помнік бел.-літ. летапісання 16 ст., спіс 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Паводле складу і тэксту блізкі да Супрасльскага летапісу. У акадэмічны летапіс уваходзяць скарочаны агульнарус. летапіс, Смаленская хроніка, «Пахвала Вітаўту», смаленскія пагадовыя запісы за 1432—46 і «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх». Ва ўрыўках збераглася частка па гісторыі Маскоўскай Русі 14 — 1-й трэці 15 ст. (пачынаецца са звестак 1339, згублены лісты з запісамі падзей 1373—1414 і 1418—27). Не зберагліся пач. частка, прысвечаная гісторыі Кіеўскай Русі, і «Аповесць пра Падолле», што была змешчана ў канцы рукапісу. Тэкст Бел.-літ. летапісу 1446 месцамі перададзены недакладна, з памылкамі.
Летапіс уваходзіць у склад рукапіснага зборніка сярэдзіны 16 ст., які захоўваецца ў б-цы Рас.АН у Санкт-Пецярбургу. Апублікаваны ў 17-м (1907) і 35-м (1980) тамах Поўнага збору рус. летапісаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІСЛЯ́ЛЬНАЕ ФАСФАРЫЛІ́РАВАННЕ,
біясінтэз малекул адэназінтрыфосфарнай к-ты (АТФ) з адэназіндыфосфарнай (АДФ) і фосфарнай к-тза кошт энергіі акіслення субстрату: АДФ + H3PO4 → АТФ + H2O (гл.Акісленне біялагічнае). Асн. субстратам для акісляльнага фасфарыліравання служаць малекулы арган. рэчываў, пераважна арган.к-т, якія ўтвараюцца ў трыкарбонавых кіслот цыкле. Акісляльнае фасфарыліраванне адкрыта сав. біяхімікам У.А.Энгельгартам (1930). Адбываецца ў жывых клетках (у мітахондрыях) пры пераносе электронаў і пратонаў па дыхальным ланцугу з удзелам значнай колькасці дыхальных ферментаў і каферментаў (ферментны комплекс АТФ-сінтэтаза). Паказчык эфектыўнасці акісляльнага фасфарыліравання — адносіны колькасці фасфату, звязанага АДФ пры акісляльным фасфарыліраванні, да паглынутага кіслароду (P/O). Малекула АТФ утвараецца пры пераносе 2 электронаў праз пункт энергет. злучэння, у якім адбываецца утылізацыя энергіі, што вызваляецца. У выніку акісляльнага фасфарыліравання ў клетках назапашваецца АТФ — важнейшае макраэргічнае злучэнне, якое забяспечвае розныя працэсы жыццядзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБВІНАВА́ЎЧАЕ ЗАКЛЮЧЭ́ННЕ,
працэсуальны дакумент, у якім выкладзена і абгрунтавана рашэнне следчага (або асобы, якая праводзіла дазнанне) аб фармулёўцы абвінавачання асобы, прыцягнутай да крымін. адказнасці. У ім падсумоўваюцца вынікі папярэдняга следства па справе, робіцца вывад пра ўчыненне злачынства пэўнай асобай, пра дастатковасць падстаў для суд. разгляду справы. Складаецца з апісальнай і рэзалютыўнай частак. У апісальнай частцы выкладаецца сутнасць справы, у рэзалютыўнай змяшчаюцца звесткі пра абвінавачанага (абвінавачаных) і фармулёўка прад’яўленага абвінавачання са спасылкай на адпаведныя артыкулы Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Следчы падпісвае абвінаваўчае заключэнне і разам са справай перадае пракурору, які зацвярджае абвінаваўчае заключэнне і накіроўвае справу ў суд ці вяртае яе для дадатковага следства або спыняе справу. Абвінаваўчае заключэнне ўручаецца абвінавачанаму не пазней як за 3 сут. да суд. разгляду, што дае яму магчымасць азнаёміцца з доказамі і падрыхтавацца да абароны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУХО́ВІЧ (Піліп Казімір) (? — 6.9.1656),
