АБАРАЧЭ́ННЕ ў эканоміцы,

форма таварнага абмену прадуктаў працы і інш. аб’ектаў уласнасці праз куплю-продаж. З’яўляецца бясконцым працэсам мноства самастойных актаў куплі і продажу, які звязвае вытв-сць з размеркаваннем і спажываннем. Ад абмену тавараў (Т—Т) адрозніваецца тым, што ажыццяўляецца пры пасрэдніцтве грошай (Т—Г—Т). Развіццё абарачэння звязана з таварнай вытв-сцю.

На пач. этапах абмяжоўвалася мясц. рынкам. З паглыбленнем грамадскага падзелу працы і пашырэннем таварна-грашовых адносін сфарміраваліся ўнутр. і сусв. рынкі, пачалося развіццё крэдытнага абарачэння, абарачэння каштоўных папер і інш. формаў.

т. 1, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЁМ,

адна з колькасных характарыстык геам. цела; вымяраецца колькасцю змешчаных у целе кубаў з рабром, роўным адзінцы даўжыні. Для вымярэння аб’ёму складаных цел яны змяшчаюцца ў прамавугольны паралелепіпед, які разбіваецца плоскасцямі, паралельнымі яго граням, на n кубаў з рабром A.

Няхай Vn — сума аб’ёму кубаў, якія цалкам змяшчаюцца ў целе, а Wn — сума аб’ёму кубаў, што маюць хаця б адзін пункт цела. Калі граніцы V=limVn і W=limWn пры бязмежным змяншэнні A да O супадаюць, то іх агульнае значэнне V вызначае аб’ём цела. Адзінка аб’ёму ў СІ м³.

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БІХТ ((Abicht) Рудольф) (9.8.1850, г. Намыслаў, Польшча — 12.2.1921),

нямецкі філолаг-славіст, адзін з першых даследчыкаў і папулярызатараў бел. культуры ў Германіі. З 1900 праф. слав. філалогіі Вроцлаўскага (Брэслаўскага) ун-та. У працах «Паказальнік крыніц Супрасльскага рукапісу» (1893—98), «Слова аб палку Ігаравым» (1895) даследаваў стараж.-бел. помнікі. Бел. матэрыялы і пераклады друкаваў у газ. «Гоман», «Deutschland» («Германія»), «Wilensker Zeitung» («Віленская газета») і інш. У сааўт. з Я.​Станкевічам выдаў бел. буквар «Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным» (Вроцлаў, 1918); пры яго садзейнічанні выйшаў зб. «Беларусь» (Берлін, 1919).

т. 1, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́МАВА (Надзея Аляксандраўна) (30.3.1907, Мінская вобл. — ?),

адзін з кіраўнікоў бел. маладзёжнага руху, наладжанага пад кантролем ням. акупац. улад на Беларусі ў 1943—44. Скончыла Бел. дзярж. вышэйшы пед. (1935) і Мінскі мед. (1940) ін-ты. У час акупацыі Беларусі ням. фашыстамі працавала ўрачом-псіхіятрам у Мінскай інфекцыйнай бальніцы. З кастр. 1942 узначальвала дзіцячы сектар Беларускай народнай самапомачы, з чэрв. 1943 — службу юначак Саюза беларускай моладзі. Уваходзіла ў Беларускую цэнтральную раду. Удзельніца 2-га Усебел. кангрэса (1944, Мінск). У час вызвалення Беларусі Чырв. Арміяй эмігрыравала на Захад.

С.​У.​Жумар.

т. 1, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́МЕНКА (Тамара Мікалаеўна) (н. 26.11.1938, г. Смалявічы),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі і малекулярнай фізікі. Д-р тэхн. н. (1987), праф. (1994). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1960). З 1960 у Ін-це цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава, з 1980 у Ін-це прыкладной фізікі АН Беларусі. Навук. працы па тэрмадынаміцы працэсаў пераносу энергіі, цеплафіз. уласцівасцях газаў і іх сумесяў.

Тв.:

Термическая диффузия в газах. Мн., 1982 (разам з А.​Ф.​Залатухінай, Я.​А.​Шашковым);

Нелинейные эффекты в высокотемпературных газах // Обзоры по теплофизическим свойствам вещества. М., 1992.

