АБАКА́Н,
горад у Расіі, сталіца Хакасіі, у цэнтр. ч. Мінусінскай катлавіны. Засн. ў 1675. 158,2 тыс. ж. (1994). Прыстань на р. Абакан. Вузел чыг. ліній і аўтадарог. Машынабудаванне (вытв-сць вагонаў, кантэйнераў); дрэваапр., лёгкая, харч. прам-сць.
т. 1, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАКА́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА жалезаруднае,
на Пд Краснаярскага краю Рас. Федэрацыі. Распрацоўваецца з 1867. Кантактнае радовішча (скарны) магнетытавых руд. Разведаныя запасы 160 млн. т з 42,2% жалеза. Цэнтр здабычы — г. Абаза.
т. 1, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́БАЛА (Ābola) Мірдза Эдуардаўна
(н. 23.2.1923, воласць Світэнэ, Латвія),
латышскі літаратуразнавец. Д-р філал. н. (1956). Скончыла Латвійскі ун-т (1949). Даследчыца творчасці Я.Судрабкална, бел.-лат. гіст. і літ. сувязей (кн. «Дружба, умацаваная ў вяках», з Д.Вікснай, 1977). Прымала ўдзел у складанні навук. збору твораў Я.Райніса (т. 1—3, 5—7, 17; варыянтаў 1—3; Дзярж. прэмія Латвіі 1986). Аўтар прац «Райніс і беларусы» (1975), «Ян Судрабкалн і беларусы» (1977). Складальнік лат.-бел. і бел.-лат. слоўніка. На лат. мову пераклала зб. прозы У.Караткевіча «Чазенія» (1976), шэраг апавяданняў Я.Коласа і інш. Прэзідэнт Латышскай асацыяцыі беларусістаў (з 1991).
т. 1, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАЛА́КАВЫ,
расійскія альпіністы, браты. Віталь Міхайлавіч (13.1.1906, Масква — 26.5.1986), інжынер-канструктар, засл. майстар альпінізму (1934), засл. майстар спорту СССР (1943), засл. трэнер СССР (1961). Зрабіў першаўзыходжанне на пік Леніна (7134 м, Памір, 1934). Яўген Міхайлавіч (17.2.1907, Масква — 24.3.1948), скульптар, засл. майстар альпінізму (1934). Зрабіў першаўзыходжанне на вышэйшую вяршыню б. СССР — пік Камунізму (7495 м, Памір, 1933). Яго імем названа адна з вяршынь на Паміры.
т. 1, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАЛЕ́НСКІ Леанід Ягоравіч
(літ. псеўд. М.І.Красов; 9.3.1845—23.9.1906),
рус. філосаф, сацыёлаг. У 1860-я г. вывучаў юрыспрудэнцыю ў Маскоўскім і Пецярбургскім ун-тах. Супрацоўнічаў у час. «Мысль», «Русское богатство» і інш. Распрацоўваў праблемы эстэтыкі, сацыялогіі, маралі асобы і грамадскага развіцця. Лічыў, што ўяўленне пра з’явы аб’ектыўнага свету не тоесныя з аб’ектыўнай рэальнасцю; свядомая воля заўсёды матывавана. На яго думку, філасофія павінна ахопліваць і вобласць пачуццяў, і сутнасць свету; матэрыялізм і пазітывізм не задавальняюць гэтых патрабаванняў, таму што даюць толькі адзін з элементаў свету, яго матэрыяльны падмурак замест цэлага.
Тв.:
Развитие чувствований и опыт их новой классификации. Спб., 1884;
Научные основы красоты и искусства. Спб., 1902;
История мысли: Опыт критич. философии. Спб., 1907.
т. 1, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАЛЕ́НСКІ Яўген Пятровіч
(6.10.1796, г. Наваміргарад, Украіна — 26.2.1865),
дзекабрыст. Князь, сын тульскага губернатара. Паручнік лейб-гвардыі Фінляндскага палка. Чл. «Саюза працвітання». Адзін з заснавальнікаў Паўночнага таварыства дзекабрыстаў, з 1823 чл. яго думы. Рэспубліканец. Нач. штаба паўстання на Сенацкай плошчы 14.12.1825. Прыгавораны да пажыццёвай катаргі. Пасля амністыі 1856 жыў у Калузе. Удзельнічаў у падрыхтоўцы сял. рэформы 1861. Аўтар «Успамінаў».
т. 1, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАЛІЦЫЯНІ́ЗМ
[ад лац. abolitio (abolitionis) адмена, скасаванне],
1) грамадскі рух за скасаванне пэўнага закону.
