ГЕНЕТЫ́ЧНЫ КОД,

адзіная сістэма «запісу» спадчыннай інфармацыі ў малекулах нуклеінавых кіслот у выглядзе паслядоўнасці нуклеатыдаў, што ўваходзяць у склад генаў. Уласцівы ўсім жывым арганізмам (у т. л. вірусам) і заснаваны на індывід. адрозненні ў наборах і ўзаемаразмяшчэнні чатырох азоцістых асноў (адэніну, гуаніну, цытазіну, урацылу) у малекулах ДНК або РНК. Адзінкай генетычнага кода служыць кадон, або трыплет (трынуклеатыд). Генетычны код, запісаны ў малекуле ДНК, вызначае парадак размяшчэння амінакіслот у бялковай малекуле, ад якога залежыць уласцівасць самога бялку. Зыходзячы з таго, што малекула ДНК складаецца з дзесяткаў тысяч нуклеатыдаў, практычна дапускаецца неабмежаваная колькасць спалучэнняў азоцістых асноў і магчымасць кадзіравання ўсіх бялкоў у арганізме.

Сутнасць генетычнага кода, прынцыпы будовы і асн. ўласцівасці (універсальнасць, здольнасць да выраджэння, трыплетнасць) эксперыментальна выявілі ў 1961—65 амер. вучоныя Ф.​Крык і С.​Брэнер, М.​Нірэнберг, С.​Ачоа, Х.​Карана і інш. Рэалізацыя генетычнага кода ў жывых клетках ажыццяўляецца ў працэсе сінтэзу матрычнай РНК на ДНК гена (транскрыпцыя) і сінтэзу бялку (трансляцыя), пры якім паслядоўнасць нуклеатыдаў гэтай РНК пераводзіцца ў адпаведную паслядоўнасць амінакіслот бялковай малекулы. 61 кадон з 64 кадзіруюць пэўныя амінакіслоты, 3 адказваюць за заканчэнне сінтэзу бялку. Некалькі кадонаў могуць кадзіраваць адну і тую ж амінакіслату (выраджальнасць генетычнага кода), але адзін і той жа кадон адпавядае толькі адной амінакіслаце. За рэдкім выключэннем генетычны код універсальны — аднолькавы для ўсіх арганізмаў.

Э.​В.​Крупнова.

т. 5, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФАНТЫЛІ́ЗМ (лац. infantilis дзіцячы ад infans які не гаворыць),

затрымка ў развіцці арганізма чалавека, захаванне ў дарослага марфал., фізіял. і псіхічных рысаў, уласцівых больш ранняму ўзросту. Выяўляецца ў нясталасці эмацыянальна-валявой сферы пры нармальным і нават паскораным фіз. і разумовым развіцці. Характэрнымі рысамі індывіда, якому ўласцівы І. (інфантыла) з’яўляюцца несамастойнасць рашэнняў і дзеянняў, адчуванне неабароненасці, капрызнасць, зніжаная крытычнасць у адносінах да сябе, розныя кампенсацыйныя рэакцыі (напр., фантазіраванне, што замяшчае рэальныя ўчынкі, эгацэнтрызм) і інш. Прычыны І.: інфекц. захворванні (туберкулёз, сіфіліс, малярыя, розныя паўторныя інфекцыі), інтаксікацыі, арган. захворванні, непаўнацэннае харчаванне, авітамінозы, дрэнныя гігіенічныя ўмовы жыцця, прыроджаныя канстытуцыянальныя асаблівасці. Адрозніваюць агульны І. (затрымка развіцця ўсяго арганізма) і частковы І. (затрымка ў развіцці асобных органаў і сістэм). Прыкметы: пры агульным І. захоўваюцца дзіцячыя прапорцыі, склад цела кволы, грудная клетка доўгая, вузкая, косці тонкія, сэрца маленькае, ціск крыві паніжаны, другасныя палавыя прыкметы выяўлены слаба, супраціўляльнасць інфекц. захворванням зніжана. Пры частковым І. вылучаюць псіхічны І. (няўстойлівасць настрою і ўвагі, лёгкая ўнушальнасць, крыўдлівасць, боязь новага, бесклапотнасць і легкадумнасць паводзін спалучаюцца з эгацэнтрызмам і дзіцячай патрабавальнасцю), палавы І. (мізэрная расліннасць пад пахамі і на лабку, у жанчын — недаразвіццё малочных залоз і маткі, месячныя нерэгулярныя, нярэдка бясплоднасць, у мужчын — недаразвіццё вонкавых і ўнутр. палавых органаў, прастаты, адсутнасць палавой цягі, парушэнне палавых функцый) і інш. Лячэнне; стварэнне спрыяльных умоў жыцця і лячэнне захворванняў, якія справакавалі І.

