ВІ́ДЭМАН ((Wiedemann) Густаў Генрых) (2.10.1826, Берлін — 23.2.1899),

нямецкі фізік. Чл.-кар. Берлінскай (1879) і Пецярбургскай (1883) АН. Скончыў Берлінскі ун-т (1874). У 1854—63 праф. Базельскага, з 1871 Лейпцыгскага ун-таў. Навук. працы па электрычнасці, магнетызме, цеплавых з’явах і оптыцы. У 1853 разам з ням. фізікам Р.​Францам устанавіў суадносіны паміж цепла- і электраправоднасцю металаў (Відэмана—Франца закон). У 1858 адкрыў эфект закручвання ферамагнітнага стрыжня з токам пры яго намагнічванні ўздоўж восі (Відэмана эфект). Заснавальнік Берлінскага фіз. т-ва. Аўтар першага фундаментальнага даведніка па электрычнасці.

т. 4, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІХРО́Ў (Віктар Яўграфавіч) (23.3.1912, г. Сярдобск, Расія — 13.7.1972),

бел. вучоны ў галіне драўніназнаўства. Д-р с.-г. н. (1952), праф. (1957). Засл. дз. нав. Беларусі (1972). Скончыў Архангельскі лесатэхн. ін-т (1933). З 1954 у Бел. лесатэхн. ін-це, з 1960 рэктар Бел. тэхнал. ін-та. Навук. працы па экалагічнай і тэхн. анатоміі, сістэматыцы драўніны, дэндрахраналогіі і дэндракліматалогіі, мадыфікацыі драўніны сінт. палімерамі.

Тв.:

Технические свойства древесины в связи с типами леса. Мн., 1963 (разам з А.​К.​Лабасёнкам);

Модифицированная древесина и перспективы ее использования. Мн., 1966 (у сааўт.).

т. 4, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШНЕ́ЎСКІ (Аляксандр Васілевіч) (4.9.1874, аул Чыр’юрт, Дагестан — 13.11.1948),

савецкі хірург; заснавальнік сав. хірург. школы. Акад. АМН СССР (1947). Бацька А.А.Вішнеўскага. Скончыў Казанскі ун-т (1899). Да 1934 працаваў у ім (з 1912 праф.). З 1947 дырэктар Ін-та хірургіі АМН СССР (з 1948 носіць яго імя). Навук. працы па клінічнай і эксперым. хірургіі, вывучэнні трафічнай функцыі нерв. сістэмы. Распрацаваў метады мясц. анестэзіі, лячэння запаленчых і гнойных хвароб навакаінавай блакадай і масленабальзамічнай (мазь Вішнеўскага) павязкай. Дзярж. прэмія СССР 1942.

Тв.:

Собр. тр. Т. 1—5. М., 1950—52.

А.В.Вішнеўскі.

т. 4, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШНЯВЕ́ЦКАЯ ЦАРКВА́ ІАА́НА ХРЫСЦІ́ЦЕЛЯ,

помнік архітэктуры барока. Пабудавана ў 1742 у в. Вішнявец (Стаўбцоўскі р-н Мінскай вобл.) як уніяцкая, перабудавана ў 1852 у праваслаўную. Мураваная 3-нефавая базіліка з паўцыркульнай апсідай і 2-вежавым гал. фасадам, вырашаным як самаст. аб’ём. Кампазіцыйная вось гал. фасада вылучана какошнікам. Па баках будынак вянчаюць цыбулепадобныя купалкі на высокіх цыліндрычных барабанах. Сцены ўнутры і звонку расчлянёны пілястрамі, завершаны развітымі прафіляванымі карнізамі. Аконныя праёмы з лучковым, на гал. фасадзе з паўцыркульнымі завяршэннямі.

А.​А.​Ярашэвіч.

Вішнявецкая царква Іаана Хрысціцеля.

т. 4, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙТЭС ((Voites) Маргарыта) (н. 30.10.1936, Масква),

эстонская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1979). Скончыла Талінскую кансерваторыю (1964). З 1964 салістка т-ра «Ванемуйне», з 1969 — т-ра оперы і балета «Эстонія». Сярод партый у операх: Канстанца («Выкраданне з сераля» В.​А.​Моцарта), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Нарына, Лючыя («Дон Паскуале», «Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Альцына («Альцына» Г.​Ф.​Гендэля); у аперэтах: Віялета («Фіялка Манмартра» І.​Кальмана), Адэль («Лятучая мыш» І.​Штрауса). Выступае як камерная спявачка.

