АСТРА́ЛЬНАЕ ЦЕ́ЛА,

паводле акультных уяўленняў, тонкая энергетычная абалонка чалавечага цела, у якой матэрыялізуюцца пачуцці, жаданні і захапленні чалавека. Гл. таксама Астралогія, Астральныя культы.

т. 2, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРА́ЛЬНЫЯ КУ́ЛЬТЫ,

пакланенне нябесным свяцілам і з’явам. Вядомыя ў рознай ступені ўсім народам. Былі найб. распаўсюджаны ў Стараж. Двухрэччы, Егіпце і Стараж. Індыі, дзе храмы адначасова служылі і абсерваторыямі. У вавілонскай рэлігіі Месяц і 5 бачных няўзброеным вокам планет былі абвешчаны багамі і атрымалі ўласныя назвы (Сім — Месяц, Шамаш — Сонца, Мадрук — Юпітэр, Іштар — Венера, Нергал — Марс, Набу — Меркурый, Нінургу — Сатурн; пра Уран і Нептун народы стараж. свету не ведалі. На аснове астральных культаў у вавілонскай рэлігіі ўзніклі астралогія, варажба і рэліг. прароцтвы. Адлюстраваннем астральных культаў у хрысціянстве з’яўляюцца легенды пра віфлеемскую зорку і сем зорак у Апакаліпсісе.

т. 2, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАЛЭ́НКА

(Ostrołęka),

горад у цэнтры Польшчы, адм. ц. Астралэнцкага ваяводства. На р. Нараў. Вядомы з 1373. 51,8 тыс. ж. (1991). Чыг. вузел. Цэлюлозна-папяровая, металаапр., цэментная, шкляная, дрэваапр. прам-сць. ЦЭЦ. Касцёл у стылі барока і кляштар 17—18 ст.

т. 2, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАЛЭ́НЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА

(Wojewόdztwo Ostrołęckie),

у цэнтральнай частцы Польшчы. Пл. 6498 км², нас. 389,5 тыс. чал. (1987). Адм. ц.г. Астралэнка. Займае Паўночна-мазавецкую нізіну, Курпёўскую раўніну (выш. да 235 м), Ломжынскае міжрэчча і паўд. ўскраіну Сярэднемазавецкай нізіны. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -3,5 °C, ліп. 17,5—18 °C, ападкаў 550—600 мм за год. Гал. рэкі — Нараў з прытокам Амулеў і Буг. 30,6% тэр. пад лесам, уздоўж Нарава — Курпёўская пушча. Аснова гаспадаркі — земляробства (62% тэр. пад с.-г. ўгоддзямі). Вырошчваюць жыта, бульбу, сеяныя травы, авёс. Гадуюць свіней і буйн. раг. жывёлу. Прам-сць: электратэхн., дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, харч., буд. матэрыялаў. ЦЭЦ. Найб. гарады: Астралэнка, Вышкаў, Остраў-Мазавецка, Пшасныш.

т. 2, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАМЕ́ТРЫЯ

(ад астра... + ...метрыя),

раздзел астраноміі, які вывучае ўзаемнае размяшчэнне нябесных целаў у прасторы і змену яго з цягам часу, а таксама памеры і форму планет і іх спадарожнікаў. Уключае фундаментальную астраметрыю (вызначае найб. дакладную сістэму сферычных каардынат), сферычную астраномію (распрацоўвае матэм. метады рашэння задач, звязаных з бачным размяшчэннем і рухам свяціл на нябеснай сферы), практычную астраномію (распрацоўвае астранамічныя інструменты і прылады). Да астраметрыі належыць таксама вызначэнне момантаў сонечных і месяцавых зацьменняў, вырашэнне праблем календара. На падставе астраметрычных назіранняў вызначаны шкала дакладнага часу, даныя пра становішча восі вярчэння Зямлі ў прасторы і ў целе Зямлі, сістэма астранамічных пастаянных, каталогі зорак, пунктаў зямной паверхні з астр. каардынатамі і пунктаў з планетаграфічнымі каардынатамі на паверхні Месяца, Марса, Меркурыя і інш. планет. Еўрапейскае касмічнае агенцтва ў 1989 запусціла астраметрычны спадарожнік «Гіпаркос», які вызначыў каардынаты, уласныя рухі і трыганаметрычныя паралаксы 118 тыс. зорак з дакладнасцю да 2-тысячных доляў вуглавой секунды і амаль для мільёна зорак з меншай дакладнасцю. Выкарыстанне ў астраметрыі сродкаў радыё-, электроннай і выліч. тэхнікі дазваляе выконваць арыентацыю касм. апаратаў у час працяглых міжпланетных палётаў, назіраць ШСЗ і інш. Метадамі астраметрыі карыстаюцца ў геадэзіі, картаграфіі і навігацыі.