дзярж. і ваенны дзеяч ВКЛ, дыпламат, пісьменнік. З роду Абуховічаў, паходжаннем з мазырскай шляхты, якая асела на Навагрудчыне. Скончыў Замойскую акадэмію (цяпер Люблінскае ваяв., Польшча). З 1649 пісар ВКЛ. Пасол у Венецыі і Маскве (1651). Ваявода віцебскі, смаленскі (1653). У 1654 узначальваў абарону Смаленска і пасля доўгай аблогі здаў горад рус. войскам. За гэта быў абвінавачаны ў здрадзе, але на сойме 1658 апраўданы. Яму адрасаваны «Ліст да Абуховіча». Аўтар вершаў на лац. мове. У 1617 у Замосці апубл. прамовы на лац. і грэчаскай мовах у гонар П.Замойскага. У «Дыярыушы» апісаў падзеі 1630—54: грамадска-паліт. жыццё Рэчы Паспалітай, у т. л. Беларусі, ваен. падзеі ў час антыфеад. вайны ўкр. і бел. народаў 1648—54, міжнар. адносіны ва Усх. Еўропе сярэдзіны 17 ст. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АБ’ЯДНА́НАЕ АНТЫСАВЕ́ЦКАЕ ПАДПО́ЛЛЕ»
(«ААП»),
назва неіснаваўшых «антысавецкіх дыверсійна-шкодніцкіх, шпіёнскіх, тэрарыстычных і паўстанцкіх арганізацый», выкарыстаная ў 1937—38 у перыяд масавых паліт. рэпрэсій супрацоўнікамі НКУСБССР для фабрыкацыі шэрагу паліт. працэсаў на Беларусі. Гал. матыў абвінавачвання — «барацьба супраць Камуністычнай партыі і савецкага ўрада». Паводле абвінаваўчых актаў, «ААП» складалася з 6 самаст. арг-цый: «правых», «бундаўска-сіянісцкай», «нацыянал-фашысцкай», «трацкісцка-тэрарыстычнай», «шпіёнска-паўстанцкай», «эсэраўскай». У кіраўнікі «ААП» былі залічаны М.М.Галадзед, М.Ф.Гікала, В.Ф.Шаранговіч, А.Р.Чарвякоў, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), А.А.Чарнушэвіч, П.Бадунова і інш. У 1937—38 арыштавана і засаджана больш за 2570 чал., абвінавачаных у прыналежнасці да «ААП». «Кіраўнікі» і «актыўныя члены» гэтых арг-цый былі прыгавораны да расстрэлу, астатнія — да розных тэрмінаў папраўча-працоўных лагераў. Іх рэабілітацыя адбывалася на працягу 1955—89.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТАЗІ́ДЫ (Ortheziidae),
чарвяцы, група найб. прымітыўных хобатных насякомых атр. раўнакрылых. Больш за 1,6 тыс. відаў. Жывуць пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі кашаніль польская занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. ад некалькіх мм да 1 см. На целе ў маладых і дарослых спінны шчыт з воска- і смолападобных рэчываў сакрэту скурных залоз. Галава звычайна з добра развітымі вусікамі і вачамі. Ногі адна- або двухчленікавыя з кіпцюром на канцы. Лічынкі («бадзяжкі»), выходзячы з-пад матчынага шчытка або яйцавага мяшка распаўзаюцца ў розных напрамках ці пераносяцца ветрам. Жывуць на раслінах, кормяцца іх сокам. Рэзка выяўлены палавы дымарфізм. Самка бяскрылая, лічынкападобная, самцы крылатыя. Многія з мучністых артазідаў — шкоднікі раслін, асабліва субтрапічных (напр., цытрусавых). Ёсць каштоўныя: артазіды лакавыя даюць ізаляцыйны матэрыял шэлак, кермесы — чырв. фарбу кармін. Некаторыя ахоўваюцца.