т. 4, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСУ́М,

горад на Пн Эфіопіі. Мяркуюць, што засн. каля сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. паўд.-араб. плямёнамі. У 1 ст. н.э. цэнтр Аксумскага царства. У выніку заняпаду дзяржавы страціў паліт. і культ. значэнне, але застаўся асяродкам копцкай царквы («святы горад» коптаў) і месцам каранацыі негусаў. З 1906 вядуцца раскопкі. Выяўлены рэшткі пабудоў палацавага комплексу, каменныя троны, некропаль з надмагільнымі стэламі-абеліскамі выш. да 33 м з барэльефамі і шматлікімі надпісамі на стараж. эфіопскай і грэч. мовах і інш.

Да арт. Аксум. Гіганцкая стала-абеліск.

т. 1, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЕНА ПРА́ВІЛА,

правіла, якое вызначае заканамернасць змены памераў паверхні цела цеплакроўных жывёл у залежнасці ад змены кліматычных умоў. У млекакормячых жывёл на Пн часткі цела, якія выступаюць (канечнасці, вушы, хвост, шыя, лапы), карацейшыя, формы цела больш прысадзістыя, чым у прадстаўнікоў таго ж віду на Пд. У нейкай ступені Алена правіла справядліва і да вышэйшых раслін, парасткі якіх звычайна ўкарочаныя на Пн у параўнанні з паўд. шыротамі. Сфармулявана амер. вучоным Дж.​Аленам (1877). Алена правіла, як і Бергмана правіла, вынікае з прынцыпу памяншэння цеплааддачы пры скарачэнні суадносін паверхні цела з аб’ёмам.

т. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕНЯВО́СТРАЎСКІ МО́ГІЛЬНІК,

могільнік канца мезаліту (канец 6 — пач. 5-га тыс. да н.э.) на в-ве Аленевым Анежскага возера (Карэлія). У 1936—38 даследавана 174 пахаванні, у якіх нябожчыкі пахаваны на спіне (118), на баку (11), скурчанымі (5) і вертыкальна (5). Знойдзена больш за 7 тыс. прадметаў, пераважна з косці і рогу: падвескі і пласцінкі (нашываліся на галаўны ўбор, шырокія паясы, адзенне і абутак), гарпуны, наканечнікі стрэл, кінжалы з крамянёвымі ўкладышамі, па-мастацку выразаныя фігуркі людзей, змей, галовы ласёў і інш.

Галава лася на рагавым стрыжні з Аленявостраўскага могільніка.

т. 1, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЯРЦІ́НСКІ ЧЫГУНАЛІЦЕ́ЙНЫ ЗАВОД.

Дзейнічаў на Беларусі ў 1828—1914 у Альбярціне. У 1830 пабудаваны мураваны будынак для плаўкі чыгуну. З 1845 вырабляў сячкарні і млынавыя машыны, у 1895 — сячкарні, веялкі і інш. с.-г. прылады, у 1900 — сячкарні, турбіны для вадзяных млыноў. У 1890 меў чыгуналіцейную печ і 3 такарныя станкі. З 1903 наз. машынабудаўнічы з. Вырабляў посуд для вінакурняў і піваварняў, у 1908—10 — драцяныя і шавецкія цвікі, шпількі, у 1913 — вадзяныя турбіны, малатарні, абсталяванне для млыноў і крупадзёрак; працавалі 50 рабочых.

т. 1, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮВІЯ́ЛЬНЫЯ РАЎНІ́НЫ,

нізінныя прасторы, якія ўтварыліся ў выніку акумуляцыйнай дзейнасці вял. рэк на месцы шырокіх і доўгіх паніжэнняў зямной паверхні [напр., Паданская раўніна (Італія), Вял. Кітайская раўніна]. Паверхня алювіяльных раўнін складаецца з шырокіх поймаў, фрагментаў рачных тэрас. На Беларусі найб. паніжаныя месцы (да 130 м над узр. м.) з амаль плоскім рэльефам заняты балотамі і забалочанымі ўчасткамі з пясчанымі дзюнамі (выдмамі). Значныя ч. Бел. Палесся (Гомельскае і Прыпяцкае Палессі) — фрагменты алювіяльных і водна-ледавіковых раўнін, дзе на месцы Прыпяцкага прагіну намножыліся водна-ледавіковыя адклады, алювій Дняпра і яго прытокаў.

т. 1, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)