т. 7, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́ГІУМ (ад лац. collegium таварыства, садружнасць),

закрытая сярэдняя, радзей вышэйшая навуч. ўстанова ў 16—19 ст. Адкрывалі К. пераважна езуіты. Лічыліся свецкімі, аднак сістэма навучання была падпарадкавана інтарэсам ордэна (гл. Езуіцкае выхаванне). Вывучаліся: тэалогія, лац. і грэч. мовы, л-ра, геаграфія, гісторыя, сем вальных мастацтваў і інш. Адукацыя была бясплатнай і даступнай для прадстаўнікоў інш. канфесій. Поўны К. уключаў 5—6-гадовы курс сярэдняй школы (ніжэйшае і вышэйшае аддзяленні), 3-гадовы курс філасофіі, 4-гадовы — тэалогіі. На Беларусі першы К. адкрыты ў 1570 у Вільні (з 1579 Віленская акадэмія). Да сярэдзіны 18 ст. іх было 16: у Полацку (з 1812 Полацкая езуіцкая акадэмія) і Пінску поўныя, у Нясвіжы, Гродне, Мсціславе, Навагрудку, Оршы, Віцебску, Брэсце з курсам філасофіі, у Мінску, Магілёве, Слоніме, Слуцку, Бабруйску і інш. мелі статус сярэдніх навуч. устаноў. У 1773 са скасаваннем ордэна езуітаў К. перададзены Адукацыйнай камісіі. На бел. землях, якія ўвайшлі ў склад Рас. імперыі, праіснавалі да 1820. Акрамя езуіцкіх на Беларусі найб. распаўсюджанне ў 18 ст. атрымалі К. ордэна піяраў. Існавалі ў Шчучыне, Зэльве, Расонах, Драгічыне, Віцебску і інш. У пач. 1830-х г. рэарганізаваны ў прыходскія, павятовыя вучылішчы і гімназіі або зачынены.

К. уяўляў сабой комплекс разнастайных рознапавярховых будынкаў (школа, інтэрнат, касцёл, капліцы, манастыр, службовыя памяшканні і інш.). Займаў значную тэрыторыю ў цэнтры населенага месца, меў унутр. двары.

В.​С.​Болбас, С.​А.​Сергачоў.

т. 7, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІ́СІІ НАЦЫЯНА́ЛЬНАГА СХО́ДУ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

дапаможныя органы палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Адрозніваюць камісіі пастаянныя і часовыя. Пастаянныя камісіі выбіраюцца палатамі са свайго складу на першых сесіях і дзейнічаюць на працягу ўсяго тэрміну паўнамоцтваў парламента. Яны вядуць законапраектную работу, папярэдні разгляд і падрыхтоўку пытанняў, што адносяцца да ведання палат. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь не прадугледжвае ні наменклатуры пастаянных камісій і іх арганізацыйнай структуры, ні іх колькасці: гэтыя пытанні вырашаюцца непасрэдна на сесіях палат. На снежаньскай 1996 сесіі Палатай прадстаўнікоў створаны 11 пастаянных камісій: па заканадаўстве; па нацыянальнай бяспецы; па эканам. пытаннях; па дзярж. будаўніцтве, мясц. самакіраванні; па праблемах Чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і харчаванні; па бюджэце і фінансах; па аграрных пытаннях; па адукацыі, культуры, навуцы і тэхнічным прагрэсе; па працы, сацыяльных пытаннях, ахове здароўя, фіз. культуры і спорце; па правах чалавека і нац. адносінах; па міжнар. справах і сувязях з СНД. Савет Рэспублікі на студзеньскай 1997 сесіі стварыў 5 пастаянных камісій: па заканадаўстве і дзярж. будаўніцтве; па эканоміцы, бюджэце і фінансах; па сац. пытаннях; па рэгіянальнай палітыцы; па міжнар. справах і нац. бяспецы. Склад камісій і іх кіраўнікі зацверджаны пастановамі палат. У выпадку неабходнасці палаты Нац. сходу могуць ствараць часовыя камісіі па любым пытанні (рэвізійную, следчую і інш.). Часовая камісія спыняе сваю дзейнасць пасля выканання пастаўленых перад ёю задач або датэрмінова па рашэнні адпаведнай палаты.

