ДВАРА́НСКІ ЗЯМЕ́ЛЬНЫ БАНК, Дзяржаўны дваранскі зямельны банк,
саслоўная крэдытная ўстанова для дваран у Рас. імперыі ў 1885—1917. Засн. царскім урадам для крэдытавання памешчыкаў пад заклад зямлі і будынкаў. Меў аддзяленні ва ўсіх, у т. л.бел., губернях. Пазыкі даваліся на самых ільготных умовах: да 1900 крэдыт даваўся на тэрмін да 48 гадоў 8 месяцаў, пры 5,75% гадавых. Пасля 1900 тэрмін пазыкі падоўжаны да 66,5 года, а плата за крэдыт зніжана да 3,5—4%, даваліся і інш. льготы. У Беларусі банк не абслугоўваў дваран «польскага паходжання» і каталіцкага веравызнання, якія былі вымушаны звяртацца да камерц. акц. банкаў на менш выгадных умовах. Да 1900 большая частка дваранскіх маёнткаў у Беларусі была закладзена ў банках, у 1917 звыш чвэрці іх — у Д.з.б. Дзейнасць банка фактычна спынілася ў пач. 1917, афіцыйна скасаваны 21.12.1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВА́ЦЦАЦЬ ПЕ́РШЫ З’ЕЗД КПБ.
Адбыўся 10—13.2.1954 у Мінску. Прысутнічала 745 дэлегатаў з рашаючым і 68 з дарадчым голасам ад 130 026 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦККПБ (М.С.Патолічаў), Рэвіз. камісіі КПБ (В.Я.Сядых); выбары кіруючых органаў КПБ. З’езд падвёў вынікі выканання планаў эканам. і культ. развіцця БССРза 3 гады пяцігодкі, адзначыў поспехі і прааналізаваў недахопы. Абавязаў парт. органы накіраваць усе сілы на датэрміновае выкананне плана 5-й пяцігодкі, ажыццявіць рашэнні вераснёўскага (1953) пленума ЦККПСС па пытаннях сельскай гаспадаркі. Выбраў ЦККПБ у складзе 125 чл. і 74 канд. у чл., Рэвіз. камісію КПБ з 35 чл.
Літ.:
Патолічаў М.С. Справаздачны даклад Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі XXI з’езду КПБ. Мн., 1954;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 4. 1945—1955. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЕ́НАВЫЯ (Hyaenidae),
сямейства млекакормячых атр. Драпежных. 3 роды: гіены паласатыя (Hyaena), гіены плямістыя (Crocuta) і ваўкі земляныя (Proteles). 4 віды: гіена паласатая (H. hyaena), гіена бурая (H. brunnea), гіена плямістая (C. crocuta), воўк земляны (P. cristatus). Пашыраны ў Афрыцы, Пярэдняй, Сярэдняй і Паўд.-Зах. Азіі. Жывуць пераважна ў паўпустынях і пустынях. Гіена бурая і падвід гіена барбарыйская (H. hyaena barbara) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. цела 55—165 см, хваста 20—33 см, маса 10—80 кг. Поўсць жаўтавата-шэрая ці брудна-бурая з плямамі і папярочнымі палосамі. Пярэднія канечнасці даўжэйшыя за заднія; шыя тоўстая, галава масіўная, зубы і сківіцы моцныя. Анальныя залозы выдзяляюць сакрэт з рэзкім пахам. Нараджаюць 2—4 (зрэдку 6) дзіцянят. Начныя драпежнікі, жывяцца пераважна мярцвячынай, нападаюць на дзікіх капытных, зрэдку на свойскую жывёлу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЬДЗЮ́К (Юрый Мікалаевіч) (н. 15.5.1948 г. Гродна),
