АБКЛА́ДКА падземнага збудавання,

канструкцыя для замацавання падземных вырабатак і ўтварэння ўнутранай паверхні падземных збудаванняў. Форма і памеры абкладкі залежаць ад прызначэння збудавання: для метрапалітэна, вадавода, тунэля, падземнай ГЭС і інш. Бывае апорная (разлічана на ўздзеянне нагрузкі) і абліцовачная (для аховы горных парод ад разбурэння); з маналітнага бетону або жалезабетону, зборнага жалезабетону, металу, таксама і камбінаваная, з абліцоўкай дэкар. матэрыяламі.

Уніфікаваная зборная жалезабетонная абкладка тунэляў метрапалітэна: а — з блокаў кругавога абрысу; б — з прамавугольных блокаў.

т. 1, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛАВУ́ХА бел. мужчынскі галаўны ўбор, зімовая шапка-вушанка з аўчыны або заечага, лісінага, вавёрчынага ці трусінага футра, пацягнутая зверху сукном. Да асновы яе прышывалі 4 крылы (вушы), пярэдняе і задняе падымалі і звязвалі зверху, бакавыя апускалі ці падвязвалі пад падбародкам. Насілі да пач. 20 ст.

Аблавуха.

т. 1, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛАКЦІРО́ЎКА

[ад лац. ab ад + lac (lactis) малако],

спосаб прышчэплівання, пры якім 2 парасткі злучаюцца без аддзялення іх ад мацярынскіх раслін. Праводзіцца ў перыяд вегетацыі кустоў, лепш з мая да пачатку выспявання парасткаў. Пасля поўнага зрошчвання прышчэпак аддзяляецца ад мацярынскай расліны, застаючыся на прышчэпе. Адзін з асн. спосабаў размнажэння культ. сартоў у пладова-ягадных гадавальніках.

т. 1, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛА́М, забарол,

невысокая (каля 1,5 м) надбудова над абарончымі сценамі і вежамі драўляных замкаў Беларусі ў 16—17 ст. Служыў пагрудным прыкрыццём для абаронцаў. Меў выгляд верт. сценкі з 3—7 вянкоў, якая апіралася на кансольныя выпускі бэлек гарадзен, тарасаў і вежаў і выступала за сцены ніжніх ярусаў. Па бэльках насцілаўся верхні баявы мост з падсябіццямі. Прарэзаны байніцамі аблам часам завяршаўся дахам і ствараў крытую баявую галерэю, напр., у Віцебскіх замках.

т. 1, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛАМЕ́ЙКА Сяргей Уладзіміравіч

(н. 24.9.1956, г.п. Воранава Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1992). Скончыў БДУ (1978). З 1978 у Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі, адначасова з 1987 у БДУ. Навук. працы па штучным інтэлекце, апрацоўцы відарысаў і распазнаванні вобразаў, сістэмах машыннага зроку.

Тв.:

Обработка и отображение информации в растровых графических системах. Мн., 1989 (у сааўт.).

т. 1, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛАСНЫ́ ВЫКАНА́ЎЧЫ КАМІТЭ́Т САВЕ́ТАЎ РАБО́ЧЫХ, САЛДА́ЦКІХ І СЯЛЯ́НСКІХ ДЭПУТА́ТАЎ ЗАХО́ДНЯЙ ВО́БЛАСЦІ І ФРО́НТУ, Аблвыкамзах,

першы вышэйшы заканадаўчы (паміж з’ездамі Саветаў) орган сав. улады ў Заходняй вобласці і на Зах. фронце. Дзейнічаў з 26.11(9.12).1917 да 2.1.1919 у Мінску (з 19.2.1918 — у Смаленску). Створаны ў выніку зліцця выканкомаў абласнога Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Савета сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. і Франтавога к-та Зах. фронту; уключаны і 17 прадстаўнікоў прафсаюзаў. Узначальваў ваенна-паліт. і гасп. жыццё Зах. вобласці і фронту. Складаўся з 15 камісарыятаў (аддзелаў). Прэзідыум: старшыня М.У.Рагазінскі, з 30.1.1918 А.Ф.Мяснікоў; таварышы старшыні М.І.Крывашэін, П.Казлоў; сакратары І.Я.Алібегаў, Гарашчук, П.Осіпаў. Для каардынацыі дзейнасці камісарыятаў і вырашэння найб. важных пытанняў створаны Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Друк. органы — газ. «Советская правда», «Западная коммуна». Ліквідаваны ў сувязі са стварэннем Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі.

