Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́БЛІ,
1) прылада для зграбання сена, саломы, выграбання каласкоў і цёртай саломы з зерневай кучы і інш. Вядомы з глыбокай старажытнасці. Складаюцца з галоўкі з 8—14 зубамі і гладкай ручкі (грабільна). Зубы (даўж. 7—10 см) выразалі пераважна з дубу, ясеню, грабу і забівалі ў адтуліны галоўкі. У наш час выкарыстоўваюць граблі з метал. ці пластмасавымі галоўкамі.
2) Прычапныя або навясныя с.-г. машыны для зграбання скошанай травы ў валкі, варушэння травы ў пракосах і пераварочвання валкоў для паскарэння сушкі, а таксама для зграбання саломы.
Адрозніваюць граблі: папярочныя (утвараюць валок сена ўпоперак напрамку руху агрэгата), бакавыя колава-пальцавыя (складаюцца з 2 секцый, якія пры зграбанні сена ў валок устанаўліваюць вуглом назад, пры варушэнні — вуглом уперад, пры пераварочванні працуе адна секцыя); ратацыйныя (складаюцца з 2 ротараў са зменнымі граблінамі для зграбання і пераварочвання сена, варушэння і раскідвання валкоў). Шырыня захопу да 14 м, рабочая скорасць да 12 км/гадз. Агрэгатуюцца з любым трактарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМАРЭ́СКА (ням. Humoreske ад Humor гумар),
1) у літаратуры — невялікі вершаваны або празаічны твор жартаўлівага зместу. У яго сюжэтнай аснове звычайна смешная прыгода, камічнае быт. здарэнне, а аб’ект асмяяння — жыццёвая з’ява або загана ў чал. характары, якія не маюць адзнак сац. шкоднасці ці небяспечнасці. Эмацыянальна-стылявым ладам набліжаецца да анекдота, фабліо, фацэцыі.
2) У музыцы — музычны твор гумарыстычнага (жартаўлівага) характару, блізкі да скерца.
Першую гумарэску стварыў Р.Шуман (дляфп., 1839); складаецца з шэрагу лірычных і скерцозных эпізодаў, спалучае летуценнасць з жартам. Пазней паявіліся гумарэскі рознага вобразнага вырашэння: жанрава-быт., скерцознатанц., лірычнага, гратэскавага (блізкага да бурлескі і капрычыо), салоннага характару. Вядомы гумарэскі для аркестра (Э.Гумпердынк), для 4-галосага мужч. хору а capella (Клёве).
У бел. музыцы значнае пашырэнне жанру гумарэскі звязана, верагодна, з вял. развіццём жартоўных песень і прыпевак да танцаў у нац. фальклоры. У прафес. музыцы вядомы гумарэскі для розных інструментаў, для аркестра, у фіналах сюітных цыклаў Л.Абеліёвіча, М.Аладава, У.Алоўнікава, Г.Вагнера, В.Войціка, Я.Глебава, Я.Дзягцярыка, С.Картэса, П.Падкавырава, Р.Суруса, А.Туранкова, У.Чараднічэнкі, Л.Шлег і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗІНЕ́Ц (Міхаіл Антонавіч) (н. 18.5.1938, в. Цынцавічы Вілейскага р-на Мінскай вобл.),
бел. дырыжор, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1978), нар.арт. Беларусі (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю (цяпер Бел. акадэмія музыкі) па класах баяна (1965) і оперна-сімф. дырыжыравання (1973), з 1966 выкладае ў ёй (праф. з 1990, рэктар з 1985). З 1972 дырыжор, з 1975 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча. У рабоце з аркестрам вял. ўвагу аддае пытанням строю, збалансаванасці гучання розных арк. груп, нюансіроўцы, тэмбравай маляўнічасці. К. — першы інтэрпрэтатар многіх твораў бел. музыкі, у т. л. кантаты для хору, салістаў і нар. аркестра «Родныя песні» Ю.Семянякі, Канцэрта дляфп. і нар. аркестра Г.