гарадскі населены пункт, які адрозніваецца ад горада пераважна меншай колькасцю жыхароў. Звычайна выконвае прамысл., трансп., адм., курортныя, навук. і інш. функцыі. Вылучаюць: гарадскі пасёлак, курортны пасёлак, рабочы пасёлак. На Беларусі П.г.т. ўтвораны ў 1938 з вял.мястэчак і некаторых сёл. Крытэрыі аднясення нас. пунктаў да пэўнай катэгорыі замацаваны ў Законе «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь» ад 5.5.1998. На Беларусі (2000) 109 П.г.т., у т. л. 92 гарадскія, 16 рабочых, 1 курортны (Нарач).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЯ́РКАЎ Васіль Данілавіч, рускі землепраходзец (17 ст.). У 1643—46 кіраваў атрадам (каля 130 чал.), які прайшоў ад Якуцка па рэках Лена, Алдан, Уур, Ганам і праз водападзел выйшаў да р. Зея і потым да р. Амур. Ад вусця Амура па Ахоцкім м. дасягнуў вусця р. Улья і адтуль праз горны хр. Джугджур, па рэках Мая і Алдан вярнуўся ў Якуцк. Сабраў каштоўныя звесткі аб прыродзе і насельніцтве Д. Усходу. Яго імем наз.гар. пасёлак у Рэспубліцы Саха (Якуція) у Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ СХОД БЕЛАРУ́САЎ БЛІ́ЗКАГА ЗАМЕ́ЖЖА Адбыўся 19—20.12.1992 у Мінску; прысутнічалі 240 дэлегатаў з рэгіёнаў былога СССР, Польшчы, а таксама ганаровыя госці — вядомыя дзеячы, прадстаўнікі дзярж. і грамадскіх арг-цый Беларусі. Арганізаваны згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына». Удзельнікі сходу прынялі заяву і звароты да народаў Беларусі, да беларусаў свету, да парламентаў і ўрадаў на тэр. былога СССР, урада Беларусі. Прынята рашэнне аб правядзенні Першага з’езда беларусаў свету.
Літ.:
Канус К. Мы не пасынкі твае, Беларусь! // Бел. мінуўшчына. 1993. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́РСАН ((Pearson) Лестэр Боўлс) (23.4.1897, г. Таронта, Канада — 27.12.1972),
дзярж. дзеяч Канады. Вучыўся ў юрыд. школе ў Таронта (1919) і Оксфардскім ун-це (1923, 1925). У 1928—48 на дыпламат. службе. З 1948 чл. парламента. У 1948—57 міністр замежных спраў. За ўдзел ва ўрэгуляванні ўзбр. канфлікту 1956 вакол нацыяналізацыі Егіптам Суэцкага канала прысуджана Нобелеўская прэмія міру 1957. У 1958—68 лідэр Ліберальнай партыі. У 1963—68 прэм’ер-міністр. Заключыў пагадненне з ЗША аб размяшчэнні на тэр. Канады амер. ядзернай зброі (1963).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯВА́КА (Фёдар Нічыпаравіч) (25.4.1842, г. Троіцк Арэнбургскай вобл., Расія — 5.1.1909),
рускі юрыст, адвакат. Скончыў юрыд.ф-т Маскоўскага ун-та (1870). Удзельнік буйных паліт. і крымін. працэсаў: справы лютарыцкіх (1880), сеўскіх (1905) сялян, аб стачцы рабочых ф-кі Т-ва С.Марозава (1886), рабочых ф-кі Коншынскай мануфактуры (1897) і інш. Дэпутат 3-й Дзярж. думы ад партыі акцябрыстаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮНТАРЫ́ЗМ (ад лац. voluntas воля),
кірунак у філасофіі, сацыялогіі і псіхалогіі, паводле якога першаасновай існага, вышэйшага прынцыпу быцця і развіцця навакольнага свету з’яўляецца воля. Валюнтарызм ставіць волю на прыярытэтныя пазіцыі ў духоўным быцці як процілеглае рацыяналізму і інтэлектуалізму, якія адстойваюць вызначальную ролю розуму, інтэлекту. Тэрмін «валюнтарызм» увёў у навук. ўжытак ням. сацыёлаг Ф.Цёніс у 1883. Першапачатковыя элементы валюнтарызму выявіліся ў філасофіі Аўгусціна і Іаана Дунса Скота, якія менавіта ў валявых актах бачылі першааснову ўсіх духоўных працэсаў. Падобныя прынцыпы — у вучэнні І.Кантааб першаснасці практычнага розуму над тэарэтычным, І.