ПАГО́СКІ (Аляксандр Фаміч) (9.3.1816, г. Полацк Віцебскай вобл. — 7.9.1874),
рус. пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім вучылішчы вышэйшых навук. У 1831—43 на вайск. службе. У 1843—62 служыў у дэпартаменце карабельных лясоў. Выдаваў часопісы для народа «Солдатская беседа» (1858—67), «Досуг и дело» (1867—74). Друкаваўся з 1840-х г. Аўтар празаічных, вершаваных, драм. твораў («Салдацкія нататкі», 1855; «Дзед Назарыч», 1860; «Анчутка-Бяспяты», 1863; «Няздольны чалавек», 1867; «Абарона Севастопаля. Гутаркі пра вайну 1853—1856 года», 1873—74). Месца дзеяння яго апавядання «Суд прадбачання» — Беларусь. У вершы «Кепская дзяльба» (пашыраўся ў рукапісах) высмейваў рэформу 1861. Творам П. ўласцівы дакладнасць апісання сял. і салдацкага побыту, прастата і шчырасць, сентыментальнасць.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—4. СПб., 1899—1901.
Літ.:
Арсеньев А.В. А.Ф.Погосский. СПб., 1878;
Вольная русская поэзия 2-й половины XIX в. Л., 1959;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ЙСКІ (Мікалай Ільіч) (28.2.1880, с. Кунашоўка Нежынскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна —28.7.1948),
савецкі паліт. і ваен. дзеяч. Вучыўся ў Дзямідаўскім юрыд. ліцэі (Яраслаўль, 1901—05). Чл.РСДРП з 1901, з 1903 бальшавік. Супрацоўнік бальшавіцкіх газет «Звезда» і «Правда» (1910—14). У 1917 кіраўнік ваен. арг-цыі пры ЦК і Петраградскім к-це РСДРП(б), старшыня Усерас. бюро франтавых і тылавых арг-цый пры ЦК. партыі. У Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 старшыня Петраградскага ВРК, кіраваў узяццем Зімняга палаца. З ліст. 1917 нарком ваен. спраў РСФСР, старшыня Усерас. калегіі па арг-цыі і кіраванні Чырв. Арміі. З сак. 1918 у кіруючым апараце Чырв. Арміі. У 1919 нарком па ваен. і марскіх справах Украіны. У 1919—23 кіраўнік Усевобуча. У 1924—35 на парт. і сав. рабоце, у т. л.чл.ЦКК партыі (1924—30). Працы па гісторыі Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛЕ́ЎСКІ ((Padlewski) Зыгмунт) (1.1.1836, с. Малая Чарняўка Ружынскага р-на Жытомірскай вобл., Украіна — 15.5.1863),
польскі рэвалюцыянер. Скончыў Артыл. акадэмію ў Пецярбургу (1861). Уваходзіў у тайную рэв. арг-цыю, якую ўзначальвалі З.Серакоўскі і Я.Дамброўскі. Пасля ад’езду ў Парыж прымаў удзел у дзейнасці Т-ва польскай моладзі, пазней выкладаў у польскай ваен. школе ў Італіі. У 1862 вярнуўся на радзіму і прызначаны рэв. начальнікам Варшавы, увайшоў у склад Цэнтральнага нацыянальнага камітэта ў Варшаве (ЦНК). У вер. і ліст. 1862 вёў перагаворы з А.І.Герцэнам, М.П.Агаровым і М.А.Бакуніным пра ўзаемадзеянне з рас.рэв. рухам. У снеж. 1862 ад імя ЦНК заключыў пагадненне з ЦК «Зямлі і волі» ў Пецярбургу. Выступаў за неадкладны пачатак паўстання. У час паўстання 1863—64 узначальваў паўстанцкія атрады ў Плоцкім ваяводстве. Арыштаваны рас. ўладамі і расстраляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛЯ́СКА-БРЭ́СЦКАЯ ЎПА́ДЗІНА,
буйная адмоўная тэктанічная структура Рускай пліты на ПдЗ Беларусі (Брэсцкая вобл.) і сумежнай тэр. Польшчы. На Пн і Пд абмежавана разломамі субшыротнага распасцірання Свіслацкім і Паўн.-Ратнаўскім, за якімі размешчаны адпаведна Беларуская антэкліза і Лукаўска-Ратнаўскі выступ. Усх. мяжа з Палескай седлавінай праведзена ўмоўна па глыбіні залягання паверхні крышт. фундамента 500 м ніжэй узр. м. На З ўпадзіна прымыкае да лініі Тэйсейра—Торнквіста. Выцягнута ў субшыротным напрамку на 350 км, шыр. 90—130 км. Мае выгляд структурнага заліва, які цэнтраклінальна замыкаецца на У і адкрываецца на 3. Паверхня фундамента паглыбляецца ад 500 м да 9 км ніжэй узр. м., ускладнена разломамі паўн.-ўсх. напрамку і лакальнымі малаамплітуднымі падняццямі, якія праяўляюцца ў платформавым чахле да ніжняга дэвону ўключна. Запоўнена познапратэразойскімі, палеазойскімі, мезазойскімі і кайназойскімі адкладамі. Асн. этап фарміравання — каледонскі (ранні кембрый — ранні дэвон). Кембрыйскія адклады П.-Б.ў. перспектыўныя на нафту і газ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНЯ́К (Зянон Станіслававіч) (н. 24.4.1944, в. Суботнікі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. грамадска-паліт. дзеяч. мастацтвазнавец, археолаг.
