ДЭКАРАТЫ́ЎНАЯ СКУЛЬПТУ́РА,

скульптура, прызначаная для ўпрыгожвання інтэр’ераў, паркаў, плошчаў, вуліц, будынкаў; адзін са сродкаў эстэт. выхавання чалавека. Уключае скульптуру малых форм, манументальна-дэкаратыўную скульптуру. Удзельнічае ў маст. фарміраванні матэрыяльнага асяроддзя чалавека, уносіць у яго ідэйна-вобразны пачатак. Найб. поўна раскрывае свой змест у ансамблі, для эстэт. арганізацыі якога яна прызначана.

т. 6, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Аляксандр Васілевіч) (н. 23.8.1948, г. Бугульма, Татарстан),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання для харч. прам-сці. Д-р тэхн. н. (1993), праф. (1995). Скончыў Маскоўскі тэхнал. ін-т харч. прам-сці (1971). З 1992 у Магілёўскім тэхнал. ін-це. Навук. працы па тэхналогіях і машынах для мукамольна-крупяной вытв-сці.

т. 7, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКА́ВА-АЛЕ́Й,

алей з насення какавы. Жаўтаватае, прыемнага паху рэчыва. Шчыльн. (пры 40 °C) 920,6 кг/м³. Т-ра плаўлення 30—34 °C. Лік амылення 192—196, ёдны лік 32—38. Выкарыстоўваюць як аснову для лек. свечак, мазей, крэмаў, губной памады; у кандытарскай прам-сці — для вырабу шакаладу і парашку какавы.

т. 7, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЛА́ЗА,

фермент класа аксідарэдуктаз, каталізуе рэакцыю раскладання таксічнага для жывых клетак перакісу вадароду на ваду і кісларод. Малекулярная маса 250 000. Прастэтычная група — гем. Знаходзіцца амаль ва ўсіх клетках і тканках аэробных арганізмаў. З аксідазамі амінакіслот ёсць у субклетачных арганоідах — пераксікомах. Вызначэнне актыўнасці К. ў эрытрацытах выкарыстоўваюць для дыягностыкі ў медыцыне.

т. 8, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУНІНЕ́ЦКІ ЗАВО́Д «ПАЛЕССЕЭЛЕКТРАМАШ».

Пабудаваны ў 1975 у г. Лунінец Брэсцкай вобл. як Лунінецкі з-д электрарухавікоў для сельскай гаспадаркі. З 1979 працуе чыгуналіцейны цэх, з 1990 — цэх каляровага ліцця. Сучасная назва з 1992. Асн. прадукцыя (1999): электрарухавікі трохфазныя асінхронныя і аднафазныя кандэнсатарныя, электраканфоркі для быт. электрапліт, помпы бытавыя цэнтрабежныя, устаноўкі генератарныя.

т. 9, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАЭ́ЛІС Віктар, бел. архітэктар 1-й пал. 19 ст.; прадстаўнік архітэктуры класіцызму. Вучань арх. К.В.Багеміле. У 1826—49 працаваў гродзенскім губ. архітэктарам. Выканаў праекты гандл. радоў у Навагрудку (1835), бальніцы для ніжніх воінскіх чыноў, сіроцкага дома, багадзельні (1849) для Гродзенскай губ., сінагогі на Кобрынскім умацаванні Брэсцкай крэпасці.

В.​Ф.​Марозаў.

т. 10, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСТА́НЦЫЯ электрычная,

электраўстаноўка або сукупнасць эл. устройстваў для пераўтварэння напружання (трансфарматарная падстанцыя) ці роду эл. току (пераўтваральная падстанцыя), а таксама для размеркавання эл. энергіі паміж спажыўцамі. З’яўляецца прамежкавым звяном у сістэме перадачы эл. энергіі ад электрастанцый да спажыўцоў. На электрыфікаваных чыгунках, у метрапалітэнах, на трамвайных і тралейбусных лініях выкарыстоўваюцца цягавыя падстанцыі.

т. 11, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́НТЫ,

маладыя, растучыя, неакасцянелыя рогі дарослых самцоў аленя плямістага і сібірскіх падвідаў аленя высакароднага (ізюбр, марал). Укрыты скурай з кароткім, мяккім, аксаміцістым воласам. Знімаюць з жывых або забітых жывёл, кансервуюць варкай і сушкай. Сыравіна для атрымання лек. сродку — пантакрыну. Для атрымання П. з канца 19 ст. пантавых аленяў гадуюць у няволі.

т. 12, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТЭНЦЫЯМЕ́ТР (ад лац. potentia сіла + ...метр),

1) электратэхнічная прылада з рухомым кантактам, якая выкарыстоўваецца для рэгулявання эл. напружання, а таксама як датчык перамяшчэнняў.

2) Тое, што электравымяральны аўтам. ці ручны кампенсатар. П. магнітны, патэнцыяламетр — прылада (індукцыйная шпуля) для вымярэння рознасці магн. патэнцыялаў (ці магнітарухальнай сілы) паміж двума пунктамі магн. поля.

т. 12, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕЎМАПРЫВО́Д, пнеўматычны выканаўчы механізм,

сілавое прыстасаванне для дыстанцыйнага ўздзеяння (напр., клапанам, засоўкай, кранам) у сістэмах кіравання; выкарыстоўваецца і для прыводу рабочых машын. Паводле характару ўздзеяння адрозніваюць П. з паступальным і вярчальным рухам. Найб. пашыраны П. з паступальным рухам, у якіх перапад ціску паветра пераўтвараецца ў рух (перамяшчэнне поршня ці мембраны).

т. 12, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)