МІ́НСКІ ФІНА́НСАВА-ЭКАНАМІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.
Засн. ў 1931 у Мінску як фін.-эканам. тэхнікум. З 1994 сучасная назва. Рыхтуе эканамістаў. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): фінансы; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль; банкаўская справа. Прымаюцца асобы з сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае. Па спецыяльнасці страхавая справа на дзённае аддзяленне прымаюцца асобы пасля заканчэння прафес.-тэхн. вучылішчаў, дзе ёсць такая спецыяльнасць.
т. 10, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРА́БІЛІС (Mirabilis),
род кветкавых раслін сям. ніктагінавых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Амерыцы. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукавана М. ялапа, або начная прыгажуня (M. jalapa).
М. ялапа — кустападобная расліна выш. да 1 м. Лісце супраціўнае, суцэльнае. Кветкі невял., лейкападобныя, белыя, жоўтыя, чырв., распускаюцца пад вечар і цвітуць да раніцы (адсюль другая назва). Дэкар. расліна.
т. 10, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА ЭКРА́НАХ»,
штомесячны ілюстраваны спецыялізаваны кіначасопіс. Выдаецца са жн. 1957 у Мінску на бел. і рус. мовах (напачатку наз. «На экранах Беларусі», з 1996 сучасная назва). Друкуе інфармацыйна-аналіт. матэрыялы, якія адлюстроўваюць сучасны кінапрацэс, знаёміць з гісторыяй нац. кінематографа, расказвае аб прэм’ерах бел. кіна-, відэа- і тэлефільмаў, змяшчае творчыя партрэты дзеячаў кіно і тэлебачання.
Л.І.Перагудава.
т. 11, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ СВЕТ,
назва часткі паўд. заатлантычнага мацерыка, якая была адкрыта партугальцамі ў 1500 і 1501—02, прапанаваная А.Веспучы (1503) у процівагу вядомаму раней еўрапейцам Старому Свету. Пазней гэту назву пачалі выкарыстоўваць да ўсяго паўд. мацерыка, а з 1541, разам з назвай «Амерыка», яна была пашырана і на паўн. мацярык як 4-ю частку свету пасля Еўропы, Азіі і Афрыкі.
т. 11, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПАІ́Н,
раслінны протэалітычны фермент класа гідралаз; каталізуе расшчапленне пептыдных сувязяў у бялках і пептыдах, а таксама гідралізуе аміды і складаныя эфіры. Малекулярная маса 23 350. Поліпептыдны ланцуг мае 212 амінакіслотных астаткаў. Атрыманы ў крышт. выглядзе з млечнага соку дыннага дрэва (папайі, адсюль назва). Выкарыстоўваецца ў харч. і лёгкай прам-сці (для апрацоўкі скуры, мякчэння мяса, асвятлення напояў).
т. 12, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРМ,
назва ў 13—17 ст. гіст. вобласці ў Расіі ад Уральскіх гор да рэк Пячора, Кама і Вычагда, населенай народам комі. Падзялялася на П. Вялікую — сучасная Комі-Пярмяцкая аўт. акруга і П. Малую (Старую, Вычагодскую) — тэр. сучаснай Рэспублікі Комі. У 13—сярэдзіне 15 ст. П. плаціла даніну Наўгародскай феадальнай рэспубліцы, у 1478 далучана да Маскоўскага вял. княства.
т. 12, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАПАЧАТКО́ВЫЯ КАНТО́НЫ,
прынятая ў гістарычнай л-ры назва трох швейц. кантонаў — Швіца, Уры і Інтэрвальдэна, якія ў 1291 аб’ядналіся ў т.зв. «вечны саюз» для барацьбы з Габсбургамі. Кантоны абавязаліся аказваць адзін аднаму дапамогу супраць знешняга ворага, адмаўляліся прымаць на службовыя пасады немясц. асоб, дзеля разбору ўнутр. спрэчак увялі сістэму трацейскага суда. Саюз П.к. стаў пачаткам утварэння Швейц. канфедэрацыі.
т. 12, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПРАГРА́ФІЯ [ад рэпра(дукцыя) + ...графія],
абагульненая назва розных відаў капіравання тэкставых і ілюстрацыйных матэрыялаў, дакументаў і інш., не звязаных (у адрозненне ад паліграфіі) з выкарыстаннем друкарскіх форм. Да Р. адносяцца дыязакапіраванне, ксеракапіраванне (гл. Ксераграфія), мікрафільмаванне, святлокапіраванне, тэрмакапіраванне, фотакапіраванне, спосабы электраграфіі. Адрозніваецца дакладнасцю (факсімільнасцю) узнаўлення арыгінала, магчымасцю змены яго маштабу, кароткім тэхнал. цыклам (копія робіцца непасрэдна з арыгінала). У Р. выкарыстоўваецца разнастайная размнажальная тэхніка.
т. 14, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНЕГА́МБІЯ (Senegambia),
1) пашыраная назва раёна Зах. Афрыкі ў міжрэччы Сенегала і Гамбіі з 1-й пал. 17 ст., калі еўрапейцы пачалі пранікненне ўглыб афр. кантынента.
2) Канфедэрацыя Сенегала і Гамбіі ў 1982—89. Прэзідэнтам С. быў прэзідэнт Сенегала, віцэ-прэзідэнтам — Гамбіі; існавалі канфедэратыўныя савет міністраў, парламент і суд. Аднак супярэчнасці паміж Сенегалам і Гамбіяй прывялі да распаду канфедэрацыі.
т. 14, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫПУНЫ́ (Saperda),
род жукоў сям. вусачоў. Каля 30 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважаюць у Паўн. паўшар’і. Трапляюцца на лісцевых пародах дрэў (таполях, вербах і інш.). На Беларусі 11 відаў, найб. пашыраны С. малы асінавы (S. populnea).
Даўж. 10—30 мм. Цела цыліндрычнае, зверху — у густых валасках, звычайна рознакаляровых. Пры раздражненні выдаюць гучны характэрны скрып (адсюль назва). Многія — шкоднікі дрэў.
т. 14, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)