Вагнера, «Святочнай паэмы» і «Юбілейнай уверцюры» Я.Глебава, 2-га канцэрта для цымбалаў і аркестра і Рапсодыі для 2 цымбалаў і аркестра Дз.Смольскага, Сімфаньеты і уверцюры «Беларускія вячоркі» К.Цесакова, Канцэрта для аркестра нар. інструментаў В.Іванова, фрэскі-карціны «Зямля бацькоў» і уверцюры «Свята ўраджаю» В.Войціка, сімфоніі «Памяць Зямлі», муз. карціны «На Купалле», канцэрціна «Народныя гульні», апрацовак нар. мелодый «Бульба», «Крыжачок», «Саўка ды Грышка» А.Мдывані і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́БР (франц. calibre ад араб. форма),
1) К. зброі — адна з асн. велічынь, якая вызначае яе магутнасць. К. агнястрэльнай зброі — дыяметр канала ствала (у наразной зброі ў краінах СНД і інш. — адлегласць паміж процілеглымі выступамі нарэзаў, у ЗША, Вялікабрытаніі і інш. — паміж паглыбленнямі нарэзаў), а таксама найб. дыяметр снарада (міны, кулі). К. вызначаюць: у дзюймах (25,4 мм), лініях (2,54 мм) і міліметрах, часам у сотых (ЗША) або тысячных (Вялікабрытанія) долях дзюйма (напр., .22 азначае 5,6 мм). К. авіяц. бомбы — яе маса ў кілаграмах; К. паляўнічага ружжа — лік шаравых куль, адлітых з 1 англ. фунта (453,6 г) свінцу і ўкладзеных у адзін рад у канал ствала.
2) К. у метралогіі — бясшкальны вымяральны інструмент для кантролю памераў, формы і размяшчэння паверхняў дэталей. Бываюць гранічныя (для праверкі найбольшых і найменшых дапушчальных памераў гладкіх цыліндрычных, конусных, разьбовых і шліцавых паверхняў) і нармальныя, або шаблоны (для кантролю складаных профіляў).
3) К. у пракатнай вытворчасці — профіль адтуліны, утворанай выразамі (ручаямі) двух спалучаных валкаў пракатных. Прапусканнем праз такі К. надаюць металу, які пракатваецца, патрэбную форму і памеры.
У.М.Сацута.
Калібры: 1, 2 — гранічныя для праверкі гладкіх і разьбовых адтулін; 3 — калібр-скаба для праверкі гладкіх валоў; 4 — профільны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ДУЛЬ (ад лац. modulus мера) у архітэктуры, умоўная адзінка, што ўжываецца для каардынацыі памераў частак будынка, збудавання або комплексу. Адзін з асн. сродкаў арх. кампазіцыі, які выкарыстоўваецца для прывядзення ў гарманічнае адзінства памераў цэлага і яго частак (напр., залатое сячэнне).
Вядомы са старажытнасці. У залежнасці ад асаблівасцей буд. тэхнікі і кампазіцыі будынкаў за М. прымаліся розныя велічыні: у стоечна-бэлечных канструкцыях (гл.Ордэр) — радыус або дыяметр калоны, шырыня трыгліфа ці памер буд. вырабу (цэглы, бервяна), у сценавых канструкцыях — таўшчыня сцяны, у крыжова-купальных збудаваннях — дыяметр купала ці стараны падкупальнага памяшкання. Для вызначэння абсалютнай велічыні будынка ў якасці М. выкарыстоўвалі меры даўжыні (фут, сажань, метр і інш.), якія ўтварылі т. зв. лінейны М. У 2-й пал. 20 ст. з прагрэсам буд. тэхнікі, тыпізацыі буд-ва і індустрыялізацыі масавага домабудавання лінейны М. набыў вял.тэхн. значэнне як сродак узгаднення планіровачных і канстр. элементаў будынкаў, іх уніфікацыі і стандартызацыі. Айчыннымі, замежнымі і міжнар. нормамі і стандартамі ўстаноўлены асн. М. памерам у 100 мм. Для вызначэння аб’ёмна-планіровачных памераў будынкаў выкарыстоўваюць узбуйненыя М. (ЗМ., 6М., 12М., 15М., 30М., 60М.), для вызначэння сячэння дробных дэталяў, зазораў паміж імі — дробныя М.