хлебабулачныя вырабы з абваранага цеста ў выглядзе кольцаў рознай велічыні. Называлі і абваранкамі (ад абварыць). Упершыню пачалі рабіць абаранкі ў Смаргоні (Беларусь), потым сталі вядомыя ў многіх (пераважна слав.) народаў. Славіліся янаўскія, бешанковіцкія, полацкія, мірскія і інш. Абаранкі. Выкарыстоўваліся і для прыгатавання кануна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРАЧА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
частка аптычнай сістэмы для змены напрамкаў восяў сіметрыі відарыса аптычнага, створанага аб’ектывам, на процілеглы. Паводле канструкцыі абарачальную сістэму падзяляюць на лінзавыя (складаюцца з лінзаў і апертурнай дыяфрагмы), прызмавыя (пабудаваны на выкарыстанні поўнага ўнутр. адбіцця святла), люстраныя (складаюцца з некалькіх люстэркаў) і валаконна-аптычныя. Выкарыстоўваюцца ў біноклях, перыскопах і інш. аптычных прыладах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРАЧА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́Су тэрмадынаміцы,
працэс пераходу сістэмы з аднаго стану ў другі, які магчыма ажыццявіць у адваротным напрамку з паўтарэннем усіх яго прамежкавых станаў. Складаецца з паслядоўнасці станаў раўнавагі, якія вельмі мала розняцца паміж сабою, таму яго наз. квазістатычным, квазіраўнаважным. Крытэрыем абарачальнасці з’яўляюцца паводзіны энтрапіі: яна застаецца пастаяннай у абарачальным працэсе, які працякае ў ізаляванай сістэме значна павольней, чым устанаўліваецца тэрмадынамічная раўнавага ў дадзенай сістэме. Сістэма пры абарачальным працэсе выконвае найб. магчымую работу. Абарачальны працэс ляжыць у аснове тэорыі цеплавых рухавікоў (гл.Карно цыкл). Усе рэальныя працэсы з-за трэння, дыфузіі, выпрамянення і інш. неабарачальныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРАЧА́ЛЬНЫЯ РЭА́КЦЫІ,
хімічныя рэакцыі, якія адначасова адбываюцца ў прамым і адваротным напрамках і знаходзяцца ў стане дынамічнай раўнавагі. Кірунак рэакцый залежыць ад канцэнтрацыі рэчываў — удзельнікаў рэакцый. Пры дасягненні раўнавагі хімічнай скорасці абарачальныя рэакцыі аднолькавыя і сістэма ўтрымлівае зыходныя рэчывы і прадукты.
Простыя абарачальныя рэакцыі (напр., N2O4 2NO2) складаюцца з дзвюх элементарных рэакцый, якія адрозніваюцца толькі напрамкам (N2O4 → 2NO2 і 2NO2 → N2O4). Складаныя бываюць абарачальныя пры ўмове абарачальнасці ўсіх стадый (напр., N2+3NH2, 2NH3). Абарачальныя рэакцыі пры пэўных умовах ператвараюцца ў практычна неабарачальныя рэакцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРАЧЭ́ННЕ, інверсіяў музыцы,
спосаб мадыфікацыі акордаў, інтэрвалаў, гукавышыннай лініі (мелодыі, матыву, серыі) перамяшчэннем гукаў у адваротным напрамку з захаваннем першапачатковай часавай паслядоўнасці. Сродак вар’іравання, у выніку якога ўзнікаюць новыя элементы, ствараецца роднасная, аднак фактычна новая мелодыя. Гук, які пры абарачэнне застаецца на месцы, наз. воссю абарачэння. Выкарыстоўвалася ў канонах, жыгах, рычэркарах і фугах, пазней ў неполіфанічных творах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРАЧЭ́ННЕў эканоміцы,
форма таварнага абмену прадуктаў працы і інш. аб’ектаў уласнасці праз куплю-продаж. З’яўляецца бясконцым працэсам мноства самастойных актаў куплі і продажу, які звязвае вытв-сць з размеркаваннем і спажываннем. Ад абмену тавараў (Т—Т) адрозніваецца тым, што ажыццяўляецца пры пасрэдніцтве грошай (Т—Г—Т). Развіццё абарачэння звязана з таварнай вытв-сцю.
