ЗАСНАВА́ЛЬНІЦКІ ПРЫБЫ́ТАК,

даход, які атрымліваюць заснавальнікі акцыянернага таварыства пры яго арг-цыі і эмісіі акцый. Складае розніцу паміж сумай, атрыманай ад рэалізацыі акцый гэтага т-ва, і ўкладзеным у яго капіталам. З.п. узнікае або за кошт продажу акцый вышэй іх намінальнай вартасці, або за кошт павелічэння аб’ёму продажу акцый звыш устаноўленага акц. капіталу.

т. 6, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́ЕБЕКА З’Я́ВА,

узнікненне электрарухальнай сілы ў эл. ланцугу, які складаецца з разнародных праваднікоў, калі месцы іх злучэння (кантакты) знаходзяцца пры розных тэмпературах. Выяўлена Т.Л.Зеебекам (1821). Тэрмаэлектрарухальная сіла (тэрмаэрс), што ўзнікае пры гэтым, прапарцыянальная рознасці тэмператур паміж кантактамі праваднікоў і залежыць ад іх прыроды. На З.з. заснавана дзеянне тэрмапары. Гл. таксама Тэрмаэлектрычныя з’явы.

т. 7, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕФІ́Р,

у грэчаскай міфалогіі бог зах. ветру, вястун багоў; сын тытана Астрэя і багіні ранішняга світанку Эас, брат багоў-вятроў Барэя і Нота, зорнай дзевы Астрэі і зорак. Разам з гарпіяй Падаргай нарадзіў коней Ахіла. З., які дзьме з захаду, прыносіць буры, на адных казачных астравах ён пяшчотны і цёплы, а на іншыя прыносіць прахалоду.

т. 7, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗЯСЛА́Ў,

князь навагрудскі ў 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе, калі ў 1236 (або 1237) галіцка-валынскі кн. Даніла Раманавіч на кн. Конрада Мазавецкага «наведе... Литву Миндога Изяслава Новогородьского». Верагодна, І. разам з Міндоўгам на той час быў у васальных або саюзных дачыненнях з Данілам. І. — адзіны навагрудскі князь, які ўпамінаецца ў летапісах.

т. 7, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛІНО́ЙСКІ ВО́ДНЫ ШЛЯХ (Illinois Waterway),

каналізаваны водны шлях у ЗША (штат Ілінойс), які злучае сістэму Вялікіх Азёр з р. Місісіпі. Пачынаецца каля г. Чыкага з воз. Мічыган, праходзіць па Чыкагскім канале, рэках Дэс-Плейнс, Ілінойс, канчаецца каля г. Графтан на р. Місісіпі. Адкрыты ў 1933. Даўж. 526 км, глыб. 3,7—5,7 м; 7 шлюзаў.

т. 7, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФРАЧЫРВО́НАЯ ДЭФЕКТАСКАПІ́Я,

метад дэфектаскапіі, заснаваны на выкарыстанні інфрачырвонага выпрамянення. Дэфекты ў вырабе, які кантралюецца, знаходзяць па рознасці тэмператур паблізу дэфектнага месца і суседніх бездэфектных участкаў. Пры І.д. вырабы награюць, і тады яны выпраменьваюць інфрачырвоныя прамяні (фіксуюцца і вымяраюцца фотаэлементамі, фотарэзістарамі, балометрамі і інш.). Выкарыстоўваецца ў машына- і прыладабудаванні, электроннай тэхніцы і інш.

т. 7, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПАХО́НДРЫЯ (грэч. hypochondria літар. падрабрынне),

хваравіты стан, які характарызуецца празмернай увагай да стану свайго здароўя, страхам за яго і за жыццё. Бывае пры шызафрэніі, псіхапатыях, маніякальна-дэпрэсіўным псіхозе і інш. Скаргі хворых фантастычныя («згнілі, расплавіліся тыя ці інш. органы», «вантробы заселены дробнымі жывёламі» і інш.), дэпрэсіўна афарбаваныя, не адпавядаюць вынікам аб’ектыўнага (клінічнага і лабараторнага) даследавання.

т. 7, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДЫКАЛО́ГІЯ (ад лац. codex кніга + ...логія),

спецыяльная гіст. дысцыпліна, якая вывучае стараж. і сярэдневяковыя рукапісныя кнігі; раздзел кнігазнаўства. Даследуе сучасны стан стараж. кнігі, пераплёт, запісы і бібліятэкарскія паметы, нумарацыю сшыткаў і аркушаў і інш. надпісы, што не адносяцца да тэксту кнігі; разглядае кнігу як аб’ект, які змяшчае звесткі пра яе геаграфію і гісторыю.

т. 7, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВЕ́ЕРНАЯ ПЕЧ,

печ, абсталяваная канвеерам (стужачным, люлечным, ланцуговым, скрабалкавым), які перамяшчае вырабы ў працэсе награвання ад загрузачнай адтуліны да выгрузачнай. Выкарыстоўваецца для награвання і тэрмічнай апрацоўкі металу. сушкі ліцейных форм, афарбоўкі вырабаў, абпальвання эмалі (пры вырабе посуду, карпусоў халадзільнікаў), у кандытарскай вытв-сці і інш. Абаграваюцца газам, вадкім палівам і эл. награвальнікамі.

т. 7, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАКУ́РТ (Latrodectus tredecimguttatus),

ядавіты павук сям. тэрыдыід. Пашыраны ў Зах. Азіі, Паўд. Еўропе, Паўн. Афрыцы. Жыве ў стэпах, паўпустынях, пустынях, перадгор’ях.

Даўж. самцоў 4—7 мм, самак 10—20 мм. Самкі чорныя, у самцоў і маладых самак чырв. плямы на брушку. Ядавітыя залозы — у галавагрудзях. Яд — бялковы таксін, які мае нейратропнае дзеянне.

Каракурт.

т. 8, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)