Уладзіміру Святаславічу [980—1015] у якасці дзярж. рэлігіі замест язычніцтва прынята хрысціянства (988). З канца 10 — пач. 11 ст. назіраліся першыя прыкметы феадалізацыі грамадства. Грамадскія адносіны рэгуляваліся Рускай праўдай і звычаёвым правам. З 11 ст. пачаўся захоп Закарпацця Венгрыяй. У 12 ст. ў выніку распаду Кіеўскай Русі на тэр. У. ўтварыліся самаст. княствы: Кіеўскае, Чарнігаўскае, Галіцкае, Уладзіміра-Валынскае і інш.; у 1199 — найб. моцнае Галіцка-Валынскае княства. У 1239—40 рус. княствы на тэр. У. спустошаны нашэсцем манголаў на чале з ханам Батыем (гл. Мангольскія заваяванні) і да канца 1250-х г. трапілі пад уладу Залатой Арды (гл. Мангола-татарская няволя на Русі). Са спыненнем галіцка-валынскай княжацкай дынастыі (1340) Галіцыя і Зах. Валынь адышлі да Польшчы, Усх. Валынь — да Вялікага княства Літоўскага, якое ў 14 — пач. 15 ст. пашырыла ўладу амаль на ўсе астатнія землі У. аж да Чорнага мора. Паўн. Букавіна з 1359 у складзе Малдаўскага княства. Зах. Падолія ў 1431—34 захоплена Польшчай. З канца 15 ст. ўзмацнілася пагроза з боку Турцыі і яе васала (з 1478) Крымскага ханства, атрады якога да сярэдзіны 18 ст. рэгулярна спусташалі ўкр. землі. У 16 ст. туркі захапілі Паўн. Прычарнамор’е. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 да Масквы адышлі Чарнігава-Северскія землі. Паводле Люблінскай уніі 1569 укр. землі ВКЛ адышлі да Польшчы. Брэсцкую унію 1596 прынялі 6 з 8 епархій Кіеўскай мітраполіі (у 1620 правасл. іерархія адноўлена, у 1632 легалізавана).

Складванне самаст. укр. народнасці ў асн. завяршылася ў 17 ст. ў працэсе барацьбы супраць нац. і рэліг. прыгнёту з боку каталіцкай Польшчы, вял. ролю ў гэтым адыгралі ўкр. казакі Запарожскай Сечы. У канцы 16—1-й пал. 17 ст. адбыліся казацка-сял. паўстанні на чале з К.​Касінскім (1591—93), С.Налівайкам (1594—96), І.Сулімам (1635), Паўлюком (1637), Я.Астраніным і Дз.​Гунем (1638). У ходзе вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54 пад кіраўніцтвам гетмана Б.Хмяльніцкага сфарміравалася ўкр. дзяржава (Гетманшчына). Рашэннем Пераяслаўскай рады 1654 яна далучана да Расіі. Яе аўт. правы замацаваны Сакавіцкімі артыкуламі 1654. Пазней падобныя дагаворы заключаліся рас. урадам з кожным новым укр. гетманам. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667, якое завяршыла вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, тэр. рас. Гетманшчыны была абмежавана Левабярэжнай Украінай. Землі Запарожскай Сечы апынуліся пад супольным пратэктаратам Расіі і Рэчы Паспалітай (паводле «Вечнага міру» 1686 — толькі Расіі). На тэр. У. адбываліся многія падзеі польска-турэцкіх войнаў 17 ст. і рус.-тур. войнаў 1676—81 і 1686—1700. У 1672—99 Падолія і суседнія землі часова належалі Турцыі. У Паўночную вайну 1700—21 большасць украінцаў змагалася на баку Расіі, але пераход на бок шведаў гетмана І.Мазепы з часткай казацкай старшыны і кашавога атамана запарожскіх казакоў К.​Гардзіенкі даў падставу рас. цару Пятру I разбурыць Запарожскую Сеч і істотна абмежаваць правы новага ўкр. гетмана І.І.Скарападскага. У 1764 Кацярына II скасавала па Левабярэжнай У. гетманскую ўладу, у 1781 увяла тут агульна-рас. адм. падзел замест ранейшага на палкі і сотні. У 1775 ліквідавана Запарожская (Новая) Сеч. У 1783 на ўкр. сялян пашырана прыгоннае права, казацкая старшына ў 1785 атрымала правы дваранства. Антыфеад. выступленні 18 ст. ў Галіцыі, Букавіне і Закарпацці (з 17 ст. пад уладай Аўстрыі) набылі форму руху апрышкаў, на Правабярэжнай Украіне — гайдамакаў, кульмінацыяй якога стала Калііўшчына 1768. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Галіцыя адышла да Аўстр. манархіі, якая ў 1775 атрымала ад Турцыі і Букавіну. У выніку рус. -тур. вайны 1768—74 Расія заваявала землі паміж Паўд. Бугам і Дняпром. У 1783 да Расіі далучана тэр. ліквідаванага Крымскага ханства. У выніку рус.-тур. вайны 1787—91 Расія далучыла землі паміж Паўд. Бугам і Днястром, у выніку 2-га (1793) і 3-га (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай — Правабярэжную У. і Зах. Валынь. У 1-й пал. 19 ст. пачаўся ўкр. рух за нац. адраджэнне. першымі цэнтрамі якога сталі Харкаўскі (з 1805) і Кіеўскі (з 1834) ун-ты.

У 1820-я г. на тэр. У. дзейнічалі дзекабрысцкія арг-цыі Паўднёвае таварыства дзекабрыстаў і Таварыства з’яднаных славян 1823—25. У студз. 1826 на Кіеўшчыне адбылося Чарнігаўскага палка паўстанне. У 1846—47 у Кіеве дзейнічала Кірыла-Мяфодзіеўскае таварыства. Ва Усх. Галіцыі цэнтрам укр. нац.-культ. руху з 1830-х г. быў г. Львоў, дзе ўзнікла літ. аб’яднанне «Руская тройца» («Руська трійця»; назва ад кіруючай групы з 3 чалавек: М.​Шашкевіч, Я.​Галавацкі, І.​Вагілевіч). У 1848—51 у Львове дзейнічала 1-я ўкр. паліт. арг-цыя Гал. Рус. Рада. У 1848 у Галіцыі і на Букавіне, у 1853 у Закарпацці скасавана прыгоннае права. Ва ўкр. грамадска-паліт. думцы Галіцыі дамінавалі русафільская (ідэя «адзінага рускага народа») і «народаўская» (ідэя ўкр. нац. адзінства) плыні. Выданні «народаўцаў» сталі агульнаўкр. трыбунай для прапаганды нац. ідэі. У 1890 у Львове засн. 1-я на У. нац. паліт. партыя — Руска-ўкр. радыкальная партыя. На ўкр. землях Рас. імперыі пасля сялянскай рэформы 1861 паскорылася развіццё капіталіст. прам-сці, цэнтрамі якой сталі Екацярынаслаў, Харкаў, Адэса і інш. гарады. У пач. 1860-х г. узніклі ўкр. т-вы (грамады) у Пецярбургу, Кіеве, Палтаве, Чарнігаве, Харкаве, б. кірыла-мяфодзіеўцы выдавалі ў Пецярбургу ўкр. час. «Основа» (1861—62). Аднак у 1863 рас. ўрад забараніў выкладанне ўкр. мовы ў школах, неўзабаве распушчаны і грамады. У сярэдзіне 1870-х г. укр. інтэлектуальныя сілы (У.Б.Антановіч, М.П.Драгаманаў, М.​І.​Зібер, П.П.Чубінскі і інш.) сканцэнтраваліся ў «Старой грамадзе». Украінафілы кіравалі Паўд.-Зах. аддзяленнем Рус. геагр. т-ва, рускамоўнай газ. «Киевский телеграф», наладзілі сувязі з суайчыннікамі ў Галіцыі. У 1876 Аляксандр II забараніў выданне і ўвоз з-за мяжы л-ры, пастаноўку п’ес і чытанне лекцый на ўкр. мове. Рэв. рух 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на У. адбываўся як ч. агульнарас. рэв. руху. У 1870—80-я г. вядучая роля ў ім належала народніцтву. Пад яго ўплывам дзейнічалі і першыя рабочыя арг-цыі «Паўднёварасійскі саюз рабочых» 1875 (Адэса) і «Паўднёварускі рабочы саюз» (1880—81, Кіеў). У сярэдзіне 1890-х г. узніклі марксісцкія рабочыя саюзы ў Кіеве, Екацярынаславе і інш. гарадах (у 1898 увайшлі ў РСДРП). У 1900 у Харкаве засн. Рэв. ўкр. партыя, пры ўдзеле якой у 1902 адбыліся буйныя сял. паўстанні на Харкаўшчыне і Палтаўшчыне. Насельніцтва У. ўдзельнічала ва ўсеагульнай стачцы на Поўдні Расіі 1903 і ў рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. Узніклі новыя ўкр. паліт. партыі. У 1-ю сусв. вайну да 1918 ваен. дзеянні адбываліся пераважна на тэр. Галіцыі і Зах. Валыні. У Галіцыі Гал. ўкр. рада (ГУР, аб’яднанне ўкр. партый) і Саюз вызвалення Украіны (СВУ, арг-цыя ўкр. сацыялістаў-эмігрантаў) выступілі на баку Аўстра-Венгрыі і Германіі; быў сфарміраваны ўкр. легіён сечавых стральцоў з 2500 добраахвотнікаў.

У Рас. імперыі ўкр. дзеячы падзяляліся на «паражэнцаў», якія лічылі, што паражэнне Расіі ў вайне прывядзе да рэвалюцыі і атрымання У. аўтаноміі, і «абаронцаў» (у т. л. С.В.Пятлюра), якія разлічвалі дасягнуць той жа мэты канстытуцыйным шляхам пасля перамогі Расіі. Пасля лют. рэвалюцыі 1917 на тэр. У. побач з установамі Часовага ўрада і Саветамі 4(17).3.1917 узнік нац. цэнтр улады Укр. Цэнтральная рада (УЦР, старшыня М.С.Грушэўскі). Яе выканаўчым органам стаў Ген. сакратарыят на чале з У.К.Віннічэнкам. У чэрв. 1917 УЦР абвясціла аўтаномію У., у ліст. — утварэнне Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР) у складзе федэратыўнай Расіі. 31.10(13.11).1917 УЦР з дапамогай укр. вайск. часцей пасля баёў перамагла войскі Часовага ўрада і захапіла Кіеў. Усеўкр. з’езд Саветаў у Кіеве [4—6(17—19).12.1917] падтрымаў УЦР. Скліканы бальшавікамі альтэрнатыўны з’езд Саветаў у Харкаве [11—12(24—25) 12.1917] абвясціў У. сав. рэспублікай і стварыў Усеўкр. ЦВК, які сфарміраваў сав. ўрад У. — Нар. сакратарыят [Арцём (Ф.​А.​Сяргееў), Я.​Б.​Бош і інш.]. 9(22).1.1918 УЦР абвясціла пра незалежнасць УНР. 26.1(8.2). 1918 Кіеў заняты сав. войскамі, УЦР пераехала ў г. Жытомір. Яе прадстаўнікі 27.1(9.2). 1918 падпісалі ў Брэсце сепаратны дагавор з аўстра-герм. блокам і неўзабаве папрасілі ў Германіі дапамогі супраць сав. войск. 18.2.1918 герм. войскі перайшлі ў наступленне і разам з атрадамі УЦР да канца крас. 1918 захапілі ўсю У. Паводле Брэсцкага міру 1918 РСФСР павінна была прызнаць незалежнасць УНР. Прагерм. групоўка выразніка інтарэсаў буйных землеўладальнікаў ген. П.П.Скарападскага ў канцы крас. 1918 скінула УЦР. Інсцэніраваны акупантамі «З’езд хлебаробаў» (29.4.1918) абвясціў замест УНР Укр. дзяржаву (Гетманшчыну), а Скарападскага — яе гетманам. Супраць рэжыму Скарападскага і аўстра-герм. акупантаў, якія рабавалі У., узняўся шырокі партыз. рух як прасав. (М.А.Шчорс і інш.), так і сял.-анархічнай (Н.І.Махно і інш.) накіраванасці. Пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі ўрад РСФСР 13.11.1918 ануляваў Брэсцкі мір. Створаны 28.11.1918 у Курску пад кантролем СНК РСФСР Часовы рабоча-сял. ўрад У. абвясціў пра аднаўленне на У. сав. улады. Апазіцыйны да Гетманшчыны Укр. нац. саюз (сацыяліст. партыі) у ліст. 1918 стварыў Дырэкторыю (гл. Украінскай дырэкторыі ўрад) на чале з Віннічэнкам. Яе войскі 14.12.1918 занялі Кіеў і скінулі ўрад Гетманшчыны, замест якой была адноўлена УНР. У чарнаморскіх гарадах непрацяглы час знаходзіліся вайск. кантынгенты краін Антанты. 6.1.1919 у Харкаве абвешчана Укр. Сацыяліст. Сав. Рэспубліка (УССР). 16.1.1919 Дырэкторыя абвясціла вайну Расіі. 22.1.1919 у Кіеве абвешчана пра ўз’яднанне УНР з Заходне-Укр. Нар. Рэспублікай (ЗУНР, створана ўкр. партыямі Усх. Галіцыі 13.11.1918). 5.2.1919 Чырв. Армія заняла Кіеў. да мая 1919 — большую частку У. Дырэкторыя, якую ў лют. 1919 узначаліў Пятлюра, пераехала ў Вінніцу, пасля ў Жмерынку і Праскураў. 29.1.1919 Часовы ўрад УССР пераўтвораны ў СНК УССР (да 1923 старшыня Х.​Г.​Ракоўскі).

III Усеўкр. з’езд Саветаў (6—10.3.1919, Харкаў) прыняў 1-ю Канстытуцыю УССР і выбраў Усеўкр. ЦВК (старшыня да 1938 Р.І.Пятроўскі). Летам 1919 белагвардз. армія ген. А.І.Дзянікіна захапіла амаль усю У. (26 чэрв. Харкаў, 31 жн. Кіеў), восенню разбіла войскі Дырэкторыі. Укр. сяляне, у т. л. пад кіраўніцтвам Махно; паўставалі як супраць бальшавікоў, якія ўвялі харчразвёрстку, так і супраць Дзянікіна, які аднавіў памешчыцкае землеўладанне. У канцы 1918 Румынія захапіла Букавіну, Чэхаславакія ў пач. 1919 — Закарпацце, Польшча ў ліп. 1919 — Усх. Галіцыю. У канцы 1919 — пач. 1920 Чырв. Армія разграміла Дзянікіна і зноў заняла большую частку У. Дзянікін адышоў у Крым і перадаў камандаванне ген. П.М.Урангелю. Паводле тайнага Варшаўскага пагаднення ад 21.4.1920 Пятлюра атрымаў ад Польшчы прызнанне УНР (без Галіцыі) і ваен. дапамогу. У крас. — пач. мая 1920 у ходзе савецка-польскай вайны 1920 польскія і пятлюраўскія войскі занялі ч. Правабярэжнай У. і 6 мая ўвайшлі ў Кіеў. Сав. Паўд.-Зах. фронт у чэрв. 1920 перайшоў у наступленне, да канца жн. вызваліў ад палякаў Правабярэжную У. і ч. Галіцыі. У выніку контрнаступлення польскія войскі ў вер.—кастр. 1920 зноў занялі Галіцыю і Валынь. Адначасова белагвардзейскія войскі ген. Урангеля занялі амаль увесь Пд У., але ў кастр.—ліст. 1920 былі поўнасцю разгромлены Чырв. Арміяй, якая заняла Крым. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 да Польшчы адышла б.ч. Валыні (Усх. Галіцыя афіцыйна прызнана за ёй краінамі Антанты ў 1923). 20.11.1920 Пятлюра ліквідаваў Дырэкторыю. Рэшткі пятлюраўскіх войск і атрады Махно на тэр. УССР разгромлены Чырв. Арміяй у 1921—22.

Да канца грамадз. вайны і інтэрвенцыі па У. ў асн. нацыяналізаваны прам-сць, транспарт і інш. галіны нар. гаспадаркі, ліквідавана прыватная ўласнасць на зямлю, якая перададзена ў карыстанне сялянам. Царква была аддзелена ад дзяржавы і школы, уведзены грамадз. шлюб. 30.8.1921 СНК УССР пастанавіў перайсці да новай эканамічнай палітыкі (НЭП). Аднаўленне разбуранай эканомікі У. было ўскладнена масавым голадам 1921—23, але ў асн. завяршылася да 1925. З 30.12.1922 У. ў складзе СССР. У 1924 у складзе УССР створана Малд. АССР. У 1923—25 уведзены адм.-тэр. падзел на акругі і раёны, у 1932 замест акруг створаны вобласці. У 1934 сталіца УССР перанесена з Харкава ў Кіеў. З 1920-х г. усю ўладу на У. ажыццяўляла Камуніст. партыя (бальшавікоў) У. (засн. ў ліп. 1918) — састаўная ч. ВКП (б).

У 1930-я г. на У. праведзена індустрыялізацыя прам-сці (гал. новабудоўлі: Дняпроўская ГЭС, металургічныя з-ды «Запарожсталь», «Азоўсталь», Крыварожскі, Харкаўскі трактарныя з-ды і інш.), калектывізацыя сельскай гаспадаркі, ліквідавана непісьменнасць, створана сетка новых сярэдніх і вышэйшых навуч. устаноў, дасягнуты значныя поспехі ў інш. галінах сац.-эканам. развіцця. У. займала 2-е месца ў СССР па развіцці прам-сці і была адной з асн. яго жытніц. Адначасова набіралі сілу негатыўныя з’явы, абумоўленыя ўзмацненнем культу асобы І.​В.​Сталіна. Калектывізацыя праводзілася прымусовымі метадамі (гл. Раскулачванне). Прысваенне дзяржавай с.-г. прадукцыі калгасаў для продажу за мяжу (каб мець сродкі на індустрыялізацыю) у спалучэнні з засухай выклікала ў 1932—33 масавы голад, у выніку якога на У. загінула каля 3,5 млн. чал. З пач. 1930-х г. набіралі сілу рэпрэсіі палітычныя, якія дасягнулі апагею ў 1937—38. Іх ахвярамі сталі дзеячы УНР, інтэлігенцыя, работнікі парт. і дзярж. апарата, сотні тысяч інш. грамадзян. Паводле Канстытуцыі 1937 вышэйшымі органамі ўлады УССР з’яўляліся Вярх. Савет і СНК (з 1946 Савет Міністраў). У сак. 1939 Венгрыя акупіравала Закарпацце. У пач. 2-й сусв. вайны Чырв. Армія заняла Зах. Украіну, якая паводле сав.-герм. дагавора аб сяброўстве і межах ад 28.9.1939 была далучана да СССР (афіцыйна ўключана 1.11.1939), а 14.11.1939 увайшла ў склад УССР. 28.6.1940 Румынія пад націскам СССР перадала яму Бесарабію і Паўн. Букавіну. У жн. 1940 Паўд. Бесарабія і Паўн. Букавіна перададзены УССР. Адначасова з яе складу выведзены прыднястроўскія раёны скасаванай Малд. АССР, якія разам з астатняй ч. Бесарабіі ўтварылі Малд. ССР (2.8.1940). У Вял. Айч. вайну, да канца ліп. 1942, пасля жорсткіх баёў (гл. Прыгранічныя бітвы 1941, Адэсы абарона 1941, Кіеўская абарончая аперацыя 1941, Севастопальская абарона 1941—42 і інш.) уся тэр. У. акупіравана ням. фашыстамі. У жн. 1941 акупанты стварылі рэйхскамісарыят «У.» з цэнтрам у г. Роўна. Галіцыя адышла да Польскага ген.-губернатарства, Паўн. Букавіна, Паўд. Бесарабія і Адэса з акругай — да Румыніі. За час акупацыі (1941—44) гітлераўцы знішчылі на У. больш за 5 млн. чал., у т. л. 1,5 млн. палонных, 2,4 млн. вывезлі на работу ў Германію. На акупіраванай тэр. дзейнічалі каля 600 тыс. сав. падпольшчыкаў і партызан, дзейнасцю якіх з лета 1942 кіраваў Укр. штаб партыз. руху (нач. Ц.​А.​Строкач). Найб. баяздольныя былі партыз. злучэнні С.А.Каўпака, А.​М.​Сабурава, А.Ф.Фёдарава.

У Зах. У. разгарнула дзейнасць Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН), ч. членаў якой («мельнікоўцы») адкрыта супрацоўнічала з акупантамі і сфарміравала дывізію СС «Галічына», а другая (кіраўнік С.А.Бандэра) у 1942 стварыла Укр. паўстанцкую армію (УПА) для барацьбы супраць Германіі і СССР. У студз. 1943 — кастр. 1944 у выніку шэрагу бітваў (гл. Курская бітва 1943, Кіеўская наступальная аперацыя 1943, Львоўска-Сандамірская аперацыя 1944 і інш.) У. вызвалена (6.11.1943 — Кіеў). Яе матэрыяльныя страты ад акупацыі і ваен. дзеянняў склалі 285 млрд. руб. у даваен. цэнах. За ўдзел у Вял. Айч. вайне 2,5 млн. воінаў з У. ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, больш за 2 тыс. сталі Героямі Сав. Саюза, у т. л. 15 за вызваленне Беларусі. 29.6.1945 Чэхаславакія перадала УССР Закарпацце. У. — адна з краін-заснавальніц ААН (1945). Да сярэдзіны 1950-х г. на Зах. У. працягвалася ўзбр. барацьба АУН супраць сав. улады. У 1946—47 У. перажыла новы масавы голад. Да пач. 1950-х г. тут з дапамогай інш. рэспублік СССР адноўлена разбураная вайной гаспадарка. 19.2.1954 У. са складу РСФСР перададзена Крымская вобл. У 1950—80-я г. У. заставалася адным з найб. развітых прамысл. і с.-г. рэгіёнаў СССР, але на дабрабыце насельніцтва ўсё больш адмоўна адбіваліся заганы адміністрацыйна-каманднай сістэмы кіравання эканомікай і грамадствам. У 1978 прынята новая Канстытуцыя УССР. З пач. перабудовы ў СССР (1985) на У. актывізаваўся нац. рух. У вер. 1989 засн. Нар. рух У., які павёў барацьбу за незалежнасць У. 18.3.1990 упершыню на альтэрнатыўнай аснове выбраны Вярх. Савет УССР, які 24.8.1990 абвясціў дзярж. незалежнасць У. Пачалося фарміраванне шматпарт. сістэмы. Пасля спробы ў жн. 1991 членаў т.зв. Дзярж. к-та па надзвычайным становішчы адхіліць ад улады прэзідэнта СССР М.С.Гарбачова забаронена Камуніст. партыя У. (адноўлена ў 1993). 1.12.1991 удзельнікі Усеўкр. рэферэндуму прагаласавалі за поўную незалежнасць У. Адначасова 1-м прэзідэнтам У. выбраны Л.М.Краўчук. Пасля падпісання Белавежскіх пагадненняў 1991 паміж У., Беларуссю і Расіяй У. — незалежная дзяржава. Быў абвешчаны курс на пабудову ўкр. пац. дзяржавы з рыначнай эканомікай, збліжэнне з краінамі Зах. Еўропы і ЗША. У 1994 прэзідэнтам У. выбраны Л.Д.Кучма (перавыбраны ў 1999). 28.6.1996 Вярх. рада прыняла новую Канстытуцыю У., якая адлюстравала сучасныя эканам. і паліт. рэаліі. У. імкнецца падтрымліваць добрасуседскія адносіны як з Расіяй і інш. краінамі СНД, так і з блокам НАТО. 9.7.1997 у Мадрыдзе падпісана Хартыя аб асобым партнёрстве паміж У. і НАТО.

Паводле дагавора 1997 Румынія адмовілася ад тэр. прэтэнзій да У. Рас.-ўкр. дагавор 31.5.1997 аб дружбе, супрацоўніцтве і партнёрстве спрыяў вырашэнню праблем статусу Чарнаморскага флоту (падзелены паміж дзвюма краінамі) і запазычанасці У. за рас. энерганосьбіты. На выбарах 2002 у Вярх. Раду перамаглі партыі правай і цэнтрысцкай арыентацыі. У. — чл. ААН (з 1945), СНД (з 1991), Савета Еўропы (з 1995) і інш. міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 27.12.1991.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Партыя зялёных, С.-д. партыя У., «Грамада», Прагрэсіўна-сацыяліст. партыя У., Камуніст. партыя У., Сацыяліст. партыя У., Нар. рух У., Ліберальная партыя У., Укр. рэсп. партыя, Нар.-дэмакр. партыя У. і інш.

Гаспадарка. У. — індустр.-аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1998 склаў 108,5 млрд. дол. (2,2 тыс. дол. на 1 чалавека). Доля прам-сці ў структуры ВУП (2000) 26%, сельскай гаспадаркі — 12%, сферы паслуг — 62%. З пач. 1990-х г. у краіне адбываюцца працэсы, звязаныя з пераходам ад планава-размеркавальнай эканомікі да рыначнай. За 1990—99 ВУП скараціўся амаль на 60%, вытв-сць прамысл. прадукцыі — на 48,6%, сельскай гаспадаркі — на 51,3%. З 1999 пачаўся працэс стабілізацыі і паступовага росту эканам. параметраў. Змена форм уласнасці закранула амаль усе галіны гаспадаркі, але па-ранейшаму асн. уладальнікам стратэгічнага для нац. эканомікі вытворча-гасп. комплексу застаецца дзяржава. Найб. спад вытв-сці ў прамысловасці адбыўся ў машынабудаванні, асабліва ў навукаёмістых галінах, найменшы — у традыц. для У. паліўнаэнергет., металург. і хімічнай. Гал. галіна прам-сці — паліўна-энергет. комплекс. Здабыча каменнага і бурага вугалю (83,9 млн. т, 2001) у Данецкім, Львоўска-Валынскім і Дняпроўскім бас., нафты і газавага кандэнсату (3,7 млн. т) у Перадкарпацці і ўсх. раёнах, прыроднага газу (18,2 млрд. м³) у Дняпроўска-Данецкім, Прычарнаморскім і Перадкарпацкім раёнах. Нафтаперапрацоўка ў Краменчугу, Лісічанску, Херсоне, Адэсе. Вытв-сць электраэнергіі ў 2000 склала 169 млрд. кВт∙гадз, у т. л. на ЦЭС і ЦЭЦ — 52%, на ГЭС — 5,9%, АЭС — 42,1%. Найб.: ЦЭС — Вуглягорская, Запарожская, Зміеўская, Луганская, Міронаўская, Прыдняпроўская; ЦЭЦ — Кіеўскія 5-я і 6-я, Харкаўская 5-я; ГЭС — Днепрагэс, Канеўская, Кахоўская, Кіеўская, Крамянчугская; АЭС — Запарожская, Паўд.-Украінская, Ровенская, Хмяльніцкая. Вял. роля ў эканоміцы належыць здабычы руд: жал. (Крыварожскі і Керчанскі бас.), марганцавай (Нікапальскі бас.), каляровых і рэдкіх металаў (ртуць, цынк, свінец, тытан, магній, алюміній, рутыл, цырконій і інш.), самароднай серы, калійных (Прыкарпацце) і каменнай (Данбас) солей і інш. На базе вял. запасаў сыравіны развіты металург. комплекс (365 прадпрыемстваў, у т. л. 14 металург. камбінатаў, 7 трубных, 10 метызных, 16 коксахім., 3 ферасплаўныя і інш.). Вытв-сць пракату чорных металаў 22,5 млн. т (2000). Найб. прадпрыемствы галіны ў Прыдняпроўі (Днепрапятроўск, Днепрадзяржынск, Запарожжа, Крывы Рог, Нікапаль), Данбасе (Данецк, Макееўка, Янакіева) і Прыазоўі (Марыупаль). У машынабудаванні вылучаецца вытв-сць абсталявання для металург. (Краматорск, Марыупаль, Харкаў) і горназдабыўной (Горлаўка, Харкаў, Данецк) прам-сці. Каля 100 прадпрыемстваў у эл.-тэхн. прам-сці, у т. л. па вытв-сці генератараў для паравых і гідраўлічных турбін, электрарухавікоў, высакавольтнай апаратуры, электразварачнага абсталявання (Харкаў, Запарожжа, Палтава, Мікалаеў і інш.; кабелю (Кіеў, Харкаў, Адэса, Бярдзянск). 40 прадпрыемстваў ракетна-касм. галіны вырабляюць міжкантынент. балістычныя ракеты, ракетаносьбіты, касм. апараты, сістэмы кіравання і інш. (Днепрапятроўск, Кіеў). Трансп. машынабудаванне: вытв-сць цеплавозаў (Харкаў, Луганск), грузавых вагонаў (Крукаў, Марыупаль, Днепрадзяржынск, Крамянчуг), суднаў (Мікалаеў, Херсон, Керч, Кіеў), самалётаў (Кіеў), аўтобусаў (Львоў), легкавых (Запарожжа, Луцк) і грузавых (Крамянчуг) аўтамабіляў. Станка-інструментальная прам-сць у Харкаве, Днепрапятроўску, Кіеве, Лубнах. Развіта с.-г. машынабудаванне: вытв-сць трактароў (Харкаў), трактарных плугоў (Адэса), камбайнаў для ўборкі цукр. буракоў (Цярнопаль, Днепрапятроўск) і кукурузы (Херсон). Вытв-сць абсталявання для хім. і нафтавай (Сумы, Кіеў), лёгкай і харч. прам-сці. Прыладабудаванне і радыёэлектронная прам-сць у Кіеве, Сумах, Львове, Харкаве, Івана-Франкоўску і інш. Вытв-сць (тыс. шт., 2000) легкавых аўтамабіляў 17,1, грузавых аўтамабіляў 11,1, станкоў 1,3, трактароў 4, тэлевізараў 60,7, халадзільнікаў і маразільнікаў 474, пральных машын 120. Хім. прам-сць уключае вытв-сць мінер. угнаенняў (2,3 млн. т, 2000), у т. л. фосфарных (Вінніца, Адэса, Сумы, Канстанцінаўка, Марыупаль і інш.), калійных (Калуш, Сцебнік) і азотных (Горлаўка), сінт. смол і пластмасы (Адэса, Горлаўка, Чаркасы, Прылукі і інш.), хім. валокнаў (30,3 тыс. т; Кіеў, Чаркасы, Чарнігаў, Жытомір, Сакаль), соды (Лісічанск, Славянск). Прам-сць буд. матэрыялаў: вытв-сць цэменту (Мікалаеў, Здалбунаў, Балаклея, Крывы Рог, Амвросіеўка), буд. каменю (Жытомірская вобл.), шкла (Лісічанск, Канстанцінаўка, Запарожжа) і інш. Лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць развіта пераважна на Палессі і ў Карпатах, вытв-сць мэблі, паперы (103 тыс. т, 2000) у гарадах Малін, Рахаў, Жыдачаў, г.п. Панінка і інш. З галін лёгкай прам-сці развіты тэкст. (66 млн. м² тканін), у т. л. баваўняная (Херсон, Кіеў, Цярнопаль, Данецк), суконная (Луганск, Адэса, Чарнігаў), шаўковая (Кіеў, Чаркасы), ільняная (Жытомір, Роўна); гарбарна-абутковая (12,4 млн. пар; Кіеў, Луганск, Адэса, Львоў), трыкат. (Харкаў, Жытомір, Львоў, Адэса, Чарнаўцы), футравая (Харкаў, Жмерынка, Адэса, Жытомір).

Харчасмакавая прам-сць, цесна звязаная з с.-г. базай, развіта паўсюдна. Вылучаюцца мяса-малочная, цукр., алейная, рыбная, кансервавая, вінаробная, тытунёвая галіны. Вытв-сць (тыс. т, 2000) мяса прамысл. перапрацоўкі 290, цэльнамалочнай прадукцыі 598, цукру 1780, алею 895. Гал. цэнтры мяса-малочнай галіны: Кіеў, Данецк, Львоў, Харкаў, Адэса, Сімферопаль, Днепрапятроўск. Цукр. з-ды ў Вінніцкай, Чаркаскай, Хмяльніцкай, Сумскай і Кіеўскай абл., алейныя — у стэпавай зоне, рыбныя — у Севастопалі, Керчы, Адэсе, Марыупалі, Ізмаіле, Херсоне, вінаробныя — у Закарпацкай, Херсонскай, Адэскай абл., Крыме. У. мае спрыяльныя ўмовы для развіцця сельскай гаспадаркі. Пл. с.-г. угоддзяў складае 40,7 млн. га (2001), у т. л. 32,9 млн. га ворных зямель, пераважна на чарназёмных глебах. У 2001 у краіне дзейнічалі 42 тыс. фермерскіх гаспадарак (пл. с.-г. угоддзяў 2,3 млн. га), 22 тыс. с.-г. прадпрыемстваў, у т. л. акц. т-вы, кааператывы (27,6 млн. га), 3,4 тыс. дзярж. прадпрыемстваў (1,9 млн. га), дробныя гаспадаркі насельніцтва (каля 9 млн. га). На У. вылучаюць 4 зоны спецыялізацыі сельскай гаспадаркі: лесастэп, стэп, Палессе, горныя раёны. Вял. плошчы меліяраваных зямель. На Палессі пашыраны асушальныя і асушальна-ўвільгатняльныя сістэмы (Ірпенская, Асцёрская, Трубежская і інш.); у стэпавай зоне — арашальныя сістэмы (Кахоўская, Інгулецкая, Паўн.Рагачыцкая і інш.); Паўн.-Крымскі канал, канал Дняпро—Данбас. Пл. асушаных зямель каля 3 млн. га, арашальных — каля 2,4 млн. га. Аснова раслінаводства — збожжавыя культуры (пл. пасеваў 14,6 млн. га). Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, рыс (арашальныя землі на Пд), ячмень, жыта, проса, грэчку; з тэхн. культур — цукр. буракі (0,85 млн. га), сланечнік, лён (Палессе), хмель, каноплі. тытунь (Крым, Закарпацце); кармавыя культуры. Развіты бульбаводства (1,6 млн. га), агародніцтва (0,5 млн. га), пладаводства, бахчаводства (на Пд), вінаградарства (на Пд і ў Закарпацці), пасевы лекавых траў (Палессе). Збор (млн. т, 2001): збожжавых — 39,7, цукр. буракоў — 15,5, бульбы — 17,3, агародніны — 5. Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. Буйн. раг. жывёлу гадуюць паўсюдна, свіней — у лесастэпавай і стэпавай зонах, авечак — у стэпавай зоне, Карпатах, на Палессі. Птушкагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 2001): буйн. раг. жывёлы — 9,2, свіней — 7,9, авечак і коз — 1,8. Вытв-сць (тыс. т, 2001) мяса — 2,3, у т. л. ў гаспадарках насельніцтва 1,8, малака адпаведна 13,4 і 9,8; яек — 9652 млн. шт. і 6991 млн. шт. Пчалярства на Палессі і ў Карпатах. Рыбалоўства (403 тыс. т, 1999) у Чорным і Азоўскім м. і ва ўнутр. вадаёмах.

Транспарт. Даўж. чыгунак 22,6 тыс. км, у т. л. 9,1 тыс. км электрыфікавана, аўтадарог 168,7 тыс. км, з якіх 163 тыс. км з цвёрдым пакрыццём. Даўж. суднаходных рачных шляхоў 4,4 тыс. км. Асн. водная артэрыя — р. Дняпро, суднаходства таксама па рэках Днестр, Дзясна, Дунай. Гал. рачныя парты: Кіеў, Чаркасы, Мікалаеў, Днепрапятроўск, Запарожжа, Днепрадзяржынск, Херсон, Ізмаіл. Гал. марскія парты: Адэса, Бярдзянск, Херсон, Ізмаіл, Ільічоўск, Керч, Марыупаль. Дзейнічае міжнар. марская паромная пераправа Ільічоўск—Варна (Балгарыя). 163 аэрапорты з цвёрдым пакрыццём, найб. Кіеў, Данецк, Адэса, Сімферопаль. Даўж. нафтаправодаў 4 тыс. км, прадуктаправодаў 4,5 тыс. км, газаправодаў 34,4 тыс. км. Развіты замежны турызм і адпачынак (даход 540 млн. дол. штогод). Шматлікія курортныя зоны і курорты: Паўднёвы бераг Крыма, Еўпаторыя, Адэская група курортаў, Трускавец, Міргарад, Моршын і інш. Аб’ём знешняга гандлю У. ў 2001 склаў 23,4 млрд. дол., у т. л. экспарт — 11,6 млрд. дол., імпарт — 11,8 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць чорныя і каляровыя металы, паліва, нафтапрадукты, машыны і трансп. сродкі, прадукты харчавання; у імпарце — электраэнергія, машыны і абсталяванне, прадукцыя хім. прам-сці. Гал. гандл. партнёры: Расія (20% экспарту і 48% імпарту), краіны ЕС (17% і 23%), ЗША (4% і 3%) і інш. Аб’ём знешняга гандлю У. з Рэспублікай Беларусь у 2001 склаў 699,1 млн. дол. Беларусь экспартавала на У. тавараў на суму 421,8 млн. дол. (трактары і запчасткі да іх, грузавыя аўтамабілі, нафтапрадукты, поліэтылен, быт. апаратура), імпартавала на суму 277,3 млн. дол. (чорныя металы, кокс, падшыпнікі, ферасплавы, збожжа, алей). Грашовая адзінка — грыўня.

Узброеныя сілы. Налічваюць 310 тыс. чал. (2001). Складаюцца з сухап. войск, ВПС, ППА, ВМС, а таксама з чыг. і спец. войск. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Кіраўніцтва ўзбр. сіламі ажыццяўляе міністр абароны праз Мін-ва абароны і ген. штаб. Камплектаванне на аснове прызыву на ваен. службу, а таксама паводле кантракта. У сухап. войсках больш за 150 тыс. чал.; каля 3,5 тыс. танкаў, каля 3 тыс. баявых машын пяхоты, 1,5 тыс. бронетранспарцёраў, больш за 3,5 тыс. артыл. сістэм калібру 100 мм і вышэй (гарматы, мінамёты, рэактыўныя сістэмы залпавага агню і інш.), 400 верталётаў. У ВПС больш за 50 тыс. чал.; каля 1,5 тыс. самалётаў, у т. л. 840 баявых, і больш за 300 верталётаў. У ППА 45 тыс. чал.; на ўзбраенні зенітныя ракетныя комплексы і знішчальная авіяцыя. У ВМС каля 13 тыс. чал.; надводныя і падводныя сілы (40 баявых і 80 дапаможных суднаў), марская авіяцыя, часці спец., тылавога і тэхн. прызначэння. Паводле ваен.-адм. падзелу тэр. У. мае 3 аператыўныя камандаванні: Зах. (штаб у Львове), Паўд. (штаб у Адэсе), Паўн. (штаб у Чарнігаве); у ВМС Паўд. марскі р-н (штаб у пас. Новаазёрны) і Зах. марскі р-н (штаб у Адэсе), гал. база флоту — г. Севастопаль. Некат. падраздзяленні спец. і інш. войск знаходзяцца па-за межамі У., у т. л. ў Ліване, Косаве (Сербія). На ваен. час прадугледжана ўзаемадзеянне ўзбр. сіл з пагран. войскамі, нац. гвардыяй, унутр. войскамі, органамі і падраздзяленнямі МУС. Ваен. дактрына У. мае абарончы характар.

Ахова здароўя. Уключае дзярж., неабавязковае страхавое і прыватнае мед. абслугоўванне. На тэр. У. размешчана вял. колькасць санаторна-курортных зон, курорты Адэсы, Крыма, Закарпацця і інш., якія значна дапамагаюць аздараўленню насельніцтва. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 60, жанчын 71 год (2001). Смяротнасць — 16 на 1 тыс. чал., натуральны прырост адмоўны -0,754%. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 81 чал., урачамі — 1 на 224 чал. Дзіцячая смяротнасць — 21 на 1 тыс. нованароджаных (2001).

Асвета. Сістэма адукацыі У. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Агульнаадук. школа падзяляецца на 3 ступені: пач. (з 6-гадовага ўзросту), асн. (10 гадоў навучання) і старэйшая (11—12 кл.; дае поўную сярэднюю адукацыю). Для развіцця здольнасцей дзяцей ствараюцца профільныя класы, спецыялізаваныя школы, гімназіі, ліцэі. Выкладанне вядзецца на ўкр., рус., венгерскай, рум., польскай, крымска-татарскай мовах. У сістэме вышэйшай адукацыі 4 узроўні акрэдытацыі: 1-ы і 2-і — вучылішчы, тэхнікумы, каледжы (некат. даюць ступень бакалаўра); 3-і і 4-ы — ун-ты, ін-ты, акадэміі, кансерваторыі. У 2002/03 навуч. г. ва У. 587 ВНУ 1-га і 2-га ўзроўняў, у т. л. 195 вучылішчаў, 279 тэхнікумаў і 113 каледжаў; 225 ВНУ 3-га і 4-га ўзроўняў, у т. л. 106 ун-таў, 60 ін-таў, 57 акадэмій, 2 кансерваторыі. Буйнейшыя ун-ты: Адэскі універсітэт, Кіеўскі нацыянальны універсітэт, Львоўскі універсітэт, Харкаўскі універсітэт, Данецкі, Днепрапятроўскі, Запарожскі, Ужгарадскі, Чарнавіцкі. На 1.1.2002 ва У. 45 тыс. б-к (700 млн. адзінак захавання) і больш за 550 музеяў. Буйнейшыя б-кі: Украінская нацыянальная парламенцкая бібліятэка і Нац. б-ка У. імя У.​І.​Вярнадскага ў Кіеве. Буйнейшыя музеі: Нац. гісторыі Украіны (700 тыс. адзінак захавання), Нац. мастацкі, Мемарыяльны комплекс «Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны 1941—45 гадоў», л-ры і навукова-прыродазнаўчы Нац. АН У., пад адкрытым небам (пл. 47 га, 80 тыс. адз. зах., у т. л. 320 нерухомых помнікаў нар. архітэктуры) — усе ў Кіеве; краязнаўчыя ў Харкаве, Палтаве, Чаркасах; запаведнікі: «Сафія-Кіеўская» ў Кіеве, «Хорціца» ў Запарожжы, «Даўні Галыч» у Львове, «Чарнігаў Старадаўні» ў Чарнігаве, гісторыка-культ. ў Пераяславе-Хмяльніцкім. Навук. даследаванні вядуцца ў Нац. АН У., галіновых і інш. НДІ.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 2002 на У. выдавалася больш за 10 тыс. перыяд. выданняў, з іх больш за 5,6 тыс. на ўкр. мове. Буйнейшыя газеты: «Голос України» (з 1991), «Урядовий кур’єр» (з 1990), «Факты и комментарии» (з 1997), «Киевские ведомости» (з 1992), «День» (з 1996), «Сегодня» (з 1997), «Дзеркало тижня» (з 1994). Інфарм. агенцтвы дзярж. — Укр. нац. інфарм. агенцтва «Укрінфарм» (з 1918), Крымскае інфарм. агенцтва (з 1998), Дзярж. прадпрыемства Агенцтва інфармацыі міжнар. супрацоўніцтва і развіцця «Агенцтва «Чарнобыльінфарм» (з 2001); недзярж. — Т-ва з абмежаванай адказнасцю «Інфармацыйнае агенцтва «Інтерфакс-Украіна» (з 1992), Укр. незалежнае інфарм. Агенцтва Навін (УНІАН; з 1993). Радыёвяшчанне з 1924. Дзярж. нац. радыёкампанія У. вядзе перадачы па 4 праграмах — УР-1 (інфарм.-публіцыстычная, грамадска-аналіт.); УР-2 (маладзёжная «Промінь»); УР-3 (маст. вяшчання) і «Сусветная служба радыёвяшчання Украіны» (на замежжа). Тэлебачанне з 1951 (з 1968 каляровае). Дзярж. нац. тэлекампанія У. трансліруе 2 праграмы на агульнадзярж. каналах; недзярж. Укр. незалежная тэлекарпарацыя перадае эфірнай сеткай праграму «Інтэр» (часткова з праграмамі рас. канала «ГРТ»), праз спадарожнікі — праграмы «Інтэр+», «Энтэр», «Энтэрфільм», а таксама праграмы тэлерадыёкампаній «СТБ», «Новы канал», «ICTV». Дзейнасць усіх радыёкампаній (каля 800) каардынуе Нац. рада У. па пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання, кіраўніцтва дзярж. тэлерадыёкампаніямі ажыццяўляе Дзярж. к-т інфарм. палітыкі, тэлебачання і радыёвяшчання. На У. 28 тэлецэнтраў і больш за 1000 рэтрансляцыйных станцый; пашырана сетка кабельнага тэлебачання.

Літаратура. Развіваецца на ўкраінскай мове. Вытокі яе, як бел. і рус., у л-ры Кіеўскай Русі (перакладная л-ра, ізборнікі, павучанні, жыціі, пацерыкі, летапісы і інш.). Мангола-тат. нашэсце (13 ст.), тат. і тур. агрэсія (16 ст.) затрымалі, але не спынілі развіццё л-ры: працягвалася мясц. летапісанне, высокага ўзроўню дасягнула нар. творчасць (гіст. песні, думы). З пашырэннем рэнесансавых з’яў і ўзмацненнем нац.-вызв. барацьбы (16—17 ст.) узніклі новыя культ. цэнтры (Львоў, Астрог), пачалося кнігадрукаванне (1574). Развіваліся палемічная літаратура (І.Барэцкі, І.​Вішанскі, З.Капысценскі) і аратарска-прапаведніцкая (Л.​Барановіч, І.​Галятоўскі, К.​Стаўравецкі), кніжнае вершаскладанне (Я.​Жораўніцкі, А.Рымша, К.Саковіч і інш.), драматургія ў форме вершаваных дэкламацый, дыялогаў, інтэрмедый (П.Бярында, А.​Скульскі). Вызв. вайна ўкр. і бел. народа 1648—54 і далучэнне У. да Расіі ідэйна і эстэтычна пераарыентавалі ўкр. л-ру. У канцы 17 — пач. 18 ст. створаны т.зв. казацкія летапісы Самавідца, С.​Вялічкі, Р.​Грабянкі. З сярэдзіны 18 ст. паскорыўся пераход да новай л-ры з яе арыентацыяй на нар. паэзію і мову, ідэі гуманізму, рэалізм. Прагрэс. тэндэнцыі пераходнага перыяду найб. яскрава выявіліся ў творчасці Р.Скаварады. Першы класік новай укр. л-ры — І.Катлярэўскі. У 1-й пал. 19 ст. ў л-ру прыйшлі прыхільнікі рэаліст. бытапісання П.Гулак-Арцямоўскі, Я.Грабінка, пачынальнік новай укр. прозы Р.Квітка-Аснаўяненка. Рамант. кірунак прадстаўлялі паэты Л.Баравікоўскі, В.​Забіла, А.​Мятлінскі, М.​Пятрэнка і інш. Пачатак новай л-ры на зах.-ўкр. землях паклала «Руская тройца» (І.​Вагілевіч, Я.Галавацкі, М.​Шашкевіч). Якасна новы этап у развіцці л-ры — творчасць Т.Шаўчэнкі, які сцвердзіў ва ўкр. л-ры крытычны рэалізм, рэв.-дэмакр. кірунак. Яго «Кабзар» (1840. 1860) зрабіў уплыў на ўсерас. вызв. рух і знайшоў шырокі водгук за мяжой, асабліва ў слав. краінах. Рэаліст. традыцыі ў прозе сцвярджала паслядоўніца Шаўчэнкі М.Ваўчок. У сярэдзіне 19 ст. актыўна выступалі паэт-лірык і гумарыст С.Руданскі, байкапісец Л.Глібаў, празаік А.​Свідніцкі, на Букавіне — Ю.​Фядзьковіч. Прадстаўнікі ліберальна-бурж. кірунку — празаік, крытык і гісторык П.​Куліш (аўтар першага гіст. рамана), празаікі Г.​Барвінак, А.​Каніскі і інш. У 2-й пал. 19 ст. ва ўмовах жорсткага ўціску з боку царызму (забарона друку на ўкр. мове) л-ра развівалася намаганнямі празаікаў-рэалістаў П.Мірнага, І.Нячуй-Лявіцкага, паэтаў П.Грабоўскага, І.​Манжуры, драматургаў І.Карпенкі-Карага, М.Крапіўніцкага, М.Старыцкага. Этапнай для ўкр. л-ры з’явілася шматгранная творчасць І.Франко, пад моцным уплывам якога развівалася творчасць В.Кабылянскай. В.​Макавея. Л.Мартовіча, М.​Паўлыка, В.Стафаніка, М.Чарамшыны і інш. Асаблівую ролю ў літ. працэсе канца 19—пач. 20 ст. адыгрывалі паэзія А.​Алеся, М.​Вараныя, паэзія і драматургія Л.Украінкі і рэаліст. проза М.Кацюбінскага.

У 1920-я г. маст. ўзровень л-ры і яе ідэйна-тэматычную скіраванасць вызначалі паэты П.Тычына, М.Рыльскі, У.Сасюра, М.Бажан, Т.Масэнка, празаікі У.Віннічэнка, А.Галаўко, М.Ірчан, І.Лэ, П.Панч, Ю.Смоліч, М.​Хвылявы, Ю.Яноўскі, драматургі І.Качарга, А.Карняйчук, М.​Куліш, І.Мікітэнка, гумарыст К.Вішня, кінасцэнарыст А.Даўжэнка. З 1922 пачалі ўзнікаць шматлікія літ. аб’яднанні. У 1930-я г. ў л-ру прыйшлі А.Малышка, Н.Рыбак, В.​Сабко, М.​Трублаіні, А.​Дзясняк і інш. Асн. тэмы твораў гэтага перыяду — індустрыялізацыя і калектывізацыя (А.Капыленка, І.​Кірыленка, А.​Дончанка), рэвалюцыя і грамадз. вайна (Панч, С.Склярэнка, Дз.Фалькоўскі, Яноўскі). Значнае месца займала гіст. тэматыка (творы А.Ільчанкі, Я.​Качуры, Л.​Смілянскага, З.​Тулуб). З уз’яднаннем зах.-ўкр. зямель з У. л-ра папоўнілася імёнамі А.Гаўрылюка, П.Казланюка, С.​Тудара і інш. У Вял. Айч. вайну пераважалі жанры апавядання і нарыса; паявіліся новыя імёны пісьменнікаў-франтавікоў (П.Варанько, І.​Няхода, Я.​Шпорта). У пасляваен. гады ў паэзіі працягвалася асэнсаванне ўрокаў вайны, распрацоўваліся тэмы гераізму людзей і братэрства народаў (зб-кі Тычыны, Рыльскага, Л.​Первамайскага, М.Нагнібеды, Л.Забашты і інш.); проза і драматургія ўзбагаціліся творамі ваен. тэматыкі (А.Ганчар, Л.​Дзмітэрка, В.​Кучар, Сабко), мінулага ўкр. народа (Карняйчук, Качарга, І.Муратаў, Рыбак, М.Стэльмах). Прызнанне атрымалі сатыр. і гумарыст. творы С.Алейніка, Вішні, А.​Кавінькі, публіцыстыка Я.Галана. У 1950—70-я г. ўкр. л-ра развівалася пад уплывам зрухаў у грамадскім жыцці. Паглыбіліся яе ідэйна-эстэт. асновы, узмацніліся аналіт. якасці. У прозе пераважалі творы пра вайну (Ганчар, Ю.Збанацкі, В.Казачэнка, Первамайскі, І.Стаднюк), рабочы клас і інтэлігенцыю (Ю.​Бедзык, П.Заграбельны, І.Сенчанка, Ю.​Шаўкапляс), жыццё вёскі (Я.Гуцала, У.​Дрозд, М.Зарудны, Стэльмах).

Здабыткам л-ры сталі дылогія «Лебядзіная чарада» і «Зялёныя Млыны» В.​Земляка, трылогія «Хлеб і соль», «Кроў людская не вадзіца» і «Вялікая радня» Стэльмаха, раманы «Вір» Р.​Цюцюнніка, «Цыклон» Ганчара, «Сёстры Рачынскія» І.Вільдэ і інш., для якіх характэрны шырокі гіст. фон, перапляценне ў адным творы розных часавых планаў, паказ герояў з нар. глыбінь.

Шмат новага ў разуменне эпохі, чалавека, жыцця ўнеслі творы празаікаў малодшага пакалення (Р.​Іванічук, В.​Лагвіненка, Р.​Федарыў, Б.​Харчук і інш.). Да гіст. мінулага краіны звярталіся пісьменнікі Склярэнка (раманы «Святаслаў» і «Уладзімір»), Лэ (трылогія «Хмяльніцкі»), Заграбельны (раманы «Першамост» і «Раксалана»), А.​Хіжняк (раманы «Данііл Галіцкі» і «Праз вякі»), Іванічук (раман «Мальвы») і інш. Паэзія прадстаўлена творамі Рыльскага, Бажана, Малышкі, Тычыны, Первамайскага, Варанько, Дз.Паўлычкі, Р.​Братуня, паэтаў новай генерацыі (В.Сіманенка, Л.Кастэнка, Т.​Каламіец, У.​Забаштанскі і інш.). У драматургіі найб. значныя п’есы Карнейчука, В.Мінко, Заруднага, А.​Лявады, Я.​Баша, Сабко. У 1980—90-я г. ўкр. л-ру развівалі празаікі А.​Мароз, Дз.​Мішчанка, Ю.​Мушкецік, С.​Пушык, В.​Чандэй, Васіль Шаўчук, Валерый Шаўчук, У.​Яварыўскі, паэты Б.Алейнік, М.​Вінграноўскі, П.​Вольвач, І.​Драч, У.​Каламіец, І.​Калінец, В.​Кароціч, В.​Кордун, Р.Лубкіўскі, А.​Лупій, І.​Паўлюк, І.​Рымарук, С.​Явенка, драматургі Зарудны, А.​Каламіец, Ю.​Шчарбак і інш. Уклад у развіццё л-ры для дзяцей зрабілі В.Блізнец, Н.Забіла, А.​Іваненка, У.​Нястайка, Б.​Чалы, крытыкі і літ.-знаўства — А.​Бабышкін, В.​Бальшак, Я.​Гаян, І.​Дзюба, М.​Жулінскі і інш.

Бел.-ўкр. літ. сувязі пачынаюцца з эпохі Кіеўскай Русі. Моцнымі яны былі ў сярэднія вякі: цесныя кантакты паміж укр. (Кіеў, Астрог, Львоў) і бел. (Брэст, Полацк, Вільня) культ. цэнтрамі, правасл. брацтвамі (магілёўскім і львоўскім, мінскім і кіеўскім і г.д.). Дабратворны ўплыў на ўкр. кнігадрукаванне і л-ру зрабілі Ф.​Скарына, С.​Будны, С.Косаў, В.​Цяпінскі. Асобныя літаратары-ўкраінцы (М.Сматрыцкі, Л.Зізаній, І.​Казлоўскі) жылі, выдавалі кнігі і вялі асветніцкую працу на Беларусі; беларусы (Рымша, Сімяон Полацкі) вучыліся на У. Узаемасувязі стараж. бел. і ўкр. л-р назіраюцца ў летапісанні, розных жанрах царк. і свецкай пісьменнасці. У 17 ст. ўкр. вершаскладанне, прапаведніцкая л-ра адчулі пэўны ўплыў Сімяона Полацкага; Вішанскі, Г.​Сматрыцкі, Капысценскі ўплывалі на развіццё бел. палемічнай л-ры, на творчасць Л.​Карповіча, Афанасія Філіповіча і інш. У 2-й пал. 17—18 ст. сувязі пераважалі ў фальклоры, школьнай л-ры (вершапісанне, арацыі, інтэрмедыі). Некат. ўкр. пісьменнікі (Галавацкі. А.​Старажэнка) пэўны час працавалі на Беларусі, Я.​Баршчэўскі, Ф.​Савіч, Ф.​Багушэвіч — на У. Беларусы Е.​Раманаў, М.​Доўнар-Запольскі, Я.​Карскі даследавалі помнікі ўкр. мовы і л-ры, украінцы М.Драгаманаў, А.Патабня, У.Гнацюк — беларускай. Бел. рэчаіснасць, фальклор, л-ру ведаў і выкарыстоўваў у сваіх творах Шаўчэнка, які паўплываў на творчасць Ф.​Багушэвіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа. Пад уздзеяннем «Энеіды» Катлярэўскага ўзнікла бел. «Энеіда навыварат». Кантактавыя і тыпалагічныя формы літ. сувязей спрыялі фарміраванню бел. і ўкр. рэв. публіцыстыкі. Франко і Паўлык склалі праект «Украінска-польскалітоўска-беларускага брацтва» (1875) і «Выдавецкай суполкі». З укр. рэвалюцыянерамі трымаў сувязь «Гурток моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай». Кіраўнік гэтага гуртка А.​Гурыновіч пераклаў на бел. мову «Гімн» Франко. На светапогляд і творчасць Л.​Украінкі паўплываў мінскі сацыял-дэмакрат С.​К.​Мяржынскі. З часу рэв. 1905—07 пашырыліся асабістыя сувязі літаратараў (Цётка і І.Свянціцкі, М.​Косіч і А.​Русаў, С.​Палуян і кіеўскія пісьменнікі). Франко, В.​Шчурат, М.Вазняк, І.​Крыпякевіч, Ф.​Калеса заклалі асновы ўкр. беларусазнаўства. Брашура Свянціцкага «Адраджэнне беларускага пісьменства» (Львоў, 1908) — першы на У. і Беларусі сістэматызаваны нарыс гісторыі бел. л-ры. Усталяваліся кантакты паміж бел. («Наша доля», «Наша ніва») і ўкр. («Рада» і інш.) перыяд. выданнямі. Паявіліся ўкр. пераклады твораў бел. л-ры («Тарас на Парнасе», творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча, Я.​Лучыны і інш.) і бел. пераклады Шаўчэнкі, Стафаніка, Руданскага і інш. З 1920-х г. пашырыліся кантакты паміж пісьменніцкімі арг-цыямі ўкр. («Гарт», «Плуг», «Маладняк») і бел. («Маладняк», «Узвышша», «Полымя»), Абмен дэлегацыямі і рэгулярныя пісьменніцкія кантакты спрыялі павелічэнню літ. перакладаў. У 1929 у Харкаве выйшла першая анталогія бел. паэзіі «Новая Беларусь». На ўкр. мове выдадзены творы М.​Багдановіча, Я.​Купалы, К.​Крапівы, К.​Чорнага, на бел. мове В.​Палішчука, Вішні, Сасюры, Галаўко, Панча, Лэ, Мікітэнкі. У 1939 выдадзены «Кабзар» Шаўчэнкі на бел. мове ў перакладзе Я.​Купалы, Я.​Коласа, З.​Бядулі, П.​Броўкі, П.​Глебкі, А.​Куляшова і інш. Пасля Вял. Айч. вайны ў бел.-ўкр. літ. сувязях з’явіліся новыя формы (тыдні л-р, абмен спец. выпускамі часопісаў і газет, выданне паэт. твораў адначасова на ўкр., бел. і рус. мовах і інш.).

На ўкр. мове выйшлі зб-кі «Беларуская савецкая паэзія» (1948), «Беларускія апавяданні» (1949, 1957), «Песні з Беларусі», «Беларускі гумар» (абодва 1957), «Беларускія прыказкі і прымаўкі» (1970), анталогія маладой бел. паэзіі «Калінавыя масты» (1969), выбр. творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Броўкі, М.​Танка, А.​Куляшова, творы І.​Мележа, Я.​Брыля, І.​Шамякіна, П.​Панчанкі, В.​Быкава, А.​Макаёнка і інш.; на бел. мове — зб. «Сястры Украіне» (1954), анталагічныя зб-кі «Украінская савецкая паэзія», «Вершы для дзяцей» (абодва 1952), «Дзень украінскай паэзіі», «Украінскі гумар» (абодва 1957), «Украінскія народныя казкі» (1959), выбр. творы Рыльскага, Тычыны, Вішні, творы Катлярэўскага, Франко, Л.​Украінкі і інш. У 1970—90-я г. ўкр.-бел. сувязі ўзбагаціліся: наладжваліся сустрэчы пісьменнікаў з чытачамі прыгранічных раёнаў, сумесныя абмеркаванні пытанняў л-ры на пленумах і рэгіянальных нарадах пісьменнікаў, навук. канферэнцыі, публікаваліся шматлікія даследчыя матэрыялы. Выйшлі сумесныя ўкр.-бел. выданні — «Паклон табе, Славута» (1972) і «Бацькоўскае імя» (1982). Найб. значныя перакладныя выданні на У. — анталогія «Беларуская савецкая паэзія» (т. 1—2, 1971), зб-кі «Беларускае савецкае апавяданне» і «Лясная калыска» (абодва 1979), «Радня» (1980); на Беларусі — анталогія «Украінская савецкая паэзія» (т. 1—2, 1975), «Украінскія народныя казкі» (1989, пер. С.​Міхальчук), зб-кі «Рука друга» (1973), «Сцежка без канца» (1980, пер. М.​Дубянецкі), «Ад круч дняпроўскіх» (1983), «Эліксір маладосці» (1990, пер. Р.​Родчанка), трылогія «Жылюкі» М.​Алейніка (1983, пер. Х.​Жычка), раман «Твая зара» Ганчара (1985, пер. В.​Рагойша). У серыі «Паэзія народаў СССР» выйшлі зб-кі «Явар» Шпорты (1976, пер. К.​Кірэенка), «Матчына слова» Б.Сцепанюка (1977), «Заклінанне агню» Б.​Алейніка (1979, пер. Г.​Бураўкін), «Мелодыя каліны» Драча (пер. Р.​Барадулін) і «Вятрылы, поўныя блакіту» Нагнібеды (абодва 1981), «Калыска памяці» Варанько (1983), «Світальная зара» Рыльскага (1985), «Таямніца вобліку твайго» Паўлычкі (1987), «Два берагі» Т.​Каламіец (1988), «Лірыка» Кастэнка (1989, пер. В.​Коўтун і Н.​Мацяш), «Пялёсткі святла» Лубкіўскага (1990); у серыі «Скарбы сусветнай літаратуры» — «Вершы. Паэмы» Шаўчэнкі (1989). Сярод інш. перакладчыкаў укр. л-ры на бел. мову: М.​Базарэвіч, А.​Вялюгін, Н.​Гілевіч, І.​Грамовіч, С.​Грахоўскі, В.​Зуёнак, К.​Камейша, В.​Лукша, В.​Маеўскі, У.​Паўлаў, В.​Рабкевіч, М.​Рудкоўскі, Л.​Салавей, Б.​Сачанка, Ю.​Свірка, Я.​Сіпакоў, М.​Чарняўскі, Я.​Янішчыц. Даследавалі ўкр. л-ру і яе сувязі з бел. Л.​Навічэнка, С.Крыжаноўскі, П.Ахрыменка, Л.​Бондар, Рагойша, Т.​Кабржыцкая, Э.​Мартынава і інш.

Архітэктура. Жылыя збудаванні на тэр. У. вядомы з эпохі неаліту. Асновай для фарміравання сярэдневяковага дойлідства паслужыла маст. культура Кіеўскай Русі. Напачатку на тэр. У. будаваліся драўляныя жытлы, абарончыя і гасп. пабудовы, язычніцкія свяцілішчы; з 9 ст. тут развіваліся гарады Кіеў, Чарнігаў, Белгарад, Пераяслаў і інш.; з 10 ст. вядома каменнае буд-ва (нячэсаны камень, цэгла-плінфа). У 11 ст. закладзены Кіеўскі Сафійскі сабор, Кіева-Пячэрская лаўра. У 11—12 ст. у культавым буд-ве склаліся мясц. арх. кірункі: кіеўскі (храмы лаўры, Міхайлаўскі сабор Выдубіцкага манастыра, царква Спаса на Бераставе), пераяслаўскі [Спаская царква ў Пераяславе, Юр’ева (Міхайлаўская) бажніца ў Астры], чарнігаўскі (Чарнігаўскі Спаса-Праабражэнскі сабор, Барысаглебскі сабор у Чарнігаве), галіцкі [царква Панцеляймона ў Галічы (цяпер с. Шаўчэнкава Івана-Франкоўскай вобл.)]. У 13—16 ст. архітэктура набыла фартыфікацыйны характар (умацаваныя манум. замкі магнатаў, каралеўскіх намеснікаў у Белгарадзе-Днястроўскім, Камянцы-Падольскім, Крэменцы, Луцку, Львове, Мукачаве, Хаціне), каля іх узнікалі ўмацаваныя гар. паселішчы з рыначнымі плошчамі, ратушамі і маляўнічай забудовай. У сістэму ўмацаванняў уключаліся манастыры (у Мяжырычы Ровенскай вобл., Зімнем Валынскай вобл., Падгаранах Цярнопальскай вобл.) і асобна пастаўленыя цэрквы (Суткавецкая царква-крэпасць). Да 15 ст. большасць цэркваў будавалася паводле тыпу 4-стаўповых, крыжова-купальных, 3-апсідных храмаў (арм. сабор у Львове), былі таксама 1-нефавыя храмы са стараж.-рус. і гатычнымі рысамі (царква Раства Хрыстова ў Галічы). У гарадах Зах. У. пераважалі вузкія вуліцы з 2—3-павярховымі драўлянымі і каменнымі дамамі, на Левабярэжнай — 1-павярховыя драўляныя дамы з садамі і агародамі. З 15 ст. пашырыліся 1-нефавыя 3-часткавыя храмы з купалам ці без яго (Узнясенская царква ў Лужанах Чарнавіцкай вобл., 1453—55) і 3-конхавыя храмы (царква Мікалая ў Бучачы Цярнопальскай вобл., 1610); узнік тып шмат’яруснай званіцы (т.зв. вежа Карнякта ў Львове). Для Зах. У. характэрны каталіцкія культавыя пабудовы — гатычны кафедральны сабор, барочныя касцёлы бернардзінцаў і бенедыкцінцаў, сабор св. Юра; у стылі рэнесансу — жылыя дамы Карнякта (1571—80), «Чорная камяніца» (1588—89; усе ў Львове).

Да 16 ст. склаліся асн. тыпы драўляных цэркваў: прысадзістыя 3-зрубныя рознавял., з 2-схільнымі шатровымі завяршэннямі — «тып хаты» (Валынская вобл.), высокія 5-зрубныя аб’ёмы (Львоўская вобл.), «лемкаўскія» цэрквы з мноствам гарыз. чляненняў (у Прыкарпацці). З 2-й пал. 17 ст. на Левабярэжжы У. пачаўся інтэнсіўны рост гарадоў з рознымі сістэмамі планіроўкі: прамавугольнымі (Лебядзін, Прылукі), радыяльна-кальцавымі (Нежын, Пуціўль, Чугуеў), лінейнай (Сумы). Архітэктура набыла больш свецкі характар, пачалі ўзводзіць парадныя палацы, у культавых будынках з’явіліся яруснасць і ўрачысты выгляд. Характэрныя былі ў канцы 17 ст. жылыя цагляныя дамы казацкай старшыны з рысамі нар. жытла (дамы Арцёміхі ў Кіеве, Лізагуба ў Чарнігаве). Асобныя храмы спалучалі драўляныя і каменныя канструкцыі (Новамаскоўскі Троіцкі сабор). У драўляным дойлідстве вылучаліся некалькі рэгіянальных школ (валынская, галіцкая, падольская, букавінская, закарпацкая і інш.). З 2-й пал. 17 ст. ў архітэктуры Левабярэжнай У. наглядаўся ўздым пад уплывам рус. архітэктараў. Склаўся арыгінальны багата арнаментаваны стыль — т.зв. ўкр. барока: у Кіеве — Коўніраўскі корпус у ансамблі лаўры (арх. С.​Коўнір), брама Забароўскага (арх. Г.​Шэдэль), Андрэеўская царква (арх. В.​Растрэлі, І.​Мічурын), Клоўскі (арх. В.​Няелаў, Коўнір) і Марыінскі (арх. Растрэлі, А.​Квасаў) палацы; Пакроўскі сабор у Харкаве, Спаса-Праабражэнская царква ў с. Вял. Сарочынцы Палтаўскай вобл. Ва ўкр. нар. жытлах пашыраны 1—3-камерныя хаты з бярвён, дошак, гліны з саломай, гліны з каменем і інш. Значная роля належала грамадскім (ратуша ў Бучачы, 1751) і адм. (палкавая канцылярыя Кіеўскага палка ў Казяльцы, 1760) будынкам, навуч. установам (калегіумы ў Чарнігаве. Ноўгарадзе-Северскім, Пераяславе, Сафійская бурса ў Кіеве). Створаны ансамблі з рысамі позняга барока: Пачаеўская лаўра (Цярнопальская вобл.), калегіум ў Крэменцы (пазней ліцэй) і інш. У канцы 18—1-й пал. 19 ст. архітэктура развівалася ў стылі класіцызму. Паводле распрацаваных планаў забудоўваліся новыя гарады і парты на Чарнаморскім узбярэжжы (Херсон, Севастопаль, Мікалаеў, Адэса). Жылыя дамы будавалі паводле «ўзорных праектаў», дамінавалі грамадскія і гандл. збудаванні, а таксама сядзібнае буд-ва. Сярод помнікаў класіцызму: магістрат у Мікалаеве, б. дзярж. ўстановы ў Харкаве, Кантрактавы дом, ун-т у Кіеве, гасціныя двары ў Ноўгарадзе-Северскім, Белай Царкве, Кіеве, ін-ты шляхетных дзяўчат у Палтаве, Кіеве, Укр. драм. т-р імя М.​Занькавецкай у Львове. Узнік своеасаблівы тып палацавай архітэктуры ў панскіх сядзібах (маёнтак Румянцава-Задунайскага ў Качанаўцы і палац Разумоўскага ў Батурыне Чарнігаўскай вобл., палац Патоцкіх у Тульчыне Вінніцкай вобл.). У садова-паркавым мастацтве пашырыліся паркавыя ансамблі пейзажнага тыпу: Уманскі дэндрапарк «Сафіеўка», «Александрыя» ў Белай Царкве, «Трасцянец» у Чарнігаўскай вобл. У культавым буд-ве пераважалі храмы крыжова-купальныя (грэч. царква Усіх святых у Нежыне), квадратныя ў плане 5-купальныя (Спаса-Праабражэнскі сабор Ноўгарад-Северскага Спаса-Праабражэнскага манастыра), 1-купальныя саборы (Праабражэнскі ў Екацярынаславе, цяпер Днепрапятроўск).

Для 2-й пал. 19 ст. характэрна развіццё гістарызму — стылізацый на тэмы готыкі, рэнесансу, барока, неакласіцызму, раманскага стылю (гар. дума, Вышэйшыя жан. курсы ў Кіеве, т-ры ў Адэсе, Львове, Новая біржа ў Адэсе; рэзідэнцыя букавінскага мітрапаліта ў Чарнаўцах, цяпер ун-т). У рэчышчы мадэрна ў пач. 20 ст. вылучылася нац.-рамант. плынь, што пераасэнсоўвала формы нар. дойлідства (арх. В.​Крычэўскі, І.​Лявінскі). Сярод помнікаў: гасцініца «Вялікая Маскоўская» ў Адэсе, дом з хімерамі (дом арх. У.​Гарадзецкага) у Кіеве, ратуша ў Мукачаве, страхавое т-ва «Днестр» у Львове. У 1920—30-я г. будавалі на аснове канструктывізму, рацыяналізму: тэатр-клуб у Днепрапятроўску, жылы раён «Новы Харкаў», Дом-камуна ў Крывым Рогу. Дасягненне прамысл. архітэктуры — комплекс Днепрагэса ў Запарожжы (1927—32, арх. Весніны, Г.​Арлоў, М.​Колі, С.​Андрыеўскі і інш.). Пасля Вял. Айч. вайны праведзены вял. аднаўленчыя работы ў многіх гарадах. У 2-й пал. 20 ст. ў буд-ве шырока выкарыстоўваюцца тыпавыя праекты, з 1970-х г. — тыпавыя блок-секцыі і канструкцыі зборнага домабудаўніцтва. Створаны праекты планіроўкі гарадоў-запаведнікаў (Луцк, Камянец-Падольскі і інш.). Пашырана жыллёвае буд-ва: жылыя раёны Русанаўка, Беразнякі, Троешчына ў Кіеве, Паўлава Поле, Аляксееўскі ў Харкаве, Сонечны, Перамога ў Днепрапятроўску, Сіхаў у Львове. Вядзецца буд-ва новых прамысл. аб’ектаў, спарт. комплексаў, станцый метрапалітэна ў Кіеве і Харкаве. Распрацоўваюцца комплексныя планы эксперым. вёсак (у в. Морынцы Чаркаскай вобл. і інш.). З 1990-х г. архітэктура развіваецца ў кірунках рэгіянальнага і інтэрнац. канструктывізму, вядзецца рэканструкцыя старых гар. кварталаў, пашыраюцца ўзоры індывід. буд-ва. Сярод найб. значных пабудоў універсальнага прызначэння: кінаканцэртная зала «Украіна» ў Харкаве, Палац спорту і Палац культуры «Украіна» ў Кіеве, комплекс дзіцячага аздараўленчага лагера «Артэк» у Гурзуфе (Крым), ун-ты ў Данецку, Кіеве, будынкі муз.-драм. т-раў у Сімферопалі, Сумах, цырк у Днепрапятроўску і інш. Сінтэз архітэктуры, скульптуры і манум. мастацтва выявіўся ў мемар. комплексе Укр. музея гісторыі Вял. Айч. вайны ў Кіеве і інш. У 1933 засн. Саюз архітэктараў У.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З палеаліту на тэр. У. захаваліся падвескі, фігуркі людзей, жывёл з косці і каменю, ад эпохі неаліту — ляпны керамічны посуд са штампаваным або ляпным арнаментам, фігуркі і рэльефныя выявы жывёл. У 2-й пал. 7 ст. да н.э. — 4 ст. н.э. ў ант. дзяржавах Паўн. Прычарнамор’я развіваўся мясц. варыянт ант. мастацтва, у складаным узаемадзеянні з якім эвалюцыяніравала маст. творчасць скіфаў (творы «звярынага стылю»). У перыяд сярэдневякоўя творча развіваліся і перапрацоўваліся традыцыі візант. мастацтва. Сярод найб. значных помнікаў маст. культуры Кіеўскай Русі — фрэскі, мазаікі Кіеўскага Сафійскага сабора, рэльефныя выявы на плітах Успенскага сабора Кіева-Пячэрскай лаўры, саркафаг Дзесяціннай царквы, мініяцюры і арнамент Астрамірава евангелля і Ізборніка Святаслава, творы дэкар.-прыкладнога мастацтва. З канца 11 ст. дзейнічала іканапісная майстэрня ў Троіцкім манастыры Кіева-Пячэрскай лаўры.

З канца 13 ст. прадаўжалі развівацца маст.-культ. традыцыі: фрэскі ратонды ў г. Ужгарад (канец 13 — пач. 14 ст.), Ануфрыеўскай царквы ў с. Лаўроў Львоўскай вобл. (канец 15 — пач. 16 ст.), мініяцюры «Кіеўскага псалтыра» (1397). У 14—16 ст. дасягнуў росквіту іканапіс, у якім спалучаліся візант. традыцыі з нац. стылістыкай і каларытам («Юрый Змеяборац», «Валынская Маці Божая», «Звеставанне»; майстар Аляксей), кнігадрукаванне і кніжная ілюстрацыя, у якой адчувальны ўплыў зах.-еўрап. графікі. Іх развіццю садзейнічалі майстры Львоўскай брацкай і Кіева-Пячэрскай друкарань (майстар Ілья, Андрэйчына і інш.). Спалучэнне стараж.-рус. і мясц. традыцый увасобілася ў размалёўках царквы Святога Духа ў в. Пацелічы Львоўскай вобл. Захаваліся асобныя ўзоры скульптуры 14—16 ст. З 2-й пал. 16 ст. пад уплывам зах.-еўрап. мастацтва скульптура набыла рысы рэнесансу, пазней маньерызму і барока. З 17 ст. развіваўся свецкі жывапіс, вядучым жанрам якога быў партрэт (І.​Паеўскі). Іканапіс 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. спалучаў рысы барока і традыцыі нар. мастацтва. Сярод маст. цэнтраў — жолкаўская, чарнігаўская, ноўгарад-северская і інш. школы. Буйнейшыя мастакі таго часу — М.​Петрахновіч, І.​Рутковіч, І.​Брадлаковіч, І.​Кандзялевіч. Барокавая дынамічнасць уласціва манум. скульптуры пач. 18 ст. (Пінзель, М.​Філевіч, С.​Фесінгер і інш.). Развіваліся ксілаграфія, медзярыт, афорт (майстар Ілья, А. і Л. Тарасевічы, І.​Шчырскі, Н.​Зубрыцкі і інш.), ювелірнае мастацтва (І.​Равіч, М.​Юрэвіч, К.​Чыжэўскі). Асновы маст. прафес. школы класіцызму і рамантызму заклалі У.Баравікоўскі, Дз.Лявіцкі і інш. Жанр партрэта распрацоўвалі В.Трапінін, Г.​Васько, А.​Макрыцкі, К.​Паўлаў, П.​Шлейфер; пейзажа — В.​Штэрнберг, І.​Сашэнка, М.​Сажын. Этапнае значэнне ў развіцці жывапісу і графікі маюць творы Т.Шаўчэнкі і яго паслядоўнікаў Л.​Жамчужнікава, І.​Сакалова, К.Трутоўскага, П.​Мартыновіча, У.​Арлоўскага. Жыццё, побыт, грамадскія з’явы адлюстроўвалі мастакі, цесна звязаныя з перасоўнікамі (К.Кастандзі, М.Піманенка, Я.​Букавецкі, І.Рэпін, М.​Кузняцоў, Г.​Ладыжанскі, П.​Нілус, С.​Светаслаўскі). Гіст. жанр распрацоўвалі А.Мурашка, Ф.​Красіцкі, М.Самокіш, А.​Сластыён. У 2-й пал. 19 ст. засн. рысавальныя школы: Адэская, Харкаўская, Кіеўская М.​Мурашкі. Рэаліст. традыцыі прадаўжалі М.​Бурачок, С.​Калеснікаў, Ф.​Крычэўскі, А.​Маневіч, Мурашка, М.​Жук, П.​Валакідзін. У Зах. У. працавалі Т.​Капысцінскі, К.​Усціяновіч, І.​Труш, А.​Навакоўскі, М.​Парашчук, Ю.​Пігуляк, у Закарпацці — І.​Рашковіч, Ю.​Віраг. У галіне скульптуры працавалі П.​Забіла, Б.​Эдуардс, Ф.​Балавенскі, М.​Мікешын, Л.​Позен і інш.; у графіцы — І.Іжакевіч, А.​Кульчыцкая, П.​Мартыновіч, Сластыён, А.​Ждаха і інш. Размалёўванне Кірылаўскай царквы (1884—89) М.Урубелем і Уладзімірскага сабора (1896) В.Васняцовым у Кіеве паўплывала на развіццё манум. мастацтва. У канцы 19 — пач. 20 ст. пашырыліся традыц. віды дэкар.-прыкладнога мастацтва (разьба па дрэве, кераміка, кафля, выраб кілімаў, вышыўка, набіванка, пісанкі). Асаблівага росквіту дасягнула размалёўка ліштваў, аканіц, інтэр’ераў хат і мэблі. Пасля 1917 склалася агітацыйна-масавае мастацтва (плакат, «Окна УкРОСТА»), ствараліся абагульнена-гераічныя вобразы ў манум. скульптуры (М.​Гельман, І.​Кавалерыдзе). Мастакі-манументалісты (М.​Байчук, І.​Падалка, В.​Сядляр) імкнуліся пераасэнсаваць вопыт стараж.-рус. і італьян. рэнесансавых майстроў фрэскавага жывапісу. Жывапісцы 1920-х г. (Самокіш, Крычэўскі, А.Пятрыцкі, А.​Шаўкуненка), адлюстроўвалі ў сваіх творах падзеі рэвалюцыі і грамадз. вайны. Актыўна развіваліся тэатр.-дэкарацыйнае мастацтва (М.​Драк, В.​Мелер), кніжная (Г.Нарбут) і станковая (У.​Заўзе, В.Касіян) графіка, плакат (А.​Страхаў). Пэўную ролю ў маст. жыцці У. адыгралі Асацыяцыя мастакоў Чырв. У. і Асацыяцыя рэв. мастацтва У. Выяўл. мастацтва 1930-х г. вылучалася грамадз. зместам твораў; вядучае месца заняў метад сацыяліст. рэалізму (У.Касцецкі, К.​Трахіменка). Пасля аб’яднання Зах. У. з УССР у агульны паток уліліся мастакі І.​Бакшай, Кульчыцкая, Манастырскі, А.​Эрдэлі. У Вял. Айч. вайну ствараліся баявыя плакаты (Касіян, В.​Літвіненка і інш.), агітвокны, скульптура (Г.​Петрашкевіч), жывапіс (Шаўкуненка), партрэты герояў вайны, лінагравюры (А.​Пашчанка), афорты (М.Дэрэгус). У жывапісе 1950—70-х г. пераважалі тэмы гераічнай барацьбы народа ў гады вайны (В.Пузыркоў і інш.) і гіст.-рэв. сюжэты (М.​Божый, А.​Лапухоў, Г.Меліхаў, В.​Чаканюк, В.​Шаталін). У партрэтах (М.​Андрушчанка, Божый, А.​Коцка, Шаўкуненка), пейзажах (М.​Глушчанка, А.​Кашай, С.​Шышко) прасочваюцца рысы праграмнасці, тэматычнасці і асацыятыўнасці. У 1970—80-я г. вядучае месца займала сюжэтна-тэматычная карціна, у якой разгорнутае апісальніцтва саступала месца падкрэсленай выразнасці кампазіцыі і дэталей, гарманічнаму каларыту (творы Г.​Глюка, Т.​Яблонскай). Шырыня праблематыкі вылучае ўкр. скульптуру (работы А.​Алейніка, В.​Барадая, М.​Вронскага, В.​Знобы, А.​Кавалёва, Дз.​Крвавіча і інш.). Развіваюцца тэатр.-дэкарацыйнае мастацтва (П.​Злачэўскі, Д.​Лідэр, Я.​Лысік, Ф.​Нірод і інш.), графіка (А.​Базілевіч, Г.​Якутовіч і інш.), плакат (Ф.​Глушчук, Ц.​Ляшчук, В.​Цярэнцьева і інш.). З канца 1980-х г. вядуцца актыўныя пошукі новых маст. форм, якія б адпавядалі наватарскім задачам сучаснасці. Развіваюцца традыц. віды нар. мастацтва. У 1932 засн. Саюз мастакоў У.

