БАРКІ́,

курганны могільнік крывічоў (8—9 ст.), гарадзішча жал. веку і селішча 11—12 ст. каля в. Баркі Полацкага р-на. На могільніку даследавана 9 курганоў, у т. л. доўгі. Пахавальны абрад — трупаспаленне пад насыпам на грунце. У шэрагу выпадкаў рэшткі крэмацыі змешчаны ў ямцы, накрытай гаршком. Знойдзены ўпрыгожанні (бронзавыя падвескі, грыўня, бранзалеты, шкляныя пацеркі і інш.), ляпныя гаршкі. Доўгі курган — пусты (кенатаф).

т. 2, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЭКТАНІ́ЧНАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,

утварэнне складак горных парод пад уздзеяннем экзагенных працэсаў. Атэктанічная складкавасць узнікае ад напору покрыўных ледавікоў, апоўзневых працэсаў, выпірання гліністых парод у бартах рачных далін, абвалу парод у карставыя пустоты, разбухання ангідрыту пры пераходзе ў гіпс, перакрывання асадкамі рыфтавых пабудоў і выступаў рэльефу і інш. У Беларусі найб. шырока праявілася як гляцыятэктанічныя парушэнні ў адкладах плейстацэну.

М.​А.​Нагорны.

т. 2, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Шоша, за 26 км на У ад г. Глыбокае. Пл. 0,58 км², даўж. 2,9 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 21 м. Пл. вадазбору 23,3 км².

Схілы катлавіны разараныя, паўднёвыя пад лесам, балоцістыя. Дно пясчанае і галечнае, у глыбокіх месцах глеістае. Упадаюць 3 ручаі, сцёк у р. Шоша.

т. 2, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Лунінецкім раёне Брэсцкай вобл., у бас. р. Прыпяць, за 17 км на ПнЗ ад г. Лунінец. Пл. 0,22 км², даўж. 600 м, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 5 м.

Схілы катлавіны пясчаныя, пад хваёвым лесам. Берагі выш. да 2 м, пясчаныя. У возеры растуць палушнік азёрны і лабелія Дортмана — ахоўныя віды раслін, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі.

т. 2, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ БЕ́РАГ,

кліматабальнеалагічны курорт на Беларусі. За 25 км ад г. Рэчыца, на беразе Дняпра. Развіваецца з 1981. Клімат умерана кантынентальны, з параўнальна мяккай зімой. Крыніца мінер. водаў з вял. колькасцю ёду. Каля палавіны тэрыторыі пад лесам (у т. л. дубровамі), частку займае маляўнічая пойма ў лукавіне Дняпра. Умовы спрыяльныя для псіхал. разгрузкі, лячэння агульнасаматычных хвароб. Базы для каротка- і доўгатэрміновага адпачынку.

т. 3, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬЧЫЦЫ,

рэзідэнцыя полацкіх князёў у 12 ст. Размяшчалася на левым беразе Зах. Дзвіны, пры ўпадзенні ў яе р. Бельчанка, за 2 км ад Полацкага Верхняга замка (цяпер у межах Полацка). Упамінаюцца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1159. Паводле сцверджання М.Стрыйкоўскага, Бельчыцы былі ўмацаваны мураванай сцяной і вежамі, якія разбураны ў 17 ст. уніяцкім архіепіскапам І.​Кунцэвічам. Часткай княжацкай рэзідэнцыі з’яўляўся Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр.

т. 3, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕТПА́К-ДАЛА́, Бедпак-Дала, Паўночны Галодны стэп,

пустыня ў Казахстане, ад р. Сарысу на З да воз. Балхаш на У. Пл. каля 75 тыс. км². Плоская і спадзістахвалістая раўніна з сярэднімі выш. 300—350 м (найб. г. Джамбул, 974 м). Зах. ч. — гліністая салянкава-палыновая пустыня, якая пераходзіць на У у камяністую пустыню. Шмат дробных, засоленых азёраў. Пашы; асвойваецца пад земляробства.

т. 3, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУХО́ВІЧ (Тэадор Геранім) (1643 — 14.4.1707),

дзярж. дзеяч ВКЛ, мемуарыст. Сын П.К.Абуховіча. У 1657—69 пры двары караля Яна Казіміра Вазы. У 1672 і ў 1678—1700 неаднаразова выбіраўся паслом на соймы. У 1673 удзельнічаў у бітве пад Хоцінам супраць туркаў. Паломнічаў у Рым (1674). Падкаморы (1693) і кашталян (1700) навагрудскі. Аўтар «Дыярыуша», які ахоплівае падзеі грамадска-паліт. жыцця Рэчы Паспалітай 1656—1700.

т. 1, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРА́ (грэч. agora),

у стараж. грэкаў назва нар. сходу і месца, дзе ён адбываўся. Агара займала цэнтр. месца т.зв. ніжняга горада, які размяшчаўся пад узгоркам акропаля. Звычайна агара — цэнтр. гандл. плошча горада (у перыяд архаікі складалася стыхійна; у эпоху класікі і элінізму мела рэгулярную планіроўку), на якой знаходзіліся храмы, дзярж. ўстановы, майстэрні і крамы.

Агара ў Асосе (эліністычны перыяд). Рэканструкцыя.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМУРСА́НА (1722—57),

адзін з уладарных князёў Айрацкага ханства, дзеяч антыманьчжурскага вызв. руху ў Манголіі ў 1750-я г. Пасля няўдалай спробы захапіць ханскі прастол у 1754 уцёк у Пекін. Маньчжурскія войскі пад выглядам дапамогі Амурсана ў 1755 акупіравалі і ліквідавалі ханства. Падмануты Амурсана ў 1755 далучыўся да стыхійнага антыманьчжурскага руху і стаў яго правадыром. Пацярпеўшы паражэнне, у 1757 уцёк у Расію.

т. 1, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)