Фіхтэаб волі як абсалютным творчым прынцыпе сусвету. Пры гэтым у Канта, Фіхтэ, Ф.Шэлінга, Г.Гегеля воля па сваёй прыродзе разумная, у А.Шапенгаўэра ж, які лічыцца класічным прадстаўніком валюнтарызму, яна набывае трактоўку ірацыяналістычнага першапачатку Сусвету; у яго трактоўцы свядомасць і інтэлект толькі другасныя праявы волі. Э.Гартман сцвярджаў, што воля знаходзіцца ва ўсім і ўсюды дзейнічае несвядома, з чаго вынікала бессэнсоўнасць сусветнага працэсу. Ф.Ніцшэ ў сваёй канцэпцыі зыходзіў з таго, што ўсё жывое, і найперш чалавек, апанавана воляй да ўлады. Тэрмін «валюнтарызм» выкарыстоўваюць і для характарыстыкі сацыяльна-паліт. практыкі, яна не лічыцца з аб’ектыўнымі тэндэнцыямі ці заканамернасцямі гіст. развіцця, а кіруецца суб’ектыўнымі жаданнямі і самавольствам асоб, што прымаюць пэўныя рашэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ СЛУ́ЖБА, вайсковая служба,
від службы, які заключаецца ў выкананні грамадзянамі вызначанага законам дзяржавы воінскага абавязку (воінскай павіннасці) ва ўзбр. сілах на працягу пэўнага тэрміну. У розных формах ажыццяўляецца ў большасці дзяржаў. Выконваецца грамадзянамі ў абавязковым парадку, добраахвотна або па найме. Уключае абавязковую службу ў мірны час і непасрэдны ўдзел у ваен. дзеяннях у час вайны. У Рэспубліцы Беларусь ваенная служба лічыцца асобым відам дзярж. службы, якая заключаецца ў выкананні яе грамадзянамі канстытуцыйнага абавязку ў складзе Узбр. Сіл і інш. вайсковых фарміраванняў. Паводле закону «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» (1992) устаноўлены наступныя віды ваеннай службы: тэрміновая салдат, матросаў, сяржантаў і старшын; курсантаў ваен.-навуч. устаноў (сярэднія і вышэйшыя ваен. вучылішчы, ваен. ін-ты, ваен. ф-ты пры цывільных ВНУ, ваен. акадэміі); паводле кантракту прапаршчыкаў і мічманаў; афіцэраў паводле прызыву і кантракту. Зыходзячы з важнасці ваеннай службы, устанаўліваецца яе прыярытэт перад інш. відамі дзярж. службы і прац. дзейнасці; пры прызыве або добраахвотным паступленні на ваенную службу работа, вучоба і інш. дзейнасць грамадзян на прадпрыемствах, у арг-цыях і ўстановах (незалежна ад формаў уласнасці і ўмоў гаспадарання) спыняецца. Парадак праходжання ваеннай службы для кожнай катэгорыі ваеннаслужачых рэгламентуецца законамі, воінскімі статутамі, палажэннем аб праходжанні ваеннай службы і інш. нарматыўна-прававымі актамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫ́ЧНАЯ ІЗАМЕРЫ́Я, энантыямерыя,
з’ява, абумоўленая здольнасцю рэчыва вярцець у розныя бакі плоскасць палярызацыі святла, што праходзіць праз рэчыва; від прасторавай ізамерыі. Звязана з існаваннем рэчыва ў дзвюх формах (лева- і прававярчальнай), якія наз. аптычнымі ізамерамі або аптычнымі антыподамі і ўзнікаюць у выніку асіметрыі (хіральнасці) малекулы.
Аптычныя ізамеры адносяцца адзін да аднаго як несіметрычны прадмет і яго люстраны адбітак; маюць ідэнтычныя фіз. і хім. ўласцівасці, акрамя аптычнай актыўнасці. Адзін ізамер верціць плоскасць палярызацыі святла ўлева [l- ці (-)-форма], другі — управа [d- ці (+)-форма). Дзве формы аднаго і таго ж рэчыва маюць люстрана процілеглыя канфігурацыі. Для вызначэння генетычнай сувязі рэчываў выкарыстоўваюць знакі L і D, якія сведчаць аб роднасці канфігурацыі аптычна актыўнага рэчыва з L- ці D-гліцэрынавым альдэгідам або адпаведна з L- ці D-глюкозай. Аптычныя антыподы (ізамеры), узятыя ў эквімалекулярнай колькасці, утвараюць аптычна неактыўны рацэмат.