бел. піяніст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Бел. кансерваторыю (1971, клас І.Цвятаевай). Удасканальваўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1973). У 1973—78 выкладаў у Сярэдняй спец.муз. школе пры бел. кансерваторыі. З 1978 заг. кафедры, з 1991 дацэнт Бел. акадэміі музыкі. З 1983 маст. кіраўнік Бел. філармоніі. Музыкант яркай індывідуальнасці, тонкі інтэрпрэтатар музыкі розных стыляў, гастраліруе як саліст і выканаўца камернай музыкі на Беларусі і за яе межамі, а таксама ў ансамблях з вядомымі інструменталістамі, опернымі і камернымі спевакамі. У рэпертуары творы бел. кампазітараў (Л.Абеліёвіча, А.Багатырова, Я.Глебава, У.Дамарацкага і інш.), зах.-еўрап. і рус. класічная і сучасная музыка. Сярод вучняў: А.Сікорскі, В.Бельцюкова, Н.Венская і інш. Адзін з заснавальнікаў і арганізатараў міжнар.муз. фестываляў («Беларуская музычная восень», «Мінская вясна»), конкурсаў музыкантаў-выканаўцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАГІ́МНІЯ (Hypogimnia),
род лішайнікаў сям. гіпагімніевых. Каля 60 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, за выключэннем стэпавых і пустынных зон пераважна ва Усх. Азіі. На Беларусі трапляюцца 4 віды: найчасцей гіпагімнія ўздутая (H. physodes), радзей мучністая (H. farinacea), стужачная (H. vittata) і трубчастая (H. tubulosa). Пераважна аблігатныя эпіфіты. Растуць на ствалах і галінках дрэў і кустоў, зрэдку на апрацаванай драўніне, камяністым субстраце, грунтавых агаленнях і глебе. Гіпагімнія ўздутая часта ўкрывае ствалы дрэў (асабліва хвоі).
Слаявіна (талом) ліставатая, шаравата-зеленаватая, белавата-шараватая, знізу цёмная да чорнай, распасцёртая па субстраце, у цэнтры шчыльна прымацаваная да яго. Лопасці на канцах з масай сарэдый (спец. утварэнняў для вегетатыўнага размнажэння) у выглядзе белых мучністых скопішчаў. Пладовыя целы (апатэцыі) сядзячыя або на ножках. Сумкі (яскі) 8-споравыя. Споры аднаклетачныя. Сыравіна для антыбіятычнага прэпарата «Эвазін-2». Індыкатары загазаванасці паветра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРО́НЫ [ад гіпер... + (нукл) оны],
нестабільныя барыёны з масамі, большымі за масу нейтрона. Час існавання гіперонаў каля 10−10с. Характарызуюцца спец. квантавым лікам дзіўнасцю. Гіпероны (Λ° — гіпероны) адкрыты ў касм. прамянях (1947).
Вядомы некалькі тыпаў нейтральных і зараджаных гіперонаў: лямбда (Λ°), сігма (Σ+, Σ°, Σ−), ксі (Ξ, Ξ°) і амега (Ω), дзе верхнія знакі «+», «-» і «о» пры сімвалах гіперонаў пазначаюць знак эл. зараду, роўнага элементарнаму электрычнаму зараду. Для кожнага гіперона існуе адпаведная антычасціца. Гіпероны нараджаюцца ў моцных узаемадзеяннях, распадаюцца ў выніку слабых узаемадзеянняў на нуклоны і лёгкія часціцы: пімезоны, электроны і нейтрына. Уласцівасці гіперонаў можна растлумачыць у межах кваркавай мадэлі, паводле якой гіпероны, як і інш. барыёны, складаюцца з 3 кваркаў, прычым у склад гіперонаў абавязкова ўваходзіць S-кварк — носьбіт дзіўнасці. Пры ўзаемадзеянні часціц высокіх энергій з атамнымі ядрамі могуць узнікаць гіпер’ядры. Гл. таксама Узаемадзеянні элементарных часціц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРЫ́Н, Цзілінь,
правінцыя на ПнУ Кітая. На У мяжуе з Расіяй, на ПдУ — з Карэяй. Нас. каля 30 млн.чал. (1994), пераважна кітайцы, а таксама карэйцы (6%) і маньчжуры (3%). Адм. ц. — г.Чанчунь. Паўд.-ўсх.ч. занята Маньчжура-Карэйскімі гарамі выш. да 2744 м (г. Байтаўшань). На ПнЗ — плоская раўніна Сунляопіньюань. Клімат умераны, мусонны. Сярэдняя т-растудз. да -20 °C, ліп. 20—24 °C. Ападкаў на раўніне 400—600 ммза год, у гарах да 1000 мм. Здабыча каменнага вугалю, меднай, свінцова-цынкавай, жал. рудаў, золата. Нарыхтоўка драўніны, лесаперапр., лесахім., папяровая прам-сць. Фынманьская ГЭС на р.Сунгары. Аўтабудаванне, чорная металургія, хім.прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Вырошчваюць кукурузу, проса, гаалян, сою, цукр. буракі. Гадуюць буйн. раг., жывёлу, свіней, авечак, коней, маралаў. Збор жэньшэню. Транспарт пераважна чыг. і аўтамабільны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ТЛЕР-Ю́ГЕНД (ням. Hitler-Jugend гітлераўская моладзь),