Г.​А.​Маслыка.

т. 7, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІТЭ́Т ВЫРАТАВА́ННЯ РЭВАЛЮ́ЦЫІ ЗАХО́ДНЯГА ФРО́НТУ,

над звычайнае аб’яднанне партыйных, грамадскіх арг-цый Мінска, салдацкіх камітэтаў 2, 3, 10-й армій, 2-й Каўказскай кав. дывізіі на чале з франтавым к-там Зах. фронту, створанае 7—9.11.1917 з мэтай захавання ўлады Часовага ўрада ў час Кастр. ўзбр. паўстання 1917. Паводле парт. прыналежнасці большасць членаў к-та складалі эсэры, меншавікі і бундаўцы. Функцыі друкаванага органа выконвала газ. заходнефрантавога выканкома «Фронт». К-ты выратавання рэвалюцыі былі створаны ў Бабруйску, Оршы, Полацку. 9 ліст. к-т запатрабаваў ад Мінскага Савета перадачы яму ўсёй улады ў горадзе. У выніку кампрамісу з Саветам ён абавязаўся не пасылаць узбр. часці на Петраград і Маскву і не прапускаць іх праз Мінск; Савет згадзіўся перадаць к-ту ўладу ў раёне Зах. фронту і дэлегаваў у яго склад двух прадстаўнікоў (І.​Я.​Алібегава і Я.​Ф.​Пярно). К-т абвясціў сябе часовай уладай на ўсім Зах. фронце і ў прыфрантавой паласе да склікання Устаноўчага сходу і 10 ліст. выдаў загад № 1. Бальшавікі Мінска прынялі захады па ўмацаванні сваіх сіл, дзейнасць Савета падтрымалі прафсаюзы і інш. арг-цыі. 13 ліст. на пасяджэнні Мінскага Савета фракцыі бальшавікоў і левых эсэраў вынеслі пастанову аб выхадзе з К-та выратавання. 14 ліст. адбылося апошняе пасяджэнне гэтага аб’яднання з удзелам бальшавікоў. Загадам ВРК ад 17 ліст. к-т распушчаны.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 7, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́МСКІ (Агафангел Яфімавіч) (15.1.1871, г. Уладзімір-Валынскі, Украіна — 25.1.1942),

украінскі ўсходазнавец, славіст, пісьменнік. Па паходжанні беларус. Акад. АН Украіны (1919). Засл. дз. нав. Украіны (1940). Скончыў Лазараўскі ін-т усходніх моў у Маскве (1892) і Маск. ун-т (1896). У 1898—1918 выкладчык (з 1900 праф.) Лазараўскага ін-та ўсходніх моў, з 1918 праф. Кіеўскага ун-та. Адзін з арганізатараў АН Украіны, з 1918 у ёй працаваў (да 1928 сакратар). У 1921—29 дырэктар Ін-та ўкр. навук. мовы. Навук. працы па гісторыі, л-ры, мовах арабаў, персаў, туркаў і інш. народаў Б. і Сярэдняга Усходу, па гісторыі мусульманства. Даследаваў усх.-слав. мовы, фальклор: «Украінская граматыка» (ч. 1—2, 1907—08), «Пра «быліны». Рускія быліны старога і новага запісаў», «Да этнаграфіі т.зв. Новарасіі» (абедзве 1928). У працах «Філалогія і палодзінская гіпотэза» (1904), «Старажытнакіеўскі говар» (1906), «Пра антрапалагічны склад усходніх славян» (1928) закранаў пытанні паходжання бел. этнасу, яго мовы. Беларусазнаўчы матэрыял — у яго даследаванні «Да этнаграфіі Палесся» (1928). Аўтар зб-каў вершаў «Пальмавыя галіны» (кн. 1—3, 1901—22), прозы «Аповесці і эскізы з украінскага жыцця» (1895), «Бейруцкія апавяданні» (1906) і інш. твораў. Перакладаў з араб., тур., перс., англ., франц., ням. і інш. моў. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.​Багдановіч.

Тв.:

Твори. Т. 1—5. Київ. 1972—74.