Музыка. Вытокі ўкр. муз. культуры ў нар. усходнеслав. музыцы. Прафес. музыка вядома з часоў Кіеўскай Русі: была пашырана пры княжацкім двары, у войсках, развівалася мастацтва прафес. выканаўцаў былін (скамарохаў, Баяна). З прыняццем хрысціянства ўзнік царк. распеў (аднагалосы, т.зв. знаменны). У 15—16 ст. зарадзіліся кабзарнае мастацтва, нар. гераічны эпас — думы, развівалася інстр. музіцыраванне (бандурысты, лірнікі, траістая музыка). У 16—17 ст. цэнтрамі муз. прафес. адукацыі сталі брацкія школы ў Кіеве, Луцку, Астрогу, Перамышлі, Львове. У канцы 16 ст. пашырыліся шматгалосыя партэсныя спевы (тэарэтык М.Дылецкі), на мяжы 16—17 ст. узніклі канты і псальмы. Выкладалі музыку ў школах, калегіумах, Кіеўскай акадэміі. У пач. 18 ст. ўзніклі пеўчыя капэлы ў Глухаве і Кіеве, у сярэдзіне 18 — пач. 19 ст. — прыгонныя аркестры, оперныя і балетныя трупы. Сярод кампазітараў 18 — пач. 19 ст. — Дз.Бартнянскі, М.Беразоўскі, А.Ведаль, А. і Г. Рачынскія. На мяжы 18—19 ст. з’явіліся ўкр. сімф. творы, песні-рамансы. У 19 ст. пад уплывам муз.-драм. т-ра зарадзілася нац. опера (адна з першых — «Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага, 1862). Першы стацыянарны оперны т-р адкрыты ў Адэсе (1809), пазней у Кіеве (1867) і Харкаве (1874). У 2-й пал. 19 ст. працавалі муз. т-вы: Кіеўскае опернае, Галіцыйскае ў Львове, т-ва ў Чарнаўцах; аддзяленні Рус. муз. т-ва (Кіеў, Харкаў, Адэса). Адкрыты Кіеўскае муз. вучылішча (1871), кансерваторыі ў Львове (1854), Кіеве, Адэсе (абедзве 1913), Харкаве (1917), Вышэйшы муз. ін-т імя Лысенкі ў Львове (1903). Дэмакр. накіраванасць укр. муз. мастацтва найб. паслядоўна выявілася ў творчасці М.Лысенкі. Уклад у развіццё ўкр. муз. мастацтва зрабілі кампазітары М.​Аркас, У.​Зарэмба, М.​Калачэўскі, П.​Нішчынскі, П.Сакальскі, У.​Сакальскі; дырыжор А.​Кошыц; спевакі І.​Алчэўскі, С.Крушальніцкая, А.​Мішуга, М.​Мянцынскі. Развіццё ўкр. хар. культуры звязана з кампазітарскай і муз.-драм. дзейнасцю Р.​Давыдоўскага, П.​Дэмуцкага, М.Леантовіча, Л.Равуцкага, К.​Стацэнкі, Я.​Сцепавога. У Зах. Украіне на працягу 19 — пач. 20 ст. вылучыліся кампазітары А.​Вахнянін, М.​Вярбіцкі, Я.​Лапацінскі, І.​Лаўраўскі, А.​Ніжанкоўскі, Дз.​Січынскі. Муз. культура 1910-х г. прадстаўлена творчасцю Леантовіча, Стацэнкі, Сцепавога; хар. апрацоўкамі нар. песень К.​Багуслаўскага, М.Верыкоўскага, Р.Вяроўкі, П.​Казіцкага; камернымі і сімф. творамі В.​Касенкі, Б.Ляташынскага, Равуцкага. Засн. хар. капэла «Думка» (1920), Укр. дзярж. сімф. аркестр (1923), дзярж. оперны т-р у Харкаве (1925). У 1930—40-я г. ў розных жанрах працавалі К.​Данькевіч, Касенка, Равуцкі, М.​Скарульскі і інш. Пасля ўз’яднання Зах. У. з УССР рады кампазітараў папоўнілі М.​Калеса, С.Людкевіч і інш. Сярод муз. дзеячаў таго часу дырыжоры Н.Рахлін, А.​Сарока, спевакі З.Гайдай, Б.Гмыра, М.Грышко, М.​Данец, А.Іваноў, І.Казлоўскі, М.Літвіненка-Вольгемут, І.Латаржынскі, А.​Петрусенка, Л.Рудэнка, музыказнаўцы-фалькларысты Ф.​Калеса, К.Квітка. Уклад у нац. муз. мастацтва 20 ст. зрабілі кампазітары А.​Білаш, В.​Губарэнка, Данькевіч, Л.​Дычко, Я.​Казак, Л.​Каладуб, М.​Кармінскі, В.​Кірэйка, Дз.​Клябанаў, А.​Кос-Анатольскі, Г.Майбарада, Ю.​Мейтус, Ю.​Ражаўская, М.​Скорык, Я.​Станковіч, А.​Філіпенка, І.​Шамо, Б.​Яравінскі, скрыпач Б.​Катаровіч, дырыжоры Б.​Афанасьеў, Я.Вашчак, І.​Гамкала, Ф.​Глушчанка, М.​Калеса, А.​Клімаў, І.​Лацаніч, К.​Сімяонаў, С.​Турчак, Б.​Чысцякоў, хар. дырыжоры А.Аўдзіеўскі, Л.Венядзіктаў, А.​Кушнірэнка, А.Мінькоўскі, П.​Мураўскі, І.​Слята; балетмайстры К.​Балаг, М.​Вантух, П.Вірскі, В.Вронскі, А.​Томан, Р.​Клявін, С.​Сяргееў, Л.Чарнышова, А.​Шыкера; спевакі В.​Арканава, Дз.Гнацюк, Ю.Руляеў, С.​Казак, П.Кармалюк, А.Качарга, Л.​Лабанава, А.Макрэнка, Я.Мірашнічэнка, Т.​Панамарэнка, Б.Рудэнка, А.Салаўяненка, Н.Суржына, Г.​Туфціна, Л.Чаўдар, М.​Шаўчэнка; артысты балета Н.​Барышава, А.​Васільева, А.​Гаўрыленка, В.Каліноўская, С.​Калыванава-Папеску, І.​Міхайлічэнка, Т.​Папеску, М.​Петухоў, Л.​Смаргачова, Т.​Таякіна, Р.​Хілько, Л.​Элінская, Л.​Юрчанка і інш. Працуюць (2002): 6 т-раў оперы і балета (у т. л. Нац. акад. т-р оперы і балета імя Т.​Шаўчэнкі ў Кіеве, т-ры ў Харкаве, Адэсе, Львове, Данецку, Днепрапятроўску); т-ры аперэты (Кіеў), муз. камедыі (Адэса, Харкаў), Дзіцячы муз. (Кіеў); 25 філармоній. Аркестры: Дзярж. сімф. У., Кіеўскі камерны сімф. і камерныя пры абл. філармоніях, эстрадна-сімф. і духавы (Кіеў), Кіеўскі нар. інструментаў; капэлы «Думка», «Трамбіта»; Украінскі дзяржаўны акадэмічны народны хор імя Вяроўкі, Закарпацкі нар. хор, Капэла бандурыстаў У., кіеўскія камерны хор імя Ляташынскага, мужчынская харавая капэла імя Равуцкага, Закарпацкі нар. хор, Чаркаскі ўкр. нар. хор; ансамблі: танца У. імя Вірскага, Гуцульскі песні і танца, «Верхавіна». Кансерваторыі (Кіеў, Адэса, Львоў); Харкаўскі ін-т мастацтваў, Данецкі муз.-пед. ін-т; муз. вучылішчы і школы, Кіеўскае харэагр. вучылішча. З 1932 дзейнічае Саюз кампазітараў У.

Тэатр. Існаваў яшчэ ў ант. дзяржавах Паўн. Прычарнамор’я (сярэдзіна 1-га тыс. да н.э. — 4 ст. н.э.). З 11 ст. вядомы выступленні скамарохаў. З 16 ст. на У. бытаваў вяртэп, з 17 ст. — нар. драма. У канцы 16 — пач. 17 ст. з’явіліся школьныя т-ры, росквіт якіх (1670-я г. — 1-я пал. 18 ст.) звязаны з дзейнасцю Кіева-Магілянскага калегіума. У 18 ст. ўзнікалі прыватнаўласніцкія т-ры, у канцы 18 — пач. 19 ст. — прафес. трупы; тэатр. будынкі — у Харкаве, Львове, Адэсе, Палтаве. Пачатак укр. прафес. т-ру паклалі пастаноўкі ў 1819 п’ес «Наталка Палтаўка» і «Салдат-чараўнік» І.​Катлярэўскага ў Палтаўскім вольным т-ры. Сярод акцёраў 1-й пал. 19 ст. — І.​Дрэйсіг, А.​Краўчанка, Л.Млаткоўская, К.Саленік, М.​Шчэпкін. З 1864 у Львове дзейнічаў Рус. нар. т-р т-ва «Руська бесіда». Дасягненні ўкр. т-ра 2-й пал. 19 ст. звязаны з творчасцю М.Крапіўніцкага, М.Старыцкага, І.Карпенкі-Карага, М.Занькавецкай, М.Садоўскага, П.Саксаганскага, Г.Затыркевіч-Карпінскай, Л.​Лініцкай. У 1906 дзейнічала каля 300 укр. труп. У 1906 засн. першы стацыянарны т-р Садоўскага, у 1917 — «Малады тэатр» у Кіеве. У 1920-я г. створаны новыя драм. калектывы: т-р імя І.​Франко ў Вінніцы (цяпер Нац. акад. т-р імя Франко ў Кіеве), «Цэнтрастудыя» і Укр. драм. т-р імя Занькавецкай у Кіеве (цяпер Акад. ўкр. драм. т-р імя Занькавецкай у Львове), «Березіль» (цяпер Акад. ўкр. драм. т-р імя Т.​Шаўчэнкі ў Харкаве); т-ры юнага гледача ў Харкаве, Кіеве, Днепрапятроўску, Мікалаеве, Адэсе; рабоча-калг. т-ры. Сярод укр. рэжысёраў В.Васілька, Б.​Глаголін, А.​Загараў, Лесь Курбас, У.​Нелі, У.​Склярэнка, М.​Цярэшчанка, К.​Хахлоў, Г.​Юра; акцёраў — Д.​Антановіч, Я.​Бандарэнка, Г.Барысаглебская, А.Бучма, А.​Варановіч, Л.​Гакебуш, В.​Дабравольскі, І.​Замычкоўскі, А.​Крамаў, М.Крушальніцкі, Ю.​Лаўроў, У.​Магар, І.Мар’яненка, Дз.Мілюценка, П.​Нятка, М.​Раманаў, Б.Раманіцкі, А.Сярдзюк, Н.Ужвій, С.​Фядорцава, Ю.Шумскі, М.​Якоўчанка, В.​Ярэменка. У 1939—40 у Зах. У. адкрыта 15 новых т-раў. У Вял. Айч. вайну дзейнічалі франтавыя т-ры і брыгады. Для пастановак 1950—70-х г. характэрны пашырэнне рэпертуару, узбагачэнне выразных сродкаў. Жанравая разнастайнасць, сувязь з традыцыямі класічнага нац. т-ра вызначальныя ў спектаклях муз.-драм. т-раў, якіх на У. большасць. З 1980-х г. творча пераасэнсоўваецца сусв. тэатр. вопыт, вядуцца пошукі ў рэжысуры і сцэнаграфіі, пашыраецца тэматыка спектакляў. Сярод тэатр. дзеячаў рэжысёры У.​Аглоблін, Ф.​Верашчагін, У.​Грыпіч, С.Данчанка, Р.​Кананенка, Б.​Мешкіс, А.​Новікаў, М.​Разніковіч; сцэнографы В.​Агранаў, П.​Злачэўскі, Д.​Лідэр, Ф.​Нірад; акцёры С.​Алексенка, А.​Аркадзьеў, А.​Аўчарэнка, М.​Балавусаў, В.​Высокаў, А.​Гай, А.​Гашынскі, У.​Дальскі, Н.​Дацэнка, Ю.​Жбакаў, М.​Задняпроўскі, В.​Заклунная, Л.​Кадырава, Н.​Капяржынская, П.​Куманчанка, В.​Кусенка, Ю.​Мажуга, А.Рогаўцава, М.​Рушкоўскі, Ф.​Стрыгун, Б.Ступка, К.​Сцепанкоў, Л.​Тарабарынаў і інш. У ліку вядучых тэарэтыкаў і гісторыкаў т-ра М.​Асіпенка, Ю.​Бабошка, Ю.​Касцюк, Р.​Піліпчук, Ю.​Станішэўскі. У 2002 на У. больш за 100 прафес. стацыянарных т-раў, сярод іх Акад. т-р драмы і камедыі на левым беразе Дняпра, Нац. т-р рус. драмы імя Л.​Украінкі, Т-р укр. фальклору «Берегіня» (усе ў Кіеве), Харкаўскі акад. рус. драм. т-р імя А.​Пушкіна, Днепрапятроўскі абл. ўкр. маладзёжны т-р, абл. муз.-драм. т-ры, т-ры лялек і юнага гледача ў Адэсе, Данецку, Днепрапятроўску, Кіраваградзе, Луганску, Львове, Сімферопалі, Харкаве, Чарнігаве, і інш., шматлікія т-ры-студыі. Праводзяцца ўсеўкр. і міжнар. фестывалі: Міжнар. тэатр. фестываль-лабараторыя «Містецьке березілля», Незалежны міжнар. фестываль мона спектакляў «Відлуння» і інш. ў Кіеве, Усеўкр. тэатр. фестываль «Леся Украінка і тэатр на мяжы тысячагоддзяў», Міжнар. фестываль «Залаты Леў» у Львове, Міжнар. фестываль т-раў лялек «Інтэрлялька» ва Ужгарадзе і інш. Тэатр. кадры рыхтуюць Кіеўскі і Харкаўскі ін-ты тэатр. мастацтва. Працуе Саюз тэатр. дзеячаў У.

Кіно. Першыя хранікальныя стужкі на У. здымаў і дэманстраваў з 1896 харкаўскі фатограф-мастак А.​Фядзецкі. З 1907 пачалася рэгулярная вытв-сць фільмаў. Сярод майстроў-пачынальнікаў укр. кіно рэжысёры Д.​Байда-Сухавій, А.​Варагін, Д.​Марчанка, Т.​Паддубны, М.​Палянскі, Д.​Сахненка, А.​Сухадольскі; акцёры Г.Барысаглебская, В.​Васіленка, Л.​Лініцкая, Ф.​Лявіцкі і інш. У 1919 створаны Усеўкр. кінакамітэт, рэарганізаваны ў 1922 ва Усеўкр. фотакінаўпраўленне. У 1924 у Адэсе засн. тэхнікум кінематаграфіі (у 1930 на яго базе ў Кіеве створаны кінаінстытут). У станаўленні ўкр. кінамастацтва вял. ролю адыгралі пісьменнікі і сцэнарысты М.​Бажан, А.​Карняйчук, Г.​Эпік, Ю.​Яноўскі, рэжысёры П.​Доліна, Л.​Курбас, Ф.​Лапацінскі, Б.​Цягно, акцёры А.Бучма, П.​Масоха, Н.​Надэмскі, С.​Свашэнка, Н.Ужвій, С.​Шкурат, аператары Д.​Дзямуцкі і інш. Сярод фільмаў 1920-х г.: «Астап Бандура» (1924; рэж. Гардзін), «Тарас Шаўчэнка» (1926, рэж. П.​Чардынін), «Два дні» (1927, рэж. Г.​Стабавы), сатыр. стужкі «Вендэта» і «Макдональд» (абедзве 1924, рэж. Курбас), фільмы для дзяцей «Марыйка» (1926), «Ванька» і «Мсціўца» (1928, рэж. абодвух А.​Лундзін) і інш. З’явай сав. і сусв. кінематаграфіі стала творчасць А.Даўжэнкі, стваральніка нар.-гераічнага эпасу і пачынальніка паэт. кірунку ва ўкр. кіно — фільмы «Звенігара» (1928), «Арсенал» (1929), «Зямля» (1930, лепшы з 12 фільмаў усіх часоў і народаў на Сусв. выстаўцы ў Бруселі 1958), «Іван» (1932, першы ўкр. гукавы фільм), «Аэраград» (1935), «Шчорс» (1939). У 1927 у Харкаве засн. мультыплікацыйная майстэрня. Сярод рэжысёраў-мультыплікатараў: Е.​Горбач, С.​Гуецкі, І.​Лазарчук, В.​Левандоўскі. І.​Кавалерыдзе зняў эксперыментальны фільм «Лівень» (1929), дзе гіст. падзеі перададзены з дапамогай скульптур і афортаў. У 1930-я г. створаны героіка-рамант. фільмы «Калііўшчына» (1933), «Праметэй» (1935), кінаоперы «Наталка Палтаўка» (1936), «Запарожац за Дунаем» (1937, рэж. усіх Кавалерыдзе), «Коннікі» (1939, рэж. І.​Саўчанка), кінараман «Вялікае жыццё» (1939, рэж. Л.​Лукаў), кінакамедыі «Багатая нявеста» (1938) і «Трактарысты» (1939, разам з «Масфільмам», рэж. абодвух І.Пыр’еў). У 1939—41 пастаўлены першыя каляровыя фільмы «Сарочынскі кірмаш» (рэж. М.​Эк) і «Майская ноч» (рэж. М.​Садковіч). У Вял. Айч. вайну ўкр. кінадзеячы здымалі ваен. кінахроніку, маст. фільмы: «Аляксандр Пархоменка» (1942, рэж. Лукаў), «Партызаны ў стэпах Украіны» (1943, рэж. І.​Саўчанка), «Вясёлка» (1944), «Няскораныя» (1945, рэж. абодвух М.Данской) і інш. У 1950—60-я г. пашырылася тэматыка і жанры ўкр. кіно: экранізацыя твораў І.​Франко («Украдзенае шчасце», 1952), М.​Горкага («Маці», 1956; «Мальва», 1957), М.​Кацюбінскага («Крывавы світанак», 1957), А.​Карнейчука («Калінавы гай», 1953, «Гібель эскадры», 1966); біягр. фільмы «Іван Франко» (1956, рэж. Ц.​Ляўчук), «Рыгор Скаварада» (1958, рэж. Кавалерыдзе). Сярод інш. фільмаў: «Вясна на Зарэчнай вуліцы» (1955, рэж. Ф.​Міранер, М.​Хуцыеў), «Надзвычайнае здарэнне» (1958), «Іванна» (1959), «Гадзюка» (1966, рэж. усіх В.​Іўчанка), «Смага» (1959), «Прыходзьце заўтра» (1963, рэж. абодвух Я.​Ташкоў), «Трое сутак пасля бяссмерця» (1963, рэж. У.​Доўгань), «Зачараваная Дзясна» (1964, рэж. Ю.Сонцава), «Камісары» (1969, рэж. М.​Машчанка) і інш. Сусв. вядомасць набыў фільм С.Параджанава «Цені забытых продкаў» (1964), у якім рэжысёр аднавіў паэт.-рамант. і адначасова трагед. кірунак ва ўкр. кіно. Параджанаў, Ю.​Ільенка, Л.​Асыка, І.​Мікалайчук склалі «паэт. школу» ўкр. кіно 2-й пал. 20 ст. Разнастайныя па жанрах фільмы 1970—80-г.: «Белая птушка з чорнай меткай» (рэж. Ю.​Ільенка), «Захар Беркут» (рэж. Асыка), «Тронка» (рэж. А.​Вайцецкі, усе 1971), трылогія «Дума пра Каўпака» (1973—76, рэж. Ляўчук), «У бой ідуць адны «старыя» (1973), «Аты-баты, ішлі салдаты» (1976, рэж. абодвух Л.Быкаў), «Вавілон XX» (1979, рэж. Мікалайчук), «Ноч кароткая» (1981), «Як маладыя мы былі» (1985, рэж. абодвух М.​Белікаў), «Палёты ў сне і наяве» (1982), «Захавай мяне, мой талісман» (1986, рэж. абодвух Р.​Балаян), «Чорная курыца, або Падземныя жыхары» (1980), «Новыя прыгоды пры двары караля Артура» (1988, рэж. абодвух В.​Грэсь), «Яраслаў Мудры» (1982, рэж. Р.​Кохан), «Гракі» (1982, рэж. К.​Яршоў), «Ваенна-палявы раман» (1984, рэж. П.​Тадароўскі), «Лебядзінае возера. Зона» (рэж. Ю.​Ільенка), «Ціхія могілкі» (рэж. А.​Ітыгілаў, абодва 1989); тэлефільмы «Бумбараш» (1971, рэж. М.​Рашэеў, А.​Нарадзіцкі), «Народжаная рэвалюцыяй» (1973—77, рэж. Кохан), «Як гартавалася сталь», «Авадзень» (1980, рэж. абодвух М.​Машчанка) і інш. Сярод фільмаў 1990-х — пач. 2000-х г.: «Рабы сабака, які бяжыць краем мора» (1990, рэж. К.​Геваркян), «Фучжоу» (рэж. М.​Ільенка), «Наперад, за скарбамі гетмана!» (рэж. В.​Кастэлі, абодва 1993), «Спявачка Жазефіна і мышыны народ» (1994), «Шум ветру» (2002, рэж. абодвух С.​Маслабойшчыкаў), «Прыяцель нябожчыка» (рэж. В.​Крыштофавіч), «Сёмы маршрут» (рэж. М.​Ільенка, абодва 1997), «Захапленні» (1994), «Другасныя людзі» (2000), «Чэхаўскія матывы» (2002, рэж. усіх К.​Муратава), «Малітва за гетмана Мазепу» (2001, рэж. Ю.​Ільенка). Сярод майстроў дакумент. і навукова-папулярнага кіно В.​Алендэр, Л.​Астроўская-Кардзюм, І.​Грабоўскі, М.​Грачоў, Я.​Грыгаровіч, П.​Зіноўеў, А.​Косінаў, М.​Лакціёнаў-Стэзенка, А.​Мамонт-Завялаў, А.​Раднянскі, Ф.​Собалеў, І.​Ставіскі, А.​Фёдараў, У.​Шаўчэнка; мультыплікацыйнага Н.​Васіленка, В.​Ганчароў, А.​Грачова, І.​Гурвіч, І.​Лазарчук, Я.​Сіваконь, Д.​Чаркаскі. Уклад ў развіццё ўкр. кіно зрабілі акцёры: М.​Алялін, Бучма, Быкаў, Б.​Брандукоў, М.​Грынько, В.​Заклунная, Л.​Кадачнікава, Дз.​Капка, М.​Камісараў, Л.​Масоха, П.​Масоха, Мікалайчук, М.​Надземскі, А.Рогаўцава, К.​Сцепанкоў, Б.Ступка, В.​Талашка, І.​Цвердахлеб, С.​Шкурат, М.​Якоўчанка і інш. На У. працуюць Нац. кінастудыя маст. фільмаў імя А.​Даўжэнкі, Укр. студыя хранікальна-дакумент. фільмаў, Нац. кінематэка У. («Кіеў-навук-фільм»), Укр. студыя анімацыйных фільмаў «Укранімафільм») у Кіеве, Адэская кінастудыя маст. фільмаў, шэраг незалежных кінастудый. Праводзіцца штогадовы Кіеўскі міжнар. кінафестываль «Маладосць». Кадры кінематаграфістаў рыхтуе кінафакультэт Кіеўскага ін-та тэатр. мастацтва. З 1958 існуе Саюз кінематаграфістаў У.

Беларусы на Украіне. Бел.-ўкр. кантакты, у ходзе якіх адбываліся міграцыі на тэр. сучаснай У., вядомы з часоў Кіеўскай Русі. У часы ВКЛ перасяленні мелі юрыд. падставы або адбываліся самавольна. Ратуючыся ад неўраджаяў, сац. і нац. ўціску, уцякалі бел. сяляне на У., дзе папаўнялі шэрагі ўкр. казакоў (гл. Запарожская Сеч). Бел. паселішчы ўтвараліся на этн. памежжы (сучасная Ровенская вобласць У.), а пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) — ва ўсх. раёнах Укр. Палесся і на Слабадской У. У пач. 19 ст. ў Паўн. Прычарнамор’і ўзнік шэраг ваенных пасяленняў, засн. выхадцамі з Бабылецкага староства Магілёўскай губ. У 19 ст. частка жыхароў Беларусі працавала на адыходніцтве ў Екацярынаслаўскай, Кіеўскай, Херсонскай і Чарнігаўскай губ. (каля 34 тыс. чал., паводле перапісу 1897). У канцы 19 — пач. 20 ст. на У. часова жылі, працавалі, вучыліся дзеячы бел. культуры, у т. л. Ф.Багушэвіч, Цётка (А.​Пашкевіч), С.Лалуян, Я.Фарботка, У.Фальскі, А.Баліцкі, М.Доўнар-Запольскі, С.Некрашэвіч і інш. У Львове з 1907 існаваў бел. музей. У 1-ю сусв. вайну ў Адэскай акрузе і вакол Кіева асела каля 100 тыс. бежанцаў з Беларусі. Са снеж. 1917 у Адэсе дзейнічала Бел. вайск. рада воінаў-беларусаў Рум. фронту; нац.-культ. дзейнасць праводзілі Беларуская секцыя пры Адэскім губернскім аддзеле народнай асветы, «Беларускі гай», выд-ва «Зорка» і інш. Паводле перапісу 1989 на У. было 440 тыс. беларусаў, найб. у Данецкай (амаль 77 тыс.), Днепрапятроўскай (каля 50 тыс.), Крымскай (50 тыс.) і Варашылаўградскай (33,5 тыс.) абласцях. Большасць беларусаў У. — гараджане (79%). Пасля распаду СССР грамадска-культ. дзейнасць укр. беларусаў аднавілася, у т. л. дзякуючы заканадаўству У. аб нац. меншасцях. У наш час на У. дзейнічае больш за 20 бел. нац.-культ. т-ваў (у Кіеве, Львове, Мікалаеве, Жытоміры, Адэсе, Севастопалі, Белай Царкве і інш.).

Літ.:

История Украинской ССР. Т. 1—10. Киев, 1981—85;

Субтельный О. Украина: Йстория. Киев, 1994;

Семененко В.И., Радченко Л.А. История Украины: С древнейших времен до наших дней. Харьков, 1999;

Україна: Віхи історії. Київ. 2001;

Позняк С.В. История Украины (IX — первая половина XVII в.): Курс лекций. Мн., 2002;

Україна в сучасному геополітичному просторі: теоретич. і прикладний аспекти: Монографія. Київ, 2002;

Історія української літератури. Т. 1—8. Київ, 1967—71;

Українська радянська література. Київ, 1980;

Бондар Л.П. Українсько-білоруські літературні взаємини, 1965—1975 рр. Київ. 1977;

Ахрыменка П. Летапіс братэрства Мн., 1973;

Мартынава Э.М. Беларуска-ўкраінскі паэтычны ўзаемапераклад. Мн., 1973;

Кабржыцкая Т.В., Рагойша В.П. Карані дружбы: Бел.-ўкр. літ. ўзаемасувязі пачатку XX ст. Мн., 1976;

Лубкіўскі Р., Рагойша В. Дыялог братэрства // Полымя. 1984. № 7;

Памятники градостроительства и архитектуры УССР. Т. 1—4. Киев, 1983—86;

Історія українського мистецтва. Т. 1—6. Київ, 1966—70;

Нариси з історії української музики. Ч. 1—2. Київ, 1964;

Довженко В. Нариси з історії української радянської музики. Ч. 1—2. Київ, 1957—67;

Архімович Л. Шляхи розвитку української радянської опери. Київ, 1970;

Гордійчук М.М. Україньска радянська симфонічна музика. Київ, 1969;

Музыкальная культура Украинской ССР. М., 1979;

Етнічний довідник: Етнічні меншини в Україні. Київ, 1996;

Наулко В. Хто і відколи живе в Україні. Київ, 1998;

Хто ёсць Хто сярод беларусаў свету: Энцыкл. давед. Ч. 1. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах. Мн., 2000.

П.​І.​Рогач (прырода, насельн штва, гаспадарка), С.В.Пазняк (гісторыя), В.П.Алавяннікаў (узброеныя сілы), В.А.Чабаненка, (літаратура), Т.В.Кабржыцкая (беларуска-ўкраінскія літаратурныя сувязі), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Р.М.Аладава (музыка), А.П.Бабкова (кіно), А.С.Ляднёва (беларусы на Украіне).

Герб і сцяг Украіны.
Да арт. Украіна. Помнік прыроды «Залатая брама» ў Крыме.
Да арт. Украіна. Будынак Нацыянальнага банка ў Кіеве.
Да арт. Украіна. У Карпатах.
Да арт. Украіна. Паланіны ў Карпатах.
Да арт. Украіна. Міхайлаўскі сабор Выдубіцкага манастыра.
Да арт. Украіна. У цэнтры Кіева.
Да арт. Украіна. Запарожцы пішуць пісьмо турэцкаму султану. Карціна І.​Я.​Рэпіна. 1878—91.
Да арт. Украіна. Крэпасць у г. Хацін Чарнавіцкай вобл.
Да арт. Украіна. Будынак канца 17 ст. — узор украінскага барока.
Да арт. Украіна. Марыінскі палац у Кіеве.
Да арт. Украіна. Майстар Аляксей. Успенне. 1547.
Да арт. Украіна. Невядомы мастак. Партрэт В.​Г.​Гамаліі. 1760-я г.
Да арт. Украіна. Н.​Зубрыцкі. Чатыры вершнікі. Сцэна з Апакаліпсіса. Евангелле. 1717.
Да арт. Украіна. М.​Дэрэгус. Перад бурай. 1969.
Да арт. Украіна. Кафля з г. Косаў і Пістань. Закарпацце. 19 ст.
Да арт. Украіна. Т.​Шаўчэнка. Кацярына. 1842.
Да арт. Украіна. Г.​Нарбут. Паэзія. Застаўка да часопіса «Мистецтво». 1919.
Да арт. Украіна. Ф.​Крычэўскі. Нявеста. 1910.
Да арт. Украіна. Будынак тэатра оперы і балета імя І.​Франко ў Львове.
Да арт. Украіна. Сакірынскі вяртэп 1770-я г
Да арт. Украіна. М.​Андрушчанка. Вінічанка. 1969.
Да арт. Украіна. Г.​Меліхаў. Малады Т.​Шаўчэнка ў майстэрні К.​Брулова. 1947.
Да арт. Украіна. Сцэна з балета «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса. Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Украіны імя Т.​Шаўчэнкі.
Да арт. Украіна. Сцэна са спектакля «Калінавы гай» А.​Карнейчука. Кіеўскі акадэмічны драматычны тэатр імя І.​Франко. 1950.
Да арт. Украіна. Сцэна з оперы «Набука» Дж.​Вердзі. Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Украіны імя Т.​Шаўчэнкі.
Да арт. Украіна. Сцэна са спектакля «Гайдамакі» паводле Т.​Шаўчэнкі ў Першым драматычным тэатры імя Т.​Шаўчэнкі. 1920.
Да арт. Украіна. Кадр з фільма «Зямля». 1930.
Да арт. Украіна. Кадр з фільма «Белая птушка з чорнай метай». 1972.
Да арт. Украіна. Кадр з кінафільма «Яраслаў Мудры». 1982.

т. 16, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́Я, Расійская Федэрацыя,

дзяржава ва Усх. Еўропе і Паўн. Азіі. На ПнЗ мяжуе з Нарвегіяй і Фінляндыяй, на З з Эстоніяй, Латвіяй, Літвой, Польшчай, Беларуссю, на ПдЗ з Украінай, на Пд з Грузіяй, Азербайджанам, Казахстанам, на ПдУ з Кітаем, Манголіяй і КНДР. На Пн абмываецца водамі Паўн. Ледавітага ак. (Баранцава, Белае, Карскае, Лапцевых, Усх.-Сібірскае і Чукоцкае моры), на У — Ціхага ак. (Берынгава, Ахоцкае і Японскае моры), на З і ПдЗ — Атлантычнага ак. (Балтыйскае, Чорнае і Азоўскае моры). Працягласць сухапутных граніц 20,3 тыс. км, марскіх — каля 38 тыс. км. Пл. 17 075,4 тыс. км² (найбуйнейшая краіна свету). Нас. 145 561 тыс. чал. (2000; 6-е месца ў свеце). Дзярж. мова — руская. Сталіца — г. Масква. Падзяляецца на 89 суб’ектаў федэрацыі, у т. л. 21 рэспубліку, 10 аўт. акруг, 1 аўт. вобласць, 6 краёў, 49 абласцей, гарады федэральнага значэння Масква і С.-Пецярбург (гл. табл., а таксама асобны арт. пра кожны суб’ект). Усе 89 суб’ектаў згрупаваны ў 7 федэральных акруг (Далёкаўсходнюю, Паўднёвую, Прыволжскую, Паўн.-Заходнюю, Сібірскую, Уральскую, Цэнтральную). Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 чэрв.). На тэр. Р. 11 гадзінных паясоў.

Дзяржаўны лад. Р. — дэмакр. федэратыўная прававая дзяржава з рэсп. формай праўлення. Дзейнічае Канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад. Старшыню ўрада назначае прэзідэнт са згоды Дзярж. думы. Прадстаўнічы і заканад. орган — двухпалатны Федэральны Сход (Савет Федэрацыі і Дзярж. дума). У Савет Федэрацыі ўваходзяць па 2 прадстаўнікі ад кожнага суб’екта федэрацыі: па аднаму ад прадстаўнічага і выканаўчага органаў дзярж. улады. Дзярж. дума складаецца з 450 дэпутатаў, палавіна якіх выбіраецца па аднамандатных акругах, другая палавіна — па парт. спісах на аснове прапарцыянальнай сістэмы прадстаўніцтва. Рэспублікі, якія ўваходзяць у склад Рас. Федэрацыі, маюць уласныя канстытуцыі і органы заканад. і выканаўчай улады.

Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. На З Усх.-Еўрапейская раўніна, у межах якой чаргуюцца невысокія (да 250—500 м) узвышшы (Валдайскае, Сярэднярускае, Прыволжскае, Ціманскі краж) і нізіны (Окска-Данская, Прыкаспійская, ч. якой на 28 м ніжэй узр. м.). На Пн і ПнЗ раўніны знаходзяцца горы Хібіны і ўзвышшы Карэліі, на Пд Каўказскія горы (найвышэйшы пункт Р. г. Эльбрус, 5642 м), на У Уральскія горы (выш. да 1895 м, г. Нарадная). На У ад Урала Зах.-Сібірская раўніна. Паміж рэкамі Енісей і Лена — Сярэднесібірскае пласкагор’е (выш. 500—700 м), якое на Пн акаймоўвае плато Путарана (выш. да 1701 м). На п-ве Таймыр горы Быранга і Паўн.-Сібірская нізіна. На Пд і У ад Сярэднесібірскага пласкагор’я пераважаюць горныя вобласці паўд. і паўн.-ўсх. Сібіры і Д. Усходу: Алтай (выш. да 4506 м, г. Бялуха), Кузнецкі Алатау, Зах. і Усх. Саян, хрыбты Перадбайкалля і Забайкалля, горы Тывы, хрыбты Станавы, Верхаянскі, Чэрскага, Бурэінскі і Джугджур, Каракскае нагор’е, горы Сіхатэ-Алінь, Камчаткі (выш. да 4750 м, вулкан Ключаўская Сопка). Большую ч. Р. займаюць Усх.-Еўрап. і Сібірская платформы, Зах.-Сібірская пліта. У іх будове вылучаюць ніжнюю ч., прадстаўленую ў асн. крышт. і метамарфічнымі дакембрыйскімі пародамі, і верхнюю, складзеную з палеазойскіх і мезазойскіх асадкавых парод. У межах Балтыйскага і Алданскага шчытоў і Анабарскага падняцця пароды дакембрыю выходзяць на паверхню. Шырока распаўсюджаны горныя складкавыя сістэмы — каледонскай (Саяны, Кузнецкі Алатау, горы Тывы), герцынскай (Урал, Алтай), кімерыйскай (Сіхатэ-Алінь, горы ПнУ Сібіры), альпійскай (Каўказ, горы Камчаткі, Сахаліна, ПнУ Сібіры) складкавасцей. Значная ч. тэр. Р. сейсмічная. Землетрасенні сілай да 8 балаў бываюць на Камчатцы, Сахаліне, Курыльскіх а-вах, у Перадбайкаллі і Забайкаллі, на Пд Алтая, у перадгор’ях Каўказа. На Камчатцы актыўная вулканічная дзейнасць. Р. поўнасцю забяспечана амаль усімі відамі мінер. сыравіны. На яе тэр. сканцэнтравана больш за палавіну сусв. запасаў вугалю і торфу, ​1/3 нафты і прыроднага газу, ​2/5 жал. руд і калійных солей, ​1/4 фасфарытаў і апатытаў. 90% паліўна-энергет. рэсурсаў Р. знаходзяцца ў яе паўн. і ўсх. частках. ​2/3 запасаў нафты і газу прыпадае на Заходне-Сібірскую нафтагазаносную правінцыю. Радовішчы нафты і газу ёсць таксама ў Паволжы, на Урале (Волга-Уральскі нафтагазаносны басейн), Паўн. Каўказе, Сахаліне. Асн. запасы каменнага вугалю ў Кузнецкім вугальным басейне, усх. ч. Данецкага вугальнага басейна, Пячорскім вугальным басейне, Ленскім вугальным басейне, Тунгускім вугальным басейне і інш. Буры вугаль у Падмаскоўным вугальным басейне, Канска-Ачынскім вугальным басейне, Алданскім. Кізелаўскім і інш. басейнах. Каля 75% запасаў торфу прыпадае на Зах. Сібір і Урал. Запасы гаручых сланцаў у Паўн.-Зах. раёне і Паволжы. Агульныя балансавыя запасы жал. руды 65 млрд. т, у т. л. больш за 30 млрд. т — багатыя руды, якія маюць у сабе да 50% і больш жалеза. Асн. запасы прымеркаваны да Курскай магнітнай анамаліі. Жал. руды залягаюць таксама на Кольскім п-ве, Урале, у Карэліі, Горнай Шорыі, ніжнім цячэнні Ангары, Забайкаллі, на Д. Усходзе і інш. Р. багатая запасамі руд каляровых металаў. Руды, як правіла, комплексныя, маюць у сабе золата, серабро, цынк. кобальт і інш. элементы. Медныя руды — на Урале, у Чыцінскай вобл. і Краснаярскім краі, свінцова-цынкавыя — у Кузбасе, Забайкаллі, на Д. Усходзе. Для вытв-сці алюмінію ёсць буйныя паклады баксітаў на Урале, у Ленінградскай і Архангельскай абласцях, нефелінаў — у Кемераўскай вобл. і Краснаярскім краі. Асн. запасы золата — у Саха (Якуція), Магаданскай вобл., на Д. Усходзе, Урале, Алтаі і Іркуцкай вобл. Ёсць вял. паклады апатытаў (Хібіны), фасфарытаў (Кіраўская вобл.), каменнай солі (Усх. Сібір, Арэнбургская вобл., азёры Эльтон і Баскунчак), слюды [Іркуцкая вобл., Карэлія, Саха (Якуція)], азбесту (Урал), алмазаў Саха (Якуція), Урал], разнастайная сыравіна для вытв-сці буд. матэрыялаў і інш. Р. размешчана ў арктычным, субарктычным, умераным і субтрапічным паясах. У арктычным поясе, які ахоплівае большую ч. астравоў Паўн. Ледавітага ак., пануе халоднае арктычнае паветра. Т-ра ліп. каля 0 °C (пры адмоўнай сярэднегадавой т-ры). Субарктычны пояс распасціраецца да Паўн. палярнага круга ў еўрап. частцы і да 60° паўн. ш. ў азіяцкай частцы краіны. Сярэднія т-ры ліп. ад 5 да 12 °C, ападкаў 200—400 мм за год. Большая ч. Р. размешчана ва ўмераным поясе, дзе клімат зменьваецца ад умерана кантынентальнага на З да рэзка кантынентальнага на У, на Пд Д. Усходу — умераны мусонны. Сярэднія т-ры студз. ад 0 °C у Перадкаўказзі да -50 °C на У Сібіры, дзе ў раёне Верхаянска—Аймякона зафіксавана самая нізкая т-ра ў Еўразіі -72,2 °C. Т-ра ліп. ад 12 °C на Пн зоны да 25 °C на Пд і ў перадгор’ях Каўказа. Ападкаў выпадае ад 600—650 мм за год на З да 400—450 мм на У. Мінім. колькасць ападкаў прыпадае на паўпустынныя раёны Прыкаспійскай нізіны (каля 170 мм), макс. — на горныя раёны Каўказа (да 3200 мм) і Пд Д. Усходу (да 2000 мм). Суровы клімат і маласнежныя зімы — прычына фарміравання ў раёнах Сібіры і Д. Усходу вечнай мерзлаты. Невял. паласа на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа (ад Туапсэ да Адлера) мае субтрапічны клімат. На тэр. Р. густая рачная сетка — каля 120 тыс. рэк з даўж. больш за 10 км і агульнай працягласцю 2,3 млн. км. Большасць рэк належаць да бас. Паўн. Ледавітага ак. — Паўн. Дзвіна, Пячора, Об з Іртышом, Енісей, Хатанга, Алянёк, Лена, Індыгірка, Калыма і інш. (пл. вадазбору 12,8 млн. км², 75% тэр. Р.); да бас. Ціхага ак. — Амур, Анадыр, Пенжына і інш.; Атлантычнага ак. — Нява, Дон, Кубань; да бяссцёкавага Каспійскага м. — Волга, Урал, Церак. Жыўленне рэк пераважна снегавое і дажджавое. Ледастаў ад 1—2 месяцаў на Пд да 8 месяцаў у Сібіры. Рэкі багатыя гідраэнергіяй (гідраэнергет. патэнцыял 340 млн. кВт), выкарыстоўваюцца для суднаходства і арашэння. Азёр каля 2 млн., пераважна на ПнЗ Усх.-Еўрапейскай раўніны і ў Зах. Сібіры. Найб. азёры: Каспійскае, Байкал (самае глыбокае на Зямлі — 1640 м), Ладажскае, Анежскае, Таймыр, Ханка і інш. Буйныя вадасховішчы: Куйбышаўскае, Брацкае, Рыбінскае, Валгаградскае, Цымлянскае, Зейскае, Краснаярскае, Усць-Ілімскае і інш. Глебы і расліннасць на раўнінах падпарадкаваны шыротнай занальнасці, у гарах — вышыннай пояснасці. У зоне арктычных пустынь (астравы Паўн. Ледавітага ак. і паўн. ч. ўзбярэжжа Таймыра) прымітыўныя арктычныя глебы заняты перарывістым покрывам з лішайнікаў і імхоў. У зоне тундры з глеевымі глебамі акрамя імхоў і лішайнікаў трапляюцца нізкарослыя хмызнячкі (карлікавая бяроза, вярба). Для лесатундравай зоны характэрна чаргаванне мохавых, лішайнікавых і хмызнячковых тундраў з рэдкалессем з бярозы, елкі, а ў Сібіры — лістоўніцы. Тут пераважаюць тундравыя глеевыя, слабападзолістыя глебы. Каля 65% тэр. Р. прыпадае на лясную зону, якая падзяляецца на падзоны цемнахвойнай тайгі на З і лістоўнічнай на У на падзолістых глебах, мяшаных хвойна-шыракалістых лясоў на дзярнова-падзолістых глебах у сярэдняй паласе Усх.-Еўрап. раўніны і на Пд Д. Усходу і далей на Пд шыракалістых лясоў. На Пд Д. Усходу мяшаныя лясы ўключаюць элементы маньчжурскай флоры (ільм, амурскі аксаміт, карэйскі кедр, ліяны і інш.). Агульныя запасы драўніны Р. 80,7 млрд. м³ — палавіна запасаў драўніны на Зямлі. На Пд лясная зона пераходзіць у лесастэпавую і стэпавую зоны з шэрымі ляснымі і чарназёмнымі глебамі, з разнатраўна-злакавай і злакавай расліннасцю, у лесастэпе з астраўкамі дуброў у еўрап. ч. і бярозава-асінавых колкаў на Пд Зах. Сібіры. На ПдУ Усх.-Еўрап. раўніны — паўпустынная зона з разрэджаным расл. покрывам з палыну, салянак, стэпавых злакаў на светла-каштанавых і бурых глебах. У горных абласцях вышынная пояснасць розных тыпаў, якая найб. выразная ў гарах Каўказа і Алтая. Жывёльны свет вельмі разнастайны. На палярных астравах і ў морах Паўн. Ледавітага ак. жывуць белы мядзведзь, цюлень, морж, з птушак — чысцікі, люрыкі, гагі і інш. У тундры водзяцца пясец, паўн. алень, лемінг, палярная сава, белая курапатка і інш. Для лясной зоны характэрны лось, буры мядзведзь, рысь, расамаха, вавёрка, бурундук, лісіца; у лясах Сібіры — собаль, марал, кабарга; на Д. Усходзе — усурыйскія тыгр і мядзведзь, янотападобны сабака; на астравах Ціхага ак. — лежбішчы марскіх коцікаў; з птушак — цецярук, глушэц, рабчык, крыжадзюб, сініца і інш. У лесастэпавай і стэпавай зонах пераважаюць грызуны — суслікі, тушканчыкі, хамякі, суркі, з птушак — драфа, арол, стрэпет і інш. Моры, што акружаюць Р., багатыя рыбай (траска, селядзец, камбала, палтус, скумбрыя, асятровыя, ласасёвыя і інш.). У Р. ахоўваемыя тэр. займаюць каля 2,5% плошчы. У краіне 99 запаведнікаў агульнай пл. 35,8 млн. га. Найб. вядомыя: Алтайскі, Астраханскі запаведнік, Баргузінскі запаведнік, Варонежскі запаведнік, Каўказскі запаведнік, Прыокска-тэрасны запаведнік, Пячора-Ілыцкі запаведнік і інш. Створаны 34 нац. паркі агульнай пл. 6,6 млн. га (1999).

Насельніцтва. Р. — шматнацыянальная краіна, дзе пражывае больш за 100 нацыянальнасцей і народнасцей, у т. л. рускія складаюць 83%, татары — 3,8, украінцы — 2,4, чувашы — 1,2, башкіры — 0,9, беларусы — 0,7, мардва — 0,6, немцы — 0,5, удмурты — 0,5, армяне — 0,5, аварцы — 0,4, марыйцы — 0,4% і інш. (паводле мікраперапісу і бягучага ўліку насельніцтва, 1999). Асн. нац. меншасці ўтвараюць рэспублікі, аўт. акругі і аўт. вобласць. Рэлігія большасці насельніцтва — праваслаўнае хрысціянства. Ёсць прадстаўнікі ісламу, будызму, каталіцызму, іудаізму і інш. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 8,5 чал. на 1 км², найб. ў Падмаскоўі (да 300 чал. на 1 км²), найменшая — у паўн. і паўн.-ўсх. раёнах Сібіры (0,1 чал. на 1 км²). Больш за 75 усяго насельніцтва пражывае ў еўрап. ч. (укл. Урал). Для Р. характэрна зніжэнне колькасці насельніцтва. Натуральны прырост адзначаецца толькі ў рэспубліках Паўн. Каўказа і некат. раёнах Паволжа, Сальда міграцыі дадатнае, у 1999 у Р. прыбыло 367 тыс. чал., выбыла 215 тыс. чал. Гар. насельніцтва 73%. У Р. 1092 гарады і 1875 пасёлкаў гар. тыпу (2000). Найб. гарады (тыс. ж., 2000): Масква —8537, С.-Пецярбург — 4694, Новасібірск — 1399, Ніжні Ноўгарад — 1357, Екацярынбург — 1266, Самара — 1156, Омск — 1149, Казань — 1100 і інш. Эканамічна актыўнае насельніцтва ў 1999 складала 69,7 млн. чал., занятае — 60,6 млн. чал. У прам-сці занята 22% насельніцтва, у сельскай і лясной гаспадарцы — 13,8, у буд-ве — 7,7, на транспарце — 6,3, у сувязі — 1,3, гандлі і грамадскім харчаванні — 14,9%.

Гісторыя. Першабытны чалавек пранік на еўрап. тэр. Р. з Закаўказзя ў раннім палеаліце; у сярэднім палеаліце (100—35 тыс. г. назад) паселішчы неандэртальцаў пашыраліся да нізоўяў Дона і Сярэдняга Паволжа. У познім палеаліце (35—10 тыс. г. назад), калі пачаў раставаць ледавік і ўсталёўваўся блізкі да сучаснага клімат, на тэр. Р. сталі пашырацца паселішчы людзей сучаснага тыпу (краманьёнцы). Удасканальвалася тэхніка вырабу каменных і касцяных прылад, пачалі фарміравацца мастацтва і рэлігія. Вынайдзеныя ў мезаліце (12—10—7—5 тыс. г. да н.э.) лук і стрэлы дазволілі людзям весці індывід. паляванне і ствараць запасы харчавання. У неаліце (7—6—2 тыс. да н.э.) пачаўся пераход да вытв. гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўлі. Адбываўся працэс аб’яднання родаў у плямёны, з 3-га тыс. да н.э. пачалося фарміраванне плем. саюзаў. Вынікам пашырэння ў 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. апрацоўкі жалеза (акрамя паўн. і паўн.-ўсх. раёнаў) стала рэзкае павышэнне прадукцыйнасці працы, узнікненне прыватнай уласнасці, паскарэнне распаду першабытнаабшчыннага ладу. Першыя дзярж. ўтварэнні на тэр. Р. ўзніклі ў 6—5 ст. да н.э. ў Паўн. Прычарнамор’і (грэч. калоніі Фанагорыя, Германаса на Таманскім п-ве, Баспорская дзяржава). Разлажэнне родаплем. ладу суправаджалася складваннем этн. супольнасцей, з якіх утварыліся некаторыя народнасці сучаснай Р. З 3—6 ст. н.э. пачалося рассяленне славян па Усх.-Еўрап. раўніне. Гэты працэс працягваўся і ў наступныя стагоддзі. Славяне паступова занялі пануючае становішча сярод мясц. этнасаў (балтаў, фіна-угорскіх, цюркскіх і інш.), некат. з іх цалкам асіміляваны. У 8—9 ст. на тэр. бас. рэк Дняпро, Зах. Дзвіна, Сож, Дзясна, каля вытокаў Волгі і на воз. Ільмень жыло да 15 усх.-слав. плем. саюзаў (у кожным да 10—12 плямён). Славяне спалучалі розныя віды гасп. дзейнасці пры дамінуючай ролі земляробства. У 9—10 ст. упершыню ўпамінаюцца ў летапісах усх.-слав. гарады Кіеў, Ноўгарад, Полацк, Ладага, Растоў, Смаленск і інш. Усх. славяне былі язычнікамі, пакланяліся божаствам, што ўвасаблялі сілы прыроды. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», у 862 наўгародскія славене і крывічы пры ўдзеле варагаў стварылі вакол Ноўгарада буйны цэнтр стараж.-слав. дзяржаўнасці. У 882—885 наўгародскі кн. Алег падпарадкаваў сабе ўсх.-слав. плем. саюзы палян (цэнтр у Кіеве), драўлян, севяран, полацкіх крывічоў, да 907 — вяцічаў, дулебаў, ціверцаў. У выніку ўтварылася буйная раннефеад. манархічная дзяржава на чале з велікакняжацкай дынастыяй Рурыкавічаў і з цэнтрам у Кіеве — Кіеўская Русь (гл. таксама Русь). У 988 пры вял. кн. Уладзіміру Святаславічу [980—1015] афіц. рэлігіяй стала хрысціянства ўсх. абраду, пачалося выкараненне язычніцтва. Асаблівасць феадалізму на. Русі — адсутнасць класічнай формы васальна-сеньярыяльных адносін. У ролі гал. землеўладальніка выступала дзяржава. Кіеўская Русь была нетрывалым ваен.-паліт. аб’яднаннем. Пад уплывам моцных цэнтрабежных тэндэнцый у сярэдзіне 11 ст. пачаўся яе распад на асобныя княствы і землі, які канчаткова адбыўся пасля смерці вял. кн. Мсціслава Уладзіміравіча [1125—32]. Настаў перыяд т.зв. феад. раздробленасці (пач. 12 — пач. 16 ст.), калі цэнтр гаспадарчага, паліт. і культ. жыцця перамясціўся ў вотчыны. З княстваў і зямель, што ўтварыліся на месцы Кіеўскай дзяржавы, на тэр. Р. знаходзіліся Уладзіміра-Суздальскае княства, Разанскае княства, Смаленскае княства (акрамя зах. ч.), б.ч. Чарнігаўскага княства (без Чарнігава), Наўгародская феадальная рэспубліка, Пскоўская феадальная рэспубліка, асобныя часткі інш. княстваў і зямель. Працэс драбнення княстваў працягваўся і ў 13—14 ст. Буйныя княствы (наз. «вялікімі») падзяляліся на ўдзельныя, залежнасць якіх ад вял. князя рабілася ўсё больш намінальнай. Некат. ўдзельныя княствы (Маскоўскае, Цвярское) з цягам часу сталі «вялікімі». Паліт. раздробленасць Русі спрыяла эканам. і культ. развіццю асобных зямель, але аслабіла яе абараназдольнасць. Паміж княствамі і землямі вяліся амаль няспынныя войны. У выніку мангола-тат. нашэсця 1237—40 (гл. Мангольскія заваяванні) о.ч. Русі трапіла пад уладу Залатой Арды (гл. Мангола-татарская няволя на Русі), што надоўга затрымала яе эканам., сац., культ. і паліт. развіццё. Неабходнасць выплаты Ардзе вял. даніны (гл. Ясак) абумовіла ўзмацненне ролі княжацкай улады. Перамогі наўгародцаў на чале з кн. Аляксандрам Неўскім над шведамі ў Неўскай бітве 1240 і над ням. крыжакамі ў Лядовым пабоішчы 1242 надоўга спынілі іх агрэсію на У і захавалі за Руссю выхад да Балт. мора. У 14 ст. акрэсліліся тэндэнцыі да пераадолення раздробленасці і паліт. аб’яднання ўсх. славян. На ПнУ Р. гэты працэс узначаліла Маскоўскае вялікае княства, на З — Вял. княства Літоўскае (ВКЛ), якое часам называлі «другой Руссю». У 2-й пал. 14 — пач. 15 ст. пры вял. кн. літ. Альгердзе і Вітаўце мірным і ваен. шляхамі да ВКЛ далучаны Смаленшчына, Браншчына, Севершчына, Курска-Белгародскі рэгіён, вярхоўі рэк Ака, Зах. Дзвіна, Волга, якія раней належалі Вял. княству Уладзімірскаму. За Уладзімірскі велікакняжацкі прастол вялі ўпартую барацьбу з цвярскімі і ніжагародска-суздальскімі князямі маскоўскія вял. князі, якія дамагаліся «вяртання» б. уладзімірскіх зямель, што адышлі да ВКЛ. Да канца 15 ст. асн. задачамі маскоўскіх князёў былі: дасягненне паліт. гегемоніі ў Паўн.-Усх. Русі і вызваленне ад мангола-тат. няволі (пачатак пакладзены разгромам вял. кн. Дзмітрыем Іванавічам Данскім правіцеля Залатой Арды Мамая ў Кулікоўскай бітве 1380). Гэтыя задачы ў значным аб’ёме выкананы пры вял. кн. Іване III [1462—1505], які далучыў да маскоўскіх уладанняў Наўгародскую зямлю (1478) і Цвярское княства (1485), канчаткова скінуў мангола-тат. няволю ў выніку «стаяння на Угры» 1480. Аб’яднанне Паўн.-Усх. Русі вакол Масквы завяршыў вял. кн. Васіль III [1505—33], які далучыў да Маскоўскай дзяржавы Пскоўскую зямлю (1510) і Разанскае княства (1521). Пасля падзення Візантыйскай імперыі была сфармулявана тэорыя «Масква — трэці Рым», якая сцвярджала значэнне Масквы як сусв. паліт. і царк. цэнтра. Першым агульнарас. зводам законаў стаў Судзебнік 1497. На базе Маскоўскага вял. княства ў канцы 15 — пач. 16 ст. ўтварылася Руская цэнтралізаваная дзяржава. У адрозненне ад Зах. Еўропы дзярж. цэнтралізацыя тут базіравалася не на развіцці капіталіст. адносін, а на ўмацаванні феадалізму, у прыватнасці, інстытута прыгоннага права, якое афіцыйна аформлена Саборным улажэннем 1649. Імкненне маскоўскіх вял. князёў «вярнуць» б. ўладзімірскія і кіеўскія «вотчыны» вылілася ў канцы 15 — пач. 16 ст. ў шматлікія войны Маскоўскай дзяржавы (з канца 15 ст. наз. таксама Расія) з ВКЛ — 1492—94, 1500—03, 1507—08, 1512—22, 1534—37 (пра кожную гл. асобны арт.). У выніку да Маскоўскай дзяржавы адышлі Смаленшчына, Севершчына, Чарнігаўшчына, вярхоўі Акі і Волгі. У час праўлення Івана IV [1533—84], які ў 1547 прыняў царскі тытул, пачалося стварэнне структур цэнтралізаванай дзяржавы: адменена «кармленне», стваралася сістэма прыказаў, праведзены губная рэформа і земская рэформа Івана IV, пачалі збірацца земскія саборы, прыняты Судзебнік 1550, ліквідаваны амаль усе ўдзельныя княствы. Сац. апорай самадзярж. ўлады станавілася дваранства Дваранскае апалчэнне і стральцы складалі аснову ўзбр. сіл адзінай дзяржавы. Апрычніна (1565—72) і інш. надзвычайныя захады Івана IV, накіраваныя на ўмацаванне яго самаўладдзя, былі спробай фарсіраванай цэнтралізацыі дзяржавы, суправаджаліся масавымі рэпрэсіямі, у т. л. пакараннямі смерцю, зямельнымі канфіскацыямі. Пры Іване IV тэр. Р. значна пашырылася: заваяваны і далучаны Казанскае (1552) і Астраханскае (1556) ханствы, пачалося далучэнне Сібіры. Аднак войскі Крымскага ханства працягвалі спусташэнне паўд. зямель; няўдалай была Лівонская вайна 1558—83, што разам з апрычнінай падарвала эканоміку краіны. Гал. падзеяй царавання Фёдара Іванавіча [1584—98] было заснаванне Маскоўскага патрыярхату правасл. царквы (1589); у Швецыі адваявана частка прыбалт зямель (1595). Са смерцю Фёдара Іванавіча (1598) дынастыя Рурыкавічаў спынілася. Пачалася шматгадовая «Смута», у час якой Р. апынулася на мяжы нац. катастрофы. Цяжкую сітуацыю грамадз. вайны (гл. Балотнікава паўстанне 1606—07) узмацніла ваен. інтэрвенцыя Рэчы Паспалітай (гл. Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18) і Швецыі. Рас. прастол займалі выбарныя цары — Барыс Гадуноў [1598—1605], Васіль Іванавіч Шуйскі [1606—10), сын Гадунова Фёдар Барысавіч [крас.-чэрв. 1605], самазванец Ілжэдзмітрый I [1605—06], а з 1610 (намінальна) сын караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта 111 Уладзіслаў (гл. Уладзіслаў IV). Значная ч. краіны, у т. л. Масква, была акупіравана інтэрвентамі. Патрыят. ўздым насельніцтва (гл. Першае апалчэнне 1611, Народнае апалчэнне 1612) дазволіў аднавіць адзінства і суверэнітэт дзяржавы, хоць былі страчаны значныя тэрыторыі: да Швецыі адышлі землі на балт. узбярэжжы, да Рэчы Паспалітай (Дэулінскае перамір’е 1618) — Смаленская, Чарнігаўская, Ноўгарад-Северская землі. Дынастычны крызіс быў пераадолены выбраннем Земскім саборам 1613 на рас. прастол Міхаіла Фёдаравіча [1613—45] — прадстаўніка новай дынастыі Раманавых. У наступныя дзесяцігоддзі царскі абсалютызм узмацняўся. З сярэдзіны 17 ст. амаль не склікаліся земскія саборы, згортвалася дзейнасць Баярскай думы. Адмена месніцтва ў 1682 аслабіла пазіцыі вышэйшай арыстакратыі на карысць дваранства. У супрацьстаянні з патрыярхам Ніканам цар Аляксей Міхайлавіч [1645—76] зацвердзіў перавагу свецкай улады над царкоўнай. Сац. канфлікты 17 ст. выліліся ў шматлікія нар. «бунты», сярод якіх найб. вядомыя маскоўскія «саляны» (1648) і «медны» (1662), сялянская вайна 1670—71 пад кіраўніцтвам С.Ц.Разіна, Паступова адраджалася эканоміка, складваўся адзіны ўсерас. рынак. З 1630-х г. знешняя палітыка Р. набыла наступальны, імперскі характар: пастаўлена задача далучэння да Р. ўсіх усх.-слав. («рускіх») зямель і заваяванне выхаду да мораў. Гал. вынікам вайны з Рэччу Паспалітай 1632—34 была адмова караля Уладзіслава IV ад правоў на рас. прастол. У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Р. вярнула сабе Смаленшчыну, Чарнігаўшчыну, Севершчыну, далучыла Левабярэжную Украіну і Кіеў. Войны са Швецыяй (1656—58) за выхад да Балт. мора і з Турцыяй (1676—81) былі малапаспяховымі, як і паходы на Крым 1687 і 1689. У 17 — пач. 18 ст. да Р. далучаны Усх. Сібір і многія раёны Д. Усходу. Пётр I [1682—1725, з 1721 імператар] пачаў сістэмную мадэрнізацыю Р. на аснове вопыту зах. краін. Яго рэформы, нягледзячы на вял. выдаткі, спрыялі інтэнсіўнаму эканам. і культ. развіццю краіны. Створаны вышэйшы дзярж. орган Сенат (1711), калегіі (1718—21, замянілі прыказы), краіна падзелена на губерні і правінцыі; створаны рэгулярная армія і ваен. флот; табель аб рангах (1722) рэгуляваў сістэму грамадз. і ваен. службы. У выніку скасавання патрыяршаства створаны Сінод (1721). У 1721 Р. абвешчана імперыяй. Сталіца ў 1712 перанесена ў г. Санкт-Пецярбург (засн. ў 1703). Вызначальная роля дзяржавы ў рас. эканоміцы выяўлялася ў буд-ве казённых мануфактур і строгай рэгламентацыі эканам. дзейнасці. Шырокае выкарыстанне ў прам-сці паднявольнай працы (злачынцы, прыпісныя сяляне, пасэсійныя сяляне) прадвызначыла ў далейшым эканам. адставанне Р. Дваранства кансалідавалася як клас уласнікаў зямлі і сялян (указ 1714 зліў памесці з вотчынамі), але было прымушана да абавязковай службы. Пётр I імкнуўся еўрапеізаваць культуру і быт. Асн. вынік яго знешняй палітыкі — далучэнне да Р. балт. ўзбярэжжа ад Выбарга да Рыгі ў выніку Паўночнай вайны 1700—21. Агульны вынік войнаў з Турцыяй 1686—1700 і 1710—13 быў няўдалым: паражэнне ў Пруцкім паходзе 1711 прымусіла Пятра I вярнуць туркам г. Азоў. Цяжар праводзімых рэформ выклікалі нар. хваляванні, у т. л. Астраханскае паўстанне 1705—06, Булавінскае паўстанне 1707—09 У пераваротаў дварцовых эпоху (1725—62), якая настала пасля смерці Пятра I, дваранства ўмацавала сваё пануючае становішча. У 1725—27 прастол займала ўдава Пятра І Кацярына I, пры якой фактычна правіў кн. А.Д.Меншыкаў У час царавання Пятра II [ 1727—30] старая маскоўская знаць паспрабавала скасаваць рэформы Пятра 1, але яны ўжо сталі неабарачальныя. Драпежніцкім праўленнем прыбалт. немцаў і іншаземцаў характарызаваўся рэжым Э.​І.​Бірона, фаварыта імператрыцы Ганны Іванаўны [1730—40] (гл. Бірокаўшчына). Дачка Пятра I Лізавета Пятроўна [1741—62] адрадзіла нац.-дзярж. курс бацькі. Кароткае цараванне Пятра III у 1762 адзначана выданнем Маніфеста аб вольнасці дваранства 1762, які вызваліў дваран ад абавязковай ваен. (у мірны час) і грамадз. службы. Праўленне Кацярыны II [1762—96] — перыяд адноснай паліт. стабілізацыі. Рэарганізаваны Сенат (1762), секулярызаваны ўладанні манастыроў (1763—64), скасавана гетманства на Украіне (1764), рэфармаваны губерні (1775). Даравальная грамата дваранству (1785) замацавала за ім шырокае кола прывілеяў. Важнае значэнне набыло фарміраванне дзярж. ідэалаг. дактрыны асветнага абсалютызму, зараджэнне вальнадумства (А.М.Радзішчаў, М.І.Навікоў). Рост сац. напружанасці ў сувязі з узмацненнем прыгонніцтва выліўся ў сялянскую вайну 1773—75 пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова Р. ўдзельнічала ў Сямігадовай вайне 1756—63, у выніку рус.-тур. войнаў 1768—74 і 1787—91 замацавалася на Чорным м., далучыла Паўн. Прычарнамор’е і Крым. Падзелы Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795), праведзеныя з удзелам Р., прывялі да ўваходжання ў яе склад Правабярэжнай Украіны, бел., літ., зах. ч. лат. зямель. Канчаткова тэр. Рас. імперыі сфарміравалася ў 19 ст.: у яе склад увайшлі Фінляндыя, б.ч. Польшчы, Каўказ, Казахстан, Сярэдняя Азія, але ў 1867 прададзены ЗША рас. ўладанні ў Паўн. Амерыцы. У часы царавання Аляксандра І [1801—25) уведзены мін-вы (1802—11), створаны Дзяржаўны савет (1810), Сенат стаў вышэйшай адм.-суд. установай, зроблены частковыя захады па вырашэнні сял. пытання (указ 1803 аб вольных хлебаробах, скасаванне прыгоннага права ў 1816—19 у Эстляндыі, Ліфляндыі і Курляндыі). Да пач. 1820-х г. ліберальны курс урада Аляксандра I змяніўся антыліберальным рэжымам аракчэеўшчыны. У пач. 19 ст. вырасла грамадская актыўнасць. Дваранскія рэвалюцыянеры — дзекабрысты — імкнуліся мадэрнізаваць Р. на ўзор зах.-еўрап. дэмакратый. Спробы дзекабрыстаў у канцы 1825 — пач. 1826 узняць паўстанні ў Пецярбургу і на Украіне скончыліся іх поўным разгромам. Цараванне Мікалая І [1825—55], — «апагей самадзяржаўя». Асн. намаганні ўлад былі накіраваны на кансервацыю існуючага рэжыму, назіраўся працэс бюракратызацыі і цэнтралізацыі дзярж. апарата Паліт. вышук ажыццяўляла «Трэцяе аддзяленне» імператарскай канцылярыі (1826—80). Праследаваліся дэмакр. аб’яднанні, рухі, выданні Падаўлена паўстанне 1830—31 на польскіх, бел., укр. і літ. землях, абмежавана (1832) аўтаномія Каралеўства Польскага. Станоўчыя вынікі эпохі — пачатак выдання «Поўнага збору законаў Расійскай імперыі» (1830), рэформа дзяржаўных сялян 1837-41. У цэнтры грамадскай думкі 1830—50-х г. была вострая палеміка пра далейшыя шляхі развіцця краіны паміж прыхільнікамі формулы «самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць», заходнікамі, славянафіламі і рэв. дэмакратамі (А.І.Герцэн) Міжнар. аўтарытэт Р. ўзрос пасля яе перамогі ў вайне 1812 і замежных паходаў рускай арміі 1813—14, якія адыгралі вял. ролю ў крушэнні імперыі Напалеона І і вызваленні народаў Еўропы ад франц. панавання Аляксандр I у 1815 ініцыіраваў стварэнне Свяшчэннага саюза Аўстрыі, Прусіі і Р. для барацьбы з рэв. рухам. З 1820-х г. асаблівае месца ў знешняй палітыцы Р. займала «ўсходняе пытанне» Каб умацаваць свае паз шыі на Чорным м., Балканскім п-ве і Б. Усходзе, яна правяла паспяховыя войны з Турцыяй (1828—29) і Персіяй (1826—28), Каўказскую вайну 1817—64. Але ў Крымскай вайне 1853—56 супраць кааліцыі еўрап. дзяржаў і Турцыі яна пацярпела паражэнне, што выявіла неабходнасць рэфармавання яе адсталай прыгонніцкай сістэмы У часы царавання Аляксандра II [1855—81) праведзены бурж. рэформы: Сялянская рэформа 1861 (адмена прыгоннага права), судовая 1864, гарадская 1870—75, ваен. 1862—74 (гл. адпаведныя арт.) і інш. Краіна стала на шлях ператварэння феад. манархіі ў буржуазную Імператар Аляксандр III (1881—94) праводзіў палітыку зацвярджэння «непахіснасці самадзяржаўя», ажыццявіў шэраг «контррэформ». Тым не менш да канца 19 — пач. 20 ст. захоўваліся створаныя рэформамі спрыяльныя ўмовы для развіцця эканомікі. У пач. царавання Мікалая II [1894—1917], у многім, дзякуючы дзейнасці С.Ю.Вітэ (вінная манаполія 1894, грашовая рэформа 1897, дзярж. падтрымка цяжкай прам-сці і чыг. буд-ва), Р. па шэрагу паказчыкаў эканам. развіцця наблізілася да вядучых індустр. дзяржаў свету. У парэформенны перыяд актывізавалася грамадскае жыццё краіны, хоць пераважная большасць насельніцтва прытрымлівалася кансерватыўных традыцый. Пашыралася кола прыхільнікаў ліберальных ідэй (земскі рух), на аснове рэв.-дэмакр. ідэалогіі Герцэна і М.Г.Чарнышэўскага сфарміравалася народніцтва. Прадстаўнікі яго найб. радыкальнай арг-цыі «Народная воля» ў сак. 1881 забілі імператара Аляксандра II у 1880—90-х г. пашыраўся рабочы рух. Пранікненне ў Р. ідэалогіі марксізму прывяло да заснавання ў 1898 у Мінску Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП), якая ў 1903 раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў Паслядоўнікі народніцтва ў 1901—02 аб’ядналіся ў партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Гал. дасягненнем рас. знешняй палітыкі 2-й пал. 19 ст. была ліквідацыя наступстваў паражэння ў Крымскай вайне на Лонданскай канферэнцыі 1871 і ў выніку перамогі ў рус.-тур. вайне 1877—78. Ва ўмовах абвастрэння міжнар. абставін на рубяжы 19—20 ст. Р. з Вялікабрытаніяй і Францыяй стварылі у 1907 антыгерм. ваен.-паліт. блок Антанта. Сусв. эканам. крызіс пач. 20 ст. (спад вытв-сці, беспрацоўе, нізкія заробкі), нявырашанасць зямельнага пытання, паражэнне ў руска-японскай вайне 1904—05 сталі прычынамі рэвалюцыі 1905—07 у Расіі, у час якой царызм быў вымушаны даць насельніцтву пэўныя грамадз. і паліт. правы і свабоды (гл. Маніфест 17 кастрычніка 1905). Узніклі паліт. партыі акцябрыстаў, кадэтаў (гл. Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя) і інш., легалізаваліся прафсаюзы. Хоць рэвалюцыя была задушана царызмам, стварэнне выбарнага заканад. органа Дзяржаўнай думы (1906), нават з абмежаванымі правамі, азначала змену паліт. ладу Рас. імперыі. Ажывіўся і нац.-вызв. рух на ўскраінах. П.А.Сталыпін (старшыня Савета Міністраў у 1906—11) зрабіў спробу ліквідаваць архаічныя і неадпаведныя ўмовам капіталіст. развіцця абшчынныя формы землекарыстання (гл. Сталыпінская аграрная рэформа).

У выніку бурнага росту прамысл. і с.-г. вытв-сці ў 1912—14 Р. выйшла на самыя высокія ў яе гісторыі сац.-эканам. паказчыкі. У сувязі з гэтым асабліва востра адчуваўся цяжар першай сусветнай вайны 1914—18, у якой Р. пасля першых перамог пачала цярпець паражэнні (у 1915 герм. і аўстра-венг. войскі акупіравалі Каралеўства Польскае, Літву, Зах. Беларусь, зах. Латвію, ч. Правабярэжнай Украіны). У 1915—16 узнікла апазіцыя самадзяржаўю ў Дзярж. думе і Дзярж. савеце (гл. Прагрэсіўны блок), нарастала незадаволенасць у народзе Чарговы агульнарас. крызіс канца 1916 — пач. 1917 (харч. цяжкасці ў Петраградзе, кампраметацыя царскай сям’і Р.Я.Распуціным, «міністэрская чахарда» і інш.) выліўся ў Лютаўскую рэвалюцыю 1917, у выніку якой у Р. ліквідавана манархія. 2(15) 3.1917 Мікалай II адрокся ад прастола. У той жа дзень Часовы камітэт Дзяржаўнай думы сфарміраваў Часовы ўрад (да склікання Устаноўчага сходу) з прадстаўнікоў акцябрыстаў і кадэтаў Паколькі Часовы ўрад не мог дзейнічаць без падтрымкі Саветаў, узнікла двоеўладдзе. У краіне дзейнічалі больш за 50 паліт. партый, праходзіла вострая паліт. барацьба, адбыліся красавіцкі, чэрвеньскі і ліпеньскі паліт. крызісы. Пасля красавіцкага крызісу 1917 у склад Часовага ўрада ўвайшлі лідэры меншавікоў і эсэраў, у выніку ліпеньскага крызісу 1917 паўната ўлады перайшла да Часовага ўрада (з ліп. 1917 старшыня А.Ф.Керанскі), скончылася двоеўладдзе. У жн. (вер.) задушаны Карнілава мяцеж 1917. 1(14) 9.1917 Р. абвешчана рэспублікай. Няздольнасць Часовага ўрада стабілізаваць. сітуацыю ў краіне і неадкладна вырашыць набалелыя пытанні (спыненне вайны, ліквідацыя памешчыцкага землеўладання і сял. малазямелля, скасаванне нац. прыгнёту, барацьба з ваен. разрухай і інш.) выклікала масавую незадаволенасць. На гэтай хвалі значную папулярнасць набылі бальшавікі. Яны (разам з левымі эсэрамі) заваявалі большасць у Саветах, у выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 улада перайшла да бальшавікоў. Другі Усерасійскі з’езд Саветаў [7—9.11(25—27.10).1917] абвясціў пераход усёй улады ў краіне да Саветаў, утварыў ВЦВК і часовы ўрад — Савет народных камісараў (СНК) на чале з лідэрам бальшавікоў У.І.Леніным, прыняў дэкрэты аб міры (прапанова ўсім урадам пачаць перагаворы аб спыненні 1-й сусв. вайны) і зямлі (скасаванне прыватнай уласнасці на зямлю і памешчыцкага землеўладання). Прынцыпы новай нац. палітыкі (роўнасць, суверэнітэт і самавызначэнне народаў Р.) былі сфармуляваны ў зацверджанай СНК 2(15)11.1917 Дэкларацыі правоў народаў Расіі. Устаноўчы сход, дзе пераважалі меншавікі і эсэры, 5(18).1.1918 адмовіўся санкцыяніраваць устанаўленне ўлады Саветаў і быў распушчаны бальшавікамі. III Усерас. з’езд Саветаў (10—18(23—31).1.1918] аб’яднаў Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў з Саветамі сял. дэпутатаў, выключыў слова «часовы» з назвы сав. ўрада, абвясціў Р. Рас. Сацыяліст. Федэратыўнай Сав. Рэспублікай (РСФСР), прыняў Дэкларацыю правоў працоўнага і эксплуатуемага народа. Пасля працяглых спрэчак у бальшавіцкім кіраўніцтве, за час якіх герм. і аўстра-венг. войскі ў парушэнне перамір’я акупіравалі Латвію, Эстонію, большую ч. тэр. Беларусі і Украіны, падпісаны Брэсцкі мір 1918 (3.3.1918) на вельмі цяжкіх для Р. ўмовах (ануляваны 13.11.1918 у сувязі з рэвалюцыяй у Германіі). Вясной 1918 пачаўся працэс афармлення нац. дзяржаўнасці народаў РСФСР 10.7.1918 V Усерас. з’езд Саветаў прыняў 1-ю сав. канстытуцыю. Летам 1918 як вынік нязгоды ч. рас. грамадства з Кастр. рэвалюцыяй, Брэсцкім мірам і сац.-эканам. курсам бальшавікоў (нацыяналізацыя зямлі, прам-сці, буйных нерухомасцей і інш.) разгарнулася грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22, якая ў асн. завяршылася ў 1920 перамогай бальшавікоў. Вайна суправаджалася тэрорам з абодвух бакоў супраць паліт. і класавых праціўнікаў. Комплекс надзвычайных захадаў сав. ўрада па мабілізацыі ўсіх сіл на вядзенне вайны (паскораная нацыяналізацыя, канфіскацыя лішкаў харчавання ў сялян шляхам харчразвёрсткі і інш.) атрымаў назву «ваеннага камунізму». Незадаволенасць гэтай палітыкай выклікала шматлікія хваляванні, сярод якіх найб. небяспечнымі для бальшавікоў былі Кранштацкае паўстанне 1921, Антонава паўстанне 1921 (на Тамбоўшчыне), Заходнесібірскае паўстанне 1921 Вынікі 1-й сусв., грамадз. войнаў і інтэрвенцыі былі для Р. спусташальнымі. У 1920 прамысл. вытв-сць складала ​1/7 ад узроўню 1913, с.-г. вытв-сць — 62%. У баях грамадз. вайны і інтэрвенцыі, ад тэрору, голаду і хвароб загінулі 8 млн. чал., 2 млн. чал. эмігрыравалі 3 пач. 1920-х г. партыя бальшавікоў (з 1925 ВКП(б), з 1952 КПСС) была адзінай паліт. арг-цыяй, якая кіравала краінай да 1991. Аднаўленне нар. гаспадаркі ажыццяўлялася на базе новай эканамічнай палітыкі, якая азначала адыход ад «ваен. камунізму» 1 частковае вяртанне да рыначных метадаў гаспадарання. Імкненне бальшавікоў (перш за ўсё рас.) захаваць фактычнае паліт. і эканам. адзінства тэр. б. Рас. імперыі прывяло да аб’яднання (30.12.1922) юрыдычна незалежных сав. рэспублік (РСФСР, Украіна, БССР і Закаўказская Федэрацыя) у новую дзяржаву — Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР), з існаваннем якога (1922—91) непарыўна звязаны наступны перыяд рас. гісторыі.

У 1920—30-я г. тэр. РСФСР значна зменшылася ў выніку вылучэння ў самаст. саюзныя рэспублікі Туркменіі, Узбекістана (1924), Таджыкістана (1929), Кіргізіі, Казахстана (1936) і Карэла-Фінскай Рэспублікі (1940, у 1956 вернута ў склад Р.) Калектывізацыя і індустрыялізацыя ў РСФСР праходзілі вельмі супярэчліва, аднак у выніку іх была створана новая машынна-тэхн. база краіны, якая істотна змяніла сац. структуру насельніцтва. Да пач. 1940-х г. агульны аб’ём прамысл. вытв-сці на тэр. РСФСР у 8,7 разу перасягнуў адпаведны паказчык 1913. У адрозненне ад інш. саюзных рэспублік, РСФСР не мела асобнай рэсп. камуніст. партыі, асобнай АН і інш. Унутры РСФСР шмат этнасаў атрымалі свае нац.-дзярж. або нац.-адм. ўтварэнні ў выглядзе аўт. рэспублік, абласцей і нац. акруг (з 1977 аўт. акругі). Трагічнымі для лёсу народаў Р. былі рэпрэсіі палітычныя.

Народы Расіі зрабілі вял. ўклад у перамогу СССР у Вялікай Айчыннай вайне 1941—45. На яе тэр. выпускалася 80% усёй індустр. прадукцыі, адбыліся вырашальныя бітвы — Маскоўская (1941—42), Сталінградская (1942—43) і Курская (1943). 2 373 068 воінаў з Р. ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Матэрыяльныя страты РСФСР ад акупацыі ням.-фаш. захопнікамі шэрагу яе абласцей склалі ў тагачасных цэнах 249 млрд. руб. з 679 млрд. па ўсім СССР. У час вайны да РСФСР далучана (1944) тэр. Тувінскай Нар. Рэспублікі (з 1961 АССР). Пасля перамогі ў вайне ў склад РСФСР уключаны: на Пн вобласць Пячэнга, на Д. Усходзе Паўд. Сахалін і Курыльскія а-вы, на З — г. Кёнігсберг (пераназваны ў Калінінград) з прылеглай ч. б. Усх. Прусіі (цяпер Калінінградская вобл.). Пасляваен. аднаўленне гаспадаркі ў асн. завершана да 1950. У 1954 у гонар 300-годдзя ўз’яднання Украіны з Р. са складу РСФСР у склад Украіны перададзена Крымская вобл. У пасляваен. перыяд РСФСР заставалася найб. эканамічна магутнай рэспублікай СССР. У пач. 1980-х г. яна вырабляла 62% электраэнергіі, 100% збожжаўборачных камбайнаў, здабывала 91% нафты. Вялікія дасягненні зроблены ў развіцці навукі, атамнай энергетыкі, у асваенні космасу (першым касманаўтам свету стаў Ю.А.Гагарын). У перыяд перабудовы (з крас. 1985) у СССР пачалі складвацца новыя цэнтры рэальнай улады ў выглядзе рэсп. з’ездаў нар. дэпутатаў і Вярх. Саветаў, выбраных на дэмакр. умовах. 1-ы з’езд нар. дэпутатаў РСФСР (май—чэрв. 1990) выбраў старшынёй Вярх. Савета Б.М.Ельцына і абвясціў 12.6.1990 дзярж. суверэнітэт Р. Рас. кіраўніцтва падтрымлівала сепаратызм асобных саюзных рэспублік, каб выкарыстаць яго ў барацьбе з саюзным цэнтрам. Пачалася паскораная дэзінтэграцыя СССР. На агульнасаюзным рэферэндуме 17.3.1991 расіяне выказаліся за захаванне СССР як адзінай дзяржавы і за ўвядзенне пасады прэзідэнта РСФСР, 12.6.1991 прэзідэнтам выбраны Ельцын. Ельцын і Вярх. Савет Р. ўзначалілі барацьбу супраць Дзярж. к-та па надзвычайным становішчы (19—21.8.1991), які імкнуўся сарваць падпісанне новага саюзнага дагавора і захаваць старыя парадкі. Пасля яго ліквідацыі ўказам ад 6.11.1991 Ельцын распусціў КПСС. 8.12.1991 лідэры Р., Украіны і Беларусі ў выніку Белавежскіх пагадненняў 1991 заявілі аб дэнансацыі Саюзнага дагавора 1922 і спыненні існавання СССР, замест якога стварылася Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД). 10—12.12.1991 Пагадненне пра ўтварэнне СНД ратыфікавана Вярх. Саветамі Беларусі, Р. і Украіны. Са студз. 1992 у Р. пачалася радыкальная рыначная рэформа эканомікі. Урад вызваліў цэны на большасць тавараў ад дзярж. кантролю, з восені 1992 пачаў прыватызацыю дзярж. маёмасці. Распад СССР стварыў пагрозу распаду Р. Аўт. рэспублікі і аўт. вобласці (акрамя Яўрэйскай) адмовіліся ад аўт. статуса і абвясцілі сябе суверэннымі суб’ектамі федэрацыі. У сак. 1992 паміж федэральным цэнтрам і суб’ектамі падпісаны Федэратыўны-дагавор, які згладзіў вастрыню гэтага пытання, але не зняў яго цалкам. Асобныя Рэспублікі спрабавалі ўзяць курс на паступовы выхад з Р. (Татарстан, Башкортастан, Якуція), а кіраўніцтва Чэчэнскай Рэспублікі парвала ўсе сувязі з федэральным цэнтрам. 11.12.1994 федэральныя войскі ўвайшлі ў Чэчню з мэтай узяць яе пад кантроль, што паклала пачатак узбр. канфлікту, які дагэтуль не затушаны. У час абмеркавання новай Канстытуцыі абвастрыліся супярэчнасці паміж заканад. і выканаўчай уладай. 21.9.1993 прэзідэнт Ельцын выдаў указ аб роспуску З’езда нар. дэпутатаў і Вярх. Савета, правядзенні 12.12.1993 рэферэндуму па новай Канстытуцыі. Вярх. Савет абвясціў гэты ўказ неканстытуцыйным, а прэзідэнта пазбаўленым пасады. Аднак Ельцына падтрымалі ўзбр. сілы, сілавыя структуры і асн. сродкі масавай інфармацыі. Дзеянні абаронцаў Вярх. Савета, блакіраваных ў сваім будынку, 3—4 кастр. набылі характар узбр. выступлення, якое было ліквідавана з дапамогай ваен. сілы. У кастр. 1993 указамі прэзідэнта ліквідавана сістэма Саветаў. 12.12.1993 на рэферэндуме прынята новая Канстытуцыя Р., якая ўсю рэальную ўладу аддавала прэзідэнту; праведзены выбары ў 5-ю Дзярж. думу. На чарговых выбарах у Дзярж. думу ў снеж. 1999 большасць месцаў заваявалі паліт. сілы правай і цэнтрысцкай арыентацыі («Адзінства», «Саюз правых сіл», «Айчына — уся Расія» і інш.), самай вял. фракцыяй засталася фракцыя Камуніст. партыі Рас. Федэрацыі (КПРФ, засн. ў 1992 як правапераемніца КПСС). 31.12.1999 добраахвотна пайшоў у адстаўку прэзідэнт Ельцын. 26.3.2000 прэзідэнтам Р. выбраны У.У.Пуцін, які заявіў пра намер працягваць рыначныя рэформы, умацоўваць федэрацыю і ажыццяўляць незалежную знешнюю палітыку ў інтарэсах народаў Р. Р. — член ААН (з 1991) і, як правапераемніца СССР, пастаянны чл. Савета Бяспекі ААН; уваходзіць у многія інш. міжнар. арг-цыі, у т. л. ў Савет Еўропы (з 1997), а таксама ў СНД. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 25.6.1992. У 1995 заключаны рас.-бел. дагавор аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве і Мытны саюз, да якога ў 1996 далучыліся Казахстан і Кыргызстан, у 1999 — Таджыкістан. Р. і Беларусь падпісалі Дагавор аб супольніцтве Беларусі і Расіі 1996 і Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі 1997. 8.12.1999 Р. заключыла з Беларуссю дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Р. і Беларусі.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Сістэма паліт. партый у Р. з канца 1980-х г. знаходзіцца ў стадыі фарміравання. Адзінай масавай партыяй з’яўляецца КПРФ. Большым уплывам, чым партыі, у 1990-я г. карысталіся грамадска-паліт. рухі і аб’яднанні, некат. з якіх зараз знаходзяцца на стадыі пераўтварэння ў паліт. партыі. Акрамя КПРФ, найб. значныя паліт. арг-цыі: «Саюз правых сіл», Ліберальна-дэмакр. партыя, Агр. партыя, Сял. партыя, Партыя эканам. свабоды, Рас. аб’яднаная прамысл. партыя, партыя «Адзінства», аб’яднанні «Яблык», «Айчына — уся Расія», Народна-патрыят. саюз і інш. Найбуйнейшыя прафс. аб’яднанні: Федэрацыя незалежных прафсаюзаў Р., Усеагульная канфедэрацыя працы.

