ДО́ПЛЕР ((Doppler) Крысціян Іаган) (29.11.1803, г. Зальцбург, Аўстрыя — 17.3.1853),
аўстрыйскі фізік, матэматык і астраном. Чл. Аўстрыйскай АН (1848). Скончыў політэхн.ін-т у Вене (1825). У 1829—49 у розных ун-тах Аўстрыі, Чэхаславакіі і Германіі. З 1850 праф. Венскага ун-та. Навук. працы па оптыцы, акустыцы, тэорыі мікраскопа і аптычнага дальнамера, тэорыі колераў і інш. У 1842 тэарэт. абгрунтаваў залежнасць частаты прынятых ваганняў ад скорасці і напрамку руху крыніцы ваганняў адносна назіральніка (гл.Доплера эфект).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ПЫТ,
следчае або судовае дзеянне, якое заключаецца ў атрыманні ад сведкі, пацярпелага, падазронага, абвінавачанага або падсуднага вуснага паказання пра вядомыя яму акалічнасці дадзенай справы. Адзін з спосабаў набыцця і замацавання доказаў судовых. Правілы Д. вызначаны працэсуальным заканадаўствам. Д. правамоцны праводзіць толькі работнікі органаў дазнання і папярэдняга следства, пракуроры і суд, а ў цывільным працэсе — таксама істцы і адказчыкі ці іх прадстаўнікі. Вынікі Д. фіксуюцца ў адпаведных следчых або суд. пратаколах, Д. можа суправаджацца аўдыё- або відэазапісам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,
у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Крашанка, за 20 км на Пдадг. Полацк. Пл. 0,26 км², даўж. 800 м, найб.шыр. 420 м, найб.глыб. 2,8 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Пл. вадазбору 4 км². Схілы катлавіны выш. 5 м, пад лесам. Берагавая лінія звілістая, утварае некалькі заліваў. У цэнтры возера востраў пл. 0,4 га. Дно выслана сапрапелем. Злучана ручаём з воз. Уклеенка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЎНЯ́НЫ ВУ́ГАЛЬ,
сітаваты высокавугляродзісты прадукт піролізу драўніны. З 1 м³ сыравіны атрымліваюць 140—180 кг Д.в., шчыльнасць якога залежыць ад віду драўніны: найменшая 260 кг/м³ (елка), найб. 380 кг/м³ (бяроза). Яго элементны склад вызначаецца т-рай піролізу, напр., прамысл. Д.в. (піроліз пры 450—550 °C) мае 80—92% вугляроду, 4—4,8% вадароду, 5—15% кіслароду. Выкарыстоўваюць у вытв-сці актыўнага вугалю, крышт. крэмнію, серавадароду, як паліва ў побыце (цеплата згарання 30—35 МДж/кг).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМІАРА́БІК (ад гумі + лац. arabicus аравійскі),
камедзь арабская, празрыстая вязкая вадкасць, якую выдзяляюць розныя віды акацый і якая зацвердзявае на паветры. Уяўляе сабой комплекс поліцукрыдаў, у саставе якіх глюкоза, арабіноза, рамноза, глюкуронавыя к-ты. Раней гуміарабік выкарыстоўвалі ў медыцыне як сродак, што памяншае раздражненне слізістых абалонак пры выкарыстанні некат. лекаў, для прыгатавання пілюль і эмульсіі у прам-сці — у якасці клеючага рэчыва і як стабілізатар некат. злучэнняў. З развіццём хіміі палімераў гуміарабік практычна страціў сваё прызначэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІ́ЛАЎ (Аляксей Ільіч) (19.1.1923, в. Капцева Смаленскай вобл., Расія — 30.6.1944),
удзельнік вызвалення Беларусі адням.-фаш. захопнікаў у Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў палкавую школу танкістаў. У Вял.Айч. вайну на фронце з 1944. Вызначыўся 30.6.1944 пры вызваленні Барысава: экіпаж танка — камандзір П.М.Рак, механік-вадзіцель АА.Пятраеў, радыст Д. — прарваўся ў заняты ворагам горад, 17 гадзін вёў бой, вызваліў 200 чал. ваеннапалонных. Экіпаж згарэў у танку. У Барысаве экіпажу танка пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРНАВА́ННЕ (адням. Dorn метал. шып, дорн),
1) утварэнне адтуліны («прашыванне») у нагрэтым злітку для атрымання загатоўкі трубы.