Літ.:

Гурницкий К.И. А.​Е.​Крымский. М., 1980.

В.​А.​Чабаненка.

т. 8, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫНІЦАЗНА́ЎСТВА літаратуразнаўчае,

спецыяльная філал. дысцыпліна, якая вывучае тэорыю і методыку здабывання літаратуразнаўчых фактаў. Мае тэарэт. і практычны аспекты. Тэарэт. К. даследуе тэорыю, гісторыю, структуру і ўласцівасці інфармацыі крыніц. У адпаведнасці з тыпамі сховішчаў (архівы, музеі, бібліятэкі) крыніцы падзяляюць на З асн. тыпы: рукапісныя, аўдыёвізуальныя (іканаграфічны і ілюстрацыйны матэрыял, кінастужкі, гуказапісы) і друкаваныя. Значэнне крыніц маюць і рэчавыя помнікі, мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю пісьменнікаў. У залежнасці ад тэмы даследавання ўсе матэрыялы падзяляюць на ўласна крыніцы і дапаможнікі, да якіх адносіцца і частка друкаваных матэрыялаў. Асобную групу складаюць крыніцы, што выкарыстоўваюцца пісьменнікам пры напісанні твора. Для розных эпох склад і суадносіны крыніц розныя. Практычнае К. складаецца з выяўлення крыніц, іх знешняй і ўнутр. крытыкі. Знешняя крытыка заключаецца ў прачытанні і падрабязнай атрыбуцыі крыніцы і высвятляе, што хацеў паведаміць яе стваральнік. Унутр. крытыка вызначае верагоднасць крыніцы і паказвае, як справа выглядала ў сапраўднасці. Так вычляняецца літ.-знаўчы факт. З К. цесна звязана археаграфія, тэксталогія, палеаграфія. На Беларусі тэорыя К. распрацоўвалася Г.​Кісялёвым, у галіне практычнага К. працуюць літ.-знаўцы У.​Казбярук, А.​Мальдзіс, У.​Мархель, В.​Рагойша, І.​Саламевіч, В.​Чамярыцкі, Я.​Янушкевіч і інш.

Літ.:

Бельчиков Н.Ф. Литературное источниковедение. М., 1983;

Рагойша В. Галіны аднаго дрэва // Рагойша В. Кантакты. Мн., 1982;

Кісялёў Г. Ад Чачота да Багушэвіча: Прабл. крыніцазнаўства і атрыбуцыі бел. літ. XIX ст. Мн., 1993.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 8, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНЯ́СТВА,

манархічная дзяржава або асобнае паліт. ўтварэнне на чале з князем; феад. ўладанне князя. Вядомы ў многіх народаў. У Стараж. Русі К. ўзніклі ў 9 — пач. 10 ст. з плем. княжанняў, уладу над якімі захапіла дынастыя Рурыкавічаў. Называліся звычайна па гал горадзе. Буйныя К. падзяляліся на меншыя — удзельныя княствы. Буйнейшыя К. называліся вялікімі К. (Уладзіміра-Суздальскае ў 12—13 ст., Маскоўскае і Цвярское ў 14—15 ст. і інш.). На тэр. Беларусі з 10—11 ст. існавалі Полацкае, Тураўскае, з 12—13 ст. Берасцейскае, Ваўкавыскае, Віцебскае, Гальшанскае, Гарадзенскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Капыльскае, Клецкае, Кобрынскае, Крэўскае, Лагожскае, Лукомскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Пінскае, Свіслацкае, Слуцкае К.; асобныя часткі бел. зямель уваходзілі ў склад Галіцка-Валынскага, Кіеўскага, Чарнігаўскага і Смаленскага К. (гл. адпаведныя артыкулы). У 14—16 ст. бел., укр. і рус. княствы аб’яднаны пад уладай Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) і Маскоўскага вялікага княства. У ВКЛ былыя К. да 1-й пал. 16 ст. пераўтвораны ў намесніцтвы, ваяводствы, паветы, афіцыйна скасаваны паводле адм. рэформы 1565—66, але назва «княства» ў 17—18 ст. ужывалася ў адносінах да тэр. Клецкага, Капыльскага, Нясвіжскага і Слуцкага К. У Расіі апошняе ўдзельнае К. (Касімаўскае царства) скасавана ў 1681. К. існавалі і ў інш. краінах (напр., у Германіі да 1871, у Індыі да 1950). Некаторыя К. захаваліся да нашага часу — Ліхтэнштэйн, Манака, арабскія К. (эміраты).