Гаспадарка. Р. — індустрыяльна-агр. краіна. Сучасны этап яе эканам. і сац. развіцця звязаны з карэннымі зменамі, якія выкліканы пераходам да рыначных адносін. Адаптацыя Р. да рыначнай эканомікі праходзіць дастаткова цяжка. У 1992—98 назіраўся спад вытв-сці, што было звязана з парушэннем гасп. сувязей, незабяспечанасцю матэрыяльнымі рэсурсамі, фін. цяжкасцямі, зносам асн. фондаў. З 1999 пачаўся рост вытв-сці. У выніку рыначных рэформ эканоміка стала шматукладнай. Доля акц. прадпрыемстваў пераважае над дзярж. (па колькасці, выпуску прадукцыі, колькасці занятых). Аб’ём валавога ўнутр. прадукту (ВУП) у 1999 склаў 593,4 млрд. долараў (14-е месца ў свеце), каля 4,2 тыс. дол. на душу насельніцтва. Недзярж. сектар дае каля 70%. Прамысловасць — важная састаўная ч. гасп. комплексу Р., на яе долю прыпадае 26,8% ВУП. У 1999 у Р. мелася каля 160 тыс. прамысл. прадпрыемстваў. Зах. раёнам краіны (укл. Урал) належыць 72% кошту прамысл. вытв-сці, усх. (Сібір і Д. Усход) — 28%. Адной з гал. галін прам-сці з’яўляецца паліўна-энергет. комплекс (32,5% паводле кошту прадукцыі, 1998). Гандаль энерганосьбітамі — адзін з гал. профіляў спецыялізацыі Р. ў міжнар. падзеле працы. Здабыча нафты разам з газавым кандэнсатам у 1999 склала 305 млн. т (3-е месца ў свеце). Нафту здабываюць пераважна ў Зах. Сібіры (каля 70%), Паволжы, на Урале. Нафтаперапрацоўчыя з-ды размешчаны і ў раёнах здабычы нафты (Самара, Сызрань, Уфа, Саратаў, Табольск), і ў месцах спажывання нафтапрадуктаў (Масква, Ніжні Ноўгарад, Яраслаўль, Хабараўск, Камсамольск-на-Амуры і інш.). У нафтавай прам-сці дзейнічае шэраг нафтавых кампаній, найб. з іх: «Лукойл» (53 млн. т, 18% агульнай здабычы Р., 1999), «Сургутнафтагаз» (37 млн. т, 12%), «ЮКОС» (34 млн. т, 11%), «Татнафта» (24 млн. т, 9%), «Сіданко» (20 млн. т, 7%) і інш. Здабыча прыроднага газу ў 1999 склала 591 млрд. м³ (1-е месца ў свеце). 90% прыроднага газу здабываюць у Зах. Сібіры. Найб. карпарацыя краіны — Рас. акц. т-ва «Газпрам». У Р. здабываюць 249 млн. т (5-е месца ў свеце, 1999) каменнага і бурага вугалю, пераважна ў Кузнецкім (27%), Канска-Ачынскім (15%), Пячорскім, Іркуцкім, Данецкім басейнах. Здабыча торфу ў Цэнтр., Волга-Вяцкім і Уральскім р-нах, сланцаў — у Ленінградскай вобл. Вытв-сць электраэнергіі 848 млрд. кВт∙гадз (4-е месца ў свеце, 1999). Пераважае цеплавая электраэнергетыка (69,6% агульнай магутнасці і 68% вытв-сці электраэнергіі), на долю гідраэнергетыкі прыпадае адпаведна 20,5% і 19%, атамнай энергетыкі — 9,9% і 13%. Гал. ЦЭС (млн. кВт): Рафцінская (3,8), Кастрамская (3,6), Канакоўская (3,6), Сургуцкая (3,1), Троіцкая (2,4); ГЭС: Саяна-Шушанская (6,4) і Краснаярская (6) на р. Енісей, Брацкая (4,5) і Усць-Ілімская (4,3) на р. Ангара, Волжская (2,5, г. Валгаград), Волжская (2,3, г. Самара); АЭС: Ленінградская (4), Курская (4), Балакоўская (3), Смаленская (3), Калінінская (2), Новаваронежская (1,8), Кольская (1,7). Вытв-сць, размеркаванне і экспарт. электраэнергіі ажыццяўляе Рас. акц. т-ва «Адзіная электраэнергет. сістэма Расіі». Чорная металургія (7,7%) поўнасцю забяспечана жал. рудой і коксам, марганец і хром завозяць з Украіны і Казахстана. Асаблівасць галіны — высокая канцэнтрацыя вытв-сці. У Р. сфарміраваліся 3 металургічныя базы: Уральская (46% вытв-сці металу), дзе працуюць буйныя металургічныя камбінаты поўнага цыкла ў Магнітагорску, Ніжнім Тагіле, Наватроіцку, Чэлябінску і пераробныя ў Іжэўску, Златаусце, Сярове і інш.; Цэнтральная з камбінатамі поўнага цыкла ў Ліпецку, Старым Асколе і пераробнымі з-дамі ў Маскве, Электрасталі, Арле і інш.; Сібірская з камбінатамі поўнага цыкла ў Новакузнецку і пераробнымі ў Новасібірску, Краснаярску, Пятроўск-Забайкальску і інш. Буйны камбінат поўнага цыкла ў Чарапаўцы, пераробныя з-ды ў Валгаградзе, Ніжнім Ноўгарадзе, Колпіне і інш. Вытв-сць (млн. т, 1999) чыгуну 40,1 (4-е месца ў свеце), сталі 51,5 (5-е месца), пракату 40,9 (6-е месца). Каляровая металургія (7,6%) працуе пераважна на ўласнай сыравіне, у ёй выплаўляецца больш за 70 відаў разнастайных металаў. Вытв-сць медзі сканцэнтравана ў асн. на Урале (Краснаўральск, Кіраўград, Раўда, Карабаш, Меднагорск), з-ды па рафінаванні медзі ў Маскве, С.-Пецярбургу, Кальчугіне. Свінец і цынк выплаўляюць у Чэлябінску, Уладзікаўказе, Бялове, Дальнягорску; нікель — у Нарыльску, Орску, Уфалеі, Манчагорску. Алюмініевая прам-сць прымеркавана да буйных ГЭС, якія вырабляюць танную электраэнергію, — у Краснаярску, Брацку, Саянску, Валгаградзе, Кандалакшы, Волхаве і інш. Здабыча алавянага канцэнтрату ў паўн.-усх. раёнах Сібіры, выплаўка волава ў Новасібірску і Падольску. На Долю Р. прыпадае каля 10% сусв. экспарту каляровых металаў. Машынабудаванне (18%) вызначаецца шматгаліновым характарам (цяжкае, агульнае, сярэдняе, вытв-сць прылад, станкоў і інш.) і паўсюдным пашырэннем па тэр. краіны. Сярод галін машынабудавання вылучаецца вытв-сць абсталявання для металургіі (Орск, Екацярынбург, Краснаярск, Іркуцк, Сызрань), горна-шахтавага (Кемерава, Краснаярск, Чарамхова, Капейск), для нафтавай і газавай прам-сці (Валгаград, Самара, Цюмень, Екацярынбург і інш.), энергет. (С.-Пецярбург, Новасібірск, Екацярынбург, Валгадонск, Барнаул і інш.), кавальска-прэсавага і цяжкіх станкоў (Колпіна, Іванава, Варонеж, Ульянаўск і інш.), ваеннай тэхнікі і боепрыпасаў (Масква, С.-Пецярбург, Екацярынбург, Тула, Іжэўск, Ніжні Ноўгарад і інш.). Вытв-сць лакаматываў у Мураме, Каломне, Бранску, Людзінаве; электравозаў у Новачаркаску, грузавых вагонаў у Ніжнім Тагіле, Абакане, Цверы, Алтайску, Калінінградзе; пасаж. вагонаў у С.-Пецярбургу, Цверы; вагонаў для метрапалітэна ў С.-Пецярбургу і Мыцішчах. Буйныя цэнтры марскога суднабудавання — С.-Пецярбург, Выбарг, Калінінград, Архангельск, Уладзівасток, Севераморск; рачнога — Ніжні Ноўгарад, Валгаград, Цюмень, Краснаярск і інш.; вытв-сці самалётаў — Смаленск, Варонеж, Саратаў, Іркуцк, Камсамольск-на-Амуры; верталётаў — Казань, Растоўна-Доне. Вытв-сць грузавых аўтамабіляў (175 тыс. шт., 1999) у Маскве, Ніжнім Ноўгарадзе, Набярэжных Чаўнах, Міясе; легкавых (954 тыс. шт.) у Маскве, Ніжнім Ноўгарадзе, Ульянаўску, Іжэўску, Елабузе, Серпухаве; аўтобусаў (50 тыс. шт.) у Лікіно-Дулёве, Паўлаве, збожжаўборачных камбайнаў (2 тыс. шт.) у Растове-на-Доне, Таганрогу, Краснаярску; ільноўборачных у Бежацку; бульбаўборачных у Туле, Разані; сіласаўборачных у Люберцах; трактароў (15,4 тыс. шт., 1999) у Валгаградзе, Чэлябінску, Уладзіміры, Чэбаксарах, С.-Пецярбургу і інш. Выпуск металарэзных станкоў (7,7 тыс. шт.) у Маскве, Іванаве, Саратаве, Самары, Екацярынбургу, С.-Пецярбургу і інш. Вытв-сць радыёпрыёмнікаў (332 тыс. шт.) і тэлевізараў (281 тыс. шт.), халадзільнікаў і маразільнікаў (1173 тыс. шт.), электрапыласосаў (745 тыс. шт.), пральных машын (999 тыс. шт.). Электронная прам-сць у Маскве, Арле, Самары, Пензе і інш. Хім. прам-сць (7,3%) поўнасцю забяспечана мясц. сыравінай і вызначаецца шырокім асартыментам прадукцыі. Развіта прам-сць мінер. угнаенняў (11,5 млн. т у пераліку на 100%-нае ўтрыманне дзейных рэчываў; 5-е месца ў свеце, 1999), хім. валокнаў (136 тыс. т), сінт. смол і пластмас (2,2 млн. т), шын (28 млн. шт.), сернай к-ты (7,1 млн. т), кальцыніраванай (1,9 млн. т) і каўстычнай (1 млн. т) соды. Вытв-сць угнаенняў: азотных у Новамаскоўску, Ніжнім Тагіле, Кемераве, Вял. Ноўгарадзе, Тальяці, Нявіннамыску і інш.; калійных у Беразніках, Салікамску; фосфарных у Васкрасенску, Бранску, Пермі, Краснаўральску і інш.; хім. валокнаў у Энгельсе, Балакове, Цверы, Кліне, Серпухаве, Разані і інш.; пластмас у Ніжнім Тагіле, Цюмені, Уфе, Казані, Мыцішчах; соды ў Беразніках, Салікамску, Стэрлітамаку, Каменск-Уральску і інш. Лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць (3,9%) мае трывалую сыравінную базу. Вытв-сць дзелавой драўніны (69,8 млн. м³, 4-е месца ў свеце), піламатэрыялаў (19,1 млн. м³, 6-е месца), паперы (3 млн. т), кардону (1,6 млн. т), фанеры (1,3 млн. м³) у Паўн.-Заходнім (Котлас, Сыктыўкар, Кондапага, Себеж), Уральскім (Краснакамск, Салікамск, Перм), Волга-Вяцкім (Балахна, Праўдзінск) і Зах.-Сібірскім раёнах. Развіта вытв-сць мэблі, драўнянавалакністых і драўнянастружкавых пліт. Вял. значэнне мае прам-сць буд. матэрыялаў, доля якой у структуры прам-сці, разам са шкляной, складае 4,2%. Ва ўсіх эканам. раёнах пашырана вытв-сць цэменту (28,5 млн. т), зборных жалезабетонных канструкцый і дэталей (14,2 млрд. м³), буд. цэглы (10,5 млрд. шт., 2-е месца ў свеце). З цэнтраў шкляной прам-сці вылучаецца г. Гусь-Хрустальны (каля 50% вытв-сці шкла Р.). Эканам. крызіс, які ахапіў усе галіны прам-сці, у найб. ступені адбіўся на лёгкай прам-сці, асабліва на тэкст. галіне, якая страціла сыравінную базу ў Сярэдняй Азіі. Вытв-сць тканін усіх відаў у 1999 склала 1657 млн. м² (5-е месца ў свеце па вытв-сці баваўняных і 14-е месца па вытв-сці шарсцяных тканін), абутку — 29,9 млн. пар, шкарпэтачных вырабаў — 251 млн. пар, трыкат. вырабаў — 79,2 мн. шт. Асн. раёнам вытв-сці тканін з’яўляецца Цэнтральны (70%) — Іванава, Масква, Уладзімір, Яраслаўль, Кінешма, Нара-Фамінск. У харч. прам-сці (13,7%) вядучыя галіны — малочная, мясная, цукровая, алейная, рыбная і рыбакансервавая, мукамольная, масларобная, спіртавая, піваварная і інш. Вытв-сць малака 5,5 млн. т, цукру 6,8 млн. т (2-е месца ў свеце), алею 845 тыс. т (1999). Мясная прам-сць развіта ў Цэнтр. і Паўн.-Каўказскім р-нах, цукр. і алейная ў Цэнтр.-Чарназёмным, Паўн.-Каўказскім і Паволжскім р-нах, рыбная і рыбакансервавая ў гарадах Мурманск, Архангельск, Калінінград, Астрахань, Уладзівасток і інш.

На долю сельскай гаспадаркі прыпадае 5,5% ВУП. У структуры валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі доля раслінаводства складае 51,8%, жывёлагадоўлі — 48,2% (1999). Вядучая роля ў вытв-сці збожжа, цукр. буракоў, сланечніку (адпаведна 92%, 93,8%, 86,1%) належыць с.-г. прадпрыемствам; бульбы, агародніны, мяса і малака (адпаведна 93%, 79,1%, 61,3%, 50,9%) фермерскім і асабістым гаспадаркам насельніцтва. Узровень развіцця сельскай гаспадаркі Р. не забяспечвае патрэбы насельніцтва ў асн. прадуктах харчавання. Р. імпартуе мяса і малочныя прадукты пераважна з краін Зах. Еўропы. Агульная пл. с.-г. угоддзяў 222 млн. га, у т. л. 132 млн. га займаюць ворныя землі, 90 млн. га сенажаці і паша. Вял. масівы меліяраваных зямель. Пл. пасяўных зямель у 1999 склала 88,3 млн. га, у т. л. пад збожжавымі культурамі 52,7%, тэхн. 8,5%, кармавымі 34%, бульбай і агароднінай 4,8%. Аснова сельскай гаспадаркі Р. — вытв-сць збожжа, гал. культура — пшаніца (​1/3 пл.). Яе вырошчваюць у Цэнтр.-Чарназёмным, Паўн.-Каўказскім, Паволжскім, Зах.-Сібірскім р-нах, жыта, ячмень, авёс, грэчку сеюць у лясной зоне, кукурузу, проса — у лесастэпавай і стэпавай, рыс — на Д. Усходзе і Паўн. Каўказе (нізоўі рэк Кубань і Церак), сою — на Д. Усходзе. Гал. тэхн. культуры — цукр. буракі, сланечнік — вырошчваюць пераважна ў Цэнтр.-Чарназёмным р-не, на Паўн.-Каўказе, у Паволжы, лён-даўгунец — у Цэнтр. і Паўн.-Заходнім р-нах, бульбу і агародніну — амаль усюды. Пладова-ягадныя і вінаградныя насаджэнні пераважна на Паўн. Каўказе. Збор (млн. т, 1999) збожжа 54,7 (ураджайнасць 11,7 ц/га), цукр. буракоў 15,2 (169 ц/га), сланечніку 4,1 (7,4 ц/га), лёну-даўгунцу 23,7 (2,3 ц/га), бульбы 31,3 (96 ц/га), агародніны 12,3 (142 ц/га). Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку Пагалоўе (млн. галоў, 2000) буйн. раг. жывёлы 27,5, у т. л. кароў 12,9, свіней 18,3, авечак і коз 14, птушак 350. Вял. пагалоўе буйн. раг. жывёлы ў Паволжы, Цэнтр. р-не, Зах. Сібіры, свіней у Цэнтр.-Чарназёмным р-не, Паволжы, на Паўн. Каўказе, авечак і коз у Паволжы, на Паўн. Каўказе, Усх. Сібіры. Аленегадоўля ў зоне тундры і лесатундры, пчалярства ў Татарстане, Башкортастане, на Алтаі, Д. Усходзе. Зверагадоўля і паляванне. Рыбалоўства ў навакольных морах, унутр. вадаёмах, сажалках. Улоў рыбы ў 2000 склаў 4,7 млн. т. Здабываюць таксама крэветак, крабаў, малюскаў, водарасці. Па эканам. і прыродных асаблівасцях у Р. вылучаецца 10 эканам. раёнаў: Паўн.-Заходні, Цэнтр., Волга-Вяцкі, Цэнтр.-Чарназёмны, Паволжскі, Паўн.-Каўказскі, Уральскі, Зах.-Сібірскі, Усх.-Сібірскі, Далёкаўсходні.

Транспарт. У Р. развіты ўсе віды транспарту. Доля яго ў ВУП складае 6,6% (1999). Асн. віды транспарту — чыгуначны, марскі, рачны, паветраны, трубаправодны — утвараюць адзіную трансп. сістэму, дзе кожны від мае сваю рацыянальную сферу выкарыстання. У грузаабароце краіны доля чыг. транспарту 36,3%, марскога 3,6%, рачнога 1,9%, аўтамаб. 0,7%, трубаправоднага 57,5%. У пасажыраабароце вядучае месца належыць аўтамаб. (36,5%), чыг. (30%) і паветранаму (і 1,3%) транспарту. Даўж. чыгунак 86,2 тыс. км (3-е месца ў свеце, пасля ЗША і Канады), у т. л. каля 30% электрыфікавана. Асн. чыг. магістралі маюць шыротны напрамак і лініі, што злучаюць Маскву з рэгіёнамі Расіі. Гал. пасажырапатокі на чыг. лініях паміж Масквой і С.-Пецярбургам, Масквой і курортнымі гарадамі Каўказа. Марскому транспарту належыць асн. роля ў знешніх эканам. сувязях. У Р. 695 суднаў, агульны танаж іх 3,9 млн. рэгістравых т (1999). 90% знешняга грузаабароту прыпадае на Балт. і Азова-Чарнаморскі марскія басейны. Гал. парты С.-Пецярбург, Выбарг, Калінінград, Новарасійск, Уладзівасток, Находка, Туапсэ і інш. Агульная даўж. рачных суднаходных шляхоў 89,1 тыс. км. Усе буйныя рэкі еўрап. ч. пры дапамозе каналаў утвараюць адзіную глыбакаводную сістэму. На долю р. Волга і яе прытокаў прыпадае больш за 60% грузаабароту рачнога транспарту. Вял. значэнне мае рачны транспарт для абслугоўвання паўн. раёнаў Сібіры. Даўж. аўтадарог 573,5 тыс. км, у т. л. 517,4 тыс. км з цвёрдым пакрыццём. Аўтамагістралі веерам разыходзяцца ад Масквы да буйных гарадоў і партоў. Паветраны транспарт выкарыстоўваецца пераважна для перавозкі пасажыраў, хуткапсавальных грузаў і для дастаўкі грузаў у аддаленыя раёны Поўначы. У Р. 845 аэрапортаў, з іх 66 федэральнага і 45 міжнар. значэння. Гал. аэрапорты ў Маскве, С.-Пецярбургу, Новасібірску, Екацярынбургу, Адлеры, Мінеральных Водах, Краснаярску, Растове-на-Доне. У Р. створана адзіная сетка нафта- і газаправодаў, якая злучае асн. раёны здабычы нафты і прыроднага газу з прамысл. цэнтрамі Р. і краінамі Зах. Еўропы. Даўж. трубаправодаў 213,8 тыс. км, у 1999 перамешчана 802 млн. т грузаў. Агульны аб’ём знешняга гандлю Р. ў 1999 склаў 123,6 млрд. дол., у т. л. экспарт 75,4 млрд. дол., імпарт 48,2 млрд. долараў. Сярод экспартуемых тавараў пераважаюць нафта і нафтапрадукты, прыродны газ, электраэнергія, чорныя і каляровыя металы, кашт. камяні, машыны і абсталяванне, узбраенне, хім. прадукцыя і інш. Сярод імпартуемых пераважаюць машыны і абсталяванне, харч. тавары і с.-г. прадукцыя, хім. прадукцыя, чорныя і каляровыя металы, кашт. камяні і вырабы з іх. Гал. гандл. партнёры: Германія (8,3% экспарту і 12,7% імпарту), Беларусь (6,4 і 10,4), Украіна (7,7 і 7,4), ЗША (7,4 і 9,5), Італія (4,5 і 4,2), Вялікабрытанія (4,1 і 2,8) і інш. Аб’ём знешняга гандлю Р. з Беларуссю ў 1999 склаў 7 млрд. дол., у т. л. экспарт 3,8 млрд. дол., імпарт 3,2 млрд. долараў. Р. экспартуе ў Беларусь нафту, прыродны газ, каменны вугаль, электраэнергію, цэлюлозу, паперу і кардон, чорныя металы, легкавыя і грузавыя аўтамабілі, станкі і інш.: імпартуе грузавыя аўтамабілі, трактары, тэлевізары, халадзільнікі і маразільнікі, радыёпрыёмнікі, пракат, тавары нар. спажывання і інш. Важнымі формамі эканам. супрацоўніцтва Р. з інш. краінамі з’яўляюцца сумесныя прадпрыемствы (больш за 25 тыс., 1999) і свабодныя эканам. зоны, якія створаны ў С.-Пецярбургу, Выбаргу, на Сахаліне, у Кузбасе, Калінінградскай вобл. і інш. У Р. дзейнічае каля 8 тыс. турыстычных фірм, 15,8 млн. турыстаў наведалі краіну ў 1998, прыбытак ад турызму склаў 7,1 млрд. долараў. Грашовая адзінка — рубель.

Узброеныя сілы. Падзяляюцца на віды: сухап. войскі, ВПС і ППА, ВМФ, а таксама роды войск, якія не ўваходзяць у віды ўзбр. сіл: ракетныя войскі стратэг. прызначэння, касмічныя войскі; у ваен.-адм. адносінах — на 6 ваен. акруг: Ленінградская (С.-Пецярбург), Маскоўская (Масква), Паўн.-Каўказская (Растоў-на-Доне), Прыволжска-Уральская (Екацярынбург), Сібірская (Чыта), Далёкаўсходняя (Хабараўск). Рэгулярныя ўзбр. сілы налічваюць 1 млн. 265 тыс. чал. (2001). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Кіраванне ўзбр. сіламі ажыццяўляюць міністр абароны цераз мін-ва абароны і Ген. штаб. Камплектаванне на аснове прызыву на ваен. службу — па экстэрытарыяльным прынцыпе, а таксама па кантракце. Тэрмін абавязковай службы 2 гады, для некат. катэгорый — 1 год. У сухап. войсках каля 370 тыс. чал., каля 7 тыс. танкаў, 7,2 тыс. баявых машын пяхоты, каля 2,5 тыс. бронетранспарцёраў, больш за 7 тыс. артыл. сістэм калібру 100 мм і больш (артыл. гарматы, мінамёты, рэактыўныя сістэмы залпавага агню), зенітныя ракетныя комплексы, армейская авіяцыя (каля 1 тыс. верталётаў розных класаў). У ВПС і ППА 161,3 тыс. чал., 5,5 тыс. самалётаў, у т. л. 3,6 тыс. баявых, зенітныя ракетныя комплексы С-300 і інш. У ВМФ 135,2 тыс. чал., 168 баявых надводных караблёў, 62 баявыя падводныя лодкі, 300 самалётаў, каля 43 верталётаў, а таксама танкі, баявыя машыны пяхоты, бронетранспарцёры і артылерыя. У паветр.-дэсантных войсках 30,3 тыс. чал., 1100 баявых машын пяхоты, больш за 500 бронетранспарцёраў, больш за 300 артыл. сістэм калібру 100 мм і больш, 23 верталёты. Кантынгенты войск Р. знаходзяцца і па-за яе межамі: на тэр. Закаўказзя, Украіны, Таджыкістана, Прыднястроўскага рэгіёна Рэспублікі Малдова, а таксама Югаславіі і інш. Ваен. дактрына Р. мае абарончы характар, але прадугледжвае выкарыстанне ядз. зброі ў адказ на ядз. нападзенне ці прымяненне інш. відаў зброі масавага знішчэння, буйнамаштабную агрэсію з выкарыстаннем звычайных узбраенняў. Паводле Дагавора аб калектыўнай бяспецы (1992) і інш. Р. праводзіць сумесную з Рэспублікай Беларусь абарончую палітыку.

Ахова здароўя. Існуе адзіная федэратыўная сістэма аховы здароўя. З агульных расходаў насельніцтва на мед. дапамогу 45% аплачваецца з бюджэту, 15% — за кошт абавязковага мед. страхавання (дзейнічае 90 тэр. фондаў), 7% — за кошт добраахвотнага мед. страхавання і платных паслуг; 33% складае аплата пацыентамі прыватных мед. паслуг. Асн. ўвага аддаецца развіццю першаснай медыка-сан. дапамогі на базе муніцыпальнай сістэмы аховы здароўя, ін-ту ўрачоў агульнай (сямейнай) практыкі, рэалізацыі мер па зніжэнні захворванняў на сацыяльна-значныя хваробы і інш.; спецыялізаванай службай распрацоўваюцца мерапрыемствы па рэабілітацыі дзяцей і інвалідаў. Першасную мед. дапамогу аказваюць 6250 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 1708 паліклінік, у т. л. 591 дзіцячая; дзейнічаюць 54 гаспадарча-разліковыя паліклінікі, 48 кансультацыйна-дыягнастычных цэнтраў, 3135 станцый хуткай мед. дапамогі, 9264 фельчарскіх пунктаў, 942 стаматалагічныя паліклінікі (1999). Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59 жанчын 71,8 года. Вял. праблема — высокі ўзровень смяротнасці працаздольнага насельніцтва. Смяротнасць у 2000 склала 13,8 на 1 тыс. чал. (у 1970-я — 8,7). Натуральны прырост адмоўны: -0,478%. У 1970-я нараджальнасць на 1 тыс. чал. склала 15,1 чал., у 2000—9 чал. Высокая ўдз. в. дзяцей у насельніцтва рэгіёнаў з традыц. пашыранай мнагадзетнасцю (Дагестан, Інгушэція, Калмыкія, Саха, Алтай). За апошнія 10 гадоў агульная колькасць бальнічных устаноў скарацілася на 14,5%. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 85 чал., урачамі — 1 на 215 чал. Дзіцячая смяротнасць у 2000—16,5 на 1 тыс. народжаных. У адпаведнасці з Канцэпцыяй (1997) прадугледжваюцца распрацоўка і рэалізацыя мер па зніжэнні захворванняў насельніцтва, гарантаваная мед. дапамога і інш.

Асвета і навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі Р. арганізавана як непарыўная паслядоўнасць узроўняў, або ступеняў, адукацыі. Яна ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школы, прафесійныя, сярэднія прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Дашкольная адукацыя неабавязковая, ахоплівае дзяцей 3—6(7)-гадовага ўзросту. Агульная сярэдняя ўключае базавую сярэднюю школу, якая дае пач. і базавую сярэднюю адукацыю, і поўную сярэднюю школу, якая дае пач., базавую і закончаную сярэднюю адукацыю. Пач. адукацыя (1-я ступень агульнай сярэдняй адукацыі) — 3—4 гады навучання. Большасць дзяцей паступае ў пач. школу з 7-гадовага ўзросту (каля 20% — з 6 гадоў, калі яны вучацца па 11-гадовай праграме сярэдняй школы). Базавая сярэдняя адукацыя (ніжэйшая сярэдняя; асн. школа) — абавязковая, тэрмін навучання 5 гадоў пасля пач. школы. Поўная сярэдняя — 2-гадовы курс пасля базавай адукацыі. Вышэйшую ступень сярэдняй адукацыі даюць гімназіі. Больш за 20 млн. школьнікаў Р. атрымліваюць адукацыю на рус. мове. Для больш чым 1,1 млн. вучняў выкладанне вядзецца на іх роднай мове. Пач. прафес. адукацыю можна набыць у школах прафес. адукацыі, у т. л. ліцэях на базе асн. школы без атрымання сярэдняй адукацыі (тэрмін навучання 1—2 гады), на базе асн. школы з атрыманнем сярэдняй адукацыі (3—4 гады навучання) і на базе сярэдняй школы (1—2 гады навучання). Сярэдняя прафес. адукацыя забяспечваецца праз сетку тэхн. прафесійных і сярэдніх спец. навуч. устаноў тэхн., гуманітарнага, мед., мастацкага і інш. профіляў (тэхнікумы, каледжы і інш. прафес. школы). Навучэнцы з базавай адукацыяй у сярэдніх прафес. установах адначасова атрымліваюць спец. і агульнаадук. падрыхтоўку. У сістэме вышэйшай адукацыі ун-ты, акадэміі, ін-ты. Акрамя дзярж. устаноў адкрываюцца і недзярж. (прыватныя, сацыяльныя, рэліг. канфесій). Вышэйшая адукацыя мае 3 узроўні: 1-ы — няпоўная вышэйшая прафес. адукацыя (2-гадовы курс навучання, пасля якога можна атрымаць дыплом аб няпоўнай вышэйшай адукацыі або прадоўжыць вучобу); 2-і ўзровень — вышэйшая прафес. адукацыя (4-гадовы курс навучання дае ступень бакалаўра або сертыфікат «спецыяліста»); 3-і — вышэйшы ўзровень прафес. падрыхтоўкі (6 гадоў навучання — ступень магістра, пасля 5 — спецыяліст шырокага профілю). У 1996/97 навуч. г. ў Р. 68,6 тыс. дашкольных устаноў (5,6 млн. дзяцей); больш за 70,2 тыс. дзярж. агульнаадук. школ (больш за 21 млн. вучняў), больш за 500 недзярж.; сярод дзённых школ пач. — 17,1 тыс., асн. — 13,7 тыс., поўных сярэдніх — 35,6 тыс. З агульнай колькасці вучняў у поўных сярэдніх школах вучылася больш за 19 млн.; адкрыты гімназіі (больш за 900, у іх 730 тыс. навучэнцаў), ліцэі (больш за 560 з 390 тыс. навучэнцаў). У сістэме прафес. адукацыі больш за 4,2 тыс. пач. і больш за 2,6 тыс. сярэдніх навуч. устаноў (у іх 3,7 млн. навучэнцаў). У больш як 560 дзярж. ВНУ, у т. л. 75 ун-таў (разам з прафіляванымі), больш за 2,6 млн. студэнтаў, у 200 недзярж. — 25 тыс. студэнтаў. Найбуйнейшыя ВНУ: Маскоўскі універсітэт, Маскоўская дзяржаўная кансерваторыя, Маскоўская дзяржаўная акадэмія харэаграфіі, Расійская акадэмія тэатральнага мастацтва — усе ў Маскве; Растоўскі дзяржаўны універсітэт, Санкт-Пецярбургскі універсітэт, Санкт-Пецярбургская кансерваторыя, Санкт-Пецярбургскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры, тэхн., шляхоў зносін (з 1809), аграрны, Горны, электратэхн., эканомікі і фінансаў, архітэктурна-буд., тэхнал., марскі, Рас. пед. ун-т і інш. ун-ты ў С.-Пецярбургу; Казанскі (з 1804), Томскі (з 1888), Саратаўскі (з 1904), Пермскі (з 1916), Іркуцкі (з 1918), Уральскі (з 1920; у Екацярынбургу), Новасібірскі (з 1959) ун-ты. У Маскве: Рас. ун-т дружбы народаў, ун-т міжнар. адносін, тэхн. ун-т імя Баўмана; радыётэхнікі, электронікі і аўтаматыкі, авіяцыйны, энергетычны, аўтадарожны, інжынерна-фізічны, электронікі і матэматыкі і інш. — ін-ты са статусам тэхн. ун-та; тэхн. ун-т грамадзянскай авіяцыі, Рас. хіміка-тэхнал. ун-т, ін-т сталі і сплаваў (тэхнал. ун-т), тэхнал. ун-т «СТАНКІН», буд., пед., лінгвістычны, Горны, Рас. мед. ун-т, нафты і газу і інш. ун-ты; ін-ты: мед. стаматалагічны, эканоміка-фін., літ. імя М.​Горкага і інш.; акадэміі: Маскоўская духоўная (г. Сергіеў Пасад), Санкт-Пецярбургская духоўная, тэатр. мастацтва, лесатэхн. і інш. ў С.-Пецярбургу, Рас. музыкі, Рас. мед., с.-г. імя Ціміразева, Рас. эканам., Рас. фіз. культуры, тонкай хім. тэхналогіі, вет. медыцыны і біятэхналогіі, фінансава-юрыд., лёгкай прам-сці, прыборабудавання і інфарматыкі (усе ў Маскве) і інш. Найбуйнейшыя б-кі: Расійская дзяржаўная бібліятэка ў Маскве, Расійская нацыянальная бібліятэка, Расійскай Акадэміі навук бібліятэка ў С.-Пецярбургу; Усерас. замежнай л-ры, Маскоўскага ун-та, гіст., Рас. дзіцячая, Рас. па мастацтве, навукова-тэхн., навукова-мед., грамадска-паліт., с.-г., Рас. для сляпых, Рас. юнацкая (усе ў Маскве) і інш. Найбуйнейшыя музеі: музейнае аб’яднанне «Траццякоўская галерэя», Музей выяўленчых мастацтваў імя Пушкіна, музеі Маскоўскага Крамля (у т. л. Аружэйная палата), Музей Усходу, Гістарычны музей, Музей народнага мастацтва, Політэхнічны, Дарвінаўскі, Палеанталагічны, сучаснай гісторыі Расіі, Музей архітэктуры імя А.​Шчусева і інш. ў Маскве; Эрмітаж, Рускі музей, Расійскі этнаграфічны музей, Аляксандра-Неўская лаўра, комплекс Петрапаўлаўскай крэпасці, н.-д. музей Рас. акадэміі мастацтваў (С.-Пецярбургскага ін-та жывапісу, скульптуры і архітэктуры), ваенна-марскі і інш. ў С.-Пецярбургу; палацы-музеі 18—19 ст. з паркавымі ансамблямі Гатчына, Паўлаўск, Петрадварэц, у г. Пушкін і інш. прыгарадах С.-Пецярбурга; гіст.-архітэктурны музей-запаведнік Каломенскае, музеі-сядзібы Астанкіна, Кускова ў Маскве, Абрамцава (каля г. Сергіеў Пасад), Л.​М.​Талстога ў Яснай Паляне (Тульская вобл.); музей-запаведнік А.​С.​Пушкіна (Пушкінскія Горы, Пскоўская вобл.), нар. драўлянага дойлідства і этнаграфіі Карэліі на в-ве Кіжы; музейнае аб’яднанне «Мастацкая культура» рускай Поўначы (г. Архангельск); гіст.-архітэктурныя і мастацкія, выяўл. мастацтваў, драўлянага дойлідства, музеі-запаведнікі і інш. «Залатога кальца Расіі» ў гарадах Сергіеў Пасад, Пераслаўль-Залескі, Растоў, Яраслаўль, Кастрама, Суздаль, Уладзімір; музей зброі ў г. Тула і інш. Навук. даследаванні праводзяцца ў Рас. АН (з 1724) і яе аддзяленнях: Далёкаўсходнім з навук. цэнтрамі (Прыморскі, Амурскі, Камчацкі, Сахалінскі, Паўночна-Усходні, Хабараўскі); Сібірскім з навук. цэнтрамі (Новасібірскі, Бурацкі, Іркуцкі, Кемераўскі, Краснаярскі, Омскі, Томскі, Цюменскі, Якуцкі); Уральскім з навук. цэнтрамі (Пермскі, Комі, Удмурцкі, Чэлябінскі), а таксама ў інш. навук. цэнтрах Рас. АН, у т. л. С.-Пецярбургскім, Дагестанскім, Кабардзіна-Балкарскім, Казанскім, Карэльскім, Кольскім, Самарскім, Саратаўскім, Уфімскім і інш. Навук. даследаванні праводзяць ун-ты, Рас. акадэмія с.-г. навук, Рас. акадэмія адукацыі, Рас. акадэмія мед. навук, Рас. навук. цэнтр «Курчатаўскі ін-т» і інш. Рас. вучоныя эфектыўна выкарыстоўваюць навук.-тэхн. патэнцыял, створаны за гады сав. улады ў СССР. Сусв. ўзроўню дасягнулі іх даследаванні ў галіне прыродазнаўчых (матэматыка, фізіка, у т. л. ядзерная, хімія, геалогія і акіяналогія, біялогія, медыцына), тэхнічных (авіяцыя, ракетабудаванне і касманаўтыка, электратэхніка і электроніка, кібернетыка і выліч. тэхніка), грамадскіх (гісторыя, археалогія, педагогіка, мастацтва- і літаратуразнаўства) і інш. навук. Асн. з гэтых напрамкаў працягваюць паспяхова развівацца. За адкрыцці ў галіне квантавай фізікі паўправаднікоў рас. вучонаму бел. паходжання Ж.​Алфёраву ў 2000 прысуджана Нобелеўская прэмія.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 2000 у Р. каля 10 тыс. перыяд. выданняў, у т. л. каля 5 тыс. газет. Буйнейшыя агульнарас. газеты: «Российская газета» (з 1990), «Комсомольская правда», «Труд», «Известия», «Красная звезда» (з 1924), «Независимая газета» (з 1990), «Российские вести» (з 1992), «Правда», «Общая газета» (з 1991), «Сегодня» (з 1993), «Рабочая трибуна» (з 1990), «Коммерсант-daily» (з 1992), «Советский спорт» (з 1924), «Советская Россия» (з 1956); штотыднёвікі — «Аргументы и факты», «Московские новости» (з 1930 для замежных чытачоў, з 1980 на рус. мове), «Литературная газета», «Литературная Россия» (з 1958, да 1963 «Литература и жизнь»), «Экономика и жизнь» (з 1918, назва мянялася, сучасная з 1990), «Культура» (з 1929, да 1991 «Советская культура»). Выдаюцца таксама газеты рэсп., краявыя, абл. і інш. на рус. і нац. мовах. Інфарм. агенцтвы: ІТАР—ТАСС, Расійскае інфармацыйнае агенцтва «Навіны», Інтэрфакс, Пастфактум (з 1989).

Радыёвяшчанне з 1919 (рэгулярнае з 1924). Дзейнасць радыё каардынуе Рас. дзярж. радыёвяшчальная карпарацыя (створана ў 1995 на базе Рас. дзярж. тэлерадыёкампаніі «Астанкіна», з 1991), у складзе якой федэральныя станцыі «Радыё Расіі», «Маяк», «Радыё-1», «Юнацтва», «Арфей», «Голас Расіі» (вядзе перадачы на рус. і 32 замежных мовах на ўсе рэгіёны свету), «Славянка», рэгіянальныя кампаніі «Масква» і «Масковія» (для Маскоўскай вобл.). Працуе Агульнарас. дзярж. радыёвяшчальная кампанія «Маяк» (створана ў 1997 на базе станцый «Маяк» і «Юнацтва—Маладзёжны канал»). Дзейнічаюць камерцыйныя і прыватныя («Еўропа плюс», «Рускае радыё», Радыё Расіі «Настальжы», «Рэха Масквы», «Наша радыё» і інш.), грамадскія («Радыё АРТ», «Радыё РОКС», «Аўтарадыё») і інш. станцыі.

Тэлебачанне з 1932 (рэгулярнае з 1939, каляровае з 1967). Найбуйнейшыя тэлекампаніі Р. — Адкрытае акц. т-ва «Грамадскае расійскае тэлебачанне» (ААТ «ГРТ», з 1994), Усерас. дзярж. тэлевізійная і радыёвяшчальная кампанія (РТР, з 1990), Агульнарас. дзярж. тэлевізійны канал «Культура» (з 1997), Незалежная тэлевізійная кампанія (НТВ, з 1993), Маскоўская незалежная вяшчальная карпарацыя «ТВ-6. Масква» (з 1993), тэлевізійная кампанія «ТВ-Цэнтр» (з 1997). Працуюць 90 рэгіянальных, больш за 600 камерцыйных і прыватных кампаній і мясцовыя (муніцыпальныя) у гарадах і раённых цэнтрах. Дзейнічаюць 75 тэлецэнтраў, развіваюцца кабельнае вяшчанне, тэлерадыёвяшчанне ў камп’ютэрнай сетцы Інтэрнет, тэлевізійныя сеткі, якія спалучаюць спадарожнікавае тэлебачанне і розныя інш. формы, зарыентаваныя пераважна на краіны далёкага замежжа («РТР-тэлесетка», «НТВ плюс», «Сусветнае рускае ТВ»). У 1995 створана Нац. асацыяцыя тэлевяшчальнікаў.

Літаратура. Рус. л-ра — адна з найважнейшых галін духоўнай культуры рус. народа. Глебай для яе развіцця паслужыў фальклор, які бытаваў у розных жанравых формах (казкі, быліны, гераічныя песні, абрадавая паэзія), жывіў пісьмовую л-ру ідэямі, вобразамі і прыёмамі маст. творчасці. Пад яго ўздзеяннем складваліся найважнейшыя асаблівасці рус. л-ры, што ў далейшым сталі яе традыцыямі, — сувязь з жыццём, уменне ацэньваць падзеі з пункту гледжання народа, гарманічнае адзінства зместу і формы. Рус. л-ра спрыяла станаўленню і развіццю інш. нац. л-р, у т. л. суседніх — бел. і ўкр., адначасова ўзбагачаючыся і за іх кошт.

Вытокі рус. л-ры, як і бел., і ўкр., у л-ры Кіеўскай Русі — агульнай спадчыне ўсх.-слав. народаў. Помнікі л-ры 11—12 ст. неслі на сабе адбітак царкоўнасці, кніжнасці, былі вытрыманыя ў традыцыях хрысціянскай культуры (Астрамірава евангелле), але часам выходзілі за межы рэлігійнасці і адлюстроўвалі грамадскія інтарэсы (Павучанне Уладзіміра Манамаха, «Аповесць мінулых часоў», «словы» Кірылы Тураўскага, «Слова пра закон і дар божы» Іларыёна). У гэтых і інш. творах, асабліва ў «Слове аб палку Ігаравым», выдатным помніку ўсх.-слав. л-ры, і сёння гучаць усхваляваныя галасы людзей, занепакоеных лёсам роднага краю, змагароў за захаванне высокіх маральных законаў грамадскага жыцця, лепшых традыцый чалавечых паводзін і духоўных каштоўнасцей. Л-ра 13—14 ст. натхнялася ідэямі патрыятызму («Жыціе Аляксандра Неўскага», «Задоншчына» і інш.). Гэтыя творы пакінулі прыкметны след у літ. працэсе, паўплывалі на далейшы лёс л-ры. У перыяд утварэння рус. народнасці, складвання і ўмацавання Рус. дзяржавы (14—16 ст.) развіваліся жанры легендарна-гіст. аповесці, дасягнула росквіту рус. летапісанне. Пачалося кнігадрукаванне. Першая дакладна датаваная рус. друкаваная кніга «Апостал» надрукавана ў 1564 у Маскве І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам. Вядомыя жанры (хаджэнні, словы, падарожжы, летапісы, прытчы) папоўніліся творамі грамадз. характару: «Дамастрой», «Ступенная кніга». З’явілася свецкая публіцыстыка (М.​Грэк, І.Перасветаў). У 17 ст. пашырыліся сатыр. і бытавая аповесць («Пра Шамякаў суд»), паэзія і драматургія, узнік жанр аўтабіяграфіі («Жыціе пратапопа Авакума»). У гэты час л-ра імкнулася перагледзець ранейшыя пастулаты, актыўна засвойвала традыцыі фальклору, выкарыстоўвала магчымасці перакладу на рус. мову твораў зах.-еўрап. л-р. Уклад у станаўленне рус. л-ры гэтага перыяду зрабілі пісьменнікі — выхадцы з Беларусі (Сімяон Полацкі) Паглыбіліся сувязі л-ры з рэчаіснасцю, з бытавой сферай жыцця чалавека, сюжэты некат. твораў наблізіліся да рэальнасці; на жывую размоўную стыхію пачала арыентавацца мова. Л-ра 18 ст. развівалася пад уплывам канонаў класіцызму, іх паступовага пераадолення, з’яўлення высокапатрыят. прафес. пісьменніцкай дзейнасці. Рус. л-ра адчула на сабе ўплыў замежнага мастацтва, далучылася да выяўленых у ім новых тэндэнцый. Пашыралася яе тэматыка, з’явіліся новыя жанры (ода, балада, трагедыя, сатыра), мастацтва слова ўсё больш індывідуалізавалася, узніклі розныя літ. кірункі і школы. У 1730—70-я г. дасягнуў росквіту класіцызм (В.Традзьякоўскі, М.Ламаносаў, А.Сумарокаў). Ён спрыяў развіццю патрыят. тэматыкі, выхаванню грамадз. сумлення, ухваленню подзвігаў у імя Радзімы. Пісьменнікі спрабавалі тыпізаваць пэўныя з’явы, выкрывалі адмоўнае ў жыцці. Дысцыплінаваўся працэс творчасці, культывавалася ўзбагачэнне нац. л-ры здабыткамі інш. л-р, найперш антычнай як узору сапраўднага мастацтва. У 1780-я г. выявіўся крызіс класіцызму («мяшанне» стыляў і жанраў у паэзіі Г.Дзяржавіна, пераадоленне статычнасці вобразаў, тэм, канфліктаў у камедыях Дз.Фанвізіна, публіцыстыцы М.Навікова, сатыр. творах і артыкулах І.Крылова). Дзяржавін стаў выразнікам суб’ектыўнага пачатку ў новай рус. паэзіі, надаў ёй яскравы нац. характар. Камедыяй «Недаростак» Фанвізін даў плённы кірунак далейшаму літ. працэсу, даказаў, што ўсё звязанае з жыццём чалавека можа быць крыніцай прыгожага, пашырыў магчымасці сатыры. Паступова нараджаўся рус. сентыменталізм («Бедная Ліза» М.Карамзіна, жанры падарожжа, элегіі і інш.). «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Радзішчава — яркі ўзор патрыят., антыпрыгоннага твора, сведчанне пераадолення тэматычнай і жанравай «вузкасці» новага літ. кірунку. У 19 ст. рус. л-ра пераадольвала абстрактнасць і кананічнасць, высокую пафаснасць класіцызму, ідэйна-вобразную «камернасць» сентыменталізму і лёгкай паэзіі, павучальнасць Асветніцтва. Яна развівалася ў рэчышчы сінтэзу «высокасці» і «бунтоўнасці» рамантызму (В.Жукоўскі, К.Бацюшкаў, Я.Баратынскі, А.Адоеўскі і У.Адоеўскі, ранні А.Пушкін, М.Лермантаў) і праўдападобнасці і гіст. канкрэтнасці рэалізму. Рус. рамантызм даў сапраўдныя ўрокі грамадзянскасці і вальналюбства, суб’ектывізаваў і індывідуалізаваў мастацтва слова, паглыбіў яго спавядальны, маналагічны характар. Ён адкрыў новага героя — змагара за свабоду, вызваліў л-ру ад класіцысцкай нарматыўнасці. Пісьменнікі-рамантыкі ўважліва ставіліся да выкарыстання фальклору, да стварэння ў л-ры нац. каларыту, аднаўлення гераічных старонак нар. гісторыі. У іх творах выразна акрэслівалася асоба мастака як творчай індывідуальнасці, самаахвярнага змагара за ідэалы свабоды і братэрства.

Творчасць Крылова і А.Грыбаедава спрыяла развіццю выпрацаваных раней рэаліст. тэндэнцый, складванню іх у сістэму ідэйна-эстэт. асваення рэчаіснасці, якая і прадвызначыла рэалізм як маст. кірунак. Байкі Крылова — узор беражлівых адносін да нар. поглядаў, маралі, этыкі. У іх — непаўторнасць характару народа, яго мудрасць і годнасць. Камедыя Грыбаедава «Гора ад розуму» — адзін з самых надзённых і вольналюбівых твораў драматургіі 19 ст. Пачынальнік новай рус. л-ры Пушкін упершыню паставіў многія вядучыя праблемы рус. л-ры: народ як гіст. сіла і маральны крытэрый («Барыс Гадуноў»); асоба ў яе ўзаемаадносінах з асяроддзем і абставінамі («Яўген Анегін», «Медны коннік»), лёс «маленькага чалавека» (цыкл «Аповесці Белкіна»); улада грошай над чалавечымі душамі («Пікавая дама») і інш. Лермантаў сінтэзаваў прынцыпы рамант. і рэаліст. мастацтва ў паэмах «Мцыры» і «Дэман», стварыў першы ў рус. л-ры псіхал. раман «Герой нашага часу». М.​Гогаль замацаваў традыцыі рэаліст. метаду, яго новай мадыфікацыі — крытычнага рэалізму, стаў прадвеснікам мадэрнісцкіх пошукаў у слоўнай творчасці. Крытык В.Бялінскі падтрымаў і тэарэтычна абгрунтаваў наяўнасць у тагачасным мастацтве рэв.-грамадзянскага і маральна-пошукавага кірункаў. Першы кірунак быў прадстаўлены рэв. дэмакратамі М.Чарнышэўскім (раман «Што рабіць?»), М.Дабралюбавым (крытыка), творамі М.Някрасава (грамадз. лірыка, паэмы «Чыгунка», «Каму на Русі жыць добра»), М.Салтыкова-Шчадрына (нарысы, казкі, раманы «Гісторыя аднаго горада», «Паны Галаўлёвы»), часткова У.Гаршына, М.Ляскова, Дз.Маміна-Сібірака, М.Памялоўскага, Ф.Рашэтнікава, В.Сляпцова, а ў канцы 19 ст. — пралетарскімі пісьменнікамі, у першую чаргу М.Горкім. Другі кірунак прадстаўлялі сваімі раманамі І.Ганчароў, І.Тургенеў, Ф.Дастаеўскі, Л.Талстой, апавяданнямі і п’есамі А.Чэхаў, п’есамі А.Астроўскі. Тургенеў, Ганчароў, Дастаеўскі змагаліся супраць зла, сцвярджалі ідэі дабра і справядлівасці, даследавалі складаны духоўны свет чалавека. Дзякуючы ім на перадавыя пазіцыі ў літ. працэсе выйшаў раман, неад’емнай рысай мастацтва стаў глыбокі псіхалагізм. Рэв. ідэям Талстой проціпаставіў ідэю маральнага ўдасканалення чалавека і чалавецтва ў цэлым, устаноўку на пошук гармоніі нерэв. шляхам (раманы «Вайна і мір», «Ганна Карэніна», «Уваскрэсенне», аповесць «Хаджы-Мурат» і інш.). Блізкім да яго быў шлях у л-ры Чэхава, які маральнае зло ставіў вышэй за сацыяльнае і выводзіў адно з аднаго. У п’есах Астроўскага выкрывалася змрочнае царства цемры. Ф.Цютчаў замацаваў і развіў традыцыі філас. лірыкі Яскравую старонку рус. л-ры склала творчасць А.Фета, Г.Успенскага, У.Караленкі, І.Аксакава, С.Аксакава, К.​Лявонцьева. У канцы 19 ст. ў л-ру прыйшлі «малодшыя рэалісты» І.Бунін, А.Купрын, В.Верасаеў, Л.Андрэеў, І.Шмялёў, Б.Зайцаў і інш.; пісьменнікі сацыяліст. арыентацыі М.​Горкі, А.Серафімовіч, пралетарскія паэты, а таксама дэкадэнты (раннія сімвалісты). У 1910-я г. пачалася творчасць «неарэалістаў» А.М.Талстога, М.Прышвіна, К.Транёва, В.Шышкова, «новасялянскіх» паэтаў М.Клюева, С.Ясеніна і інш. На аснове рэаліст. традыцыі развівалася сатыра (А.Аверчанка, Н.Тэфі, С.Чорны). Зарадзіўся футурызм. Рэакцыяй на пазітывізм і эмпірызм стаў сімвалізм, які грунтаваўся на метафіз., інтуітыўным спасціжэнні тайнаў светабудовы праз суб’ектыўнае ўспрыманне творцы. Старэйшыя сімвалісты (Дз.Меражкоўскі, З.Гіпіус, В.Брусаў, К.Бальмонт, У.Салаўёў) спадзяваліся на рэліг. ператварэнне свету, «младасімвалісты» (А.Блок, А.Белы, В.Іванаў і інш.) — на яго эстэт. пераўтварэнне па законах прыгажосці На змену сімвалізму прыйшоў акмеізм (М.Гумілёў, Г.Ахматава, В.Мандэльштам, С.Гарадзецкі), які вярнуў паэзію ад абагульненай сімволікі да прадметна-канкрэтнай вобразнасці. Сімвалізм і акмеізм узбагацілі л-ру эстэт. адкрыццямі, паэт. культурай, засвоенай спадчынай айч. і сусв. л-ры. Футурызм вылучаўся агрэсіўна-прагматычным характарам, гуманіст. пафасам і антыбурж. скіраванасцю, разрывам з класічнай традыцыяй, «разбурэннем эстэтыкі», але футурысты (асабліва В.Хлебнікаў і У.Маякоўскі) адкрылі нявыкарыстаныя рэсурсы паэт. мовы, рэфармавалі вершаваную сістэму. Для л-ры да 1917 характэрны барацьба і ўзаемадзеянне рэаліст. і нерэаліст. тэндэнцый, узнікненне прамежкавых маст. з’яў: сінтэз рэалізму і рамантызму ў ранніх творах М.​Горкага, рэалізму і экспрэсіянізму ў творчасці Андрэева, рэалізму і імпрэсіянізму ў ранніх Буніна і Зайцава, неакласічныя тэндэнцыі ў творчасці М.Валошына, У.Хадасевіча. Гэта сведчанне разнастайнасці і унікальнасці рус. л-ры таго перыяду.

Пасля 1917 у Расіі пачаўся працэс фарміравання новай л-ры. У перыяд грамадз. вайны л-ра выконвала пераважна агітацыйна-прапагандысцкую функцыю, але яе змест не абмяжоўваўся рэв. тэматыкай. Рэвалюцыя і грамадз. вайна паказваліся ў гіпербалічных, алегарычных, сімвалічных вобразах («Дванаццаць» Блока, рэв. паэмы Ясеніна, «150 000 000» і «Містэрыя-буф» Маякоўскага), у масавых тэатр. «дзействах», у абстрактных вобразах паэзіі Пралеткульта. У 1-й пал. 1920-х г. рус. л-ра развівалася ва ўмовах адноснай свабоды творчасці, суіснавання літ. груп («Серапіёнавы браты», «ЛЕФ», «Перавал», Расійская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў, канструктывісты), розных кірункаў (рэалізм, рамантызм, сімвалізм), эксперыментавання ў галіне мовы. Неадназначна вырашаліся асн. праблемы часу: рэвалюцыя і гуманізм, стыхійнасць і свядомасць, герой і народ, асоба і грамадства. Грамадз. вайна паказвалася з класавых пазіцый («Жалезны паток» Серафімовіча, «Разгром» А.Фадзеева, «Чапаеў» Дз.Фурманава, «Данскія апавяданні» М.Шолахава) і з пазіцый надкласавых, агульначалавечых («Белая гвардыя» М.Булгакава, «Лебядзіны стан» М.Цвятаевай, вершы пра грамадз. вайну Валошына). З творчымі пошукамі звязаны тэмы рэвалюцыі і інтэлігенцыі («Гарады і гады» К.Федзіна, «Зайздрасць» Ю.Алешы, «Вар’яцкі карабель» В.Форш, «Севастопаль» А.Малышкіна і інш.), рэвалюцыі ў вёсцы (Л.Лявонаў, У.Іванаў, А.Нявераў, Л.Сейфуліна і інш.). У гады нэпа ў вострай палеміцы вырашаліся праблемы маралі, кахання, сям’і. У пэўных межах дапускалася сатыра на бюракратызм і мяшчанства (Булгакаў, М.Зошчанка, Ільф і Пятроў, Маякоўскі). Але з сярэдзіны 1920-х г. узмацніўся класавы падыход да рэчаіснасці, сцвярджалася перамога рэв. абавязку над пачуццём («Любоў Яравая» Транёва, «Сорак першы» Б.Лаўранёва). Гіст. мінулае ацэньвалася з пункту гледжання класавай барацьбы, гіст. проза 1920-х г. грунтавалася на антыцарскай канцэпцыі («Апрануты каменем» Форш, «Кюхля» Ю.​Тынянава, «Разін Сцяпан» А.Чапыгіна). Раманам «Цэмент» Ф.Гладкова пачалася распрацоўка наватарскай тэмы працы. Дасягненне прозы 1920-х г. — зараджэнне жанру рамана-эпапеі («Жыццё Кліма Самгіна» М.​Горкага, 2 кнігі трылогіі «Блуканне па пакутах» А.​М.​Талстога, 2 кнігі «Ціхага Дона» Шолахава). Рамантычна-абагульнены стыль прозы першых паслярэв. гадоў змяніўся рэаліст. паказам характараў і падзей. Адкрыццём у паэзіі з’явіліся наватарскія лірыка і «лірычны эпас» Маякоўскага. Значны ўклад у паэзію Ясеніна, М.Асеева, Э.Багрыцкага, М.Забалоцкага, У.Лугаўскога; Б.Пастарнака, І.Сяльвінскага, М.Ціханава і інш. Ранняя сав. драматургія, пераадолеўшы абстрактнасць і побытавасць, раскрывала гіст. падзеі праз лёс асобы і ўзаемадзеянне характараў («Браняпоезд 14—69» У.​Іванава, «Разлом» Лаўранёва і інш.). 1930-я г. — перыяд складанага і супярэчлівага развіцця рус. л-ры. Негатыўны ўплыў зрабіў нарматыўны метад сацыялістычнага рэалізму. Аднак насуперак яго канонам былі створаны значныя творы, лепшыя з якіх адлюстравалі самаадданую працу, масавы энтузіязм народа, раскрылі філас., маральную і эстэт. значнасць працы («Соць» Лявонава, «Людзі з глухамані» А.​Малышкіна, апавяданні А.Платонава, «Узнятая цаліна» Шолахава, творы пра гармонію чалавека з прыродай Прышвіна, К.Паустоўскага) і інш. У л-ры сцвердзілася канцэпцыя гераічнай асобы, якая фактычна ігнаравала яе самакаштоўнасць. Небяспеку стандартызацыі чалавека ў таталітарнай дзяржаве прадказваў Я.Замяцін у антыутопіі «Мы». Супраць міфа пра сацыяліст. рай, супраць пабудовы сацыялізму любой цаной скіраваны антыутопіі «Катлаван», «Чавянгур», «Ювенільнае мора» Платонава. На агульным фоне шматлікіх твораў пра грамадз. вайну, пра правадыроў і герояў асабліва вылучыўся «Ціхі Дон», у якім Шолахаў паказаў, што жыццё больш універсальнае і багатае, чым ідэі класавай барацьбы, што вольналюбівы чалавек здольны супраціўляцца гвалту над сабой. А.​М.​Талстой у эпапеі «Блуканне па пакутах» пайшоў на кампраміс з уладай і сфальсіфікаваў некат. моманты грамадз. вайны; у рамане «Пётр Першы» ён пераадолеў антыцарскую канцэпцыю, паказаў і адмоўны, і прагрэсіўны бакі рас. дзяржаўнасці. Шырокім ахопам падзей вылучаліся рэв.-гіст. і ваен.-гіст. раманы «Угрум-рака» Шышкова, «Емяльян Пугачоў» і «Цусіма» А.Новікава-Прыбоя, «Гарачая пара ў Севастопалі» С.Сяргеева-Цэнскага. У паэзіі ўзмацніліся рысы эпічнасці (паэмы А.Твардоўскага, П.Васільева, Л.Мартынава). У драматургіі распрацоўвалася героіка-рэв. тэматыка («Першая Конная» і «Аптымістычная трагедыя У.Вішнеўскага, «Чалавек з ружжом» і «Крамлёўскія куранты» М.Пагодзіна), псіхал. драма («Таня» А.Арбузава, «Машачка» А.Афінагенава). Развівалася дзіцячая л-ра (К.Чукоўскі, С.Маршак, А.Гайдар і інш.). Л-ра канца 1930-х г. усё глыбей напаўнялася антываен. і антыфаш. пафасам (творы Афінагенава, Ціханава, І.Эрэнбурга). Яна паказвала трыумф, але прыхоўвала трагедыю часу — масавыя рэпрэсіі. У гэтыя гады цяжка складваўся лёс многіх таленавітых пісьменнікаў.

Вызначальная рыса рус. л-ры часоў Вял. Айч. вайны — аптымізм, вера ў перамогу над ворагам, гуманізм. Масаваму гераізму народа, подзвігам воінаў і партызан прысвечаны публіцыст. артыкулы і нарысы А.​М.​Талстога, Шолахава, Лявонава, Эрэнбурга, Фадзеева, К.Сіманава і інш., аповесці «Няскораныя» Б.​Гарбатава, «Дні і ночы» Сіманава, «Валакаламская шаша» А.Бека, раман «Маладая гвардыя» Фадзеева, паэмы «Пулкаўскі мерыдыян» В.Інбер, «Сын» П.Антакольскага, «Зоя» М.Алігер, вершы Дз.Беднага, В.Лебедзева-Кумача, М.Ісакоўскага, С.Шчыпачова, А.Суркова, Сяльвінскага і інш. Л-ра ваен. гадоў прадаўжала гераічныя традыцыі рус. класічнай л-ры і фальклору («Рускі характар» А.​М.​Талстога, «Навука нянавісці», «Яны змагаліся за Радзіму» Шолахава). Вышэйшым увасабленнем самасвядомасці народа з’явіліся паэма-эпапея «Васіль Цёркін» Твардоўскага. Традыцыям рус. воінскай славы прысвечаны «Порт-Артур» А.​Сцяпанава, часткі «Брусілаўскі прарыў» і «Пушкі выстаўляюць» эпапеі «Ператварэнне Расіі» Сяргеева-Цэнскага.

Л-ра пасляваен. 10-годдзя прадаўжала маст. асэнсаванне подзвігу народа ў Вял. Айч. вайну: «Аповесць пра сапраўднага чалавека» Б.​Палявога, «Зорка» Э.​Казакевіча, «У акопах Сталінграда» В.​Някрасава, «Бура» Эрэнбурга, паэзія К.​Ваншэнкіна, Ю.​Друнінай, М.​Луконіна, С.​Нараўчатава, Р.​Пажаняна, М.​Старшынава і інш. Аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, працоўныя будні горада і вёскі паказаны ў раманах «Далёка ад Масквы» В.​Ажаева, «Кружыліха» В.​Пановай, «Вадзіцелі» А.​Рыбакова, «Вышыня» Я.​Вараб’ёва, «Журбіны» У.​Кочатава, «Жніво» Г.​Нікалаевай і інш., у нарысах «Раённыя будні» В.​Авечкіна. Дасягненнем пасляваен. прозы стаў раман Лявонава «Рускі лес», які адыграў вял. ролю ў выхаванні патрыятызму, разумных адносін да прыроды. Найб. актуальныя тэмы тагачаснай паэзіі — пераход ад вайны да мірнай працы («Дом ля дарогі» Твардоўскага, «Рабочы дзень» Луконіна), барацьба за мір (цыклы вершаў Сіманава, Ціханава, Суркова і інш.). На развіццё л-ры, асабліва драматургіі, тады адмоўна паўплывалі тэорыі станоўчага героя і бесканфліктнасці.

Літ. жыццё актывізавалася на мяжы 1950—60-х г. на хвалі дэмакр. ўздыму пасля развянчання культу асобы Сталіна. Актам маральнага прасвятлення грамадства стала публікацыя аповесці «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» А.​Салжаніцына. Апавяданне Салжаніцына «Матронін двор» паклала пачатак т.зв. вясковай прозе (Ф.​Абрамаў, В.​Бялоў, Б.​Мажаеў, В.​Распуцін) з яе суровай праўдай пра жыццё вёскі і становішча сялянства. Раманы «Рускі лес» Лявонава, «Асударава дарога» Прышвіна, «Майстар і Маргарыта» Булгакава садзейнічалі развіццю філас. рамана. У раманах «Цар-рыба» В.​Астаф’ева, «Камісія» С.​Залыгіна, аповесцях У.​Цендракова і інш. ставіліся пытанні ўзаемаадносін чалавека з прыродай і людзьмі, праблемы творчасці. Змяніўся характар прозы пра Вял. Айч. вайну. Пачынаючы з «Жывых і мёртвых» Сіманава, вайна стала паказвацца ў яе гераічнай і трагічнай цэльнасці, на ўзроўні філас. абагульненняў і маральнага падыходу, паглыбленага псіхалагізму. Пашырыўся лірычны кірунак (В.​Бергольц, Паустоўскі, У.​Салаухін, С.​Круцілін, Ю.​Казакоў). Настрой «шасцідзесятнікаў» энергічна выявіла маладая паэзія (Б.​Акуджава, А.​Вазнясенскі, У.​Высоцкі, Я.​Еўтушэнка, Р.​Раждзественскі). Творчым развіццём фалькл. тэм і вобразаў, песеннасцю пазначана паэзія У.​Сакалова, А.​Дзяменцьева, М.​Дарызо, Л.​Ашаніна, С.​Вікулава, М.​Трапкіна і інш. Філас.; лірыку ўзбагацілі Антакольскі, Асееў, Твардоўскі, Мартынаў, Маршак, Я.​Вінакураў, М.​Святлоў, А.​Таркоўскі, Д.​Самойлаў і інш. Спалучэнне глыбока асабістага з роздумам пра Радзіму і час характэрна для паэзіі С.​Арлова, А.​Жыгуліна, А.​Межырава, Нараўчатава, Салаухіна, Б.​Слуцкага, Я.​Смелякова, В.​Тушновай, В.​Фёдарава, А.​Яшына і інш. Імкненне асэнсаваць супярэчнасці стагоддзя і пошукі новай гармоніі ўласцівы паэзіі Л.​Васільевай, Ю.​Кузняцова, М.​Рубцова, А.Чухонцава і інш. У 1960—70-я г. дасягнула апагея ваен. проза, пашырыла сферу паказу і дамаглася жанрава-стылявой разнастайнасці («Гарачы снег» і «Бераг», Ю.​Бондарава, аповесці і апавяданні Р.​Бакланава, Б.​Васільева, В.Кандрацьева і інш.). «Гарадская проза» (Р.​Кірэеў, У.​Маканін, Ю.​Трыфанаў і інш.) выявіла сімптом бездухоўнасці, мяшчанскай псіхалогіі ў жыцці інтэлігенцыі. Гэта была рэакцыя на грамадскі застой, які пачаўся з 2-й пал. 1960-х г. Л-ра дыягнаставала сац. хваробы грамадства («Сумны дэтэктыў» Астаф’ева, «Пажар» Распуціна). Пашырылі межы і навукова-сац. фантастыка (К.​Булычоў, А. і Б. Стругацкія, І.​Яфрэмаў і інш.), прыгодніцкая і дэтэктыўная л-ра (А. і Г. Вайнеры, Ю.​Сямёнаў і інш.). Дзіцячая л-ра прадстаўлена прозай В.​Драгунскага, А.​Ліханава, С.​Міхалкова, В.​Мядзведзева, М.​Носава, Рыбакова, паэзіяй С.​Баруздзіна, В.​Берастава, Б.​Захадэра, Міхалкова, І.​Такмаковай, Э.​Успенскага і інш. Сфарміраваліся л-ра трэцяй хвалі пісьменніцкай эміграцыі (В.​Аксёнаў, Г.​Уладзімаў, С.​Даўлатаў, У.​Максімаў і інш.), авангардызм (І.​Жданаў, Дз.​Прыгаў, Л.​Рубінштэйн і інш.) і постмадэрнізм.

Асабліва дынамічны і драм. перыяд развіцця рус. л-ры з канца 1980-х г. выкліканы зменамі паліт. і эканам. ладу ў Расіі. Вызваленне ад цэнзуры, легалізацыя забароненай і эмігранцкай л-ры надалі л-ры шырокае дыханне. Пасля публікацыі «Архіпелага ГУЛАГа» Салжаніцына актывізавалася «лагерная тэма» (В.​Шаламаў, Рыбакоў, Ю.​Дамброўскі). У канцы 1980-х г. упершыню апублікаваны «Рэквіем» Ахматавай, «Па праву памяці» Твардоўскага, «Доктар Жывага» Пастарнака, «Жыццё і лёс» В.​Гросмана, «Факультэт непатрэбных рэчаў» Дамброўскага, антыутопіі Платонава, сатыр. аповесці Булгакава. Даступнымі сталі творы да таго часу невядомых ці забытых пісьменнікаў (М.​Алданаў, Валошын, Гумілёў, Г.​Іванаў, У.​Набокаў, В.​Розанаў, А.​Рэмізаў, Хадасевіч і інш.). Вярнуліся з эміграцыі І.​Адоеўцава, У.​Вайновіч, А.​Зіноўеў, Салжаніцын і інш. Крытыка пераглядала традыц. тэмы сав. л-ры, найперш тэму калектывізацыі. Радыкальная пераацэнка творчасці М.​Горкага, Маякоўскага, А.​М.​Талстога, Шолахава паступова змянілася аб’ектыўным падыходам. Побач з шырока разгалінаванай маст. сістэмай рэалізму сфарміравалася маст. сістэма постмадэрнізму з яго варыянтамі («мета-метафарызм», канцэптуалізм, сац-арт і інш.). Жывы струмень постмадэрнізму ўзбагаціў л-ру таленавітымі творамі («Школа для дурняў» С.​Сакалова, «Масква—Петушкі» Венядзікта Ерафеева, «Амон Ра», «Жыццё насякомых» В.​Пялевіна), але і дыскрэдытаваў чалавека, проціпаставіў розуму культ цела, фізіялогію, паталогію (Віктар Ерафееў, Ю.​Мамлееў, У.​Сарокін).

Проза канца 20 — пач. 21 ст. выяўляе сац. супярэчнасці, адкрывае новыя псіхал. тыпы (нуварыш, аўтсайдэр, бомж), герояў «безгеройнага» часу, засяроджваецца гал. чынам на цяжкім лёсе «маленькага» і «сярэдняга» чалавека, паступова пераадольвае ранейшую бязвыхаднасць, песімізм, бытапісанне і падыходзіць да задачы «аднаўлення» чалавека. У асобных выпадках проза ўздымаецца да «вечных тэм» быцця, грунтуецца на дыхатаміі Дабра і Зла, Хрыста і Антыхрыста (раман Лявонава «Піраміда», апубл. ў 1994, які паставіў пытанне пра чалавечую цывілізацыю, што апынулася на ракавой мяжы самазнішчэння). Значны ўклад у сучасную прозу А.​Бітава, В.​Ганічава, М.​Кураева, Ю.​Палякова, Л.​Петрушэўскай, А.​Праханава, Т.​Талстой, В.​Токаравай і інш. Развіваецца гіст. проза (Дз.​Балашоў, Л.​Барадзін, А.​Сегень, Ю.​Фёдараў і інш.). Драматургія спрабуе асэнсаваць канфлікты часу перабудовы (У.​Аро, А.​Галін, А.​Казанцаў, М.​Каляда, М.​Арбатава, В.​Рысееў і інш.). У сучаснай паэзіі працуюць Б.​Ахмадуліна, Ваншэнкін, Р.​Казакова, Кузняцоў, П.​Кошаль, С.​Куняеў, В.​Ліпневіч, І.​Ляпін, Ю.​Морыц, В.​Сарокін, У.​Фірсаў, І.​Шклярэўскі і інш.

Руска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі маюць даўнія традыцыі. Бел. і рус. стараж. л-ры развіваліся ў межах адных і тых жа літ. жанраў, на агульнай жыццёвай аснове. Значную ролю ў станаўленні л-р абодвух народаў у стараж. часы адыгралі агульныя літ. помнікі: «Слова аб палку Ігаравым», «словы» Кірылы Тураўскага, рэгіянальныя летапісы, перакладная л-ра. Вял. значэнне для ўмацавання сувязей мела дзейнасць заснавальніка ўсх.-слав. і бел. кнігадрукавання Ф.​Скарыны. Традыцыі «Слова аб палку Ігаравым» адчувальныя ў помніку стараж. бел. л-ры — паэме Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Агульная для бел. і рус. л-р 2-й пал. 17—18 ст. была творчасць Сімяона Полацкага і Андрэя (Яна) Белабоцкага. Фанвізін у лістах з дарогі ў Парыж апісаў гарады Мінск, Оршу, Стоўбцы, Мір, Слонім і інш. Яму належала в. Лісна (Верхнядзвінскі р-н), дзе ён працаваў над апошняй сваёй камедыяй «Выбар гувернёра». На Беларусі пасля яе далучэння да Расіі (канец 18 ст.) распаўсюджваліся творы рус. пісьменнікаў. Літ. сувязі паміж народамі-суседзямі ніколі не перапыняліся, асабліва ўмацаваліся яны ў 19 ст., калі Вільня і Пецярбург сталі асяродкамі шматнац. культуры і л-ры. У гэты час многія рус. і бел. маст. творы з’явіліся на агульнай аснове («Энеіда навыварат» В.​Равінскага і падобны рускамоўны твор М.​Осіпава). Паэма «Тарас на Парнасе» арыентуе чытача на ўспрыманне і высокую ацэнку творчасці класікаў рус. л-ры Пушкіна, Лермантава, Жукоўскага, Гогаля. Асветніцкія, гуманістычныя ідэалы польскамоўнай л-ры Беларусі (А.​Міцкевіч, У.​Сыракомля, Я.​Чачот і інш.) жывіліся творчасцю рус. класікі. З жыццём беларусаў былі знаёмыя Дзяржавін, Вяземскі, Рылееў, А.​Бястужаў-Марлінскі, Глінка. Бел. зямля — радзіма Дастаеўскага і Ф.​Булгарына. Першыя выступленні ў друку Грыбаедава звязаны са службай у Кобрыне і Брэсце, дзе ён знаёміўся з побытам і вуснай нар. творчасцю беларусаў, назіраў за будучымі прататыпамі сваіх твораў. Жыццём бел. народа цікавіліся Пушкін (сюжэт і лёс гал. героя рамана «Дуброўскі» ўзяты з бел. жыцця), Лермантаў (паводле бел. гісторыі напісаны паэмы «Ліцвінка» і «Баярын Орша»), Рылееў (дума «Рагнеда»), Гогаль. Някрасаў адзін з першых у рус. паэзіі стварыў вобраз беларуса (паэма «Чыгунка»). З глыбокай павагай пісаў пра беларусаў Дабралюбаў. У арт. «Рысы для характарыстыкі рускага простанароддзя» ён выкрываў выдумкі пра «забітасць» і адсталасць бел. сялянства. На рус. мову перакладалі бел. фальклорныя творы А.​Майкаў, М.​Гербель. Ляскоў падарожнічаў з В.​Каратынскім па Беларусі, на бел. матэрыяле напісаў антынігілістычныя раманы «Няма куды» (пра паўстанцаў 1863—64) і «На нажах». На бел. матэрыяле створаны і некат. творы Рашэтнікава, І.​Лажэчнікава, К.​Масальскага, У.​Крастоўскага. Ад падарожных нататкаў, успамінаў, артыкулаў, паліт. трактатаў, вершаў і гісторыка-этнагр. нарысаў л-ра пераходзіла да стварэння абагульненага вобраза бел. народа, да маст. ўвасаблення яго духоўнага свету. Традыцыі рус. рэалістычнай вольналюбівай л-ры шанавалі і выкарыстоўвалі Ф.​Багушэвіч, А.​Гурыновіч, Я.​Лучына і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. вывучэнне бел. краю на навук. аснове вялі М.​Без-Карніловіч, П.​Шпілеўскі, І.​Насовіч, Е.​Раманаў, Я.​Карскі, П.​Шэйн, М.​Нікіфароўскі, якія знаёмілі рас. чытача з маст. л-рай, звычаямі, фальклорам беларусаў. На працы Без-Карніловіча і Шпілеўскага адгукнуўся ў друку Чарнышэўскі. Для прапаганды бел. л-ры ў рас. друку шмат зрабіў А.​Пагодзін, у полі зроку якога апынулася творчасць Багушэвіча, Я.​Лучыны, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча. У Пецярбургу Я.​Купала пад уплывам сімвалістаў напісаў драму «Раскіданае гняздо», пазней — паэмы «На Куццю», «Адвечная песня» (уплыў Андрэева). Свой зб. «Шляхам жыцця» ён падпісаў Брусаву і Бальмонту. У многіх творах Цёткі паказана жыццё пецярбургскіх студэнтаў і рабочых. У Пецярбургу была створана выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца», дзе выдадзены першыя кнігі Я.​Купалы («Жалейка») і Я.​Коласа («Песні-жальбы»), у 1912—14 дзейнічаў Беларускі навукова-літаратурны гурток. Важнае значэнне мелі прызнанне і высокая ацэнка творчасці Я.​Купалы і Я.​Коласа М.​Горкім, які адзначыў прастату, народнасць, меладычнасць іх твораў, пераклаў на рус. мову верш Я.​Купалы «А хто там ідзе?», прыраўняўшы яго да гімна беларусаў. Я.​Купала, Цётка, Ц.​Гартны прызнавалі ўплыў на сваю творчасць Пушкіна, Лермантава, Някрасава, Гогаля, Л.​Талстога. Багдановіч частку твораў напісаў на рус. мове, пераклаў на яе зб. вершаў «Вянок», апублікаваў артыкулы на рус. мове пра творчасць Ламаносава, Баратынскага, С.​Дрожжына і інш. рус. пісьменнікаў. Творчасцю бел. паэтаў цікавіўся Брусаў. Ён стаў адным з першых перакладчыкаў вершаў Я.​Купалы на рус. мову. Творы Я.​Купалы ў дакастр. час. перакладаў і А.​Карынфскі. Служба на тэр. Беларусі ў гады 1-й сусв. вайны адбілася на творчасці Блока. У канцы 19 ст. зроблены першыя пераклады на бел. мову асобных твораў рус. паэзіі (вершы Пушкіна, Някрасава, А.​К.​Талстога, байкі Крылова ў перакладах Гурыновіча, Багушэвіча, А.​Абуховіча; апавяданне «Сігнал...» У.​Гаршына). У 1903 М.​Косіч выдала ў Чарнігаве зборнік вольных наследаванняў «Пералажэнне некаторых баек Крылова на беларускую мову». Бел. тэматыкай цікавіўся Бунін. Газ. «Наша ніва» друкавала ў перакладзе на бел. мову творы Л.​Талстога, Тургенева, Чэхава, М.​Горкага, Караленкі, Брусава, урыўкі з артыкулаў Бялінскага, адзначала юбілеі Л.​Талстога, Гогаля і інш. Артыкулы пра творчасць рус. пісьменнікаў, іх творы змяшчалі газеты, што выходзілі на Беларусі («Северо-Западный край», «Голос провинции», «Минский курьер» і інш.).

Пасля 1917 літ. сувязі паміж Беларуссю і Расіяй паглыбіліся. Больш частымі сталі творчыя кантакты (прыезды на Беларусь Маякоўскага, Пастарнака, Сіманава і інш. пісьменнікаў). Плённымі формамі сувязей сталі ўзаемныя пераклады твораў, святкаванні юбілеяў, з’езды пісьменнікаў, дэкады л-ры і мастацтва і інш. Я.​Купала зрабіў пераклады на бел. мову «Слова аб палку Ігаравым» — празаічны (1919) і вершаваны (1921). Бел. газеты і часопісы («Звязда», «Беларуская вёска», «Маладняк», «Полымя» і інш.) друкавалі творы Маякоўскага, Дз.​Беднага, «камсамольскіх паэтаў» А.​Жарава, А.​Безыменскага, Святлова. У 1920—30-я г. творы рус. пісьменнікаў перакладалі З.​Астапенка («Маці» М.​Горкага), П.​Броўка («Уладзімір Ільіч Ленін» Маякоўскага), М.​Гарэцкі (апавяданні М.​Горкага, «Разгром» Фадзеева), М.​Грамыка (творы Л.​Талстога), І.​Дварчанін і А.​Дудар («Дванаццаць» Блока), М.​Зарэцкі («Цэмент» Гладкова), Я.​Колас («Палтава» Пушкіна), К.​Крапіва (творы Фанвізіна, Крылова, Пушкіна, Гогаля, Астроўскага, Маякоўскага), Я.​Купала («Медны коннік» Пушкіна), А.​Куляшоў («Цыганы» Пушкіна), Р.​Лынькоў і В.​Вітка («Добра!» Маякоўскага), М.​Багун, С.​Баранавых, Р.​Бахта, М.​Клімковіч, Я.​Скрыган, Ю.​Таўбін, К.​Чорны, А.​Якімовіч і інш. Засваенне традыцый рус. класікі стала важным фактарам развіцця бел. л-ры. Пушкін паўплываў на станаўленне бел. паэзіі (Я.​Купала, Я.​Колас, Багдановіч), рус. класічны раман садзейнічаў нараджэнню гэтага жанру ў бел. л-ры (Ц.​Гартны, К.​Чорны, П.​Галавач і інш.). Філас. пошукі К.​Чорнага абумовілі яго цікавасць да творчасці Дастаеўскага, М.​Горкага. Горкаўскія традыцыі шмат у чым паўплывалі на творчасць М.​Чарота, Ц.​Гартнага, Зарэцкага. Моцнае ўздзеянне на паэзію М.​Чарота, Броўкі, Куляшова зрабіў Маякоўскі; творчасць яго і Дз.​Беднага садзейнічала развіццю бел. сатыры. Уплыў Ясеніна адчуваецца ў паэзіі П.​Труса, Я.​Пушчы і інш. маладнякоўцаў. Плённай традыцыяй рус. л-ры стала імкненне знаёміць сваіх чытачоў са здабыткамі бел. л-ры. У 1919 у Маскве выйшла кніга Я.​Купалы «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (складальнік і рэдактар І.​Белавусаў). У 1920—30-я г. на рус. мове выдадзены творы Я.​Коласа «У палескай глушы», М.​Чарота «Апавяданні», Ц.​Гартнага «Трэскі на хвалях» і «Аповесці і апавяданні», Галавача «Праз гады», А.​Александровіча «Шчаслівая дарога»; «Анталогія беларускай літаратуры» і зб. «Паэзія Савецкай Беларусі». У 1931 М.​Горкі рэкамендаваў выдаць у серыі «Бібліятэка паэта» творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Коласа, Багдановіча. Серафімовіч у прывітанні 1-му з’езду БелАПП прадказаў росквіт бел. л-ры, раіў перакладаць яе на інш. мовы. Умацаванню рус.-бел. сувязей садзейнічалі 1-ы Усесаюзны з’езд сав. пісьменнікаў (1934), усенар. святкаванне юбілею Пушкіна (1937), 750-годдзя «Слова аб палку Ігаравым» (1938). У 1936 у Мінску адбыўся 3-і пленум праўлення Саюза сав. пісьменнікаў СССР, прысвечаны бел. і башкірскай л-рам, у перакладзе на бел. мову выйшла «Анталогія рускай савецкай паэзіі». Наладжваліся творчыя кантакты бел. пісьменнікаў з пісьменнікамі Масквы, Смаленска і інш. гарадоў. Вял. Айч. вайна вызначыла агульнасць тэм, ідэй, вобразаў у творах рус. і бел. пісьменнікаў. На рус. мове выдадзены кніга Я.​Купалы «Народ-мсцівец», зб-кі твораў бел. пісьменнікаў «За Савецкую Беларусь» і «Беларусь змагаецца», кнігі вершаў Я.​Коласа, Броўкі, П.​Панчанкі, паэма Куляшова «Сцяг брыгады», зб-кі «Апавяданні» і «Васількі» М.​Лынькова.

У пасляваенны час узаемадзеянне рус. і бел. л-р узмацняецца, пашыраюцца кантакты паміж пісьменнікамі і перакладчыцкая дзейнасць. На рус. мове выдаюцца найб. значныя творы бел. празаікаў, паэтаў, драматургаў (зб. «Паэты Беларусі», 1947; «Анталогія беларускай паэзіі», 1952; зб. «Беларускія апавяданні», 1955, і інш.). Адначасова на бел. мове выдадзены зб-кі «Паэты Ленінграда» (1948), «Рускія асілкі. Быліны» (1950), «Апавяданні ленінградскіх пісьменнікаў» (1951), анталогія «Руская савецкая паэзія» (1953) і інш. Актывізавалася вывучэнне ўзаемадзеяння рус. і бел. л-р (кн. М.​Клімковіча «Аб жыватворчым уплыве рускай літаратуры на беларускую літаратуру», 1955; В.​Івашына «М.​Горкі і беларуская літаратура пачатку XX ст.», 1956). Шмат увагі бел. л-ры аддаваў Фадзееў. У 1943 ён пісаў пра «Выбраныя творы» Я.​Купалы, што «даўно не чытаў больш чыстай кнігі»; у 1950-я г. ў лістах да І.​Мележа, П.​Пестрака, М.​Паслядовіча, А.​Вольскага выказваў свае думкі і заўвагі пра раманы «Мінскі напрамак», «Сустрэнемся на барыкадах», «Святло над Ліпскам» і п’есу «Несцерка». Вял. роля ў папулярызацыі бел. л-ры належыць Твардоўскаму. Ён прысвяціў Беларусі вершы «Запрашэнне гасцей», «Мінская шаша», «Зяць і цешча» і інш., нарысы «У Віцебску», «Першы дзень у Мінску», «Сэрца народа», «Пра ластаўку», «Паездка ў Гродна», «Лявоніха», «Слаўны дзед», перакладаў на рус. мову бел. нар. песні, творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Куляшова, М.​Засіма, М.​Сурначова і інш. На бел. мову яго творы перакладалі Броўка, А.​Бялевіч, М.​Калачынскі, К.​Крапіва, Куляшоў, Р.​Няхай, А.​Русак, М.​Танк і інш. Твардоўскі прызнаваў уплыў на яго творчасць Я.​Купалы, сведчыў, што паэма Куляшова «Сцяг брыгады» паўплывала на яго паэму «Дом ля дарогі». Творчасці Куляшова ён прысвяціў арт. «Паэма «Сцяг брыгады» і «Сталасць таленту». Памяці Твардоўскага прысвечана паэма «Варшаўскі шлях» Куляшова. Побач з перакладчыцкай дзейнасцю інтэнсіўна развіваліся інш. формы літ. узаемасувязей, рэгулярна праводзіліся дэкады, тыдні, дні л-ры і мастацтва. У 1965 пачаў дзейнічаць Савет па бел. л-ры пры Саюзе пісьменнікаў СССР, які каардынаваў работу па літ. узаемасувязях. У перакладзе на рус. мову выдадзены зборы тв. Я.​Купалы (т. 1—3, 1982), Я.​Коласа (т. 1—4, 1951—52; т. 1—4, 1982—83), Броўкі (т. 1—4, 1981—82), В.​Быкава (т. 1—4, 1985—86) і інш. Творы рус. пісьменнікаў выдаваліся на Беларусі і ў арыгінале. Над перакладамі твораў бел. л-ры актыўна працавалі і працуюць рус. паэты Ісакоўскі, Пракоф’еў, М.​Рыленкаў, С.​Гарадзецкі, М.​Галодны, Дз.​Кавалёў, М.​Камісарава, К.​Шавялёва, І.​Шклярэўскі, перакладчыкі — А.​Астроўскі, М.​Гарбачоў, П.​Кабзарэўскі, Я.​Мазалькоў, Я.​Хелемскі, В.​Шчадрына і інш. Сведчанне сталасці бел. перакладчыцкай школы — зварот да тонкай лірыка-псіхал. прозы Паустоўскага, Казакова, метафарычнай паэзіі Ясеніна.

