А́БЕРКРАМБІ (Abercrombie) Леслі Патрык

(1879, г. Аштан-на-Мерсі, Вялікабрытанія — 23.3.1957),

англійскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры. Выкладаў у Ліверпульскім (1915—35) і Лонданскім ун-тах. Адзін з пачынальнікаў раённай планіроўкі гарадоў. У 1921—22 стварыў праект планіроўкі прамысл. раёна г. Донкастэр, які прадугледжваў буд-ва гарадоў-спадарожнікаў, функцыян. заніраванне тэрыторыі. У праекце развіцця «Вялікага Лондана» (1944) прапанаваў абмежаваць яго памеры «зялёным поясам» і пабудаваць 8 гарадоў-спадарожнікаў. Прэзідэнт Міжнар. саюза архітэктараў (1946—57).

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЕРО́Н,

спадарожнік планеты Уран. Дыяметр 1460 км, сярэдняя адлегласць ад цэнтра планеты 587 тыс. км. Плоскасць арбіты Аберона амаль перпендыкулярная плоскасці арбіты Урана. Адкрыў у 1787 У.Гершэль.

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЕРТО́Н

(ням. Oberton),

1) у фізіцы, простая (сінусаідальная) састаўная складанага вагання (мех., эл.) з частатой, вышэйшай за асноўную. Любое перыяд. ваганне выяўляецца як сума асн. тону і абертону. Амплітуда і частата абертону вызначаюцца ўласцівасцямі вагальнай сістэмы і спосабам яе ўзбуджэння. Абертоны з частотамі, кратнымі частаце асн. вагання, наз. гарманічнымі, інш. — негарманічнымі (уласцівыя гукам сірэн, шумам). Ад сукупнасці частот асн. вагання і абертону залежыць тэмбр гуку.

2) У муз. акустыцы гарманічныя абертоны, размешчаныя ва ўзыходным парадку, утвараюць натуральны гукарад. У комплексе з асн. тонам яны складаюць муз. гук і, хоць гучаць слабей за асн. тон і на слых не распазнаюцца, надаюць яму пэўную афарбоўку.

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЕ́ЧАК,

1) канічны або цыліндрычны барабан без днішча з ліставога матэрыялу; загатоўка для катлоў, рэзервуараў і інш. ліставых металаканструкцый.

2) Лубяны абадок у рэшаце, сіце.

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЕШЭ́

(Abéché),

горад на У Чала. Адм. ц. прэфектуры Вадаі. 83 тыс. ж. (1988). Вузел шашэйных дарог. Аэрапорт. Цэнтр жывёлагадоўчага раёна (пераважна буйн. раг. жывёла). Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі.

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЁМ,

адна з колькасных характарыстык геам. цела; вымяраецца колькасцю змешчаных у целе кубаў з рабром, роўным адзінцы даўжыні. Для вымярэння аб’ёму складаных цел яны змяшчаюцца ў прамавугольны паралелепіпед, які разбіваецца плоскасцямі, паралельнымі яго граням, на n кубаў з рабром A.

Няхай Vn — сума аб’ёму кубаў, якія цалкам змяшчаюцца ў целе, а Wn — сума аб’ёму кубаў, што маюць хаця б адзін пункт цела. Калі граніцы V=limVn і W=limWn пры бязмежным змяншэнні A да O супадаюць, то іх агульнае значэнне V вызначае аб’ём цела. Адзінка аб’ёму ў СІ м³.

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЁМ УДЗЕ́ЛЬНЫ рэчыва,

фізічная велічыня (v), якая вызначаецца адносінамі аб’ёму V цела да яго масы m; адваротная шчыльнасці. Для аднароднага рэчыва v = V/m. Адзінка аб’ёму ўдзельнага ў СІ 1 м³/кг.

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЁМНАБЛО́ЧНАЕ ДОМАБУДАВА́ННЕ,

узвядзенне будынкаў з аб’ёмных блокаў поўнай заводскай гатоўнасці; адзін са спосабаў індустрыялізацыі будаўніцтва. Асн. тыпы будынкаў: бескаркасныя буйнапанэльныя з аб’ёмнымі блокамі санітарных вузлоў, абсталяваных на заводзе; бескаркасныя з ужываннем аб’ёмных блокаў у спалучэнні з панэлямі (сотапанэльныя і аб’ёмнапанэльныя дамы); бескаркасныя з суцэльнай расстаноўкай аб’ёмных блокаў (памерам на пакой); каркасныя з запаўненнем каркаса саманоснымі аб’ёмнымі блокамі, якія ўстанаўліваюць на рыгелі ці стойкі каркаса (блокі з аблегчаных матэрыялаў).

Аб’ёмнаблочнае домабудаванне на Беларусі вядзецца з 1960. Блокі вырабляліся э керамзітабетону, пазней пачалі ўжывацца састаўныя аб’ёмныя блокі. Ін-т «Белдзяржпраект» распрацаваў канструкцыі бескаркасных аб’ёмнаблочных будынкаў. Выкарыстоўваюцца прасторавыя каробкі тыпу «каўпак», «стакан» і інш. У параўнанні з буйнаблочным і буйнапанэльным буд-вам аб’ёмнаблочнае домабудаванне зніжае расход матэрыялаў, працаёмкасць, кошт будоўлі, скарачае тэрмін выканання работ.

Аб’ёмнаблочнае домабудаванне. Віды аб’ёмных блокаў: 1 — з прыстаўнымі тарцовымі сценамі; 2 — з панэлямі столі і вонкавай сцяны; 3 — з панэллю вонкавай сцяны; 4 — з панэллю столі тыпу «шклянка»; 5 — з панэллю падлогі тыпу «каўпак»; 6 — замкнёны маналітны блок; 7 — чатырохпавярховы блок з прыстаўнымі бакавымі сценкамі.

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЁМНАЯ ПРУ́ГКАСЦЬ,

тое, што сціскальнасць.

т. 1, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЁМНАЯ СІ́ЛА,

тое, што масавая сіла.

т. 1, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)