АБ’ЁМНАЯ ШТАМПО́ЎКА,

від штампоўкі, пры якой загатоўка прымае аб’ёмную форму рабочай поласці штампа. Пры гарачай аб’ёмнай штампоўцы матэрыял награваюць да 200—1300 °C у полымных печах, індукцыйных або інш. тыпу ўстаноўках, затым апрацоўваюць на штамповачных молатах і прэсах (пры вырабе, напр., зубчастых колаў, каленчатых валоў). Пры халоднай аб’ёмнай штампоўцы атрымліваюць вырабы з гладкай паверхняй (заклёпкі, цвікі, загатоўкі балтоў і інш.) пераважна на прэсавых аўтаматах.

Аб’ёмная штампоўка: 1 — верхняя частка штампа; 2 — выраб ва ўнутранай частцы штампа; 3 — завусенец (лішак металу); 4 — ніжняя частка штампа.

т. 1, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЁМНЫ АНА́ЛІЗ,

сукупнасць метадаў хім. колькаснага аналізу, заснаваных на вымярэнні аб’ёмаў раствораў, газаў, асадкаў для вызначэння колькасці (канцэнтрацыі) пэўнага рэчыва. Уключае метады тытрыметрычнага аналізу, газавага аналізу, ультрахімічнага аналізу, а таксама асаджэнне. Раней да аб’ёмнага аналізу адносілі толькі тытрыметрыю.

т. 1, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЁМНЫ ЗАРА́Д,

тое, што прасторавы зарад.

т. 1, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЁМНЫ МО́ДУЛЬ,

функцыянальны вузел электроннага прыстасавання, у якім дыскрэтныя элементы (паўправадніковыя прылады, рэзістары, кандэнсатары і інш.) размешчаны паралельна адзін аднаму і перпендыкулярна плоскасці іх злучэння ў эл. ланцугі адпаведна схеме. Бываюць зварныя (вывады элементаў злучаны зваркай), калончатыя (элементы паміж друкавальнымі платамі), сотавыя (элементы ў спец. гнёздах з ізаляцыйнага матэрыялу) і інш. Аб’ёмны модуль аднаго тыпу маюць аднолькавыя ці кратныя геам. памеры і ўтвараюць сістэму модуляў, дапасаваных паміж сабой па эл. параметрах.

Аб’ёмны модуль (без кажуха) — узмацняльнік гукавых частот: 1 — верхняя друкавальная плата; 2 — рэзістары; 3 — металічная перамычка паміж друкавальнымі платамі; 4 — кандэнсатар; 5 — ніжняя друкавальная плата; 6 — вывады; 7 — транзістар.

т. 1, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЁМНЫ РЭЗАНА́ТАР, парожні рэзанатар,

эндавібратар, поласць з электраправоднай паверхняй, унутры якой устанаўліваюцца свабодныя ваганні эл.-магн. поля. Форма аб’ёмнага рэзанатара адвольная, практычнае выкарыстанне маюць прамавугольны паралелепіпед, круглы цыліндр, тароід, сфера. Спектр уласных частот аб’ёмнага рэзанатара і прасторавае размеркаванне эл.-магн. поля вызначаюцца пры рашэнні Максвела ўраўненняў з гранічнымі ўмовамі на сценках рэзанатара. Асн. характарыстыка — дыхтоўнасць, якая вызначаецца адносінамі вагальнай энергіі аб’ёмнага рэзанатара да страт энергіі за адзін перыяд ваганняў. Выкарыстоўваюцца ў тэхніцы звышвысокіх частот як контуры генератараў і хвалямераў, эталоны частаты, фільтры, у цыклічных паскаральніках зараджаных часціц і лазернай тэхніцы. Гл. таксама Аптычны рэзанатар, Лазер.

т. 1, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЁМНЫХ АДНО́СІН ЗАКО́Н,

гл. ў арт. Гей-Люсака законы.

т. 1, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЗА́Ц

(ням. Absatz),

1) чырвоны радок — водступ у пачатковым радку тэксту.

2) Частка тэксту, звязаная сэнсавым адзінствам і вылучаная водступам у першым радку.

т. 1, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЗУ́, апсу,

паводле шумера-акадскай міфалогіі, сусветны акіян падземных прэсных водаў, які абкружае зямлю, а таксама патаемнае месца, схаванае недзе ў яго глыбіні, куды нават багі не могуць зазірнуць і дзе захоўваюцца таямнічыя сілы, што кіруюць светам.

т. 1, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБІ́ДА,

возера ў Беларусі, у Крупскім р-не Мінскай вобл., бас. р. Югна, левага прытока Лукомкі. Гіл. 0,64 км². Даўж. 1,5 км, найб. шыр. 0,7 км, найб. глыб. 17 м. Пл. вадазбору каля 330 км². Схілы спадзістыя, параслі хмызняком. Злучана шырокай пратокай з воз. Сялява.

т. 1, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБІ́ДАВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «XVIII партз’езд». За 30 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Быхаў, 60 км ад Магілёва, З км ад Дняпра. 747 ж., 288 двароў (1994).

У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца ў 16 ст., у 1600 сяло ў складзе маёнтка Тайманава Рэчыцкага пав. З 1742 у т.зв. Быхаўскім графстве, з 1772 у Старабыхаўскім (Быхаўскім) пав. Рас. імперыі. У 1880 у Абідавічах 790 ж. З 1924 цэнтр сельсавета ў Журавіцкім р-не, з 1935 у Доўскім (Журавіцкім), з 1956 у Быхаўскім р-не. У 1969 — 883 ж

Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання, гандлёвы цэнтр. За 3 км на ПдЗ гарадзішча зарубінецкай і калочынскай культур (2 ст. да н.э.—3 ст. н.э.).

т. 1, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)