Многія рус. пісьменнікі звярталіся і звяртаюцца да бел. тэматыкі. Пра жыццё бел. народа, яго ўдзел у Вял. Айч. вайне, працоўныя будні пісалі Л.​Абухава (аповесці «Глыбінь-Гарадок» і «Віцьбічы»), В.​Кажэўнікаў (нарыс «Па дарогах Беларусі»), І.​Шток (п’еса «Гастэла»), Л.​Ракоўскі (аповесць «Канстанцін Заслонаў»), Б.​Касцюкоўскі (аповесць «Нітка Арыядны»), Вараб’ёў (раман «Зямля, да запатрабавання») і інш. Ваен. дарогі і памяць пра вайну навек зраднілі з бел. зямлёю Сіманава. Ён не раз прыязджаў на Беларусь, прысвяціў ёй многія старонкі свайго дзённіка «Розныя дні вайны» і раман «Апошняе лета», пераклаў на рус. мову паэму Таўлая «Таварыш». Бел. матэрыял выкарыстаны ў раманах «Касцёр» К.​Федзіна, «Вёрсты любві» А.​Ананьева, «Момант ісціны» У.​Багамолава, «Вайна» Стаднюка. Шырокі водгук у рус. л-ры атрымала гераічная абарона Брэсцкай крэпасці («Крэпасць над Бугам», «Брэсцкая крэпасць» і «Героі Брэсцкай крэпасці» С.​Смірнова, «Бессмяротны гарнізон» Сіманава, «Дзяўчына з Брэста» Ю.​Якаўлева, «Пеця Клыпа» М.​Лісянскага, «У спісах не значыўся» Васільева, зб-кі вершаў «Рэха ў граніце» і «Табе, Беларусь»). Беларусі прысвечаны вершы Дз.​Беднага, Вазнясенскага, Ю.​Воранава, Гарадзецкага, Я.​Далматоўскага, Ісакоўскага, Камісаравай, Кошаля, Куняева, Ляпіна, Пракоф’ева, Смелякова, Шавялёвай, паэма В.​Саянава «Белавежская аповесць» і інш. Вобраз Расіі паўстае ў вершах Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Вялюгіна, Я.​Каршукова, Куляшова, Е.​Лось, Панчанкі, Г.​Пашкова, А.​Пысіна, Ю.​Свіркі, У.​Скарынкіна, Э.​Скобелева, Б.​Спрынчана, В.​Спрынчана, М.​Танка, Я.​Янішчыц і інш.

У 1999 у выд-ве «Беларуская Энцыклапедыя» выйшла кніга «Роднасць: Анталогія братэрства», у якой змешчаны вершы, літ., публіцыст. эсэ бел. паэтаў пра Р., рус. паэтаў — пра Беларусь. На Беларусі жылі і працавалі рускамоўныя пісьменнікі Ю.​Багушэвіч, М.​Гарулёў, М.​Герасімаў, М.​Кругавых, У.​Машкоў, І.​Мяла, Г.​Папоў, П.​Харкоў, К.​Цітоў, І.​Шапавалаў, М.​Аляксееў, працуюць А.​Дракахруст, А.​Скарынкін, Скобелеў, Б.​Спрынчан, В.​Спрынчан, М.​Чаргінец, Э.​Ялугін, С.​Яўсеева і інш.

Шматгранныя сувязі рус. і бел. л-р удасканальваюцца, набываюць новыя формы, напр., творчае супрацоўніцтва пісьменнікаў («Блакадная кніга» Адамовіча і Граніна, ч. 1—2, 1977—81), літ.-знаўчыя даследаванні. У вывучэнне бел. л-ры зрабілі ўклад рус. даследчыкі Мазалькоў («Янка Купала», 1949, 5-е выд. 1961; «Якуб Колас», 1960; «Зямля, якая спявае», 1965), А.​Аўчарэнка («Сучасны беларускі раман», 1971, 2-е выд. 1978), І.​Вішнеўская («Камедыя на арбіце», 1979), Л.​Лазараў («Васіль Быкаў», 1979), І.​Дзядкоў («Васіль Быкаў», 1980). У сучасным літ.-знаўстве літ. ўзаемасувязі — прадмет і сродак вывучэння заканамернасцей літ. працэсу. Кожная праблема вывучаецца з улікам узаемасувязі і ўзаемадзеяння братніх л-р, найб. дэталёва даследуюцца традыцыі і наватарства, творчая індывідуальнасць пісьменнікаў, тыпалагічная агульнасць і адрозненні. Вывучэнню рус.-бел. сувязей прысвечаны працы Н.​Перкіна «У сям’і братніх літаратур» (1967), М.​Ларчанкі «Яднанне братніх літаратур» (1974), Р.​Бярозкіна «Звенні», А.​Ленсу «Дакастрычніцкая творчасць Я.​Купалы ў святле літаратурных сувязей і традыцый» (абедзве 1976), В.​Гапавай «Беларуска-рускае паэтычнае ўзаемадзеянне» (1979). Глыбока вывучаюцца традыцыі Л.​Талстога і Дастаеўскага ў бел. прозе (Адамовіч «Кузьма Чорны: Урокі творчасці», 1977; «Леў Талстой і беларуская літаратура: (Вайна і чалавек)», 1978), выявілася цікавасць даследчыкаў да шолахаўскай традыцыі ў творчасці Мележа і інш. празаікаў, да традыцыі Фадзеева, у творчасці якога спалучаліся трагедыйнасць і рамант. пафас. Рус. л-ру даследавалі і даследуюць бел. літ.-знаўцы А.​Жакаў, В.​Івашын, Л.​Кароткая, Ф.​Куляшоў, А.​Лемешаў, Г.​Няфагіна, І.​Скарапанава, А.​Станюта, С.​Чубакоў, А.​Шалемава і інш. Вывучэнне традыцый памагае глыбей зразумець наватарства і нац. спецыфіку бел. л-ры. Засвоіўшы вопыт. рус. л-ры, бел. л-ра ў сваю чаргу ўзбагаціла яе самабытнай паэзіяй, арганічна звязанай з фальклорам, наватарскімі адкрыццямі ў ваен. прозе (шырокі паказ партыз. вайны, захаванне памяці пра нар. вайну — «Я з вогненнай вёскі...» Адамовіча, Брыля, У.​Калесніка, 1975; аповесці Быкава і інш.). Да 200-годдзя з дня нараджэння Пушкіна выдадзены кнігі «Аляксандр Пушкін і Якуб Колас» М.​Тычыны, «А.​С.​Пушкін і Беларусь = А.​С.​Пушкин и Беларусь» (абедзве 1999) і інш. Выдатным дасягненнем бел. літ.-знаўцаў пад эгідай Ін-та л-ры імя Я.​Купалы з’яўляецца даследаванне «Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (т. 1—4, 1993—95).

Архітэктура. З эпохі палеаліту даследчыкамі выяўлены паселішчы з прымітыўнымі жытламі зямляначнага ці паўзямляначнага тыпу. У неаліце пашырыліся наземныя пабудовы, паселішчы на палях. У эпоху энеаліту і бронз. веку рабілі пабудовы з бярвення. У 8—7 ст. да н.э. пашырыўся тып паселішча, абкружанага валам і частаколам. З 10 ст. ў рамках мастацтва Кіеўскай Русі развіваліся мясц. арх. школы (гл. Наўгародская школа дойлідства, Пскоўская школа дойлідства, Уладзіміра-Суздальская школа дойлідства). Перапыненае мангола-татарскім нашэсцем развіццё стараж.-рус. архітэктуры з канца 13 ст. аднавілася як працэс фарміравання ўласна рус. маст. культуры. Асаблівага росквіту дасягнула наўгародская школа, у пабудовах якой быў выпрацаваны новы тып храма з 3-лопасцевым або шчыпцовым завяршэннем. Будаваліся велічныя манастырскія ансамблі: Аляксандра-Неўская лаўра, Андронікаў манастыр, Валаамскі манастыр, Данскі манастыр, Кірыла-Белазерскі манастыр, Новадзявочы манастыр, Новаіерусалімскі манастыр, Ноўгарад-Северскі Спаса-Праабражэнскі манастыр, Пскова-Пячорскі манастыр, Салавецкі манастыр, Ферапонтаў манастыр і інш. Вызначальная роля ў развіцці архітэктуры з 14 ст. належыць Маскве, якая сінтэзавала дасягненні мясц. школ (гл. Маскоўская школа дойлідства). У канцы 14 — пач. 15 ст. склаўся маскоўскі тып храма з павышанымі падпружнымі аркамі і ярусамі какошнікаў (Успенскі сабор «на Гарадку» ў г. Звянігарад). Да пач. 16 ст. склаўся велічны ансамбль Крамля Маскоўскага, у 16—17 ст. — Пскоўскага крамля, Растоўскага крамля, пабудаваны крамлі ў Волагдзе, Зарайску, Каломне, Ніжнім Ноўгарадзе, Серпухаве, Смаленску, Туле і інш. У 16 ст. ў маскоўскім дойлідстве ўзнік своеасаблівы тып каменнага храма — вежа, крытая шатром (царква Ушэсця ў Каломенскім, Васіля Блажэннага храм у Маскве), будаваліся 4-стоўпныя мураваныя храмы з 5 купаламі (сабор Новадзявочага манастыра ў Маскве). Дамінавала драўлянае дойлідства: у свецкай архітэктуры найб. пашырыўся тып ізбы-зруба пад двухсхільным дахам, у культавай — кубічнага храма, унутр. прастора якога члянілася на паралельныя нефы слупамі, што падтрымлівалі скляпенні і 1—5 купалаў. У мураванай царк. архітэктуры пераважалі невял. цагляныя ці каменныя храмы без слупоў, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі.

З 17 ст. склаўся тып палаца-харомаў, які складаўся са зрубаў-церамоў, аб’яднаных пераходамі (царскі палац у Каломенскім, 1667—81). Зменшылася адрозненне паміж культавым і свецкім дойлідствам: унутр. прастора вырашалася як вял. светлая зала, узмацнілася роля лесвіц і аздобленых шатрамі ганкаў. У 2-й пал. 17 ст. архітэктура цэркваў набывала ўсё больш маляўнічы, «узорысты» характар (рэльефная муроўка, кафляныя ўстаўкі і інш.), асабліва ў пабудовах нарышкінскага барока. Узнік новы ярусны тып храма (царква Пакрова ў Філях пад Масквой, 1693—94, і інш.). Новыя гарады і крэпасці будаваліся на Пд і ў Сібіры. Высокім маст. узроўнем вызначаліся пабудовы ў Архангельску (Гасціны двор), Калузе (дом Корабавых), Пераслаўлі-Залескім, Пскове (палаты Паганкіных і дом Лапіна), Яраслаўлі (царква Іаана Прадцечы ў Талчкове) і інш. У 17—18 ст. вельмі цікавае своеасаблівае драўлянае дойлідства (арх. ансамбль на в-ве Кіжы, цэрквы ў Кондапазе). Пераўтварэнні Пятра I прывялі да карэнных змен у архітэктуры: з’явілася рэгулярная планіроўка ў духу еўрап. горадабудаўніцтва, выкарыстоўвалася ордэрная сістэма і інш. Пачалося буд-ва Пецярбурга, для чаго былі запрошаны еўрап. архітэктары Ж.​Б.​Леблон, Д.​Трэзіні, А.​Шлютэр і інш. У 1-й пал. 18 ст. дамінавала барока, на 2-ю пал. 18—1-ю чвэрць 19 ст. прыпадае станаўленне і росквіт рус. класіцызму і ампіру. Выдатныя ансамблі стварылі В.​Бавэ, В.​Бажэнаў, М.​Бенуа, А.​Вараніхін, Д.​Жылярдзі, А.​Захараў, Ч.​Камерон, М.​Казакоў, А.​Какорынаў, Дж.​Кварэнгі, І.​Корабаў, М.​Львоў, В.​Растрэлі, К.​Росі, І.​Староў, В.​Стасаў, Дз.​Ухтамскі, С.​Чавакінскі і інш. (гл. таксама Адміралцейства, Зімні палац, Ісакіеўскі сабор, Казанскі сабор, Летні сад, Петрадварэц, Петрапаўлаўская крэпасць, Смольны). У буйных загарадных сядзібах ясная і строгая класіцыстычная архітэктура палацаў спалучалася з характэрнымі для таго часу рэгулярнымі і пейзажнымі паркамі (гл. Абрамцава, Астанкіна, Кускова). У архітэктуры 2-й пал. 19 ст. пераважалі эклектыка і стылізацыя. У канцы 19 — пач. 20 ст. узніклі новыя горадабудаўнічыя ідэі: пасёлкі тыпу горада-сада (арх. У.​Сямёнаў), праекты новых раёнаў (І.​Фамін) і частковай рэканструкцыі (Л.​Бенуа) Пецярбурга. Пэўныя змены ў аблічча гарадоў унеслі мадэрн (Ф.​Лідваль, Ф.​Шэхтэль) і кірункі, якія выкарыстоўвалі традыцыі стараж.-рус. дойлідства (У.​Пакроўскі, А.​Шчусеў ў класіцызму (Фамін), рэнесансу (І.​Жалтоўскі). У 1920-я г. ствараліся новыя тыпы жылых і грамадскіх пабудоў — дамы-камуны, рабочыя клубы і інш. Пашырыліся плыні, якія распрацоўвалі функцыянальна-канструктыўныя ідэі, пабудовы вызначаліся геаметрычнасцю і строгасцю аб’ёмаў, рацыянальнасцю планіровачных і канструктыўных вырашэнняў. Узніклі новыя прамысл. цэнтры — Магнітагорск, Новакузнецк і інш. Архітэктура 2-й пал. 1930-х г. вызначалася паваротам да манументалізаваных вобразаў, засн. на класічнай традыцыі. Вяліся рэканструкцыя гарадоў, комплексная забудова жылых раёнаў, пачаў будавацца маскоўскі метрапалітэн. Аднак нятворчае стаўленне да спадчыны часта прыводзіла да эклектызму і халоднай параднасці. Сярод вядучых архітэктараў Р.​Бархін, А., В. і Л. Весніны, А.​Гегела, У.​Гельфрэйх, М.​Гінзбург, І. і П. Голасавы, Б.​Іафан, І.​Леанідаў, К.​Мельнікаў, І.​Нікалаеў, Л.​Руднеў, У.​Шчуко і інш. У канцы 1940-х — 1950-я г. значнымі сталі аднаўленне і рэканструкцыя гарадоў (К.​Алабян, Г.​Арлоў, М.​Баранаў, Бархін, Г.​Гольц, В.​Каменскі, А.​Навумаў, В.​Сімбірцаў і інш.), стварэнне вышынных будынкаў у Маскве (Гельфрэйх, М.​Мінкус, А.​Мндаянц, М.​Пасохін), адмаўленне ад пераймання гіст. стыляў, пашырэнне індустр. канструкцый, перанос гал. акцэнту на жыллёвае буд-ва. Асаблівая ўвага звярталася на ўзаемасувязі прамысл. і жылых раёнаў, развіццё трансп. артэрый і комплексаў абслугоўвання; у буд-ве асобных будынкаў — на выкарыстанне функцыянальна апраўданых форм, адпаведных спецыфіцы матэрыялаў, актыўнае ўвядзенне ў фарміраванне арх. аблічча твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва. У 1960—80-я г. тыпалогія буйнапанэльнага домабудаўніцтва набыла большую разнастайнасць, змешаная забудова раёнаў будынкамі розных паверхаў дазволіла пераадолець аднастайнасць масавай жылой архітэктуры і ўзмацніць выразнасць арх. комплексаў, у т. л. і грамадскіх (напр., Астанкінская тэлевізійная вежа ў Маскве). Сярод вядучых архітэктараў Л.​Баталаў, Я.​Белапольскі, С.​Галаджава, С.​Еўдакімаў, А.​Жук, Б.​Злобін, С.​Ісмаілаў, Ю.​Лапаткін, І.​Пакроўскі, А.​Палянскі, Б.​Рубаненка, Р.​Семярджыеў, С.​Спяранскі, Я.​Стома, Б.​Тхор, М.​Улас, Ю.​Шавярдзяеў і інш. У 1990-я г. ўзрасла эстэт. выразнасць забудовы, лаканічнасць і яснасць форм, пашырылася буд-ва жылых дамоў палепшанай планіроўкі, дзярж., грамадскіх, прыватных банкаўскіх, офісных і інш. будынкаў у рэчышчы сучасных кірункаў зах. архітэктуры, культавых пабудоў у традыц. канфесіянальных формах. У 1983 створаны Саюз архітэктараў Р.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Р. выяўлены помнікі культуры палеаліту (размалёўкі Капавай пячоры на Урале, каменныя і касцяныя статуэткі з Касцёнак у Варонежскай вобл. і Мальты каля Іркуцка і інш.) і неаліту (наскальныя выявы ў Карэліі і Сібіры, арнаментаваная кераміка, разьбянае драўлянае начынне і інш.). З энеаліту і бронз. веку вядомы манум. каменная скульптура, арнаментаваныя вырабы з бронзы (зброя, статуэткі і інш.). У 8—7 ст. да н.э. быў пашыраны звярыны стыль. З 9—10 ст. развівалася культура ўсходнеслав. плямён у межах культуры Кіеўскай Русі. Уласна рус. мастацтва пачало складвацца з канца 13 ст. Развіваўся жывапіс, пачалі складвацца маст. школы: Наўгародская школа жывапісу, Пскоўская школа жывапісу, Уладзіміра-Суздальская школа жывапісу. У 2-й пал. 14 — пач. 15 ст. высокім маст. узроўнем вызначаліся творы Феафана Грэка, Данііла Чорнага, А.​Рублёва, у канцы 15 — пач. 16 ст. — Дыянісія, скульптуры В.​Ярмоліна. З 2-й пал. 15 ст. цэнтрам рус. маст. культуры стала Масква, у якой для аздаблення храмаў і палацаў былі сканцэнтраваны буйныя творчыя сілы, у т. л. з Беларусі (старцы Арсеній і Іпаліт, К.​Міхайлаў, С.​Палубес і інш.; гл. таксама Беларуская рэзь). У 16 ст. гарманічная стройнасць і святочная ўрачыстасць жывапісу змянілася імкненнем да алегарычнасці і павучальнасці, рабіліся спробы звязаць іканапіс з рэальнай гісторыяй (абраз «Царква ваяўнічая», напісаны ў гонар узяцця Казані). Пачала развівацца гравюра (дрэварыты да кн. «Апостал», 1564). На мяжы 16—17 ст. склалася Строганаўская школа жывапісу з яе вытанчана-мініяцюрным пісьмом. У іканапісе 17 ст. павялічылася цікавасць да больш рэаліст. перадачы прасторы, аб’ёму і святлаценю (С.​Ушакоў). Манум. жывапісу ўласцівы апавядальнасць сюжэтаў і яркая дэкаратыўнасць (размалёўкі храмаў Кастрамы, Масквы, Яраслаўля і інш.). Пачало складвацца свецкае мастацтва, узнік партрэтны жанр — парсуна Інтэнсіўна развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва: ювелірная справа, разьба па дрэве і камені, кераміка, вышыўка, маст. апрацоўка металу. У 18 ст. пачало дамінаваць свецкае мастацтва: развіваўся партрэтны жанр у жывапісе (А.​Антропаў, І.​Аргуноў, У.​Баравікоўскі, І.​Вішнякоў, Л.​Каравак, Дз.​Лявіцкі, А.​Мацвееў, І.​Нікіцін, Ф.​Рокатаў) і скульптуры (Б.​К.​Растрэлі, Ф.​Шубін) узніклі гіст. (А.​Дасенка, Р.​Угрумаў), быт. (І.​Фірсаў, М.​Шыбанаў, І.​Ермянёў) і пейзажны (Ф.​Аляксееў, С.​Шчадрын) жанры. Пашыраліся відавая і батальная гравюра, дэкар. размалёўка. 2-я пал. 18—1-я чвэрць 19 ст. — перыяд станаўлення рус. класіцызму, прынцыпы якога вызначала Пецярбургская акадэмія мастацтваў. Грамадз. пафас класіцызму найб. ярка выявіўся ў станковай (М.​Казлоўскі, І.​Пракоф’еў), мемарыяльнай (Ф.​Гардзееў, І.​Мартас), манум.-дэкар. (В.​Дэмут-Маліноўскі, С.​Піменаў, Э.​Фальканэ, Ф.​Шчадрын) скульптуры.

У 1-й пал. 19 ст. побач з класіцыстычным жывапісам (А.​А.​Іванаў, А.​І.​Іванаў, В.​Шабуеў) узнікла мастацтва, прасякнутае павевамі рамантызму (партрэты К.​Брулова, А.​Кіпрэнскага, В.​Трапініна, жывапіс і графіка А.​Арлоўскага, пейзажы М.​Вараб’ёва, М.​Лебедзева, Шчадрына, пазней — І.​Айвазоўскага). Увагай да нар. жыцця адзначаны творы А.​Венецыянава і яго школы. У жывапісе П.​Фядотава, графіцы А.​Агіна і Я.​Бярнардскага зараджалася мастацтва крытычнага рэалізму, якое ў 1860-я г. развілося ў жывапісе жанрыстаў І.​Пранішнікава, В.​Пярова і інш., а пазней у творчасці перасоўнікаў. Іх лепшыя дасягненні — партрэты І.​Крамскога, жанравыя творы А.​Карзухіна, У.​Макоўскага, Р.​Мясаедава, К.​Савіцкага, М.​Ярашэнкі, карціны В.​Васняцова, М.​Ге, М.​Неўрава, В.​Паленава, В.​Пукірава, І.​Рэпіна, В.​Сурыкава, В.​Якобі — адметныя асаблівай сілай маст. абагульнення, глыбокім дэмакратызмам. З дзейнасцю перасоўнікаў звязаны і новы этап у развіцці рус. пейзажа (Ф.​Васільеў, М.​Клот, А.​Куінджы, І.​Левітан, А.​Саўрасаў, І.​Шышкін). У батальным жанры блізкі да перасоўнікаў В.​Верашчагін. У скульптуры 2-й пал. 19 ст. развіваліся малыя формы, склаўся тып станковай скульптуры, прызначанай для музея ці выстаўкі (М.​Антакольскі). На манум. пластыку паўплывала станковая скульптура (А.​Апякушын). У дэкар.-прыкладным мастацтве ў 18—19 ст. пачаўся выраб рус. фарфору, новы ўздым адбыўся ў маст. шкле. На аснове стараж.-рус. традыцый развівалася нар. мастацтва (гл. Багародская разьба, Валагодскія карункі, Гжэльская кераміка, Дымкаўская цацка, Жостаўская размалёўка, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Таржоцкае залатое шыццё, Хахламская размалёўка). На мяжы 19—20 ст. традыцыі перасоўнікаў прадаўжалі жывапісцы А.​Архіпаў, С.​Іванаў, М.​Касаткін, С.​Каровін, П.​Малявін, М.​Несцераў, А.​Рабушкін, у пач. 20 ст. паявіўся стыль мадэрн, у жывапісе да яго блізкія вытанчана-паэт. палотны В.​Барысава-Мусатава, В.​Сярова, М.​Урубеля, а таксама творчасць групы «Свет мастацтва» (Л.​Бакст, А.​Бенуа, М.​Дабужынскі, Б.​Кустодзіеў, Я.​Лансерэ, З.​Серабракова, К.​Сомаў), адзначаныя рысамі стылізацыі і рэтраспектыўнасці. Рысы імпрэсіянізму выявіліся ў творчасці жывапісцаў І.​Грабара, К.​Каровіна, скульпт. П.​Трубяцкога, рамантычна-сімвалічны кірунак — жывапісцаў К.​Багаеўскага, А.​Рылова, М.​Рэрыха. Уплывам сімвалізму вызначаны творы мастакоў аб’яднання «Блакітная ружа» (П.​Кузняцоў, М.​Сар’ян і інш.) і К.​Пятрова-Водкіна. Развівалася творчасць майстроў, што зазналі ўплыў кубізму (мастакі аб’яднання «Бубновы валет»: П.​Канчалоўскі, А.​Лянтулаў, І.​Машкоў), стваральнікаў лучызму (Н.​Ганчарова, М.​Ларыёнаў), прадстаўнікоў абстракцыянізму (В.​Кандзінскі, К.​Малевіч). Росквіту дасягнулі тэатр.-дэкар. мастацтва (Бакст, А.​Галавін, К.​Каровін) і кніжная графіка (Бенуа, І.​Білібін). Паспяхова развівалася і скульптура (М.​Андрэеў, Г.​Галубкіна, А.​Мацвееў, С.​Канёнкаў). Пасля 1917 асаблівае значэнне набылі плакат і карыкатура (В.​Дэні, Дз.​Маор, У.​Маякоўскі, М.​Чарамных).

Выяўл. мастацтва 1920-х г. развівалася ў вострай барацьбе розных творчых груповак; у маст. жыцці аформіліся прынцыпы сацыялістычнага рэалізму як вызначальнага метаду сав. мастацтва. Гісторыка-рэв. і быт. тэматыку распрацоўвалі чл. Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыйнай Расіі (І.​Бродскі, М.​Грэкаў і інш.), новыя індустр. рытмы спрабавалі адлюстраваць у мастацтве майстры «Т-ва мастакоў-станкавістаў» (А.​Дайнека, Ю.​Піменаў і інш.). Развіваўся партрэт (С.​Малюцін, у скульптуры — Андрэеў, Галубкіна, С.​Лебедзева), пейзаж (В.​Бакшэеў, Грабар, М.​Крымаў, А.​Купрын, Рылоў, К.​Юон і інш.), нацюрморт (Канчалоўскі, Машкоў і інш.). У графіцы плённа працавалі Г.​Астравумава-Лебедзева, У.​Канашэвіч, А.​Краўчанка, М.​Купрыянаў, І.​Нівінскі, І.​Паўлаў, У.Фаворскі, у манум. і станковай скульптуры — М.​Манізер, В.​Мухіна, С.​Мяркураў, М.​Тырса, І.​Шадр, Л.​Шэрвуд і інш. Шэраг мастакоў, імкнучыся да арганізацыі новых форм побыту, перайшлі да маст. канструявання (Л.​Лісіцкі, Л.​Папова, А.​Родчанка, У.​Татлін). У жывапісе вылучаліся гісторыка-рэв. і жанравыя палотны Бродскага, С.​Герасімава, Дайнекі, Б.​Іагансона, К.​Істоміна, А.​Маравава, Пятрова-Водкіна, А.​Самахвалава, У.​Сярова, Д.​Штэрэнберга, Дз.​Шмарынава; партрэты А.​Герасімава і М.​Несцерава; пейзажы Грабара, Г.​Ніскага; нацюрморты А.​Асмёркіна, Канчалоўскага, Лянтулава, Машкова і інш., у графіцы — ілюстрацыі Я.​Кібрыка, Я.​Чарушына; карыкатуры Кукрыніксаў, Б.​Яфімава. У тэатр.-дэкарацыйным мастацтве традыц. формы (Галавін, В.​Сімаў) спалучаліся з тэндэнцыямі канструктывізму (Н.​Альтман, У. і Г.​Стэнбергі). Да лепшых узораў рас. мастацтва перыяду Вял. Айч. вайны належаць творы жывапісцаў і графікаў М.​Авілава, А.​Вярэйскага, Г.​Вярэйскага, П.​Корына, А.​Пахомава, А.​Пластава, М.​Рамадзіна, Л.​Сайферціса, І.​Сярэбранага, скульптараў К.​Белашовай, Я.​Вучэціча; асаблівае значэнне набылі плакат і карыкатура (А.​Какарэкін, В.​Карэцкі, Кукрыніксы).

Дасягненне выяўл. мастацтва пасляваен. перыяду — жанравыя і гіст. палотны А.​Бубнава, А.​Лакціёнава, Ю.​Няпрынцава, Пластава, Р.​Шагаля і інш., партрэты (у жывапісе Корына, у скульптуры — Канёнкава), пейзажы Герасімава, манум. пластыка М.​Анікушына, Вучэціча, Л.​Кербеля, А.​Кібальнікава, М.​Томскага, У.​Цыгаля, графіка Вярэйскіх, А.​Ганчарова, Б.​Прарокава. Разам з творамі, якія апявалі подзвіг народа ў Вял. Айч. вайне, пашыралася тэматыка працы і мірнага жыцця.

Разнастайнасцю творчых пошукаў вызначаецца мастацтва 2-й пал. 1950—60-х г., для якога характэрны пластычна абагульненыя эмацыянальна насычаныя вобразы: у станковым жывапісе — М.​Андронаў, П.​Асоўскі, А.​Грыцай, Дз.​Жылінскі, Г.​Коржаў, А.​Мыльнікаў, Ніскі, Ф.​Рашэтнікаў, А. і П.​Смоліны, А. і С.​Ткачовы, Ю.​Тулін, у скульптуры — Ю.​Аляксандраў, А.​Комаў, А.​Полагава, у графіцы — І.​Галіцын, Г.​Захараў і інш. У асобную плынь у жывапісе вылучыўся т.зв. суровы стыль (В.​Папкоў і інш.), кніжная ілюстрацыя развівала пераважна традыцыі 1930-х г. (А.​Вярэйскі, Ганчароў, Герасімаў, Кукрыніксы, Фаворскі і інш.). Побач з афіц. мастацтвам развівалася неафіцыйнае (андэграўнд), у якім найб. вылучалася творчасць маст. груп «Ліянозаўская» (М.​Вячтомаў, Л.​Крапіўніцкі, Я.​Крапіўніцкі, Л.​Масцяркова, О.​Рабін і інш.), «Срэценскі бульвар» (А.​Брусілоўскі, І.​Кабакоў, Э.​Неізвесны, Ю.​Собалеў і інш.), мастакоў А.​Зверава, Э.​Булатава, У.​Галіцкага, У.​Грыгаровіча. Я.​Есауленкі, В.​Сідура, І.​Чуйкова, У.​Якаўлева і інш. Творчасць мастакоў 1970—90-х г. вызначаецца паглыблена-прадметнай трактоўкай з’яў, вастрынёй успрыняцця асаблівасцей прыроднага і прадметнага асяроддзя, імкненнем да метафарычнасці і эмац. стрыманасці, стварэння значнага, канкрэтна-індывідуальнага вобраза: у жывапісе — І.​Арлоў, І.​Глазуноў, Б.​Дамашнікаў, М.​Малюцін, Мыльнікаў, Т.​Назарэнка, А.​Нікіч, А.​Шылаў; у скульптуры — Ю.​Аляксандраў, Л.​Галаўніцкі, В.​Клыкаў, А.​Комаў, Л.​Крамнёва, Л.​Ланкінен, Неізвесны, Б.​Плёнкін, Полагава, А.​Рукавішнікаў, С.​Санакоеў, Ю.​Чарноў, М.​Шамякін; у графіцы — І.​Абросаў, Ю.​Васняцоў, Галіцын, Захараў; у манум. жывапісе — Андронаў, А.​Васняцоў, Ю.​Каралёў, Б.​Тальберг; у манум. скульптуры — А.​Анікушын, Ю.​Арэхаў, П.​Бандарэнка, А.​Кібальнікаў, А.​Лягін, С.​Малькоў, А.​Файдыш, Цыгаль, З.​Цэрэтэлі; у тэатр.-дэкарацыйным мастацтве — А.​Васільеў, Б.​Волкаў і інш. У 1960 створаны Саюз мастакоў Р.

Музыка. Вытокі рус. муз. культуры ў рытуальна-абрадавай культуры ўсх.-слав. фальклору (працоўныя, каляндарна- і сямейна-абрадавыя, працяжныя, пахавальныя песні). Устойлівасць абрадавых муз. традыцый абумоўлена гіст. ўмовамі; для стылістыкі характэрны паўторнасць і варыянтнасць вузкааб’ёмных формул-папевак. У Стараж. Русі існавалі мужчынскія і жаночыя плачы-галашэнні, гераічны песенны эпас, быліны (старыны). З часам развіўся самабытны стыль лірычнай песні з уласцівай ёй меладычнай шырынёй, падгалосачнай поліфаніяй, вольным вар’іраваннем напеву. Муз. своеасаблівасцю вызначалася творчасць скамарохаў. Сярод рус. нар. інструментаў: струнныя — балалайка, гуслі, домра, ліра, гудок; духавыя — дуда, дудка, кугіклы (жалейка), рог, труба, ражкі, сапель; язычковыя — варган, гармонік і інш. У княжацкім побыце выкарыстоўвалася мастацтва іншаземных «іграцоў» на арфе, лютні, флейце. Афіц. святы і паходы суправаджаліся ратнай музыкай (трубы, бубны). Пачаткам прафес. мастацтва з канца 10 ст. стала музыка хрысц. культу. Яе муз. аснова — песнапенні і літургічныя кампазіцыі Візантыі, якія з 11—12 ст. ператварыліся ў самабытную культуру правасл. малітоўнага спеву. Аднагалосыя напевы запісвалі з дапамогай арыгінальнай неўменнай натацыі (крукі, ці знамёны, адсюль знаменны спеў). Культавая правасл. музыка ўключала стыхіры, ірмасы, трапары, кандакі (адрозніваліся значнай распеўнасцю), каноны, псалмы. З сярэдзіны 16 ст. знаменны спеў дасягае найвыш. росквіту, яго сістэматызацыя замацавана ў «Азбуцы» А.​Мезянца. З сярэдзіны 17 ст. ва ўлонні царквы пачало развівацца шматгалоссе, арыентаванае на еўрап. акордава-гарманічны склад. Тэарэт. асновы партэсных спеваў абгрунтаваў М.​Дылецкі ў трактаце «Граматыка мусікійская» (1675). Асн. жанр — партэсны канцэрт (майстры маскоўскай школы духоўнага канцэрта 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. Н.​Бавыкін, С.​Бяляеў, І.​Ігнацьеў, М.​Калашнікаў, П.​Нарыцын, С.​Пекаліцкі, І.​Пратапопаў, В.​Цітоў і інш.). Шырокае распаўсюджанне атрымалі быт. шматгалосыя канты і псальмы на рэліг., пазней на лірычныя, патрыят. тэксты (сярод аўтараў тэкстаў Сімяон Полацкі, Дз.​Растоўскі,

В.​Традзьякоўскі). Рэформы Пятра I спрыялі паяўленню ў Расіі італьян., франц., ням. опер, таксама гастрольных оперных труп. У 2-й пал. 18 ст. ствараліся публічныя т-ры, з’явіліся рус. оперныя спевакі (Л.​Белаградская, Л.​Сандунова, П.​Жамчугова), развівалася канцэртнае мастацтва (І.​Хандошкін, В.​Трутоўскі). Узрасла цікавасць да фальклору. Пачалося фарміраванне рус. кампазітарскай школы, з’явіліся першыя рус. оперы (М.​Сакалоўскі, В.​Пашкевіч, Е.​Фамін); найвыш. росквіту дасягнуў рус. духоўны канцэрт (Дз.​Бартнянскі, М.​Беразоўскі). Пад уздзеяннем сентыментальнай паэзіі, салонных танцаў і лірычнага канта ўзнік рус. раманс («расійская песня»; Ф.​Дубянскі, В.Казлоўскі, Р.​Цяплоў). Росквіт рус. класічнай музыкі пачаўся з 19 ст. Новага маст. ўзроўню дасягнуў раманс: на глебе апасродкаванага ўплыву цыганскай культуры ўзнік жанр «жорсткага раманса», выкананне якога вызначаецца большай экспрэсіўнасцю. З’явіліся новыя жанры: сімфонія, уверцюра, канцэрт, саната. На глебе быт. гар. песеннасці праявіліся рысы рамантызму ў творчасці А.​Аляб’ева, А.​Варламава, А.​Вярстоўскага, А.​Гурылёва. Заснавальнік рус. муз. класікі М.​Глінка, абапіраючыся на нац. муз. традыцыі, увасобіў у оперных творах героіка-патрыят. тэму, вобразы айч. міфалогіі; высокім еўрап. узроўнем вызначаюцца яго сімф. творы. На рэаліст., сац. і лірыка-псіхал. вобразнасці грунтавалася творчасць А.​Даргамыжскага, што набліжала яго да натуральнай школы ў л-ры і жывапісе. Вывучэнню і папулярызацыі нац. мастацтва спрыяла муз.-крытычная дзейнасць У.​Адоеўскага, Г.​Лароша, У.​Стасава, А.​Сярова і інш. Вял. ролю адыграла адкрыццё А. і М.​Рубінштэйнамі кансерваторый у Пецярбургу (1861) і Маскве (1866), што стала пачаткам падрыхтоўкі музыкантаў-прафесіяналаў. Муз.-асв. работу ў Пецярбургу вяла Бясплатная муз. школа (1862), якую ўзначальвалі М.​Балакіраў і Г.​Ламакін. У пач. 1860-х г. вакол Балакірава згуртавалася садружнасць кампазітараў «Магутная кучка», якая адлюстравала абнаўляльныя маст. тэндэнцыі часу. Рус. оперы 2-й пал. 19 ст. ўласцівы глыбокі псіхалагізм, рэалізм і ахоп тэм з нац. гісторыі, эпасу, нар. побыту, жыццёвая і псіхал. змястоўнасць, наватарства форм: нар. драмы М.​Мусаргскага: оперы-казкі, быліны, паданні М.​Рымскага-Корсакава і А.​Барадзіна, лірыка-псіхал. драмы П.​Чайкоўскага. Сімфонія была прадстаўлена эпічнай (Барадзін) і драм. (Чайкоўскі) лініямі; шырокае развіццё набыла праграмная музыка. Чайкоўскі рэфармаваў балет шляхам яго сімфанізацыі. Своеасаблівая галіна быт. культуры 2-й пал. 19 ст. — эстр. раманс і выканальніцтва (Н.​Вяльцава, А.​Давыдаў, В.​Паніна, Н.​Плявіцкая).

На мяжы 19—20 ст. класічныя муз. традыцыі развівалі А.​Арэнскі, А.​Глазуноў, В.​Каліннікаў, А.​Лядаў, С.​Ляпуноў, С.​Танееў і інш. Значнай з’явай сталі новыя кірункі харавой музыкі рус. царквы. Літургічная музыка набыла канцэртныя рысы (харавыя творы А.​Архангельскага, А.​Грачанінава, М.​Іпалітава-Іванава, Каліннікава, А.​Кастальскага, А.​Нікольскага, С.​Рахманінава, У.​Рэбікава, М.​Чарапніна, А. і П.​Часнаковых). Неарамант. рысамі вылучалася творчасць М.​Метнера, наватарствам стылю — музыка А.​Скрабіна. Новыя шляхі інтэрпрэтацыі фальклору і муз.-тэатр. жанраў адкрыў І.​Стравінскі. Сярод прадстаўнікоў выканальніцкай культуры 19 — пач. 20 ст. спевакі А.​Няжданава, В. і Г.​Пятровы, Л.​Собінаў, Ф.​Стравінскі, Ф.​Шаляпін, піяністы Рахманінаў, А.​Рубінштэйн, М.​Рубінштэйн, В.​Сафонаў, Скрабін, Метнер, скрыпачы і віяланчэлісты школ Л.​Аўэра і К.​Давыдава. Рус. мастацтва прапагандаваў за мяжой С.​Дзягілеў. У 1-й трэці 20 ст. праявіліся рысы маст. авангардызму (творы І.​Вышняградскага, А.​Лур’е, М.​Рослаўца, М.​Мацюшына, Н.​Обухава). Уклад у развіццё рус. муз. школы ў 20 ст. зрабілі Дз.​Кабалеўскі, М.​Мяскоўскі, С.​Пракоф’еў, Рахманінаў, І.​Стравінскі, Г.​Свірыдаў, Ю.​Шапорын, Дз.​Шастаковіч, якія абнавілі ўсе важнейшыя муз. жанры. Даніну рэв. настроям эпохі ў харавых творах аддалі А.​Аляксандраў, В.​Белы, Дз.​Васільеў-Буглай, А.​Давідзенка. Тыповай з’явай рус. сав. мастацтва стала папулярная масавая песня (М.​Блантэр, І.​Дунаеўскі, У.​Захараў, Б.​Макравусаў, А.​Новікаў, Дз.​Пакрас, А.​Пахмутава, В.​Салаўёў-Сядой, Д.​Тухманаў) і песенная па стылі опера на рэв.-дэмакр. тэматыку (І.​Дзяржынскі, Ц.​Хрэннікаў). У 2-й пал. 20 ст. жанры оперы і балета развівалі А.​Пятроў, С.​Сланімскі, Б.​Цішчанка, Р.​Шчадрын. Значныя дасягненні сімфаністаў М.​Вайнберга, Г.​Галыніна, М.​Пяйко, А.​Салманава, Г.​Уствольскай, Б.​Чайкоўскага. Самабытныя рысы рус. лірыкі і эпасу ўвасоблены ў кантатах, араторыях, харах, рамансах К.​Волкава, В.​Гаўрыліна, Пятрова, Салманава, Свірыдава, Шчадрына. Эксперыментальныя памкненні поставангарду апошняй трэці 20 ст. спрыялі зліццю фундаментальных якасцей рус. школы і новых сродкаў выразнасці, якія праявіліся ў творчасці С.​Губайдулінай, Э.​Дзянісава, А.​Шнітке. Значнае дасягненне рус. культуры 1980—90-х г. — актыўнае развіццё традыцый духоўнай музыкі новага кірунку пач. 20 ст. ў рэчышчы шматвяковых пеўчых архетыпаў і літургічных жанраў кампазітарамі розных пакаленняў і стыляў. У хар., тэатр., інстр. творах Э.​Арцем’ева, Ю.​Буцко, Губайдулінай, Дзянісава, М.​Карэтнікава, Свірыдава, М.​Сідзельнікава і інш. стараж. напевы выкарыстоўваюцца ў розных жанрах, узаемадзейнічаюць з традыцыямі оперы, сімфоніі, кантаты, араторыі. Сярод таленавітых выканаўцаў 20 ст.: піяністы Л.​Аборын, У.​Ашкеназі, Дз.​Башкіраў, А.​Гальдэнвейзер, Э.​Гілельс, У.​Горавіц, М.​Грынберг, Я.​Зак, К.​Ігумнаў, Г.​Нейгаўз, Л.​Нікалаеў, С.​Рыхтэр, У.​Сафраніцкі, П.​Серабракоў, Я.​Фліер, М.​Юдзіна; скрыпачы Л.​Аўэр, Л.​Коган, Д.​Ойстрах, М.​Палякін, В.​Траццякоў, Я.​Цымбаліст; віяланчэлісты А.​Брандукоў, А.​Вержбіловіч, Р.​Гарбузава, Н.​Гутман, С.​Казалупаў, С.​Кнушавіцкі, Г.​Пяцігорскі, М.​Растраповіч, Д.​Шафран; спевакі А.​Абразцова, Н.​Абухава, І.​Архіпава, В.​Барсава, Г.​Вішнеўская, К.​Дзяржынская, І.​Казлоўскі, С.​Лемешаў, Я.​Несцярэнка, А.​Няжданава, Р. і А.​Піраговы, І.​Пятроў, М.​Рэйзен, Л.​Собінаў, Б.​Штокалаў, І.​Яршоў; дырыжоры М.​Галаванаў, А.​Гаўк, В.​Гергіеў, У.​Дранішнікаў, І.​Кандрашын, С.​Кусявіцкі, М.​Малько, А.​Мелік-Пашаеў, Я.​Мравінскі, А.​Пазоўскі, Г.​Раждзественскі, С.​Самасуд, Я.​Святланаў, У.​Співакоў, В.​Сук, Ю.​Фаер, Ю.​Цемірканаў; харавыя дырыжоры Аляксандраў, М.​Данілін, М.​Клімаў, А.​Свешнікаў, У.​Чарнушэнка, А.​Юрлоў. Прадстаўнікі шматлікіх кірункаў эстр. трактоўкі быт. раманса і песні: А.​Вярцінскі, В.​Козін, Л.​Русланава, К.​Шульжэнка, І.​Юр’ева і інш. Найб. вядомыя рас. муз. т-ры: у Маскве — Вялікі тэатр Расіі, Маскоўскі акадэмічны музычны тэатр імя К.​С.​Станіслаўскага і У.​І.​Неміровіча-Данчанкі, Маскоўскі акадэмічны дзіцячы музычны тэатр, Маскоўскі музычны камерны тэатр, у С.-Пецярбургу — Марыінскі тэатр оперы і балета, Малы т-р імя Мусаргскага, а таксама т-ры ў Новасібірску, Екацярынбургу, Пермі, Ніжнім Ноўгарадзе. Сярод найб. вядомых выканальніцкіх калектываў — Дзяржаўны сімфанічны аркестр Расіі, Дзяржаўны акадэмічны вялікі сімфанічны аркестр імя П.​І.​Чайкоўскага, Дзярж. акад. сімф. аркестр С.-Пецярбургскай філармоніі, Сімф. аркестр Маскоўскай філармоніі, С.-Пецярбургская акад. капэла імя Глінкі, Рэсп. рус. харавая капэла імя Юрлова, Ансамбль песні і танца Расійскай арміі імя Аляксандрава, Рускі народны хор імя Пятніцкага, Дзяржаўны акадэмічны рускі хор, Дзярж. рус. нар. аркестр імя Андрэева, Дзярж. рус. нар. аркестр імя Осіпава.

На 2001 у Р.: 10 кансерваторый, Рас. і Кемераўская акадэміі музыкі, муз.-пед. ін-ты, шэраг ін-таў культуры з муз. аддзяленнямі, шырокая сетка муз. вучылішчаў, ліцэяў і інш. Праводзяцца муз. конкурсы, найбуйнейшы — Міжнар. конкурс музыкантаў-выканаўцаў імя Чайкоўскага. У 1960 створаны Саюз кампазітараў Р.

Тэатр. Узнікненне элементаў рус. тэатр. мастацтва звязана з працоўнай дзейнасцю, нар. культавымі абрадавымі дзеяннямі і святочнымі гульнямі. Першыя прафес. носьбіты рус. тэатр. культуры — скамарохі. Мелі пашырэнне лялечныя прадстаўленні. У 16 ст. ўзнік рус. царк. т-р, але вял. развіцця не атрымаў. У 1672—76 пры двары цара Аляксея Міхайлавіча створаны першы прыдворны т-р, у рэпертуары якога былі п’есы на біблейскія і міфалагічныя тэмы. Па ўказанні Пятра I у Маскве ў 1702—06 працаваў першы дзярж. т-р пад кіраўніцтвам І.​Х.​Кунста, для якога на Краснай плошчы быў пабудаваны «Камедыйны хорам» на некалькі соцень гледачоў. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. набыў папулярнасць школьны тэатр. аматарскія трупы якога ствараліся ў буйных свецкіх навуч. установах (Славяна-грэка-лацінская акадэмія, Хірургічная школа ў Маскве, Дваранскі кадэцкі корпус у С.-Пецярбургу). Стварэнне і развіццё рус. школьнага т-ра цесна звязана з імем Сімяона Полацкага. Набыла папулярнасць і такая форма нар. т-ра, як вусная нар. драма («Цар Максімілян», «Лодка»). У 1-й пал. 18 ст. развіваецца аматарскі т-р «ахвочых камедыянтаў». Найб. вядомай у сярэдзіне 18 ст. стала яраслаўская трупа пад кіраўніцтвам Ф.​Волкава, якая ў 1752 была запрошана ў С.-Пецярбург. У 1730—40 пры двары гастраліравалі замежныя трупы (італьян., ням. т-р К.​Нейбер, франц. драм. т-р). У 1756 паводле загаду імператрыцы Лізаветы засн. «Рускі для прадстаўлення трагедый і камедый тэатр». Яго аснову склалі выпускнікі Дваранскага кадэцкага корпуса з ліку яраслаўскай аматарскай трупы Волкава (І.​Дзмітрэўскі, Я.​Шумскі і інш.), першым дырэктарам прызначаны А.​Сумарокаў. Для развіцця рус. сцэны апошняй чвэрці 18 ст. вял. значэнне мела творчасць драматургаў-паслядоўнікаў Сумарокава — Ф.​Казельскага, Я.​Княжніна, В.​Майкава, А.​Ржэўскага, М.​Хераскава, а таксама сатырычныя камедыі Дз.​Фанвізіна і В.​Капніста. У 1757 пры Маскоўскім ун-це засн. Універсітэцкі т-р, у 1780 на яго базе — Пятроўскі т-р. У 1770—80-я г. ўзніклі т-ры ў Калузе, Пензе, Тамбове, Туле і інш. губернскіх гарадах. З 1779 у Пецярбургу ў т-ры на Царыцыным лузе пачала выступаць рус. трупа антрэпрэнёра К.​Кніпера. У канцы 18 — пач. 19 ст. сталі пашырацца прыватныя прыгонныя тэатры, якія заклалі асновы рус. правінцыяльнай сцэны. Высокім майстэрствам вызначалася творчасць прыгонных акцёраў П.​Жамчуговай, Т.​Шлыкавай-Гранатавай і інш. У 1-й чвэрці 19 ст. вял. поспехам карысталіся трагедыі У.​Озерава, камедыі М.​Загоскіна, І.​Крылова, П.​Плавільшчыкава, А.​Шахаўскога, пачалі перакладацца і ставіцца п’есы У.​Шэкспіра, Ф.​Шылера. Ігра трагедыйных акцёраў пач. 19 ст. А.​Якаўлева, К.​Сямёнавай узрушала гледачоў высокай культурай выканання. У 1826—82 Дырэкцыя імператарскіх т-раў (існавала з 1766) увяла дзярж. манаполію на т-ры. Ставіліся перакладныя вадэвілі і меладрамы, п’есы П.​Абадоўскага, Н.​Кукальніка і інш.

У 1824 у Маскве засн. Малы тэатр. У 1832 у Пецярбургу ўзведзены будынак Александрынскага тэатра. За новы рэпертуар рус. т-ра актыўна выступалі В.​Бялінскі і М.​Гогаль, якія сцвярджалі неабходнасць адлюстравання ў т-ры праўды жыцця, звароту да важнейшых тагачасных праблем. Лепшыя творы рус. драматургіі з цяжкасцямі траплялі на сцэну, часта са значнымі цэнзурнымі праўкамі і скажэннямі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, 1831; «Барыс Гадуноў» А.​Пушкіна, 1866). Доўгі час пад забаронай былі рамант. драмы В.​Гюго, шэраг п’ес Шэкспіра, Шылера. Вял. грамадскай і тэатр. падзеяй стала пастаноўка ў 1836 «Рэвізора» Гогаля. Станаўленне 2 асн. кірункаў рус. т-ра — рамантызму і рэалізму — звязана з дзейнасцю акцёраў Малога т-ра П.​Мачалава і М.​Шчэпкіна. Творчы метад Шчэпкіна стаў вызначальным для развіцця рус. акцёрскага мастацтва, ён развіты і паглыблены акцёрам Александрынскага т-ра А.​Мартынавым і інш. Класіцыстычны кірунак у рус. т-ры 1-й пал. 19 ст. несла ў сабе прасякнутая манументальнай параднасцю творчасць В.​Каратыгіна. Сярод лепшых акцёраў 1-й пал. 19 ст. В.​Асенкава, М.​Дзюр, В.​Жывакіні, Якаўлеў і інш. Вял. ўплыў на т-р зрабілі вызв. рух 1850-х г., бурны эканам. рост краіны, філас.-публіцыст. думка. Узрасла цікавасць да рус. драматургіі, якая адлюстроўвала тагачасную рэчаіснасць. Меладрама і вадэвіль саступілі месца драме і камедыі. Новы этап развіцця рус. т-ра звязаны з творчасцю А.​Астроўскага, п’есы якога найлепш увасабляліся на сцэне Малога т-ра. На аснове пастановак яго п’ес вырасла плеяда акцёраў (С. і П. Васільевы, Л.​Нікуліна-Касіцкая, П., М. і В.​Садоўскія), фарміравалася школа сцэн. майстэрства. Сярод вядучых акцёраў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. К.​Варламаў, У.​Давыдаў, М.​Савіна, І.​Самарын, Р.​Фядотава, С.​Шумскі, А.​Южын, М.​Ярмолава. Пашыралася дзейнасць правінцыяльных т-раў, у якіх выступалі акцёры В.​Андрэеў-Бурлак, М.​Іваноў-Казельскі, М.​Лісараў, М.​Рыбакоў, П.​Стрэпетава і інш. З 1882 пачынаюць актыўна стварацца прыватныя т-ры, у т. л. Маскоўскі тэатр Корша. Прагрэсіўнасцю вызначалася дзейнасць акцёра і рэжысёра Малога т-ра А.​Ленскага, які імкнуўся да абнаўлення тэатр. мастацтва, выхавання акцёраў высокай культуры. У 1898 К.​Станіслаўскі і У.​Неміровіч-Данчанка стварылі Маскоўскі Мастацкі тэатр (МХТ), творчасць якога фарміравалася пераважна на драматургіі А.​Чэхава і М.​Горкага. Стваральнікі МХТ ажыццявілі эстэт. рэформу рэпертуару, рэжысуры і акцёрскага мастацтва (гл. Станіслаўскага сістэма). Грамадскую значнасць меў створаны ў 1904 В.​Камісаржэўскай Драм. т-р у Пецярбургу, на сцэне якога ставіліся п’есы М.​Горкага і драматургаў, што групаваліся вакол выд-ва «Веды» (С.​Найдзёнаў, Л.​Андрэеў і інш.). У 1910-я г. ў рус. тэатр. мастацтве развіваліся разнастайныя плыні і кірункі: рэжысёрскае мастацтва У.​Меерхольда звязана з паэтыкай сімвалізму, А.​Таірава — з мадэрнісцкімі тэндэнцыямі і інш. Узнік шэраг эксперыментальных тэатр. студый: Ф.​Камісаржэўскага (1910), 1-я студыя МХТ (1912), Я.​Вахтангава (1913) у Маскве, Меерхольда ў Петраградзе (1914) і інш. У 1917 паводле дэкрэта Саўнаркома т-ры перададзены Нар. камісарыяту асветы, у 1919 нацыяналізаваны. У першыя паслярэв. гады класічны рэпертуар часта трактаваўся ў плане «сугучнасці рэвалюцыі», у драматургіі пераважалі паліт., прасякнутыя духам рэв. рамантыкі п’есы («Містэрыя-буф» У.​Маякоўскага і інш.). Пашырыліся агітац. т-ры, своеасаблівай разнавіднасцю якіх былі масавыя прадстаўленні на вуліцах і плошчах. Створаны новыя т-ры: 3-я студыя МХТ (1921, цяпер Тэатр імя Я.​Вахтангава), т-р РСФСР 1-ы (1920, у 1923—28 Маскоўскі тэатр імя У.​Меерхольда), Т-р Рэвалюцыі (1922, цяпер Маскоўскі тэатр імя У.​Маякоўскага), Т-р імя МГСПС (1923, цяпер Тэатр імя Массавета) у Маскве, Вялікі драм. т-р (1919, пазней імя М.​Горкага, цяпер імя Г.​Таўстаногава) у Петраградзе, т-р «Чырвоны факел» у Адэсе (1920, з 1932 у Новасібірску) і інш. У 1918—20 створаны першыя т-ры для дзяцей, у 2-й пал. 1920-х г. — тэатры рабочай моладзі (ТРАМ), у 1930-я г. — калгасна-саўгасныя тэатры. Асн. кірункам развіцця рус. тэатр. мастацтва ў 1930—80-я г. стаў метад сацыялістычнага рэалізму. У 1920—40-я г. ставіліся п’есы тагачаснай тэматыкі паводле твораў А.​Афінагенава, У Біль-Белацаркоўскага, У.​Вішнеўскага, В.​Катаева, Маякоўскага, М.​Пагодзіна, Л.​Сейфулінай, К.​Транёва і інш. Сярод рэжысёраў М.​Акімаў, М.​Ахлопкаў, Вахтангаў, А.​Дзікі, Ю.​Завадскі, Н.​Літоўцава, Я.​Любімаў-Ланской, Меерхольд, А.​Папоў, І.​Платон, М.​Пятроў, Л.​Празароўскі, Р.​Сіманаў, І.​Судакоў, Таіраў і інш.; акцёры — Дз.М Арлоў, А.​Астужаў, М.​Бабанава, Б.​Бабачкін, А.​Ф.​Барысаў, С.​Бірман, І.​Бярсенеў, С.​Гіяцынтава, Ю.​Глізер, А.​Гогалева, А.​Грыбаў, Б.​Дабранраваў, М.​Жараў, І.​Ільінскі, К.​Карчагіна-Александроўская, В.​Качалаў, М.​Клімаў, В.​Кніпер-Чэхава, А.​Коанен, А.​Ктораў, Л.​Леанідаў, Б.​Ліванаў, М.​Мардвінаў, С.​Марцінсон, В.​Марэцкая, В.​Масаліцінава, І.​Масквін, В.​Мічурына-Самойлава, В.​Мяркур’еў, В.​Пашэнная, Р.​Плят, В.​Лыжова, І.​Пяўцоў, Ф.​Ранеўская, В.​Рыжова, М.​Сіманаў, А.​Сцяпанава, А.​Тарасава, М.​Тарханаў, Е.​Турчанінава, М.​Хмялёў, М.​Цароў, М.​Чаркасаў, М.​Штраўх, Б.​Шчукін, Ю.​Юр’еў, А.​Яблачкіна, К.​Яланская, М.​Яншын і інш. У 1941—45 дзейнасць т-раў была скіравана на духоўную мабілізацыю народа супраць фаш. агрэсіі, у рэпертуарах пераважалі героіка-патрыятычныя пастаноўкі паводле твораў А.​Карнейчука, Л.​Лявонава, К.​Сіманава і інш. З 2-й пал. 1940-х г. ставіліся пераважна спектаклі, прысвечаныя падзеям Вял. Айч. вайны (паводле твораў Б.​Лаўранёва, А.​Фадзеева і інш.), п’есы тагачаснай тэматыкі, сусв. класіка. 1950-я г. адзначаны «другім нараджэннем» пастановак Маякоўскага. У 2-й пал. 20 ст. вял. ўклад у развіццё рус. тэатр. мастацтва зрабілі рэжысёры А.Васільеў, Г.​Волчак, А.​Ганчароў, К.​Гінкас, М.​Захараў, Л.​Додзін, Ю.​Любімаў, Б.​Львоў-Анохін, В.​Плучак, Б.​Равенскіх, Г.​Таўстаногаў, В.​Фокін, А.​Эфрас, А.​Яфрэмаў, і інш.; акцёры Ю.​Барысава, А.​І.​Барысаў, А.​Басілашвілі, У.​Высоцкі, М.​Губенка, Н.​Гундарава, Т.​Дароніна, А.​Джыгарханян, А.​Дзямідава, Я.​Еўсцігнееў, А.​Калягін, Я.​Капелян, М.​Карачанцаў, К.​Лаўроў, Я.​Лебедзеў, Я.​Лявонаў, А.​Меньшыкаў, А.​Міронаў, А.​Мягкоў, М.​Няёлава, А.​Папанаў, К.​Райкін, Ю. і В.​Саломіны, І.​Смактуноўскі, А.​Табакоў, М.​Церахава, І.​Чурыкава, М.​Улынаў, А.​Фрэйндліх, С.​Юрскі, Ю.​Якаўлеў, А.​Янкоўскі і інш. У 1990-я г. творчае аблічча рус. т-ра вызначала дзейнасць рэжысёраў і акцёраў Маскоўскага Мастацкага акадэмічнага тэатра, Маскоўскага тэатра «Ленком», Маскоўскага тэатра на Таганцы, Маскоўскага тэатра Сатыры, Маскоўскага тэатра «Сучаснік», Маскоўскага тэатра «Школа сучаснай п’есы», Маскоўскага тэатра «Сатырыкон», Санкт-Пецярбургскага Вялікага драматычнага тэатра імя Таўстаногава, т-раў Казані, Самары, Новасібірска, Ніжняга Ноўгарада, Саратава, Яраслаўля і інш. Пастаноўкам 1990-х г. уласцівы спалучэнне пераемнасці творчых традыцый і пошукаў сучаснага стылю выканання, канцэптуальны падыход, эксперыменты ў галіне формы і зместу драматургічнага матэрыялу, метафарычнасць, глыбокая распрацоўка псіхал. малюнка роляў. Тэатр. кадры рыхтуюць Расійская акадэмія тэатральнага мастацтва, Санкт-Пецярбургская акадэмія тэатр. мастацтва, Школа-студыя імя Неміровіча-Данчанкі (пры Маскоўскім маст. акад. т-ры), Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (пры Малым т-ры), Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (пры Т-ры імя Вахтангава).

У т-рах Расіі пастаўлены п’есы бел. драматургаў В.​Вольскага, А.​Дударава, Я.​Коласа, К.​Крапівы, А.​Кудраўцава, Дз.​Курдзіна, А.​Кучара, А.​Макаёнка, А.​Маўзона, А.​Петрашкевіча, А.​Паповай, І.​Шамякіна і інш.

Кіно. Першыя дакумент. кіназдымкі зроблены ў 1896 В.​Сашыным-Фёдаравым і А.​Фядзецкім. З 1907 прыдворныя кінааператары К. фон Ган і А.​Ягельскі здымалі «царскую хроніку». У 1906 з’явіліся рус. кінафірмы: А.​Ханжонкава, І.​Ярмольева ў Маскве, у 1907 — кінаатэлье А.​Дранкова ў Пецярбургу. Відавыя, асветніцкія фільмы, свецкую хроніку, быт. сцэны, юбілеі і інш. здымалі Дранкоў («Дзень 80-годдзя графа Л.​М.​Талстога», 1908), М.​Казлоўскі, П.​Кабцоў, Дз.​Сахненка. Першы рас. маст. фільм-кіналубок — «Панізовая вольніца» («Сценька Разін і княжна», 1909, рэж. Б.​Рамашкоў). Першы паўнаметражны маст. фільм, які спалучаў ігравыя і дакумент. сцэны, — «Абарона Севастопаля» (1911, рэж. В.​Ганчароў і Ханжонкаў). У 1910-я г. з’явіліся стацыянарныя кінатэатры. У тэхніцы аб’ёмнай мультыплікацыі ствараў фільмы У.Старэвіч («Вясёлыя сцэнкі з жыцця насякомых», «Помста кінематаграфічнага аператара», абодва 1912).

Экранізаваліся творы рус. і сусв. л-ры, тэатр. пастаноўкі. Вытанчанасцю пластыкі, жывапіснасцю вызначаліся фільмы «Злачынная жорсткасць» (1914), «Песня пераможнага кахання» (1915), «Ямшчык, не гані коней» (1916) Я.​Баўэра, «Партрэт Дарыяна Грэя» (1915, паводле О.​Уайльда) У.​Меерхольда, «Мікалай Стаўрогін» (1915, паводле рамана Ф.​Дастаеўскага «Д’яблы»), «Пікавая дама» (1916, паводле А.​Пушкіна), «Айцец Сергій» (1918, паводле Л.​Талстога) Я.​Пратазанава, «Паненка і хуліган» (1918) Я.​Славінскага, «Палікушка» (1919) А.​Саніна. Сярод лепшых акцёраў Н.​Лісенка, І.​Мазжухін, У.​Максімаў, В.​Палонскі, І.​Перэстыяні, В.​Праабражэнская, В.​Халодная і інш. У 1919 кінематограф перададзены пад кіраўніцтва Наркамасветы РСФСР, створана Дзяржкінашкола (з 1922 назва мянялася, з 1992 Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі) на чале з рэж. У.​Гардзіным. Пастаўленыя перад кінематографам задачы агітац. і ідэалаг. ўздзеяння прывялі да ўзнікнення масавай прадукцыі — т.зв. фільмаў-плакатаў і агітпрапфільмаў, у т. л. ігравы фільм «Серп і молат» (1921, рэж. Гардзін). Склалася плеяда рэжысёраў-наватараў, якія ў розных жанрах развівалі выразныя магчымасці кінамовы. С.​Эйзенштэйн ствараў буйныя эпічныя творы з манум. героямі-тыпажамі, дынамічнымі масавымі сцэнамі («Стачка», «Браняносец «Пацёмкін», абодва 1925; «Кастрычнік», 1927); Л.​Куляшоў эксперыментаваў у галіне выяўл. сродкаў кінамовы і мантажу («Незвычайныя прыгоды містэра Веста ў краіне бальшавікоў», 1924; «Паводле закону», 1926); Дз.​Вертаў ствараў новыя мантажныя канструкцыі, апрабоўваў магчымасці змены рытмаў, ракурсаў, спалучаў знятыя ў розныя часы кінакадры для стварэння экспрэсіўнага відовішча («Кіна-Праўда», 1922—25; «Кіна-Вока», 1925; «Кроч, Савет!», «Шостая частка свету», абодва 1926; «Адзінаццаты», 1928); У.​Пудоўкін раскрываў гіст. тэматыку праз драм. і псіхал. апавяданне («Маці», 1926; «Канец Санкт-Пецярбурга», 1927; «Нашчадак Чынгісхана», 1928). Творчае пераасэнсаванне дакумент. архіўнай кінахронікі і наданне ёй новай ідэалагічнай трактоўкі выявіла рэж. Э Шуб у гісторыка-дакумент. мантажных фільмах «Падзенне дынастыі Раманавых» (1927), «Расія Мікалая II і Леў Талстой» (1928). Традыцыі цырка, мюзік-хола, бурлеска развівалі кінематаграфісты ленінградскага аб’яднання «Фабрыка эксцэнтрычнага акцёра» Р.​Козінцаў і Л.​Траўберг: «Прыгоды Акцябрыны» (1924), «Мішкі супраць Юдзеніча» (1925), «Чортава кола» (1926), «С.В.Д.» (1927), «Новы Вавілон» (1929).

У жанры сатыр. камедыі працаваў Я.​Пратазанаў («Закройшчык з Таржка», 1925; «Працэс аб трох мільёнах», 1926; «Свята святога Іоргена», 1930), псіхал. драмы з маральна-этычнай праблематыкай здымалі А.​Роам («Трэцяя Мяшчанская», 1927) і Ф.​Эрмлер («Кацька—Папяровы Ранет», 1926; «Парыжскі шавец», 1928; «Абломак імперыі», 1929). У лірычных камедыях Б.​Барнета «Дзяўчына з каробкай» (1927), «Дом на Трубнай» (1928) і А.​Папова «Два сябры, мадэль і сяброўка» (1928) адчуваліся інтанацыі радасці простых адносін, шчасця ўзаемнага кахання. У 1928 з’явіўся маніфест Эйзенштэйна, Пудоўкіна і Р.​Аляксандрава «Будучыня гукавой фільмы. Заяўка», у якім падкрэслівалася значэнне гукава-зрокавага кантрапункта (асінхроннага спалучэння гуку і экраннага відовішча) як асн. выразніка аўтарскай ідэі ў фільме. У 1931 зняты першы гукавы фільм «Пуцёўка ў жыццё» (рэж. М.​Эк). У 1930-я г. кінематограф развіваўся пад уздзеяннем эстэт. (з’яўленне гукавога кіно і адпаведнае абнаўленне кінамовы) і ідэалагічнага фактараў (пашырэнне штампаў у гіст.-рэв. фільмах, з’яўленне вобразаў т.зв. «ворагаў народа», фармалізацыя сюжэтных пабудоў). Гал. акцэнт пераносіўся рэжысуры на акцёрскае майстэрства. Зоркамі экрана сталі акцёры П.​Алейнікаў, Б.​Андрэеў, Л.​Арлова, Б.​Бабачкін, У.​Гардзін, Э.​Гарын, М.​Жараў, В.Жызнева, І.​Ільінскі, М.​Кручкоў, М.​Ладыніна, Макарава, В.​Марэцкая, Ф.​Ранеўская, Л.​Цалікоўская, М.​Чаркасаў, Б.​Чыркоў і інш. Здымаліся героіка-патрыятычныя. фільмы («Чапаеў», 1934, рэж. Г. і С. Васільевы; «Сямёра смелых», 1936, рэж. С.​Герасімаў) і лірычныя муз. камедыі, якія ідэалізавалі сав. лад. жыцця («Вясёлыя хлопцы», 1934, «Цырк», 1936, «Волга-Волга», 1938, усе рэж. Аляксандраў; «Багатая нявеста», 1938, «Трактарысты», 1939, «Свінарка і пастух», 1941, усе рэж. І.​Пыр’еў), фільмы для дзяцей («Дзеці капітана Гранта», 1936, паводле Ж.​Верна, рэж. У.​Вайншток; «Бялее ветразь адзінокі», 1937, паводле В.​Катаева, рэж. У.​Лягошын; «Па шчупаковаму загаду», 1938, рэж. А.​Роу), мультфільмы (І.​Іваноў-Вано, А.​Птушко). Пагроза вайны выклікала з’яўленне гіст.-манум. фільмаў, якія ўзнаўлялі гераічнае мінулае рус. народа: «Пётр I» (1937—39, рэж. У.​Пятроў), «Аляксандр Неўскі» (1938, рэж. Эйзенштэйн), «Мінін і Пажарскі» (1939), «Сувораў» (1941, рэж. Пудоўкін).

У 1940-я г. дамінавала тэма Вял. Айч. вайны, гераізм і патрыятызм сав. народа, чалавек у экстрэмальных умовах паміж жыццём і смерцю: «Сакратар райкома» (1942), «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» (1944, абодва рэж. Пыр’еў), «Машачка» (1942, рэж. Ю.​Райзман), «Яна абараняе Радзіму» (1943, рэж. Эрмлер), «Нашэсце» (1945, рэж. Роам), «Маладая гвардыя» (1948, рэж. Герасімаў). Здымалася ваен. кінахроніка. З канца 1940-х г. фільмы ваен. тэматыкі набылі рысы манументальнасці і «прыгладжанасці» рэальнай жорсткасці вайны: «Сталінградская бітва» (1949, рэж. Пятроў), «Падзенне Берліна» (1950, рэж. М.​Чыяўрэлі) і інш. У той жа час забаронена 2-я серыя фільма Эйзенштэйна «Іван Грозны» (1948), у якой рабілася спроба крытыкі ўлады, заснаванай на насіллі і рэпрэсіях. Новы этап у рас. кіно пачаўся ў 2-й пал. 1950-х г., калі павысілася ўвага да жыцця, надзей і здзяйсненняў пакалення, што перамагло ў вайне і прагнула шчасця ў мірным жыцці: «Вялікая сям’я» (1954, рэж. Х.​Хейфіц), «Ляцяць жураўлі» (1957, рэж. М.​Калатозаў), «Вышыня» (1957, рэж. А.​Зархі), «Дом, у якім я жыву» (1957, рэж. Я.​Сегель і Л.​Куліджанаў), «Балада пра салдата» (рэж. Р.​Чухрай), «Лёс чалавека» (паводле М.​Шолахава, рэж. С.​Бандарчук, абодва 1959), «Калі дрэвы былі вялікімі» (1962, рэж. Куліджанаў), «Мне 20 год» (1965, рэж. М.​Хуцыеў), «Каля возера» (1970), «Любіць чалавека» (1973), «Дочкі-маці» (1975, усе рэж. Герасімаў), «Беларускі вакзал» (1971, рэж. А.​Смірноў), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975, рэж. Бандарчук), «Падранкі» (1977, рэж. М.​Губенка) і інш. Вайна як трагедыя чалавека, як маральная перасцярога наступным пакаленням асэнсавана ў фільмах «Узыходжанне» (1977, рэж. Л.​Шапіцька) паводле аповесці В.​Быкава «Сотнікаў», «Ідзі і глядзі» (1986, рэж. Э.​Клімаў, сумесна з кінастудыяй «Беларусьфільм») паводле «Хатынскай аповесці» А.​Адамовіча, у дакумент.-маст. эпапеі «Звычайны фашызм» (1966, рэж. М.​Ром). Экранізаваліся літ. творы рус. і сусв. класікі: «Ідыёт» (1958), «Браты Карамазавы» (1969, абодва рэж. Пыр’еў), «Злачынства і пакаранне» (1970, рэж. Куліджанаў) паводле Дастаеўскага, «Дама з сабачкам» (1960, рэж. Хейфіц), «Дзядзька Ваня» (1971, рэж. А.​Міхалкоў-Канчалоўскі), «Няскончаная п’еса для механічнага піяніна» (1977, рэж. М.​Міхалкоў) паводле Чэхава, «Вайна і мір» (1966—67, рэж.

Бандарчук), «Ганна Карэніна» (1968, рэж. Зархі) паводле Л.​Талстога, «Дваранскае гняздо» (1969, рэж. Міхалкоў-Канчалоўскі) паводле І.​Тургенева, «Ціхі Дон» (1957—58, рэж. Герасімаў) паводле Шолахава, «Бег» (1971, рэж. А.​Алаў і У.​Навумаў) паводле А.​Булгакава, «Некалькі дзён з жыцця І.​І.​Абломава» (1980, рэж. Міхалкоў) паводле рамана І.​Ганчарова «Абломаў», «Дон Кіхот» (1957) паводле М.​Сервантэса, «Гамлет» (1964), «Кароль Лір» (1971, усе рэж. Козінцаў) паводле У.​Шэкспіра і інш. Рас. песенную інтанацыю, мелодыку пакутлівай і ўзвышанай душы простага чалавека ў пошуках праўды і справядлівасці, панараму рус. нар. характараў выявіў В.​Шукшын у фільмах «Жыве такі хлопец» (1964), «Ваш сын і брат» (1966), «Дзіўныя людзі» (1970), «Печкі-лавачкі» (1972), «Каліна чырвоная» (1974). Вобразы незвычайных па волі і вытрымцы герояў ва ўмовах экстрэмальных сітуацый стварыў Г.​Панфілаў («У агні броду няма», 1968; «Пачатак», 1970; «Васа» паводле п’есы М.​Горкага «Васа Жалязнова», 1983). Атмасферу гіст. эпохі, у якой дзейнічаюць псіхалагічна неадназначныя героі стварылі А.​Герман у фільмах «Праверка на дарогах» (1970), «Дваццаць дзён без вайны» (1977), «Мой сябра Іван Лапшын» (1984). Паглыблена псіхал. стыль К.​Муратавай выявіўся ў фільмах «Кароткія сустрэчы» (1968) і «Доўгія провады» (1972). С.​Салаўёў распрацоўваў паэтыку «маладзёжнага фільма» з новай кінамовай — калажам, асацыятыўнымі кінацытатамі з класікі: «Сто дзён пасля дзяцінства» (1976), «Мелодыі белай ночы» (1977), «Выратавальнік» (1980), «Наследніца па прамой» (1982), «Чужая Белая і Рабы», «Аса» (абодва 1986), «Чорная ружа — эмблема смутку, чырвоная ружа — эмблема кахання» (1989). Высокім маст. узроўнем вызначаюцца фільмы А.​Таркоўскага, насычаныя вобразамі рус. і сусв. мастацтва, асацыяцыямі з біблейскімі і міфалагічнымі архетыпамі, героямі літ. класікі: «Іванава дзяцінства» (1962), «Андрэй Рублёў» (1971), «Салярыс» (1972, паводле С.​Лема), «Люстэрка» (1975), «Сталкер» (1980), «Настальгія» (1983), «Ахвярапрынашэнне» (1986). В.​Абдрашытаў стварыў жанр сучаснай кінааповесці, у якой спалучаны рэаліст. сюжэт з архетыпічным падтэкстам: «Паляванне на лісаў» (1980), «Спыніўся цягнік» (1982), «Парад планет» (1984), «Плюмбум, або Небяспечная гульня» (1986), «Слуга» (1989). Адметныя фільмы У.​Матыля «Белае сонца пустыні» (1970), У.​Мяньшова «Масква слязам не верыць» (1980), Р.​Балаяна «Палёты ў сне і наяве» (1983), П.​Тадароўскага «Любімая жанчына механіка Гаўрылава» (1982), «Ваенна-палявы раман» (1984), К.​Шахназарава «Мы з джаза» (1983), «Зімовы вечар у Гаграх» (1985), «Кур’ер» (1987) і інш.

У жанры кінакамедыі плённа працавалі Л.​Гайдай, Г.​Данелія, Матыль, Э.​Разанаў. Сярод акцёраў Ю.​Багатыроў, А.​Барысаў, А.​Басілашвілі, А.​Баталаў, М.​Булгакава, Р.​Быкаў, Г.​Віцын, Н.​Вярцінская, П.​Глебаў, М.​Глуэскі, М.​Грыцэнкл, Н.​Гундарава, Л.​Гурчанка, Т.​Дароніна, У.​Дваржэцкі, А.​Джыгарханян, Л.​Дураў, Я.​Еўсцігнееў, Г.​Жжонаў, У.​Заманскі, П.​Кадачнікаў, А.​Калягін, З.​Кірыенка, Л.​Кураўлёў, К.​Лаўроў, К.​Лучко, С.​Любшын, Я.​Лявонаў, Я.​Маргуноў, Н.​Мардзюкова, Я.​Мацвееў, А.​Меньшыкаў, А.​Міронаў, В.​Мяркур’еў, Ю.​Нікулін, А.​Папанаў, І.​Пераверзеў, Р.​Плят, Г.​Польскіх, А.​Пятрэнка, М.​Рыбнікаў, І.​Савіна, А.​Саланіцын, В. і Ю.​Саломіны, Я.​Самойлаў, У.​Санаеў, І.​Смактуноўскі, Т.​Сёміна, А.​Табакоў, М.​Ульянаў, Я.​Урбанскі, Л.​Федасеева-Шукшына, Л.​Філатаў, А.​Фрэйндліх, М.​Церахава, В.​Ціханаў, Л.​Чурсіна, І.​Чурыкава, С.​Шакураў, А.​Янкоўскі, М.​Яроменка-малодшы, А.​Яфрэмаў і інш. Вял. ўклад у развіццё рас. кіно зрабілі мультыплікатары Р.​Качанаў, В.​Кацёначкін, В.​Курчэўскі, Ю.​Нарштэйн, А.​Пятроў, М.​Серабракоў, Ф.​Хітрук, А.​Хржаноўскі, кінааператары М.​Ашуркоў, Б.​Волчак, А.​Галаўня, А.​Забалоцкі, Л.​Касматаў, П.​Лебешаў, А.​Лявіцкі, У.​Манахаў, А.​Масквін, Г.​Рэрберг; С.​Урусеўскі, Э.​Цісэ, В.​Юсаў; кінадраматургі Я.​Габрыловіч, Н.​Зархі, А.​Каплер, Ю.​Клепікаў, А.​Міндадзе, В.​Мярэжка, Г.​Шпалікаў, В.​Чарных, В.​Яжоў; мастакі М.​Багданаў, М.​Гаўхман-Свердлаў, Л.​Кусакова, Г.​Мяснікоў, М.​Серабракоў, У.​Ягораў, Я.​Яней; кампазітары Э.​Арцем’еў, М.​Багаслоўскі, Г.​Гладкоў, Б.​Грабеншчыкоў, С.​Губайдуліна, У.​Дашкевіч, І.​Дунаеўскі, М.​Дунаеўскі, Дз.​Кабалеўскі, С.​Пракоф’еў, А.​Пятроў, А.​Рыбнікаў, М.​Тарывердыеў, А.​Хачатуран, Ц.​Хрэннікаў, Дз.​Шастаковіч, І.​Шварц, А.​Шнітке, А.​Эшпай і інш. У 1990-я г. адбылося скарачэнне кінавытворчасці і пракату рас. фільмаў, здымаліся тэле- і відэафільмы. У кінавытворчасці пераважала стратэгія эканам. выжывання, пашырыўся выпуск фільмаў для масавай аўдыторыі: баевікі, трылеры, забаўляльныя камедыі, тэлесерыялы на ўзор «мыльных опер» і інш. З мэтай адраджэння рас. кіно прыняты «Закон аб дзярж. падтрымцы кінематографа Расіі» (1996), указы прэзідэнта Расіі «Аб акцыяніраванні кінастудый» і «Аб акцыяніраванні кінапракату» (абодва 2001).

Сярод адметных фільмаў 1990-х г.: «Урга», «Стомленыя сонцам», «Сібірскі цырульнік» Міхалкова, «Малох», «Цялец» А.​Сакурава, «Сады Скарпіёна», «Цёмная ноч» А.​Кавалава, «Раманавы — венцаносная сям’я» Панфілава, «Паненка-сялянка» А.​Сахарава, «Каўказскі палоннік» С.​Бадрова, «Час танцора» Абдрашытава, «Анкор, яшчэ анкор» Тадароўскага, «Дзённік яго жонкі» А.​Учыцеля. Вядучыя кінастудыі: «Ленфільм» (з 1917, сучасная назва з 1934) у Пецярбургу, «Масфільм», Цэнтр. студыя дзіцячых і юнацкіх фільмаў імя М.​Горкага (абедзве з 1924), Цэнтр. студыя дакумент. фільмаў (з 1927), «Цэнтранавукфільм» (з 1933), «Саюзмультфільм» (з 1936) у Маскве, Свярдлоўская кінастудыя (з 1943) у Екацярынбургу і інш. Кадры кінематаграфістаў рыхтуюць Усерас. дзярж. ін-т кінематаграфіі, Вышэйшыя курсы рэжысёраў і сцэнарыстаў (з 1964). Навук. дзейнасць па праблемах кінематографа вядуць НДІ кінамастацтва, Ін-т мастацтвазнаўства, Эйзенштэйнаўскі цэнтр даследавання кінакультуры (на базе кінамузея), Усерас. дзярж. ін-т кінематаграфіі, Дзяржфільмфонд Рас. Федэрацыі, Ін-т гісторыі мастацтваў у С.-Пецярбургу і інш. Праводзяцца Маскоўскі міжнар. кінафестываль, Міжнар. кінафорум. слав. і правасл. народаў «Залаты віцязь», фестываль архіўнага кіно «Белыя слупы», кінафестываль «Ніка» ў Маскве, Міжнар. кінафестываль рас. (з 2001 — еўрап.) кіно «Кінатаўр» у Сочы, Рас. адкрыты кінафестываль краін СНД і Балтыі «Кінашок», кінафестываль дакумент. і кароткаметражных фільмаў у С.-Пецярбургу і інш. У 1991 створаны Саюз кінематаграфістаў Р.

Беларусы ў Расіі. Перасяленні з бел. зямель на Пн і ПнУ Русі прасочваюцца з сярэдніх вякоў. Ранняй міграцыі спрыялі дынастычныя шлюбы, у т. л. сына Юрыя Далгарукага Усевалада з дачкой віцебскага кн. Усяслава ў 1176, князя Аляксандра Неўскага з дачкой полацкага кн. Брачыслава ў 1238. У Неўскай бітве 1240 вызначыўся Якаў Палачанін. Жыхары бел. зямель ВКЛ перасяляліся ў рус. гарады і княствы па паліт., эканам., рэліг. і інш. прычынах. Найчасцей сюды выязджалі пакрыўджаныя ці незадаволеныя палітыкай вял. князёў ВКЛ прадстаўнікі пануючага саслоўя (часам са сваімі войскамі і сялянамі), а таксама тыя, хто пацярпеў паражэнне ў дынастычнай барацьбе за ўладу. У 1265 у Пскоў уцёк удзельнік змовы супраць Міндоўга кн. Даўмонт. Князь Нарымонт у 1333 атрымаў «у кармленне» гарады Ладагу, Арэшак, Карэлу. Князі-браты Андрэй Альгердавіч і Дзмітрый Альгердавіч удзельнічалі ў Кулікоўскай бітве 1380. Пад кіраўніцтвам мсціслаўскага кн. Сямёна Лугвена (у 1389—1407 намеснік у Ноўгарадзе) у 1392 разбіты швед. войскі на Няве. У Маскоўскае вял. княства ў 1408 перасяліўся северскі кн. Свідрыгайла, У 14—15 ст. дынастычныя шлюбы ўплывалі на прамаскоўскую паліт. арыентацыю часткі правасл. знаці ВКЛ. Пашырэнню міграцыі на У спрыяла атрыманае паводле прывілея 1447 права князёў, рыцараў, шляхты і баяр пакідаць ВКЛ. Права ўсіх свабодных людзей на выезд за мяжу (акрамя «непрыяцельскіх краін») прадугледжвалі Статуты ВКЛ 1566 і 1588. Маск. дзяржава, якая з канца 15 ст. пачала змаганне за «яднанне» пад сваёй уладай усх.-слав. зямель, заахвочвала сепаратысцкія памкненні правасл. знаці ВКЛ. У 1480—90-я г. пераходы правасл. феадалаў на бок Масквы пачасціліся Пасля выкрыцця ў 1481 змовы супраць Казіміра IV, на чале якой стаялі слуцкі кн. Міхал Алелькавіч (гл. Алелькавічы), Ф.​Бельскі (гл. Бельскія) і адзін з князёў Гальшанскіх, змоўшчыкі перасяліліся ў Маск. дзяржаву (Адоеўскія, Навасельскія і інш.). З канца 15 ст. перамяшчэнні на У, найчасцей прымусовыя, выклікаліся пераходам ад памежных канфліктаў да адкрытай барацьбы за сферу ўплыву паміж Маск. дзяржавай і ВКЛ (войны 1492—94, 1500—03, 1507—08, 1512—22, 1534—37). У час першай з гэтых войнаў з памежных раёнаў ВКЛ перайшлі «на службу» ў Маскву князі С.​Варатынскі, М.​Мязецкі, А. і В.​Бялеўскія, А.​Вяземскі (гл. Вяземскія) са сваімі ўдзеламі. Паводле мірнага дагавора 1494 ВКЛ страціла Вяземскае княства і землі ў бас. Верхняй Акі. Пераходы памежных князёў разам з «дварамі», баярамі, слугамі пад уладу Масквы справакавалі ваен. канфлікт 1500—03, калі на службу да Івана III перабеглі князі С.​Бельскі, В.​Шамяціч, С. і І.​Мажайскія і інш. вярхоўскія і чарнігава-северскія князі; да Маск. дзяржавы адышлі 29 гарадоў і 70 валасцей, у т. л. Бранск, Чарнігаў, Гомель.