Літ.:

Нестеренко Е.Н., Осмоловский В.П. Советы Белоруссии, окт. 1917 — янв. 1919 г. Мн., 1989.

т. 1, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛАСНЫ́ СЛО́ЎНІК,

тое, што дыялектны слоўнік.

т. 1, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛАСНЫ́ СУД на Беларусі,

судовы орган, які дзейнічае на тэр. вобласці ў якасці першай, касацыйнай і нагляднай інстанцый. Складаецца са старшыні, яго намеснікаў і членаў суда, якія назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Мае суд. калегіі па цывільных і крымін. справах і прэзідыум. Як суд 1-й інстанцыі разглядае цывільныя і крымін. справы, аднесеныя законам да яго вядзення, як касацыйная інстанцыя — справы па скаргах і пратэстах на рашэнні, прыгаворы і вызначэнні нар. судоў, якія не набылі законнай сілы. Прэзідыум абласнога суда разглядае ў парадку нагляду справы па пратэстах на рашэнні, прыгаворы, вызначэнні нар. судоў, пастановы нар. суддзяў, якія набылі законную сілу, на касацыйныя вызначэнні калегій абласнога суда, а таксама справы па новаадкрытых акалічнасцях. Паўнамоцтвамі абласнога суда валодае і Мінскі гар. суд.

І.І.Пацяружа.

т. 1, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛАСНЫ́Я ПАДПО́ЛЬНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ КП(б)Б у Вялікую Айчынную вайну,

кіруючыя парт. органы на тэр. Беларусі, акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі. Дзейнічала 10 абласных падпольных камітэтаў: Гомельскі, Мінскі (з 1941), Віцебскі, Пінскі (з 1942), Баранавіцкі, Беластоцкі, Брэсцкі, Вілейскі, Магілёўскі і Палескі (з 1943). Узначальвалі дзейнасць падп. 11 міжрайкомаў, 6 міжрайпартцэнтраў, 8 гаркомаў, 2 гаркомаў-райкомаў, 166 райкомаў КП(б)Б (у т. л. 5 райкомаў г. Мінска), якія аб’ядноўвалі больш за 1200 пярвічных парт. арг-цый у партыз. фарміраваннях і 184 тэр. падп. парт. арг-цыі, больш за 35 тыс. камуністаў. Дыслацыраваліся ў зонах буйных партыз. фарміраванняў. Мелі друкаваныя органы (гл. ў арт. Друк падпольны).

т. 1, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛАСНЫ́Я ПАДПО́ЛЬНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ ЛКСМБ у Вялікую Айчынную вайну,

кіруючыя камсамольскія органы на тэр. Беларусі, акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі. Дзейнічала 10 абласных падпольных камітэтаў: Гомельскі, Пінскі (з 1941), Віцебскі, Магілёўскі (з 1942), Баранавіцкі, Беластоцкі, Брэсцкі, Вілейскі, Мінскі, Палескі (з 1943). Накіроўвалі дзейнасць падп. 6 міжрайкомаў, 5 міжрайцэнтраў, 13 гаркомаў, Лідскага гаркома-райкома, 189 райкомаў ЛКСМБ, якія аб’ядноўвалі больш за 2500 пярвічных арг-цый у партыз. фарміраваннях, каля 3 тыс. падп. камсамольскіх і 335 маладзёжных антыфаш. арг-цый, амаль 80 тыс. камсамольцаў-партызан і больш за 20 тыс. камсамольцаў-падпольшчыкаў. Некат. абкомы мелі друкаваныя органы (гл. ў арт. Друк падпольны).

т. 1, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)