2) Рух у ЗША у 18—19 ст. за ліквідацыю рабства неграў. Садзейнічаў набліжэнню грамадз. вайны 1861—65, перамозе ў ёй рэсп. Поўначы над рабаўладальніцкім Поўднем і прыняццю ў 1865 папраўкі да канстытуцыі ЗША аб скасаванні рабства.
3) Барацьба за скасаванне рабства ў калоніях Англіі, Францыі і інш. еўрап. краінах ў 18—19 ст.
т. 1, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАЛІЦЫЯНІ́СЦКАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
літаратура 1830—60-х г. у ЗША, звязаная з грамадска-паліт. рухам за адмену рабства (гл. Абаліцыянізм). Пачынальнік і буйнейшы дзеяч руху — журналіст і паэт У.Л.Гарысан, выдавец газ. «Liberator» («Вызваліцель», выходзіла ў Бостане ў 1831—65). Найб. вядомыя творы абаліцыянісцкай літаратуры — раманы Р.Хілдрэта «Раб, або Успаміны Арчы Мура» (1836); Г.Бічэр-Стоу «Хаціна дзядзькі Тома» (1852). Тэмы і ідэі абаліцыянізму знайшлі адлюстраванне ў творчасці амер. пісьменнікаў Г.У.Лангфела, Р.У.Эмерсана, У.Уітмена і інш.
т. 1, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБА́ЛКІН Леанід Іванавіч
(н. 5.5.1930, Масква),
вучоны-эканаміст, сав. дзярж. дзеяч. Акад. АН СССР (1987, чл.-кар. 1984), акад. Рас. АН (1991). Скончыў Маскоўскі ін-т нар. гаспадаркі імя Пляханава (1952). З І956 на навукова-пед. рабоце. З 1986 дырэктар Ін-та эканомікі Рас. АН, адначасова ў 1989—91 нам. старшыні СМ СССР, старшыня дзярж. камісіі СМ СССР па эканам. рэформе. Навук. працы па праблемах палітэканоміі сацыялізму, удасканалення гасп. механізму, фарміравання канцэпцыі пераходу да рынку.
Тв.:
Политическая экономия и экономическая политика. М., 1970;
Новый тип экономического мышления. М., 1987;
Перестройка: пути и проблемы. М., 1988.
т. 1, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАЛО́НКА клеткі,
клетачная сценка, структурнае ўтварэнне на перыферыі клеткі, якое забяспечвае ёй трываласць, форму, засцерагае пратапласт ад вонкавых уздзеянняў і ўдзельнічае ў абмене рэчываў. Абалонка клетак раслін знаходзіцца за межамі клетачнай мембраны. Яе аснову (каркас) складаюць упарадкаваныя, паслойна перакрыжаваныя мікрафібрылы з малекул цэлюлозы, апушчаныя ў аморфную масу (матрыкс) з геміцэлюлозы і пекцінавых рэчываў.
Звычайна адрозніваюць абалонкі першасныя і другасныя. Першасныя (тонкія, з неўпарадкаваным размяшчэннем фібрылаў) больш уласцівы маладым клеткам (у іх найбольш пекцінаў і геміцэлюлозы, яны могуць расці). Знутры на першасную абалонку адкладваецца цвёрдая і пругкая (за кошт павышанай колькасці цэлюлозы) другасная абалонка. Яна мае паслойную будову і вызначае таўшчыню клетачнай сценкі, у большасці выпадкаў мае поры, праз якія праходзяць плазмадэсмы. У большасці раслін у абалонцы адбываюцца хім. працэсы, якія вядуць да іх адраўнення, акаркавення, кутынізацыі, аслізнення, мінералізацыі, утварэння камедзяў. Абалонка клетак жывёл — спецыялізаваны слой на іх паверхні, які складаецца з плазматычнай мембраны (плазмалемы) і ўласна абалонкі. Плазмалема ёсць ва ўсіх клетках, пабудавана з бялкоў і ліпідаў, актыўна ўдзельнічае ў абмене рэчываў, можа ўтвараць нарасці (мікраварсінкі) і ўцягванні. Уласна абалонка ёсць не ва ўсіх жывёльных клетках. Яна можа ўтварацца самой клеткай і за кошт сакрэтаў клетак, складаецца пераважна з вугляводаў і іх злучэнняў з бялкамі, здольная выконваць ролю вонкавага шкілета клеткі (пелікула прасцейшых, хіцінавая кутыкула членістаногіх), аховы ад вонкавых уздзеянняў (шматслойная абалонка яйцаклетак, абалонка цыстаў) і інш. функцыі.
т. 1, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)