Пасля паражэння Глінскіх мяцяжу 1508 у Маскву выехалі князі Міхаіл, Іван і Васіль Глінскія і іх блізкія паплечнікі. Многія са збеглай знаці ВКЛ набылі ў Маскоўскім вял. княстве значны ўплыў, былі ў блізкім сваяцтве з велікакняжацкімі, а потым і царскімі родамі (Галіцыны, Патрыкеевічы, Бельскія, Глінскія і інш.). А.​Глінская была жонкай Васіля III, а пасля яго смерці — рэгентам пры сваім малалетнім сыне вял. кн. Іване IV. Сын В.​Глінскага Юрый быў адным з ініцыятараў абвяшчэння Івана IV першым рас. царом. Акрамя правасл. знаці з ВКЛ на У уцякалі сяляне і гараджане, выводзіліся захопленыя ў час ваен. дзеянняў палонныя, многія з якіх потым удзельнічалі ў заваяванні і асваенні новадалучаных рас. зямель. Так, у паходзе Ермака ў Сібір (1582) удзельнічалі каля 300 выхадцаў з ВКЛ. Сярод першых пасяленцаў Цюмені, Табольска, Тары ў канцы 16 ст. было нямала жыхароў з бел. зямель ВКЛ. Праз выхадцаў з Беларусі ў Р. пашыраліся здабыткі еўрап. асветы і культуры. Бел. шляхціц І.​Перасветаў, які з 1539 жыў у Маскве, быў адным з ідэйных натхняльнікаў рэформ Івана IV. Далучэнню Маскоўскай дзяржавы да друкавання кніг спрыялі І.​Фёдараў (Федаровіч) і П.​Мсціславец: на прывезеным з ВКЛ друкарскім абсталяванні яны выпусцілі першыя дакладна датаваныя рус. кнігі «Апостал» (1564) і два выданні «Часоўніка», па якіх навучалі пісьменнасці. Значны рост бел. перасяленцаў у Р. ў 16—17 ст. быў выкліканы ўзмацненнем прыгонніцкай эксплуатацыі сялян у ВКЛ, нац.-рэліг. уціскам бел. насельніцтва ў Рэчы Паспалітай. Маск. дзяржава заахвочвала іміграцыю беларусаў для асваення новых заваяваных на У рэгіёнаў, давала прытулак збеглым (многім прыгонным і волю), прымала іх на службу (як і палонных, што прысягнулі на вернасць), аказвала і пэўную матэрыяльную падтрымку. З улікам значнай колькасці перасяленцаў царк. сабор 1620 прыняў спец. пастанову аб перахрышчванні беларусаў, «вяртанні іх ва ўлонне сапр. веры». Шляхта, рамеснікі, гандляры, сяляне масава выводзіліся з бел. зямель у глыбінныя раёны Р. ў ходзе яе войнаў з Рэччу Паспалітай 1632—34, 1654—67. Так, летам 1633 у Томску з’явілася вял. група «літоўскіх людзей», у т. л. выхадцаў з Мсціслаўскага, Крычаўскага, Аршанскага, Магілёўскага і інш. паветаў. У час вайны 1654—67 жыхары бел. зямель прымусова перасяляліся пад Маскву, а найбольш — у Паволжа, Урал і Сібір. Баярын М Чаркаскі з Арзамаскага пав. ў 1670-я г. меў больш за 800 сялян з Беларусі. У Р. з’явіліся і асобныя бел. паселішчы. Паводле царскага ўказа 1672 у Маскве з беларусаў засн. Мяшчанская (Новамяшчанская) слабада, якая падпарадкоўвалася Пасольскаму прыказу. Па звестках гісторыка Р.​Лешчанкі, у 1670-я г. ўтварыліся бел. слабоды ў Верхатур’і. У 18 ст. ў Сібіры працягвалася фарміраванне воінскіх падраздзяленняў з беларусаў-ваеннапалонных. Выхадцы з ВКЛ у 1-й пал. 18 ст. заснавалі каля 20 вёсак з 200 вядомых тады ў Томскім пав. Прыкметная прысутнасць бел. насельніцтва ў Р. абумовіла яго значны ўплыў на развіццё некат. галін яе матэрыяльнай і духоўнай культуры. Перасяленцы садзейнічалі с.-г. асваенню Паволжа і Сібіры, а «службовая літва» — замацаванню Р. на новазаваяваных землях.

Некат. перасяленцы займалі высокія дзярж. пасады, сталі военачальнікамі, заснавальнікамі купецкіх родаў. Нац.-рэліг. ўціск (наступ каталіцызму) абумовіў арыентацыю на Маскву ў 1-й пал. 17 ст. вядомых бел. пісьменнікаў, адукаваных правасл. святароў, манахаў-кніжнікаў. Значна паўплывалі на развіццё рус. культуры, асветніцтва, друкавання кніг Сімяон Полацкі, паэты А.​Белабоцкі і Ф.​Газвінскі, вучоны і літаратар Е.​Славінецкі, Куцеінская літ. школа на чале з ігуменам І.​Труцэвічам. Клопатамі Сімяона Полацкага ў Маскве створаны свецкая Верхняя друкарня, прыватны кнігазбор і Славяна-грэка-лацінская акадэмія. Важным асяродкам асветы стала вывезеная восенню 1654 паводле загаду патрыярха Нікана ў Іверскі манастыр (пад Ноўгарадам) Куцеінская друкарня (разам з майстрамі і мноствам кніг). Ураджэнец Мсціслаўшчыны Х.​Капіевіч (Капіеўскі) выдаў новым рус. алфавітам у Амстэрдаме, Гданьску і Маскве каля 20 кніг (слоўнікі, падручнікі па граматыцы, арыфметыцы, астраноміі, навігацыі). Выхадцы з бел. зямель і іх нашчадкі былі сярод землепраходцаў, пачынальнікаў геагр. і этнагр. вывучэння карэнных народаў Прыуралля, Сібіры, Чукоткі, Камчаткі (А.Р Каменскі, І.​Казырэўскі, Л.​Сяніцкі, І.​Яўрэінаў і інш.). Калектыў першага ў Р. прыдворнага т-ра (1672—76) амаль цалкам складаўся з беларусаў Мяшчанскай слабады. У 17 ст. ў Р. плённа працавалі многія бел. муз. дзеячы (А.​Беражанскі, І.​Дзякоўскі, І.​Календа, І.​Канюхоўскі, Д.​Рагачэўскі, З.​Гламазінскі). У 2-й пал. 17 ст. дзесяткі майстроў-рамеснікаў з Полацка, Віцебска, Оршы, Шклова, Магілёва і інш. бел. гарадоў працавалі ў Аружэйнай палаце, аздаблялі церамы Крамля Маскоўскага, палац у Каломенскім, Данскі манастыр, Новадзявочы манастыр, Новаіерусалімскі манастыр. Бел. майстры прыносілі ў Р. новыя рамёствы, адметныя стыль, матывы і тэхніку скульпт. разьбы па дрэве (гл. Беларуская рэзь), вытв-сць паліхромнай паліванай керамікі. Сучасныя даследчыкі лічаць Сімяона Полацкага і А.​Белабоцкага пачынальнікамі асветніцтва на рус. і ўсх.-слав. землях і што Р. праз творы Сімяона Полацкага, В.​Пазнанскага, С.​Палубеса, В.​Кораня пераймала маст. прынцыпы барока. Пасля далучэння ў выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) бел. зямель да Р. сюды высылаліся ўдзельнікі тайных т-ваў «заранаў», філаматаў, філарэтаў і паўстанняў 1794, 1830—31, 1863—64. З адменай прыгоннага права сял. міграцыя (адыходніцтва, перасяленне ў Сібір і на Д.​Усход) набыла сталы, а на мяжы 19—20 ст. і масавы характар. Гэтаму спрыяла развіццё чыг. сеткі, у т. л. адкрыццё ў канцы 19 ст. Транссіб. магістралі. Паводле рас. перапісу 1897, за межамі 5 бел. губерняў (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) жыло 540 тыс. іх ураджэнцаў. Перасяленне беларусаў, якія афіцыйна лічыліся адгалінаваннем рус. этнасу, заахвочвалася рас. ўладамі і было выклікана расслаеннем і абеззямельваннем сялянства, адсутнасцю развітой прам-сці, здольнай паглынуць лішак рабочай сілы. У 1861—1913 каля 1,5 млн. чал. з бел. губерняў з-за цяжкага эканам. становішча выехала пераважна ў еўрап. частку Р., Сібір, на Д. Усход, пры гэтым у 1895—1900 14% іх вярнуліся на радзіму. Незавершанасць працэсу станаўлення бел. нацыі вяла да паскоранай асіміляцыі бел. мігрантаў. Але наяўнасць сярод перасяленцаў бел. інтэлігенцыі (яе прыток павялічыўся з канца 19 ст.) абумовіла з’яўленне на тэр. Р. нацыянальна арганізаванага культ. і паліт. жыцця беларусаў. Адным з яго важных цэнтраў стаў Пецярбург.

У 1840-я г. тут узнік бел. літ.-грамадскі рух (бел.-польскі грамадскі гурток Р.​Падбярэскага — Я.​Баршчэўскага), а пазней створаны і першыя нац. арг-цыі: асветная «Крывіцкі вязок» (1868) і палітычная «Гоман» (1884). Апошняя належала да бел. фракцыі партыі «Народная воля», адным з заснавальнікаў якой быў І.​Грынявіцкі. Значную ролю ў рас. рэв.-дэмакр. руху адыгралі беларусы М.​Судзілоўскі, Р.​Ісаеў, С.​Кавалік. Сацыяліст. ідэі прапагандаваў нелегальны Пецярбургскі гурток моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай (1889—93; А.​Гурыновіч і інш.). Некат. з беларусаў, высланых у розныя мясціны Р., даследавалі прыроду, побыт, традыцыі, мовы народаў Сібіры, Крайняй Поўначы, Д. Усходу (І.​Чэрскі, Б.​Дыбоўскі, В.​Кавалеўскі, Э.​Пякарскі, А.​Чаканоўскі, А.​Янушкевіч, М.​Віткоўскі, Э.​Гадлеўскі). Значна паўплывалі на развіццё рас. навукі і культуры фізікі І.​Яркоўскі, З.​Урублеўскі, А.​Садоўскі, хімік Э.​Урублеўскі, географ і падарожнік, даследчык Цэнтр. Азіі М.​Пржавальскі (Перавальскі), праф. С.​Кутарга, рэктар Казанскага ун-та астраном Дз.​Дубяга, дыпламат, даследчык Японіі і Кітая І.​Гашкевіч, кампазітар В.​Казлоўскі, спявачка і муз. педагог Г.​Жарабцова-Андрэева, літ. крытык С.​Дудышкін і інш. У 1800 артысты балета Шклоўскага т-ра Зорыча пераведзены ў балетную трупу Пецярбургскіх імператарскіх т-раў, а аркестр — у Маскву. У Маскве і Пецярбургу працяглы час жылі і працавалі мастакі І.​Аляшкевіч, С.​Заранка, К.​Хруцкі, а В.​Бялыніцкі-Біруля і С.​Жукоўскі былі членамі Т-ва перасоўных выставак. Масавая прац. міграцыя з Беларусі, найвыш. ўздым якой прыпаў на перыяд пасля рэвалюцыі 1905—07, павялічыла бел. дыяспару ў Р. Да 1-й сусв. вайны па эканам. прычынах толькі ў Сібір з Беларусі накіраваліся больш за 700 тыс. чал. (пераважна сяляне). У ходзе абвешчанай з 1906 сталыпінскай аграрнай рэформы, якая суправаджалася дзярж. падтрымкай для каланізацыі Сібіры і ўскраін Рас. імперыі «рус. элементам» (да яго адносілі і правасл. беларусаў), у 1907—14 з Беларусі сюды перасялілася 335,4 тыс. чал. (але 36,5 тыс. чал. вярнуліся з-за цяжкіх умоў жыцця на новых месцах, гл. Перасяленства). У пач. 20 ст. цэнтрам бел. нац. грамадска-культ. жыцця ў Р. заставаўся Пецярбург, дзе ў 1902—04 дзейнічаў «Круг беларускай народнай прасветы і культуры». Пасля адмены ў 1905 забароны друкаваць па-беларуску тут працавалі першае легальнае бел. выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца» (1906—14), Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў С.-Пецярбургскага ун-та (1912—14). У Пецярбургу пэўны час жылі Я.​Купала, Ц.​Гартны, А.​Гурло, Б.​Тарашкевіч, Цётка (А.​Пашкевіч); пецярбургскімі бел. арг-цыямі кіраваў Б.​Эпімах-Шыпіла. У 1911 тут выступіла з канцэртам трупа І.​Буйніцкага, 9.2.1913 пастаўлена п’еса Купалы «Паўлінка», праходзілі бел. літ. вечарынкі. Бел. інтэлектуальнае асяроддзе існавала ў Ніжнім Ноўгарадзе (з 1896) і Яраслаўлі (з 1908) вакол этнографа А.​Я.​Багдановіча і яго сына паэта М.​Багдановіча. У 1915—16 у гар. нар. ун-це імя А.​Л.​Шаняўскага ў Маскве вучыўся Купала. 1-я сусв. вайна выклікала значны прыток бел. насельніцтва (бежанцы і прымусова эвакуіраваныя) у цэнтр. і ўсх. губерні Р. (з 1915). Паводле афіц. звестак, у маі 1918 у рэгіёнах Р. было амаль 2,3 млн. бежанцаў з Беларусі (найб. у Тамбоўскай, Самарскай, Калужскай, Казанскай, Курскай, Саратаўскай губ., Петраградзе і Маскве). У іх падтрымку дзейнічалі Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны (1916—18), Беларуска-ўкраінскі камітэт помачы ахвярам вайны ў Барнауле (1918—20), культ.-асв. арг-цыі «Беларуская хатка» ў Арле (1917—18), Бел. нац. гурток у Багародзіцку (1917—18), Арэнбургскі гурток беларусаў (1918) і інш. Пасля Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 паліт. і культ.-асв. працу сярод беларусаў-бежанцаў, рабочых, вайскоўцаў і інш. праводзілі Беларуская народная грамада, Беларуская сацыялістычная грамада, праэсэраўскі Беларускі абласны камітэт пры Усерас. Савеце сял. дэпутатаў у Петраградзе (старшыня Я.Канчар), секцыя беларусаў пры ЦК партыі левых эсэраў. Прыхільнікі стварэння бел. дзяржаўнасці на сав. аснове (А.​Чарвякоў, А.​Усціловіч, З.​Жылуновіч, У.​Фальскі, Я.​Дыла, Дз.​Чарнушэвіч, Ф.​Шантыр і інш.) гуртаваліся вакол Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, Беларускага нацыянальнага камісарыята (выдаваў газ. «Дзянніца»), беларускіх секцый РКП(б), садзейнічалі абвяшчэнню БССР.

У 1918 у Маскве адбыўся Усерасійскі з’езд бежанцаў з Беларусі. Дзейнічалі Беларускі народны універсітэт (1918), Беларуская чыгуначная грамада (1918), Беларускае навукова-культурнае таварыства. (1918—19; усе ў Маскве), Беларускае вольна-эканамічнае таварыства (1918—20) і Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства (1918) у Петраградзе, Беларуская вучнёўская грамада (1918) і гурток бел. сацыяліст. моладзі (1918) у Калузе, клубы «Беларуская хатка» ў Петраградзе (1918—19) і «Беларус» у Маскве (1919). У студз. 1919 паводле рашэння ЦК РКП(б) усх. бел. землі далучаны да РСФСР (Віцебская, Магілёўская, Смаленская губ.). Беларусы рассяляліся ў РСФСР у выніку планавых набораў рабочай сілы ў аддаленыя паўн. раёны, на новабудоўлі Урала і Сібіры. У 1924 улады СССР вярнулі БССР 15 паветаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ., у 1926 — Гомельскі і Рэчыцкі паветы. Паводле перапісу 1926 у Сібіры і на Д. Усходзе налічвалася 320 тыс. ураджэнцаў Беларусі. У Заходняй (з 1937 Смаленскай) вобл. жыло 83 тыс., у Ленінградскай вобл. — 55 тыс., у Маскве і Маскоўскай вобл. — 42 тыс. беларусаў. У 1926—39 з БССР (каля 5 млн. жыхароў) выехалі, у т. л. прымусова, 617 тыс. чал. (у асн. сельскія жыхары), пераважна ў Р. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. сюды высланы многія прадстаўнікі бел. інтэлігенцыі, абвінавачаныя ў «нацыянал-дэмакратызме». Масавыя дэпартацыі з Беларусі ў Р. ажыццяўляліся ў ходзе суцэльнай калектывізацыі, паліт. рэпрэсій 1930-х г. (гл. Дэпартацыя). У 1920-я г. ў сувязі з палітыкай беларусізацыі дзейнічалі Беларускае цэнтральнае бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР, бел. секцыі пры Віцебскім (1921—24), Смаленскім (1922—23, 1925—27) і Гомельскім (1921 — пач. 1927) губернскіх аддзелах нар. асветы (гл. пра кожную адпаведны арт.), дзесяткі бел. школ, клубаў, хат-чытальняў на Смаленшчыне (тут беларусізацыя школ 1-й ступені дасягала 36%), у Зах. Сібіры, на Д. Усходзе, а з 1930 — Руднянскі бел. пед. тэхнікум і бел. рабфак у Смаленску. Існавалі Цэнтр. бюро бел. студэнцкіх арг-цый у Маскве, смаленскае і гомельскае бел. зямляцтвы, Беларуская культурна-навуковая асацыяцыя пры Пятроўскай с.-г. акадэміі ў Маскве, бел. асацыяцыі ў Ленінградзе, Смаленску, Горы-Горках. У 1921—26 у Маскве знаходзілася Беларуская драматычная студыя. 250 бел. нар. песень апрацавала Беларуская песенная камісія пры Дзярж. ін-це муз. навукі ў Маскве. У 1920-я г. пры фін. і матэрыяльнай падтрымцы ўлад існавалі Беларускае пралетарскае студэнцкае зямляцтва ў Маскве, бел. зямляцтвы ў Варонежы, Волагдзе, Казані, Ленінградзе, Растове-на-Доне, Саратаве, Томску, якія стваралі бел. б-кі, гурткі бел. мовы і гісторыі. У 1924—30 у Маскве дзейнічала Т-ва паліт. эмігрантаў з Зах. Беларусі (аддзяленні ў Смаленску і Уладзіміры). Але бел. пралетарскі зямляцкі рух паступова страчваў нац. аснову, моцна ідэалагізаваўся. Пасля змены паліт. курсу ў СССР на мяжы 1920—30-х г. нац.-культ. аўтаномія беларусаў і іх арг-цыі ў Р. ліквідаваны, апошнімі — Беларускі клуб у Маскве (1936) і Бел. студэнцкае зямляцтва ў Ленінградзе (1937).

У Вял. Айч. вайну з Беларусі ва ўсх. тылавыя раёны СССР эвакуіравана больш за 1,5 млн. чал., больш за 120 буйных прадпрыемстваў, устаноў адукацыі, навукі і культуры, вядучых творчых калектываў. Эвакуіраваныя жыхары працавалі ў прам-сці, на чыгунцы, у сельскай гаспадарцы, навук. установах РСФСР. У 1943 пад Масквой аднавіў дзейнасць Бел. дзярж. ун-т, у Яраслаўлі — Мінскі мед. ін-т. Пасля вайны шмат эвакуіраваных засталося на Урале, у Паволжы, Сібіры і інш. рас. рэгіёнах. У 1946—63 у Р. асела большасць з 530 тыс. чал., што выехалі з Беларусі праз сістэму аргнабораў. Так, у Карэліі яны склалі 11% усяго і 15% сельскага насельніцтва (1959). У аддаленыя раёны Р. былі дэпартаваны б. ваеннапалонныя, вайскоўцы польскай арміі Андэрса, вывезеныя на прымусовую працу ў Германію (остарбайтэры), заможныя сяляне з зах. абласцей БССР і інш. З 1959 да 1989 колькасць беларусаў у РСФСР павялічылася, у т. л. за кошт вярбоўкі на новабудоўлі, планавага размеркавання выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спец. навуч. устаноў, з 844 тыс. да 1206 тыс. чал. (з 0,7 да 0,8% усіх жыхароў Р.). Каля 80% іх жыло ў гарадах. Да канца 1980-х г. найб. кампактна і масава беларусы жылі ў Маскве і Маскоўскай вобл. (каля 130 тыс.), Ленінградзе і Ленінградскай вобл. (больш за 127 тыс.), Калінінградскай і Іркуцкай абл. (у кожнай каля 74 тыс. чал.), Карэліі (55,5 тыс.), Цюменскай вобл. (49 тыс.), Краснадарскім (37 тыс.) і Краснаярскім (каля 34 тыс. чал.) краях. Нямала ўраджэнцаў Беларусі і іх нашчадкаў займалі ў РСФСР значныя дзярж. пасады, сталі кіраўнікамі прадпрыемстваў, грамадскімі і культ. дзеячамі, вучонымі (напр., дыпламат А.​Грамыка, даследчык Арктыкі акад. О.​Шміт, заснавальнік геліябіялогіі А.​Чыжэўскі, гісторык М.​Улашчык, псіхолаг Л.​Выгоцкі, матэматык І.​Брайцаў, адзін з заснавальнікаў кібернетыкі А.​Маліноўскі, авіяканструктар П.​Сухі). Ігнараванне нац.-культ. патрэб уладамі і значная асіміляцыя абумовілі тое, што, паводле перапісу 1989, бел. мову лічылі роднай толькі 28—37% беларусаў Р. Ва ўмовах палітыкі перабудовы ўзніклі суполка студэнцкай моладзі «Пагоня» (1987) і Т-ва бел. культуры імя Ф.​Скарыны (1988) у Маскве, Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў С.-Пецярбургу (1989). На час распаду СССР (1991) у Р. было 1155 тыс. беларусаў. У 1992—99 на Беларусь вярнуліся 113,4 тыс. рас. беларусаў — 49% ад агульнай колькасці тых, хто прыехаў з гэтай дзяржавы. Цяпер у Р. склалася найбольшая бел. дыяспара ў свеце, якая ў апошнія гады папоўнілася (пераважна па эканам. прычынах) вучонымі, прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі, спартсменамі, прадпрымальнікамі, часовымі прац. мігрантамі. Працаўладкаванню беларусаў у Р. садзейнічаюць бел.-рас. пагадненне 1993 аб прац. дзейнасці і сац. абароне грамадзян на тэр. абедзвюх дзяржаў, адмена ў 1996 Федэральнай міграцыйнай службай Р. дазвольнага прынцыпу працаўладкавання грамадзян Беларусі на тэр. Рас. Федэрацыі (уведзены рэгістрацыйны парадак). Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі, працэсы нац. адраджэння пач. 1990-х г. актывізавалі нац. культ.-асв. дзейнасць рас. беларусаў. Захаванню і папулярызацыі традыцый, мовы, гісторыі, культуры бел. этнасу спрыяюць суполкі беларусаў у Маскве, С.-Пецярбургу (гл. раздзелы пра беларусаў у арт. Масква і Санкт-Пецярбург), Петразаводску, Саснагорску, Калінінградзе, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасібірску (гл. раздзел пра беларусаў у арт. Новасібірская вобласць), Цюмені, Арэнбургу, Омску, Краснаярску, Іркуцку (гл. Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Я.​Д.​Чэрскага), Цверы, Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Петрапаўлаўску-Камчацкім.

У 1991 сябры маскоўскага Т-ва бел. культуры заснавалі уніяцкую і каталіцкую суполкі. Беларусы-вернікі С.-Пецярбурга арганізавалі правасл. абшчыну (дзейнічала да 1998). Працуе бел. суполка мастакоў у С.-Пецярбургу (І.​Чарнякевіч, В.​Сівуха, Ю.​Казак, М.​Ткачэнка). Бел. культуры належыць творчая спадчына літаратара І.​Ласкова (Якуцк), пісьменнікаў А.​Кірвеля, А.​Кавалюк, І.​Сібілы (С.-Пецярбург), драматурга М.​Каляды (Екацярынбург). Развіццю беларусістыкі ў Р. спрыяюць публікацыі А.​Каўкі, Я.​Шыраева, Л.​Шчавінскай (Масква), В.​Грыцкевіча, І.​Маціеўскага, М.​Нікалаева (С.-Пецярбург), А.​Катлярчука (Бранск), М.​Ількевіча (Смаленск). У рас. навук. цэнтрах праявілі сябе вучоныя-беларусы і выхадцы з Беларусі: хімік В.​Капцюг, геолаг А.​Трафімук, касманаўты П.​Клімук і У.Кавалёнак, фізікі Ж.​Алфёраў (Нобелеўская прэмія па фізіцы 2000), Б.​Галёркін, В.​Гальданскі, Я.​Зяльдовіч, У.​Міткевіч, Ф.​Шапіра. У развіцці сучаснай бел. супольнасці ў Р. выявіліся 2 процілеглыя тэндэнцыі — абуджэнне да нац. жыцця, самаўсведамлення рас. беларусаў і іх паскораная асіміляцыя ва ўмовах існавання Саюза Беларусі і Р. Сведчанне гэтага — адсутнасць бел. школ, нац. друку (выдаюцца толькі бюлетэні «Шляхам Скарыны» ў Маскве і «Маланка» ў Іркуцку), амаль поўная асіміляцыя беларусаў на бел.-рас. памежжы. Пры гэтым ёсць 2 каардынацыйныя цэнтры: Міжрэгіянальнае аб’яднанне беларусаў Р. (з сак. 1999) і Федэральная нац.-культ. аўтаномія «Беларусы Р.» (з крас. 1999). Пасля набыцця Беларуссю незалежнасці змяніліся адносіны яе ўлад да бел. дыяспары, у т. л. ў Р. У адпаведнасці з дзярж. праграмай «Беларусы ў свеце» аказваецца падтрымка рас. беларусам. Прадстаўнікі бел. суполак Р. былі ўдзельнікамі Першага сходу беларусаў блізкага замежжа (снеж. 1992), Першага (ліп. 1993), Другога (ліп. 1997), Трэцяга (ліп. 2001) з’ездаў беларусаў свету. Бел.-рас. дагавор 1995 прадугледжвае магчымасць свабоднага выяўлення, захавання і развіцця для суайчыннікаў этн., культ., моўнай, рэліг. самабытнасці. У студз. 1999 Беларусь ратыфікавала дагавор з Р. аб роўных правах грамадзян. 1.3.1999 падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Дзярж. к-там па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь і Мін-вам нац. палітыкі Рас. Федэрацыі. Кіраўнікі Беларусі, урадавыя дэлегацыі пры наведванні Р. сустракаюцца з землякамі.

Літ.:

Соловьев С.М. История России с древнейших времен // Соч. М., 1988—92. Кн. 1—15;

Карамзин Н.М. История государства Российского. Т. 1—12. М., 1989—93;

Ключевский В.О. Русская история: Полный курс лекций. Кн. 1—3. М., 1993;

История Отечества: люди, идеи, решения: Очерки истории России IX — начала XX в. М., 1991;

Отечественная история: Энцикл.: В 5 т. Т. 1—3. М., 1994—2000;

Пашков Б.Г. Русь. Россия. Российская империя: Хроника событий, 862—1917 гг. М., 1994;

Россия и страны ближнего зарубежья: история и современность. М., 1995;

Отечественная история, XX в. М., 1997;

История русской литературы. Т. 1—4. Л., 1980—83;

История русской литературы XI—XX вв.: Краткий очерк. М., 1983;

История советской литературы: Новый взгляд. Ч. 1—2. М., 1990;

История русской литературы, XX в.: Серебряный век. М., 1995;

Нефагина Г.Л. Динамика стилевых течений в русской прозе 1980—90-х гг. Мн., 1998;

Агеносов В.В. Литература russkogo зарубежья [1918—1996]. М., 1998;

Александровіч С. Старонкі братияй дружбы. Мн., 1960;

Старонкі літаратурных сувязей. Мн., 1970;

Семашкевіч Р.М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1971;

Каваленка В.А. Вытокі. Уплывы. Паскоранасцв. Мн., 1975;

Адамовіч А. Здалёк і зблізку. Мн., 1976;

Бярозкін Р.С. Звенні: Творчая індывідуальнасць і ўзаемадзеянне літаратур. Мн., 1976;

Рагойша В.П. І нясе яна дар...: Бел. паэзія на рус. і ўкр. мош. Мн., 1977;

Яго ж. Кантакты. Мн., 1982;

Букчин С. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984;

Клімуць Я.І. Жыццёвасць традыцый: Якуб Колас і рус. сав. паэзія. Мн., 1985;

Коваленко В.А. Общность судеб и сердец: Бел. проза о Великой Отеч. войне в контексте рус. и других лит. Мн., 1985;

Киселев Г. Разыскивается классик... Мн., 1989;

Верабей А.Л. Беларуска-рускі паэтычны ўзаемапераклад 20—30-х гг. Мн., 1990;

Журавлев А.М., Хан-Магомедов С.О. Советская архитектура. М., 1968;

Советское изобразительное искусство и архитектура 60—70-х гг. М., 1979;

Кириченко Е.И. Русская архитектура 1830—1910-х гг. М., 1982;

История советского искусства: Живопись, скульптура, графика. Т. 1—2. М., 1965—68;

Василенко В.М. Народное искусство. М., 1974;

Лебедянский М.С. Становление и развитие русской советской живописи 1917 — начала 1930-х гг. Л., 1983;

Глезер А.Д. Современное русское искусство. М. и др. 1993;

История русской музыки. Т. 1—10. М., 1985—97;

Асафьев Б.В. Русская музыка, XIX и начало XX в. Л., 1968;

Левая Т. Русская музыка начала XX в в художественном контексте эпохи. М., 1991;

Русская музыка и XX в. М., 1997;

Рапацкая Л.А. История русской музыки: От древней Руси до «серебряного века». М., 2001;

Русская художественная культура конца XIX — начала XX вв. (1895—1907). Кн. 1. М., 1968;

История советского драматического театра. Т. 1—6. М., 1966—71;

История русского драматического театра. Т. 1—7. М., 1977—87;

История советского кино. Т. 1—4. М., 1969—78;

Блейман М.Ю. О кино. М., 1973;

Кино и время. Вып. 1—4. М., 1977—81;

Мудрость вымысла: Мастера мультипликации о себе и своем искусстве. М., 1983;

Нечай О.Ф. Основы киноискусства. М., 1989;

Зайцева Л.А. Эволюция образной системы советского фильма 60—80-х гг. М., 1991;

Власов М.П. Советское киноискусство 50—60-х гг. М., 1993;

Кинематограф оттепели. М., 1996;

Домашняя синематека: Отечественное кино 1918—1996. М., 1996;

Фрейлих С.И. Теория кино: От Эйзенштейна до Тарковского. М., 1992;

Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;

Грицкевич В.П. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986;

Григорьева Р.А. Белорусская диаспора в России // Новые славянские диаспоры М., 1996;

Белорусы в Сибири. Вып. 1—2. Новосибирск, 2000;

Степанов В. Белорусы и Россия // Живописная Россия. 2000. № 5;

Хто ёсць Хто сярод беларусаў свету: Энцыкл. давед. Ч. 1. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах. Мн., 2000.

П.​І.​Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Ю.​А.​Блашкоў (гісторыя да 1917), І.​А.​Літвіноўскі (гісторыя з 1917), В.​П.​Алавяннікаў (узброеныя сілы), Н.​І.​Марозава (асвета), А.​А.​Плаўнік (друк, радыё, тэлебачанне), А.​Р.​Жакаў, М.​І.​Мішчанчук (літаратура), Э.​А.​Петэрсон (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Т.​А.​Шчарбакова (музыка), В.​С.​Іваноўскі (тэатр), В.​Ф.​Нячай (кіно), Г.​Г.​Сяргеева (беларусы ў Расіі).

Суб’екты Расійскай Федэрацыі
Суб’ект Плошча, тыс. км² Насельніцтва ў 2000, тыс. чал. Цэнтр
1 2 3 4
Адыгея (Рэспубліка Адыгея) 7,6 448 Майкоп
Алтай (Рэспубліка Алтай) 92,6 204 Горна-Алтайск
Алтайскі край 169,1 2654 Барнаул
Амурская вобл. 363,7 998 Благавешчанск
Арлоўская вобл. 24,7 897 Арол
Архангельская вобл. 587,4 1459 Архангельск
 у т. л.: Ненецкая аўтаномная акруга 176,7 45 Нар’ян-Мар
Арэнбургская вобл. 124,0 2219 Арэнбург
Астраханская вобл. 44,1 1016 Астрахань
Башкортастан (Рэспубліка Башкортастан) 143,6 4110 Уфа
Белгародская вобл. 27,1 1495 Белгарад
Бранская вобл. 34,9 1438 Бранск
Бурація (Рэспубліка Бурація) 351,3 1032 Улан-Удэ
Валагодская вобл. 145,7 1319 Волагда
Валгаградская вобл. 113,9 2677 Валгаград
Варонежская вобл. 52,4 2456 Варонеж
Дагестан (Рэспубліка Дагестан) 50,3 2143 Махачкала
Іванаўская вобл. 21,8 1219 Іванава
Інгушэція (Рэспубліка Інгушэція) 3,6 315 Магас
Іркуцкая вобл. 767,9 2742 Іркуцк
 у т. л.: Усць-Ардынская Бурацкая аўтаномная акруга 22,4 143 Усць-Ардынскі
Кабардзіна-Балкарыя (Кабардзіна-Балкарская Рэспубліка) 12,5 785 Нальчык
Калінінградская вобл. 15,1 948 Калінінград
Калмыкія (Рэспубліка Калмыкія) 76,1 314 Эліста
Калужская вобл. 29,9 1076 Калуга
Камчацкая вобл. 472,3 389 Петрапаўлаўск-Камчацкі
 у т. л.: Каракская аўтаномная акруга 301,5 30 Палана
Карачаева-Чэркесія (Карачаева-Чэркеская Рэспубліка) 14,1 431 Чэркеск
Карэлія (Рэспубліка Карэлія) 172,4 765 Петразаводск
Кастрамская вобл. 60,1 781 Кастрама
Кемераўская вобл. 95,5 2982 Кемерава
Кіраўская вобл. 120,8 1590 Кіраў
Комі (Рэспубліка Комі) 415,9 1137 Сыктыўкар
Краснадарскі край 76,0 5007 Краснадар
Краснаярскі край 2339,7 3051 Краснаярск
 у т. л.: Таймырская (Даўгана-Ненецкая аўтаномная акруга) 862,1 44 Дудзінка
 Эвенкійская аўтаномная акруга 767,6 19 Тура
Курганская вобл. 71,0 1096 Курган
Курская вобл. 29,8 1311 Курск
Ліпецкая вобл. 24,1 1240 Ліпецк
Магаданская вобл. 461,4 239 Магадан
Мардовія (Рэспубліка Мардовія) 26,2 929 Саранск
Марый Эл (Рэспубліка Марый Эл) 23,2 759 Йашкар-Ала
г. Масква 47,0 8537 Масква
Маскоўская вобл. 6464
Мурманская вобл. 144,9 1001 Мурманск
Наўгародская вобл. 55,3 727 Вялікі Ноўгарад
Ніжагародская вобл. 76,9 3663 Ніжні Ноўгарад
Новасібірская вобл. 178,2 2740 Новасібірск
Омская вобл. 139,7 2164 Омск
Паўночная Асеція—Аланія (Рэспубліка Паўночная Асеція—Аланія) 8,0 670 Уладзікаўказ
Пензенская вобл. 43,2 1530 Пенза
Пермская вобл. 160,6 2956 Перм
 у т. л.: Комі-Пярмяцкая аўтаномная акруга 32,9 150 Кудымкар
Прыморскі край 165,9 2173 Уладзівасток
Пскоўская вобл. 55,3 801 Пскоў
Разанская вобл. 39,9 1286 Разань
Растоўская вобл. 100,8 4341 Растоў-на-Доне
Самарская вобл. 53,6 3295 Самара
г. Санкт-Пецярбург 85,9 4694 Санкт-Пецярбург
Ленінградская вобл. 1666
Саратаўская вобл. 100,2 2709 Саратаў
Саха (Якуція) [Рэспубліка Саха (Якуція)] 3103,2 989 Якуцк
Сахалінская вобл. 87,1 599 Южна-Сахалінск
Свярдлоўская вобл. 194,8 4603 Екацярынбург
Смаленская вобл. 49,8 1128 Смаленск
Стаўрапольскі край 66,5 2660 Стаўрапаль
Тамбоўская вобл. 34,3 1270 Тамбоў
Татарстан (Рэспубліка Татарстан) 68,0 3783 Казань
Томская вобл. 316,9 1068 Томск
Тульская вобл. 25,7 1740 Тула
Тыва (Рэспубліка Тыва) 170,5 311 Кызыл
Удмурція (Удмурцкая Рэспубліка) 42,1 1629 Іжэўск
Уладзімірская вобл. 29,0 1604 Уладзімір
Ульянаўская вобл. 37,3 1463 Ульянаўск
Хабараўскі край 788,6 1506 Хабараўск
Хакасія (Рэспубліка Хакасія) 61,9 580 Абакан
Цвярская вобл. 84,1 1595 Цвер
Цюменская вобл. 1435,2 3237 Цюмень
 у т. л.: Ханты-Мансійская аўтаномная акруга 523,1 1382 Ханты-Мансійск
 Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга 750,3 504 Салехард
Чувашыя (Чувашская Рэспубліка) 18,3 1359 Чэбаксары
Чукоцкая аўтаномная акруга 737,7 79 Анадыр
Чыцінская вобл. 431,5 1256 Чыта
 у т. л.: Агінская Бурацкая аўтаномная акруга 19,0 79 Агінскае
Чэлябінская вобл. 87,9 3667 Чэлябінск
Чэчня (Чэчэнская Рэспубліка) 15,7 768 Грозны
Яраслаўская вобл. 36,4 1412 Яраслаўль
Яўрэйская аўтаномная вобл. 36,0 197 Бірабіджан
Герб і сцяг Расіі.
Да арт. Расія. У зоне тундры.
Да арт. Расія. Газаперапрацоўчы завод у Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе.
Да арт. Расія. Краявід на Паўднёвым Урале.
Да арт. Расія. Рака Сораць у Пскоўскай вобласці.
Да арт. Расія. Возера Байкал. Бухта Пясчаная.
Да арт. Расія. Абагачальная фабрыка Лебядзінскага горна-абагачальнага камбіната ў Белгародскай вобласці.
Да арт. Расія. Дзмітрыеўскі сабор ва Уладзіміры. Каля 1197.
Да арт. Расія. Валагодскі крэмль. Сафійскі сабор. 1568—70.
Да арт. Расія. Пераслаўль-Залескі. Від часткі горада.
Да арт. Расія. Астанкінская тэлевізійная вежа ў Маскве. 1960—67.
Да арт. Расія. Расійскі культурны цэнтр на Краснахолмскай Стрэлцы. Арх. Ю.​Гнядоўскі, В.​Красільнікаў, Дз.​Салопаў, М.​Гаўрылава, С.​Гнядоўскі. 1995.
Да арт. Расія. Будынак банка ў Ніжнім Ноўгарадзе. Арх. Е.​Пестаў, А.​Харытонаў, І.​Гольцаў, С.​Палеў. 1993—95.
Да арт. Расія. Абраз Маці Божай Уладзімірскай. 1-я пал. 12 ст.
Да арт. Расія. І.​Аргуноў. Партрэт невядомай сялянкі ў рускім касцюме. 1784.
Да арт. Расія. В.​Пяроў. Праводзіны нябожчыка. 1865.
Да арт. Расія. І.​Крамской. Невядомая. 1883.
Да арт. Расія. І.​Левітан. Асенні дзень. Сакольнікі. 1879.
Да арт. Расія. І.​Рэпін. Іван Грозны і сын яго Іван 16 лістапада 1581 года. 1885.
Да арт. Расія. В.​Барысаў-Мусатаў. Ізумрудныя каралі. 1903—04.
Да арт. Расія. В.​Кандзінскі. З чорнай дугой. 1912.
Да арт. Расія. В.​Сяроў. Партрэт актрысы М.​Ярмолавай. 1905.
Да арт. Расія. А.​Дайнека. Дзяўчынка каля акна. 1931.
Да арт. Расія. Я.​Вучэціч. Партрэт І.​Д.​Чарняхоўскага. 1945.
Да арт. Расія. А.​Мыльнікаў. Нацюрморт. Кветкі ў сіняй вазе. 1986.
Да арт. Расія. Э.​Неізвесны. Жаночы торс. 1963.
Да арт. Расія. А.​Полагава. Белыя аблокі бясконцыя і вечныя. 1997—98.
Да арт. Расія. І.​Глазуноў. Беражы Бог Расію. 1999.
Да арт. Расія. М.​Шамякін. Фантанка. 1960.
Да арт. Расія. А.​Шылаў. Лётчык-касманаўт СССР П.​І.​Клімук. 1976.
Да арт. Расія. А.​Лягін, С.​Малькоў. Вестка. 1996.
Да арт. Расія. Вялікая зала Маскоўскай кансерваторыі.
Да арт. Расія. Сцэна з оперы «Іван Сусанін» М.​Глінкі. Вялікі тэатр Расіі.
Да арт. Расія. Сцэна з балета «Спартак» А.​Хачатурана. Вялікі тэатр Расіі.
Да арт. Расія. Сцэна са спектакля А.​К.​Талстога «Цар Фёдар Іаанавіч». У ролі цара Фёдара І.​Масквін, Ірыны — В.​Кніпер. Маскоўскі маст. тэатр. 1898.
Да арт. Расія. Сцэна са спектакля «Гамлет» У.​Шэкспіра. Маскоўскі. тэатр імя У.​Маякоўскага. 1955.
Да арт. Расія. Сцэна са спектакля «Тры сястры» А.​Чэхава. Маскоўскі Маст. акад. тэатр. 1980-я г.
Да арт. Расія. Кадр з дакументальнага фільма «Дзень 80-годдзя графа Л.​М.​Талстога». 1908.
Да арт. Расія. Кадр з фільма «Браняносец Пацёмкін». 1925.
Да арт. Расія. Кадр з фільма «Вясёлыя хлопцы». 1934.
Да арт. Расія. Кадр з фільма «Аляксандр Неўскі». 1938.
Да арт. Расія. Кадр з фільма «Маладая гвардыя». 1948.
Да арт. Расія. Кадр з фільма «Яны змагаліся за Радзіму». 1975.
Да арт. Расія. Кадр з фільма «Вайна і мір». 1966—67.
Да арт. Расія. Кадр з фільма «Некалькі дзён з жыцця Абломава» 1980.
Да арт. Расія. Кадр з фільма «Белае сонца пустыні». 1970.
Да арт. Расія. Кадр з фільма «Сібірскі цырульнік». 1999.
Да арт. Расія. Экспазіцыя адзення беларусаў-перасяленцаў канца 19 — пачатку 20 ст. ў абласным краязнаўчым музеі ў Новасібірску. 1999.
Да арт. Расія. Беларускі фальклорны ансамбль «Зязюля» вёскі Каўбаса Кыштоўскага раёна Новасібірскай вобласці. 1999.

т. 13, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛДО́ВА (Moldova),

Рэспубліка Малдова (Republica Moldova), дзяржава ва Усх. Еўропе. Мяжуе на З з Румыніяй (па р. Прут), на Пн, У і Пд з Украінай. Пл. 33,7 тыс. км². Нас. 4,3 млн. чал. (1998). Дзярж. мова — малдаўская. Сталіца — г. Кішынёў. Падзяляецца на 40 раёнаў. У 1994 прыняты закон аб тэр. аўтаноміі Гагаузіі (Гагауз Еры). Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 жніўня).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1994. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту (104 дэпутаты, выбраныя на 4 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае парламент паводле прадстаўлення прэзідэнта.

Прырода. Рэльеф раўнінна-ўзгорысты з чаргаваннем узвышшаў (22,4% тэрыторыі), плато і раўнін (77,6%). На Пн краіны Паўн.-Малдаўскае плато — плоская раўніна з асобнымі ўзгоркамі-астанцамі. У цэнтры ўзв. Кодры з найвыш. пунктам г. Баланешты (выш. да 429 м). На Пд Паўд.-Малдаўская і Паўд.-Бесарабская раўніны. Моцна развіта эрозія, існуе больш за 100 тыс. яроў. Большая ч. тэрыторыі знаходзіцца на паўд.-зах. ускраіне Рус. платформы, крышт. фундамент якой перакрыты тоўшчай асадкавых парод (ад палеазойскіх да антрапагенавых). Карысныя выкапні: вапнякі, гіпс, гліны, пяскі, мергель, нафта, газ, буры вугаль. Ёсць лячэбныя мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны з мяккай зімой і працяглым гарачым летам. Сярэдняя т-ра студз. -3,5 °C (Кішынёў), ліп. 20,7 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 550 мм на Пн і ў Кодрах да 380 мм на Пд. Рачная сетка разгалінаваная: 3085 пастаянных і часовых вадацёкаў, з іх толькі 246 даўжэй за 10 км. Гал. рэкі: Днестр (з прытокамі Рэут, Ікел, Бык, Ботна) і Прут. Азёры поймавыя, найб. Белеў, Ратунда, Драчэле і інш. Глебы пераважна чарназёмныя, вышэй за 250—270 м шэрыя і бурыя лясныя, у поймах рэк — алювіяльна-лугавыя. Большая ч. тэрыторыі разарана. Расліннасць стэпавых і лесастэпавых відаў (кавыль, ціпчак, стэпавая вішня) захавалася плямамі. Лясы займаюць 9,6% тэрыторыі (бук, дуб, граб, клён, ясень і інш.). У складзе фауны 400 відаў пазваночных і 4600 беспазваночных жывёл. З млекакормячых водзяцца дзік, казуля, воўк, ліс, дзікі кот і інш. 257 відаў птушак (стэпавы арол, сава, жаваранак, сойка). Больш за 80 відаў рыб. Запаведнікі: Кодры, Егарлык.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — малдаване (64,5%). Жывуць таксама ўкраінцы (13,8%), рускія (13%), гагаузы (3,5%), балгары (2%), беларусы, яўрэі і інш. Большасць вернікаў — праваслаўныя хрысціяне. Сярэдняя шчыльн. 128 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены цэнтр. і паўд.-ўсх. раёны, найменш — паўднёвыя. Гар. насельніцтва 54% (1998). Найб. гарады (1998, тыс. чал.): Кішынёў (752,1), Ціраспаль (192,1), Бэлць (155,6), Бендэр (138,4). 41,6% занятых у эканоміцы прыпадае на сельскую гаспадарку, 14,8% — прам-сць і буд-ва, 43,6% — сферу паслуг.

Гісторыя. На тэр. М. чалавек з’явіўся у эпоху палеаліту. У 4—3-м тыс. да н.э. тут існавала трыпольская культура. У 6 ст. да н.э. ў вусці р. Днестр стараж.-грэч. каланісты з Мілета заснавалі г. Тыра (цяпер Белгарад-Днястроўскі, Украіна). У 4—3 ст. да н.э. міжрэчча Прута, Днястра і землі каля Чорнага м. насялялі геты і дакі. У 1 ст. да н.э. тут уладарыў Берэбіста (Бурэвіста) — правадыр гета-дакійскага плем. саюза. З 1—2 ст. гэтыя землі межавалі з уладаннямі Стараж. Рыма ў Паўн. Прычарнамор’і і Дакіі, у 2—4 ст. тут жылі плямёны чарняхоўскай культуры (сарматы, гета-дакі, скіфы, готы). З 6—7 ст. паміж Усх. Карпатамі і Днястром жылі стараж. славяне, у т. л. ў 9—12 ст. улічы і ціверцы. У 10—12 ст. частка зямель М. ўваходзіла ў склад Кіеўскай Русі і Галіцкага княства; у выніку ўварванняў сюды печанегаў і полаўцаў славяне вынішчаны або выцеснены на Пн. У 12—13 ст. на тэр. гістарычнай вобл. Малдовы, пазней і Бесарабіі, перасяліліся з-за Карпат волахі (валахі, улахі) — продкі сучасных румынаў і малдаван, якія паступова асімілявалі апошніх мясц. славян. Пасля 1241 да 1-й пал. 14 ст. землі паміж Усх. Карпатамі і Днястром былі пад уладай Залатой Арды. У 1-й пал. 14 ст. далінай р. Малдова завалодала Венгрыя. У 1359 узнікла самаст. Малдаўскае княства, якое да канца 14 ст. пашырылася і ўключала Малдову (тэр. ядро), Бесарабію і Букавіну. Яно найб. узмацнілася ў час праўлення гаспадароў (князёў) Аляксандра Добрага [1400—32] і Стэфана III Вялікага [1457—1504], Атрады Малд. княства (з 1387 фармальна васал Польшчы) удзельнічалі ў Грунвальдскай бітве 1410. У 14—16 ст. левабярэжжа Днястра было ў складзе ВКЛ. У 16 ст. паўд. частку левабярэжжа заваявалі туркі, паўночная з 1569 (акрамя панавання тут у 1672—99 туркаў) уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай. З 16 ст. Малд. княства ў васальнай залежнасці ад Асманскай імперыі, якая захапіла Паўд. Бесарабію з гарадамі Бендэр, Ізмаіл, Кілія, Акерман, а ў 18 ст. і Хацін з акругай. М. плаціла даніну, прымусова пастаўляла Турцыі с.-г. прадукты, удзельнічала ў войнах на яе баку. Жыхары М. значна цярпелі ад набегаў падвасальных Турцыі крымскіх татар і нагайцаў (у 16 ст. паселены туркамі ў прычарнаморскіх стэпах паміж Дунаем і Дняпром) і баявых дзеянняў на тэр. М. ў час войнаў Турцыі з Польшчай (17 ст.), Аўстрыяй і Расіяй (18 ст.). У 16—17 ст. большасць малд. сялян запрыгонена (афіцыйна паводле «Улажэння» 1646 гаспадара В.Дупу). З 1711 тур. султаны прызначалі гаспадарамі М. знатных грэкаў-фанарыётаў, што яшчэ больш узмацніла нац. ўціск малд. насельніцтва. У 16—18 ст. багацце малд. феадалаў (баяр) залежала ад іх становішча пры двары гаспадара, бо за дзярж. пасадамі замацоўваліся буйныя зямельныя ўладанні з залежнымі сялянамі. Жыхары М. неаднаразова паўставалі супраць тур. панавання, у т. л. пад кіраўніцтвам гаспадароў І.​Лютага (1574) і Дз.Кантэміра (1711). У крас. 1711 Кантэмір заключыў з Пятром I дагавор аб ваен. саюзе і пратэктараце Расіі над М., на чале малд. войска ўдзельнічаў у Пруцкім паходзе 1711. Паводле «Улажэння» 1749 гаспадара К.​Маўракардата катэгорыя прыгонных сялян (вечынаў) скасавана і пераўтворана ў феадальна-залежных, але асабіста свабодных царан. Паводле Яскага мірнага дагавора 1791, які завяршыў рус.-тур. вайну 1787—91, паўд. частка левабярэжжа Днястра, а паводле 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) і паўночная (з 17 ст. тут сяліліся малдаване) далучаны да Расіі. Паводле Бухарэсцкага мірнага дагавора 1812, якім скончылася рус.-тур. вайна 1806—12, да Расіі далучана і Бесарабія (да 50% тэр. і 25% насельніцтва М.) з цэнтрам у Кішынёве. Малд. баяры атрымалі правы рас. дваран, сяляне захавалі асабістую свабоду. Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1856 у Малд. княства, потым (з 1862) у Румынію ўваходзіла паўд.-зах. частка Бесарабіі (пасля рус.-тур. вайны 1877—78 у выніку Берлінскага кангрэса 1878 далучана да Расіі). У 19 ст. актывізавалася с.-г. і прамысл. развіццё Бесарабіі, яе паўд. (стэпавую) частку, адкуль у 1807 рас. ўлады выдалілі качэўнікаў-нагайцаў, засялялі каланісты з Расіі, Украіны, Турцыі (балгары і гагаузы) і Германіі. У 1861—75 у Бесарабіі праведзена сял. рэформа. У 1867 са школ выключана малд. мова. У пач. 20 ст. каля 70% с.-г. зямель М. належала памешчыкам, асн. галіной эканомікі Бесарабіі заставалася сельская гаспадарка. У крас. 1917 абвешчана аўтаномія Бесарабіі. 4.12.1917 нац. прадпрымальнікі і інтэлігенцыя склікалі «Сфатул цэрый» («Савет краю»), які 15.12.1917 абвясціў Бесарабію Малд. Народнай Рэспублікай. У студз.—сак. 1918 Бесарабію занялі рум. войскі. 10.12.1918 «Сфатул цэрый» абвясціў аб далучэнні яе да Румыніі, што не прызнала Сав. Расія. У 1918—20 левабярэжжа Днястра папераменна было пад акупацыяй войск Аўстрыі, Германіі, С.​В.​Пятлюры, Антанты, белагвардзейцаў. У выніку агр. рэформы 1921—23 сяляне Бесарабіі страцілі каля ⅔ сваёй зямлі, якая была вернута памешчыкам. 12.10.1924 на тэр. Украіны на У ад Днястра, дзе таксама жылі малдаване, сав. ўлады стварылі Малд. Аўт. Сацыяліст. Сав. Рэспубліку (сталіца — г. Балта, з 1929 Ціраспаль). У выніку тайнага дадатку да пакта Рыбентропа—Молатава 1939 і пасля 2 сав. ультыматумаў Румыніі ад 26 і 27.6.1940 Бесарабія і Паўн. Букавіна 28.6.1940 далучаны да СССР.

2.8.1940 створана Малд. ССР са сталіцай у Кішынёве; паводле спец. герм.-сав. пагаднення тэр. М. пакінулі каля 93 тыс. бесарабскіх немцаў. Паводле рашэння ўрада СССР ад 4.11.1940 Паўн. Букавіна, Хацін з акругай, Ізмаіл і Акерман далучаны да Укр. ССР. Са жн. 1941 М. акупіравана рум. войскамі, якія знішчылі тут каля 64 тыс. чал. Пасля вызвалення Чырв. Арміяй у ходзе Праскураўска-Чарнавіцкай аперацыі 1944, Адэскай аперацыі 1944 і Яска-Кішынёўскай аперацыі 1944 адноўлена Малд. ССР, якую як частку СССР паводле Парыжскіх мірных дагавораў 1947 прызнала Румынія. Пасля вайны сярод насельніцтва М. павялічылася доля рускіх і ўкраінцаў. У 1950—60-я г. ў М. засн. машына- і прыладабудаванне, электраэнергетыка і інш. галіны прам-сці. У час перабудовы ў СССР у М. пасля 1985 актывізаваўся нац.-культ. рух, які перарос у паліт. рух за выхад з СССР. На мяжы 1980—90-х г. узніклі шматлікія паліт. партыі і грамадскія арг-цыі. З 1990 прыхільнікі румынізацыі краю, найперш члены Хрысц.-дэмакр. нар. фронту, пераважалі ў Вярх. Савеце і ўрадзе М.

23.6.1990 яе Вярх. Савет прыняў дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце ўнутры СССР, у вер. ўвёў пасаду прэзідэнта рэспублікі і выбраў прэзідэнтам М.Снегура. Прарум. арыентацыя ўлад М., у т. л. ўвядзенне ў 1989 лац. алфавіта замест прынятага ў 1940 кірылічнага, выклікала канфлікты з гагаузамі (у жн. 1990 абвясцілі сваю рэспубліку на Пд М.), з рус. і ўкр. нац. меншасцямі на У ад Днястра, дзе ў вер. 1990 пры падтрымцы размешчанай там 14-й рас. арміі абвешчана Прыднястроўская Малд. Рэспубліка (ПМР) з цэнтрам у Ціраспалі (абедзве рэспублікі не прызнаваліся малд. кіраўніцтвам). 27.8.1991 абвешчана дзярж. незалежнасць М. (з мая 1991 наз. Рэспубліка М.). 8.12.1991 у выніку першых усеагульных прэзідэнцкіх выбараў, якія байкатавалі гагаузы і насельніцтва ПМР, прэзідэнтам М. выбраны Снегур. Абвастрэнне адносін паміж кіраўніцтвам М. і ПМР прывяло да ўзбр. Прыднястроўскага канфлікту 1992. Пасля перамогі на першых шматпарт. парламенцкіх выбарах (люты 1994) дамінуючае становішча ў паліт. жыцці краіны заняла Агр.-дэмакр. партыя. У 1994 парламент прыняў канстытуцыю М., якая дэкларавала адмову ад аб’яднання з Румыніяй і магчымасць надання аўтаноміі нац. меншасцям М. (23.12.1994 прыняты закон аб тэр. аўтаноміі раёнаў кампактнага пражывання гагаузаў з цэнтрам у г. Камрат). 10.8.1994 падпісана малд.-рас. пагадненне аб вывадзе з ПМР на працягу 3 гадоў 14-й рас. арміі (не зацверджана рас. Дзярж. думай). 20.11.1996 парламент М. ратыфікаваў Еўрап. канвенцыю аб абароне нац. меншасцей. На прэзідэнцкіх выбарах 1.12.1996 прэзідэнтам М. выбраны П.Лучынскі. У 1997 у Маскве Лучынскі і прэзідэнт ПМР І.​Смірноў падпісалі Мемарандум аб забеспячэнні значнай аўтаноміі ПМР. На выбарах у парламент у 1998 перамагла правацэнтрысцкая кааліцыя (Дэмакр. канвенцыя М., Партыя дэмакр. сіл, рух «За дэмакр. і працвітаючую Малдову»), М. — чл. Садружнасці Незалежных Дзяржаў (з 1991), ААН і Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (з 1992), Савета Еўропы (з 1995). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 19.11.1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Агр.-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя, Хрысц.-дэмакр. нар. фронт, Партыя адраджэння і згоды, рух «За дэмакр. і працвітаючую Малдову», Дэмакр. канвенцыя М., Партыя дэмакр. сіл, Партыя камуністаў М. і інш.

Гаспадарка. М. — індустрыяльна-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1996 склаў 3518 млн. дол. ЗША (без уліку эканомікі ПМР). Доля прам-сці 48%, сельскай гаспадаркі 35%, сферы паслуг 17%. Сярод галін прамысловасці вядучае месца займае апрацоўчая (98,9%). Гал. галіна — харчовая (41,3%), якая працуе пераважна на мясц. сыравіне. Найб. развіта вінаробная прам-сць — больш за 200 цэнтраў па першаснай перапрацоўцы вінаграду. Буйныя вінна-каньячныя камбінаты ў Кішынёве, Ціраспалі, Кэлэрашы, шампанскіх він у Кішынёве; па перапрацоўцы вінаграду і фруктаў у Рыбніцы; вінзаводы ў Камраце, Фэлешці, Дубэсары, Сароцы і інш. У 1997 выраблена 18,4 млн. дал вінаграднага віна, 307 тыс. дал каньяку, 1147 тыс. дал пеністых він. Развіта кансервавая прам-сць, якая спецыялізуецца на выпуску кансерваў, сокаў, кампотаў з вінаграду, садавіны і агародніны. Асн. цэнтры Ціраспаль, Бендэр, Кэўшэнь, Кахул, Унгень. Цукр. з-ды размешчаны пераважна на Пн (Рыбніца, Дрокія, Фэлешць і інш.). Прадпрыемствы алейнай прам-сці ў Бэлці, Бендэры, Кішынёве. У М. вырабляецца эфірны алей з ружы, шалфею, мяты, лаванды для патрэб парфумернай, фармацэўтычнай і кандытарскай прам-сці. Буйныя мясакамбінаты ў Кішынёве, Бендэры, Ціраспалі, Бэлці, Унгені. Развіты тытунёвая прам-сць (Кішынёў, Фларэшць, Фэлешць, Дубэсар, Чадыр-Лунга і інш.), масларобная, кандытарская, мукамольная, макаронная і інш. галіны. Вытв-сць (тыс. т, 1998): цукру — 186, алею — 11,3, мяса — 19,7, масла — 2,6, мукі — 93,5, макароны — 9,7. На долю машынабудавання і металаапрацоўкі прыпадае 14,7% прамысл. прадукцыі. Вылучаюцца прыладабудаванне, эл.-тэхн., с.-г. машынабудаванне. Асн. цэнтры: Кішынёў (халадзільнікі, помпы, пральныя машыны, выліч. тэхніка, тэлевізары, радыёпрыёмнікі, трактары), Ціраспаль (рухавікі, трансфарматары, ліцейнае абсталяванне, аўтапрычэпы), Бэлць (машыны для ўборкі агародніны і тытуню, электрапагрузчыкі, электралямпы). Вытв-сць (тыс. шт., 1998) тэлевізараў — 2, пральных машын — 43,5, халадзільнікаў — 1, радыёпрыёмнікаў — 50,5, трактароў — 0,7. З-д пераробнай чорнай металургіі ў г. Рыбніца. Вытв-сць сталі 740 тыс. т, пракату 646 тыс. т. Электраэнергетыка працуе пераважна на прывазным паліве. Малдаўская ДРЭС, Кішынёўская і Бэлцкая ЦЭЦ. Дубэсарская ГЭС. Вытв-сць электраэнергіі 1,2 млрд. кВт гадз (1998). З галін лёгкай прам-сці развіты баваўняная (Ціраспаль), шаўковая (Бендэр), дывановая (Кішынёў, Унгень, Камрат, Леова), швейная, трыкат., абутковая (Кішынёў, Бэлць, Рыбніца), футравая (Бэлць). Вытв-сць тканін — 0,6 млн. м², трыкатажу — 2,6 млн. шт., абутку — 0,6 млн. пар. Прадпрыемствы па вытв-сці гумава-тэхн. вырабаў, лакаў, фарбаў у Кішынёве, Ціраспалі, Унгені. У дрэваапр. прам-сці вылучаецца вытв-сць мэблі, паркету, піламатэрыялаў, кардону, тары. Прам-сць буд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, гіпсу, цэглы, жалезабетонных вырабаў, шкла). С.-г. ўгоддзі займаюць 2,6 млн. га, у т. л. ворныя землі 1,8 млн. га, сады і вінаграднікі па 0,2 млн. га. Каля 0,3 млн. га арашаецца. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства. Вял. значэнне маюць вінаградарства, вырошчванне пладоў і ягад, цеплалюбівых гатункаў агародніны (перац, памідоры, баклажаны і інш.). Пасяўныя плошчы (тыс. га, 1997) пад збожжавымі і зернебабовымі культурамі — 1064, тэхн. — 300, кармавымі — 235, бульбай — 70, агароднінай — 65. Збор (тыс. т. 1997): пшаніцы — 1376, кукурузы — 1805, зернебабовых — 64, сланечніку — 204, соі — 3, цукр. буракоў — 1873, тытуню —23, бульбы —441, агародніны — 419, вінаграду — 310, пладоў і ягад — 1055. Пасевы эфіраалейных культур. Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998) буйн. раг. жывёлы — 453, свіней — 786, авечак і коз — 1108. Конегадоўля. Птушкагадоўля. Транспарт. Даўж. чыгунак 1,16 тыс. км, аўтадарог 10,5 тыс. км, у т. л. 10,1 тыс. км з цвёрдым пакрыццём. Асн. чыгункі: Слабодка—Рыбніца—Бэлць—Унгень, Бендэр—Рэні, Адэса—Бендэр—Кішынёў—Бэлць—Чарнаўцы. Аўтадарогі Кішынёў—Ізмаіл, Ціраспаль—Дубэсар—Рыбніца. Суднаходства па р. Днестр. Газаправод Шабялінка—Адэса—Кішынёў. Аб’ём экспарту ў 1997 склаў 874,4 млн. дол., імпарту 1171,9 млн. дол. ЗША. На долю краін СНД прыпадае каля 70% экспарту і 52% імпарту. Асн. гандл. партнёры: Расія (58% экспарту і 28% імпарту), Украіна (5,6% і 18%), Румынія (6,7% і 8,6%), ЗША (6,7% і 3,5%) і інш. М. экспартуе харч. прадукты, тэкстыль, машыны і абсталяванне. З тавараў імпарту пераважаюць паліўна-энергет. рэсурсы, угнаенні, машыны і абсталяванне. Беларусь пастаўляе ў М. бульбу, прадукты перапрацоўкі нафты, трактары, шыны, імпартуе кукурузу, алей, сокі, віно, вінаматэрыялы, цукар. Грашовая адзінка — малдаўскі лей.

Узброеныя сілы. Складаюцца з груповак войск. Галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Непасрэднае кіраўніцтва ўзбр. сіламі ажыццяўляе міністр абароны, якому падпарадкаваны 4 тэр. групоўкі войск (кожная ўключае мотапяхотную брыгаду, верталётную эскадрыллю і інш.). Налічваюць больш за 15 тыс. чал. (1998), на ўзбраенні 117 бронемашын, 168 артыл. сістэм, 30 баявых самалётаў і інш.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 69, жанчын — 69,9 года. Смяротнасць 12 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 82 чал., урачамі — 1 на 250 чал. Узровень нараджальнасці — 17 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,5%. Дзіцячая смяротнасць — 46 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета. Сучасная сістэма адукацыі М. ўключае дзярж. і прыватныя дашкольныя ўстановы для дзяцей з 3-гадовага ўзросту (з 5 гадоў — падрыхтоўчы клас), пач. і сярэднюю школу, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Пач. школа (1—4-ы кл., для дзяцей з 6—7-гадовага ўзросту), сярэдняя мае 2 ступені: гімназія — 5—9-ы кл. (9-гадовае навучанне абавязковае) і ліцэй (10—12-ы кл.; дае званне бакалаўра). Паралельна існуюць 10—11-ы кл. агульнаадук. школы (выпускнікі атрымліваюць атэстат аб сярэдняй адукацыі). На ўсіх узроўнях навучанне вядзецца на малд. мове. Існуюць навуч. ўстановы нац. меншасцей (гагаузскія, укр., рус., яўр., балг., тур.). Сярэднюю спец. адукацыю і званне бакалаўра даюць шматпрофільныя школы і вучылішчы на базе гімназіі (тэрмін навучання 3 гады). У сістэме вышэйшай школы ун-ты, акадэміі і каледжы (на базе ліцэя, тэрмін навучання 3 гады па скарочанай праграме, даюць права паступлення ва ун-т на 2-і курс). У 1998/99 навуч. г. ў М. 1700 дашкольных устаноў (160 тыс. дзяцей), у т. л. 3 прыватныя; 107 пач. школ і 631 гімназія, у т. л. па 5 прыватных; 143 ліцэі і 625 агульнаадук. школ, у т. л. па 7 з іх прыватныя; 56 каледжаў, у т. л. 9 прыватных; 38 ВНУ (72,7 тыс. студэнтаў), у т. л. 20 прыватных (13 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя дзярж. ВНУ: Кішынёўскі ун-т, мед., пед., політэхн., с.-г. ун-ты, эканам. акадэмія (усе ў Кішынёве), пед. ун-т у Бэльці; недзярж. — Міжнар. незалежны ун-т «Алім» у Кішынёве і Незалежны ун-т у Ціраспалі. Буйнейшыя б-кі: Нац. і б-ка Нац. АН М. ў Кішынёве. Музеі: Цэнтральны, Карцінная галерэя, прыкладнога мастацтва, гіст. (усе ў Кішынёве); краязнаўчыя ў Кішынёве, Бэлці, Бендэры, Археі, Ціраспалі, Кахуле, Рыбніцы і інш. Навук. даследаванні праводзяцца ў НДІ Нац. АН М., галіновых НДІ, на кафедрах ун-таў і акадэмій.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1990-я г. ў М. каля 3 тыс. перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты на малд. мове — «Cuvintul» («Слова», з 1990), «Vocea poporului» («Голас народа»), «Literatura şі Arta» («Літаратура і мастацтва»); на рус. — «Независимая Молдова» (з 1991); на малд. і рус. мовах — «Sfatul Ţării» («Савет краіны», з 1918), «Moldova Suverana» («Суверэнная Малдова», з 1924), «Tineretul Moldovei» («Моладзь Малдовы», з 1928), «Viaţa Satului» («Сельскае жыццё», 1945). Выдаюцца таксама газеты на мовах этн. груп: «Ana sӧзу» («Ана созу», на гагаузскай), «Родно слово» (на балг.), «Славянская газета» (на рус.), «Наш голос» (на рус. і ідыш). Інфарм. агенцтва — Малдовапрэс (засн. у 1940 як тэлегр. агенцтва АТЕМ, сучасная назва з 1990). Радыёвяшчанне з 1930. Тэлебачанне з 1953. Радыё- і тэлеперадачы вядуцца на малд., рус., гагаузскай, укр. і інш. мовах.

Літаратура. Вытокі л-ры М. ў вуснай нар. творчасці. Найб. стараж. ўзоры фальклору захаваліся ў каляндарнай, сямейна-абрадавай паэзіі, казках, легендах, гераічным эпасе, гіст. песнях, баладах, песнях-дойнах і інш. Выдатны помнік малд. ліра-эпічнай нар. паэзіі — балада «Міёрыца». Першыя помнікі пісьменнасці ў М. ўзніклі на мяжы 9—10 ст. на паўд.-слав. мове малд. рэдакцыі (да 17 ст. афіц. дзярж., царк. і літ. мова). На ёй у 15—16 ст. створаны рэлігійна-гіст. творы: «Жыціе святога Іаана Новага» (1402), летапісы, пропаведзі Грыгорыя Цамблака. Першая малд. кніга — «Казанні» (1643) мітрапаліта Варлаама. Уклад у развіццё стараж. малд. л-ры зрабілі летапісцы Г.​Урэке (аўтар першага летапісу на малд. мове), М.​Косцін (філас. паэма «Жыццё свету», 1671—73), І.​Некулчэ («Летапіс Краіны Малдаўскай» — першы звод-апісанне гіст. падзей 1359—1743, дапоўнены легендамі і паданнямі). Развіццю малд. культуры пач. 18 ст. спрыялі М.​Мілеску (Спафарый), Дз.Кантэмір. У канцы 18 — пач. 19 ст. склаліся перадумовы для развіцця новай малд. л-ры. Зарадзіліся лірычная паэзія (М.​Міло, К.​Канакі, І.​Кантакузіна, М.​Дымакі), сатыра (Д.​Белдыман), пашырыліся пераклады з рус., франц. і інш. л-р. Узніклі нац. перыяд. друк, т-р, школа, пачаўся працэс фарміравання літ. мовы. З пач. 19 ст. л-ра набывала больш свецкі характар: творы Канакі, К.Стамаці, А.​Хыждэў, Б.П.Хашдэў, у Запруцкай (Зах.) М. — А.​Доніча, А.​Русы, В.​Александры і інш. Развіваліся і суіснавалі розныя літ. кірункі: сентыменталізм (Канакі), класіцызм (Стамаці, Хыждэў, Г.​Асакі), рамантызм (І.Крангэ, М.Эмінеску), крытычны рэалізм (Александры), рэалізм (Крангэ, К.​Негруцы, А.​Мяцяевіч). Узніклі літ. жанры: ода (Асакі, Александры), байка (Доніч, Стамаці), гіст. навела (Хыждэў, Негруцы), драма, памфлет, сатыр. камедыя (Хашдэў, Д.​Мілеў, Александры), паэма (Эмінеску), аповесць (Негруцы), казка, апавяданне (Крангэ), публіцыстычны нарыс (Руса, М.​Кагэлнічану, Хыждэў), гіст. раман (Хашдэў). Асн. тэндэнцыі л-ры 1920—30-х г. вызначалі проза Л.​Барскага, І.​Каны, М.​Маркава, Мілева, паэзія М.​Андрыеску, Л.​Карняну, К.​Кашэрэў, Т.​Малая, драматургія П.​Карнеліу, С.​Лехтцыра і інш. У цэнтры іх увагі гіст. лёс малд. народа, сац. перамены ў яго жыцці і свядомасці. У Бесарабіі працавалі Э.Букаў, А.Лупан, Д.​Ветраў, П.Дарыенка, Л.​Дэляну, Б.Істру, М.​Кастэнка, П.Кручанюк, Дж.Менюк і інш. У Вял. Айч. вайну найб. пашыранымі жанрамі былі паэзія і публіцыстыка: вершы і артыкулы Букава, Істру, Дарыенкі, Ветрава, Карняну, прасякнутыя героікай і патрыят. пафасам. Вядучае месца ў пасляваен. л-ры заняла паэзія (І.​Балцан, Л.Даміян, П.​Дарые, Дарыенка, Дэляну, П.Задніпру, А.​Кодру). Пашырыўся яе жанравы дыяпазон (верш, лірычны рэпартаж, ода, песня, паэма). Лепшыя традыцыі л-ры М. ў прозе развівалі Кана, Букаў, А.​Ліпкан, С.​Шляху, Г.Лупан, І.Друцэ, У.​Бешлягэ, А.​Шалар, І.​Чабану, Барскі, Г.​Геаргіу, А.​Бусуёк, В.​Малева, Я.​Куткавецкі, Р.​Лунгу, А.​Марынат; у драматургіі — Друцэ, Карняну, Г.​Лупан, Г.​Маларчук, Марынат, Р.​Партной і інш. У 1960—80-я г. бурна развіваецца раман. Творы гіст., ваен., вясковай тэматыкі, прысвечаныя праблемам урбанізацыі, стваралі Друцэ («Стэпавыя балады», 1963), Чабану («Масты», 1965; «Падгаране», 1982), Шляху («Месяц як жарало гарматы», 1970; «Надзейны чалавек», 1974), С.​Сакі («Выпрабаванне», 1972), Марынат («Гарачыя крыніцы», 1973), Маларчук («Бадзя Казма»), Геаргіу («Снягі вясной», 1974) і А.​Чыбатару («Сейбіты», 1977), Бешлягэ («Дома», 1976), Г.​Мадан («Перакрыжаваныя шаблі», 1977), Ф.​Відрашку («На вуліцы Руж», 1977), Малева («Сярэбраны ўзрост», 1979) і інш. У 1970—90-я г. традыцыі пісьменнікаў старэйшага пакалення працягваюць Г.Віеру, А.​Чыбатару, П.Боцу, Г.​Водэ, І.​Ватаману, Э.​Лацяну, Даміян, В.​Тэлеукэ і інш. Пра тэматычную разнастайнасць паэзіі сведчаць калектыўныя зб-кі вершаў «Пяю маю Айчыну» (1972), «Вобраз твой, Малдова» (1974), «Сузор’е сэрцаў» (1976), «Мая рэспубліка» (1977), а таксама кнігі лірыкі Водэ («Няхай заўсёды цудоўным будзе вобраз твой», 1976; «Сэрца бягучае», 1980), Ватаману («Зялёная калыханка песні», 1978; «Вяршыні кахання», 1981), Тэлеукэ («Імгненні сэрца», 1975; «Спроба не паміраць», 1980), Лацяну («Двайная спіраль», 1976), Боцу («Клятва», 1981) і інш. Для твораў сучаснай л-ры М. характэрны багацце маст. стыляў, жанраў, шматграннасць, надзённасць тэматыкі і праблематыкі, паглыблены сац.-псіхал. аналіз. Плённа развіваюцца дзіцячая л-ра (С.​Вангелі, Віеру, Г.​Лупан, Дарые, Шалар), крытыка і літ.-знаўства (С.​Чыбатару, Х.​Корбу). У 1928 створаны Саюз пісьменнікаў М.

Бел.-малд. літ. сувязі пачалі акрэслівацца ў 1940-я г.: першы бел. твор — верш Я.​Купалы на малд. мове з’явіўся ў 1939 (перакладчык М.​Цуркану). Пашырэнню літ. кантактаў у пасляваен. час спрыялі ўзаемны ўдзел пісьменнікаў у рабоце з’ездаў, іх перакладчыцкая дзейнасць, правядзенне тыдняў л-р (1956 і 1960). На малд. мове выдадзены анталогіі «Беларускія вершы» (1956), «Проза Савецкай Беларусі. Апавяданні і навелы» (1962), асобныя творы бел. пісьменнікаў, у т. л. раман І.​Шамякіна «Глыбокая плынь» (1954), паэтычныя творы Я.​Купалы — «Хлопчык і лётчык» (1955, перакладчык Задніпру), выбраная лірыка (зб. «Песня ў імя свабоды», 1982; перакладчык Дарые), аповесць Я.​Коласа «Дрыгва» (1968) і зб. «Апавяданні аб мінулым» (1958), аповесці Я.​Брыля «На парозе сталасці» (1961), Я.​Маўра «ТВТ...» (1961), В.​Быкава «Трэцяя ракета» (1964), А.​Рылько «Мядовыя краскі» (1965), раманы П.​Броўкі «Калі зліваюцца рэкі» (1962), У.​Дадзіёмава «Над Нёманам» (1963), І.​Мележа «Людзі на балоце» (1966) і інш. Творы многіх бел. паэтаў і празаікаў публікуюцца ў малд. перыяд. друку. На бел. мове выдадзены: анталогіі «Малдаўскія апавяданні» (1958), «Паэты сонечнай Малдовы» (1960), «Малдаўскія народныя казкі» (1966), «Бочачка вінароба: Малдаўскі гумар» (1967), кн. прозы «Гронкі радасці: Творы пісьменнікаў Малдавіі і малд. фальклору» (1986), творы для дзяцей, у т. л. казка «Жалезны воўк» (1978), зб-кі вершаў Бешлягэ «Ляцім на Месяц» (1977), Ф.​Міронава «Балада пра бусла» (1981), кн. апавяданняў Вангелі «Гугуцэ — капітан карабля» (1983), а таксама асобныя творы розных жанраў: аповесць Шляху «Таварыш Ваня» (1957), зб. апавяданняў В.​Рошкі «Што мае вочы бачылі» (1962), раманы Лупан «Трэція пеўні» (1971), Друцэ «Цяжар нашай дабрыні» (1977), зб-кі лір. твораў Букава «Нараджэнне першай зоркі» (1980), Віеру «Імя тваё» (1986) і інш. На старонках бел. газет і часопісаў змяшчаюцца творы Букава, А.​Чакану, Даміяна, А.​Гужэля, Боцу, Балцана, Дэляну, Кручанюка, П.​Керарэ, Тэлеукэ і інш. Найб. плённа перакладалі і перакладаюць творы малд. пісьменнікаў А.​Астрэйка, М.​Аўрамчык, А.​Бачыла, Т.​Бондар, Я.​Брыль, Г.​Бураўкін, А.​Вольскі, М.​Гіль, А.​Грачанікаў, Х.​Жычка, С.​Законнікаў, А.​Звонак, У.​Казбярук, М.​Калачынскі, У.​Камейша, У.​Карызна, К.​Кірэенка, А.​Клышка, Я.​Лецка, А.​Лойка, М.​Маляўка, А.​Марціновіч, С.​Панізнік, У.​Паўлаў, Ю.​Свірка, Я.​Семяжон, Я.​Сіпакоў, М.​Чарняўскі, А.​Шарахоўская, У.​Шахавец, В.​Шымук, Я.​Янішчыц, Р.​Яўсееў і інш.

Архітэктура. На тэр. М. выяўлены паселішчы трыпольскай культуры. З 10—11 ст. гарады мелі драўляна- і каменна-земляныя ўмацаванні, з сярэдзіны 15 ст. іх абносілі каменнымі сценамі. У Сароцы і Бендэры пабудаваны крэпасці з магутнымі вежамі і арачнымі ўездамі. Да 16 ст. склаўся мясц. тып 1-нефавага бяскупальнага храма з нартэксам і апсідай (царква Успення ў г. Кэўшэнь, 16 ст.) або з 3 апсідамі ў форме трылісніка (царква Успення манастыра ў Капрыянах, 16 ст.). З 15 ст. ў цэрквах рабілі пахавальні з нішамі ў сценах. Своеасаблівая «малдаўская сістэма» перакрыццяў: 2 ярусы арак падтрымліваюць барабан над цэнтр. ч. храма (царква манастыра ў Рудзі, 1774). Звонку храмы аздаблялі плоскімі нішкамі (фірыдэ) і арачнымі паяскамі (окніцэ), з 17 ст. — урачыстымі «каменнымі карункамі» (партал з багатай разьбой царквы св. Дзімітрыя ў г. Архей). Драўляныя цэрквы 18 ст. звычайна мелі прамавугольны ці 8-гранны зруб, накрыты шатром. Грамадз. пабудовы 14—15 ст. (палацы, лазні) драўляныя або землябітныя, пазней — каменныя (рэшткі замка 14—15 ст. у Археі). У канцы 18 ст. склаўся тып гар. і сельскага дома з выкарыстаннем асобных элементаў класіцызму. У часы тур. панавання (15—18 ст.) многія арх. помнікі разбураны. Ад 16—17 ст. захаваліся пячорныя манастыры ў Сахарне, Жабцы і храмы каля с. Бутучэны, ад 18 ст. — царква Раства Багародзіцы («Мазаракіеўская») у Кішынёве, і інш. З пач. 19 ст. ўзводзілі будынкі, ансамблі, мемарыялы ў стылі класіцызму: кафедральны сабор (1830—35, арх. А.​Мельнікаў) і трыумфальная арка (цяпер арка Перамогі, 1840, арх. І.​Заушкевіч) у Кішынёве, мемар. дарычная калона на месцы бітвы 1770 пры р. Кахул (1845, Ф.​Бафо), манастыр Цыганешты каля Архея (1846). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў гарадах пераважала 1-павярховая забудова асабнякамі, абкружанымі садамі. Кампазіцыйнай дамінантай былі грамадскія будынкі і цэрквы з каменю і цэглы (Грэчаская царква ў Кішынёве, 1895, арх. А.​Бернардацы). У вясковых сядзібах стваралі ландшафтныя паркі (Цаульскі парк каля Тырнава, 1902—15), будавалі цэрквы (царква ў с. Верхнія Кугурэшты Фларэшцкага р-на, 1912—16, арх. А.​Шчусеў). У архітэктуры 1920—30-х г. дамінаваў стыль мадэрн. У 1940—50-я г. істотна мянялася структура гарадоў, пракладваліся новыя магістралі, узводзіліся шматпавярховыя грамадскія і жылыя будынкі. У буд-ве выкарыстоўвалі мясц. светлы вапняк, у дэкоры — кераміку, разьбу па камені. У 1960-я г. будавалі паводле тыпавых праектаў з вапняку і жалезабетонных панэляў. З 1970-х г. забудова вядзецца паралельна з рэканструкцыяй гістарычных гар. цэнтраў. Захоўваюцца традыц. формы вясковага дома: драўляны ці каменны дом з ганкам або галерэяй, багата аздоблены разьбой і размалёўкай; будуюць таксама дамы новага тыпу з вял. вокнамі і верандамі, часам 2—3-павярховыя. Для архітэктуры 1980—90-х г. характэрны свабодная планіроўка мікрараёнаў, новыя буд. матэрыялы, колеравыя эфекты, разнастайныя рытмічныя акцэнты, больш маляўнічымі становяцца кампазіцыі мікрараёнаў, грамадскіх і вытв. комплексаў (жылыя дамы ў мікрараёне № 7 па праспекце Міру і вул. Бельскага, арх. М.​Думіх; гасцініца «Інтурыст», арх. А.​Гарбунцоў; Палац Рэспублікі; усе ў Кішынёве). У 1945 створаны Саюз архітэктараў М.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. раннія творы мастацтва на тэр. М. адносяцца да позняга палеаліту (рагавы «жэзл» рагавое «жазло»* з рэльефнай фігурай), неаліту (арнаментаваная кераміка), трыпольскай культуры (пасудзіны са складаным дэкорам, фігуркамі людзей і жывёл). Выяўлены помнікі культуры фракійцаў (з 9 ст. да н.э.), метал. ўпрыгожанні і зброя, гліняныя і бронз. фігуркі. У 1-й пал. 1-га тыс. н.э. высокім маст. узроўнем вызначаліся керамічныя пасудзіны, залатыя, сярэбраныя і бронз. фібулы, завушніцы, бранзалеты і спражкі. Да культуры стараж. славян адносяцца гліняныя фігуркі божастваў і жывёл, кераміка, ювелірныя вырабы. У 13—14 ст. мастацтва М. зазнала ўплывы рамёстваў Візантыі і мусульм. Усходу, часткова стараж.-рус. маст. культуры. Кніжнай мініяцюры 15—16 ст. характэрны арнаментаваныя застаўкі і гарманічныя колеравыя спалучэнні. У 17 ст. мініяцюры сталі больш экспрэсіўныя, кветкавы ўзор заставак спрасціўся. У размалёўках 18 ст. элементы нар. творчасці спалучаліся з познавізант. і балканскімі традыцыямі (размалёўкі ў царкве Успення ў г. Кэўшэнь з партрэтнымі выявамі царк. старастаў). У іканапісе канца 18 — пач. 19 ст. аб’ёмная лепка твараў спалучалася з плоскаснасцю адзення і фону. Развівалася дыванаткацтва. У 19 ст. ў выяўл. мастацтве пашырыліся свецкія жанры, асабліва партрэт (І.​Краус). У 2-й пал. 19 ст. з’явіліся прафес. мастакі, у 1887 заснавана рысавальная школа (з 1940 Рэсп. маст. вучылішча). У канцы 19 — пач. 20 ст. пад уплывам рус. перасоўнікаў малд. мастакі стваралі рэаліст. пейзажы, жанравыя карціны, псіхал. партрэты (У.​Акушка, Я.​Маляшэўская і інш.). У 1920—40-я г. мастацтва М. развівалася ў адзіным рэчышчы з укр. і рус. мастацтвам (карціны А.​Файніцкага, плакаты і кніжная графіка Я.​Мярэгі і інш.). У мастацтве Бесарабіі дамінавалі мадэрнісцкія плыні, у рэаліст. кірунку працавалі скульпт. А.​Пламадзяла, жывапісцы М.​Гамбурд, А.​Бальер, графік Ш.​Коган і інш. У 1941—45 патрыятычныя творы рабілі Л.​Дубіноўскі, Гамбурд, Б.​Нясведаў. У 1950—80-я г. ў скульптуры манум. сімволіка-алегарычныя і жанравыя кампазіцыі стварылі Дубіноўскі, Ю.​Канашын, І.​Кітман, Б.​Марчанка, паэт. вобраз жанчыны — К.​Кабізева. У жывапісе вызначаюцца тэматычныя карціны І.​Віеру, М.​Грэку, І.​Жумація, В.​Зазерскай, С.​Кучука, В.​Русу-Чабану, І.​Сцяпанава, партрэты работы А.​Зевінай, К.​Кітайкі, Г.​Саінчука, пейзажы А.​Васільева, М.​Петрыка. Э.​Раманеску; у графіцы — І.​Багдэска, Л.​Грыгарашанкі, Э.​Кілдэску, А.​Калыбняка, І.​Кырму і інш. У тэатр.-дэкарацыйным мастацтве працавалі С.​Булгакаў, К.​Ладзейскі, А.​Матэр, А.​Шубін. У дэкар.-прыкладным мастацтве развіваюцца дыванаткацтва, кераміка, разьба па дрэве, ювелірнае мастацтва (С.​Врынчану, Э.​Грэку, С.​Чокалаў, М.​Рэчылэ, Ф.​Нутовіч, Л.​Янцэн і інш.). У 1945 засн. Саюз мастакоў М.

