АБАГУЛЬНЕ́ННЕ,

пераход на больш высокую ступень абстракцыі праз выяўленне агульных прыкмет (уласцівасцей, адносін, тэндэнцый развіцця і г.д.). Робіцца на ўзроўнях: эмпірычнага матэрыялу (выпрацоўка паняццяў, якія выяўляюць тоеснасць ці падабенства двух і больш прадметаў); ужо выпрацаваных паняццяў і суджэнняў (пераход да больш шырокіх паняццяў); «сістэм паняццяў» — тэорый (напр., пераход ад геаметрыі Эўкліда да геаметрыі Лабачэўскага). Абагульненне звязана таксама з працэсам аналізу, сінтэзу, параўнання з рознымі індукцыйнымі працэдурамі. Атрыманне абагульненых ведаў азначае больш глыбокае пранікненне ў сутнасць рэчаіснасці. Процілегласць абагульненню — абмежаванне.

т. 1, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБА́ДА (Abbado) Клаўдзіо

(н. 26.6.1933, Мілан),

італьянскі дырыжор і піяніст. Скончыў Міланскую кансерваторыю па класах фп. (1953) і кампазіцыі (1955). Выступаў як піяніст. З 1969 дырыжор, муз. і маст. кіраўнік (да 1986) т-ра «Ла Скала», з 1971 адначасова гал. дырыжор Венскага філарманічнага, з 1979 Лонданскага сімфанічнага, з 1989 Берлінскага філарманічнага аркестраў. Кіраўнік створанага ў 1982 філарманічнага аркестра «Ла Скала». З 1986 маст. кіраўнік Венскай дзярж. оперы. Лаўрэат міжнар. конкурсу маладых дырыжораў імя Дз.Мітропуласа (Нью-Йорк, 1963).

т. 1, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАДА́Н,

горад на ПдЗ Ірана, у Хузістане. 387 тыс. ж. (1993). Марскі порт на р. Шат-эль-Араб, за 50 км ад яе ўпадзення ў Персідскі заліў. Трансп. вузел. Чыгункай злучаны з Тэгеранам. Буйны цэнтр нафтаперапрацоўкі: нафтаперапр. з-д, нафтахім. комплекс па выпуску аміяку, звадкаванага газу і інш. Нафтаправоды ў Тэгеран, Ісфахан, Бендэр-Шахлур, на в-аў Харк у Персідскім заліве.

т. 1, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАДО́ЎЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Ільянскім с/с Вілейскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса «Абадоўцы». За 30 км на У ад Вілейкі, 92 км ад Мінска, 35 км ад чыг. ст. Уша. 429 ж., 143 двары (1995). Базавая школа, клуб, бібліятэка.

т. 1, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАДРЫ́ТЫ,

племя палабскіх славян, гл. ў арт. Бодрычы.

т. 1, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЗІ́НСКАЯ МО́ВА,

адна з іберыйска-каўказскіх моў (абхаза-адыгейская група). Пашырана пераважна ў Карачаева-Чэркесіі, а таксама ў Адыгеі. Мае 2 дыялекты: тапанцкі (аснова літ. мовы) і ашхарскі, блізкі да абхазскай мовы. Ад абхазскай мовы адрозніваецца фанетыкай, наяўнасцю ўказальных займеннікаў, парадкавых і кратных лічэбнікаў, выкарыстаннем паслялогаў, формамі часу і ладу ў дзеясловах і інш. Для абазінскай мовы характэрны шматлікія запазычанні з кабардзіна-чэркескай мовы. Пісьменства створана ў 1932—33 на лац. аснове, з 1938 пераведзена на рус. графіку.

Літ.:

Сердюченко Г.П. Язык абазин. М., 1955.

т. 1, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЗІ́НЫ

(саманазва абаза),

народ у Карачаева-Чэркесіі і Адыгеі. 34 тыс. чал. (1989). Частка — у Турцыі. Гавораць на абазінскай мове. Вернікі пераважна мусульмане-суніты.

т. 1, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЗО́ЎСКІ Канстанцін Антонавіч

(1.10.1919, в. Абухава Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 26.10.1944),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1938), авіяц. вучылішча (1943). У Вял. Айч. вайну лётчык, удзельнік вызвалення Паўн. Каўказа, Крыма, Прыбалтыкі. Зрабіў 106 баявых вылетаў, знішчыў 16 самалётаў, 11 танкаў, 139 аўтамабіляў, 26 зенітных установак, 2 склады з боепрыпасамі. Загінуў у Прыбалтыцы. У г.п. Бешанковічы яму пастаўлены помнік.

т. 1, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБА́Й КУНАНБА́ЕЎ

(10.8.1845, в. Караул Абайскага р-на, Казахстан — 6.7.1904),

казахскі паэт-асветнік, заснавальнік новай пісьмовай казахскай літаратуры. Вывучаў араб., перс. і інш. мовы. Светапогляд Абая Кунанбаева фарміраваўся пад уплывам гуманіст. ідэй паэтаў і вучоных Усходу, рус. класічнай л-ры і стараж.-грэч. філосафаў. У лірычных і сатыр. вершах выступаў супраць сац. зла, невуцтва, старых звычаяў. У паэмах «Масгуд» (1887), «Іскандэр», «Сказанне пра Азіма» выкарыстаў усх. сюжэты. У кн. прозы «Павучанні» выклаў этычныя і філас. погляды. Увёў новыя формы верша (6- і 8-радкоўе). Жыццю Абая Кунанбаева прысвечаны раман-эпапея М.Аўэзава «Шлях Абая».

Літ.:

Ауэзов М.О. Абай Кунанбаев: Статьи и исследования. Алма-Ата, 1967.

Абай Кунанбаеў.

т. 1, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБА́К, абака

[ад грэч. abax (abakos) дошка],

1) дошка для арыфм. вылічэнняў, якой карысталіся ў Стараж. Грэцыі і Рыме, пазней у Зах. Еўропе (да 18 ст.). Першапачаткова гладкая дошка, пасыпаная пяском і падзеленая на палосы, у якіх размяшчаліся лічыльныя маркі (каменьчыкі, косці, манеты). У краінах Д. Усходу карысталіся кіт. абакам — суанпанам,

у Расіі — лічыльнікамі.

2) У намаграфіі абакі — спец. лічыльныя намаграмы.

3) У архітэктуры — плоская, квадратная ў плане пліта, на якую апіраецца антаблемент; верхняя частка капітэлі. Як элемент класічнага арх. ордэра з’явіўся ў Стараж. Грэцыі. У розных тыпах ордэра набываў своеасаблівую маст. апрацоўку: прафіляванне і арнаментыку ў выглядзе іонікаў у іанічным, ляпныя разеткі ў карынфскім і кампазітным ордэрах. Пашыраны пераважна ў манум. мураваных і драўляных палацавых і грамадскіх збудаваннях класіцызму.

Абак.

т. 1, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)