МУ́ДРАСЦЬ,
вышэйшы духоўны патэнцыял чалавека, які сінтэзуе многія віды пазнання і актыўныя адносіны чалавека да свету. Летазлічэнне духоўнай культуры кожнага народа пачынаецца з першых мудрацоў, дзякуючы якім якасць мыслення становіцца адным з найважнейшых паказчыкаў грамадскага прагрэсу. Вобраз мудрага чалавека — носьбіта ісціны, эталона жыццёвых паводзін — заўсёды разглядаўся як зямное ўвасабленне філас. ісціны. У хрысціянстве разуменне М. ўзнікае разам з ідэяй асабістага выратавання і грамадскага ўдасканалення: мудрэц — пераўтваральнік і настаўнік жыцця. Этычны сэнс М. ў тым, што нар. свядомасць захоўвае слова «мудры» для абазначэння таго, хто спалучае ў сабе любоў і праўду, пракладвае шлях да міру і згоды, нясе людзям дабро і справядлівасць.
т. 11, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ХА (Уладзімір Сцяпакавіч) (н. 6.3.1945, в. Хваставічы Глускага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне інфарматыкі і аўтам. кіравання. Д-р тэхн. н. (1994), праф. (1996). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1967). З 1968 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (з 1999 заг. кафедры). Навук. працы па сістэмах і метадах апрацоўкі інфармацыі і аўтам. кіравання. Распрацаваў асновы мнагамерна-матрычнага падыходу да мадэліравання мнагамерных сістэм і працэсаў.
Тв.:
Многомерно-матричные полиномы Эрмита // Весці АН БССР. Сер. фіз.-мат. навук. 1990. № 4;
Многомерно-матричная технология для полиномов Лягерра векторной переменной в вероятностных приложениях // Электромагнитные волны и электронные системы. 1998. Т. 3, № 4.
т. 11, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШКО́ (дзявочае Вараб’ёва) Ніна Канстанцінаўна
(н. 31.5.1917, в. Мадахава Цвярской вобл., Расія),
расійскі харавы дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1980). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1945). Кіравала самадз. нар. харамі. З 1956 хормайстар Хору рус. песні Усесаюзнага радыё, з 1960 маст. кіраўнік акад. Паўн. рус. нар. хору (Архангельск). У 1945—58 выкладала ў Маскоўскім гар. муз.-пед. вучылішчы, з 1969 у Рас. акадэміі музыкі імя Гнесіных (з 1982 праф.). Паставіла шэраг манум. хар. кампазіцый, у т. л. «Паўночнае ігрышча», «Паморская сюіта», «Пячорскія бяседы». Аўтар хар. твораў і апрацовак нар. песень для хору, артыкулаў па пытаннях хар. мастацтва. Дзярж. прэмія Расіі імя М.І.Глінкі 1968.
т. 11, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШЧЭ́РСКІ (Іван Усеваладавіч) (10.8.1859, г. Архангельск, Расія — 7.1.1935),
расійскі вучоны ў галіне механікі, адзін з заснавальнікаў механікі цел пераменнай масы. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882), дзе і працаваў. З 1902 праф. Ленінградскага політэхн. ін-та. Навук. працы па тэарэт. і дастасавальнай механіцы. Распрацаваў тэорыю руху цел пераменнай масы, што стала асновай для вырашэння шэрагу праблем рэактыўнай тэхнікі і нябеснай механікі. Пад яго рэдакцыяй выдадзены «Зборнік задач па тэарэтычнай механіцы» (ч. 1, 1911).
Тв.:
Работы по механике тел переменной массы. 2 изд. М., 1952.
Літ.:
Космодемьянский А.А. И.В.Мещерский // Космодемьянский А.А. Теоретическая механика и современная техника. 2 изд. М., 1975.
А.І.Болсун.
т. 11, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЙБО́ЛЬШЫ АГУ́ЛЬНЫ ДЗЕ́ЛЬНІК двух ці некалькіх натуральных лікаў, найбольшы з цэлых дадатных лікаў, на якія дзеліцца без астачы кожны з дадзеных лікаў. Калі вядома раскладанне дадзеных лікаў на простыя множнікі, то для атрымання Н.а.дз. гэтых лікаў трэба знайсці здабытак тых множнікаў, якія змяшчаюцца ва ўсіх раскладаннях, узяўшы кожны такі множнік найменшую колькасць разоў. Напр., паколькі 360=2∙2∙2∙3∙3∙5 і 396=2∙2∙3∙3∙11, то Н.а.дз. гэтых лікаў роўны 2∙2∙3∙3=36. Паняцце Н.а.дз. дастасавальнае і да мнагаскладаў. Н.а.дз. двух ці некалькіх мнагаскладаў ёсць мнагасклад найвышэйшай ступені, на які дзеліцца кожны з іх.