Музыка. У аснове малд. нар. музыкі 7-ступенныя дыятанічныя лады. Нар. песня пераважна аднагалосая (трапляецца двухгалоссе). Найб. стараж. песні працоўныя і абрадавыя (калядкі, вясельныя, галашэнні), пашыраны песні-балады і лірычныя, больш познія гар. песні-рамансы. Важнае месца ў малд. фальклоры займаюць дойна і танц. мелодыі — хора, сырба, бэтута. Сярод нар. муз. інструментаў: струнны шчыпковы кобза, язычковы шчыпковы дрымба (варган), духавыя — флуер, кавал (разнавіднасці жалеек), най (флейта Пана), тарагот, чымпой (дуда), бучум (трэмбіта), ударны — цымбалы. Носьбіты традыцый нар. выканальніцтва — лэўтары (ад нар. назвы скрыпкі), сярод якіх вядомы Б.​Лэўтару, Я.​Пержа, К.​Марын, Г.​Мурга. Прафес. музыка. пачала развівацца ў сярэдневякоўі ў манастырах, пры княжацкіх дварах, у вайск. асяроддзі. Вядомы малд. кампазітар, тэарэтык і выканаўца 18 ст. кн. Дз.Кантэмір. Муз. жыццё М. ажывілася ў 19 ст.; створаны. Муз.-драм. кансерваторыя Г.​Асакі ў г. Ясы (1836), т-ва «Гармонія» (1880, з 1899 Кішынёўскае аддзяленне Рас. муз. т-ва на чале з У.​Рэбікавым), муз. вучылішча (1900) у Кішынёве; выдадзены зборнікі нар. песень і танцаў Ф.​Ружыцкага, К.​Мікулі, Г.​Музічэску, Т.​Бурады. Вял. ролю ў развіцці малд. муз. культуры канца 19 — пач. 20 ст. адыгралі Е.​Тойбер-Асака, А.​Флехтэнмахер, Ч.​Парумбеску, Музічэску, Мікулі, заснавальнік нац. оперы, інстр. канцэрта і сімф. уверцюры Э.​Каўдэла. У 1918—40 вылучыліся дырыжоры В.​Булычаў, І.​Бейн, хормайстар М.​Беразоўскі, кампазітары М.​Быркэ, С.​Златаў, Я.​Кока і інш. У 1930-я г. арганізаваны хар. капэла «Дойна», сімф. аркестр, ансамбль нар. музыкі ў г. Ціраспаль. У станаўленні маст. калектываў, падрыхтоўцы нац. кадраў і стварэнні рэпертуару ўдзельнічалі рус. і ўкр. кампазітары. У 1937 створана малд. аддзяленне пры Саюзе кампазітараў Украіны (Адэса). У 1940—90-я г. ў розных муз. жанрах працавалі Ш.​Няга (сімф. «Паэма пра Днестр», 1943; кантата «Штэфан Вялікі», 1946; араторыя «Песня адраджэння», 1951; канцэрт для скрыпкі з арк., 1944), Кока (першыя стр. квартэты), Л.​Гураў, С.​Лобель, В.​Палякоў (сімфоніі) і інш.

У 1957 адкрыты Малд. т-р оперы і балета. Паявіліся оперы Д.​Гершфельда («Гразаван!», 1955; «Аўрэлія», 1959; «Сяргей Лазо», 1980), А.​Стырчы («Сэрца Домнікі», 1960), З.​Ткач («Каза з трыма казлянятамі», 1966; «Галубы ў касую лінейку», 1974; «Крок у бессмяротнасць», 1986; «Мой парыжскі дзядзька», 1987), Г.​Нягі («Гліра», 1972; «Залаты рог», 1984), Э.​Лазарава («Дракон», 1976), Г.​Мусці («Александру Лэпушняну», 1987); балеты Лазарава («Антоній і Клеапатра», 1965), В.​Загорскага («Перакрыжаванне», 1977), Ткач («Андрыеш», 1980), Е.Догі («Лучафэрул», 1983) і інш. У жанрах сімф. і камерна-інстр. музыкі, інстр. канцэрта працуюць П.​Рывіліс, Ф.​Кірыяк, І.​Макавей, Г.​Няга, В.​Біткін. Росквіт песеннага жанру і кінамузыкі звязаны з творчасцю Догі, у песенным жанры працуе К.​Руснак. Сярод выканаўцаў: спевакі Т.​Алёшына, М.Біешу, Л.​Ерафеева, М.​Мунцян, Т.​Чэбан, дырыжоры Ц.​Гуртавой, С.​Лункевіч, хар. дырыжор В.​Гаршця. У М. дзейнічаюць (1999): Малд. т-р оперы і балета, Малд. муз.-драм. т-р (з 1954), муз.-драм. т-ры ў гарадах Бэлць і Кахул, філармонія ў Кішынёве, пры якой сімф. аркестр, хар. капэла «Дойна», ансамбль нар. танца «Жок», аркестр малд. нар. інструментаў «Флуераш», ансамбль «Лэўтары»; эстр.-сімф. аркестр, стр. квартэт, ансамбль нар. музыкі «Фальклор» Малд. тэлебачання і радыё. Працуюць Малд. акадэмія музыкі, муз. вучылішчы і інш.

Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва М. ў нар. творчасці, стараж. абрадах і гульнях. У 14 ст. выступалі прыдворныя і вандроўныя тэатр. групы «Пелівань», «Мэскрэрыч», «Суітар». На мяжы 18—19 ст. пашырыліся формы нар. т-ра, насычаныя музыкай і танцамі («Ірозій», т-р лялькаводаў, гайдуцкі т-р і інш.). У 1816 заснавальнік малд. т-ра Г.​Асакі паставіў першы спектакль на малд. мове — пастараль «Міртыл і Хлоя» С.​Геснера і Ж.​Фларыяна; у 1836—38 ён заснаваў кансерваторыю ў Ясах. У 1839 акцёр і драматург К.​Караджале стварыў у Ясах «Т-ва дылетантаў», з якога ўзнік Нац. т-р. Станаўленню нац. тэатр. культуры садзейнічалі драматургі В.​Александры, М.​Кагэлнічану, К.​Негруцы, Б.​П.​Хашдэў, К.​Стамаці-Чура. Асновы рэаліст. школы акцёрскага мастацтва заклаў М.​Міло. З сярэдзіны 19 ст. ў т-ры М. рысы класіцызму спалучаліся з рамант. тэндэнцыямі, асветніцкага рэалізму — з крытычным рэалізмам. У Кішынёве выступалі рус. і ўкр. трупы, гастраліравалі вядомыя рус. і ўкр. акцёры. У гады 1-й сусв. і грамадз. войнаў т-р заняпаў, дзейнічалі аматарскія калектывы. У 1927 у г. Балта створаны Малд. драм. т-р, акцёры якога ў 1930 увайшлі ў драм. студыю пад кіраўніцтвам А.​Адашава і Н.​Панасевіч-Рэміз у Ціраспалі (з 1932 у Адэсе). У 1933 у Ціраспалі адкрыты Першы малд. драм. т-р (з 1939 Малд. муз.-драм. т-р, з 1940 у Кішынёве, з 1957 імя А.​Пушкіна). Дзейнічалі Укр. (1930—40) і Рус. (1935; з 1940 у Кішынёве, з 1959 імя А.​Чэхава) т-ры. Ставіліся рус. і замежная класіка, п’есы малд. драматургаў. У 1945 у Кішынёве адкрыты т-р лялек «Лікурыч», у 1957 Бэлцкі малд. т-р (з 1966 імя Александры). Вял. ўвага аддавалася п’есам малд. драматургаў А.​Лупана, Л.​Дэляну, Л.​Карняну, Р.​Партнога і інш., нац. класіцы («Сынзяна і Пепеля», «Авідзій», «Кірыца ў Ясах» Александры, «Свякроў з трыма нявесткамі» паводле І.​Крангэ). У 1960 у Кішынёве засн. маладзёжны т-р «Лучафэрул». Дзейнічаюць «Паэтычны т-р» у Кішынёве, Рус. т-р драмы і камедыі ў Ціраспалі. Сярод лепшых спектакляў: «Эмінеску» М.​Штэфэнеску, «Фантан Бландузіі» і «Кірыца ў правінцыі» Александры, «Зямля» І.​Падаляну, «Міндора» А.​Стрымбяну, «Каса марэ» і «Птушкі нашай маладосці» І.​Друцэ, «Маскарад» М.​Лермантава, «Рэвізор» М.​Гогаля, «Без віны вінаватыя» Астроўскага, «Кароль Лір» і «Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра, «Каварства і каханне» Ф.​Шылера, «Швейк у другой сусветнай вайне» Б.​Брэхта і інш. Вял. ўклад у развіццё т-ра М. зрабілі рэжысёры В.​Купча, І.​Шкура, акцёры Д.​Дарыенка, Н.​Масальская, Я.​Урэке, К.​Штырбу, М.​Апосталаў, П.​Баракчы, В.​Герлак, Т.​Грузін, К.​Казімірава, К.​Канстанцінаў, А.​Плацында, Ю.​Сакалоў, Л.​Шутава, К.​Тырцэў і інш. У т-рах М. пастаўлены п’есы бел. драматургаў, у т. л. К.​Крапівы, А.​Макаёнка, А.​Маўзона, Дз.​Курдзіна і інш. У 1987 створаны Саюз тэатр. дзеячаў М.

Кіно. Першыя дакумент. фільмы на тэр. М створаны ўкр. рэжысёрамі і аператарамі: «Дакументы эпохі» (1927), «На Дунаі» (1940). У 1944 аператар І.​Гразноў зняў у Кішынёве спец. выпускі кіначасопіса «Савецкая Малдова», у 1949 рэж. М.​Білінскі стварыў першы паўнаметражны дакумент. фільм «Савецкая Малдова». У 1952 засн. Кішынёўская кінастудыя хранікальна-дакумент. фільмаў (кінанарысы «Кодры», 1953; «Помнікі баявой славы», 1955, інш.). Першы малд. маст. фільм «Малдаўскія напевы» (1955, рэж. А.​Залатніцкі). У 1957 студыя хранікальна-дакумент. фільмаў рэарганізавана ў кінастудыю маст. і хранікальна-дакумент. фільмаў «Малдова-фільм». Здымаліся фільмы камед. («Не на сваім месцы»,1958, рэж. Г.​Камароўскі), гіст. («Атаман кодр», 1959, рэж. В.​Уліцкая), сучаснай тэматыкі («Я вам пішу...», 1959, рэж. М.​Ізраілеў). Сярод лепшых стужак 1960—80-х г. «Армагедон» (1962, рэж. Ізраілеў), «Апошні месяц восені» (1965, рэж. В.​Дзербянёў, Гран пры Міжнар. кінафестывалю фільмаў для моладзі ў Канах, 1967), «Сяргей Лазо» (1968, рэж. А.​Гардон), «Абвінавачваюцца ў забойстве» (рэж. Б.​Волчак), «Дзесяць зім за адно лета» (рэж. В.​Гажыу; абодва 1970), «Рызыка» (1971, рэж. В.​Паскару), «Дзмітрый Кантэмір» (1973, рэж. В.​Іовіцэ і В.​Калашнікаў), «Хто каго?» (1977, рэж. А.​Кодру), «Лебедзі ў сажалцы» (1982, рэж. Паскару) і інш. Вял. ўклад у развіццё малд. кіно зрабіў рэж. і сцэнарыст Э.Лацяну. З 1968 выпускаюцца анімацыйныя фільмы («Гугуцэ-паштальён», 1976, рэж. К.​Балан; «Як знайшлі сябра», 1981, рэж. Л.​Домнін, і інш.). З 1971 здымаюцца тэлефільмы: «Чырвонае сонейка» (1972, рэж. Паскару), «І прыйдзе дзень» (1979, рэж. Ізраілеў), «Кодавая назва «Паўднёвы гром» (1980, рэж. Н.​Гібу) і інш. З 1972 выпускаецца сатыр. кіначасопіс «Устурыч». Акцёры: М.Валанцір, Р.​Грыгорыу, М.​Сагайдак, С.​Тома, І.​Унгурану, І.​Шкура і інш. У 1962 заснаваны Саюз кінематаграфістаў М.

Беларусы ў Малдове. Гісторыя з’яўлення бел. дыяспары ў М. малавядома. У 14—16 ст., калі левабярэжная частка М. ўваходзіла ў склад ВКЛ, пасля далучэння М. да Расіі (канец 18 — пач. 19 ст.) і пазней міграцыя беларусаў у М. была нязначнай. Толькі пасля 2-й сусв. вайны тут з’явілася невял. ўстойлівая бел. дыяспара (беларусы прыязджалі пераважна на будоўлі, па арганізаваных наборах, абавязковым размеркаванні навучэнцаў, сямейных абставінах). У 1959 у М. жыло каля 9 тыс. беларусаў, у 1989 іх колькасць павялічылася да 20 тыс. чал., але сваіх нац. культ.-асв. асяродкаў беларусы там практычна не мелі. Пасля абвяшчэння незалежнасці М. частка беларусаў вярнулася на радзіму (1673 чал. ў 1991—95), невял. колькасць прыбыла ў М. (45 чал. у 1995). У 1990-я г. ў М. створаны і дзейнічаюць: Бел. грамада (Кішынёў), пры якой існуе нядзельная школа, суполка «Беларусь» (Бендэры), аддзел бел. л-ры пры адной з бібліятэк Кішынёва. У вер. 1997 заключана міжурадавае пагадненне аб абароне правоў і інтарэсаў беларусаў у М. і малдаван у Беларусі.

Літ.:

Гросул Я.С. Труды по истории Молдавии. Кишинев, 1982;

Параска П.Ф. Внешнеполитические условия образования Молдавского феодального государства. Кишинев, 1981;

Полевой Л.Л. Раннефеодальная Молдавия, Кишинев, 1985;

Мохов Н.А. Очерки истории формирования молдавского народа. Кишинев, 1978;

Бессарабия на перекрестке европейской дипломатии: Док. и материалы. М., 1996;

Вопросы истории Молдавии XIX — начала XX в.: Сб. ст. Кишинев, 1989;

Пасат В.И. Трудные страницы истории Молдовы, 1940—1950-е гг. М., 1994;

Корбу Х.Г. Становление новой молдавской литературы и проблема творческого метода (1840—1860). Кишинев, 1976;

Чиботару С.С. Формирование социалистического реализма в молдавской литературе, 1917—1941. М., 1974;

Коробан В.П. Современный молдавский роман. М., 1979;

Изобразительное искусство Молдавской ССР. М., 1972;

Лившиц М.Я. Искусство Молдавской ССР: [Альбом]. Л., 1972;

Яго ж. Декоративно-прикладное искусство Молдавии. Кишинев, 1980;

Музыкальная культура Советской Молдавии: Сб. ст. М., 1965;

История музыки народов СССР. Т. 1—6. М., 1970—96;

Себов Н.Д. Становление молдавского музыкального театра. Кишинев, 1983;

Прилепов Д.И. Молдавский театр. М., 1967;

Иорданов И. Кино Молдавии. М., 1981;

Полюхов Н.М., Полюхова М.П. Киноискусство Советской Молдавии. М., 1981.

П.​І.​Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), М.​Г.​Нікіцін (гісторыя), Г.​В.​Ратнікаў (кіно), Т.​А.​Папоўская (беларусы ў Малдове).

Герб і сцяг Малдовы.
Да арт. Малдова. Малдаўская вёска.
Да арт. Малдова. У каньячным цэху.
Да арт. Малдова. Помнік гаспадару (правіцелю) Стэфану III Вялікаму ў Кішынёве. Скульптар А.​М.​Пламадзяла. 1925.
Да арт. Малдова. Будынак Нацыянальнага музея гісторыі Малдовы.
Да арт. Малдова. Царква Раства Багародзіцы («Мазаракіеўская») у Кішынёве. 18 ст.
Да арт. Малдова. Малдаўскі тэатр оперы і балета.
Да арт. Малдова. Палац Рэспублікі ў Кішынёве.
Да арт. Малдова. М.​Грэку. Восеньскі дзень. 1964.
Да арт. Малдова. Э.​Раманеску. Родны край. 1968.
Да арт. Малдова. М.​Петрык. Вінаградная чаша. 1974.
Да арт. Малдова. Дыван. Канец 19 ст.
Да арт. Малдова. Ф.​Нутовіч. Набор «Юбілейны». 1974.
Да арт. Малдова. М.​Рэчылэ. Габелен «Веснавая ралля». 1977.
Да арт. Малдова. І.​Віеру. Збор ураджаю. 1972.

т. 10, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ І ВАЕ́ННАЯ ІНТЭРВЕ́НЦЫЯ 1918—22,

узброеная барацьба паміж праціўнікамі сав. улады і яе абаронцамі ў Расіі.

Другі Усерасійскі з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў 25—27.10(7—9.11). 1917 абвясціў пераход усёй улады да Саветаў, утварыў часовы рабоча-сял. ўрад — Савет Народных Камісараў (СНК) на чале з У.​І.​Леніным, прыняў дэкрэты аб міры і зямлі. Пераход улады да Саветаў распаўсюдзіўся па ўсёй краіне. Буржуазія, вышэйшае афіцэрства, чыноўніцтва і інш. Сац. групы выступілі супраць улады бальшавікоў. У гэтай барацьбе ўдзельнічалі кадэты, правыя эсэры, меншавікі, нац. партыі і арг-цыі. 25.10(7.11).1917 прэм’ер-міністр Часовага ўрада А.Ф.Керанскі ўцёк на Паўн. фронт і накіраваў на Петраград корпус ген. П.​М.​Краснова. Барацьбу супраць Сав. улады пачалі казацкія ўрады Дона (К.М.Каледзін), Кубані (А.​Філімонаў), Арэнбурга (А.І.Дутаў). Украінская Цэнтральная рада, абапіраючыся на камандаванне Паўд.-Зах. і Рум. франтоў, нац. часці, 7(20) ліст. стала вярх. органам улады на Украіне, абвясціла незалежную Украінскую народную рэспубліку. Створаны ў Тыфлісе 15(28) ліст. Закаўказскі камісарыят захапіў уладу ў Закаўказзі. Антысав. ўрады былі ўтвораны ў Туркестане і Сібіры. Капіталіст. дзяржавы, занятыя першай сусветнай вайной 1914—18, спачатку не змаглі аказаць рус. буржуазіі эфект. дапамогу, але наладжвалі з ёй сувязі, давалі крэдыты. Асн. узбр. сілай сав. улады была Чырв. гвардыя і рэв. часці старой арміі. У кастр.—ліст. 1917 яны разграмілі мяцяжы Керанскага—Краснова пад Петраградам, юнкераў у Петраградзе, батальёны пад Белгарадам, да пач. 1918 была занята амаль уся Украіна, разбіты войскі атамана Дутава на Паўд. Урале, ліквідаваны антыбальшавіцкія мяцяжы ў Іркуцку, Забайкаллі, Амурскай і Прыморскай абласцях.

Пасля атрымання весткі аб перамозе ўзбр. паўстання ў Петраградзе выканком Мінскага Савета, якім кіравалі бальшавікі выдаў загад № 1, у якім заявіў аб пераходзе ўлады да Саветаў. Створаны 27.10(9.11).1917 Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту (ВРК) патрабаваў ад усіх арг-цый і грамадзян выконваць толькі распараджэнні СНК і Петраградскага ВРК. Антыбальшавіцкія сілы ў сваю чаргу арганізавалі Камітэт выратавання рэвалюцыі Заходняга фронту. Яго дзеянні падтрымала Вялікая беларуская рада, утвораная ў выніку рэарганізацыі Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый. Барацьба за ўстанаўленне Сав. улады у Беларусі ўскладнялася дзеяннямі Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага, якая знаходзілася ў Магілёве. 26.10(8.11). 1917 яна звярнулася да арміі з заклікам выступіць супраць бальшавікоў. Прадстаўнікі кадэтаў, правых эсэраў, меншавікоў і інш. партый спрабавалі стварыць пры Стаўцы агульнарас. ўрад на чале з лідэрам эсэраў В.М.Чарновым. Сав. ўрад зняў ген. М.М.Духоніна з пасады в.а. галоўнакамандуючага. Стаўку занялі сав. войскі на чале з М.В.Крыленкам, які стаў галоўнакамандуючым, быў зменены склад штаба Зах. фронту, распушчаны франтавы камітэт. 26.11(9.12).1917 у Мінску створаны вышэйшы заканад. орган Заходняй вобласці і Зах. фронту — Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах), а для вырашэння найб. важных пытанняў Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Старыя мясц. органы самакіравання ліквідоўваліся. Беларуская рада, Цэнтральная беларуская вайсковая рада сталі збіраць сілы для барацьбы з новай уладай. Быў скліканы Усебеларускі з’езд 1917 з мэтай вырашэння нац.-дзярж. самавызначэння бел. народа. З’езд быў распушчаны, аднак члены яго Прэзідыума на нелегальным пасяджэнні стварылі Выканаўчы камітэт рады Усебеларускага з’езда.

16.2.1918 Германія заявіла Сав. Расіі, што тэрмін перамір’я скончыўся, і краіны зноў знаходзяцца ў стане вайны. Ням. войскі пачалі наступаць на ўсім фронце ад Балт. мора да Карпат. Адначасова выступілі і часці 1-га польск. корпуса ген. І.​Р.​Доўбар-Мусніцкага (гл. Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918), якія разам з атрадамі Вял. бел. рады ў ноч на 20.2.1918 занялі Мінск. 21.2.1918 ням. войскі ўступілі ў Мінск, 24 лют. — у Калінкавічы, 28 лют. — у Рагачоў, Рэчыцу, 1 сак. — у Гомель, 5 сак. — у Магілёў. 21 лют. СНК РСФСР прыняў дэкрэт-адозву «Сацыялістычная Айчына ў небяспецы». У Беларусі сав. войскі складалі 2 фронты: Зах. (каманд. А.Ф.Мяснікоў) і Зах. па барацьбе з контррэвалюцыяй (каманд. Р.І.Берзін). У пач. сак. 1918 ім удалося спыніць наступленне герм. войск на лініі Полацк—Орша—Магілёў—Гомель. У гэтых умовах сав. урад аднавіў перагаворы з Германіяй аб перамір’і, а потым пагадзіўся на заключэнне Брэсцкага міру 1918, у выніку чаго стабілізавалася лінія сав.-герм. фронту. Больш за ​2/3 тэр. Беларусі (Зах. і Цэнтр.) апынуліся пад уладай герм. акупантаў. Мазырскі, Пінскі і Рэчыцкі пав. былі далучаны да гетманскай Украіны. І толькі ва ўсх. паветах Віцебскай і Магілёўскай губ. існавала сав. ўлада. На захопленай тэр. ням. ўлады ўстанавілі жорсткі акупац. рэжым, адмянілі дэкрэты сав. улады, забаранілі дзейнасць партый і грамадскіх арг-цый, якія стаялі на сав. платформе, але дазволілі дзейнасць Саюза зямельных уласнікаў, клерыкальных арг-цый, розных партый ліберальнай арыентацыі. Памешчыкам вернуты іх маёнткі і зямельныя ўладанні. Такая палітыка выклікала супраціўленне бел. народа, у т. л. партыз. і падп. рух. Выканком Рады Усебел. з’езда, які выйшаў з падполля, прыняў Першую Устаўную грамату, у якой абвясціў пра стварэнне 20 лют. ўрада — Народнага сакратарыята Беларусі (старшыня Я.Я.Варонка). 9.3.1918 Выканком прыняў Другую Устаўную грамату, у якой Беларусь аб’яўлялася незалежнай ад Расіі Беларускай Народнай Рэспублікай (БНР). 25.3.1918 Рада прыняла Трэцюю Устаўную грамату, у якой абвяшчалася незалежнасць БНР у этнагр. межах пражывання беларусаў. Рада БНР спрабавала рэалізаваць свой дзярж. суверэнітэт пры падтрымцы знешніх сіл. 25.4.1918 яна накіравала тэлеграму герм. кайзеру Вільгельму, у якой выказала сярод іншага гатоўнасць «дасягнення дзярж. незалежнасці ў саюзе з Германскай імперыяй». Гэта выклікала востры паліт. крызіс і хвалю пратэсту ў розных колах бел. грамадства. Летам 1918 яе пакінулі рас. эсэры, меншавікі, яўр. сацыялісты. Утварылася некалькі новых партый. У многіх буйных гарадах Беларусі адбыліся забастоўкі, сходы і мітынгі, на якіх прымалі рэзалюцыі з асуджэннем акупац. палітыкі. Да восені 1918 на Беларусі разгарнуўся шырокі партыз. рух (гл. Партызанскі рух на Беларусі ў час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў 1918—20). Больш за 100 партыз. атрадаў дзейнічала на тэр. Магілёўскага, Барысаўскага, Бабруйскага, Мінскага, Рэчыцкага, Слуцкага пав. У Бабруйскім пав. была ўтворана «Рудабельская рэспубліка».

1918 быў надзвычай цяжкім для ўсёй Сав. дзяржавы. Чырв. Арміі даводзілася адначасова весці барацьбу супраць замежных і ўнутр. антысавецкіх сіл. У маі пачаўся Чэхаславацкага корпуса мяцеж 1918. Высадка англ. Дэсанта 6 сак. ў Мурманску стала пачаткам адкрытай замежнай інтэрвенцыі. Антанта разгортвала свае войскі адначасова на Поўначы, Д. Усходзе і ў інш. рэгіёнах. Сав. ўрад для адпору інтэрвентам 4.3.1918 стварыў Вышэйшы ваенны савет, пераўтвораны потым у Рэўваенсавет Рэспублікі (РВСР), прыняў дэкрэт аб вайсковым абавязку для працоўных, увёў ін-т ваен. камісараў. У жн. 1918 войскі Усх. фронту спынілі наступленне чэхаславакаў і белагвардзейцаў. Але пры падтрымцы Антанты і ЗША актывізавалі дзейнасць антысав. «Саюз абароны радзімы і свабоды» на чале з Б.В.Савінкавым, правакадэцкі манархічны «Нацыянальны цэнтр», кааліцыйны «Саюз Адраджэння Расіі» і інш., якія арганізавалі ў ліп. 1918 антыбальшавіцкія леваэсэраўскія мяцяжы ў Маскве, Яраслаўлі і інш. У Баку (31 ліп.) уладу захапілі эсэры і меншавікі, пала Бакінская камуна, яе кіраўнікі расстраляны (гл. Бакінскія камісары). У Фергане пачалося басмацтва. Добраахвотніцкая армія А.І.Дзянікіна рушыла на Кубань і ў ліп.—вер. захапіла Стаўрапаль, Екацярынадар, Новарасійск. На Усходзе гал. антысав. сілай стала армія адмірала А.В.Калчака. 27.8.1918 кайзераўскі ўрад падпісаў з урадам РСФСР дадатковы дагавор, паводле якога герм. войскі пакідалі частку тэр. Беларусі да р. Бярэзіна. У ліст. 1918 адбылася рэвалюцыя ў Германіі, сав. ўрад ануляваў Брэсцкі мірны дагавор. З выхадам Германіі з вайны правячыя колы Антанты узмацнілі націск на Расію, наносячы ўдары з Поўначы, Усходу і Поўдня. Сав. Расія да восені апынулася ў вогненным кальцы. У краіне панавалі голад, разруха, эпідэміі. 30.11.1918 створаны Савет рабоча-сялянскай абароны на чале з Леніным. Кіраўніцтва краіны прыняло шэраг надзвычайных паліт. і эканам. мерапрыемстваў (манаполія дзяржавы на хлеб, харчразвёрстка, стварэнне камітэтаў беднаты і інш.), якія атрымалі назву палітыкі «ваеннага камунізму». Гэта дало магчымасць умацаваць тыл і пачаць актыўныя баявыя дзеянні. Войскі Усх. фронту перайшлі ў наступленне.

У канцы 1918 герм. войскі сталі адыходзіць з тэр. Беларусі. Чырв. Армія 10.12.1918 уступіла ў Мінск. Да лют. 1919 Зах. армія замацавалася на лініі Вільня — Ліда — Слонім — р.Шчара — Агінскі канал — Сарны. На гэтай тэрыторыі аднаўлялася Сав. ўлада. На парадак дня станавілася пытанне аб дзярж. уладкаванні Беларусі. 17—22.7.1918 на Усерас. з’ездзе бежанцаў у Маскве выказана прапанова аб стварэнні бел. дзяржавы як аўтаномнай часткі Сав. Расіі. 24.12.1918 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб стварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) як суверэннай дзяржавы. 30.12.1918 у Смаленску склікана 6-я Паўн.-Зах. абл. канферэнцыя РКП(б), якая прыняла рэзалюцыю «Аб абвяшчэнні Заходняй Камуны Беларускай Савецкай Рэспублікай», перайменавала Паўн.-Зах. абл. арг-цыю РКП(б) у Камуністычную партыю (бальшавікоў) Беларусі. 31.12.1918 па рэкамендацыі ЦК РКП(б) зацвердзіла склад Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі на чале з З.​Х.​Жылуновічам. 1.1.1919 быў апублікаваны Маніфест Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі, які абвясціў стварэнне суверэннай БССР і асн. палажэнні яе дзярж. статуса. Тэр. БССР яшчэ не была вызвалена ад герм. войск, а ёй ужо пагражала польская акупацыя (у снеж. 1918 старшыня Часовага нар. ўрада Польскай Рэспублікі Ю.​Пілсудскі заявіў, што Польшча будзе аднаўляцца ў межах Рэчы Паспалітай 1772, куды ўваходзілі і бел. Землі). 16.1.1919 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб стварэнні Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай рэспублікі (Літбел) у складзе Мінскай, Гродзенскай, Ковенскай і Віленскай губ. са сталіцай у Вільні (Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. былі пакінуты ў РСФСР). Стварэнне Літбел на граніцы з Польшчай мела на мэце перашкодзіць вайне апошняй непасрэдна з РСФСР. У пач. вясны 1919 пачалося наступленне польскіх войск. Камандаванне фронту і СНК Літбел не здолелі абмежаванымі сіламі арганізаваць абарону рэспублікі. У гэты час асн. сілы Чырв. Арміі, у т. л. з Беларусі, накіроўваліся на Усх. фронт, які лічыўся галоўным. Сяляне не заўсёды падтрымлівалі палітыку «ваеннага камунізму». У многіх месцах, асабліва ў паласе Зах. фронту, успыхвалі сял. хваляванні. Антысав. сілы арганізавалі стракапытаўскі мяцеж 1919 у Гомелі. 17.4.1919 польскія войскі захапілі Ліду, Баранавічы, 21 крас. — Вільню, 8 жніўня — Мінск. У вер. 1919 сав.-польскі фронт стабілізаваўся на лініі ад Дзвінска на Пн па р. Зах. Дзвіна (праз Дрысу да Полацка), каля Лепеля, паварочваў да Барысава, па р. Бярэзіна да Бабруйска і па р. Пціч да Прыпяці. У выніку перагавораў паміж урадамі Пілсудскага і РСФСР было падпісана часовае перамір’е. На акупіраванай тэр. ўлада належала польскай адміністрацыі. Лідэры нац.-дэмакр. партый спрабавалі дамагчыся ўдзелу ў дзярж. кіраўніцтве, заявіўшы аб сваёй польск. арыентацыі. Але Пілсудскі не прызнаў незалежнасць БНР і загадаў распусціць яе Раду. Толькі пры падтрымцы Польскай сацыяліст. партыі (ППС) польскі ўрад даў згоду на правядзенне сесіі Рады БНР, стварэнне бел. войска. Была створана Беларуская вайсковая камісія.

Вясной 1919 пры падтрымцы Антанты супраць Сав. Расіі працягвалі наступаць арміі Дзянікіна, Юдзеніча, Мілера. Але асн. ударнай сілай была армія Калчака, якая наступала з Урала, захапіла Уфу, Бугульму, Бугуруслан і рушыла на Паволжа, каб злучыцца з сіламі на Пд. Усх. фронт (камандуючы С.С.Каменеў) зноў стаў галоўным. Яго Паўд. група армій (камандуючы М.В.Фрунзе) перайшла ў наступленне. У маі 1919 вызвалены Бугуруслан, Бугульма, 9 чэрв. — Уфа.

Жорсткі акупац. рэжым польскіх улад выклікаў супраціўленне шырокіх слаёў насельніцтва Беларусі. Рэв. сілы ў гарадах аб’ядноўваліся пераважна вакол камуністаў, у сельскай мясцовасці гал. паліт. сілай былі бел. эсэры. У пач. 1920 адбылося аб’яднанне абедзвюх плыней партыз. руху — камуністычнай і эсэраўскай. Сувязным звяном паміж імі стала Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА) на чале з У.М.Ігнатоўскім. Сав. ўрад вёў перагаворы з польскім бокам пра спыненне ваен. дзеянняў і магчымасць прызнання польскай граніцы па лініі сав.-польскага фронту (300 км на У ад т.зв. «Керзана лініі»). Аднак урад Пілсудскага, імкнучыся захапіць усю Беларусь, Украіну і Літву, адмовіўся ад гэтых прапаноў. 25.4.1920 польскія войскі разам з укр. ваен. фарміраваннямі Пятлюры разгарнулі наступленне на ўсім фронце. Яны захапілі Мазыр, Калінкавічы, Рэчыцу. 14.5.1920 у контрнаступленне перайшла Чырв. Армія, але з-за недахопу сіл вымушана была адысці на зыходныя пазіцыі.

У маі 1919 войскі Юдзеніча прарвалі каля Нарвы сав. фронт і ў пач. чэрв. падышлі да Петраграда. Часці, накіраваныя з Усх. фронту і з рэзерву Гал. камандавання ў чэрв. 1919 адбілі наступленне Юдзеніча. У ліп. спынена наступленне белагвардзейцаў з Пн. У выніку наступлення сав. войск на Паўд. фронце (з 4.1.1919) разбіта Данская армія Краснова. Становішча на Украіне ўскладнялася антыбальшавіцкім паўстаннем на Доне, мяцяжамі Грыгор’ева і Махно. У чэрв. 1919 Дзянікін захапіў Харкаў, Царыцын, уступіў у Данскую вобл., 3 ліп. абвясціў дырэктыву аб наступленні на Маскву. На Усх. фронце Чырв. Армія ў ліп. 1919 заняла Перм, Кунгур, Уральск, Екацярынбург; 5-я армія на чале з М.М.Тухачэўскім разбіла каля Чэлябінска апошнія рэзервы Калчака. Для цэнтралізацыі ваен. намаганняў і ўмацавання Чырв. Арміі 1.6.1919 ВЦВК РСФСР выдаў дэкрэт «Аб аб’яднанні Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік: Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Беларусі для барацьбы з сусветным імперыялізмам». У краінах Антанты і ЗША нарастаў рэв. рух, нар. масы выступалі супраць інтэрвенцыі ў Расіі. Калі Францыя актывізавала свае дзеянні на Пд Украіны, у франц. войсках пачаліся бурныя пратэсты. У крас. 1920 адбылося паўстанне на франц. флоце, французы пакінулі Адэсу і Севастопаль, і франц. ўрад заявіў аб спыненні інтэрвенцыі ў Расіі. 13 крас. эвакуіраваны з Закаспія англ. войскі. Стабілізацыя сав.-польскага фронту, паражэнне Калчака, актыўнае супраціўленне сав. войск на Пд вымусілі Дзянікіна накіраваць войскі на Украіну, дзе ён разлічваў на ўзаемадзеянне з палякамі. Армія Дзянікіна (да 110 тыс. чал.) у жн. заняла Правабярэжную Украіну, 10 жн. кав. корпус К.​М.​Мамантава прарваў сав. фронт і пачаў рэйд па тылах. 12 вер. Дзянікін зноў пачаў наступленне на Маскву, у кастр. захапіў Варонеж і Арол. 28 вер. ў наступленне на Петраград перайшла армія Юдзеніча. Чырв. армія да снеж. разбіла асн. сілы Юдзеніча, рэшткі яго арміі раззброены ў Эстоніі. У кастр.—ліст. дзянікінскія войскі разбіты пад Арлом і Варонежам. Паўд. і Паўд.-Усх. франты пачалі агульнае наступленне і да пач. 1920 вызвалілі Данбас, Таганрог, Царыцын, Новачаркаск, Растоў-на-Доне, выйшлі да Азоўскага м. Тэрор дзянікінцаў і вяртанне памешчыкаў выклікалі супраціўленне на Украіне, Кубані, у Чарнаморскіх губ., Дагестане. Казакі адмаўляліся ваяваць за межамі Данской вобл. Тыл дзянікінцаў развальваўся. У лют. 1920 ліквідаваны рэшткі белагвардзейскіх войск на Пд Украіны. У кастр. 1919 сав. войскі пачалі наступленне супраць рэшткаў калчакаўскіх войск, вызвалілі Омск, Краснаярск. На Д. Усходзе створана Далёкаўсходняя Рэспубліка.

Пасля перамогі над войскамі Калчака, Юдзеніча, Дзянікіна Чырв. Армія атрымала магчымасць умацаваць Зах. фронт. 4.7.1920 ударная групоўка (4, 15, 3 і 16-я арміі) перайшла ў наступленне. 11 ліп. вызвалены Мінск, 14 ліп. — Вільня, 19 ліп. — Гродна. У баях за Беларусь асабліва вызначыліся камандзіры Чырв. Арміі С.Я.Грыбаў, І.​Ф.​Шубін, Я.​Ф.​Фабрыцыус. Да жн. 1920 войскі Зах. фронту вызвалілі ўсю тэр. Беларусі (гл. Савецка-польская вайна 1920) і паўстала пытанне аб аднаўленні яе дзяржаўнасці. 6.7.1920 ЦК КП(б)ЛіБ выказаўся за аднаўленне бел. сав. дзяржаўнасці, яго падтрымаў і ЦК РКП(б). Быў створаны Белрэўком на чале з А.Р.Чарвяковым. ЦК КП(б)ЛіБ палічыў магчымым дапусціць да адраджэння бел. дзяржаўнасці нац.-дэмакр. партыі, якія стаялі на сав. платформе. У ходзе перагавораў ЦК КП(б)ЛіБ з кіраўніцтвам БКА, БПС-Р, Бунда і інш. грамадска-паліт. арг-цый 31.7.1920 выпрацавана «Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь», у якой абвяшчалася, што Беларусь будуецца як суверэнная, незалежная рэспубліка ў этнічных межах пражывання беларусаў. Аднак ва ўмовах прадаўжэння польска-сав. вайны БССР аднаўлялася толькі ў межах Мінскай губ. (6 паветаў, 1,6 млн. чал. нас.). Англ. ўрад прапанаваў сав. ўраду заключыць перамір’е з Польшчай, пагражаючы пачаць ваен. дзеянні. Сав. ўрад згадзіўся на перагаворы з урадам Польшчы. Францыя ўзмацніла забеспячэнне польскай арміі. Польскі ўрад разгарнуў кампанію па прапагандзе пагрозы незалежнасці Польшчы з боку Сав. Расіі. На хвалі нацыяналізму ён правёў мабілізацыю і вярбоўку добраахвотнікаў у армію. У выніку польская армія дадаткова атрымала 573 тыс. чал. і больш за 160 тыс. добраахвотнікаў. Да гэтага часу ўскладнілася становішча і на ўрангелеўскім фронце. У ліп. Урангель высадзіў дэсант каля Таганрога, каб ісці на Дон; нанёс паражэнне 13-й арміі і 2-й коннай арміі і вымусіў іх адступіць. 23 ліп. галоўнакамандуючы С.​С.​Каменеў загадаў Зах. фронту да 12 жн. авалодаць Варшавай. 11.8.1920 пачалося наступленне сав. войск на Варшаву (гл. Варшаўская аперацыя 1920). Аднак сіл для авалодання ёю было мала, былі дапушчаны памылкі ў планаванні аперацыі і недаацэнены сілы праціўніка. 18 жн. польскія войскі перайшлі ў контрнаступленне на ўсім Зах. фронце. Спробы перакінуць сюды падмацаванне з Паўд.-Зах. фронту не змянілі становішча. Арміі Зах. фронту адыходзілі. 4-я армія, дзве дывізіі 15-й арміі і 3-і кав. корпус не змаглі прабіцца на У і былі інтэрніраваны ва Усх. Прусіі. Польскія войскі зноў занялі зах. ч. Беларусі, пачалі наступаць і на Паўд.-Зах. фронце. Але, нягледзячы на ваен. поспехі, становішча Польшчы было цяжкае. Насуперак патрабаванням Антанты прадаўжаць вайну польскі ўрад згадзіўся на перагаворы аб міры. 12.10.1920 у Рызе падпісаны папярэднія ўмовы міру паміж РСФСР, Украінай з аднаго боку і Польшчай з другога, паводле якіх зах. ч. Украіны і Беларусі адыходзілі да Польшчы. У ліст. 1920 на тэр. БССР з Польшчы ўвёў сваю армію (20 тыс. чал.) С.Н.Булак-Балаховіч і павёў наступленне ўздоўж Прыпяці. Былі захоплены Петрыкаў, Мазыр, Калінкавічы (гл. Булак-Балаховіча паход 1920). 16 ліст. Чырв. Армія сіламі 4, 10-й і 48-й дывізій Зах. фронту пачала контрнаступленне, узяла Мазыр і да канца ліст. 1920 разбіла асн. сілы арміі Булак-Балаховіча. У гэты ж час адбылося Слуцкае паўстанне 1920. Другі Усебеларускі з’езд Саветаў 13.12.1920 падвёў вынікі барацьбы з інтэрвентамі і пацвердзіў умовы Рыжскага дагавора. Рыжскі мірны дагавор 1921 юрыдычна замацаваў за Польшчай значную частку бел. зямель — 108 тыс. км² з насельніцтвам за 4 млн. чал. (гл. Заходняя Беларусь) і Зах. Украіну.

Спыненне вайны з Польшчай дало магчымасці Чырв. Арміі разграміць войскі Урангеля. У жн. — вер. 1920 яна вызваліла Кубань. Войскі Паўд. фронту (камандуючы Фрунзе) прымусілі адысці за крымскія ўмацаванні. У ліст. авалодалі ўмацаваннямі Перакопскага перашыйка і вызвалілі Крым. У 1920 сав. ўлада ўстаноўлена ў Сярэдняй Азіі, у сак. 1921 — у Закаўказзі. На Д. Усходзе барацьба з белагвардзейцамі і яп. інтэрвентамі зацягнулася да 1922. Імкнучыся захаваць за сабой Прымор’е, японцы арганізавалі ў маі 1922 контррэв. пераварот. Адначасова з Манголіі ў Забайкалле ўварваліся атрады ген. Р.​Ф.​Унгерна. Сав. войскі разбілі іх. Армія Далёкаўсходняй Рэспублікі (камандуючы В.К.Блюхер) у лют. 1922 разбіла белагвардзейцаў каля Валачаеўкі, у кастр. 1922 пад Спаскам (камандуючы Е.П.Убарэвіч) і вызваліла Уладзівасток. У 1921 падаўлены Антонава паўстанне, Кранштацкае паўстанне 1921, антыбальшавіцкія выступленні на Украіне, Зах. Сібіры і інш.

У ходзе грамадзянскай вайны ў баях, ад тэрору, хвароб і голаду загінула (паводле розных звестак) ад 8 да 13 млн. чал., у т. л. каля 1 млн. байцоў Чырв. Арміі. З Расіі эмігрыравала каля 2 млн. чал. Страты нар. гаспадаркі склалі каля 50 млрд. руб. золатам, прамысл. вытв-сць знізілася да 4—20% ад узроўню 1913, с.-г. вытв-сці скарацілася амаль удвая. У сак. 1921 Дзесяты з’езд РКП(б) абвясціў пераход ад палітыкі «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі.

Літ.:

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3. Мн., 1973;

Гражданская война и военная интервенция в СССР: Энцикл. 2 изд. М., 1987;

Какурин Н.Е. Как сражалась революция. Т. 1—2. 2 изд. М., 1990;

Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;

Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;

Наше Отечество: Опыт полит. истории. [Т. 1—2]. М., 1991;

Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;

Селиванов П.А. Военная деятельность Советов Белоруссии. 1917—1920 гг. Мн., 1980;

Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995.

П.​А.​Селіванаў, М.​С.​Сташкевіч.

Да арт. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. Агляд першага Беларускага камуністычнага атрада. Петраград. 1919.
Да арт. Грамадзянсхая вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. М.​І.​Калінін прымае парад на станцыі Гомель. 1919.
Да арт. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. Аўстра-нямецкія войскі на плошчы Свабоды ў Мінску. 21.2.1918.
Да арт. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. Атрад камсамольцаў перад адпраўкай на Заходні фронт. Петраград. 1920.

т. 5, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМА́НІЯ (Deutschland),

Федэратыўная Рэспубліка Германія (Bundesrepublik Deutschland), дзяржава ў цэнтры Зах. Еўропы. На З мяжуе з Нідэрландамі, Бельгіяй, Люксембургам, Францыяй, на Пд — з Швейцарыяй і Аўстрыяй, на У — з Чэхіяй і Польшчай, на Пн — з Даніяй і абмываецца Паўн. і Балт. морамі. Пл. 357 тыс. км². Нас. 81,3 млн. чал. (1993). Дзярж. мова — нямецкая. Сталіца — г. Берлін. Месца часовага знаходжання ўрада (да 1998) — г. Бон. У складзе Германіі 16 адм. адзінак — зямель: Баварыя, Бадэн-Вюртэмберг, Берлін, Брандэнбург, Брэмен, Гамбург, Гесен, Мекленбург-Пярэдняя Памеранія, Ніжняя Саксонія, Паўночны Рэйн-Вестфалія, Рэйнланд-Пфальц, Саар, Саксонія, Саксонія-Ангальт, Цюрынгія, Шлезвіг-Гольштэйн (пра кожную гл. асобны арт.). Нац. свята — Дзень нямецкага адзінства (3 кастр.).

Дзяржаўны лад. Германія — федэратыўная дзяржава, якая складаецца з 16 зямель. Дзейнічае канстытуцыя 1948. Кожная зямля мае сваю канстытуцыю, парламент (ландтаг або гар. сход) і ўрад. Правы зямель абмежаваны федэральнай канстытуцыяй. Вышэйшую заканад. ўладу ажыццяўляе федэральны парламент — бундэстаг (палата дэпутатаў), што выбіраецца насельніцтвам на 4 гады, і бундэсрат (палата зямель), які складаецца з членаў урадаў зямель (па 3—5 ад кожнай зямлі, у залежнасці ад колькасці яе насельніцтва). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў спец. органам — федэральным сходам, куды ўваходзяць усе дэпутаты бундэстага і такая ж колькасць дэпутатаў зямельных парламентаў. Прэзідэнт выконвае ў асноўным прадстаўнічыя функцыі. Кіраўнік урада — федэральны канцлер, які выбіраецца бундэстагам.

Прырода. На Пн — Паўн.-Германская нізіна. Уздоўж берага Паўн. м. выцягнуты Паўн.-Фрызскія і Усх.-Фрызскія а-вы. Паміж імі і мацерыком т.зв. ваты — прасторы, якія затапляюцца ў час прыліваў. За ватамі цягнуцца плоскія прасторы — маршы, пакрытыя глеем, частка іх ляжыць ніжэй за ўзровень мора і засцерагаецца ад затаплення плацінамі і дамбамі. Да ўзбярэжжа Балт. мора прымыкае Мекленбургскае азёрнае плато — частка Паўн.-Германскай нізіны, што паступова пераходзіць у вобласць узвышшаў і сярэдневышынных гор. Сярод горных масіваў Гарц (г. Брокен, 1142 м), Шварцвальд (г. Фельдберг, 1493 м), Рэйнскія Сланцавыя горы, Цюрынгенскі Лес, Чэшскі Лес, Рудныя горы. Паміж Шварцвальдам і Чэшскім Лесам моцна разбураная вобласць Франконскага і Швабскага Альбаў. На Пд ад Дуная Перадальпійскае плато з глыбокімі далінамі. На ПдЗ паўн. хрыбты Альпаў з вышэйшым пунктам краіны — г. Цугшпітцэ (2963 м). З карысных выкапняў Германія багатая каменным і бурым вугалем, калійнымі солямі. Ёсць жалезныя, уранавыя, медныя, нікелевыя, свінцовыя, цынкавыя руды, прыродны газ, соль і інш. Каменнавугальныя басейны: Рурскі (агульныя запасы 215 млрд. т.), Саарскі (5,5 млрд. т.). Буравугальныя басейны: Ніжнярэйнскі (60 млрд. т), Сярэднегерманскі, Магдэбургскі, Ніжнялаўзіцкі, Верхнялаўзіцкі (разам 40 млрд. т). Па запасах калійных солей (каля 0,7 млрд. т) краіна займае 4-е месца ў свеце. Клімат умераны, пераходны ад марскога на ПнЗ да больш кантынентальнага. Сярэдняя т-ра студз. ад 0 °C на ўзбярэжжы Паўн. мора да -3 °C на ПдУ, ліп. ад 16 °C да 19 °C. Ападкаў 500—800 мм за год, у гарах да 1000 мм. Даліны Рэйна, Майна, Некара, Мозеля адметныя мяккім кліматам. Рачная сетка густая. На З найб. р. Рэйн (867 км на тэр. Германіі) з прытокамі Майн, Некар, Мозель. На У Эльба з прытокамі Заале, Мульдэ, Гафель і пагранічная з Польшчай р. Одэр (Одра). На Пд верхняе цячэнне р. Дунай і яе горныя прытокі. Рэкі злучаны суднаходнымі каналамі паміж сабой і з рэкамі суседніх краін. Шмат маляўнічых азёр. Найб. Бодэнскае (пл. 538 км², глыб. 252 м) на мяжы з Швейцарыяй і Аўстрыяй. Глебы бурыя лясныя, падзолістыя, перагнойна-карбанатныя, алювіяльныя. Пад лесам і хмызнякамі 30% тэр. Распаўсюджаны саджаныя лясы. Найб. лясістыя горныя раёны, дзе лясныя масівы складаюцца з дубу, буку, хвойных. У гарах вышэй за 1200 м альпійскія лугі. На Пн і ў поймах рэк пашыраны лугі. С.-г. землі займаюць палавіну тэрыторыі. Нац. паркі — Баварскі Лес, Берхтэсгадэн, шматлікія рэзерваты, заказнікі, помнікі прыроды і інш. ахоўныя прыродныя тэрыторыі.

Насельніцтва. Па колькасці насельніцтва Германія займае 2-е месца ў Еўропе (пасля Расіі) і 12-е ў свеце. 91,5% яго складаюць немцы. З нац. меншасцей — лужыцкія сербы, або лужычане (каля 60 тыс. чал., у вярхоўях р. Шпрэе), галандцы і датчане. У краіне пастаянна пражывае каля 5,5 млн. замежных працоўных з сем’ямі (у асноўным выхадцы з Турцыі, б. Югаславіі, Грэцыі, Італіі, Партугаліі, Польшчы). Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (45%) і католікі (37%), ёсць мусульмане (каля 2%) і інш. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 228 чал. на 1 км², у прамысл. раёнах да 2—3 тыс. чал. на 1 км², у некат. горных і лясных раёнах каля 40—50 чал. на 1 км², у зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія больш за 500 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 86%. Найб. гарады (тыс. ж., 1994): Берлін — 3475,4, Гамбург — 1702,9, Мюнхен — 1255,6, Кёльн — 962,5, Франкфурт-на-Майне — 659,8, Штутгарт — 594,6, Дзюсельдорф — 574,9, Гановер — 524,8, Нюрнберг — 498,9. У прам-сці заняты 41% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 6%.

Гісторыя. На тэр. Германіі чалавек жыве з эпохі ніжняга палеаліту (500—300 тыс. г. да н.э.), аб чым сведчаць археал. знаходкі гейдэльбергскага чалавека і астанкаў больш позняга неандэртальца. У жал. веку на тэр. Германіі былі пашыраны гальштацкая (пераважна кельцкая; гл. Гальштацкая культура) і латэнская (гл. Латэн) археал. культуры, лужыцкая культура (верагодна, протаславянская). Каля 6 — 1 ст. да н.э. заселена стараж. германцамі. З 2 ст. да н.э. тут мелі месца ўзбр. сутыкненні з рымлянамі, якія назвалі Германіяй усе землі на Пн ад Дуная і на У ад Рэйна да Віслы. Да 80-х г. н.э. рымляне заваявалі землі германцаў па левым беразе Рэйна, дзе былі ўтвораны іх пагран. правінцыі Ніжняя і Верхняя Германія. У 1-й пал. 1-га тыс. н.э. ўзніклі саюзы герм. плямён, частка якіх у 4—6 ст. прасунулася на З і Пд (гл. ў арт. Вялікае перасяленне народаў); пасля перамяшчэння германцаў на З у бас. Эльбы пасяліліся зах. славяне. На тэр. Германіі аселі алемоны, бавары, саксы, фрызы, усх. франкі, цюрынгі. У 6 — пач. 9 ст. герм. плямёны аб’яднаны ў межах Франкскай дзяржавы, прынялі хрысціянства Пасля падзелу імперыі франкаў паводле Вердэнскага дагавора 843 пачалося самаст. развіццё Усх.-Франкскага (пазней Германскага) каралеўства (лац. назва regnum Theutonicorum — каралеўства тэўтонаў, вядома з 919), у якое ўвайшлі герцагствы Саксонія, Франконія, Баварыя і Алеманія (Швабія). Пазней далучыліся Цюрынгія і Фрызія (Фрысландыя). Ва ўмовах пастаяннага сепаратызму з боку герцагаў каралеўская ўлада ў Германіі набыла выбарна-спадчынны характар. Першымі герм. каралямі былі Арнульф [887—899], Конрад I [911—919] і Генрых I [919—936]. Пры Атоне I спынены набегі качэўнікаў-венграў (955), у выніку яго італьян. паходаў засн. «Свяшчэнная Рымская імперыя» (962), што паклала пачатак 300-гадоваму герм. панаванню ў Паўн. і Сярэдняй Італіі (пацярпела крах у час праўлення дынастыі Штаўфенаў). У барацьбе за ўзмацненне сваёй улады герм. каралі часова (да 1122) абапіраліся на саюз з царквой (склаўся пры Атоне I і Атоне II).

З 11 ст. актывізаваўся рост сярэдневяковых гарадоў (пераважна дробных), у якіх рана ўзнікла цэхавая арганізацыя рамяства (гл. Цэхі). З канца 11 ст. фарміруецца ням. народнасць. У 11—13 ст. найб. эканамічна развітыя гарады (перш за ўсё рэйнскія) вызваліліся з-пад улады князёў і дамагліся значнай аўтаноміі, у выніку чаго ўзніклі т.зв. вольныя гарады (Кёльн, Вормс, Рэгенсбург, Майнц і інш.). Частковую аўтаномію набылі і імперскія гарады. У ходзе ўнутрыпаліт. барацьбы царк. і свецкія князі здолелі пашырыць сваю ўладу, самыя буйныя з іх паступова прысвоілі сабе права выбіраць караля (імператара) і сталі называцца курфюрстамі. З 13 ст. буйныя гарады аб’ядноўваліся ў саюзы (Ганза, Рэйнскі і Швабскі саюзы). Да канца 15 ст. склалася сістэма саслоўна-прадстаўнічых органаў (гл. Рэйхстаг, Ландтаг). У 10—15 ст. заваявана ч. зямель славян і прыбалт. народаў (гл. ў арт. «Дранг нах Остэн», Мечаносцы, Тэўтонскі ордэн, Альбрэхт Мядзведзь, Крыжовы паход супраць славян 1147, Бодрычы, Палабскія славяне і інш.). Мясц. сепаратызм і асабліва ням. экспансію на У падтрымлівалі рым. папы. У пач. 16 ст. ў Германіі, якая з прычыны паліт. раздробленасці найб. цярпела ад пабораў з боку папства і яго пасланнікаў, узнікла рэліг. Рэфармацыя (пачалася ў 1517 з выступлення М.Лютэра супраць індульгенцый). Антыфеад. выступленні сялян 2-й пал. 15 — пач. 16 ст. (рух Г.Бёгайма, змовы «Башмака» і інш.) перараслі ў Сялянскую вайну 1524—26, якая ахапіла Паўд.-Зах. і Сярэднюю Германію, частку аўстр. зямель і была звязана з радыкальным кірункам у Рэфармацыі (Т.Мюнцэр). Пасля паражэння сялян анабаптысты стварылі Мюнстэрскую камуну (1534—35). На бок Рэфармацыі перайшла частка князёў (першым быў Альбрэхт Брандэнбургскі). Ваен. сутыкненні паміж пратэстанцкімі і каталіцкімі князямі ў Германіі (Шмалькальдзенская вайна 1546—47, аднавілася ў 1552) завяршыліся Аўгсбургскім рэлігійным мірам 1555 аб прызнанні раўнапраўя католікаў і лютэран. У выніку ў Германіі ўтварыліся 2 групоўкі ням. княстваў — каталіцкая (спадчынныя землі Габсбургаў, Баварыя, Франконія, духоўныя княствы на Рэйне і ў Паўн.-зах. Германіі, Эльзас) і пратэстанцкая (паўн.-герм. княствы, герцагства Прусія, Брандэнбург, Саксонія, Гесен, Браўншвайг, Верхні і Ніжні Пфальц, Вюртэмберг). Пры імператарах Фердынанду I [1556—64) і Максіміляне II [1564—76] захоўвалася раўнавага сіл католікаў і пратэстантаў. Уціск апошніх пры Рудольфе II [1576—1612] прывёў да Трыццацігадовай вайны 1618—48, асн. падзеі якой адбываліся на тэр. Германіі. У выніку вайны значна скарацілася насельніцтва краіны (з 16 да 10 млн. чал. у 1650) і заняпала яе гаспадарка. Вестфальскі мір 1648 юрыдычна замацаваў падзел Германіі на больш як 300 буйных і дробных княстваў, 51 незалежны імперскі горад і амаль на 1,5 тыс. дробных рыцарскіх уладанняў, якія фармальна ўваходзілі ў «Свяшчэнную Рым. імперыю». У пасляваен. час у заэльбскай Германіі (Брандэнбург, Прусія, Мекленбург) ва ўмовах недахопу с.-г. рабочай сілы і попыту на мясц. хлеб за мяжой памешчыкі павялічылі паншчыну і свае зямельныя ўладанні (у т. л. праз агароджванні).

У 17 ст. ўнутры Германіі пачалося ўзвышэнне Брандэнбургска-Прускай дзяржавы (з 1701 каралеўства Прусія) на чале з дынастыяй Гогенцолернаў. Пры каралю Фрыдрыху Вільгельму I [1713—40] канчаткова склалася сістэма прускай манархіі з яе моцным культам арміі. Пры Фрыдрыху II [1740—416] пруская манархія набыла рысы асветнага абсалютызму. У выніку сілезскіх войнаў да Прусіі далучана б. ч. Сілезіі, а пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) — польскія Памор’е і Зах. Прусія. Да канца 18 ст. Прусія стала вял. еўрап. дзяржавай. У канцы 18 — пач. 19 ст. яна разам з Аўстрыяй і інш. краінамі ўдзельнічала ў войнах супраць рэвалюцыйнай, потым напалеонаўскай Францыі (гл. Напалеонаўскія войны). У вайну 1792—95 ва ўмовах франц. акупацыі дзейнічала Майнцкая камуна (1792—93). Пазней з-за абвастрэння адносін з Аўстрыяй пасля яе адхілення ад удзелу ў 2-м падзеле Рэчы Паспалітай (1793) Прусія выйшла з антыфранц. кааліцыі і заключыла сепаратны мір з Францыяй (гл. ў арт. Базельскія мірныя дагаворы 1795). Паводле 2-га і 3-га (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай да Прусіі далучана значная ч. польскіх зямель (уключаючы Варшаву), яе ўсх. мяжа дасягнула лініі Каўнас—Гродна—Брэст. У 1796 франц. войскі занялі ПдЗ Германіі. У 1803 пад націскам Напалеона I спец. дэпутацыя «Свяшчэннай Рым. імперыі» пры рэйхстагу ў г. Рэгенсбург прыняла рашэнне аб скасаванні ў Зах. Германіі ўсіх царк. княстваў (акрамя Майнцкага; усяго 112 дробных дзяржаў з 3 млн. жыхароў, якія потым былі далучаны да саюзных Францыі ням. дзяржаў — Баварыі, Бадэна, Вюртэмберга, Саксоніі і інш.). У 1807 утворана залежнае ад Напалеона Вестфальскае каралеўства на чале з братам Напалеона Ж.​Банапартам (існавала да 1813). Стварэнне ў Зах. Германіі пад пратэктаратам Напалеона Рэйнскага саюза 1806—13 прывяло да падзення «Свяшчэннай Рым. імперыі» (1806). У кастр. 1806 Прусія зноў выступіла супраць Францыі, аднак у ходзе двухтыднёвай вайны пацярпела поўнае паражэнне (гл. Іена-Аўэрштэцкая бітва 1806, Тыльзіцкі мір 1807). Ва ўмовах франц. акупацыі прускія ўлады правялі ў 1807—14 Штайна—Гардэнберга рэформы (наданне асабістай свабоды сялянам, рэарганізацыя арміі і інш.). Пасля паражэння арміі Напалеона ў вайне 1812 супраць Расіі ў саюзе з апошняй паступова вызвалены Прусія і астатнія ням. дзяржавы (вырашальнай была Лейпцыгская бітва 1813). Паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 утвораны Герм. саюз у складзе 35 (пазней 31) ням. манархій і 4 вольных гарадоў (Гамбург, Брэмен, Любек, Франкфурт-на-Майне) з адзіным агульным органам — Саюзным сходам (сеймам). Найб. ўплыў у саюзе мелі Аўстрыя і Прусія. У 1-й пал. 19 ст. Германія заставалася пераважна агр. краінай (​3/4 яе насельніцтва жыло ў вёсцы). У 1810—20-я г. ням. прам-сць складалася пераважна з мануфактур і рамесных майстэрняў. У 1830-я г. ў Германіі пачалася прамысл. рэвалюцыя (завершана ў 1870-я г. пасля аб’яднання Германіі), звязаная з тэхн. прагрэсам і развіццём транспарту (у 1822 на Рэйне з’явіліся першыя параходы, у 1835 уведзена ў дзеянне першая чыгунка Нюрнберг—Фюрт). З’явілася машынабудаванне (найб. цэнтр — Берлін, дзе вырабляліся паравыя машыны і лакаматывы). У 1834 па ініцыятыве Прусіі ўзнік Герм. мытны саюз паміж 18 ням. дзяржавамі з насельніцтвам 23 млн. чал. (пазней пашыраны, праіснаваў да 1871), што садзейнічала фарміраванню гасп. адзінства Германіі. Ва ўмовах узмацнення абсалютызму ўнутры Германіі адбыліся апазіц. студэнцкія выступленні (найбольшыя ў 1817, 1819). Пад уплывам Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 у Францыі ў жн.—вер. 1830 масавыя выступленні адбыліся ў Саксоніі, Гановеры, Браўншвайгу, Гесен-Каселі і інш., у выніку чаго тут у 1831—32 уведзены канстытуцыі; 27.5.1832 у Пфальцы прайшла 30-тысячная дэманстрацыя пад лозунгам аб’яднання Германіі і ўвядзення канстытуцыйных свабод. У 1830-я г. за мяжой (Парыж) створаны першыя ням. рабочыя арг-цыі (гл. Саюз справядлівых). У пач. 1840-х г. ліберальная апазіцыя прапагандавала свае погляды на старонках «Рэйнскай газеты» і «Кёнігсбергскай газеты». Адбылося Сілезскае паўстанне ткачоў 1844. Узнік сацыяліст. рух (В.Вейтлінг, К.Маркс, Ф.Энгельс). Пад уплывам рэв. падзей 1848 у Францыі (звяржэнне манархіі) адбылася рэвалюцыя 1848—49 у Германіі, у ходзе якой распаўся Герм. саюз (1849), дзейнічаў Франкфурцкі нацыянальны сход 1848—49. Пасля паражэння рэвалюцыі пад націскам Аўстрыі і Расіі адноўлены Герм. саюз (1850—51). У 1850 у Прусіі прыняты закон «Аб рэгуляванні адносін паміж памешчыкамі і сялянамі», што прадугледжваў паступовы выкуп сялянамі асн. павіннасцей (т.зв. прускі шлях развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы). За 1850-я г. аб’ём прамысл. прадукцыі ў Германіі павялічыўся больш чым удвая. У 1860-я г. індустр. цэнтрамі сталі Рэйнская вобл., Саксонія, Сілезія, Берлін. Пасля прызначэння прэм’ер-міністрам Прусіі О. фон Бісмарка (1862) пачалося дынастычнае аб’яднанне Германіі па т.зв. «малагерманскім» (г. зн. без Аўстрыі) шляху. Спачатку Прусія ў саюзе з Аўстрыяй у ходзе Дацкай вайны 1864 адарвала ад Даніі Шлезвіг і Гольштэйн, а потым у выніку аўстра-прускай вайны 1866 прымусіла Аўстрыю выйсці з Герм. саюза і адмовіцца ад сваіх прэтэнзій на вяршэнства ў Германіі. Замест скасаванага ў 1866 Герм. саюза ў 1867 утвораны Паўночнагерманскі саюз пад эгідай Прусіі. У 1860-я г. ў ням. рабочым руху склаліся Усеагульны герм. рабочы саюз (УГРС) пад кіраўніцтвам Ф.Ласаля і С.-д. рабочая партыя (СДРП, гл. Эйзенахцы) на чале з А.Бебелем і В.Лібкнехтам.

У выніку франка-прускай вайны 1870—71 завершана аб’яднанне Германіі. 18.1.1871 у Версалі абвешчана Герм. імперыя ў складзе 22 ням. манархій (Баварыя, Бадэн, Вюртэмберг, Саксонія захавалі абмежаваную ўнутр. аўтаномію) і 3 вольных гарадоў (Гамбург, Брэмен, Любек) на чале з імператарам (ён жа прускі кароль) Вільгельмам I і рэйхсканцлерам Бісмаркам. Паводле імперскай канстытуцыі 1871 (у яе аснове была канстытуцыя Паўн.-герм. саюза) імператарам краіны мог быць толькі прускі кароль, ён валодаў заканад. уладай, прызначаў рэйхсканцлера, распараджаўся ўзбр. сіламі, вырашаў пытанні вайны і міру, прадстаўляў Германію ў міжнар. справах. Парламент складаўся з прызначанага бундэсрата і выбарнага рэйхстага. У 1870-я г. ў Германіі ўведзена адзіная грашовая сістэма (залатая марка), Прускі банк пераўтвораны ў Імперскі (Рэйхсбанк), устаноўлена адзіная сістэма судаводства (вышэйшая інстанцыя — імперскі суд у г. Лейпцыг). У 1875 УГРС і СДРП аб’ядналіся на аснове кампраміснай Гоцкай праграмы ў Сацыяліст. рабочую партыю Германіі (з 1890 Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі, СДПГ). Апасаючыся ўплыву каталіцкага духавенства (у 1870—71 яно стварыла паліт. партыю Цэнтра) і сацыял-дэмакратаў, Бісмарк ініцыіраваў «Культуркампф» і Выключны закон супраць сацыялістаў (дзейнічаў да 1890). Знешнепаліт. пазіцыі Германіі ён імкнуўся ўмацаваць праз стварэнне сістэмы саюзаў з інш. дзяржавамі (Траісты саюз 1882 і інш.). Пры імператару Вільгельме II (з 1888) змянілася некалькі канцлераў (Л.​Капрыві, Х.Гогенлоэ, Б.Бюлаў, Т.​Бетман-Гольвег і інш.). У 1880-я г. пачата стварэнне герм. калан. імперыі, якая да 1914 ахоплівала тэр. Каля 3 млн. км² з насельніцтвам каля 14 млн. чал. (Герм. Паўд.-Зах. Афрыка, Тога, Камерун, Герм. Усх. Афрыка, архіпелаг Бісмарка, Зямля Вільгельма II, Маршалавы, Каралінскія і Марыянскія а-вы, Самоа і інш.). Да канца 19 ст. Германія стала адной з найб. эканамічна моцных дзяржаў свету і буйным міжнар. інвестарам (інвестыцыі ўкладаліся пераважна ў эканоміку краін Паўд.-Усх. Еўропы, у т. л. Турцыю, і Паўд. Амерыкі). Ва ўмовах эканам. росту і знешнепаліт. саперніцтва з Вялікабрытаніяй Германія па ініцыятыве адм. А. фон Тырпіца ў канцы 19 — пач. 20 ст. ажыццявіла буд-ва буйнога ВМФ (удзельнічаў у 1-й сусв. вайне). З пач. 20 ст. Германія яшчэ больш узмацнілася эканамічна і стала прэтэндаваць на перадзел свету з пазіцыі сілы (гл., напр., Мараканскія крызісы). Яна падтрымала пазіцыю Аўстра-Венгрыі адносна Сербіі пасля Сараеўскага забойства і разам з ёй пачала першую сусветную вайну 1914—18. У ходзе вайны войскі Германіі акупіравалі і зах. ч. Беларусі (1915; лінія фронту прайшла праз Дзвінск, Смаргонь, Баранавічы, Пінск). Пазней геапаліт. інтарэсы і ход падзей на ўсх. фронце пасля змены ўлады ў Расіі (стварэнне сав. ўрада на чале з У.​І.​Леніным) абумовілі падпісанне Брэсцкага міру 1918. Напярэдадні паражэння Германіі ў 1-й сусв. вайне апошні імперскі ўрад рэйхсканцлера прынца Макса Бадэнскага (з кастр. 1918) звярнуўся да краін Антанты з прапановай аб перамір’і. У выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі скінута манархія; 11 ліст. падпісана Камп’енскае перамір’е 1918.

У 1919 Нац. ўстаноўчы сход у г. Веймер распрацаваў асновы канстытуцыйнага ладу герм. рэспублікі (гл. Веймарская рэспубліка), першым прэзідэнтам якой быў выбраны адзін з с.-д. лідэраў Ф.Эберт. Пад націскам дзяржаў-пераможцаў у 1-й сусв. вайне Германія падпісала Версальскі мірны дагавор 1919, паводле якога яна страціла ​1/8 сваёй тэр., ​1/10 насельніцтва, усе калоніі, абавязвалася выплачваць вял. рэпарацыі (іх памер вызначаны ў 1921) і была абмежавана ў ваен. адносінах. Многія жыхары Германіі былі незадаволены такімі вынікамі вайны, што пазней выкарысталі ў сваёй агітацыі нацысты. Ва ўмовах пасляваеннага сац.-эканам. і паліт. крызісу партыі т.зв. веймарскай кааліцыі (СДПГ, партыя Цэнтра і Герм. дэмакр. партыя) ужо ў 1920 страцілі большасць месцаў у рэйхстагу, адбыліся спробы ўзбр. выступленняў з мэтай звяржэння Веймарскай рэспублікі з боку лева- і праварадыкальных сіл (камуністаў у Сярэдняй Германіі ў сак. 1921 і ў Гамбургу ў кастр. 1923; Капаўскі путч 1920 і гітлераўскі путч у Мюнхене ў ліст. 1923). Апынуўшыся ў ізаляцыі на Генуэзскай канферэнцыі 1922, герм. ўрад заключыў з Сав. Расіяй Рапальскі дагавор 1922. Рурскі канфлікт 1922—23 выклікаў яшчэ большую інфляцыю. У 1924—29 эканам. і паліт. жыццё Германіі адносна стабілізавалася (з 1924—25 прамысл. ўздым). Гэтаму садзейнічалі валютная рэформа 1923, карэкціроўка рэпарацыйных плацяжоў паводле Даўэса плана (у 1930 заменены Юнга планам), замежныя пазыкі. Германія выйшла з міжнар. ізаляцыі (Лакарнскія дагаворы 1925, прыняцце Германіі ў Лігу Нацый у 1926). У 1920-я г. Германія наладзіла ваен. супрацоўніцтва з СССР (працягвалася да 1941). У выніку сусв. эканам. крызісу 1929—33 у Германіі рэзка зменшыліся вытв-сць (да 58% ад узроўню 1928) і рэальная зарплата (да 50%), узнікла масавае беспрацоўе (каля 9 млн. чал.). У сак. 1930 распалася ўрадавая кааліцыя з удзелам сацыял-дэмакратаў. З канца 1920-х г. актывізавала свой удзел у паліт. барацьбе Нацыянал-сацыялісцкая партыя: у выніку выбараў 31.7.1932 яна мела найб. фракцыю ў рэйхстагу. Сацыял-дэмакраты і камуністы з-за рознагалоссяў не здолелі аб’яднаць свае намаганні ў процідзеянні нацызму. Ва ўмовах звужэння парт.-паліт. базы Веймарскай рэспублікі ўрады яе апошніх рэйхсканцлераў Г.​Брунінга (1930—32), Ф. фон Папена (1932) і К. фон Шляйхера (1932—33) кіравалі краінай з дапамогай надзвычайных дэкрэтаў прэзідэнта (з 1925) П. фон Гіндэнбурга. 30.1.1933 Гіндэнбург прызначыў рэйхсканцлерам лідэра нацыстаў А.Гітлера.

Першы ўрад Гітлера (1933—34) быў кааліцыйны (некалькі ненацысцкіх міністраў і віцэ-канцлер Папен). Шляхам правакацый (гл. ў арт. Лейпцыгскі прагрэс 1933), масавых арыштаў (асабліва апазіц. камуніст. і с.-д. функцыянераў), забароны антыўрадавых дэманстрацый і мітынгаў, крытыкі ў друку дзейнасці ўрада, усіх ненацысцкіх паліт. партый, прафсаюзаў і інш. нацысты хутка ўстанавілі ў Германіі аднапарт. сістэму і татальны кантроль над грамадствам (у т. л. праз гестапа, Гітлер-югенд, «Ням. прац. фронт»). Гэтым яны дамагліся ад рэйхстага прыняцця 24.3.1933 закона аб наданні кабінету Гітлера надзвычайных паўнамоцтваў. Пасля смерці Гіндэнбурга (2.8.1934) Гітлер пажыццёва аб’яднаў функцыі прэзідэнта і канцлера («фюрэр і рэйхсканцлер»). Была праведзена адм. цэнтралізацыя (у 1934 скасаваны ландтагі і прадстаўніцтва зямель — рэйхсрат). З 1935 афіц. дактрынай нацысцкай дзяржавы стала расавая палітыка (гл. Антысемітызм). З’явіліся канцэнтрацыйныя лагеры (у 1933—45 праз іх і інш. «фабрыкі смерці» прайшло каля 18 млн. немцаў і замежных грамадзян, з іх загублена 11 млн.). У 1933—35 цэнтралізавана кіраванне эканомікай і часткова манапалізаваны прамысл. і с.-г. прадпрыемствы. У выніку мілітарызацыі эканомікі павялічылася вытв-сць (па яе ўзроўні Германія ў 1938 выйшла на 1-е месца ў Еўропе) і амаль ліквідавана беспрацоўе. Пасля выхаду Германіі з Лігі нацый (кастр. 1933) яе знешняя палітыка была накіравана на рэвізію Версальскага дагавора і падрыхтоўку да вайны, якая, на думку нацыстаў, забяспечыла б герм. панаванне ў свеце (гл. Вермахт, Англа-германскае марское пагадненне 1935, «Вось Берлін—Рым», «Антыкамінтэрнаўскі пакт», Аншлюс, Мюнхенскае пагадненне 1938, Пакт Рыбентропа—Молатава 1939). Нападам 1.9.1939 на Польшчу Германія развязала другую сусветную вайну 1939—45, якая прывяла да краху нацысцкай дзяржавы. У час вайны актывізаваўся антыфашысцкі рух (Шульца-Бойзена—Харнака арганізацыя, замах на Гітлера 20.7.1944, Нацыянальны камітэт «Свабодная Германія» і інш.).

У 2-ю сусв. вайну, на вядзенне якой Германія выдаткавала каля 800 млрд. марак (у 10 разоў больш, чым за 1-ю сусв. вайну), было забіта, паранена і ўзята ў палон каля 14 млн. немцаў (з іх 10 млн. на сав.-герм. фронце), матэрыяльныя страты склалі каля 50 млрд. марак. Пасля капітуляцыі Германіі (акт аб ёй з ням. боку падпісаў 8.5.1945 ген.-фельдмаршал Кейтэль) урады 4 саюзных дзяржаў-пераможцаў (СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі) 5.6.1945 падпісалі дэкларацыю аб узяцці на сябе вярх. улады ў краіне. Паводле рашэнняў Крымскай канферэнцыі 1945 і Патсдамскай канферэнцыі 1945 саюзнікі падзялілі тэр. Германіі на 4 акупац. зоны (сав. на У, амер. на ПдЗ, брыт. на ПнЗ і франц. на З), а Берлін (увайшоў у сав. зону) — на 4 сектары, устанавілі новую ўсх. граніцу Германіі па лініі Одэр—Нейсе, перадалі ў склад СССР г. Кёнігсберг (цяпер Калінінград) з сумежнымі раёнамі, вярнулі Чэхаславакіі Судэты, правялі (найб. актыўна ў сав. акупац. зоне) дэмілітарызацыю, дэнацыфікацыю (гл. таксама Нюрнбергскі працэс), дэкартэлізацыю і дэмакратызацыю. Кіраванне Германіі ажыццяўляў Саюзны Кантрольны савет (складаўся з галоўнакамандуючых 4 зон; дзейнічаў да 1948), Берлінам — чатырохбаковая міжсаюзніцкая камендатура. У выніку павароту ў палітыцы (гл. «Халодная вайна») ЗША, Вялікабрытанія, а потым і Францыя ўзялі курс на стварэнне асобнай дзяржавы Германіі. У 1946 амер. і брыт. акупац. зоны аб’яднаны ў т.зв. Бізонію (двайную зону), з далучэннем у 1948 франц. зоны — у Трызонію. Яе пашырэнне на зах. ч. Берліна выклікала Берлінскі крызіс 1948—49 (гл. ў арт. Заходні Берлін). 7.9.1949 абвешчана ФРГ. Ва Усх. Германіі 7.10.1949 утворана Германская Дэмакратычная Рэспубліка (ГДР). У 1990 абедзве ням. дзяржавы аб’яднаны. Германія — чл. ААН (з 1973), Еўрап. саюза, Савета Еўропы, НАТО (з 1955), Зах.-еўрап. саюза. Дыпламат. адносіны з Беларуссю з 1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Хрысц.-дэмакр. саюз, Хрысц.-сац. саюз, Свабодная дэмакр. партыя, С.-д. партыя Германіі, Партыя «зялёных», Партыя дэмакр. сацыялізму (пераемніца Сацыяліст. адзінай партыі Германіі, якая правіла ў ГДР), Нацыянал-дэмакр. партыя (неанацысцкая), Рэсп. Партыя, Аб’яднанне ням. прафсаюзаў, Аб’яднанне паліт. моладзі, Герм. федэральнае маладзёжнае аб’яднанне, Саюз маладых, Маладыя сацыялісты, Маладыя лібералы, Саюз выгнаных і інш.

Гаспадарка. Германія — індустр. дзяржава з магутным навук.-тэхн. патэнцыялам. Валавы нац. прадукт на душу насельніцтва за год 24 170 дол. ЗША (1994). Ёй належыць вядучая роля ў Еўрап. супольнасці. Эканам. сістэмай Германіі з’яўляецца сац. рыначная гаспадарка, у якой дзейнічаюць буйныя транснац. карпарацыі. У гэту сістэму інтэгруюцца і ўсх. землі (тэр. былой ГДР). Удзельная вага прам-сці ў агульнай прадукцыі больш за 90%. На працягу пасляваен. часу для Германіі характэрны стабільна высокі ўзровень развіцця прам-сці. Буйны экспарцёр капіталу. Прамысловасць. Гал. галіны — машынабудаванне (у т. л. ваеннае) і хім. прам-сць. Германія — адзін з буйнейшых у свеце вытворцаў і экспарцёраў аўтамабіляў, станкоў, прамысл. абсталявання, суднаў, выліч. і быт. тэхнікі, канторскага абсталявання, ваен. тэхнікі (авіяракетная, танкі і інш.) і хім. тавараў. Значныя поспехі ў вытв-сці найноўшай тэхнікі, фармацэўтычнай прадукцыі, новых арган. хімікатаў і палімераў, мед. электронікі, оптыкі і вымяральных прылад. Развіты чорная і каляровая металургія (адно з вядучых месцаў у свеце па выплаўцы сталі, чыгуну, алюмінію, свінцу, медзі, цынку), нафтаперапр. і нафтахім., тэкст. (пераважна баваўняная і шарсцяная), трыкатажная, харчасмакавая прам-сць. Германія — адзін з буйнейшых у свеце вытворцаў піва, высакаякасных рэйнскіх і мозельскіх він, тытунёвых вырабаў, масла і маргарыну, кандытарскіх вырабаў, у т. л. шакаладу, дзіцячага харчавання, харч. канцэнтратаў і інш. Традыцыйная апрацоўка футра (пераважна норкі і каракулю). На тэр. былой ГДР размешчаны буйныя оптыка-мех. з-ды «Карл Цэйс», з-ды электратэхнікі і электронікі, станка- і прыладабудавання, паліграф. і тэкст. машынабудавання. На ўсх. землях, дзе пражывае каля 20% насельніцтва Германіі і вырабляецца толькі 4% прамысл. прадукцыі, праводзяцца мерапрыемствы па дзярж. стымуляванні развіцця. Здабыча (млн. т., 1993): каменнага вугалю 60 (пераважна Рур і Саар), бурага 222 (асн. здабыча ў Ніжнярэйнскім басейне), нафты 3. Штогадовы імпарт нафты каля 100 млн. т (у 1994 — 106 млн. т). Выкарыстоўваецца 87,2 млрд. м³ прыроднага газу (1994), у т. л. здабыча 17,7 млрд. м³, імпарт 69,5 млрд. м³, пераважна з Расіі (36,1%), Нідэрландаў (25,8), Нарвегіі (14,3). Выпрацоўка эл.-энергіі 526,1 млрд. кВт∙гадз (1994). Энергетыка ўсх. зямель пераводзіцца з бурага вугалю на газ, здабыча бурага вугалю скарачаецца. На базе здабычы каменнага вугалю склаўся Рурскі прамысл. раён з развітой чорнай і каляровай металургіяй, машынабудаваннем, хіміяй і інш. Выплаўка (млн. т, 1993) сталі — 37,6, чыгуну — 27. Рур — найб. металургічны раён Зах. Еўропы, працуе на імпартных жал. рудах. Асн. цэнтры Дуйсбург, Дортмунд, Бохум; з-ды ў Саарскім басейне, Брэмене, Айзенхютэнштаце. Каляровая металургія спажывае пераважна імпартную сыравіну. Асн. галіна спецыялізацыі ў рамках міжнар. падзелу працы — машынабудаванне; да 60% яе прадукцыі экспартуецца. Наменклатура маш.-буд. прадукцыі вельмі шырокая. Аўтамаб. прам-сць дае 15% экспарту. Вядучае месца ў ёй займаюць 5 манаполій: «Фольксвагенвэрк», «Даймлер-Бенц», БМВ, амер. кампаніі «Опель», «Форд мотар»; гал. іх цэнтры Вольфсбург, Штутгарт, Кёльн, Русельсгайм, Мюнхен. Цяжкае машынабудаванне, станкабудаванне ў Дуйсбургу, Брэмене, Эмдэне, Магдэбургу, Берліне і інш. Развіты суднабудаванне (Гамбург, Брэмен, Кіль, Любек) і вагонабудаванне. Выпускаюцца ў вял. колькасці халадзільнікі, тэлевізары, відэатэхніка, вымяральныя прылады і інш. Вядучыя кампаніі ў эл.-тэхн. і электроннай прам-сці «Сіменс» і «Бош»; гал. іх цэнтры Нюрнберг, Штутгарт, Кёльн, Мюнхен, Гамбург.