На пач. этапах абмяжоўвалася мясц. рынкам. З паглыбленнем грамадскага падзелу працы і пашырэннем таварна-грашовых адносін сфарміраваліся ўнутр. і сусв. рынкі, пачалося развіццё крэдытнага абарачэння, абарачэння каштоўных папер і інш. формаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРДА́Ж
(франц. abordage),
спосаб вядзення бою вёславымі і паруснымі караблямі. Адзін або некалькі атакоўчых караблёў падыходзілі да карабля праціўніка як мага шчыльней, счапляліся з ім бартамі, высаджвалі абардажную каманду, якая ў рукапашнай сутычцы вырашала зыход бою. Выкарыстоўваўся са стараж. часоў да 19 ст.; разам з таранным ударам складаў аснову тактыкі марскога бою. З развіццём карабельнай артылерыі, ростам агнявой магутнасці і быстраходнасці караблёў страціў сваё значэнне. Выкарыстоўваюць пры перадачы (прыёме) грузу і людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРО́Г,
лёгкае збудаванне для захоўвання сена. Невялікая 4- ці 2-схільная рухомая стрэшка на 4 высокіх слупах, накрытая саломай або дранкай; пры патрэбе можа падымацца і апускацца. Здаўна вядома на Беларусі, паўн. Украіне, ПнЗ Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРО́НА,
баявыя дзеянні з мэтай зрыву або адбіцця наступлення намнога большых сіл праціўніка, прыкрыцця або ўтрымання занятых пазіцый, выйгрышу часу і стварэння ўмоў для пераходу у наступленне войскаў, якія абараняюцца. Ажыццяўляецца ў тактычных, аператыўных і стратэг. маштабах, прымусова (калі наступленне немагчыма або немэтазгодна) або наўмысна.
У старажытнасці і сярэднявеччы для доўгатэрміновай абароны выкарыстоўвалі ўмацаваныя гарады, крэпасці, замкі (гл.Абарончыя збудаванні). З аснашчэннем арміі агнястрэльнай зброяй (з 14—15 ст.) пачалося збудаванне палявых абарончых умацаванняў. З распаўсюджваннем у 19 ст. наразной зброі з большай далёкасцю стральбы сталі ствараць глыбокую (эшаланіраваную) абарону. Умацаваная паласа глыбінёй 1000—1500 м упершыню была створана ў час Севастопальскай абароны 1854—55. У 1-ю сусв. вайну ў прамежках паміж апорнымі пунктамі ствараліся суцэльныя лініі траншэй. Войскі займалі некалькі абарончых пазіцый, якія эшаланіраваліся ў глыбіню на 3—4 км адна ад адной. За гэтымі пазіцыямі ствараліся тылавыя (запасныя) абарончыя палосы. Будавалася абарона на суцэльным фронце з выкарыстаннем сістэмы інж. збудаванняў і загарод. З насычэннем ўзбр. сіл танкамі, дальнабойнай артылерыяй, самалётамі абарона стала глыбокай, шматпалоснай, процітанкавай, проціартылерыйскай, процісамалётнай. Усебаковае развіццё абарона атрымала ў Вял. Айч. вайну. На тэр. Беларусі цяжкія абаронныя баі ішлі ў чэрв.—жн. 1941 (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Віцебска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш.).
У сучасных умовах абарона прадугледжвае актыўнае процідзеянне адначасовым ударам усіх відаў зброі, авіяцыі і артылерыі, дэсантных і інш. войскаў праціўніка, своечасовае выяўленне яго сродкаў масавага паражэння, жывой сілы і тэхнікі, стварэнне найб. зручных умоў для сябе. Каб сарваць ці аслабіць наступленне, войскі ў абароне ажыццяўляюць агнявую контрпадрыхтоўку па групоўцы праціўніка, якая падрыхтавалася да наступлення, і контратакуюць. Паводле метадаў вядзення абароны бывае пазіцыйная і манеўраная; сучасная абарона, як правіла, спалучае абодва гэтыя метады. Устойлівасці і актыўнасці абароны спрыяюць насычанасць яе браніраванымі сродкамі, глыбокае эшаланіраванне і разгрупаванне сіл і сродкаў, разнастайнасць спосабаў вядзення абарончых дзеянняў, выкарыстанне спецыфічных фіз.-геагр. умоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРО́НА АЙЧЫ́НЫ,
абарона краіны ад знешняга нападу, пагрозы яе незалежнасці і тэр. цэласнасці. Абарона Рэспублікі Беларусь — найважнейшая функцыя дзяржавы, канстытуцыйны абавязак і доўг кожнага яе грамадзяніна. Актыўная форма рэалізацыі гэтага абавязку — ваенная служба. Закон «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992 рэгламентуе парадак падрыхтоўкі насельніцтва да абароны краіны і забеспячэння камплектавання яе Узброеных Сіл.