т. 11, с. 128
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМСАРА́ЕЎ (Хоца Намсараевіч) (9.5.1889, Кіжынгінскі аймак, Бурація — 28.7.1959),
бурацкі пісьменнік. Друкаваўся з 1919. Аповесць «Цырэмпіл» (1935) і раман «На досвітку» (1950) пра ўстанаўленне сав. улады. Падзеям Вял. Айч. вайны прысвечаны аповесці «Прамень перамогі» (1942), «Залатая страла» (1944), зб. вершаў «Перамога» (1942). Аўтар зб. апавяданняў па матывах бурацкай нар. творчасці «Так было...» (1935), п’ес «Цемра» (1919), «Цёмнае жыццё» (1921), аповесцей для дзяцей «Юнакі» (1949), «Тры таварышы» (1950) і інш. Збіраў і даследаваў бурацкі фальклор.
Тв.:
Рус. пер. — Цыремпил. М., 1989;
На утренней заре. Так было. Однажды ночью. Улан-Удэ, 1989;
Сагадай Мэрген. М., 1990.
Літ.:
Соктоев А.Б. Хоца Намсараев. Улан-Удэ, 1971.
т. 11, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПРУ́ЖАННЯ РЭГУЛЯ́ТАР,
электрычны апарат для рэгулявання напружання электрычнага па зададзеным законе. Бывае з ручным ці аўтам. кіраваннем; прамога і непрамога дзеяння; пазіцыйны (рэлейны), прапарцыянальны (статычны), інтэгральны (астатычны) і камбінаваны.
Найпрасцейшы Н.р. з ручным кіраваннем — паўзунковы рэастат. Аўтам. Н.р. будуюцца з выкарыстаннем эл.-магн. элементаў (напр., магн. узмацняльнікаў), электронных прылад, эл.-машынных узмацняльнікаў. Асобны від такога Н.р. — стабілізатар напружання (або току), які падтрымлівае пастаяннае значэнне напружання (сілы току) пастаяннага ці пераменнага току. У Н.р. прамога дзеяння перамяшчэнне адчувальнага органа адбываецца за кошт крыніцы сілкавання, якая рэгулюецца. Н.р. непрамога дзеяння мае ўзмацняльнік, у залежнасці ад віду якога наз.: электрамашынным, электрамагнітным, электронным, паўправадніковым і інш.
т. 11, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТАЛІ́Н,
кандэнсаваны араматычны вуглевадарод, С10Н8. У малекуле Н. 2 кандэнсаваныя бензольныя кальцы (гл. Араматычныя злучэнні).
Бясколерныя крышталі з характэрным пахам, tпл 80,3 °C. Добра раствараецца ў этаноле, дыэтылавым эфіры, ацэтоне, бензоле, мала — у вадзе. Лёгка ўзганяецца (пры 50 °C). Праяўляе араматычныя ўласцівасці; гідрагенізуецца часткова або поўнасцю (утвараюцца тэтралін і дэкалін), акісляецца з раскрыццём аднаго з цыклаў. Атрымліваюць з каменнавугальнай смалы і прадуктаў піролізу нафты. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў хім. прам-сці (для атрымання фталевага ангідрыду, нафтолаў, тэтраліну, дэкаліну і інш.), а таксама ў вытв-сці азафарбавальнікаў, пластыфікатараў, паверхнева-актыўных рэчываў, лек. сродкаў, як інсектыцыд. ГДК 20 мг/м³.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 11, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕДАТЫКА́ЛЬНАСЦЬ ЖЫЛЛЯ́,
адно з асноўных канстытуцыйных асабістых правоў чалавека. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (арт. 29) ніхто не мае права без законнай падставы ўвайсці ў жыллё і інш. законнае ўладанне грамадзяніна супраць яго волі. Гал. гарантыя Н.ж. заключаецца ў тым, што вобыскі праводзяцца толькі на падставе матываванай пастановы следчага, якая санкцыянавана пракурорам або яго намеснікам (за выключэннем выпадкаў, калі адкладваць нельга — з захаваннем усіх прадпісанняў законаў). У інш. выпадках самавольнае ўварванне ў жыллё дапускаецца толькі для прадухілення сур’ёзнай і сапраўднай пагрозы грамадскай бяспецы, а таксама жыццю і здароўю людзей. Гарантыі Н.ж. могуць быць абмежаваны ў перыяд дзеяння надзвычайнага і ваен. становішча.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 11, с. 267
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІВЕЛІ́РНАЯ СЕ́ТКА,
сукупнасць пунктаў зямной паверхні, для якіх вышыні вызначаны нівеліраваннем (геаметрычным); вышынная апорная геадэзічная сетка. Вышыні вызначаюцца паводле прынятай у краіне сістэме вышынь над узроўнем мора. Пункты Н.с. замацоўваюць нівелірнымі маркамі і рэперамі. Паводле дакладнасці Н.с. падзяляюцца на 4 класы. Дакладнасць 1-га класа 0,5 мм на 1 км нівелірнага ходу, 2-га класа — 5 мм на 1 км, 3-га класа — 10 мм на 1 км, 4-га класа — 20 мм на 1 км. Н.с. Беларусі з’яўляецца састаўной часткай Н.с. краін СНД, лік вышынь якой вядзецца паводле Балтыйскай сістэмы вышынь ад нуля Кранштацкага футштока. Гл. таксама Геадэзічныя знакі, Геадэзічныя пункты.
П.П.Явід.
т. 11, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)