Аптычную ізамерыю маюць прыродныя амінакіслоты, вугляводы, алкалоіды. Фізіял. і біяхім. дзеянне аптычных ізамераў рознае: бялкі, сінтэзаваныя з прававярчальных кіслот (прыродныя бялкі — левавярчальныя) не засвойваюцца арганізмам; левы нікацін больш ядавіты, чым правы. У біял. працэсах існуе феномен перавагі левай формы аптычнай ізамерыі, які ўплывае на ўяўленні аб шляхах зараджэння і эвалюцыі жыцця на Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БАРЧАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць юрыд. нормаў, якія вызначаюць парадак выбараў кіраўніка дзяржавы і прадстаўнічых органаў дзярж. улады, а таксама права грамадзян выбіраць (актыўнае выбарчае права) і быць выбранымі (пасіўнае выбарчае права). З’яўляецца найважнейшай часткай выбарчай сістэмы і звычайна рэгламентуецца Канстытуцыяй дзяржавы і спец. законамі аб выбарах. Вызначае парадак вылучэння кандыдатаў, нормы прадстаўніцтва, парадак падвядзення вынікаў галасавання і інш. Выбары звычайна з’яўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў іх і за каго галасаваць. У некаторых замежных краінах галасаванне на выбарах з’яўляецца грамадз. абавязкам, невыкананне якога цягне за сабой адказнасць (гл.Абсентэізм).
Крыніцамі выбарчага права Рэспублікі Беларусь акрамя Канстытуцыі з’яўляюцца законы аб выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у прадстаўнічыя органы розных узроўняў і інш. Забараняюцца якія-небудзь прамыя або ўскосныя абмежаванні выбарчага права грамадзян Беларусі ў залежнасці ад паходжання, сац. і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, полу, адукацыі, мовы, адносін да рэлігіі, часу пражывання ў дадзенай мясцовасці, роду і характару заняткаў. Асобы, якія перашкаджаюць грамадзянам свабодна ажыццяўляць выбарчае права, прыцягваюцца да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам. У выбарах не ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, асобы, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. У галасаванні не прымаюць удзел таксама асобы, якія ў парадку, устаноўленым крымін.-працэсуальным заканадаўствам, утрымліваюцца пад вартай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯЛЕКТЫ́ЧНЫ МАТЭРЫЯЛІ́ЗМ,
адна з форм матэрыялізму, заснаваная на дыялект. метадзе пазнання рэчаіснасці з’яў і працэсаў прыроднага свету. Засн. ў 19 ст. К.Марксам і Ф.Энгельсам у выніку крытычнай перапрацоўкі ідэй і высноў ням. класічнай філасофіі, у прыватнасці дыялектыкі Г.Гегеля і матэрыялізму Л.Феербаха. Атрымаў развіццё ў працах Г.В.Пляханава і У.І.Леніна, сав. і замежных вучоных-марксістаў. Сістэма Д.м. абапіраецца на сукупнасць наступных асн. прынцыпаў: матэрыяльнасці свету (сцвярджэнне прымату матэрыі у адносінах да свядомасці); пазнавальнасці рэчаў і з’яў (нашы веды аб навакольным свеце заключаюць у сабе пэўны аб’ектыўны змест, мерай аб’ектыўнасці з’яўляецца грамадска-вытв. практыка); развіцця (няспынныя дыялект. змены навакольнай рэчаіснасці пад уплывам узнікнення, барацьбы і вырашэння процілегласцей яе аб’ектаў і наступнага іх пераходу з аднаго якаснага стану ў іншы). Асаблівая рыса Д.м. — паслядоўнае спалучэнне ў адзіным філас. вучэнні пачаткаў матэрыялізму з дыялектыкай як метадам пазнання чалавекам навакольнай рэальнасці і гарманічнага ўзаемадзеяння з ёю, а таксама пашырэнне матэрыяліст. і дыялект. палажэнняў на грамадскае жыццё.
Літ.:
Маркс К. Тезісы аб Фейербаху // Маркс К., Энгельс Ф. Выбр. творы. Мн., 1952. Т. 2;
Энгельс Ф. Дыялектыка прыроды. Мн., 1954;
Ленін У.І. Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм // Тв. Т. 14 (Полн. собр. соч. Т. 18);
Шептулин А.П. Диалектический метод познания. М., 1983;