т. 1, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАМО́ВІЧ (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 10.4.1944, в. Забалацце Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

правазнавец, дзярж. дзеяч Беларусі. Д-р юрыд. н. (1986), праф. (1990). Скончыў БДУ (1973). Працаваў у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. З 1988 заг. кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права БДУ. У 1991—92 чл. К-та канстытуцыйнага нагляду СССР. З 1992 старшыня Цэнтр. камісіі па выбарах нар. дэпутатаў Рэспублікі Беларусь (з 1994 — па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў). Працы па праблемах дзярж. буд-ва і заканадаўства, узаемаадносін цэнтр. і мясц. органаў кіравання.

А.І.Абрамовіч.

т. 1, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. ovum яйцо),

фізіялагічны працэс выхаду спелых яйцаклетак (аацытаў) у млекакормячых з яечніка ў брушную поласць цела. Пры авуляцыі разрываюцца фалікулы (граафавыя пузыркі), яйцаклеткі засмоктваюцца ў яйцавод, дзе праходзяць апошнюю стадыю выспявання і могуць апладніцца. Авуляцыя адбываецца пад уплывам гармонаў пярэдняй долі гіпофіза. У жанчын авуляцыя часцей адбываецца паміж 7-м і 14-м днямі пасля пачатку менструацыі. У жывёл супадае з цечкай. Для авуляцыі ў жывёл патрэбны пэўныя ўмовы асяроддзя (даўж. светлавога дня, павышэнне т-ры паветра і вады і г.д.). Спыняецца з надыходам цяжарнасці.

т. 1, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАНБЕГЯ́Н (Абел Гезевіч) (н. 8.10.1932, Тбілісі),

вучоны-эканаміст. Акад. АН СССР (1982, чл.-кар. 1964), акад. Рас. АН (1991). Скончыў Маскоўскі эканам. ін-т (1955). У 1961—80 у ін-це эканомікі і арганізацыі прамысл. вытв-сці Сібірскага аддз. АН СССР (з 1967 дырэктар). З 1987—89 акад.-сакратар Аддз. эканомікі АН СССР, з 1989 рэктар Акадэміі нар. гаспадаркі пры СМ Расіі. Асн. кірунак навук. дзейнасці — праблемы кіравання, прадукцыйнасці працы, заработнай платы і ўзроўню жыцця.

Тв.:

Вопросы теории монопольной цены. На примере США. М., 1961;

Управление и эффективность. М., 1981.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РМСТРАНГ ((Armstrong) Ніл) (н. 5.8.1930, г. Уапаканета, штат Агайо, ЗША),

касманаўт ЗША. Першы чалавек, які ступіў на паверхню Месяца. Скончыў ваенна-марское вучылішча лётчыкаў (1949), ун-т Перд’ю ў г. Лафеет (1955). З 1962 у групе касманаўтаў НАСА. Як камандзір карабля здзейсніў касм. палёты: 16.3.1966 з Д.Скотам на караблі «Джэміні-8», 16—24.7.1969 з М.​Колінзам і Э.​Олдрынам на Месяц на караблі «Апалон-11». На паверхні Месяца (21.7.1969) правёў 21 гадз 36 мін 21 с, у космасе 8,6 сут. Імем Армстранга названы кратэр на Месяцы.

Н.Армстранг.

т. 1, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЫМО́ВІЧ (Надзея Еўдакімаўна) (н. 18.2.1946, в. Аўгустова Беластоцкага ваяв., Польшча),

бел. паэтэса. Скончыла Варшаўскі ун-т (1982). З 1970 друкуецца ў беластоцкай газ. «Ніва». Першы зб. вершаў «У сне, у болю слова» (Беласток, 1979) выйшаў у пер. на польскую мову. У паэзіі пераважаюць інтымная лірыка, грамадска-патрыят. матывы, праблемы адаптацыі селяніна ў горадзе. Ёй характэрна ўскладненасць формы, метафарычнасць (зб. «Роздумы», Беласток, 1981; «Сезон у белых пейзажах», Беласток, 1990; «З неспакойных дарог», Мн., 1993; «Дзверы», Беласток, 1994, з А.​Разанавым).

Літ.:

Надзея Артымовіч // Крыніца. 1994. № 12.

І.​У.​Саламевіч.

т. 1, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)