Літ.:

Подобед В.В., Нестеров В.В. Обшая астрометрия. 2 изд. М., 1982;

Бакулин П.Н. Фундаментальные каталоги звезд. 2 изд. М., 1980;

Бакулин П.И., Блинов Н.С. Служба точного времени. 2 изд. М., 1977;

Положенцев Д.Д. Радио- и космическая астрометрия. Л., 1982.

Дз.Дз.Палажэнцаў.

т. 2, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАМЕ́ЦКІ Аркадзь

(Абрам) Абрамавіч (н. 21.1.1923, Мінск),

бел. цымбаліст, педагог. Нар. арт. Беларусі (1970). Вучыўся ў Бел. кансерваторыі (1939—41, 1946—47). З 1937 у аркестры нар. інструментаў Бел. філармоніі, з 1946 канцэртмайстар Дзярж. нар. аркестра БССР, у 1958—88 саліст Бел. філармоніі. У 1947—57 педагог Сярэдняй спец. муз. школы пры Бел. кансерваторыі. Рэпертуар Астрамецкага — цымбальныя творы бел. аўтараў, пералажэнні інстр. п’ес кампазітараў-класікаў. Выкананне вылучалася артыстызмам, яркай вобразнасцю. У 1979 даў першы ў гісторыі цымбалаў сольны канцэрт. Лаўрэат 1-га Усесаюзнага агляду выканаўцаў на нар. інструментах (1939).

І.І.Зубрыч.

т. 2, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАМЕ́ЧАВА,

вёска ў Беларусі, у Лышчыцкім с/с Брэсцкага р-на. Цэнтр сумеснай калектыўнай гаспадаркі. За 22 км на Пн ад Брэста, 7 км ад чыг. ст. Лышчыцы. 1868 ж., 507 двароў (1995). Сярэдняя школа, Палац культуры, Астрамечаўская бібліятэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, Міхайлаўская царква. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 2, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАМЕ́ЧАЎСКАЯ БІБЛІЯТЭ́КА імя Ф.Ф.Паўленкава, адна з першых на Беларусі бясплатных нар. бібліятэк. Засн. ў 1905 у в. Астрамечава (Брэсцкі р-н) на сродкі фонду кнігавыдаўца Ф.Ф.Паўленкава. Камплектавалася бел., рус. і замежнай л-рай. У 1908 мела больш за 1000 кніг, абслугоўвала 240 чытачоў. У час 1-й сусв. вайны спыніла дзейнасць. Адноўлена ў канцы 1920-х г.; у 1934 закрыта польск. ўладамі. З 1946 сельская б-ка імя Паўленкава. Кніжны фонд больш за 11 тыс. адзінак захавання (1.1.1996).

т. 2, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАМІ́РАВА ЕВА́НГЕЛЛЕ,

самы старажытны датаваны помнік стараслав. кірылічнага пісьменства; кніга евангельскіх чытанняў па тыднях. Перапісана ў 1056—57 з балг. арыгінала дыяканам Грыгорыем для наўгародскага ваяводы і пасадніка Астраміра (адсюль назва). Напісана на пергаменце (30×35 см) у 2 слупкі на 294 аркушах. Аздоблена выявамі евангелістаў, ініцыяламі і застаўкамі, стылізаванымі пад інкрустацыю на эмалі і размаляванымі фарбамі і золатам. Зберагаецца ў Рас. нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.

Публ.:

Остромирово Евангелие 1056—1057. Л., 1988.

т. 2, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАМО́ВІЧ Аляксандр Сцяпанавіч, гл. Зязюля А.

т. 2, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)