Па ўзроўні развіцця хім. прам-сці Германія займае вядучыя пазіцыі ў свеце. Больш за 80% прадукцыі галіны даюць кампаніі «Хёхст» (Франкфурт-на-Майне), «БАСФ» (Людвігсгафен) і «Баер» (Леверкузен). На ўсх. землях буйныя цэнтры Лёйна і Швет. Вытв-сць азотных (1,3 млн. т па колькасці азоту), калійных, фосфарных угнаенняў, сінт. каўчуку і пластмас (9,8 млн. т), кінафотаматэрыялаў, фармацэўтычных вырабаў і інш. У харч. прам-сці багаццем асартыменту вылучаюцца хлебабулачная (1400 гатункаў) і каўбасная (1500 найменняў), вытв-сць сыру і інш. малочных прадуктаў, кандытарскіх вырабаў. Традыц. галіны піваварэнне і вінаробства. Сельская гаспадарка. Германія — буйны вытворца с.-г. прадукцыі. Сельская гаспадарка падтрымліваецца ўрадавымі субсідыямі. На З асн. вытворцы с.-г. прадукцыі — 600 тыс. фермерскіх гаспадарак, на У — кааператывы, якія прыстасоўваюцца да рыначнай эканомікі, пераўтвараюцца ў таварыствы ці фермерскія гаспадаркі. Вядучая галіна — малочная і мясная жывёлагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы — 15,9 (у т. л. дойных кароў — 5,4), свіней — 26,1, авечак — 2,4. Вытв-сць (млн. т, 1993): ялавічыны — 1,7 (амаль 40% яе ідзе на экспарт), свініны — 3,6, малака — 28. Птушкагадоўля. Вырошчваюць (млн. т, 1993); пшаніцу — 15,8, ячмень — 11, жыта — 3, кукурузу — 2,7, бульбу — 12,3, рапс (семя) — 2,8, цукр. буракі — 28,6, агародніну, садавіну, вінаград. Развіта вырошчванне хмелю (гал. экспарцёр у свеце). Транспарт. Тэр. Германіі абслугоўвае густая сетка сучасных камунікацый — аўтастрад, скарасных чыгунак, газа- і нафтаправодаў. У краіне 10,7 тыс. км аўтастрад, 44,3 тыс. км федэральных і нац. шашэйных дарог, больш за 30 тыс. км федэральных чыгунак; 3644 км нафтаправодаў, 3946 км прадуктаправодаў, 97 564 км газаправодаў. Больш за 6,8 тыс. км унутр. водных шляхоў. Суднаходныя рэкі Рэйн, Везер, Эмс, Эльба, Одэр. На Рэйне самая буйная рачная гавань Еўропы Дуйсбург-Рурарт. Кільскі канал, што злучае Паўн. і Балт. моры, адыгрывае асаблівую ролю ў перавозках грузаў. Грузаабарот марскіх партоў Германіі перавышае 200 млн. т за год. Гал. марскія парты Гамбург, Брэмен, Любек, Ростак. Германія валодае марскім гандл. флотам грузападымальнасцю ў 5 млн. т (1994). 499 аэрапортаў. Самы буйны аэрапорт Еўропы Франкфурт-на-Майне; адна з буйнейшых авіякампаній у свеце «Люфтганза». Германія — другая гандл. дзяржава свету пасля ЗША. Экспарт (378 млрд. дол. ЗША, 1991) машын і прамысл. абсталявання (больш за 50% кошту), хім. прадукцыі, харч. тавараў і напояў, мінер. сыравіны, адзення, абутку, упрыгожанняў, сталі і чыгуну. Імпартуецца пераважна сыравіна і паліва (354 млрд. дол. ЗША, 1991). На Еўрап. супольнасць прыпадае палавіна гандл. сувязей. Асн. гандл. партнёры: Францыя, Італія, Нідэрланды, Вялікабрытанія, ЗША, Швейцарыя, КНР. Германія — галоўны гандл. партнёр Беларусі сярод зах. краін; набывае на Беларусі трактары, халадзільнікі і маразільнікі, калійныя ўгнаенні, дыметылтэрыфталат, фанеру і інш.; пастаўляе на Беларусь стальныя трубы, мед. інструменты і прылады, абсталяванне для харч. і тэкст. прам-сці, электронныя лямпы, гербіцыды, алей і інш. На Беларусі існуе больш за 200 сумесных германа-беларускіх прадпрыемстваў. Грашовая адзінка — герм. марка.

Узброеныя сілы (бундэсвер). Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМФ. У мірны час падпарадкоўваюцца міністру абароны, у ваенны — федэральнаму канцлеру. Паводле канстытуцыі ФРГ яе войскі не могуць выкарыстоўвацца за межамі краіны (дапушчальны толькі дапаможны ўдзел у міратворчых аперацыях). У канцы 1994 налічвалі 367,3 тыс. чал. (442,7 тыс. рэзервістаў), прадугледжана да 2000 г. скарачэнне іх колькасці да 340 тыс. чал. Камплектуюцца паводле змешанага прынцыпу (з добраахвотнікаў і па прызыве). У сухап. войсках (канец 1994) 254,3 тыс. чал., 8 механізаваных дывізій, мотапяхотная і 3 паветрана-дэсантныя брыгады, асобная брыгада армейскай авіяцыі. Маюць на ўзбраенні 5070 танкаў, 2915 баявых машын пяхоты, 4878 бронетранспарцёраў, 2312 гармат палявой артылерыі і мінамётаў, 667 самалётаў і верталётаў армейскай авіяцыі і інш. У ВПС (канец 1994) 82,9 тыс. чал., каля 480 баявых самалётаў. ВМФ (1996) налічвае 29 тыс. чал., мае 79 баявых караблёў (у т. л. 20 дызельных падводных лодак) і 36 ракетных катэраў, а таксама 71 баявы самалёт і 18 баявых верталётаў марской авіяцыі.

Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне пераважна прыватнае і платнае. Сістэма мед. страхавання і мед. кас робіць яго даступным для ўсіх слаёў насельніцтва. Існуе сетка адкрытых дзярж. і камунальных мед. устаноў. Асн. функцыі па мед. абслугоўванні (прафілактыка, лячэнне, рэабілітацыя) ажыццяўляюцца праз федэральнае мін-ва аховы здароўя, мед. касы, урачэбныя т-вы і мін-вы аховы здароўя федэральных зямель. Дзеці да 4-гадовага ўзросту сістэматычна абследуюцца з мэтай выяўлення прыроджаных парушэнняў дзейнасці сэрца, мозга, нерв. сістэмы, дарослыя (жанчыны пасля 30, мужчыны пасля 45 гадоў) — з мэтай ранняга выяўлення анкалагічных захворванняў. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 73, у жанчын 80 гадоў. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 121 чал., урачамі — 1 на 319 чал. Узровень нараджальнасці — 11 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць — 7 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Германіі ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў (існуюць пераважна пры пач. і спец. школах, а таксама пры царк. абшчынах, дабрачынных установах, прыватных фірмах і інш.); агульнаадук. ўстановы (пач. школы, асн. і рэальныя школы, гімназіі, агульныя школы); прафес. навуч. ўстановы; ВНУ. Пач. школа (з 6-гадовага ўзросту) — 1-я ступень школьнай сістэмы для ўсіх дзяцей; тэрмін навучання — 4 гады (у Берліне і Брандэнбургу — 6). Пасля пач. школы 60% дзяцей пераходзяць у асн. абавязковую школу, мэта якой — даць базавую адукацыю для наступнай прафесійнай; тэрмін навучання — 4—6 гадоў. Часта пач. і асн. школы ствараюць адзіную навучальна-выхаваўчую ўстанову. Рэальная школа (5—10 або 7—10 кл.) дае агульную адукацыю на ўзроўні няпоўнай сярэдняй з практычнай накіраванасцю. Пасля яе заканчэння вучні маюць права паступлення ў розныя тыпы прафес. школ. Найб. здольныя выпускнікі могуць паступіць у старэйшую ступень гімназіі (11—12-ы кл.) па рэкамендацыі школы без уступных экзаменаў. Гімназія разлічана, як правіла, на 9 гадоў (5—13-ы або 7/8—13-ы кл.). Гэта адзіны тып агульнаадук. школы, што дае права паступлення ва ун-т. Для збліжэння шляхоў агульнай і прафес. адукацыі праводзіцца рэформа старэйшай ступені гімназіі (11—13-ы кл.). Класна-ўрочная сістэма заняткаў заменена курсавой. Суадносіны абавязковых і факультатыўных навуч. прадметаў — 2:1, што робіць больш лёгкім пераход да навучання ў ВНУ. Існуюць таксама спец. гімназіі (эканам., тэхн. і інш.) і вячэрнія. У агульнай школе (інтэграванай, аб’яднанай, каапераванай) прадугледжаны ліквідацыя класна-ўрочнай сістэмы заняткаў, дыферэнцыяцыя і індывідуалізацыя навучання. Для кожнага навуч. прадмета ўведзена 2 праграмы — паглыбленая і скарочаная. Працягласць навучання — 12 гадоў. У Германіі дзейнічаюць розныя прыватныя школы: канфесійныя, вальдорфскія (выхаванне духоўна свабоднай асобы), сельскія школы-інтэрнаты, альтэрнатыўныя школы і інш. Прыватныя навуч. ўстановы пераважаюць у сферы дашкольнага выхавання, прафес. адукацыі і павышэння кваліфікацыі. У дзярж. сістэму прафес.-тэхн. навучання ўваходзяць некалькі тыпаў навуч. устаноў. Для падлеткаў да 18 гадоў, якія скончылі асн. школу і не працягваюць агульную адукацыю ў іншых тыпах школ, абавязковымі з’яўляюцца прафшколы з навучаннем без адрыву ад вытв-сці і навуч. ўстановы аднагадовай пач. прафес. падрыхтоўкі з адрывам ад вытв-сці. ВНУ Германіі належаць землям, за выключэннем некат. прыватных, царк., ун-таў бундэсвера і спец. ВНУ адм. кіравання федэрацыі. У сістэме вышэйшай школы найб. роля належыць ун-там і роўным ім ВНУ; ёсць спец. ВНУ і агульныя (у іх аб’яднаны розныя тыпы ВНУ). На 1.1.1996 у Германіі 112 ун-таў, 325 ВНУ, 167 спец. ВНУ, 46 вышэйшых вучылішчаў у галіне мастацтва. Найб. ун-ты: Мюнхенскі (з 1471), Свабодны ў Берліне (з 1948), Кёльнскі (з 1388), Мюнстэрскі (з 1780), Гётынгенскі (з 1737), Гайдэльбергскі універсітэт (з 1386), Берлінскі універсітэт (з 1810), Бонскі універсітэт (з 1786), Лейпцыгскі (з 1409), Гамбургскі (з 1919), Марбургскі (з 1527), Тэхнічны ў Дрэздэне (з 1828). Найб. б-кі: Нямецкая бібліятэка ў Лейпцыгу, Ням. ў Франкфурце-на-Майне, Баварская дзярж. ў Мюнхене, Дзярж. б-ка «Культурная спадчына Прусіі» ў Берліне, Ням. ў Берліне (з 1661), Б-ка імя герцага Аўгуста ў Вольфенбютэлі, Цэнтр. мед. б-ка ў Кёльне. Вял. фонды маюць б-кі ун-таў. Найб. музеі: Дзярж. музеі «Культурнай спадчыны Прусіі» (у т. л. Нац. і Карцінная галерэі) і Музей тэхнікі і транспарту ў Берліне, Дрэздэнская карцінная галерэя (з 1560), Старая і Новая пінакатэкі, Баварскі нац. музей, Ням. музей у Мюнхене, Герм. нац. музей у Нюрнбергу, Дзярж. галерэя і Дзярж. музей прыродазнаўства ў Штутгарце, Музей выяўл. мастацтваў у Лейпцыгу, дзярж. калекцыі твораў мастацтва ў Карлсруэ і Каселі, Дзярж. прыродазнаўча-гіст. музей у Браўншвайгу, Музей архітэктуры і Музей сучаснага мастацтва ў Франкфурце-на-Майне, Скарбніца сабора і Новая галерэя ў Ахене, Цэнтр. рымска-герм. музей у Майнцы, Рымска-герм. музей і Музей Вальраф-Рыхартц у Кёльне, Мемар. музей памяці ахвяр фашызму ў Бухенвальдзе, этнагр. музеі ў Берліне, Франкфурце-на-Майне, Гётынгене, Гамбургу, Кілі, Кёльне, Любеку, Мюнхене, Штутгарце. Навукова-даследчую работу ў Германіі праводзяць у асноўным ВНУ, н.-д. цэнтры, аддзяленні эканомікі, лабараторыі прам-сці і інш. дзярж. і прыватныя н.-д. ўстановы. З ВНУ у галіне даследаванняў супрацоўнічаюць 7 АН (у Дзюсельдорфе, Гётынгене, Гайдэльбергу, Лейпцыгу, Майнцы, Мюнхене) і Берлінска-Брандэнбургская акадэмія мастацтваў. Буйнейшая пазауніверсітэцкая н.-д. арг-цыя — Т-ва па развіцці навук імя Макса Планка, у складзе якога больш за 60 н.-д. устаноў высокага ўзроўню.

Друк, радыё, тэлебачанне. Германія мае развітую сетку сродкаў масавай інфармацыі і займае па гэтым паказчыку адно з вядучых месцаў у свеце. На 1 тыс. ж. прыпадае ў сярэднім па 500 экз. газет і 600 тэлевізараў. Буйнейшыя штодзённыя газеты: «Bild Zeitung» («Більд Цайтунг», «Ілюстраваная газета»), «Süd-deutsche Zeitung» («Паўднёвагерманская газета»), «Frankfurter Rundschau» («Франкфурцкі агляд»), «Neue Rhein-Zeitung» («Новая рэйнская газета»), «Die Zeit» («Час»), «Stuttgarter Zeitung» («Штутгарцкая газета»), «Westfälische Rundschau» («Вестфальскі агляд»), «Rheinische Post» («Рэйнская пошта»), «Die Welt» («Свет»). Нац. інфарм. агенцтва Дойчэ Прэсэ Агентур (ДПА).

Тэле- і радыёвяшчанне ў Германіі ўключае праграмы агульнанац. (АРД, ЦДФ, Дойчландфунк), федэральных зямель і прыватных кампаній, якія размяркоўваюцца па наземных, спадарожнікавых і кабельных сетках. З больш як 40 спадарожнікаў (Астра, Еўтэлсат, ДФС Капернікус і інш.) магчымы прыём больш за 100 праграм тэлебачання (палавіна з якіх на ням. мове) і радыёвяшчання (мона- і стэрэафанічнага, аналагавага і лічбавага) на антэны індывідуальныя (каля 40% абанентаў) і калектыўныя (у сетках кабельнага тэлебачання, каля 60% абанентаў). Спадарожнікавая праграма Дойчэ Вэле вядзе вяшчанне на замежныя краіны.

Літаратура. Грунтуецца на фалькл. спадчыне герм. плямён. Першыя пісьмовыя помнікі на стараж.-герм. дыялектах — пераважна культавыя тэксты (8—9 ст.). Найб. стараж. помнік эпічнай паэзіі — гераічная «Песня пра Гільдэбранта» (захаваўся пачатак, запісаны каля 810). Захавальнікамі паэт. традыцый вуснай нар. творчасці былі вандроўныя спевакі — шпільманы. У 13 ст. з’явіліся апошнія літ. апрацоўкі стараж. гераічных паданняў («Песня пра Нібелунгаў»; «Кудруна», паэма пра Дзітрыха Бернскага), развіваліся паэзія вагантаў, рыцарскі раман (Гартман фон Аўэ, Вольфрам фон Эшэнбах, Готфрыд Страсбурскі) і куртуазная лірыка (Вальтэр фон дэр Фогельвайдэ). У 13—15 ст. набылі папулярнасць гар. хронікі, бюргерская л-ра, у т. л. празаічныя і вершаваныя апавяданні (шванкі) і нар. фарсы (фастнахтшпілі; Штрыкер, Вернер-Садоўнік, Фрайданк), маральна-дыдактычная паэзія, майстарзанг (гл. Майстарзінгеры). У 16 ст. дасягнула росквіту антыклерыкальная гуманіст. л-ра: «Карабель дурняў» С.Бранта, «Цэх махляроў» Т.​Мурнера, «Пісьмы цёмных людзей» (розных аўтараў), дыялогі У. фон Гутэна, «Пахвала дурасці» Эразма Ратэрдамскага. Антыфеад. і антыклерыкальны пратэст адлюстраваны ў нар. паэме «Рэйнеке-Ліс», нар. кнігах пра Тыля Уленшпігеля (1515), «Гісторыі пра доктара Іагана Фауста» (1587), «Шыльдбюргерах» (1598), нар. песнях. У пропаведзях Т.Мюнцэра часоў Сялянскай вайны 1524—26 у рэліг. формулах сцвярджаліся гуманіст. ідэалы. Вял. значэнне для развіцця ням. літ. мовы меў пераклад М.Лютэрам Бібліі. Традыцыі нар. л-ры працягваў Г.Сакс. У пач. 17 ст. ў л-ры панаваў класіцызм (М.​Опіц), пазней барока (лірыка П.Флемінга, А.Грыфіуса, сатыра Ф. фон Логаў, галантна-прэтэнцыёзная паэзія К.Г.Гофмансвальдаў); умацоўвалася нямецкамоўная л-ра, выцяснялася латынь. Вяршыня тагачаснай ням. л-ры — вострасац. рэаліст. раман Г.Я.К.Грымельсгаўзена «Сімпліцысімус». Асветніцтва ў Германіі дасягнула росквіту ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў тэарэтычных працах і драмах Т.Э.Лесінга, творчасці Ф.​Г.​Клопштака, К.М.Віланда.

Ранняя творчасць І.В.Гётэ і Ф.Шылера была цесна звязана з прасякнутым антыфеад. настроем літ. рухам «Бура і націск», да якога прымыкалі Я.М.​Р.​Ленц, Г.А.Бюргер і інш. Вял. ролю ў развіцці тагачаснай ням. л-ры і эстэтыкі мелі тэарэт. працы І.Г.Гердэра, І.І.Вінкельмана. Апіраючыся на ідэі апошняга, Гётэ і Шылер распрацавалі канцэпцыю «веймарскага класіцызму». На мяжы 18—19 ст. узнік рамантызм. Каля яго вытокаў стаялі В.Г.Вакенродэр, Ф.Шлегель, Наваліс, Л.І.Цік. У яго рэчышчы тварылі І.К.Ф.Гёльдэрлін, Жан Поль, Г. фон Кляйст, Э.Т.А.Гофман. Многія рамантыкі звярталіся да фальклору (казкі братоў Я. і В.Грым, зб. песень «Чароўны рог хлопчыка» Л.А. фон Арніма і К.Брэнтана). Рамантызм плённа паўплываў і на лірыку І.​Айхендорфа, В.​Мюлера, Л.​Уланда, Э.​Ф.​Мёрыке. У прозе А.Шаміса і паэзіі маладога Г.Гейнэ ён набыў рэв.-дэмакр. характар. Пасля Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 у Францыі (яе падзеі адлюстраваў Л.​Бёрне ў кн. «Парыжскія лісты») у ням. л-ры ўзмацніўся рэв.-дэмакр. кірунак (паэзія і публіцыстыка Гейнэ, Т.Бюхнера), а ў творчасці пісьменнікаў «Маладой Германіі» (Л.​Вінбарг, К.​Гуцкаў, Г.​Лаўбе і інш.) — ліберальна-дэмакратычны; фарміравалася сац.-паліт. паэзія (паліт. лірыка Гейнэ, Г.Гервега, Ф.Фрайліграта). Крытычны рэалізм 2-й пал. 19 ст. найб. вастрыні дасягнуў у творчасці Т.​Шторма, Т.​Фантане, хоць увогуле характарызаваўся сац. абмежаванасцю. Адбывалася і станаўленне натуралізму (ранняя творчасць Т.Гаўптмана, Р.​Дэмеля). Уздым сац.-дэмакр. руху ў канцы 19 ст. спрыяў развіццю пралетарскай л-ры і крытыкі (Р.​Швайхель, Ф.​Мерынг). На мяжы 19 — 20 ст. праявіліся імпрэсіянізм, сімвалізм, неарамантызм. У пач. 20 ст. набраў сілу крытычны рэалізм (раманы братоў Т.Мана і Г.Мана, Я.Васермана, В.Келермана, драмы Гаўптмана, Ф.​Ведэкінда). Напярэдадні 1-й сусв. вайны ва ўмовах нарастаючага крызісу грамадскага развіцця ўзнік экспрэсіянізм (Г.​Гайм, Г.​Тракль, А.Дзёблін). Пад уплывам рэвалюцый 1917 у Расіі і 1918 у Германіі атрымала пашырэнне л-ра леварадыкальнага кірунку (І.Р.Бехер, Б.Брэхт, Г.Зэгерс, Ф.​К.​Вайскопф, Ф.​Вольф, Э.​Э.​Кіш і інш.). Плённа развіваўся крытычны рэалізм (браты Маны, Л.Фейхтвангер, Л.Франк, Г.Фалада, А.Цвэйг, Г.Гесэ). Актуальнасць набыла антываен. тэма (раманы Цвэйга, Э.М.Рэмарка, Л.​Рэна), публіцыстыка К.Асецкага і сатыра К.​Тухольскага. Узнікла л-ра экзістэнцыялізму (Ф.Кафка). У выніку ўсталявання ў Германіі нацыянал-сацыялісцкай дыктатуры большасць пісьменнікаў эмігрыравала, некаторыя рэпрэсіраваны і закатаваны. Гэты перыяд адзначаны панаваннем шавіністычна-мілітарысцкай белетрыстыкі (В.​Боймельбург, Э.​Дзвінгер, Г.​Грым, Г.​Іост і інш.) і ўзнікненнем нелегальнай антыфаш. л-ры Супраціўлення (А.​Кукгоф, А.​Гаўсгофер і інш.). З 1949 пачалося самаст. развіццё л-р ГДР і ФРГ.

У літаратуры ГДР у 1940—50-я г. пераважала праблематыка гіст. урокаў нядаўняга мінулага: выкрыццё фашызму, тэма адказнасці чалавека перад народам і гісторыяй (проза Зэгерс, В.Брэдэля, Вайскопфа, Рэна, Б.​Апіца, Э.​Штрытматэра, паэзія Бехера, Э.​Вайнерта, Ф.​Фюмана, С.​Хермліна, Л.​Фюрнберга, драматургія Брэхта, Ф.​Вольфа). Тэма віны і адказнасці немцаў перад слав. светам цэнтральная ў творчасці І.Баброўскага. У 2-й пал. 1950-х — 60-я г. пісьменнікі ГДР звярнуліся да адлюстравання новых грамадскіх адносін. У прозе прадаўжалася маст. распрацоўка антыфаш. тэмы (В.​Нойгаўс, Дз.​Ноль, М.​В.​Шульц, Фюман), разглядалася праблема «дзвюх Германій» (Зэгерс, К.Вольф). Творам 1970-х г. уласцівы філас.-інтэлектуальная скіраванасць (проза К.​Вольф, Фюмана, паэзія Э.​Арэнта, драматургія Г.​Мюлера, П.​Гакса), распрацоўка тэмы стваральнай працы (Э.​Нойч), інтэлігенцыі (Г.​Кант), маладога пакалення (Г.​Гёрліх, У.​Пленцдорф), маральна-этычная праблематыка (Г. дэ Бройн, Ю.Брэзан, Шульц, Штрытматэр, І.​Навотны, Р.​Штраль). У рэчышчы ням. л-ры ГДР развівалася сербалужыцкая літаратура (Брэзан). Аб’яднанне Усх. і Зах. Германій прыпыніла адасобленае развіццё л-ры ГДР. Далучэнне асобных яе пісьменнікаў да агульнаням. літ. працэсу праходзіла павольна і балюча.

У літаратуры ФРГ вызначальнымі былі тэмы 2-й сусв. вайны і нацыянал-сацыялізму, праблемы сумнення і выбару, віны і адказнасці. Тут прадоўжаны літ. традыцыі Веймарскай рэспублікі: на аснове эстэт. плыней пач. 20 ст. (В.Борхерт, Г.​Вайзенборн, Г.Бэн, Э.​Юнгер, Г.​Г.​Ян), экзістэнцыялізму (Г.​Э.​Носак, А.​Андэрш), рэалізму (В.​Кёпен, Г.Бёль, З.Ленц, М.І.Вальзер, Т.Грас, У.​Іонсан) і «магічнага рэалізму» (Э.​Лангесер, Г.​Казак, С.​Андрэс). Антыфаш. і антываен. тэматыка аб’яднала ў літ. «Групе 47» пісьменнікаў розных паліт. арыентацый і эстэт. прынцыпаў (Г.​В.​Рыхтэр, Кёпен, Бёль, Вальзер, Андэрш, Г.​Айх і інш.). У 1950-я г. пашырыліся творы «масавай культуры» (І.​Баўэр, Г.​Конзалік), узмацніліся рэваншысцкія матывы (Боймельбург, Дзвінгер, Г.​Грым). Адначасова абвастрыліся антыфаш. тэндэнцыі (К.​Цукмаер, Борхерт, Н.Закс) і крытычнае адлюстраванне зах.-герм. рэчаіснасці (Рыхтэр, Кёпен, Бёль). У 1960-я г. ўзніклі дортмундская «Група 61» (Г.Вальраф, М. фон дэр Грун і інш.) і гурткі рабочай л-ры, члены якіх пісалі пра жыццё і працу рабочых. Дасягненні паэзіі ФРГ звязаны з імёнамі Бэна, Закс, П.​Вайса, Р.​Гохута. У 1960—70-я г. з’явіўся шэраг высокагуманіст. твораў: раманы Бёля, Носака, З.​Ленца, П.​Шалюка, п’есы Вайса, Гохута, Вальзера, Граса. У л-ры 1970—80-х г. назіраюцца працяг сац.-крытычных і гуманіст. традыцый (творчасць Бёля, Вальзера, З.​Ленца, Вайса), цікавасць да дакументалізму (рэпартажы і нарысы Вальрафа), пошукі новых форм і стылявых сродкаў. У драматургіі пераважае сац. і гіст. праблематыка (М.​Шпер, Г.​Генкель, Ф.​К.​Крэтц). У 1990-я г. адбываецца размежаванне пісьменнікаў розных сац.-паліт. кірункаў.

На Беларусі ням. л-ра вядома з сярэдніх вякоў. У 2-й пал. 15 ст. на бел. мову перакладзена «Аповесць пра трох каралёў» ням. манаха Іагана з Гельдэсгайма. У перакладзе на бел. мову выдадзены творы Гётэ («Фауст», ч. 1—2, 3-е выд., 1991; «Спатканне і ростань», 1981), Шылера («Вільгельм Тэль», 1934; «Балады», 1981; «Вершы і балады. Драмы», 1933), Гейнэ («Германія. Зімовая казка», 1939; «Выбраныя творы», 1959), братоў Грым, Р.​Э.​Распэ, В.​Гаўфа, Келермана, А.​Абуша, Рэмарка, Бехера, Г.​Альфрэда, М.​Кальтофена, Л.​Турэка, Брэдэля, Г.​Мархвіцы, Э.​Глезера, Фейхтвангера, А.​Гёртца, Г.​І.​Гартунга, Рэна, Б.​Фёлькнера, Брэзана, Бройна, Г.​Гофе, Фалады («Даўным-даўно ў нас дома», 1981), А.​Аменды («Апасіяната», 1983), Т.​Мана («Доктар Фаустус», 1989), Гесэ («Гульня шкляных перлаў», 1992), Бёля («Більярд а палове дзесятай», 1993), Грымельсгаўзена («Сімпліцысімус», 1997), а таксама анталогія лірыкі «Пярэднія выйшлі ў заўтра» (1968), зб-кі апавяд. «Незабыўны дзень» (1973), «Матчына споведзь» (1985). У перыяд. друку апублікаваны асобныя творы Лесінга, Шаміса, Г.​Веерта, Борхерта, Гохута, Вайнерта, Ф.​Вольфа, К.​Нойкранца, Г.​Поля, К.​Брэгера, Э.​Толера і інш. На бел. мову творы ням. пісьменнікаў перакладалі А.​Абуховіч, Я.​Барычэўскі, Л.​Баршчэўскі, Я.​Бялясін, В.​Вольскі, Ю.​Гаўрук, К.​Даўкша, С.​Дорскі, А.​Дудар, М.​Ермалаеў, А.​Звонак, А.​Зарыцкі, А.​Клышка, А.​Лойка, М.​Навіцкі, У.​Папковіч, У.​Сакалоўскі, Я.​Семяжон, В.​Сёмуха, Ю.​Таўбін, Х.​Шынклер, У. і Г.​Чапегі і інш.

Адно з першых упамінанняў пра Беларусь у ням. л-ры — у вершах П.​Зухенвірта (канец 14 ст.). У Германіі ў 16 ст. была вядома палемічная публіцыстыка Буднага, творы Волана і Сматрыцкага, у канцы 18 — пач. 19 ст. — працы С.​Маймана. Больш шырокае знаёмства з Беларуссю адбылося ў 19 ст. пасля заснавання час. «Archiv für slavische Philologie» («Архіў фюр славішэ філолагі»), у якім асвятляліся сярэдневяковая бел. л-ра і фальклор. У 1877 перакладзены і выдадзены «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх». На пач. 20 ст. матэрыялы пра Беларусь друкаваліся ў ням. перыяд. друку, выходзілі асобнымі выданнямі. На ням. мову перакладзены асобныя творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, П.​Броўкі, А.​Куляшова, Т.​Хадкевіча, М.​Паслядовіча, К.​Крапівы, Я.​Маўра, Я.​Брыля, У.​Караткевіча, І.​Шамякіна, В.​Быкава, А.​Адамовіча, А.​Кудраўца, С.​Алексіевіч, А.​Разанава і інш. У 1995 выдадзена анталогія «Беларусь. Мова, якая выстаяла». Творы бел. л-ры на ням. мову перакладалі Н.​Рандаў, Г.​Грым, Р.​Вільнаў, Г.​Гербот, Г.​Лёфлер, Д.​Памерэнке, Л.​Рэманэ, Т.​Рэшке, К.​Гутшміт, Г. і У.​Чапегі, Э.​Эрб і інш.

Архітэктура. Пад уплывам ант. і візант. дойлідства на тэр. Германіі склалася каралінгская архітэктура (палацавая капэла ў Ахене, каля 800). У перыяд інтэнсіўнага росту гарадоў склаўся сталы раманскі стыль (2-я пал. 11 — 1-я пал. 13 ст.), вызначыліся асн. тыпы гар. (пераважна фахверкавыя 3-павярховыя) і вясковых (зрубныя альбо фахверкавыя) дамоў, пабудаваны буйнейшыя манастырскія цэрквы (Марыя-Лах, 1093—1156) і гар. саборы (у Шпаеры, Майнцы, Вормсе, Бамбергу, Наўмбургу і інш.) — базілікі і цэнтрычныя храмы. У гатычным стылі (13—14 ст.), які развіваўся пад моцным уплывам франц. архітэктуры, будаваліся каменныя і цагляныя ратушы (Любек, Мюнстэр, Браўншвейг), замкі, гандл. памяшканні, шпіталі, склады, каменныя і фахверкавыя дамы. Гатычныя саборы часцей былі вялізных памераў (Кёльнскі сабор) і мелі аднавежавы зах. фасад (Фрайбургім-Брайсгаў). Гарады ўмацоўваліся магутнымі сценамі з вежамі і брамамі. У 15 ст. пашырыліся зальныя храмы (Мюнхен, Нюрнберг). Рэнесансавыя рысы праявіліся ў 15 ст., але найб. ярка яны выявіліся ў пач. 17 ст. (порцік ратушы ў Кёльне, 1669—73, арх. В.​Фернукен). З пач. 18 ст. пашыраецца барока: гар. палац у Берліне (1698—1722, арх. А.Шлютэр), ансамбль Цвінгер у Дрэздэне (1711—22, арх. М.Д.Пёпельман), епіскапская рэзідэнцыя ў Вюрцбургу (1719—33, арх. І.Б.Нойман) і інш. Архітэктура ракако найб. выявілася ў загарадным палацы Фрыдрыха II Сан-Сусі (1745—47, арх. Г.В.Кнобельсдорф). У ням. архітэктуру пранікаюць рысы класіцызму (Брандэнбургскія вароты, 1788—91, арх. К.​Г.​Лангханс), яго росквіт прыпадае на 1-ю пал. 19 ст. Найб. значныя архітэктары-класіцысты К.Ф.Шынкель, Ф.К.Л. фон Кленцэ. У пабудовах сярэдзіны і 2-й пал. 19 ст. адчуваецца ўплыў эклектызму (рэйхстаг, 1884—94). Архітэктары пач. 20 ст. праяўляюць цікавасць да канструкцыйнай выразнасці і функцыян. апраўданасці: комплекс фірмы «АЭГ» у Берліне (1909—12, арх. П.Берэнс), будынак «Баўгауза» ў Дэсаў (1926, арх. В.Гропіус), павільён Германіі на выстаўцы ў Барселоне (1929, арх. Л.Міс ван дэр Роэ), пабудовы Ф.​Гёгера, М.​Берга і інш. Павышаная экспрэсіўнасць і дынамічнасць форм характэрны для творчасці Э.Мендэльзона, Т.Пёльцыга. Цэнтрам ням. функцыяналізму стаў «Баўгауз». Жыллёвы крызіс пасля 1-й сусв. вайны вымусіў урад Германіі будаваць танныя кватэры. Архітэктары рабілі шмат цікавых эксперыментаў, але ў тагачасных умовах іх плённыя ідэі не былі ажыццёўлены. З устанаўленнем фаш. дыктатуры многія выдатныя архітэктары эмігрыравалі. У ням. архітэктуры праявіліся напышлівыя псеўдаманументальнасць і паказная ўрачыстасць. Ням. архітэктура доўгі час была ў заняпадзе і пасля 1945.

У архітэктуры ГДР 1950-х г. пераважала фасадная перыметральная забудова, выкарыстоўваліся прынцыпы рэгулярнай планіроўкі (пл. Альтмаркт у Дрэздэне, Цэнтралерплац у Магдэбургу, Лангештрасэ ў Ростаку). З прычыны нешматлікіх сродкаў, вылучаных на жыллёвае буд-ва, пачалі ствараць буйныя пасяленні з аднастайным панэльным домабудаваннем. З 2-й пал. 1950-х г. пачалося ўкараненне індустр. метадаў буд-ва, пераважалі прыёмы свабоднай функцыян. планіроўкі, лаканічныя формы збудаванняў з буйных і аб’ёмных блокаў (рэканструкцыя цэнтраў Дрэздэна, Лейпцыга, Магдэбурга). У 1960—70-я г. створаны ансамблі вуліц і плошчаў з вышыннымі акцэнтамі і буйнымі грамадскімі будынкамі (пл. Александэрплац у Берліне, вул. Прагерштрасэ ў Дрэздэне). Сярод значных пабудоў: Дом настаўніка (1964, арх. Г.​Гензельман), Мін-ва замежных спраў (1967, арх. І.​Кайзер), гасцініца «Штат Берлін» (1969, арх. Р.​Корн), «Палац рэспублікі» (1976, арх. Г.​Графундэр), Хірург. цэнтр псіхіятрычнай бальніцы (1981, арх. Л.​Карнелі і інш.) у Берліне, ун-т у Лейпцыгу (1973, арх. Гензельман).

У архітэктуры ФРГ 1950—70-х г. развіваліся традыцыі ням. функцыяналізму ў буд-ве прамысл., трансп. збудаванняў, кантор і фірмаў (тэлевежа ў Штутгарце, 1956, арх. Ф.​Леанхарт; будынкі аўтамаб. фірмы БМВ у Мюнхене, 1972, арх. К.​Шванцэр; фірмы «Бальзен» у Гановеры, 1974, арх. Дз.​Бала). Пашыраны эфектныя дзелавыя будынкі (будынак фірмы «Тысен» у Дзюсельдорфе, 1960, арх. Г.​Гентрых), развіваліся тэндэнцыі арган. архітэктуры (філармонія ў Берліне, 1964, арх. Г.​Шароўн). Сусв. вядомасць набылі збудаванні да Алімпійскіх гульняў 1972 у Мюнхене (арх. Г.​Беніш). Элементамі эмацыянальнага ўздзеяння напоўнена архітэктура музеяў і выставачных залаў: музеі ў Мёнхенгладбаху (1982, арх. Г.​Голяйн), Вальраф-Рыхартц у Кёльне (1986, арх. Г.​Габерэр), ням. архітэктуры (1984, арх. О.​М.​Унгерс) і маст. рамёстваў (1985, арх. Р.​Маер) у Франкфурце-на-Майне, дзярж. галерэя ў Штутгарце (1983, арх. Дж.​Стырлінг).

Лепшыя дасягненні ў архітэктуры Германіі 1990-х г. звязаны з цікавымі эксперыментамі, пошукамі новых ідэй, спалучэннем стылю і ідэалогіі мастацтва «Баўгауза» з найноўшымі тэндэнцыямі сусв. архітэктуры (постмадэрнізм і інш.). Сярод вядомых майстроў: Г.​Ян, Г.​Бём, Беніш, Унгерс і інш.

Выяўленчае мастацтва. Гісторыя ўласна ням. мастацтва пачалася ў перыяд «Каралінгскага адраджэння» (8—9 ст.), калі былі створаны цудоўныя ўзоры разьбы па слановай косці і мініяцюры. Традыцыі каралінгскага мастацтва сталі базай для раннераманскага, т.зв. атонаўскага мастацтва (1-я пал. 10 — 1-я пал. 11 ст.). Склаліся шматлікія мясц. школы мініяцюры (Трыр, Кёльн, на в-ве Райхенаў), скульптуры, асабліва бронзавае ліццё (дзверы сабора ў Гільдэсгайме) і разьба па дрэве («Распяцце Гера», Кёльнскі сабор, каля 970). Высокага развіцця дасягнула ювелірнае мастацтва. У скульптуры канца 11 — 1-й пал. 12 ст. панаваў т.зв. строгі стыль, адметны аскетычнасцю і застыласцю форм (свяцільнік «Вальфрам», каля 1157, сабор у Эрфурце). У 2-й пал. 12 — 1-й пал. 13 ст. скульптура стала больш аб’ёмнай, з матывамі руху (барэльефы на агароджах хораў цэркваў у Гільдэсгайме, Гальберштаце, сабора ў Бамбергу). Цэрквы працягвалі размалёўваць фрэскамі, у пач. 11 ст. паявіліся вітражы (сабор у Аўгсбургу). З развіццём раманскага стылю звязаны ўздым маст. промыслаў (эмалі, маст. ліццё, тканіны). У перыяд позняй готыкі (14—15 ст.) высокага ўзроўню дасягнула драўляная паліхромная скульптура, што ўпрыгожвала пераносныя алтары ў інтэр’ерах цэркваў. У 15 ст. скульптуры на фасадах і ў інтэр’ерах цэркваў набылі яркую жыццёвую і псіхал. характарыстыку (фасады сабораў у Бамбергу і Магдэбургу, рэльефы і статуі сабора ў Наўмбургу), што стала вышэйшым дасягненнем еўрап. гатычнага мастацтва. У пач. 15 ст. існаваў т.зв. мяккі стыль, у рамках якога праявіліся рысы лірычнай інтымнасці і схільнасць да быт. трактоўкі рэліг. тэм (майстар Франке, мастакі кёльнскай школы). У творах швабскіх жывапісцаў Л.Мозера і Г.Мульчэра (1-я трэць 15 ст.) намеціліся рэаліст. тэндэнцыі. Аналагічныя пошукі праявіліся ў скульптуры (Н.​Герхарт) і гравюры (М.Шонгаўэр). На мастацтва Адраджэння (канец 15 ст. — 1530-я г.) паўплывалі класавыя і рэліг. канфлікты. У жывапісе і графіцы ідэі гуманізму ўвасоблены ў востра індывідуальных характарыстыках вобразаў сучаснікаў (А.Дзюрэр, М.Груневальд, Г.Бальдунг, Г.​Гольбейн Малодшы). Паэтычнасць і містычная паглыбленасць была ўласціва мастакам дунайскай школы (Л.Кранах Старэйшы, А.Альтдорфер і інш.). Познагатычныя традыцыі моцна зацвердзіліся ў скульптуры (Ф.Штос, А.Крафт, Т.Рыменшнайдэр, сям’я Фішэр). Але пасля часовага росквіту настаў час застою ў ням. мастацтве. З сярэдзіны 16 ст. пашырылася суб’ектыўнае і мудрагелістае мастацтва маньерызму. Высокага ўздыму дасягнула маст. рамяство (ювелірныя вырабы, мэбля, посуд, зброя). У пач. 17 ст. ў жывапісе адным з заснавальнікаў еўрап. пейзажа стаў А.​Эльсгаймер. У 2-й пал. 18 ст. — пач. 19 ст. класіцызм зацвердзіўся ў жывапісе (А.Р.Менгс, А.Каўфман, А.Я.Карстэнс) і скульптуры (Г.​Шадаў, К.​Раўх), яго рысы праявіліся ў творчасці партрэтыстаў А.​Графа, А. і В.​Тышбайнаў, у жанравых гравюрах Д.Н.Хадавецкага. Ням. рамантызм 1-й пал. 19 ст. характарызуе творчасць Ф.О.Рунге, К.Д.Фрыдрыха, І.Ф.Овербека. Ням. сярэднявечча апявалі раннія прадстаўнікі дзюсельдорфскай школы жывапісу. У рэчышчы рамант. плыні ўзнікла і развівалася мастацтва бідэрмеера. У сярэдзіне 19 ст. вядучым стала рэаліст. мастацтва (А. фон Менцэль, В.Ляйбль, М.Ліберман). Рэалізму і акад. эклектызму проціпаставілі сваё мастацтва т.зв. неаідэалісты. У канцы 19 ст. пашырыліся імпрэсіянізм, сімвалізм і стыль мадэрн, вядомы ў Германіі як «югендстыль» (атрымаў асаблівае развіццё ў афармленні інтэр’ераў, у кніжнай і рэкламнай графіцы). На мяжы 19—20 ст. узмацнілася роля т.зв. сацыяльна-крытычнай графікі (В.Буш, К.Кольвіц, Т.​Гайне, Г.​Цыле, Г.​Балушак). У скульптуры рэаліст. кірунак найб. ярка прадстаўлены Г.​Кольбе. У пач. 20 ст. ў Германіі ўзнік экспрэсіянізм (Э.​Нольдэ, Э.​Гекель, Э.​Л.​Кірхнер, Ф.​Марк, К.​Шміт-Ротлуф, В.Кандзінскі, М.​Пехштайн, К.​Гофер і інш.). На творчасці 2-га пакалення экспрэсіяністаў ляжыць адбітак трагедыі вайны і пасляваен. рэчаіснасці (М.Бекман, скульптары Э.Барлах і В.​Лембрук). Вял. ролю ў фарміраванні сучаснага мастацтва на прынцыпах канструктывізму адыграла школа «Баўгауз». Развіццё мастацтва было гвалтоўна спынена з прыходам да ўлады ў 1933 фашыстаў. Пасля разгрому ў 1945 фашызму мастацтва стала аднаўляцца, але з утварэннем двух ням. дзяржаў у 1949 адбылася палярызацыя маст. сіл.

Выяўленчае мастацтва ГДР было звязана з метадам сацыяліст. рэалізму. Старыя майстры, творчасць якіх фарміравалася ў пач. 20 ст. збераглі сувязь з векавой ням. культурай (Г.​Грундыг, М.​Лінгнер, О.​Нагель і інш.). У 1960-я г. ў Лейпцыгскім вышэйшым маст. вучылішчы нарадзіліся новыя тэндэнцыі сацыяліст. рэалізму ў жывапісе (В.​Цюбке, Б.​Гайзіг); некат. майстры выкарыстоўвалі рэаліст. метад, сінтэз постэкспрэсіянізму і магічнага рэалізму (В.​Матхоер). У скульптуры вызначальнае месца належала мемар. помнікам і партрэту (В.​Ламерт, В.​Арнальд, В.​Говард, Т.​Бальдэн, Г.​Драке і інш.). Найб. значны скульптар ГДР Ф.​Крэмер, аўтар манум. шматфігурнага помніка ў Бухенвальдзе (1958). Сярод графікаў вядомы К.​Э.​Мюлер, Л.​Грундыг, А.​Мор, Г.​Т.​Рыхтэр і інш.

Выяўленчае мастацтва ФРГ пасляваеннага часу працягвала традыцыі папярэднікаў, творча выкарыстоўваючы новыя плыні зах.-еўрап. і амер. мастацтва. Гуманіст. традыцыі ням. мастацтва зберагаліся ў творчасці майстроў старэйшага пакалення (О.​Дзікс, О.​Панкак і інш.). У 1950-я г. на змену мадэрнізму прыйшоў абстрактны экспрэсіянізм (В.​Баўмайстэр, Э.​В.​Най, Ф.​Вінтэр). У 1960-я г. склалася група «Зеро» з Дзюсельдорфа, якая пад знакам мастацтва «оп-арт» рабіла новыя крокі ў эксперым. традыцыю «Баўгауза» (О.​Піне, Г.​Мак і інш.), пазней «Гард-Эгдэ» (кірунак у мастацтве, які аддаваў перавагу геам. формам і кантрастным фарбам; Г.​Фрутрунк, К.​Г.​Пфалер, В.​Гаўль). Сярод буйнейшых сучасных ням. мастакоў-наватараў розных кірункаў і плыней І.​Бойс, Г.​Базеліц, А.​Кіфер, М.​Люпертц, А.​Р.​Пенк, З.​Польке, Г.​Рыхтэр, У.​Рукрым, Р.​Горн і інш.

Музыка. Практыка ігры на луры (духавы інструмент) у стараж. германскіх плямён існавала ўжо ў 1-м тыс. да н. э. Пазней развілася песенная культура. Узніклі лакальныя стылі песеннага фальклору; памежныя песенныя дыялекты ўзаемадзейнічалі з фальклорам суседніх народаў. У 9 ст. пашырылася прафес., пераважна царк. музыка. Уплыў ням. песеннасці зазнаў грыгарыянскі харал (дзейнасць Ахенскай капэлы, 9 ст.). Захаваліся секвенцыі і тропы, створаныя ў Санкт-Галенскім манастыры (Швейцарыя, 9—10 ст.). У 10 ст. тут была пашырана неўменная натацыя, у 12—13 ст. адбыўся пераход да 5-лінейнай натацыі. У 10—15 ст. для ням. хар. музыкі характэрны арганум — від ранняй поліфаніі. Побач з царк. развівалася свецкае муз. мастацтва шпільманаў, якое паўплывала на муз. мастацтва вагантаў і галіярдаў, а ў 14—16 ст. — вандроўных чаляднікаў. Музыка шпільманаў уздзейнічала на свецкае прафес. мастацтва мінезінгераў — мінезанг (12—14 ст.). Да нашага часу дайшлі песенныя зборнікі твораў мінезінгераў, шпільманаў і вагантаў, у т. л. «Іенскі зборнік» (каля 1350), «Лахамскі песеннік» (15 ст.). У 14—16 ст. узніклі аб’яднанні гар. музыкантаў — майстарзінгераў. Сярод тагачасных помнікаў песенны зборнік В.​Фогта (1558). У 15—16 ст. было пашырана хатняе музіцыраванне (ігра на лютні і інш.), інтэнсіўна развівалася арганнае мастацтва. Вядучымі жанрамі былі меса, матэт, псалмы, поліфанічная быт. і духоўная песня; узнік пратэстанцкі харал, які зацвердзіў дэмакр. лінію ням. музыкі (зб. І.​Вальтэра «Geystliche Gesahn-Buchleyn», 1524). З узмацненнем у 16—17 ст. уплыву італьян. музыкі выявілася імкненне да гамафонна-гарманічнага складу ў творчасці І.​Экарда, Л.​Лехнера, Г.​Л.​Гаслера, М.Прэторыуса (аўтара энцыклапедычнай працы «Syntagma musikum»; 1614—20). У 17 ст. акрэсліўся нац. муз. стыль у творчасці Т.Шутца — заснавальніка ням. кампазітарскай школы (опера «Дафна», 1627; «Свяшчэнныя сімфоніі», 1629—50). У 1678 у Гамбургу адкрыты першы пастаянны оперны т-р, росквіт якога (1692—1706) звязаны з творчасцю Р.​Кайзера, І.​Матэзана, пазней — Г.Ф.Тэлемана; аднак нац. опера выцяснялася італьянскай. У 17 ст. асн. жанры — духоўны канцэрт, «страсці» (Шутц), арганная музыка (С.​Шайт, І.​Я.​Фробергер, І.​А.​Райнкен, І.​К.​Керль, Г.​Бём, І.Пахельбель, Дз.Букстэхудэ). Развівалася клавірная музыка. Вядучы жанр інстр. музыкі — сюіта. Фарміруецца стыль ням. песеннай лірыкі. У канцы 17 — пач. 18 ст. паявіўся шэраг тэарэт. і муз.-гіст. прац І.​Г.​Вальтэра, Матэзана (гл. Афектаў тэорыя), А.​Веркмайстэр распрацаваў сістэму раўнамернай тэмперацыі. Найвышэйшае дасягненне ням. муз. мастацтва — творчасць І.С.Баха. У творчасці Г.Ф.Гендэля дасягнулі росквіту жанры оперы і араторыі. Дэмакратызацыя ням. музыкі працягвалася і ў 18 ст. Былыя цэхавыя аб’яднанні музыкантаў пераўтварыліся ў аркестры і капэлы (адзін з першых аркестр Гевандхаўза); узніклі гар. муз. і харавыя т-вы, пеўчая акадэмія ў Берліне (каля 1791). У ням. музыцы 2-й пал. 18 ст. адлюстраваны ідэі Асветніцтва, якія падрыхтавалі оперную рэформу К.В.Глюка. Дэмакр. традыцыі муз. т-ра ўвасобіліся ў стварэнні ням. зінгшпіля. Акрэсліліся класічныя формы інстр. музыкі. У канцы 18 ст. сфарміравалася венская класічная школа. У зацвярджэнні гамафонна-гарманічнага складу, заканамернасцей санатнай формы і санатна-сімф. цыкла вял. ролю адыграла дзейнасць мангаймскай школы і кампазітараў Берлінскай капэлы (І.​І.​Кванц, І.​Г.​Граўн, І.А.Бенда, Ф.​В.​Марпург). Адна з вяршынь ням. музыкі канца 18 — пач. 19 ст. — інструментальна-сімф. творчасць Л.Бетховена. Ням. муз. рамантызм дасягнуў росквіту ў творчасці Р.Шумана, Ф.Мендэльсона, Ф.Шуберта і Ф.Ліста. Ранні яго этап азнаменаваны нараджэннем нац. опернай школы, сярод прадстаўнікоў якой Э.Т.А.Гофман (першая нац. рамант. опера «Ундзіна», 1814), К.М. фон Вебер («Вольны стралок», 1821; «Эўрыянта», 1823; «Аберон», 1826), Л.Шпор, Г.А.Маршнер, Ф.​Флотаў. У жанры зінгшпіля працавалі О.​Нікалаі, А.Лорцынг і інш. Развівалася хар. мастацтва, з 1809 узнік шэраг хар. таварыстваў. Сімф. музыка 19 ст. прадстаўлена жанрамі сімфоніі, праграмнай уверцюры, сімф. паэмы, араторыі, камерна-інстр. музыкі (творы Ліста, Мендэльсона, Шуберта, Шумана, Вебера Ф.​Лахнера, Ф.​Р.​Фолькмана, Ф.​Гілера, К.​Райнеке). У 1843 Мендэльсон заснаваў кансерваторыю ў Лейпцыгу, пазней адкрыты кансерваторыі ў Кёльне, Штутгарце, Вышэйшая муз. школа ў Берліне. Эпохай для ням. музыкі стала дзейнасць В.Р.Вагнера. 1860—70-я г. характарызаваліся процістаяннем прыхільнікаў творчасці Вагнера, ідэй праграмнасці ў музыцы і прадстаўнікоў лейпцыгскай школы, якія выступалі за «чыстую» інстр. музыку і прапагандавалі творчасць І.Брамса, буйнейшага ням. сімфаніста паслябетховенскага часу. Развівалася муз. навука (З.​Дэн, А.​Б.​Маркс, Г.​Крэчмар, Ф.​Шпіта, Г.Рыман). З 1834 выдаваўся час. «Neue Zeitschrift für Musik» («Новы музычны часопіс»). Сярод вядомых выканаўцаў 19 ст.: дырыжоры Г.Г.Бюлаў, А.Нікіш, Г.Леві, Ф.Мотль, К.​Мук; спявачка Г.​Зонтаг; піяністы Ф.​Калькбрэнер, І.​Мошалес, К.​Шуман; скрыпачы Ф.​Давід, Шпор. На мяжы 19—20 ст. пачалося абнаўленне муз. мовы ў творчасці Р.Штрауса і М.Рэгера. У пач. 20 ст. пераважаў неакласіцызм у музыцы Рэгера, Ф.Б.Бузоні (з 1894 у Германіі) і яго вучняў, М.​Бутынга, В.​Фортнера, К.Орфа, В.Эгка, П.Хіндэміта. Вял. ўплыў на творчасць ням. кампазітараў зрабіў аўстр. кампазітар А.Шонберг, заснавальнік дадэкафоніі. У 1919—33 актывізавалася дзейнасць рабочых хароў, агітгруп, у якіх удзельнічалі кампазітары Г.Эйслер, У.​Фогель, Э.​Г.​Маер, Л.​Шпіс, дырыжоры К.​Ранкль і Г.​Шэрхен, спявак Э.Буш, паэты і драматургі І.​Бехер, Б.Брэхт, Э.​Вайнерт і інш. У 1930-я г. выявіліся рысы муз. неафалькларызму (у т.зв. нар. операх І.​Гаса, некат. творах Эгка, Орфа), узмацніўся ўплыў экспрэсіянізму (Б.​Блахер, К.​А.​Гартман).

Муз. культура ГДР. На тэр. ГДР аднаўляліся былыя і ствараліся новыя муз. ўстановы. Падтрымліваліся традыцыі старэйшых калектываў (дрэздэнскі «Кройцхор» і філарманічны аркестр, лейпцыгскі «Таманерхор»). Напісаны кантаты (Эйслер), араторыі (Р.​Вагнер-Рэгені, О.​Герстэр, Маер). Рэаліст. тэндэнцыямі адзначаны музыка да п’ес Брэхта, оперы «Асуджэнне Лукула» (1949), «Пунціла» (1960; абедзве паводле Брэхта), меладрама «Ліла Герман» (1953) П.​Дэсаў, «Томас Мюнцэр» П.​Курцбаха (1950). У 1960—70-я г. створаны 10 сімфоній Бутынга, творы Г.​Вольгемута, Г.​Кохана, Р.​Брэдэмаера, Р.​Кунада, Ф.​Гольдмана і інш. Вядомасць набылі оперы «Ланцэлот», «Эйнштэйн», «Леонс і Лена» Дэсаў, «Апошні стрэл» З.​Матуса, «Млын Левіна», «Філін і лятаючая прынцэса», «Цудоўная шаўчыха» У.​Цымермана. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Г.​Абендрот, Ф.​Канвічны, К.​Зандэрлінг, К.​Мазур, О.​Суітнер; оперныя рэжысёры Г.​Арнальд, Э.​Фішэр, В.​Фельзенштайн; спевакі А.​Бурмайстэр, М.​Клозе, Т.​Адам, П.​Шраер; арганісты В.​Шэтэліх, А.​Веберзінке і інш. У ГДР працавалі (1986): каля 40 т-раў, у т. л. Ням. дзярж. опера, «Комішэ опер» у Берліне, Дрэздэнская дзярж. опера, больш за 80 аркестраў, у т. л. каля 30 сімфанічных, Акадэмія мастацтваў ГДР; Саюз кампазітараў і музыказнаўцаў; кансерваторыі ў Цвікаў, Гале, Шверыне, Ростаку; вышэйшыя муз. школы ў Берліне, Лейпцыгу, Веймары, Дрэздэне; Новае бахаўскае т-ва, Т-вы Г.​Ф.​Гендэля, Р.​Шумана і інш. Муз. фестывалі і конкурсы (імя І.​С.​Баха ў Лейпцыгу, імя Р.​Шумана ў Цвікаў, імя К.​М.​Вебера ў Дрэздэне і інш.).

У музычную культуру ФРГ вял. ўклад зрабілі оперныя кампазітары Орф, Эгк, Блахер, Г.​Ройтэр, Гартман, Фортнер, Г.​Біялас, Г.​Генцмер, Э.​Пепінг і інш. У 1950-я г. вылучыліся кампазітары Г.​В.​Генцэ, Б.​А.​Цымерман, Г.​Клебе, Дз.​Шнебель, В.​Кільмаер, А.​Райман і інш. У муз. жыцці ФРГ 1960—70-х г. значнае месца займалі кампазітары-авангардысты К.Штокгаўзен, М.​Кагель, Г.​Лахенман. У канцы 1970-х г. вылучылася група кампазітараў, якія заявілі аб звароце да прастаты і натуральнасці муз. мовы (П.​М.​Гамель, В.​Рым, М.​Траян і інш.). Найб. муз. цэнтры — Мюнхен, Гамбург, Штутгарт, Франкфурт-на-Майне, Дзюсельдорф, Кёльн. Сярод вядомых выканаўцаў дырыжоры О.​Іохум, В.Фуртвенглер, Г.Караян, Р.​Кемпе, Г.​Кнапертсбуш, Г.​Росбаўд, Р.​Кубелік, П.​Андэрс, К.​Рыхтэр; оперныя рэжысёры З.​Вагнер, Г.​Рэнерт, Г.​Р.​Зельнер; спевакі Э.​Шварцкопф, Х.​Піларчык, Дз.Фішэр-Дзіскаў, І.​Борк, А.​Шлем, А.​Ротэнбергер, Г.​Прэй, Л.​Поп; піяністы В.​Бакгаўз, В.​Кемпф; віяланчэліст З.​Пальм, трубач А.​Шэрбаўм. Вядучыя муз. т-ры: Баварская дзярж. опера ў Мюнхене, Гамбургская дзярж. опера, Вюртэмбергскі оперны т-р у Штутгарце, Ням. опера на Рэйне (Дзюсельдорф); Штутгарцкі балет, Вупертальскі т-р танца і інш. Сімф. аркестры Баварскага і Паўн.-герм. радыё. Працуюць Вышэйшыя муз. школы ў Мюнхене, Гамбургу, Штутгарце і інш. Праводзяцца муз. фестывалі, конкурсы і сімпозіумы па муз. навуцы, выканальніцтве і педагогіцы. У Дармштаце адкрыты Міжнар. Цэнтр. джаза (1983).

Тэатр. Вытокі ням. т-ра ў нар. гульнях і абрадах. У сярэднія вякі ў гарадах развівалася мастацтва вандроўных акцёраў — шпільманаў. Асн. жанрамі т-ра, як і ў большасці краін Зах. Еўропы, былі літургічная драма, містэрыя, маралітэ і фарс, які прыняў у Германіі форму масленічнай гульні — фастнахтшпіля. З канца 16 ст. пашыраны трупы вандроўных англ., потым верхненям. камедыянтаў, якія паўплывалі на развіццё прафес. т-ра. У паказы шырока ўводзіліся інтэрмедыі з удзелам персанажаў нар. т-ра Гансвурста і Пікельгерынга. У 17 ст. ўзніклі школьны т-р езуітаў і пратэстантаў, шматлікія т-ры ў ням. княствах. У 1660-я г. паявілася першая прафес. трупа, т.зв. «Славутая банда» І.​Фельтэна. Т-р 18 ст. развіваўся пад уплывам асветніцкай ідэалогіі і класіцызму. Трупа актрысы К.​Нойбер і драматурга І.​К.​Готшэда, т.зв. Лейпцыгская школа акцёрскага мастацтва, перанесла на ням. сцэну прынцыпы франц. класіцысцкага т-ра. Дэмакр. тэндэнцыі ў т-ры развівалі трупы І.​Ф.​Шонемана і Г.​Г.​Коха (у трупе Коха сфарміраваўся жанр нар. муз. т-ра зінгшпіль). З творчасцю вядомых акцёраў К.Экгафа і Ф.Л.Шродэра ў Гамбургскім нац. т-ры (1767—68) звязана ажыццяўленне маст. праграмы рэфарматара ням. сцэн. мастацтва ў духу асветніцкага рэалізму Г.Э.Лесінга. У канцы 18 — пач. 19 ст. панавала мангеймская школа акцёрскага мастацтва на чале з акцёрам, рэжысёрам і драматургам А.В.Іфландам, якой уласціва жанрава-быт. манера выканання. Эстэт. прынцыпы вял. дзеячаў ням. т-ра І.В.Гётэ і Ф.Шылера рэалізаваны ў Веймарскім прыдворным т-ры, якім у 1791—1817 кіраваў Гётэ. Веймарская школа сцвярджала т-р высокага мастацтва, асветніцкі па змесце і класіцысцкі па форме. У 1-й пал. 19 ст. ням. т-р развіваўся ў кірунку рамантызму (драматургі А. і Ф.​Шлегелі, Г. фон Кляйст, Э.Т.​А.​Гофман, акцёры І.​Флек і Л.​Дэўрыент), у рэжысуры і акцёрскім мастацтве пераважалі рэаліст. тэндэнцыі (К.Л.Імерман, К.Зайдэльман). У 1860—70-я г. прыдворныя т-ры саступілі месца гарадскім і прыватным. Высокай пастановачнай культурай вызначаліся спектаклі Майнінгенскага гар. т-ра (у 1871—91 рэж. Л.​Кронек). Вядучыя берлінскія т-ры: Нямецкі т-р (1883, у 1894—1904 узначальваў О.Брам, з 1905 М.Райнгарт), «Свабодны тэатр» Брама (1889), «Свабодная нар. сцэна» («Фрэе фольксбюнэ», 1890). Сярод акцёраў канца 19 — пач. 20 ст. Л.Барнай, А.Басерман, Ф.​Гаазе, А.​Зорма, І.​Кайнц, А.Моісі, Э.Посарт, Э.​Райхер. 1-я сусв. вайна прывяла тэатр. мастацтва да глыбокага крызісу. У 1920-я г. ў т-ры панаваў экспрэсіянізм. У 2-й пал. 1920-х г. набылі пашырэнне рабочыя і самадз. т-ры. З 1933 т-р у Германіі стаў сродкам фаш. прапаганды. Пасля разгрому фашызму пачалося адраджэнне т-ра. У 1945 пастаўлены першы ў вызваленай Германіі спектакль «Натан Мудры» Лесінга ў Ням. т-ры. У 1946 у Лейпцыгу засн. першы т-р для дзяцей.

У тэатры ГДР вял. ролю адыгралі дзейнасць адроджанага пасля вайны руху «Фольксбюнэ», Брэхта і т-ра «Берлінер ансамбль». 1970—80-я г. прайшлі пад знакам творчасці тэатр. дзеячаў Ф.​Зольтэра, А.​Ланга, І.​Тэншэрта, А.Вейгель, Г.​Май, Э.​Шаля, К. фон Апена, Г.​А.​Пертэна і інш. Ставіліся п’есы Брэхта («Дні Камуны», «Турандот, ці Кангрэс абяліцеляў», «Бюшынг»), Ф.​Вольфа («Бургамістр Ганна», «Томас Мюнцэр»), П.​Гакса («Млынар з Сан-Сусі», «Бітва пад Лабавіцэ», «Смерць Сенекі», «Музы»), Ф.​Браўна («Хінцэ і Кунцэ», «Вялікі свет», «Нямецкая сутнасць») і інш.

У рэпертуары т-раў ФРГ п’есы В.​Борхерта («На вуліцы перад дзвярыма»), Г.​Вайзенборна («Гётынгенская кантата»), Г.​Кіпгарта («Сабака генерала», «Справа Роберта Опенгеймера»), П.​Хандке («Самаабвінавачванне»), Б.​Штрауса («Вядомыя твары і заблытаныя пачуцці», «Трылогія сустрэч»), М.​Шпера («Паляўнічыя сцэны ў Ніжняй Баварыі», «Мюнхенская свабода»), Ф.​К.​Крэтца («Глабальная цікавасць», «Верхняя Аўстрыя») і інш.

Тэатр Германіі 1990-х г. — з’ява складаная і неардынарная. У акцёрскім мастацтве вылучаюцца рэаліст. школа Райнгарта і кірунак, які развівае выпрацаваныя Брэхтам прынцыпы эпічнай акцёрскай школы. Сярод рэжысёраў вызначаюцца Г.​Мюлер, В.​Энгель, Г.​Зайдэль, П.Штайн, Р.​Чулі; сярод акцёраў — Ю.​Лампе, В.​Дрольц, В.​Баер, Ф.​Роас, П. фон дэр Беек, П.​Крэмер, К.​Нойхойзер, М.​Нойман, С.​Тома, Ф.​Шэвідзі, Б.​Брода, К.​Герцаг, М.​Гільбіг, Л.​Гольбург, Г.​Шэфер, Г.​Э.​Габен і інш. Рэпертуар т-раў складаюць у асн. п’есы класікаў (Шылера, Брэхта, Гётэ) і сучасных ням. драматургаў (В.​Буса, Ю.​Гроса, Зайдэля, Мюлера, Браўна, К.​Гайна, М.​Кербля, Л.​Троле, Штрауса, Г.​Ахтэрнбуша, К.​Поля і інш.). Тэатр. сталіцы Германіі — Берлін («Берлінер ансамбль», «Нямецкі тэатр») і Мюнхен («Камершпіле», «Фолькстэатр» і інш.), цікавыя творчыя калектывы працуюць у Гайдэльбергу, Карлсруэ, Фрайбургу, Бадэн-Бадэне, Мангейме, Мюльгайме-ан-дэр-Рур, Гамбургу, Штутгарце, Дрэздэне, Боне.

Кіно. У 1896 пачаўся выпуск дакумент. і маст. фільмаў, асабліва папулярная была прыгодніцкая серыя стужак з удзелам Г.​Піля. У 1917 створана і стала цэнтрам ням. кінематаграфіі кінафірма «УФА». Найб. яскравай з’явай ням. кіно 1-й пал. 1920-х г. быў экспрэсіянізм, праграмны фільм якога «Кабінет доктара Калігары» (1921, рэж. Р.​Віне). Аснова рэаліст. кінамастацтва ў 1920-я г. — жанр камершпіле (камерная драма). Яго ідэі ўвасобіліся ў фільмах рэжысёраў Г.​В.​Пабста («Бязрадасны завулак», 1925), Ф.​В.​Мурнаў («Апошні чалавек», 1925) і інш. У 1930-я г. кіно стала сродкам імперскай прапаганды, а таксама выконвала забаўляльныя функцыі. Пачатак пасляваен. кінавытворчасці ва ўсх. ч. краіны звязаны з дзейнасцю групы «Фільмактыў», створанай у 1945. У 1946 арганізавана кінастудыя «ДЭФА».

Фільмы ГДР канца 1940—60-х г. адзначаны тэматычнай і жанравай разнастайнасцю, паглыбленай увагай да ўнутр. свету і псіхалогіі герояў: «Справа Блюма» (1948, рэж. Э.​Энгель), «Хлеб наш надзённы», «Мацней за ноч» і «Капітан з Кёльна» (1949, 1954, 1956, З.​Дудаў), «Прафесар Мамлок» і «Мне было 19» (1959, 1961, К.​Вольф), «Прыгоды Вернера Гольта» (1965, І.​Кунерт), «Развітанне» (1968, Э.​Гюнтэр). У 1970—80-я г. вылучаліся фільмы антыфаш. тэматыкі, якія закраналі маральныя праблемы, а таксама экранізацыі літ. твораў: «Легенда пра Паўлу і Паўла» (1973, Г.​Караў), «Паміж ноччу і днём» (1975, Г.​Э.​Брант), «Лота ў Веймары» (паводле Т.​Мана, 1975) і «Пакуты маладога Вертэра» (паводле І.​В.​Гётэ, 1976, абодва Гюнтэр), «Мама, я жывы» (1977, Вольф) і інш. Працавалі рэжысёры У.​Вайс, І.​Гузнер, Р.​Зіман, В.​Бек, С.​Блайвайс, Г.​Дзюба, Э.​Шлегель, Г.​Шольц, М.​Экерман, акцёры А.​Бюргер, А.​Валер, Э.​Дункельман, Г.​Вольф, Э.​Гешанек, В.​Кох-Гоге, А.​Ланг і інш. Сярод майстроў дакумент. кіно найб. вядомыя А. і А.​Торндайк. Здымаліся мультыплікацыйныя і тэлевіз. фільмы. Вышэйшая кінашкола ў Бабельсбергу.

У ФРГ у канцы 1940-х — 60-я г. дэманстраваліся пераважна амер. фільмы і ням. камедыі (развесяляльныя, фільмы жахаў). Найб. цікавыя «Генерал д’ябла» (1955, Г.​Койтнер), «Дзяўчына Розмары» (1958, Р.​Тыле), «Мы — вундэркінды» і «Прывіды ў замку Шпесарт» (1958, 1961, К.​Гофман), «Ружы для пана пракурора», «Кірмаш» і «Мужчынская пагулянка» (1959, 1960, 1964, В.​Штаўтэ). Нізкая якасць многіх фільмаў, канкурэнцыя тэлебачання і замежных тэлекампаній прывялі да крызісу. Спробы выйсці з яго шляхам павышэння маст. ўзроўню фільмаў, адмовіцца ад штампаў і схем «кінематографа бацькоў» зрабіла ў сярэдзіне 1960-х г. група маладых кінематаграфістаў, фільмы якіх узнімалі тэмы крызісу грамадства, канфлікту пакаленняў, рэзка адрозніваліся ад стандартнай камерцыйнай прадукцыі. Сярод прадстаўнікоў гэтага кірунку, што атрымаў назву «маладое ням. кіно», рэжысёры А.​Клуге, В.​Герцаг, Б.​Зінкель, А.​Брустэлін, Р.​В.​Фасбіндэр, У.​Эдэль, В.​Вендэрс, М. фон Трота. Значнымі былі дасягненні ў экранізацыі літ. твораў рэж. Ф.​Шлёндарфа («Зганьбаваны гонар Катарыны Блюм» паводле Г.​Бёля, 1975; «Бляшаны барабан» паводле Г.​Граса, 1979; «Оскар» 1980 за лепшы замежны фільм), В.​Петэрсана («Падлодка», паводле аднайм. рамана Л.​Г.​Бугхайма) і інш. У 1970—80-я г. традыцыі «маладога ням. кіно» прадаўжалі выпускнікі Вышэйшай школы кіно і тэлебачання ў Мюнхене.

У 1990-я г. працуюць кінематаграфісты новага пакалення (Д.​Дзёры, І.​Фільсмаер, О.​Валькес, Г.​Дзітл, З.​Вортман, К.​Шлінгензіф і інш.); здымаюцца дакумент. і мультыплікацыйныя фільмы. З кіно моцна канкурыруе тэлебачанне.

Беларусы ў Германіі. Першая значная хваля бел. эміграцыі ў Германіі на мяжы 19 — 20 ст. была абумоўлена сац.-эканам. прычынамі і мела характар адыходніцтва. У 1890 у Германіі працавала каля 200 беларусаў, у 1900 — 4 тыс., у 1910 — 44 тыс., у 1911 — 108 тыс., у 1912 — больш за 144 тыс. чал. (25% ад агульнай колькасці адыходнікаў). З пач. 1-й сусв. вайны эміграцыйны рух з бел. зямель спыніўся. Ваен. падзеі, Кастр. рэв. 1917, герм. і польск. акупацыі Беларусі абумовілі новую хвалю выездаў у замежжа, у т. л. і ў Германію, дзе на пач. 1919 знаходзілася 30—40 тыс. ваеннапалонных. У міжваен. перыяд склалася і арганізаваная паліт. эміграцыя. У сак. 1919 з Вільні ў Берлін выехаў урад Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), тут дзейнічала Надзвычайная місія БНР, пры якой працавала выд-ва, для ваеннапалонных выходзіла газ. «З роднага краю». Бел. прэс-бюро (1919—25) выдавала інфарм. бюлетэнь на бел. і ням. мовах. З пач. 2-й сусв. вайны ў выніку ваен. дзеянняў на тэр. Польшчы ў палон трапіла 70 — 80 тыс. беларусаў, якія ваявалі ў складзе Войска Польскага. У ліст. 1939 пры мін-ве ўнутр. спраў Германіі створана Беларускае прадстаўніцтва ў Берліне (займалася справамі беларусаў у Германіі і на акупіраваных ёй тэр., выдавала на бел. мове газ. «Раніца»), у 1940 — Бел. к-т самапомачы (пад наглядам ням. улад аказваў беларусам матэрыяльную падтрымку, вёў культ.-масавую і паліт. работу), якія ў чэрв. 1941 заснавалі Беларускі нацыянальны цэнтр. У Берліне дзейнічала Бел. культ. суполка, выходзілі рукапісны час. «Беларускі студэнт» (1942, № 1—2), газ. «Беларускі работнік» (1943 — 44). 2-я сусв. вайна парадзіла 3-ю хвалю эміграцыі. У Германіі апынулася частка насельніцтва, прымусова вывезенага з Беларусі (каля 400 тыс. чал., паводле інш. крыніц — каля 700 тыс.), частка сав. ваеннапалонных і вязняў фаш. канцлагераў. У 1944 сюды выехалі бел. арг-цыі, установы і ваен. фарміраванні, створаныя ў гады ням. акупацыі — Беларуская цэнтральная рада, гал. штаб Саюза беларускай моладзі, сабор епіскапаў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, ваен. атрады Беларускай краёвай абароны, частка інтэлігенцыі і святароў. Пасля паражэння фаш. Германіі саюзніцкія акупац. ўлады стварылі ў Зах. Германіі Беларускія лагеры для перамешчаных асоб. Інтарэсы беларусаў у Германіі прадстаўлялі Беларускі нацыянальны камітэт у Рэгенсбургу, Бел. цэнтр. дапамогавы к-т, грамадска-культ. дзейнасць вялі Крывіцкае навуковае таварыства імя Ф.​Скарыны, Згуртаванні бел. жанчын і бел. ветэранаў, Бел. культ.-асв. таварыства, канцэртна-эстр. група «Жыве Беларусь» (з 1945 Бел. т-р эстрады), хор бел. студэнтаў у г. Марбург і інш. Працавалі Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, гімназіі імя М.​Багдановіча (Ватэнштэт, 1945—50), імя У.​Ігнатоўскага (Майнлёз, 1947—49), у Остэргофене (1947—49), Мюнхенскае бел. студэнцкае згуртаванне (з 1948). У канцы 1940 — пач. 50-х г. узніклі рэліг. аб’яднанні вернікаў-беларусаў (гл. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква за мяжой, Беларускія каталіцкія місіі за мяжой, Беларускія рэлігійныя арганізацыі за мяжой).

На бел. мове выходзілі газеты і часопісы: грамадска-паліт. «Раніца» (з 1939), «Шляхам жыцця» (1946—48), «Рух» (1946—48), «Голас беларусаў» (1947—48), «Беларускае слова» (з 1948, з 1956 у ЗША), «Бацькаўшчына» (1947—66), «Летапіс беларускай эміграцыі» (з 1947, з 1955 у ЗША); літ.-грамадскія «Шыпшына» (з 1946, з 1950 у ЗША), «Сакавік» (1947—48), «Баявая ўскалось» (з 1949, з 1954 у Канадзе); рэлігійныя «Звіняць званы святой Сафіі» (1946—47), «Беларускі царкоўны голас» (1946), «Праваслаўны беларус» (1946 — сярэдзіна 1950-х г.); маладзёжныя «Скаўт» (1946—48), «Скаўцкая інфармацыйная служба» (1946—50), «Юнак» (1946—47); гумарыстычныя «Шарсцень» (1952), «Смехам па галаве» (1946); дзіцячы «Каласкі» (1952—66) і інш. Кнігадрукаванне ажыццяўлялі выд-вы «Бацькаўшчына», «Шыпшына», «Раніца», выдавецкія суполкі «Крыніца», «Заранка», «Рунь» і інш.

У 1951 закончыўся працэс выезду беларусаў з Германіі ў інш. краіны на пастаяннае жыхарства. Адным з цэнтраў бел. эміграцыі стаў Мюнхен. Тут працавалі Бел. ін-т навукі і мастацтва (1955—66), супрацоўнікі якога ўдзельнічалі ў рабоце Ін-та вывучэння СССР і выдавалі «Беларускі зборнік», бел. рэдакцыя радыё «Вызваленне» (з 1954, з 1959 наз. «Свабода», у 1995 пераехала ў Прагу). У 1980-я г. бел. навук.-культ. цэнтрам стаў г. Ляймен, дзе былі створаны Беларускі музей (з 1982), Інстытут беларусаведы.

Літ.:

Смирин М.М. Германия эпохи Реформации и Великой Крестьянской войны. М., 1962;

Германская история в новое и новейшее время. Т. 1—2. М., 1970;

Руге В. Германия в 1917—1933 гг. М., 1974;

Розанов Г.Л. Германия под властью фашизма (1933—1939). М., 1961;

Otto K.-H. Deutschland in der Epoche der Urgesellschaft. Berlin, 1960;

Gebhardt B. Handbuch der deutschen Geschichte. Bd. 1—4. Stuttgart, 1954—60;

Stern L., Bartmuß H.-J. Deutschland in der Feudalepoche von der Wende des 5./6. Jh. bis rur Mitte des 11. Jh. Berlin, 1964;

История немецкой литературы. Т. 1—5. М., 1962—76;

История литературы ФРГ. М., 1980;

История литературы ГДР. М., 1982;

Сакалоўскі У. Пара станаўлення. Мн., 1986;

Яго ж. Беларуская літаратура ў ГДР. Мн., 1988;

Яго ж. Восприятие современной белорусской литературы в ГДР и ФРГ // Современные славянские культуры: развитие, взаимодействие, международный контекст: Материалы междунар. конф. ЮНЕСКО. Киев, 1982;

Либман М.Я. Немецкая скульптура, 1350—1550. М., 1980;

Яго ж. Дюрер и его эпоха: Живопись и графика Германии конца XV и первой половины XVI в. М., 1972;

Ювалова Е.П. Немецкая скульптура, 1200—1270. М., 1983;

Ёдике Ю. История современной архитектуры: Пер. с нем. М., 1972;

[Kuhirt U.] Kunst der DDR. Bd. 1—2. Leipzig, 1982—83;

Грубер Р.И. История музыкальной культуры. Т. 2, ч. 2. М., 1959;

Ферман В.Э. Немецкая романтическая опера // Ферман В.Э. Оперный театр. М., 1961;

Кершнер Л. Немецкая народная музыка. М., 1965.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, гаспадарка), М.​Г.​Елісееў (гісторыя да 1918 і пасля 1945), П.​А.​Шупляк (гісторыя 1918—45), А.​П.​Ткачэнка (друк, радыё, тэлебачанне), У.​Л.​Сакалоўскі (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (выяўл. мастацтва), В.​М.​Козел (тэатр), А.​С.​Ляднёва (беларусы ў Германіі).

Герб і сцяг Германіі.
Да арт. Германія. 1 — Баварскія Альпы з вяршыняй Цугшпітцэ; 2 — нафтаперапрацоўчы завод на Рэйне; 3 — ландшафт на поўначы краіны.
Да арт. Германія. Кафедральны сабор у Ахене. 9—10 ст.
Да арт. Германія. Дом у Боне, дзе нарадзіўся Л.​Бетховен.
Да арт. Германія. Ансамбль Цвінгер у Дрэздэне. «Павільён на вале». Арх. М.​Д.​Пёпельман. 1711—22.
Да арт. Германія. Фахверкавы жылы дом на Рыначнай плошчы ў Веймары. 15 ст.
Да арт. Германія. Палац Аўгустусбург у г. Бруль. 1725—34.
Да арт. Германія. Франкфурт-на-Майне.
Да арт. Германія. Будынак філарманічнай залы ў Берліне. 1964.
Да арт. Германія. Дзяржаўная галерэя ў Штутгарце. 1983.
Да арт. Германія. О.​Браўзеветэр. Прускі фельдмаршал Л. фон Вартэнбург заклікае народ у 1813 у Кёнігсбергу да ўсеагульнага ўзбраення супраць Напалеона. 1888.
Да арт. Германія. К.​Фрыдрых. Першы снег. 1828.
Да арт. Германія. Л.​Кранах Старэйшы. Мадонна з дзіцем пад яблыняй. 1550-я г.
Да арт. Германія. А.​Альтдорфер. Бітва Аляксандра Македонскага з Дарыем. 1529.

т. 5, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРАДЖЭ́ННЕ, Рэнесанс,

эпоха станаўлення ў Еўропе духоўнай культуры Новага часу (14—1-я пал. 17 ст.). Абумовіла прагрэс. змены ў эканам. і сац.-паліт. жыцці еўрап. краін: развіццё гарадоў, зараджэнне элементаў бурж. адносін і таварна-грашовай гаспадаркі, фарміраванне нац. дзяржаў і абсалютных манархій, актывізацыю антыфеад. рухаў і рэліг. барацьбы, секулярызацыю духоўнага жыцця грамадства. У паняцце «Адраджэнне» ўключаюць таксама грамадска-культ. рух у еўрапейскіх, у т. л. славянскіх, народаў, знітаваных агульным духоўна-культ. уздымам, вызв. барацьбой, абуджэннем нац. свядомасці і станаўленнем дзяржаўнасці (каралінгскае Адраджэнне, балгарскае Адраджэнне і інш.). М.​Багдановіч, аўтар паняцця «беларускае Адраджэнне», уключаў у гэты працэс і нац.-культ. развіццё бел. народа ў 16 — пач. 20 ст. (гл. Адраджэнне нацыянальнае). Характэрная асаблівасць Адраджэння — зварот да культуры антычнасці як зыходнага пункта для фарміравання новай, пераважна свецкай, еўрап. культуры, апорай якой станавіліся гарады, двары і маёнткі феадалаў, багатых мяшчан, а выразнікамі — прадстаўнікі новай інтэлігенцыі, перадавыя грамадскія і паліт. дзеячы і інш. У іх асяроддзі фарміраваўся рэнесансава-гуманіст. светапогляд, аснову якога складалі тры вядучыя прынцыпы: вучэнне пра абсалютную свабоду (неабмежаваныя магчымасці чалавека ў яго адносінах да свету, самога сябе, пазнання і творчасці); уяўленне пра самакаштоўнасць чалавечага жыцця, або рэнесансавы антрапацэнтрызм; натуралізм як пераважны спосаб інтэрпрэтацыі прыродна-сац. рэчаіснасці і чалавека. У культуры і светапоглядзе рэнесансавых гуманістаў побач з раннебурж., саслоўна-класавымі сцвярджаліся вечныя, агульначалавечыя каштоўнасці; свецкія элементы цесна перапляталіся з рэліг., хрысціянскія — з язычніцкімі, натуралістычныя і навук. — з містычнымі і астралагічнымі, ідэі «агульнага дабра» — з гранічным індывідуалізмам і амаралізмам; вучэнне пра высокую годнасць чалавека. — з усведамленнем яго бяссілля ў існуючых грамадскіх умовах. Эпоха Адраджэння адметная вял. геагр. адкрыццямі, буйнымі дасягненнямі ў развіцці тэхнікі, навукі і мастацтва, узнікненнем кнігадрукавання.

У розных краінах Адраджэнне не супадала храналагічна і тыпалагічна. У адрозненне ад класічнага італьян. Адраджэння, рэнесансавую культуру ў некаторых краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы (Германія, Скандынаўскія краіны, Англія і г.д.) называюць Паўночным Адраджэннем, асаблівасці якога: кампраміс з сярэдневяковымі традыцыямі, сувязь з рэліг. і нац.-культ. рухамі, Рэфармацыяй і інш. Да такога тыпу належыць і ўсходнееўрап. Адраджэнне (Беларусь, Украіна, Літва), дзе інтэнсіўна развіваліся нац. самасвядомасць, навука і культура, значных поспехаў дасягнулі л-ра і мастацтва.

Навука і тэхніка. Адной з адметных рысаў эпохі Адраджэння было ўзнікненне навук. прыродазнаўства. Гэтаму спрыялі практычныя патрэбы грамадства (гандаль, мараплаванне, буд-ва, ваен. справа), а таксама ўзнікненне новага, антыдагматычнага светапогляду.

Найб. значныя адкрыцці ў астраноміі, геаграфіі, тэхніцы, Вялікія геаграфічныя адкрыцці (Х.​Калумба, Васка да Гамы і інш.) пацвердзілі шарападобнасць Зямлі і стымулявалі станаўленне геалогіі, батанікі, заалогіі і этнаграфіі. Адкрыццё М.​Капернікам геліяцэнтрычнай сістэмы свету дало новы імпульс развіццю дакладнага прыродазнаўства, што прывяло да стварэння ў канцы 17 ст. механікі І.​Ньютана. Італьян. вучоны А.​Везалій працай «Пра будову чалавечага цела» (1543) заклаў асновы анатоміі. Ісп. вучоны М.​Сервет блізка падышоў да адкрыцця кругавароту крыві ў арганізме. Хім. даследаванні ўласцівасцяў розных мінералаў (Ф.​Парацэльс і інш.) далі пачатак навук. фармакалогіі, садзейнічалі ўзнікненню клінічнай медыцыны і новых метадаў лячэння хваробаў. У выніку адкрыццяў у матэматыцы, механіцы і астраноміі знойдзены спосабы рашэння агульных ураўненняў 3-й і 4-й ступеняў (італьян. матэматыкі Дж.​Кардана, Н.​Тарталья, Л.​Ферары), распрацавана сучасная літарная сімволіка (франц. матэматык Ф.​Віет), уведзены дзесятковыя дробы і адкрыты закон раўнавагі сіл на нахільнай плоскасці (галандскі вучоны С.​Стэвін). Эксперыментальна вывучаліся законы падзення целаў (Г.​Галілей), руху планет (І.​Кеплер), стваралася тэорыя простых механізмаў. Леанарда да Вінчы сканструяваў ткацкі станок, прадзільную і землечарпальную машыны, прапанаваў праекты лятальнага апарата, парашута і вял. гідратэхн. збудаванняў. Дасягненні матэматыкі і механікі спрыялі развіццю буд. справы, архітэктуры і караблебудавання. Вырабляліся машыны і механізмы для падымання грузаў і інш. работ, гідраўлічныя рухавікі, такарныя станкі, агнястрэльная зброя, удасканальваліся працэсы выплаўкі металаў і шліфавання шкла. Вынаходства падзорнай трубы і мікраскопа ўзбагаціла эксперым. метады даследаванняў. Усё гэта спрыяла аб’ектыўнаму пазнанню рэчаіснасці, развіццю філас. думкі, пашырэнню асветы і адукацыі.