Да арт.Артазіды. Кашаніль польская: 1 — самец; 2 — самка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХІ́Ў ФЮР СЛА́ВІШЭ ФІЛАЛАГІ́»
(«Archiw für slavische Philologie», «Архіў славянскай філалогіі»),
адзін з першых славістычных часопісаў. Выдаваўся ў 1876—1929 у Берліне на ням. мове. Выйшлі 42 тамы. Заснавальнік і першы рэдактар В.Ягіч. Узняў славістыку да ўзроўню міжнар. навукі. Знаёміў вучоных Зах. Еўропы са слав. культурамі, у т. л. беларускай. Змясціў больш за 20 публікацый па беларусістыцы, у т. л. «Беларускі Codex miscellaneus з бібліятэкі графа Рачынскага ў Познані» (т. 9), «Сляды кувады на Беларусі» Ягіча (т. 9), «Польска-рускія інтэрмедыі XVII ст.» А.Брукнера (т. 13), «Новыя славянскія зборнікі казак» І.Паліўкі (т. 19). На старонках часопіса рэцэнзаваліся амаль усе значныя выданні па бел. фальклоры канца 19 — пач. 20 ст., многія даследаванні па бел. мове. Публікацыі абуджалі цікавасць да культуры бел. народа, спрыялі развіццю даследаванняў па бел. праблематыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНО́ЎНЫ АБМЕ́Н,
колькасць энергіі, затрачанай арганізмам чалавека ці жывёлы пры магчыма поўным мышачным спакоі для забеспячэння мінім. ўзроўню абмену рэчываў і функцыян. актыўнасці, неабходных для падтрымання жыцця. Мінім.энергет. затраты арганізма чалавека вызначаюцца ў стане мышачнага спакою ў ляжачым становішчы, нашча, праз 12—16 гадз пасля прыняцця ежы, пры т-ры камфорту (18—20 °C). Вымяраецца ў кіладжоўлях, кілакалорыях на адзінку масы або паверхні цела, за 1 гадз або 1 суткі; залежыць ад масы цела, росту, узросту, полу, віду, характару харчавання, умоў месцажыхарства і інш. Больш высокі ў маладых людзей, у мужчын (у параўнанні з жанчынамі), у людзей, якія займаюцца фіз. працай, у спартсменаў. У людзей, што галадаюць або доўга хварэюць, асноўны абмен паніжаны Паказанні асноўнага абмену выкарыстоўваюць для дыягностыкі некаторых захворванняў (напр., эндакрынных залоз). У жывёлагадоўлі па Асноўным абмене вызначаюць нормы кармлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́ШЫНА,
вёска ў Беларусі, у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на ПнУ ад Навагрудка, 185 км ад Гродна, 46 км ад чыг. ст. Наваельня. 299 ж., 168 двароў (1994). Базавая школа, б-ка, клуб, камбінат быт. абслугоўвання.
Да 1401 двор Новагародскай зямлі, дзярж. ўласнасць. У 1428 Вітаўт падараваў Асташына сваёй жонцы Юльяне Іванаўне Гальшанскай у якасці вена. З канца 15 ст. ўласнасць Чартарыйскіх, потым Саламярэцкіх, Радзівілаў, Чачотаў. У 1897 — 929 ж., 150 двароў, царква, царкоўнапрыходская школа, хлебазапасны магазін, піцейны дом. У 1921—39 у складзе Польшчы, вёска Любчанскай гміны Навагрудскага пав. У Асташына і навакольных вёсках адбылося Асташынскае выступленне сялян 1932. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Любчанскім раёне, з 1956 у Навагрудскім раёне. У 1969 — 730 ж., 248 двароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЎНА,
вёска ў Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Астроўна». За 33 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы, 25 км ад Віцебска, 28 км ад чыг. ст. Віцебск. 1173 ж., 554 двары (1994).
У 1520-я г. ў Астроўне заснаваны замак, у 1622 — манастыр дамініканцаў. Уласнасць Сапегаў. З 1772 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Сенненскага пав. У канцы 18 ст. ў Астроўне 97 ж., 19 двароў, штогадовы кірмаш. У час вайны 1812 у ваколіцах Астроўны адбыўся бой паміж франц. авангардам Ж.Мюрата і часткай сіл Зах. арміі М.Б.Барклая дэ Толі, у выніку якога мястэчка было разбурана. У 1888 у Астроўне 569 ж., 70 дамоў. У 1969 — 851 ж., 264 двары.
Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму.