вёска ў Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл., на р. Ула. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на ПдЗ ад г.п. Бешанковічы, 72 км ад Віцебска, 21 км ад чыг. ст. Чашнікі, на скрыжаванні шашэйных дарог Віцебск—Лепель і Чашнікі—Ула. 1160 ж., 423 двары (1995). Цагельня. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік садова-паркавага мастацтва 18 ст. — Бачэйкаўскі парк.
Упершыню згадваецца ў 1460. У розны час належала магнатам Падбярэзскім, Цеханавецкім і інш. У 1626 складалася з феад. маёнтка (двара), мястэчка і воласці (5 вёсак). На 1886 у Бачэйкаве 250 ж., 29 двароў, бальніца, школа, вінакурны і піваварны з-ды, ветраны млын, гандлёвыя рады, рынак, 3 кірмашы ў год; паводле перапісу 1897 — 722 ж. У 1923—24 цэнтр Бачэйкаўскага павета. З 1924 цэнтр сельсавета Бешанковіцкага р-на. У Вял. Айч вайну ў Бачэйкаве адбыліся Бачэйкаўскія баі 1943 паміж партызанамі і гарнізонам гітлераўцаў. У 1970 — 918 ж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́БРЫК 1-ы,
рака ў Беларусі, у Ганцавіцкім, Пінскім і Лунінецкім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 109 км. Пл. вадазбору 1900 км². Пачынаецца з ляснога балота за 2,5 км на ПнЗ ад в. Сукач Ганцавіцкага р-на, цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Упадае ў Прыпяць за 2 км на ПнЗ ад чыг. ст. Прыпяць. Асн. прытокі: Вісліца (справа), каналы Хатыніцкі, Прысць, Багданаўка (злева).
Даліна невыразная. Пойма двухбаковая, шыр. ў сярэднім цячэнні 0,5—1 км, у ніжнім зліваецца з поймай Прыпяці. Рэчышча каналізаванае на працягу 102 км, пракладзена за 0,5—3 км ад старога. Шыр. да 3—3,5 м у вытоку, 35—40 м у вусці. Берагі сярэдне стромкія, месцамі абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 7,6 м³/с. У міжрэччы Бобрыка і Вісліцы ў Пінскім р-не створаны наліўное вадасх. Пагост і сажалкі рыбгаса «Палессе», 2 невял. сажалкі каля в. Парахонск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ГУШ-СЕСТРАНЦЭ́ВІЧ (Станіслаў Іванавіч) (3.9.1731, в. Занкі Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — 13.12.1826),
бел. вучоны, рымска-каталіцкі царк. дзеяч, літаратар. Дзядзька В.Дуніна-Марцінкевіча. Скончыў Варшаўскую школу піяраў (1763), настаяцель у Гомелі і Бабруйску, канонік і біскуп-суфраган у Вільні, З 1773 біскуп Бел. біскупства (цэнтр у Магілёве), з 1782 магілёўскі арцыбіскуп. Мітрапаліт рымска-каталіцкай царквы Рас. імперыі (1798—1826). З 1801 жыў у Пецярбургу, выбіраўся чл. Расійскай АН і Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. Заснаваў у Магілёве друкарню, у ёй выдаваў і свае творы. Аўтар твораў па гісторыі, філалогіі: «Аб Заходняй Расіі» (Магілёў, 1793; разглядае пытанне пра паходжанне беларусаў, украінцаў і рускіх), «Гісторыя Таўрыды» (т. 1—2, Браўншвейг, 1800; рус.пер. СПб., 1806), «Гісторыя сарматаў і славян» (т. 1—4. СПб., 1812), «Граматыка літоўская» (бел. мовы; не выдадзена). Выдаў і паставіў у Магілёве сваю вершаваную трагедыю «Гіцыя ў Таўрыдзе» (1783). Пісаў вершы, казанні і інш. дыдактычныя творы.
С.І.Богуш-Сестранцэвіч. З карціны невядомага мастака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЖНІК (Леанід Фёдаравіч) (17.4.1917, в. Маскаленкі Белапольскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 16.4.1992),
бел. спявак (бас). Нар.арт. Беларусі (1959). Скончыў Муз.-пед.ін-т імя Гнесіных у Маскве (1955). У 1952—66 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1964 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Дасканала валодаў вак. тэхнікай, майстэрствам пераўвасаблення; яму былі ўласцівыя натуральнасць сцэн. паводзін, завершанасць пластычнага малюнка роляў. Шмат спяваў у нац. операх: Даніла, Анішчук («Дзяўчына з Палесся», «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Дураў («Надзея Дурава» А.Багатырова), Гадлеўскі («Яснае світанне» А.Туранкова), Якуб («Марынка» Р.Пукста). Сярод партый класічнага рэпертуару: Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Карась («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Пімен, Варлаам («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Выступаў як камерны спявак. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне твораў Мусаргскага (1956).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНЕ́ЎСКІ (Уладзімір Багданавіч) (1782, паводле інш. звестак 1784, 1786, в. Астахава Бялёўскага р-на Тульскай вобл., Расія — 19.4.1835),
рускі ваен. пісьменнік, ген.-м. (1832). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1802). Удзельнік ваен. кампаній на Міжземным і Адрыятычным морах (1805—10), служыў на Чарнаморскім флоце (1812—16). З 1819 інспектар Аляксандраўскага дваранскага ваен. вучылішча ў г. Тула, з 1828 памочнік дырэктара Пажскага корпуса. Чл.Рас. акадэміі і Маскоўскага т-ва гісторыі старажытнасцей расійскіх пры Маскоўскім ун-це (1829). Літ. дзейнасць пачаў у 1818. Творы «Запіскі марскога афіцэра» (т. 1—4, 1818—19), «Лісты марскога афіцэра» (т. 1—2, 1825—26), «Падарожжа ад Трыеста да Санкт-Пецярбурга ў 1810 г.» (т. 1—2, 1828) напісаны ў жанры дарожных нарысаў і заснаваны на ўспамінах пра марскую службу і наведванне еўрап. краін у 1805—10. Аўтар гіст. твораў «Агляданне Паўднёвага берага Таўрыды ў 1815 г.» (1822), «Гісторыя Данскога войска. Апісанне Данской зямлі і паездка на Каўказ» (ч. 1—4, 1833—34).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДА-КАШАЛЁЎСКІ,
біялагічны заказнік у Беларусі, на тэр. Буда-Кашалёўскага і Віктарынскага лясніцтваў у Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл.Засн. ў 1986 з мэтай зберажэння унікальных дуброў. Пл. 13,6 тыс.га (4 вял. і 5 дробных участкаў).
Асн. тыпы лясоў у заказніку — імшыстыя, арляковыя, радзей чарнічныя хвойнікі з дамешкамі дубу, бярозы, асіны і падлескам з ляшчыны, а таксама кіслічныя, сніткавыя і арляковыя дубровы з дамешкамі грабу, хвоі, бярозы, асіны, радзей ліпы, клёну, вязу. Забалочаныя паніжэнні рэльефу займаюць лясы з вольхі чорнай, пераважна вятроўнікавага і кіслічнага тыпаў з дамешкамі ясеню. У заказніку больш за 500 відаў сасудзістых раслін, з якіх 8 занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Трапляюцца рэдкія віды мохападобных (напр., некера перыстая) і лішайнікаў (лабарыя лёгачная, занесеная ў Чырв. кнігу). У 1978 у межах тэр. заказніка створаны першы ў рэспубліцы фазанарый. Заказнік з’яўляецца генетычным рэзерватам матачных дрэў «дубоў-волатаў» для гадавальнікаў лясных культур. Аб’ект турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЕ́ВІЧ (Іосіф Іванавіч) (15.5.1883, в. Варгуцева Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. — 25.1.1964),
рэвалюцыянер. Скончыў пач. школу. З 1905 чл. партыі эсэраў, потым эсэр-максімаліст, з 1919 чл. РКП(б). З 1895 рабочы на прамысл. прадпрыемствах Пецярбурга. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. У кастр. 1907 арыштаваны, высланы на радзіму. З 1909 за мяжой (Аргенціна, Францыя, ЗША), удзельнічаў у рабочым руху. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вярнуўся на радзіму. Са жн. 1917 у Оршы, чл. гарсавета, старшыня рэўкома, камісар працы. З пач. 1918 старшыня Аршанскага пав. выканкома, дэлегат V Усерас. з’езда Саветаў. За агітацыю супраць Брэсцкага міру 1918 арыштаваны. У час леваэсэраўскага мяцяжу 6.7.1918 вызвалены паўстанцамі, абраны старшынёй Аршанскага часовага ВРК. Пасля задушэння аршанскага выступлення эсэраў зноў арыштаваны (апраўданы Гомельскім губрэўтрыбуналам). Са жн. 1919 на розных пасадах у Оршы, Сянне і інш. З пач. 1930-х г. у Маскве, нам. дырэктара Музея рэвалюцыі, нач. упраўлення Наркамата саўгасаў СССР і інш. У 1948—49 старшыня калгаса ў в. Варгуцева.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ННІЦА,
горад на Украіне, цэнтр Вінніцкай вобл., на р.Паўд. Буг. 380 тыс.ж. (1995). Чыг. вузел. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (трактарныя агрэгаты, электратэхн. і радыётэхн. апаратура, падшыпнікі, інструменты і інш.), харч. (алейна-тлушчавая, плодакансервавая, мясная, спіртавая і інш.), лёгкая (абутковая, швейная, галантарэйная і інш.), дрэваапр. (лесаматэрыялы, дзелавая драўніна, паркет; вытв-сць мэблі) прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла, керамзіт, жалезабетонныя канструкцыі). Картаграфічная фабрыка. 3 ВНУ. 2 т-ры. 3 музеі (у т. л. краязнаўчы). Шматлікія аб’екты турызму.
Засн. ў 2-й пал. 14 ст. князямі ВКЛ Карыятавічамі. У 1395 уключана ў ВКЛ, пасля Люблінскай уніі 1569 у складзе Кароны. У 15—16 ст. неаднаразова спусташалася татарамі. У 1640 атрымала магдэбургскае права. З 1793 у Расіі, цэнтр павета Брацлаўскага намесніцтва, з 1798 — Падольскай губ. Была значным гандл. цэнтрам Падоліі. З 1917 у складзе Украіны. У 1918—20 акупіравана ням.-аўстр. войскамі, белагвардзейцамі. З 1932 цэнтр вобласці. У Вял.Айч. вайну ў 1941—44 акупіравана ням. фашыстамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТУ́НІЧЫ,
вёска ў Бярозаўскім с/с Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 22 км ад Докшыц, 230 км ад Віцебска, 32 км ад чыг. ст. Параф’янава. 429 ж., 152 двары (1996).
Упершыню згадваюцца ў 1567. У розны час належалі Манівідам, А.Судзімонтавічу, С.Б.Мантоўту, Хмялеўскім, Карказевічам, Навамейскім і інш. У 17 ст. Вітунічы — невял. мястэчка (32 мяшчанскія пляцы), дзе быў панскі фальварак (20 валок). У 2-й пал. 19 ст. — цэнтр воласці Барысаўскага пав. Мінскай губ., сяло з царквой. З 1924 вёска — цэнтр сельсавета ў Бягомльскім р-не. У Вял.Айч. вайну 30.5.1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі вёску, загубілі 124 жыхары. З 1960 у Докшыцкім р-не. 190 ж. (1970).
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік ахвярам фашызму. Паблізу вёскі знаходзіўся каменны крыж з надпісам «Rex Stefan Batory» («Кароль Стафан Баторый»; зберагаецца ў Музеі валуноў Ін-та геал. навук АН Беларусі ў Мінску).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШНЯВЕ́Ц,
вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на Пд ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 96 км ад Мінска, на аўтадарозе Нясвіж—Стоўбцы. 681 ж., 211 двароў (1996).
Заснавана як мястэчка ў сярэдзіне 18 ст. паміж маёнткам і в. Гавязна (цяпер в. Навапольцы) пад назвай Гавязна 2-я. У 1742 бенедыкцінкі паставілі тут уніяцкую царкву (з 1850 праваслаўная). З 1793 у Рас. імперыі ў Слуцкім пав. Мінскай губ. У 1845 адкрыта нар. вучылішча. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці. У 1880 — валасная ўправа, плябанія, карчма, штогадовы кірмаш. У 1897 — 215 ж., 31 двор. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Стаўбцоўскага р-на. У 1964 перайменавана ў Вішнявец. У 1970 — 307 ж., 87 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Вішнявецкая царква Іаана Хрысціцеля.