Філасофія Адраджэння процістаяла схаластыцы, хоць і не парывала з сярэдневяковай традыцыяй. Вылучаліся яе этыка-гуманіст., неаплатанічная і натурфілас. лініі. Першая (Калуна Салютацы, Леанарда Бруні, Ларэнца Вала, Піка дэла Мірандала, Эразм Ратэрдамскі, Ф.​Скарына, М.​Мантэнь) вылучалася цікавасцю да чалавека, яго прызначэння, унутр. свету, магчымасцяў і свабоды, выкарыстаннем сац.-этычных ідэй памяркоўнага стаіцызму (у духу «грамадзянскага гуманізму») і эпікурэізму (у духу раннебурж. індывідуалізму). Для прадстаўнікоў Паўночнага Адраджэння характэрна спроба гуманіст. перапрацоўкі хрысц. этыкі (Эразм Ратэрдамскі, Скарына і інш.). Неаплатанічная лінія Адраджэння (М.​Кузанскі, Марсіліо Фічына) знітавана з пастаноўкай радыкальных анталагічных праблем, стварэннем пантэістычнай карціны свету, распрацоўкай дыялектычных ідэй. Прадстаўнікі натурфілас. лініі (Ф.​Парацэльс, Дж.​Кардана, Б.​Тэлезіо, А.​Доні, Ф.​Патрыцы, Дж.​Бруна, Т.​Кампанела) разглядалі свет і чалавека, зыходзячы пераважна з «уласных пачаткаў», абапіраючыся на вопыт, навук. дасягненні, гіст. практыку і нар. мудрасць. Найб. значны вынік філасофіі Адраджэння — натураліст. пантэізм (Бруна), і яго аналаг — містычны пантэізм (Т.​Мюнцэр, Я.​Бёме). У эпоху Адраджэння ўзнікла і новае прыродазнаўства (Леанарда да Вінчы, М.​Капернік). Геліяцэнтрычнае вучэнне абумовіла радыкальны перагляд філас. уяўленняў пра сусвет. На яго падставе Бруна распрацаваў касмалагічнае вучэнне пра бясконцасць Сусвету. У той жа час рабілася намаганне аднавіць аўтэнтычнае вучэнне Арыстоцеля, скажонае схаластыкай і натуралістычнай інтэрпрэтацыяй арыстоцелізму (П.​Пампанацы). Узнікла сац. утопія (Т.​Мор, Кампанела, развівалася новая паліт. думка (Н.​Макіявелі, Ж.​Бадэн, А.​Маджэўскі, А.​Волан), у якой гісторыя трактавалася як вынік мэтанакіраванай дзейнасці людзей, дзярж. палітыка аддзялялася ад рэлігіі і маралі (Макіявелі) або шчыльна звязвалася з імі (Ж.​Кальвін, Волан). Сац.-паліт. філасофія Адраджэння зыходзіла з перакананняў неабходнасці ўдасканальваць існуючае грамадства, дзяржаву, царкву, норавы. Рэнесансавыя ідэі адлюстраваліся ў рэфармац. вучэннях, у якіх сцвярджалася суверэннасць індывід. рэліг.-маральнай свядомасці чалавека (М.​Лютэр, Скарына).

На Беларусі ў 15 — 1-й пал. 17 ст. ўжо існавалі пэўныя перадумовы для развіцця культуры Адраджэння: эканам. і сац.-паліт. ўзмацненне гарадоў, актывізацыя прагрэс. рэфармісцкага руху (агр., адм., суд., ваен. рэформы 1550—80-х г.), у выніку якіх адбывалася паліт. цэнтралізацыя і дзярж.-прававая стабілізацыя бел.-літоўскага грамадства. Сведчаннем Адраджэння на Беларусі было фарміраванне бел. народнасці і рост яе самасвядомасці, пашырэнне міжнар. культ. сувязяў, гуманіст. і рэфармацыйны рух. Секулярызацыя духоўнага жыцця тут выявілася ў развіцці адукацыі, кнігадрукавання, прытоку разнастайнай кніжнай прадукцыі з-за мяжы і камплектаванні айч. бібліятэк, мецэнацтва і ўзнікнення гуманіст. цэнтраў пры дварах буйных феадалаў (Слуцкіх, Радзівілаў, Хадкевічаў, Кішкаў, Глябовічаў і інш.), захапленні ант. культурай, станаўленні бел. л-ры і літ. мовы, развіцці гістарыяграфіі, філас. і грамадска-паліт. думкі, прававой тэорыі і практыкі, выяўл. мастацтва, архітэктуры, музыкі. На Беларусі Адраджэнне адбывалася ў спецыфічных умовах узаемадзеяння ўсх. і зах. рэліг.-царк. і духоўна-культ. тэндэнцый, станаўлення бел. культуры ў складзе поліэтн. і рознарэліг. дзярж. ўтварэння (ВКЛ, Рэчы Паспалітай), незавершанасці працэсаў нац. і дзярж. дыферэнцыяцыі бел., укр. і літ. народаў. Характэрнымі рысамі айч. Адраджэння была наяўнасць у ВКЛ адноснай рэліг. талерантнасці, узаемадзеянне і ўзаемапранікненне бел., укр., літ., польскай і рус. культур, развіццё і функцыянаванне рэнесансавай культуры ва ўмовах каталіцкай экспансіі і Контррэфармацыі. Рэнесансавы гуманізм тут часцей выяўляўся як «хрысціянскі гуманізм»: захоўваліся асн. прынцыпы хрысціянства і рэвізаваліся некаторыя яго традыцыйна-сярэдневяковыя ўяўленні і паняцці: фарміраваўся бел. менталітэт — спецыфічны спосаб светаўспрымання і светаадчування, які вызначаў нац. характар і своеасаблівасць духоўнай культуры Беларусі; развівалася айч. філас. і грамадска-паліт. думка, л-ра, архітэктура, выяўл. мастацтва, музыка, тэатр.

У развіцці айч. грамадскай думкі эпохі Адраджэння вылучаюць 3 перыяды: 1-ы (пач. 16 ст. — 1550-я г.; ад Скарыны да Рэфармацыі) звязаны з пранікненнем у грамадскую свядомасць ідэі аднаўлення; 2-і (сярэдзіна — канец 16 ст.) — з сінтэзам рэфармацыйна-гуманіст. тэорыі і сац.-дзярж. практыкі; 3-і (канец 16 ст. — 1-я пал. 17 ст.) — з рацыяналізацыяй рэнесансава-гуманіст. думкі і выхадам яе на агульнаеўрап. арэну (сацыніянства), акумуляцый рэнесансавых ідэй дзеячамі грамадска-рэліг. барацьбы, якая разгарнулася пасля Брэсцкай уніі 1596, культурай айч. барока. У галіне анталогіі, гнасеалогіі і метадалогіі ідэі Адраджэння выяўляліся пераважна ў рэліг.-тэалагічнай форме (рацыяналізм С.​Буднага і інш.). Існаваў і ўласна філас. спосаб фармулёўкі асн. уяўленняў (С.​Лован, К.​Лышчынскі), у якіх аналізаваліся пытанні сутнасці Бога, натуры Хрыста, паходжання свету (Брэсцкая біблія, «Хроніка» М.​Стрыйкоўскага), разуменне цудаў, несмяротнасці душы, замагільнага жыцця, суадносін ідэальнага і матэрыяльнага, пазнання, веры і розуму, багаслоўя і філасофіі і інш. Вучэнне айч. мысліцеляў пра мараль было заснавана на прызнанні натуральнай прыроды чалавека, перакананні ў магчымасці яе ўдасканалення праз індывід. намаганні. Гуманізаваліся і набліжаліся да рэальнага жыцця ідэі хрысц. этыкі, адраджаліся філас.-этычныя вучэнні стоікаў, Цыцэрона, эпікурэйцаў, па-новаму інтэрпрэтавалася платонаўскае і арыстоцелеўскае вучэнне пра мараль. У рамках праблемы чалавека, яго адносін да Бога, навакольнага асяроддзя, грамадства ўзнімаліся пытанні шчасця, сэнсу жыцця, агульнага і індывід. дабра, свабоды выбару, адказнасці, маральнага і інтэлектуальнага ўдасканалення, грамадз. абавязку і інш. (Скарына, М.​Гусоўскі, М.​Літвін, С.​Кашуцкі, Волан, Якуб з Калінаўкі, М.​Чаховіц, Сімяон Полацкі). Асн. праблема сац.-паліт. і прававой думкі айч. Адраджэння — удасканаленне грамадства і дзяржавы (Скарына, С.​Будны, А.​Валовіч, Л.​Сапега, Волан). Геніяльным прадбачаннем Гусоўскага сталі ідэі экалагічнага выхавання чалавека. У працэсе станаўлення нац. самасвядомасці на 1-м этапе (16 ст.) пераважалі этнакульт. кампанент і секулярызаваная канцэпцыя нац. каштоўнасцяў (Скарына, С.​Будны, В.​Цяпінскі); на 2-м этапе (канец 16 — 1-я пал. 17 ст.) нац. свядомасць выяўлялася пераважна ў працэсе рэліг.-канфесіянальнага самавызначэння (С.​Зізаній, М.​Сматрыцкі, І.​Пацей і інш.). Праблемы нац.-культ. суверынітэту бел. народа вырашаліся ў барацьбе за сцвярджэнне ў грамадстве і дзяржаве прынцыпу талерантнасці, верацярпімасці (С.​Будны, Сапега, Сматрыцкі).

Літаратура. У адрозненне ад саслоўнай л-ры сярэднявечча, якая стваралася на мясц. дыялектах або на латыні, у эпоху Адраджэння ўзніклі першыя нацыянальныя (паводле мовы і значэння) літаратуры.

Росквіт італьян. л-ры ў 14—16 ст. (лірыка Ф.​Петраркі, навелы Дж.​Бакачыо, этычныя і паліт. трактаты палемістаў ад Петраркі да Н.​Макіявелі, паэмы Л.​Арыёста і Т.​Таса) вылучылі італьян. культуру як трэцюю (побач з дзвюма антычнымі) класічную для інш. краін. У Германіі і Нідэрландах л-ра Адраджэння развівалася паралельна з Рэфармацыяй і знайшла ўвасабленне ў публіцыстыцы і антыклерыкальнай сатыры («Карабель дурняў» С.​Бранта, «Пахвала дурасці» Эразма Ратэрдамскага, «Пісьмы цёмных людзей» У. фон Гутэна). Рэнесансавая л-ра Францыі акрамя антычнай і італьян. культуры абапіралася і на нар. «гальскую» традыцыю вальнадумства (лірыка Ф.​Віёна, К.​Маро); яе вяршыня — раман Ф.​Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль», лірыка П.​Рансара. Помнікам позняга Адраджэння (перыяду рэліг. войнаў 2-й пал. 16 ст.) сталі «Вопыты» М.​Мантэня. Са слав. л-р Адраджэнне найб. яскрава праявілася ў паўд.-славянскай (т.зв. далмацінска-дуброўнідкае Адраджэнне) і ў польскай. У Дуброўніку і інш. вольных гарадах з канца 15 ст. развівалася далмацінская л-ра, блізкая да суседняй італьянскай. У Польшчы Адраджэнне звязана пераважна з узвышэннем шляхты ў 16 ст. і з Рэфармацыяй (абаронца шляхецкай дэмакратыі М.​Рэй — аўтар першых твораў на польск. мове). У Англіі росквіт гуманіст. л-ры канца 16 ст. звязаны з творчасцю Ф.​Сідні, Э.​Спенсера, Дж.​Лілі. Сусв. славу англ. Адраджэнню прынёс тэатр канца 16 — пач. 17 ст. Цікавасць да «тытанічнай» асобы, паэтызацыя нац. мінулага, народнасць ідэй, вольная форма драмы характэрныя драматургіі У.​Шэкспіра. Фінальнай з’явай ісп. і ўсяго еўрап. Адраджэння стала творчасць М.​Сервантэса, асабліва яго раман пра Дон Кіхота, заснаваны на трагікамічным канфлікце паміж гераічнай асобай і варожай яму сістэмай грамадскага жыцця.

Характэрная рыса літ. працэсу Беларусі эпохі Адраджэння — узаемадзеянне ўсх., візантыйска-праваслаўных і зах., лаціна-каталіцкіх традыцый, сярэдневяковых і рэнесансавых тэндэнцый. Побач з царк.-рэліг. л-рай у 15—16 ст. Усё больш выкарыстоўвалася жывая нар. мова, якая падрывала манаполію царк.-слав. мовы. З’явіліся бел. пераклады свецкіх твораў замежнай л-ры («Жыціе Аляксея, чалавека Божага», «Аповесць пра трох каралёў»), кніг Бібліі. Вял. ролю ў станаўленні нац. л-ры Беларусі адыграла свецкае дзелавое пісьменства на старабел. мове (матэрыялы велікакняжацкай і інш. канцылярый, дзярж. прывілеі, граматы, Статуты ВКЛ і інш.), новыя бел. летапісы («Беларуска-літоўскі летапіс 1446», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хроніка Быхаўца» і інш.), якія адначасова былі і гіст. аповесцямі. Высокімі літ.-маст. якасцямі вызначаліся «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага, Баркулабаўскі летапіс. Здабыткам бел. л-ры эпохі Адраджэння стала творчая спадчына паэтаў-лаціністаў пач. 16 ст. М.​Гусоўскага («Песня пра зубра») і Я.​Вісліцкага («Пруская вайна»). Важным этапам у развіцці айч. л-ры эпохі Адраджэння была дзейнасць Ф.​Скарыны, заснавальніка ўсходнеслав. кнігадрукавання. Яго прадмовы і пасляслоўі да біблейскіх кніг — высокамаст. і арыгінальныя творы бел. л-ры пач. 16 ст. Яны сведчаць пра талент Скарыны як пісьменніка, паэта, гімнографа, рытара, мастака. На працягу 15 — пач. 17 ст. ў ВКЛ утварыўся шэраг культ.-асв. цэнтраў з буйнымі сховішчамі рукапісных і друкаваных кніг, скрыпторыямі, друкарнямі, школамі (Заблудаў, Брэст, Нясвіж, Заслаўе, Лоск, Вільня, Полацк, Слуцк, Любча і інш.), дзе працавалі кнігавыдаўцы, перакладчыкі, паэты, публіцысты. Тут выдаваліся тэалагічныя і літургічныя творы розных канфесій, гіст., філас., паліт. трактаты, творы ант. пісьменнікаў, падручнікі па граматыцы, рыторыцы, паэтыцы. Рэфармацыйна-гуманіст. рух, рэліг.-грамадская барацьба 16 — 1-й пал. 17 ст. спрыялі дзейнасці многіх таленавітых літаратараў, якія пісалі на бел., польск., лац. мовах (С.​Будны, В.​Цяпінскі, С.​Кашуцкі, А.​Волан, Л.​Сапега, С. і Л.​Зізаніі, І.​Пацей, Л.​Карповіч, М.​Сматрыцкі, Я.​Пашкевіч, І.​Руцкі, Афанасій Філіповіч, Б.​Будны, А.​Рымша, Я.​Радван, С.​Грахоўскі, Я.​Казаковіч, Л.​Мамоніч, Г.​Пельгжымоўскі, Ф.​Іяўлевіч, Я.​Пратасевіч, М.​Сарбеўскі, Сімяон Полацкі і інш.). Росквіту дасягнула публіцыстыка — палемічная л-ра розных жанраў: ліст (пасланне), адказ (водпаведзь), слова (казанне), лямант (плач), прадмова. У паэзіі дамінаваў жанр эпіграмы, якой надавалася актуальнае маральнае і грамадскае гучанне, а таксама вершаваныя звароты да чытача, эпітафіі і інш. З’явіліся вершаваныя паэмы Рымшы «Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы... Крыштофа Радзівіла», Пельгрымоўскага «Пасольства да вялікага князя маскоўскага», Іяўлевіча «Лабірынт, або Заблытаная дарога», парадыйна-сатыр. творы, напісаныя сакавітай нар. мовай («Прамова Мялешкі»). Цікавасць да прыватнага жыцця чалавека абумовіла развіццё мемуарнай л-ры (Ф.​Еўлашоўскі, Ф.​Кміта-Чарнабыльскі, А.​Каменскі-Длужык, Я.​Цадроўскі і інш.). Разам са школьным тэатрам узнікла драма (Сімяон Полацкі). Зараджалася тэорыя вершаскладання (Л.​Зізаній, Сматрыцкі). Помнікамі айч. прозы сталі трактаты па паэтыцы, рыторыцы, тэорыі л-ры выкладчыкаў бел. калегіумаў, віленскай акадэміі («Пра дасканалую паэзію» Сарбеўскага, «Практычнае красамоўства» С.​Лаўксміна і інш.).

Выяўленчае мастацтва і архітэктура. Народжанае адмаўленнем сярэдневяковай умоўнасці і сімволікі, мастацтва Адраджэння несла ідэі гуманізму, узвышала чалавека-мысліцеля. У цэнтры яго — гарманічна развіты чалавек.

У перыяд ранняга Адраджэння (15 ст.) мастацтва Італіі развівалася ў рамках Фларэнційскай, Умбрыйскай, Падуанскай і Венецыянскай школ жывапісу. Мастакі гэтых школ у сваёй творчасці спалучалі ідэі ант. гуманізму і рэалізму, заснаваныя на вывучэнні натуры, уяўленні пра фіз. хараство і духоўную веліч чалавека. Яны ўзбагацілі мастацтва дакладным веданнем будовы чалавечага цела, перадачай перспектывы, ракурсаў, святлаценяў і г.д. Гэта найб. яскрава выявілася ў разнастайнай па характары творчасці жывапісцаў Мазачыо, Д.​Гірландайо, А.​Мантэнья, П’ера дэла Франчэска, С.​Батычэлі, Анджэліка, П.​Перуджына, сем’яў Беліні, Ліпі, скульптараў Л.​Гіберці, Данатэла, Якопа дэла Кверча, Лука дэла Робія, А.​Верок’ё. Апрача станковага жывапісу шырока развівалася мастацтва фрэскі. Рэалізм высокага Адраджэння (канец 15 — 1-я чвэрць 16 ст.) дасягнуў класічнай яснасці, манументальнасці вобразаў і абагульнення (Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Мікеланджэла, А.​Карэджа, Тыцыян, Джарджоне, П.​Веранезе, Я.​Тынтарэта, Джуліо Рамана і інш.). У перыяд феад. рэакцыі і Контррэфармацыі (з пач. 16 ст.) у Італіі ўзнікла мастацтва маньерызму, якое вызначалася суб’ектывізмам, манернасцю, вытанчанасцю формы (Я.​Панторма, А.​Бранзіна, Ф.​Парміджаніна, Б.​Чэліні). У дэкар. мастацтве створаны ўзоры тканін, эмаляў, шкла, маёлікі, вырабаў з металу, кашт. камянёў і інш. З 15 ст. развіваецца мастацтва залочанай разьбы, «чартазіянская мазаіка». На новай аснове фарміравалася і архітэктура. Распрацоўваліся і ажыццяўляліся прынцыпы рэгулярнай забудовы гарадоў, у якіх акрамя культавых збудаванняў ствараліся характэрныя для італьян. Адраджэння манум. палацца, вілы, шпіталі, фантаны і інш. Ант. ордэрная сістэма ўзбагаціла тэктоніку будынкаў, унесла ў дойлідства лагічную суразмернасць і гарманічную яснасць (Ф.​Брунелескі, Л.​Б.​Альберці і інш.). На пач. 16 ст. ў Рыме пачаў складвацца агульна-італьян. арх. стыль (Д.​Брамантэ, Дж. да Віньёла, Дж.​Вазары). У Венецыі працавалі арх. М.​Санмікелі, Я.​Сансавіна, А.​Паладыо. У Нідэрландах мастацтва Адраджэння супала з росквітам позняй готыкі, узнікла грамадз. архітэктура.З сярэдзіны 16 ст. тут фарміраваўся арх. стыль, які арыентаваўся на ант. і італьян. дойлідства эпохі Адраджэння. У жывапісе развіваецца пераважна партрэт і пейзаж, асаблівая ўвага звяртаецца на перадачу навакольнага асяроддзя (Рагір ван дэр Вейдэн, Хуга ван дэр Гус, Г.​Мемлінг, Лука Лейдэнскі, Х.​Босх, К.​Масейс). Ян ван Эйк залажыў асновы, на якіх пасля развівалася нідэрл. мастацтва. У Германіі мастацтва Адраджэння высокага росквіту дасягнула ў канцы 15 — пач. 16 ст., асабліва ў жывапісе і гравюры (А.​Дзюрэр, А.​Альтдорфер, Г.​Гольбейн Малодшы і інш.). У франц. мастацтве Адраджэння адметна творчасць мастакоў Ж.​Фуке, Клуэ, скульптараў Ж.​Гужона, Ж.​Пілона; для архітэктуры каралеўскіх і дваранскіх замкаў характэрны вытанчаны стыль (замак Шамбор). Своеасаблівыя рысы набыло мастацтва Іспаніі, Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Венгрыі.

Пад уплывам рэнесансавай культуры Зах. Еўропы ў выяўл. мастацтве Беларусі 16 — сярэдзіны 17 ст. склаліся асяродкі гуманіст. культуры (двары Жыгімонта Аўгуста ў Вільні, Радзівілаў у Нясвіжы, Алелькавічаў у Слуцку), развіваліся новыя віды і жанры мастацтва. У жывапісе пашыраўся партрэт, у якім праявілася рэнесансавае разуменне асобы чалавека. На аснове сінтэзу зах.-еўрап. формаў і візант. маст. спадчыны ўзнік нац. варыянт параднага партрэта (партрэт Міхаіла Барысавіча). Пэўны час ён існаваў побач з рэпрэзентатыўным (партрэт Ю.​Радзівіла) і надзеленым рысамі псіхалагізму паўфігурным (партрэт К.​Слуцкай-Радзівіл). Складваўся жанравы і батальны жывапіс (А.​Вейдэ). Рэлігійнае мастацтва развівалася ў некалькіх кірунках. Алтарная карціна вызначалася пластычнасцю формаў, яркасцю палітры, элементамі лінейнай перспектывы, атрыбутамі гіст. моды («Пакланенне вешчуноў», пасля 1514). У іканапісе з яго поствізантыйскай традыцыяй з’явілася наватарская плынь: у сюжэтную канву ўводзіліся быт. і этнагр. дэталі, арх. краявіды («Тройца» з Дастоева, «Нараджэнне Марыі» з Маларыцкага р-на), узбагачаўся эмац. каларыт, арнаментыка фонаў («Параскева Пятніца», Слуцкі р-н; «Лука і Сымон», Лунінецкі р-н). Высокага ўзроўню дасягнула паліхромная драўляная скульптура і разьба алтароў (Іакім і Ганна, Жабінкаўскі р-н; Праабражэнскі касцёл у в. Новая Мыш, Баранавіцкі р-н). Пашыралася партрэтная пластыка надмагілляў (А.​Гаштольда ў Вільні, М.​К.​Радзівіла ў Нясвіжы). Складалася медальерная школа (Я.​Энгельгарт і інш.). Дасягнуў росквіту дрэварыт, з канца 16 ст. — медзярыт. Дасканаласцю выканання вылучаліся тытульныя лісты, застаўкі, ініцыялы, канцоўкі і ілюстрацыі ў выданнях Ф.​Скарыны (Біблія, 1517—19), у Брэсцкай бібліі (1563), Статуце ВКЛ 1588. Узніклі графічныя партрэты (Скарыны, Жыгімонта III, М.​Р.​Радзівіла, В.​Цяпінскага), геральдычныя кампазіцыі. Т.​Макоўскі і інш. выконвалі арх. пейзажы, карты, ілюстрацыі да навук. трактатаў. З 16 — 1-й пал. 17 ст. дайшлі творы жывапісу, у якіх адлюстраваны тыповыя рысы еўрап. Адраджэння, асабліва ў пашыраным на бел. землях парадным (сармацкім) партрэце (Грызельда Сапега, Юрыя Радзівіла, Софіі Алелькаўны Радзівіл і інш.). У дэкар.-прыкладным мастацтве стылістыка Адраджэння выявілася ў арнаментацыі абкладаў абразоў (Будслаўская шата), царк. начыння і параднай зброі эмалямі, кашт. камянямі, літымі і чаканенымі накладкамі. З’явілася кафля з сюжэтнымі, гербавымі і партрэтнымі выявамі (Лагойск, Заслаўе), з каляровым глазураваным пакрыццём. З заснаваннем мануфактур (15 ст.) пашыраўся асартымент вырабаў са шкла. У бел. мастацтве 1-й пал. 17 ст. формы Адраджэння працягвалі суіснаваць з рысамі маньерызму, але ўсё больш саступалі месца стылістыцы барока.

У архітэктуры і горадабудаўніцтве Беларусі з эпохай Адраджэння звязаны спробы комплекснай рэканструкцыі гарадоў на аснове рэгулярнага плана, які формамі набліжаўся да прамавугольніка, авала, паўавала (Нясвіж, Быхаў, Слуцк). Цэнтрам яго кампазіцыі звычайна была плошча з ратушай і храмамі. Будаваліся таксама палацы, шпіталі, дамы цэхавых брацтваў і інш. Напачатку рысы рэнесансу спалучаліся з элементамі готыкі, але гатычныя формы збудаванняў пач. 17 ст. набывалі пластычны дэкор (Мірскі замак, Сынковіцкая царква-крэпасць, Мураванкаўская царква-крэпасць). Свецкая і культавая архітэктура паступова траціла суровыя абарончыя рысы: палацы афармляліся аркаднымі галерэямі (палац у Рагачове), з’явіліся храмы на ўзор ратонды з купалам (Смаргонскі кальвінскі збор), вежы некаторых храмаў аздабляліся дэкар. элементамі (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). Інтэр’ер узбагачаўся разнымі алтарамі, скляпенні — ляпнымі нервюрамі, якія ўтваралі дэкар. ўзор (Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл, Вішнеўскі касцёл Марыі).

Тэатр. У еўрап. т-ры 2-й пал. 15—16 ст. адбываўся паступовы пераход ад аматарскіх тэатр. формаў, звязаных з патрэбамі каталіцкай царквы, да прафес. т-ра, які існаваў як самастойная эстэт. і эканам. сістэма і абапіраўся на здабыткі ант. тэатр. мастацтва і тэорыю драмы.

Першыя спробы аднаўлення тэатра на ант. ўзор (напачатку стараж.-рымскі) зрабілі італьян. гуманісты. З канца 15 ст. ў Рыме, Ферары, Фларэнцыі на лац., потым і на італьян. мове ставілі творы П.​Тэрэнцыя, Ц.​М.​Плаўта, Л.​А.​Сенекі; на пач. 16 ст. — творы нац. драматургіі («Куфэрак» Л.​Арыёста, «Каляндра» Б.​Давіцы, «Мандрагора» Н.​Макіявелі), якія былі першай формай арыгінальнага рэнесансавага т-ра — італьян. вучонай камедыяй. Потым у рэпертуары з’явіліся трагедыя і пастараль. Пры дварах арыстакратаў, дзе звычайна адбываліся тэатр. паказы, пачыналі ўзводзіць і першыя тэатр. будынкі, арыентаваныя на рэстаўрацыю рымскай традыцыі. Пад уплывам рэнесансавага жывапісу развіваліся перспектыўныя дэкарацыі. З канца 16 ст. фарміруецца прынцыпова новы тып сцэны — сцэна-скрыня, які развіўся ў тэатры барока. Ант. мастацтва паўплывала на традыцыйныя нар. тэатр. формы многіх краін Еўропы, найперш на т-р Італіі, дзе створана камедыя дэль артэ, якая, не маючы сваёй сталай драматургіі, абапіралася на стараж.-рымскія традыцыі імправізацыйнага т-ра масак. У Англіі і Іспаніі ўздым познарэнесансавага еўрап. т-ра звязаны з драматургіяй У.​Шэкспіра, М.​Сервантэса, Лопэ дэ Вэгі. Працэс стварэння нац. т-ра ў Францыі і на ням. землях ішоў запаволена. У эпоху Адраджэння (да пач. 17 ст.) склаліся асн. прынцыпы драматургіі, арганізацыі тэатр. прасторы, акцёрскага майстэрства, функцыянавання тэатр. труп, якія надоўга вызначылі еўрап. тэатр. традыцыі і ў многім захаваліся да сучаснасці.

На Беларусі першыя еўрап. тэатр. формы (літургічная драма, школьны тэатр) з’явіліся ў 16 ст. праз дзейнасць каталіцкай царквы. Пазней, у эпоху барока, яны разам з прыдворным т-рам сталі важнымі кампанентамі бел. тэатр. культуры.

Музыка. У 14 — 1-й пал. 17 ст. ў муз. мастацтве адбыліся істотныя змены.

З’явілася нотадрукаванне, павялічылася роля свецкіх жанраў (шансон, мадрыгал, мадрыгальная камедыя, у канцы 16 ст. — опера, балет), пашырылася аматарскае музіцыраванне, самастойнай стала інстр. музыка (харальныя апрацоўкі, рычэркары, канцоны, прэлюдыі, такаты, фантазіі); адрадзілася цікавасць да танц. мастацтва. У традыцыйных царк. жанрах месе і матэце побач з грыгарыянскімі сталі выкарыстоўваць свецкія мелодыі. З пашырэннем храматызму, фарміраваннем мажору і мінору, гарманічнай функцыянальнасці, устанаўленнем новай трохгучнай канцэпцыі вертыкалі зазнала істотныя змены тэхніка кампазіцыі. На аснове агульнастыліст. заканамернасцяў адбывалася актыўнае фарміраванне нац. школ — нідэрландскай (Г.​Дзюфаі, І.​Окегем, Я.​Обрэхт, Жаскен Дэпрэ), італьян. (Палестрына, К.​Джэзуальда ды Веноза, Л.​Марэнцыо), франц. (К.​Жанекен), ням. (Г.​Фінк, Б.​Рэзінарыус), англ. (Дж.​Данстэйбл, У.​Бёрд), ісп. (К. дэ Маралес, Т.Л. дэ Вікторыя), чэш. (Я.​Т.​Турноўскі, К.​Гарант), польск. (Вацлаў з Шамотул, М.​Гамулка). Тэорыю музыкі развівалі ў Італіі І.​Тынкторыс, у Швейцарыі Гларэан, у Іспаніі Ф.​Салінас і інш.

На Беларусі асн. асяродкамі муз. Адраджэння з’яўляліся брацкія школы, каталіцкія калегіумы, дзе была добра пастаўлена муз. адукацыя, практыкаваліся шматгалосыя харавыя спевы па 5-лінейнай нотнай сістэме. Асн. узорам новага нотнага запісу стаў псалтыр Яна Гуса, які засведчыў з’яўленне нотадрукавання. Пратэстанцкія канцыяналы, выдадзеныя ў Брэсце (зб. «Песні хвал боскіх», 1558), Нясвіжы і Любчы, побач з духоўнымі творамі змяшчалі свецкія песні. Сярод муз. дзеячаў Адраджэння на Беларусі — Вацлаў з Шамотул, Ц.​Базылік, В.​Бакфарк. У гэты час зарадзілася самабытная культура бел. канта, што стала значнай з’явай у прафес. свецкім і царк. мастацтве.

Літ.:

Культура эпохи Возрождения и Реформация. Л., 1981;

Лосев А.Ф. Эстетика Возрождения. М., 1978;

Баткин Л.М. Итальянские гуманисты: Стиль жизни и стиль мышления. М., 1978;

Культурные связи народов Восточной Европы в XVI в.: Проблемы взаимоотношений Польши, России, Украины, Белоруссии и Литвы в эпоху Возрождения. М., 1976;

Горфункель А.Х. Философия эпохи Возрождения. М., 1980;

Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990;

Конон В.М. От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). Мн., 1978;

Сокол С.Ф. Политическая и правовая мысль в Белоруссии XVI — первой половины XVII в. Мн., 1984;

Галенчанка Г.Я. Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Мн., 1993;

Голенищев-Кутузов И.Н. Итальянское Возрождение и славянские литературы XV—XVI веков. М., 1963;

Саверчанка І.В. Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палова XVII ст. Мн., 1992;

Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979;

Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925. Мн., 1926;

Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці. Мн., 1975;

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII ст. Мн., 1984;

Шрамкова Г. Искусство Возрождения: Италия, Нидерланды, Германия, Франция: [Альбом]. М., 1977;

Бенеш О. Искусство Северного Возрождения: Пер. с англ. М., 1973;

Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Мн., 1928;

Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1. Мн., 1987;

Чантурыя В.А. История архитектуры Белоруссии. 2 изд. Мн., 1977;

Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI—XVII вв. Мн., 1988;

Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978;

Бернсон Б. Живописцы итальянского Возрождения: Пер. с англ. М., 1965;

Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. М., 1975;

Евдокимова Ю.К., Симакова Н.А. Музыка эпохи Возрождения. М., 1982.

С.​А.​Падокшын (агульная частка, філасофія, літаратура), А.​Ю.​Хадыка (выяўл. мастацтва і арх.), В.​М.​Арэшка (тэатр).

Да арт. Адраджэнне. С.​Батычэлі. Вясна. Каля 1477-78.
Да арт. Адраджэнне. Мікеланджэла. П’ета. 1498-1500.
Да арт. Адраджэнне. Леанарда да Вінчы. Мадонна ў скалах. Каля 1497—1511.
Да арт. Адраджэнне. Рафаэль. Мадонна з шчыглянём. 1507.
Да арт. Адраджэнне. Джарджоне. Навальніца. 1506—07.
Да арт. Адраджэнне. П.​Перуджына. Мадонна з дзіцем і святымі. 1496.
Да арт. Адраджэнне. Замак Шамбор у Францыі. Арх. Ж. і Д.​Сурдо, П.​Нево і інш. 1519—40.
Да арт. Адраджэнне. Сабор Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі. Купал арх. Ф.​Брунелескі. 1420—36.
Да арт. Адраджэнне. Палац Дукале ва Урбіна (Італія). Унутраны двор. Каля 1470—1653.
Да арт. Адраджэнне. Г.​Гольбейн Малодшы. Партрэт Ш.​Марэта. 1536.
Да арт. Адраджэнне. А.​Дзюрэр. Чатыры коннікі. «Апакаліпсіс». Гравюра на дрэве. 1498.
Да арт. Адраджэнне. Апостал. Дрэва. Канец 16 ст. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Да арт. Адраджэнне. Фрагмент арната з Пінска. Канец 15—16 ст.
Да арт. Адраджэнне. Партрэт Грызельды Сапега. Невядомы мастак. 1630-я г. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Да арт. Адраджэнне. Партрэт Юрыя Радзівіла. Мастак невядомы. 1590-я г. Нацыянальны мастацкі музей.
Да арт. Адраджэнне. Тройца. Гравюра Ф.​Скарыны з кнігі «Быццё». 1519.
Да арт. Адраджэнне. Тэатральны паказ на плошчы ў Лувене (Бельгія). З гравюры 1594.
Да арт. Адраджэнне. Кальвінскі збор у г. Смаргонь Гродзенскай вобласці. 16 ст. (злева); Спаса-Праабражэнская царква ў г. Заслаўе. 2-я пал. 16 ст.
Да арт. Адраджэнне. Пацір. Канец 15 — пач. 16 ст. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі (злева); заслаўская кафля. Сярэдзіна 16 ст.
Да арт. Адраджэнне. Майсей перад народам. Гравюра Ф.​Скарыны з тытульнага ліста кнігі «Другі закон». 1519.

т. 1, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎСТРЫЯ (Österreich),

Аўстрыйская Рэспубліка (Republic Österreich), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на Пн з ФРГ і Чэхіяй, на У з Славакіяй і Венгрыяй, на Пд з Славеніяй і Італіяй, на З з Швейцарыяй і Ліхтэнштэйнам. Пл. 83,8 тыс. км², нас. 8 млн. чал. (1994). Афіц. Мова — нямецкая. Сталіца — г. Вена. Складаецца з 9 федэратыўных адзінак — зямель: Бургенланд, Карынтыя, Ніжняя Аўстрыя, Верхняя Аўстрыя, Зальцбург, Штырыя, Ціроль, Форарльберг, да зямлі прыраўнаваны г. Вена. Нац. свята — гадавіна прыняцця закону аб нейтралітэце (26 кастр.).

Дзяржаўны лад. Паводле федэральнага канстытуцыйнага закону 1920 у рэдакцыі 1929 Аўстрыя — дэмакр. парламентарная і федэратыўная рэспубліка. На чале дзяржавы — федэральны прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 6 гадоў. Вышэйшы орган заканад. улады — парламент, які складаецца з 2 палат: Нац. савета (183 дэпутаты, выбіраюцца на 4 гады) і Федэральнага савета (63, прызначаюцца ландтагамі — парламентамі зямель). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з федэральным канцлерам, якога прызначае прэзідэнт. Кожная зямля мае сваю канстытуцыю.

Прырода. Аўстрыя — пераважна горная краіна. 70% тэрыторыі займаюць Усх. Альпы, 10% — ускраінныя ўзвышшы Чэшскага масіву (на Пн ад Дуная), 20% — узгорыстыя і раўнінныя мясцовасці (на ПнУ і У). Найб. вышынёй і расчлянёнасцю вылучаюцца Альпы на З краіны, дзе ў масіве Высокі Таўэрн найвыш. пункт г. Гросглокнер (3797 м). Снегавая лінія на выш. 2500—2800 м, ёсць ледавікі. З перавалаў найважнейшы Брэнер (1371 м) на З краіны, праз які (у тунэлях) праходзяць чыгунка і шаша з ФРГ у Італію. Карысныя выкапні: магнезіт, графіт, вальфрамавая руда, невял. запасы нафты, прыроднага газу, бурага вугалю, жал., свінцова-цынкавай і меднай рудаў і інш. Мінеральныя крыніцы. Клімат раўнін і перадгор’яў умераны (сярэдняя т-ра студз. ад -1 да -5 °C, ліп. 17—19 °C). Ападкаў 600—1000 мм, у гарах да 1500—2000 мм за год. Амаль усе рэкі Аўстрыі (Ін, Зальцах, Энс, Драва, Марава і інш.) належаць бас. Дуная (даўж. ў межах Аўстрыі 350 км). Вял. азёры Бодэнскае, Нойзідлер-Зе. Пад лясамі каля 40% краіны. На схілах гор да ўзроўню 600 м сады і вінаграднікі, да 2000—2200 м лясы (дуб, бук, елка, піхта, лістоўніца), вышэй субальпійскія і альпійскія лугі.

Насельніцтва. Каля 97% — аўстрыйцы. Ёсць славенцы, харваты, чэхі, венгры, яўрэі. Паводле веравызнання больш за 90% католікаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 95 чал. на 1 км², ва ўсх. ч. — каля 200 чал. на 1 км², у горных раёнах — каля 15—20 чал. на 1 км². З агульнай колькасці насельніцтва, занятага ў нар. гаспадарцы (каля 3,4 млн. чал. у 1990), у прам-сці і на буд-ве 37%, у сельскай і лясной гаспадарках 8%, у гандлі і на транспарце 24%; астатнія пераважна ў сферы абслугоўвання. У гарадах жыве больш за ​2/3 насельніцтва. Буйнейшыя гарады (тыс. ж., 1991): Вена (1600), Грац (232,2), Лінц (203), Зальцбург (144), Інсбрук (115).

Гісторыя. Чалавек на тэр. Аўстрыі жыве з эпохі палеаліту. У апошнія стагоддзі да нашай эры тут пераважалі кельцкія плямёны. З канца 1 ст. да нашай эры да 5 ст. нашай эры тэр. Аўстрыі ў складзе Рымскай імперыі. З пач. 6 ст. ў прыдунайскай і прыальпійскай абласцях (сучасныя Ніжняя і Верхняя Аўстрыя, Зальцбург, Паўн. і Паўд. Ціроль) пасяляліся бавары, на У краіны ў час існавання там Аварскага каганата (гл. Авары) — славяне (славенцы). Пасля ўключэння баварскіх уладанняў у склад Франкскай дзяржавы і разгрому авараў Карл Вялікі стварыў на тэр. сучаснай Ніжняй Аўстрыі пагранічную вобласць (марку) і назваў яе Аварскай. У 9 ст. яна трапіла пад уладу венграў. Пасля іх паражэння ў 955 на р. Лех (каля сучаснага г. Аўгсбург у ФРГ) ад войска герм. караля Атона I была адноўлена як Усходняя марка. У 996 яна ўпершыню названа Аўстрыяй (Ostarrîchi — Усходняя імперыя). У 976 створана герцагства Карынтыя, ад яго ў 1180 аддзялілася герцагства Штырыя, у 13 ст. ўтварылася графства Ціроль. Годам заснавання Аўстр. дзяржавы лічыцца 1156, калі баварская Усх. марка (Ніжняя Аўстрыя) стала самаст. герцагствам. Першымі правіцелямі Аўстрыі былі Бабенбергі (976—1246), якія далучылі тэр. сучаснай Верхняй Аўстрыі (12—13 ст.) і Штырыі (1192). Пасля спынення дынастыі Бабенбергаў іх уладанні трапілі да чэш. караля Атакара II Пшэмысла, у 1278 іх заваяваў Рудольф I Габсбург (з 1273 герм. кароль). З 1282 герцагствы Аўстрыя і Штырыя сталі леннымі ўладаннямі сыноў Рудольфа. Пазней Габсбургі (правілі ў Аўстрыі да 1918) набылі Карынтыю і Крайну (1335), Ціроль (1363), Унутр. Істрыю (1374), Трыест (1382), Герц (1500). З 1453 Аўстрыя — эрцгерцагства. У 1438—1806 землі Аўстрыі былі цэнтрам «Свяшчэннай Рымскай імперыі» на чале з Габсбургамі. У выніку дынастычных шлюбаў Максіміляна I і яго сына Філіпа Прыгожага Габсбургі набылі ўладу над Нідэрландамі і Іспаніяй разам з яе калоніямі, у 1526 атрымалі ў спадчыну землі венг. і чэш. карон. Унук Максіміляна Карл V (з 1519 імператар) зрабіў наследнікам аўстр. уладанняў свайго малодшага брата Фердынанда (з 1556 імператар), які стаў заснавальнікам аўстр. лініі Габсбургаў. У 16—18 ст. цэнтр. праблема знешняй палітыкі Аўстрыі — барацьба з Асманскай імперыяй (гл. Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.). Шырокі водгук у Аўстрыі мела Рэфармацыя: імператар Максімілян II (1564—76) даў аўстр. дваранам свабоду веравызнання. Аднак пры Рудольфе II (1576—1612) краіна стала апорай каталіцызму і Контррэфармацыі ў Цэнтр. Еўропе. Антыпратэстанцкая палітыка Габсбургаў у Чэхіі прывяла да Трыццацігадовай вайны 1618—48 і паслаблення пратэстантызму. Вестфальскі мір 1648 захаваў пазіцыі Габсбургаў у Аўстрыі, якая стала пераважна каталіцкай дзяржавай. У 1687 аўстр. Габсбургі атрымалі ў спадчыну венг. карону і стварылі аўстра-венг. «падвойную манархію». У выніку вайны за іспанскую спадчыну 1701—14 імператар Карл VI далучыў да Аўстрыі ісп. ўладанні ў Нідэрландах і Італіі. Пасля яго смерці (1740) актуальнасць набыло пытанне пра аўстрыйскую спадчыну, паколькі не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі, а супраць перадачы кароны дачцэ Карла VI Марыі Тэрэзіі выступілі Прусія, Баварыя, Саксонія, Францыя і Іспанія. У выніку вайны 1740—48 Аўстрыя страціла Сілезію і землі ў Італіі (Парма, П’ячэнца). На троне Аўстрыі замацавалася Марыя Тэрэзія, якая рэфармавала дзярж. кіраванне ў чэш. і аўстр. спадчынных землях. Яе сын Іосіф II (1780—90) скасаваў прыгон, секулярызаваў уласнасць царквы. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай да Аўстрыі адышлі Галіцыя (1772) і Букавіна (1795). У канцы 18 — пач. 19 ст. Аўстрыя (з 1804 Аўстр. імперыя) удзельнічала ў войнах з рэвалюцыйнай, потым напалеонаўскай Францыяй, у стварэнні Свяшчэннага Саюза 1815. Нявырашаныя сац. і нац. праблемы ўнутры краіны выклікалі рэвалюцыю 1848—49 у Аўстрыі. Пасля яе паражэння аўстр. ўлады правялі ў 1850-я г. шэраг рэформаў, у т. л. аграрную. Саперніцтва з Прусіяй за гегемонію ў Германіі скончылася паражэннем Аўстрыі ў аўстра-прускай вайне 1866. У 1867 Аўстр. імперыя пераўтворана ў двухадзіную манархію Аўстра-Венгрыю. З распадам Аўстра-Венгрыі і адрачэннем ад трона імператара Карла I дэпутаты ад ням. партый Аўстрыі 21.10.1918 канстытуіраваліся ў Часовы Нац. сход краіны і 12.11.1918 абвясцілі «Нямецкую Аўстрыю» часткай Герм. рэспублікі. З гэтага часу да сак. 1938 існавала Першая Аўстрыйская Рэспубліка. Пад націскам дзяржаў — пераможцаў у 1-й сусв. вайне аўстр. дэлегацыя на чале з канцлерам К.Рэнерам вымушана была прыняць цяжкія ўмовы Сен-Жэрменскага мірнага дагавора 1919: адмовіцца ад Паўд. Ціроля і зямель у Судэцкай вобл., прызнаць новыя дзяржавы (Чэхаславакію, Польшчу, Венгрыю і Каралеўства Сербаў, Харватаў, Славенцаў), адмовіцца ад аншлюса, выплаціць высокія рэпарацыі за развязванне вайны і прычыненыя страты. У пасляваен. час Аўстрыя эканамічна аслабла. Пры канцлеры І.​Сейпелу (з 1921) эканам. заняпад спынены. Пад гарантыі Лігі нацый Аўстрыя атрымала ад Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і Чэхаславакіі вялізныя пазыкі. Дзякуючы знешняй палітыцы канцлера І.​Шобера (1929—30) Аўстрыя дамаглася адмены ўсіх рэпарацыйных абавязацельстваў, палепшыла адносіны з Італіяй і Венгрыяй. Але беспрацоўе, працяглыя парламенцкія крызісы, правал у 1931 мытнага саюзу з Германіяй і інш. сталі прычынай уступлення часткі грамадзян Аўстрыі ў Саюз франтавікоў і Хаймвер. У процівагу ім левыя сілы ўзмацнілі «Шуцбунд». Канцлер Э.Дольфус забараніў дзейнасць у Аўстрыі нацыянал-сацыялістаў і іх паўваен. арг-цый. У лют. 1934 «Шуцбунд» (таксама забаронены) падняў паўстанне, якое задушылі Хаймвер і ўрадавыя войскі. У ліп. 1934 адбыўся няўдалы путч аўстр. фашыстаў, у час якога забіты Дольфус. Новы канцлер К.Шушніг пад націскам Гітлера і яго прыхільнікаў у Аўстрыі вымушаны быў перадаць уладу А.​Зейс-Інкварту, які даў згоду на аншлюс. 12.3.1938 герм. войскі акупіравалі Аўстрыю, і яна абвешчана адной з зямель Германіі пад назвай «Усходняя марка». У 1939—45 у складзе ням.-фаш. войскаў знаходзілася больш за 1,5 млн. аўстрыйцаў, на тэр. Аўстрыі дзейнічала больш за 600 ваен. прадпрыемстваў, існаваў канцлагер Маўтгаўзен. 13.4.1945 сав. Войскі вызвалілі Вену (святкуецца як дзень незалежнасці Аўстрыі), да пач. мая 1945 уся тэр. Аўстрыі занята войскамі антыгітлераўскай кааліцыі. Пытанне пра аднаўленне незалежнай Аўстрыі вырашана на падставе Маскоўскай дэкларацыі саюзнікаў ад 1.11.1943. Новаўтвораны ўсепартыйны ўрад К.​Рэнера 27.4.1945 абвясціў незалежнасць Другой Аўстрыйскай Рэспублікі. У 1946 і 1953 саюзныя дзяржавы (СССР, ЗША, Вялікабрытанія і Францыя) добраахвотна змякчылі акупац. рэжым у Аўстрыі.

На першых пасляваен. выбарах у Нац. савет краіны (восень 1945) перамаглі Аўстр. нар. партыя (АНП) і сацыял-дэмакраты. З 1951 прэзідэнт Аўстрыі выбіраецца ўсенародна. Унутр. палітыка пасляваен. Аўстрыі была скіравана на аднаўленне эканомікі. Нацыяналізаваны энергетыка і горная прамысловасць. Дапамога паводле Маршала плана, паспяховая барацьба з інфляцыяй, дзярж. інвестыцыі і інш. спрыялі эканам. росту краіны. Поўны дзярж. суверэнітэт Аўстрыі замацаваны Дзярж. дагаворам ад 15.5.1955 паміж СССР, ЗША, Францыяй, Вялікабрытаніяй і Аўстрыяй. Нейтралітэт краіны зафіксаваны законам ад 26.10.1955. Да 1966 аўстр. ўрады фарміраваліся з кааліцыі АНП і сацыял-дэмакратаў, пасля — папераменна. На пач. 1980-х г. у Аўстрыі назіраўся эканам. спад. У 1986 створаны ўрад вял. кааліцыі на чале з Ф.Враніцкім, які пасля выбараў 1990 захаваў і пасаду федэральнага канцлера. У маі 1992 федэральным прэзідэнтам Аўстрыі выбраны Т.Клесціль. Аўстрыя — член ААН (з 1955) і інш. міжнар. арг-цый. Дыпламатычныя адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы: Сацыял-дэмакр. партыя Аўстрыі (засн. ў 1991), Аўстр. нар. партыя (засн. ў 1945), Аўстр. партыя свабоды (засн. ў 1955), партыя «Зялёная альтэрнатыва» (засн. ў 1987), Аўстр. аб’яднанне прафсаюзаў (створана ў 1945).

Гаспадарка. Аўстрыя належыць да найб. развітых краін Еўропы. У апошнія гады яе эканоміка развіваецца параўнальна хуткімі тэмпамі. У структуры валавога ўнутр. прадукту на долю прамысловасці прыпадае каля 30%, буд-ва — каля 7, сельскай і лясной гаспадарак — каля 3, транспарту і сувязі — каля 6, гандлю — каля 16, сферы паслуг — 38%. Горназдабыўная прамысловасць базіруецца на невялікіх, але разнастайных рэсурсах карысных выкапняў. Здабыча жал. руды, магнезіту, бурага вугалю, графіту, свінцова-цынкавай і вальфрамавай рудаў, каменнай солі. Здабыча нафты складае 1,2 млн. т (1991). Дзейнічае нафтаперапр. з-д (Швехат), дзе перапрацоўваюць айч. і імпартную (з краін Б.​Усходу) нафту, якая паступае па нафтаправодзе з Трыеста (Італія). Аўстрыя ўвозіць каменны і буры вугаль, прыродны газ. Вытв-сць электраэнергіі складае 49,5 млрд. кВт∙гадз (1992), большую палавіну яе даюць ГЭС у горных раёнах (найб. на рэках Ін, Зальцах, Дунай). Каля Вены працуе АЭС. Частка электраэнергіі экспартуецца ў ФРГ, Італію, Швейцарыю. Вытв-сць чыгуну 3,5 млн. т, сталі 4,3 млн. т, пракату 3,7 млн. т (1991; асн. цэнтры Лінц і Леобен). Значная ч. чорных металаў ідзе на экспарт, легіравальныя металы і кокс імпартуюцца. Важнае значэнне мае вытв-сць алюмінію (Рансгофен). У невял. аб’ёмах выплаўляюць медзь і свінец. Машынабудаванне сканцэнтравана пераважна ў Вене, Грацы, Лінцы, Штайры. Вырабляецца абсталяванне для лёгкай і харч. прамысловасці, электраэнергетыкі, хатняй гаспадаркі. Развіты трансп. машынабудаванне і галіны ляснога комплексу (нарыхтоўка драўніны, вытв-сць цэлюлозы, паперы і кардону). Хім. прам-сць прадстаўлена вытв-сцю мінер. угнаенняў (0,3 млн. т у 1991), хім. валокнаў і нітак (200 тыс. т), сінт. смолаў і пластмасаў (920 тыс. т); буйнейшыя цэнтры — Лінц (азотныя ўгнаенні), Ленцынг (штучныя валокны, віскозны шоўк). На Пд ад Вены і на З краіны прадпрыемствы тэкст. (170 млн. м² тканін у 1990), гарбарна-абутковай (17,2 млн. пар абутку ў 1991), швейнай шкляной прам-сці. Сельская гаспадарка. Аўстрыя амаль цалкам забяспечвае патрэбы насельніцтва ў большасці відаў с.-г. прадукцыі, па асобных відах мае значныя экспартныя лішкі. С.-г. землі займаюць каля палавіны тэр. Аўстрыі, з іх каля 40% ворыва, 38 лугі і пашы, 22% альпійскія лугі. Асноўныя вытворцы таварнай прадукцыі — фермы памерам больш як па 100 га, пераважна ў даліне Дуная і на У. Больш за ​2/3 прадукцыі дае жывёлагадоўля. Пагалоўе (млн. гал., 1991): буйн. раг. жывёлы 2,5, свіней 3,6. Развіта птушкагадоўля. Земляробства характарызуецца спалучэннем паляводства, агародніцтва, садоўніцтва, вінаградарства. У пасевах пераважаюць збожжавыя (пшаніца, жыта, кукуруза), кармавыя, бульба і тэхн. культуры, у т. л. цукр. буракі. Збор (млн. т, 1990): пшаніцы 1,4, бульбы 0,9, цукр. буракоў 2,8. Большая ч. пасяўных плошчаў, садоў і вінаграднікаў ва ўсх. ч. краіны, асн. ч. лугоў і пашы ў зах. горных раёнах. Транспарт. У агульным грузаабароце асн. роля належыць чыг. транспарту. Даўж. чыг. сеткі 6350 км (1990), з іх большая палавіна электрыфікавана. Гал. чыг. вузлы — Вена, Лінц, Інсбрук. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 107 тыс. км (1989). У Аўстрыі больш за 3 млн. легкавых і 250 тыс. грузавых аўтамашын. Суднаходства па Дунаі і ніжніх участках яго прытокаў. Агульная даўж. суднаходных водных шляхоў каля 1,7 тыс. км. Аўстрыя — вузел паветр. шляхоў паміж У і З, Пн і Пд Еўропы. Буйнейшы з 9 міжнар. аэрапортаў — Швехат каля Вены. Замежны турызм (зімовы і летні, каля 15 млн. чал. штогод) — адна з найб. прыбытковых галін эканомікі (штогадовыя паступленні больш за 160 млрд. шылінгаў). Аўстрыя гандлюе больш як са 150 краінамі свету. Каля 65% экспарту і 68% імпарту прыпадае на краіны — члены Еўрап. супольніцтва, каля 10% экспарту і 7% імпарту — на Еўрап. аб’яднанне свабоднага гандлю. Асн. гандл. партнёры — ФРГ (каля 40%), Італія і Швейцарыя; доля краін СНД — каля 2%. Беларусь экспартуе ў Аўстрыю нафтапрадукты, азотныя ўгнаенні, халадзільнікі, трактары; імпартуе з Аўстрыі цукар, збожжа, гербіцыды, легкавыя аўтамабілі і аўтобусы, вылічальныя машыны, мед. прылады і інструменты, абутак і інш. На Беларусі заснавана 36 сумесных бел.-аўстр. прадпрыемстваў (1993). Грашовая адзінка Аўстрыі — аўстрыйскі шылінг.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухапутных войскаў і ВПС. Узначальвае ген. інспектар (прафесійны вайсковец), які падпарадкоўваецца міністру нац. абароны (цывільная асоба, прадстаўнік кіруючай партыі). У ваен. час вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Ва ўзбр. сілах 44 тыс. чал. (1991). Сухапутных войскаў 38 тыс. чал., у т. л. сіл пастаяннай баявой гатоўнасці 15 тыс. чал. На ўзбраенні танкі, артылерыя, стралк. зброя і інш. У ВПС 6 тыс. чал.; на ўзбраенні баявыя і трансп. самалёты, верталёты. Камплектуюцца ўзбр. сілы на аснове воінскай павіннасці (прызыўны ўзрост 18 гадоў) і па найме (узрост 17 гадоў). Тэрмін вайск. службы для прызыўнікоў 6 месяцаў, для рэзервістаў 60 дзён. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміі і шэрагу ваен. школ; радавы і малодшы камандны склад — у навуч. цэнтрах і непасрэдна ў часцях і падраздзяленнях.

Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя падпарадкавана мін-ву аховы здароўя і навакольнага асяроддзя, у якое ўваходзяць 14 ведамстваў, адказных за сан.-эпідэміял. стан краіны і кантроль за лек. прэпаратамі. Страхавы фонд, што ствараецца з адлічэнняў работадаўцаў, аплачвае выдаткі па мед. дапамозе насельніцтву і знаходжанне ў шпіталі. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць — 6,7 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 70, у жанчын 77 гадоў (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Аўстрыі ўключае: дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў, 8-гадовыя нар. агульнаадук. школы абавязковага навучання 1-й і старэйшай (гал. школы) ступеняў, сярэднія агульнаадук. павышаныя школы 3 тыпаў (гімназіі, рэальныя гімназіі, жаночыя эканам. рэальныя гімназіі), прафес. навуч. ўстановы, ВНУ. Навучанне ў нар. школах сумеснае, у гімназіях — раздзельнае. Існуюць прыватныя школы, пераважна канфесійныя (каталіцкія). У 1985/86 навуч. г. ў Аўстрыі: 3,6 тыс. дашкольных дзіцячых устаноў (175 тыс. дзяцей); 4,9 тыс. школ, у т. л. 3,4 тыс. 1-й ступені (341,9 тыс. вучняў), 1218 гал. школ (285, 5 тыс. вучняў), 316 павышаных школ (170 тыс. навучэнцаў); 30 ВНУ (160,9 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты ў Вене (з 1365), Грацы (з 1585), Зальцбургу (з 1622, адноўлены ў 1962), Інсбруку (з 1669), вет.-мед. ун-т у Вене (з 1767), тэхн. ун-ты ў Грацы (з 1811) і Вене (з 1815) і інш. Акадэмія выяўл. мастацтваў у Вене (з 1692), ін-ты сусв. гандлю, с.-г. ў Вене, сац.-эканам. навук у Лінцы. Найбольшыя б-кі: Нацыянальная ў Вене, універсітэцкія ў Вене, Грацы, Інсбруку. Музеі: Аўстр. галерэя; збор карцін Акадэміі выяўл. мастацтваў; Мастацка-гістарычны; Гістарычны ў Вене; музеі Л.​Бетховена, І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, Ф.​Шуберта і інш. Навук. даследаванні вядуцца ў Аўстрыйскай АН (з 1847), ва ун-тах, даследчых цэнтрах, навук. т-вах.

Друк, радыё, тэлебачанне. У Аўстрыі каля 2500 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Neue Kronen Zeitung» («Новая каралеўская газета», з 1900), «Kurier» («Кур’ер», з 1954), «Die Presse» («Прэса», з 1848). Агенцтвы друку: Аўстрыя Прэсэ Агентур (АПА, з 1946), Католішэ Прэсэ Агентур (КАТПРЭС, з 1946). Радыё дзейнічае з 1924, тэлебачанне — з 1954. У 1960 створана Эстэррайхішэр Рундфунк унд Фэрнзэер (ОРФ), якая з 1974 мае статус грамадскага радыё і тэлебачання. ОРФ мае федэральную структуру. Яе дзейнасцю кіруе савет, куды ўваходзяць прадстаўнікі гал. Паліт. партый, урада, грамадскасці і Цэнтр. рады супрацоўнікаў ОРФ. Радыё ОРФ трансліруе 3 агульнанац., 9 мясц. праграм, праграму для іншаземцаў (на англ. і франц. мовах) і для замежжа (на англ., ням., ісп. і эсперанта мовах). Тэлебачанне ОРФ (з 1969 каляровае) вядзе перадачы па 2 агульнанац. праграмах; з 1959 дзейнічае кабельнае тэлебачанне. Аўстрыя належыць да тэлекамунікацыйнай спадарожнікавай сістэмы ІНТЭЛЬСАТ, супрацоўнічае з міжнар. арг-цыяй ІНТЭРСПАДАРОЖНІК, удзельнічае ў стварэнні праграмы спадарожнікавага тэлебачання 3САТ.

Літаратура. У 11—12 ст. у манастырах развівалася духоўная л-ра на лац. мове. У 12—13 ст. у Аўстрыі створаны агульнагерм. помнікі гераічнага эпасу («Песня пра Нібелунгаў», «Плач пра Нібелунгаў», «Дзітрых Бернскі», «Кудрун»), развіваліся мінезанг (гл. Мінезінгеры) і прыдворная рыцарская паэзія (У. фон Ліхтэнштайн). Рэакцыяй на рыцарскую л-ру стала «прыдворная вясковая паэзія» (Н. фон Роенталь). Уздым гарадоў у 13 ст. выклікаў з’яўленне бюргерскай л-ры, скіраванай супраць феадалаў, рыцараў, духавенства (Штрыкер, Вернер-Садоўнік, Г.​Тэйхнер і інш.). Выразнікам ідэй Адраджэння ў аўстр. л-ры стаў паэт, драматург і гісторык К.​Цэльтыс. З 16 ст. л-ра пад уплывам рэакц. палітыкі Габсбургаў і каталіцкай царквы. У канцы 16 — пач. 17 ст. яна стала вылучацца з агульнагерм. рэчышча, набываць нац. рысы. Адметную афарбоўку мела ў Аўстрыі культура барока, якая прадвызначыла развіццё л-ры па шляху сінтэзу каталіцызму і асветніцкага рацыяналізму: «Запіскі аб маскоўскіх справах» З.​Герберштэйна, пропаведзі і духоўна-дыдактычныя творы Абрахама а Санкта-Клара, містэрыі і міраклі «тэатра езуітаў», камедыі І.​А.​Страніцкага і інш. У творах 2-й пал. 18 ст. адчуваецца ўплыў ідэй франц. і ням. Асветніцтва (журналісты І.​Рыхтэр і І.​Пецль, паэт А.​Блумаўэр). Буйнейшыя прадстаўнікі рамантызму ў л-ры 1-й пал. 19 ст. — Ф.Грыльпарцэр (пачынальнік самабытнай аўстр. л-ры), Н.Ленаў з яго цягай да бідэрмеера («камернага» рэалізму). Бідэрмеер расквітнеў у венскім нар. т-ры (драматургія Ф.​Раймунда і І.​Н.​Нестрая). У 2-й пал. 19 ст. ўзмацніліся тэндэнцыі крытычнага рэалізму (творы Нестрая, А.​Штыфтэра, Л.​Анцэнгрубера). У творчасці Ф. фон Заара, П.​Розегера, М. фон Эбнер-Эшэнбах, Л.​Захер-Мазаха і інш. проціборствуюць рэаліст. і натуралістычныя тэндэнцыі. На мяжы 19—20 ст. узніклі разнастайныя літ.-эстэт. канцэпцыі і кірункі. На развіццё л-ры уплывалі махізм, фрэйдызм, неапазітывізм, фенаменалогія Э.​Гусерля, «дыялектычная фізіягноміка» Р.​Каснера, «містычны іудаізм» М.​Бубера, ідэалогія сіянізму Т.​Херцля. Тэарэтыкам мадэрнісцкіх плыняў стаў пісьменнік і крытык Г.​Бар. У канцы 19 ст. на літ. арэну выйшаў імпрэсіянізм (П.​Альтэнберг). Пераадольваючы неарамант. дэкаданс і эстэтызм, у рэаліст. кірунку развівалася творчасць прадстаўнікоў венскай школы мадэрну (Г. фон Гофмансталь, А.Шніцлер, Альтэнберг). Вяршыня нямецкамоўнай і еўрап. лірыкі пач. 20 ст. — паэзія Р.М.Рыльке. У рэчышчы экспрэсіянізму працавалі Г.Тракль, Ф.​Верфель. З пазіцый класічна-нарматыўнага рэалізму палеміку з экспрэсіяністамі вёў сатырык К.​Краўс, выдавец апазіцыйнага час. «Die Fackel» («Факел», 1899—1936). У перыяд паміж сусв. войнамі развівалася творчасць Ф.Кафкі, С.Цвэйга, Верфеля, Р.Музіля, Г.​Броха, І.Рота, Х. фон Додэрэра, Э. фон Хорвата і інш. Распад Аўстра-Венгрыі, успрыняты імі як трагедыя, спрыяў пошуку новых маст. сродкаў у адлюстраванні рэчаіснасці, глыбокаму пранікненню ў сутнасць грамадскіх адносін. У перыяд далучэння Аўстрыі да гітлераўскай Германіі многія пісьменнікі эмігрыравалі (Цвэйг, Рот, Музіль, Брох). У пасляваен. час найб. значныя дасягненні звязаны з творчасцю паэтаў філас. складу П.​Цэлана і І.Бахман. Пасля «Новай хвалі» і ўспышкі неаавангардызму ў 1970-я г. аўстр. літаратары вярнуліся да рэаліст. прыёмаў (Т.​Бернхард, П.​Хандке, Б.​Фрышмут). З гуманіст. пазіцый выступілі Г.​Айзенрайх, Ф.​Каін, К.​Буста.

На бел. мове выйшлі асобнымі выданнямі: «Санеты Арфею» (1982) Рыльке, «Зірні ў паток» (1991) Ленаў, «Пякучая таямніца» (1994) Цвэйга. У бел. перыёдыцы друкаваліся паасобныя творы В. фон дэр Фогельвайдэ, Рыльке, Ленаў, Тракля, В.​Томана, Верфеля, Т.​Крамера, Ф.​Хабека, Кафкі, Цвэйга і інш. На бел. мову іх перакладалі В.​Сёмуха, М.​Навіцкі, А.​Зарыцкі, М.​Танк, Л.​Баршчэўскі, У.​Чапега.

Архітэктура. У ант. перыяд тут будавалі крэпасці рым. гарнізонаў з форумам у цэнтры, акведукамі, тэатрамі, храмамі, тэрмамі. У сярэднявеччы напачатку панаваў раманскі стыль (базілікі ў Гурку і Зекаў, 11—13 ст.), потым гатычны (сабор св. Стэфана, 1340—1435, царква Санкт-Марыя-ам-Гештадэ ў Вене і замак Рабенштайн у Ціролі, 12 ст.). У эпоху Адраджэння вызначальнымі тыпамі пабудоў былі бюргерскія дамы і муніцыпальныя будынкі, упрыгожаныя рэнесансавым дэкорам і кампазіцыямі ў тэхніцы сграфіта. У гарадах ствараліся рыначныя плошчы з ратушай, вежай з гадзіннікам і званамі. У эпоху барока (17—18 ст.) вакол Вены будаваліся палацы, якія разам з рэгулярнымі садамі стваралі адкрытыя ансамблі; асабліва вылучаюцца Бельведэр (арх. І.​Л.​Гільдэбрант) і пабудовы І.​Б.​Фішэра фон Эрлаха. Велічныя палацы, манастыры і цэрквы пабудаваны ў правінцыяльных гарадах (Зальцбург, Мельк і інш.). У 2-й пал. 18 ст. архітэктары Аўстрыі пераймалі прынцыпы франц. класіцызму (паркавыя збудаванні «Гларыета» ў Шонбруне). У 1850—80-я г. ў Вене на месцы крапасных валоў і ўздоўж іх пабудавана шырокая кальцавая магістраль Рынгштрасэ са шматкватэрнымі жылымі дамамі, дамамі палацавага тыпу, грамадскімі будынкамі. Параднасць т.зв. «стылю Рынгштрасэ» паўплывала на ўсталяванне эклектызму ў еўрап. архітэктуры. З канца 19 ст. супраць засілля эклектызму выступілі прадстаўнікі венскага мадэрну, якія ўваходзілі ў аб’яднанне «Венскі Сецэсіён» (І.​Ольбрых, О.​Вагнер, І.​Гофман) і стварылі свой варыянт стылю мадэрн. Адмаўленне ад дэкар. празмернасці мадэрну, імкненне да геам. прастаты і яснасці аб’ёмаў найб. выявілася ў творчасці арх. А.​Лоза. Для архітэктуры 1920—30-х г. характэрны рацыянальная планіроўка жылых масіваў, рабочых пасёлкаў, грамадскіх будынкаў (Ф.​Шустэр, І.​Франк), нац. рамантыка (К.​Гольцмайстэр). У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваюць дасягненні «Сецэсіёна», прыёмы і метады функцыяналізму, што вядзе да стварэння унікальных арх. аб’ектаў (гар. зала універсальнага прызначэння Штатгале ў Вене і інш.).

Выяўленчае мастацтва. На тэр. Аўстрыі выяўлены шматлікія помнікі мастацтва палеаліту і неаліту (у т. л. «Венера з Вілендорфа»), керамічныя і бронзавыя вырабы часоў гальштацкай культуры, узоры мастацтва кельтаў, рымскай эпохі (1 ст. да нашай эры — 5 ст. нашай эры). Вядомы фрэскавыя цыклы ў Зальцбургу, рукапісы, упрыгожаныя мініяцюрамі («Евангелле Бертольда», каля 1050). У скульптуры доўга захоўвалася арнаментальна-плоскасная трактоўка фігур. У гатычнай скульптуры і станковым жывапісе ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі. У статуях сабора св. Стэфана ў Вене (каля 1375—90) прыкметнае ўздзеянне мастацтва кола П.Парлера. З 15 ст. выяўляюцца рысы Адраджэння (творы скульпт. Я.​Кашаўэра, жывапісца Р.​Фруаўфа Старэйшага, асабліва М.Пахера). У 16 ст. пабольшала цікавасць да быт. сюжэта, партрэта, пейзажа, вылучаліся работы майстроў дунайскай школы. Міжнар. прызнанне атрымала мастацтва эпохі барока (17—18 ст.), яго вяршыня — творчасць жывапісца Ф.А.Маўльберча, скульптараў Б.Пермазера, Г.Р.Донера, Ф.​К.​Месершміта. Для рамантызму 19 ст. характэрна цікавасць да дэталяў побыту, імкненне да непасрэднасці і лірычнасці (І.​А.​Кох). Гэтыя рысы развіты прадстаўнікамі бідэрмеера (М. фон Швінд, Ф.Вальдмюлер і інш.). З канца 19 ст. цэнтрам новых плыняў у выяўл. мастацтве стаў «Сецэсіён». Яго вядучы прадстаўнік Г.​Клімт стварыў поўны вытанчанай фантазіі венскі варыянт стылю мадэрн. На пач. 20 ст. сфарміравалася прасякнутая фантастыкай і містыкай творчасць А.​Кубіна. Гал. прадстаўнік экспрэсіянізму — О.Какошка. У 2-й пал. 20 ст. побач з абстракцыянізмам (скульпт. Ф.​Вотруба), т.зв. венскім неасюррэалізмам (жывапісец Э.Фукс) і інш. мадэрнісцкімі плынямі развіваюцца традыцыі рэалізму (творы І.Добраўскі, кола О.Файля і інш.).

Музыка. Да пач. нашай эры на тэр. Аўстрыі асноўнай была культура кельтаў. У 1 ст. да нашай эры — 5 ст. нашай эры пашырыўся эліністычны ўплыў. Да канца 19 ст. аўстр. музыка развівалася па шляху аб’яднання многіх нац. традыцый (аўстр., славенскай, харвацкай, сербскай, мараўскай, чэш., венг., цыганскай, рум., укр., ням., італьян. і інш.). Найб. стараж. формамі аўстр. фальклору з’яўляюцца імітацыйныя песні-іодлі горцаў-пастухоў, рэчытатыўныя песні-прытчы (т.зв. шпрухі). У 19 ст. пашыраны нар. песні і танцы, харавое і інстр. музіцыраванне.

У 8—12 ст. цэнтрамі прафес., у асноўным царк., муз. культуры былі манастыры і храмы, дзе існавалі школы пеўчых і арганістаў. У 12—14 ст. са свецкай муз.-паэт. культуры шпільманаў і вагантаў сфарміраваліся прыдворная капэла і цэх гар. музыкантаў, узнікла прыдворнае мастацтва мінезінгераў. Муз. мастацтва эпохі Адраджэння (14—16 ст.) развівалася пераважна ў прыдворным асяроддзі: засн. Венская прыдворная капэла (1498), муз. капэлы ў Зальцбургу, Інсбруку, Грацы; актывізавалася нотадрукаванне (Вена, Зальцбург, Грац); склаўся і пласт гар. быт. музыкі. У 17 ст. пачалося станаўленне аўстр. т-ра. У 1620 адкрыты т-р у Венскім калегіуме езуітаў, муз.-драм. пастаноўкі якога папярэднічалі оперным спектаклям у Гельбруне і т-ры бенедыкцінскага ун-та ў Зальцбургу. Пад уплывам італьян. музыкі ў сярэдзіне 17 ст. ў Вене створана італьян. прыдворная трупа. У 1708 адкрыты прыдворны т-р, у якім разам з італьян. выступалі і аўстр. спевакі, ставіліся аўстр. оперы. У творчасці аўстр. кампазітараў барока (Г.І.​Ф.​Бібер і Г.​Муфат) упершыню выявілася нац. спецыфіка. У сярэдзіне 18 ст. пашыранымі сталі арыстакратычныя хатнія т-ры і капэлы, канцэртныя аб’яднанні. Муз. цэнтрам Вены стаў «Бургтэатр» (1741). З 1712 у «Кернтнертортэатры» (засн. ў 1709) ставіліся спектаклі венскай муз. камедыі і нац. камічнай оперы — аўстр. зінгшпіля, вяршыня якога — «Чароўная флейта» (1791) В.​А.​Моцарта. У сярэдзіне 18 — пач. 19 ст. ў Вене працавалі прадстаўнікі ранняй венскай (Муфат, Г.​К.​Вагензайль, М.​Мон) і венскай класічнай школы (І.​Гайдн, Моцарт, Л.​Бетховен, блізкі да іх К.​В.​Глюк), якія зацвердзілі класічныя формы сімфоніі, уверцюры, санаты, канцэрта, квартэта і інш. Вял. значэнне для рэфармавання опернага жанру мелі оперы Моцарта («Вяселле Фігера», 1786; «Дон Жуан», 1787), Глюка і Гайдна. «Рэквіем» і меса c-moll Моцарта — кульмінацыя развіцця традыцый аўстр. духоўнай музыкі. У 19 ст. традыцыі венскай класічнай школы прадаўжалі кампазітары-рамантыкі, у т. л. Ф.​Шуберт, І.​Брамс, А.​Брукнер, Г.​Малер. У творчасці сям’і Штраусаў і І.​Ланера зацвердзілася танцавальная музыка, пераважна венскі вальс, і інш. быт. жанры. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. склалася венская аперэта. Яе класічныя ўзоры — «Цудоўная Галатэя» (1865) Ф.​Зупе, «Лятучая мыш» (1874) І.​Штрауса-сына, «Сільва» (1915) І.​Кальмана. Другім муз. цэнтрам Аўстрыі ў сярэдзіне 19 ст. стаў Зальцбург, дзе ў 1841 адкрыты міжнар. цэнтр моцартазнаўства Моцартэум. Вял. ўклад у развіццё муз. культуры Аўстрыі зрабілі Малер і Р.​Штраус, пад кіраўніцтвам якіх у Венскай прыдворнай оперы (з 1918 Венская дзярж. опера) адбыліся прэм’еры многіх значных сучасных опер. У 1922 у Зальцбургу засн. Міжнар. т-ва сучаснай музыкі. Новая венская школа зрабіла моцны ўплыў на развіццё сусв. муз. мастацтва. Яе прадстаўнікі А.​Шонберг, А.​Берг, А.​Веберн распрацоўвалі новыя маст.-эстэт. і тэхніка-кампазіцыйныя прынцыпы (дадэкафонія, серыяльнасць і інш.). Музыка Аўстрыі 20 ст. ўключае розныя кірункі, у т. л. неакласіцызм (Э.​Тытэль, А.​Уль), неафалькларызм (В.​Келер), авангардызм (Э.​Кшэнек), творчасць паслядоўнікаў новай венскай школы (Э.​Велес, Г.​Э.​Апостэль, Г.​Елінек), аўтараў аперэт (Р.​Штольц, Н.​Досталь), опер (Г.​Айнем). Сярод выканаўцаў: дырыжоры К.​Бём, Г.​Караян; піяністы П.​Бадура-Скода, Ф.​Гульда, І.​Дэмус; спевакі Х.​Гюдэн, А.​Дэрмота, І.​Зефрыд, К.​Людвіг, Э.​Шварцкопф. У Вене працуюць Венская дзярж. опера (з 1918), т-р «Фольксопер» (з 1898), Венскі філарманічны аркестр (з 1842), муз. выд-вы, т-вы, Саюз кампазітараў (з 1913), Акадэміі музыкі і сцэнічнага мастацтва ў Вене (з 1817), Грацы (з 1963), Зальцбургу (з 1914), кансерваторыі ў Клагенфурце (з 1931) і Вене (з 1938). У буйных гарадах праводзяцца міжнар. муз. конкурсы і фестывалі.

Тэатр. Станаўленне нац. т-ра ў Аўстрыі пачалося ў 16 ст., калі вандроўныя трупы акцёраў-імправізатараў паказвалі сцэнкі з нар. жыцця, гал. герой якіх — камічны персанаж Гансвурст. У 17—18 ст. у Вене існавалі прыдворны т-р і школьны т-р езуітаў. У 1628 пабудаваны т-р у Інсбруку, пазней — у Грацы, Лінцы, Зальцбургу, Бадэне. У 1712 акцёр і драматург І.​А.​Страніцкі стварыў у Вене пастаянны нар. т-р, у 1741 адкрыты «Бургтэатр», дзейнасць акцёраў і рэжысёраў якога грунтавалася на рэаліст. традыцыях нац. тэатр. мастацтва (у 19 ст. — С.​Шродэр, М.​Корн, Г.​Аншуц, К.​Фіхтнер, І.​Шрэйфогель, Г.​Лаўбе, А.​Зоненталь, І.​Левінскі, Ш.​Вольтэр, Ф.​Дзінгельштэт, у 20 ст. — І.​Кайнц, Р.​Аслан, Э.​Бальзер, К.​Дорш і інш.). У канцы 18 — пач. 20 ст. ў прадмесцях Вены працавалі дэмакр. т-ры, якія працягвалі традыцыі нар. т-ра, а іх акцёры-драматургі Ф.​Раймунд і І.​Н.​Нестрай стварылі своеасаблівы жанр нац. камедыі. У рэпертуары т-раў 19 — пач. 20 ст. пераважалі п’есы аўстр. драматургаў Ф.​Грыльпарцэра, Л.​Анцэнгрубера, Г.​Гофмансталя, А.​Шніцлера, ставіліся і класічныя замежныя творы. У 1920—30-я г. асаблівую вядомасць набыў «Іозефштаттэатр» (засн. ў 1778), якім у 1924—38 кіраваў М.Райнгарт. Пасля 2-й сусв. вайны аднавілі дзейнасць нац. т-ры, у т. л. «Бургтэатр» і «Фольксопер». У 1948 створаны т-р «Скала». З канца 1940-х г. папулярнымі сталі паўпрафесійныя калектывы, т.зв. «келертэатры» («падвальныя тэатры»). Цэнтр тэатр. мастацтва краіны — Вена, дзе знаходзяцца «Бургтэатр», «Штатсопер», «Фольксопер», прыватныя т-ры, Ін-т тэатразнаўства. У Зальцбургу штогод адбываюцца міжнар. тэатр. фестывалі (з 1920).

Кіно. З 1896 у Вене дэманстраваліся фільмы вынаходнікаў кінематографа братоў Люм’ер. Першыя айч. кінастужкі знялі каля 1908 Ф.​Дорман, І.​Якабсан і Г.​Ганус. З 1912 кінавытворчасцю займаліся фірмы «Саша-фільм» і «Вінер Кунстфільм» (рэж. Г.​Марышка і К.​Зоскі). Пасля 1-й сусв. вайны ствараліся пераважна відовішчныя карціны (рэж. А.​Корда, М.​Кертыц). Уклад у экспрэсіянізм зрабілі фільмы Г.​В.​Пабста, Э.​Куна, В.​Краўса, Р.​Віне. З’яўленне гукавога кіно на некалькі гадоў зрабіла Вену сталіцай сентыментальных камедый і муз. фільмаў (рэж. В.​Форст, Г.​Якобі, Марышка, Г. фон Больвары, Э.​В.​Эма; акцёры і спевакі М.​Іорыц, І.​Новатна, З.​Ліндэр, П.​Веселі, В.​Чэхава, М.​Шнайдэр, В.​Альбах-Рэці). Пасля 2-й сусв. вайны ў кіно Аўстрыі працавалі рэжысёры Г.​Койтнер («Апошні мост»), Пабст («Працэс», «Апошняя дзея»); значнае месца па-ранейшаму займалі муз. фільмы («Гераічная сімфонія», «Франц Шуберт», «Улюбёнец Вены») і фільмы-рэвю («Дзіця Дуная», «Залатая сімфонія», «Чароўнае рэвю»). Дэбютавалі рэжысёры К.​Штайнвендэр, Э.​Збоўска, П.​Кубелка. Многія акцёры Аўстрыі выехалі за мяжу (Максімілян і Марыя Шэл, Н.​Тылер, К.​М.​Брандаўэр, Р.​Шнайдэр). З 1966 у Вене кожныя 2 гады адбываецца міжнар. кінафестываль Венале.

Беларусы ў Аўстрыі з’явіліся ў 2-ю сусв. вайну, якая выклікала 3-ю хвалю эміграцыйнага руху. Найб. бел. асяродкі былі ў г. Зальцбург і ў акрузе Рыд. Некаторы час у 1944 на ваен. фабрыцы ў Швадорфе намаганнямі А.​Змагара працавала школа для дзяцей. Тут выкладалі паэт А.​Салавей, мастак П.​Мірановіч. Група бел. літаратараў на чале з Салаўём выдавала ў Зальцбургу часопісы «Пагоня» (№ 1—4, 1946), «З беларускага жыцця» (№ 1—38, 1946—47). У Верхняй Аўстрыі працавалі 2 бел. школы: у Кірхсгайме (1945) і ў лагеры для перамешчаных асоб ДП 701—А Рыд (1948), дзе настаўнікам быў А.​Яцэвіч. З пач. 1950-х г. у Вене дзейнічае т-ва «Родина», якое займаецца культ.-асв. работай сярод выхадцаў з Беларусі, Расіі, Украіны. Узначальвае т-ва А.​Э.​Кухар; яго аддзелы працуюць у Зальцбургу (старшыня Т.​Н.​Гаўрылюк), Інсбруку (старшыня А.​П.​Радл).

Літ.:

Сакалоўскі У.Л. Нямецкая і аўстрыйская літаратура ў Беларусі // Сакалоўскі У.Л. Пара станаўлення. Мн., 1986;

Schmidt A. Dichtung und Dichter Österreich im. 19. und 20. Jahrhundert. Bd. 1—2.Salzburg;

Stuttgart, 1964;

Feuchtmuller R. Kunst in Österreich. Bd. 1—2. Wiena, 1972—73;

Die Kunst der 70-er Jahre in Österreich. Wiena, 1980;

Беккер П. Симфония от Бетховена до Малера: Пер. с нем. Л., 1926;

Черная Е. Моцарт и австрийский музыкальный театр. М., 1963;

Яе ж. Австрийский музыкальный театр до Моцарта. М., 1965.

Ю.​В.​Ляшковіч (прырода, гаспадарка), У.​Л.​Сакалоўскі (літаратура), А.​М.​Гарахавік (музыка), А.​С.​Ляднёва (беларусы ў Аўстрыі).

Герб і сцяг Аўстрыі.
Да арт. Аўстрыя. Ландшафт у паўночным Ціролі.
Да арт. Аўстрыя. Статак кароў на пашы на ўсходзе краіны (зямля Бургенланд).
Да арт. Аўстрыя. Сялянская сядзіба ў Альпах (зямля Зальцбург).
Да арт. Аўстрыя. Вінаграднікі ў даліне Дуная (зямля Ніжняя Аўстрыя).
Да арт. Аўстрыя. Царква на Рынгштрасэ ў Вене. Арх. Г.​Ферстэль. 1856—79.
Да арт. Аўстрыя. Адна з залаў палаца Разумоўскага ў Вене. Арх. Л.​Мантуае. 1805— 11.
Да арт. Аўстрыя. Фрагмент інтэр’ера манастыра ў г. Мельк.
Да арт. Аўстрыя. Марыя-Тэрэзіенштрасэ з калонай св. Ганны (1706) у Інсбруку.
Да арт. Аўстрыя. Панарама Зальцбурга.
Да арт. Аўстрыя. Дом Штайнера ў Вене.
Да арт. Аўстрыя. І.​А.​Кох. Каскад. 1796.
Да арт. Аўстрыя. «Маёлікавы дом» у Вене. Арх. О.​Вагнер. 1898—99.
Да арт. Аўстрыя. Клавікорды венскай работы. Майстар М.​Зейферт. Чырвонае дрэва, бронза. Каля 1810.
Да арт. Аўстрыя. М.​Швінд. Сімфонія. 1840-я г.
Да арт. Аўстрыя. Г.​Клімт. Чырвоныя рыбкі. 1901-02.

т. 2, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)