т. 8, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НСКІ (Міхаіл Львовіч) (мянушка Мажны, каля 1470 — 1534),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ і Маскоўскага вял. княства. З роду Глінскіх. Вучыўся ў Зах. Еўропе, служыў у войску герм. імператара Максіміляна I. У канцы 1490-х вярнуўся ў ВКЛ, стаў набліжанай асобай вял. кн. Аляксандра. Маршалак дворны літоўскі (1500) намеснік мерацкі (1502), бельскі (1505). Атрымаў буйныя маёнткі на Падляшшы, Мажэйкава (пад Лідай), Тураў і інш. У 1506 на чале войска ВКЛ разбіў татар у Клецкай бітве 1506. Узвышэнне Глінскага і яго братоў выклікала востры канфлікт са старой знаццю, непрыязна паставіўся да Глінскага і новы вял. кн. Жыгімонт I Стары. Глінскі імкнуўся паказаць сябе абаронцам праваслаўя і заклікаў бел. і ўкр. шляхту падтрымаць яго (хоць сам яшчэ ў маладосці прыняў каталіцтва і вярнуўся ў праваслаўе толькі значна пазней у Маскве). Усе гэтыя супярэчнасці прывялі да Глінскіх мяцяжу 1508. Пасля няўдалага выступлення ўцёк у Маскву, атрымаў у Расіі ўладанні (Малаяраславец, Бароўск) замест канфіскаваных у ВКЛ. Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22. За намер вярнуцца на радзіму зняволены ў турму, дзе прабыў да 1527 (паводле інш. звестак да 1526). Вызвалены па просьбе пляменніцы Алены, жонкі вял. князя маскоўскага Васіля III, стаў ваяводам. У 1533 увайшоў у склад Вярхоўнай думы. У 1534 у выніку інтрыг зноў кінуты ў турму, дзе і памёр.

В.​Л.​Насевіч.

т. 5, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́БАВЫЯ ЛЯСЫ́, грабнякі (Carpineta),

група фармацый вытворных шыракалістых лясоў, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду граб. Пашыраны ва Усх. Азіі, Еўропе (асабліва Цэнтр. і Зах.) і Паўн. Амерыцы, пераважна ў горных і перадгорных раёнах. На Каўказе грабавыя лясы створаны грабам каўказскім (C. caucasica), у Крыме — усходнім, або грабіннікам (C. orientalis), у Прымор’і, Карэі, Японіі і Кітаі — прыморскім, або сэрцалістым (C. cordata), у Паўн. Амерыцы — каралінскім (C. caroliniana), у Еўропе, у т. л. ў Прыбалтыцы, на Беларусі і Украіне, — звычайным, або еўрапейскім (C. betulus). Розныя віды граба ўтвараюць мяшаныя насаджэнні з дубам і букам. На Беларусі грабавыя лясы складаюць 0,2% пл. лясоў. Пашыраны пераважна ў паўд., цэнтр. і зах. раёнах. Утвараюцца звычайна як другасныя (вытворныя) лясы на месцы высечаных ялова-шыракалістых лясоў, таксама арляковых, чарнічных, кіслічных і папарацевых дуброў. Склад і яруснасць іх дрэвастою складаныя. Пераважаюць кондамінантныя фітацэнозы, прадстаўленыя найчасцей маладняком і дрэвастоямі сярэдняга ўзросту: у цэнтр. ч. ялова-грабавыя, ялова-дубова-грабавыя, хваёва-ялова-дубова-грабавыя, на Пд дубова-грабавыя, хваёва-дубова-грабавыя, ясянёва-дубова-грабавыя, ліпава-клянова-дубова-грабавыя. Вылучаюць 6 тыпаў грабавых лясоў: кіслічныя (64,4% пл. грабнякоў), сніткавыя, арляковыя, чарнічныя, папарацевыя, крапіўныя. Сярэдні ўзрост 30 гадоў. Участак грабавых лясоў у Клічаўскім лясгасе Магілёўскай вобл. (Бёрдаўскае лесанасаджэнне), што знаходзіцца на паўн.-ўсх. мяжы суцэльнага пашырэння граба, абвешчаны помнікам прыроды.

Г.​У.​Вынаеў.

Грабавы лес.

т. 5, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)