2) Апрацоўка адтулін (каліброўка) для павышэння дакладнасці іх формы і памеру, памяншэння шурпатасці і ўмацавання паверхневага слоя. Робіцца ратацыйным дорнам на такарных, расточных і інш. станках. Асн. элемент ратацыйнага дорна — шарыкі (або ролікі) з загартаванай сталі, якія пры абкочванні бесперапынна прыціскаюцца да паверхні, што апрацоўваецца. На Беларусі комплекс ратацыйных дорнаў створаны пад кіраўніцтвам Я.Р.Канавалава (Залаты медаль на Лейпцыгскім кірмашы ў 1967).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГІЛЬДЗЕ́ЙСКІ САЦЫЯЛІЗМ»,
гільдэізм, рэфармісцкая плынь у Вялікабрытаніі ў пач. 20 ст. Заснавальнікі — члены «Фабіянскага таварыства» (Дж.Коўл і інш.), якія стварылі ў 1914 Нац. гільдзейскую лігу і распрацавалі праграму «Гільдзейскага сацыялізму» (спалучала традыц. палажэнні фабіянскага рэфармізму з ідэямі анарха-сіндыкалізму). Тэарэтыкі «Гільдзейскага сацыялізму» ўяўлялі пераход ад капіталізму да сацыялізму ў выглядзе паступовага працэсу выцяснення капіталіст. манаполій шляхам перадачы нацыяналізаваных прадпрыемстваў нац. гільдыям — аб’яднанням працоўных пэўнай галіны. У 1920-я г. «Гільдзейскі сацыялізм» сышоў з паліт. арэны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІНЕКАМАСТЫ́Я (адгінека... + грэч. mastos грудзі),
павелічэнне малочных залоз у мужчын. Сапраўдная гінекамастыя адбываецца з прычыны разрастання залозістай тканкі малочнай залозы, псеўдагінекамастыя абумоўлена залішнім адкладаннем тлушчу у падскурнай клятчатцы (звычайна пры атлусценні). Сярод формаў сапраўднай гінекамастыі найб. пашырана фізіялагічная — пубертатная, або юнацкая гінекамастыя, якая ўзнікае ў перыяд палавога выспявання пры нармальным палавым развіцці. Па заканчэнні гэтага перыяду найчасцей знікае, зрэдку захоўваецца і ў дарослых. Узнікненне паталагічнай гінекамастыі звязваюць з прыроджанай або набытай зменай функцыі палавых залоз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРТЭРМІ́Я (адгіпер... + грэч. thermē цяпло),
пераграванне, намнажэнне цяпла ў арганізме цеплакроўных жывёл і чалавека ў выніку перавышэння цеплапрадукцыі над цеплааддачай. Пры выяўленым напружанні фізіял. механізмаў тэрмарэгуляцыі (потавыдзяленне, расшырэнне скурных сасудаў і інш.) гіпертэрмія суправаджаецца ўзмацненнем і якаснымі парушэннямі абмену рэчываў, стратай вільгаці і солей, парушэннем кровазвароту і забеспячэння мозга кіслародам, што выклікае ўзбуджэнне, зрэдку сутаргі і непрытомнасць. Пры тэмпературы цела 41—42 °C можа здарыцца цеплавы ўдар. Штучная гіпертэрмія выкарыстоўваецца пры лячэнні некаторых нервовых і хранічных хвароб.