маладзёжная арг-цыя нацыянал-сацыялісцкай партыі ў 1926—45. Першапачаткова наз. Саюз ням. рабочай моладзі. З 1931 узначальваў рэйхсюгендфюрэр (да 1940 Б. фон Шырах, у 1940—45 А.Аксман). Да 1933 рыхтаваў маладую змену для штурмавых атрадаў (СА). Пасля прыходу да ўлады нацыстаў (1933) набыў масавасць (у 1932 — 100 тыс. членаў, у 1938 — 8,5 млн.). Паводле закону ад 1.12.1936 абвешчаны адзінай дзярж. маладзёжнай арг-цыяй; ставіў за мэту выхаванне ўсёй ням. моладзі ў духу нацыянал-сацыялізму; аб’ядноўваў моладзь ад 10 да 18 гадоў. Структурна падзяляўся (з 1938) на Deutsche Jungvolk (Ням. моладзь; хлопчыкі ад 10 да 14 гадоў), уласна Гітлер-югенд (юнакі ад 14 да 18 гадоў), Deutsche Jungmädel (Ням. дзяўчынкі; 10—14 гадоў) і Bund Deutscher Mädel (Саюз ням. дзяўчат; 14—18 гадоў). Распушчаны пасля ваен. паражэння фаш. Германіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕДЫ́ЧЫЯ (Gleditsia),
род кветкавых раслін сям. бабовых. 12 відаў. Пашыраны ў Амерыцы, Усх. Азіі і трапічнай Афрыцы. У Талышскіх гарах (Усх. Закаўказзе) расце вельмі рэдкі рэліктавы від — гледычыя каспійская (G. caspia). На Беларусі ў паўд. і цэнтр. раёнах у культуры зрэдку трапляецца паўн.-амер. від гледычыя звычайная, або трохкалючкавая (G.triacanthos), інтрадукаваная ў канцы 19 ст.
Лістападныя дрэвы выш. да 28 м, на радзіме — да 45 м, дыям. ствала да 1 м, з ажурнай кронай. Ствол і галінкі ўкрыты доўгімі разгалінаванымі калючкамі. Лісце парнаперыстаскладанае даўж. 15—30 см. Кветкі дробныя, зеленаватыя, у гронкападобных суквеццях. Плады — цёмна-карычневыя струкі; пераважна шматнасенныя. Цвіце ў чэрвені. Доўга жыве (у Высокаўскім парку ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. Гледычыя звычайная мае ўзрост больш за 100 гадоў). Размнажаюць насеннем і каранёвымі атожылкамі. Дэкар. і тэхн. расліны, меданосы, маюць каштоўную драўніну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ВАРАЎ (Леанід Аляксандравіч) (22.2.1897, в. Бутыркі Кіраўскай вобл., Расія — 19.3.1955),
савецкі ваенны дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1944), Герой Сав. Саюза (1945). Правадз.чл. Акадэміі артыл. навук (1946). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1933), Акадэмію Генштаба (1938). У арміі з 1916. Удзельнік грамадз., сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 на фронце: нач. артылерыі Зах. напрамку і Рэзервовага фронту, каманд. 5-й арміяй у Маскоўскай бітве, з чэрв. 1942 каманд. Ленінградскім фронтам, з кастр. 1944 адначасова каардынаваў дзеянні Ленінградскага, 2-га і 3-га Прыбалт. франтоў, у студз.—сак. 1945 адначасова каманд. 2-м Прыбалт. фронтам. Пасля вайны каманд. войскамі Ленінградскай ваен. акругі, гал. інспектар сухап. войск. У 1948—52 каманд., у 1954—55 галоўнакаманд. Войскамі ППА — нам. міністра абароны СССР. Аўтар зб. артыкулаў «У баях за горад Леніна» (1945).