Канд. мастацтвазнаўства (1981). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). З 1972 навук. супрацоўнік Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, у 1976—96 — Ін-та гісторыі АН Беларусі. Даследаваў архітэктуру і археалогію гарадоў Беларусі, бел.маст. культуру, займаўся пытаннямі аховы і аднаўлення культ.-гіст. спадчыны Мінска. Праводзіў археал. раскопкі ў Мінску, Мядзеле, Лоску і інш. Старшыня сойма Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» (з 1990) і партыі БНФ (з 1993), т-ва памяці ахвяр сталінізму «Мартыралог Беларусі». Дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь у 1990—95. З 1996 у эміграцыі, з кастр. 1999 лідэр Кансерватыўна-хрысціянскай партыі.
Тв.:
Рэха даўняга часу. Мн., 1985;
У суладдзі з прыродай і чалавекам: Праграматворная функцыя помнікаў дойлідства // Мастацтва Беларусі. 1986. № 4;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛУЯ́Н (Іван Васілевіч) (н. 20.8.1928, в. Некрашэвічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1981), праф. (1983). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1951). З 1959 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, з 1966 дац.БПІ, праф., з 1985 заг. кафедры Бел.тэхнал. ун-та. Даследуе рэв. і нац.-вызв. рух у Зах. Беларусі, сац.-эканам. развіццё бел. вёскі ў 1950—80-я г., унутр. і знешнюю палітыку Рэспублікі Беларусь, праблемы станаўлення бел. дзяржаўнасці. Адзін з аўтараў кн. «Рэвалюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі ў 1920—1939 гг.» (1962), 12-томнай «Гісторыі СССР са старажытных часоў да нашых дзён» (т. 9, 1971), 5-томнай «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 5, 1975) і інш.
Тв.:
Технические кадры белорусской деревни и развитие сельского хозяйства республики. Мн., 1978;
Западная Белоруссия в период экономического кризиса 1929—1933 гг.Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНКРА́Т (Ганна Купрыянаўна) (13.2.1912, г. Полацк Віцебскай вобл. — 4.2.1995),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1962). Скончыла студыю БДТ-1 (1934). З 1933 працавала ў БДТ-1, з 1938 у Бабруйскім калг.-саўг. т-ры, з 1946 у Бабруйскім, у 1947—72 у Гродзенскім абл.драм. т-рах. Выканаўца характарных, драм. роляў. Творчасці ўласцівы спасціжэнне сац. прыроды вобраза, пластычнасць знешняга малюнка ролі. Стварыла яркія праўдзівыя характары: у БДТ-1 — Ульяна («Бацькаўшчына» К.Чорнага); у Бабруйскім калг.-саўг. т-ры — Настулька, Вера Міхайлаўна («Партызаны», «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы); у Гродзенскім т-ры — Паліна («Трыбунал» А.Макаёнка), Ганна Іванаўна («Гэта было ў Мінску» А.Кучара), Паліксена, Купавіна, Уланбекава, Усціння Навумаўна, Курыцына, Кабаніха («Праўда добра, а шчасце лепш», «Ваўкі і авечкі», «Выхаванка», «Свае людзі — паладзім», «Грэх ды бяда на каго не жыве», «Навальніца» А.Астроўскага), Рашэль, Надзея, Васіліса, Прытыкіна («Васа Жалязнова», «Апошнія», «На дне», «Варвары» М.Горкага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЬШЫНА (Ірына Мікалаеўна) (н. 25.4.1929, г. Усцюжна Валагодскай вобл., Расія),
бел. мастацтвазнавец. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1995). Скончыла Ленінградскі ун-т (1952). З 1952 працавала ў Рус. музеі (Ленінград). З 1959 у Нац.маст. музеі Беларусі (з 1961 нам. дырэктара). Адначасова ў 1962—69 выкладала ў Бел.тэатр.-маст. ін-це. Даследуе праблемы бел., рус., зах.-еўрап. мастацтва. Аўтар кніг «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» (1975), «Час у вобразах і фарбах» (1980), альбомаў «Мастацтва Савецкай Беларусі» (1968), «Музей беларускага народнага мастацтва» (1983), «Дзяржаўны мастацкі музей БССР: Збор жывапісу XV—XX стст.» (1989), «Іван Хруцкі» (1990, абодва ў сааўт.), каталога «Рускія лакі: Лакавая мініяцюра ў зборы Дзяржаўнага мастацкага музея БССР» (1973), артыкулаў па дэкар.-прыкладным мастацтве і інш. Стварыла экспазіцыі філіялаў Нац.маст. музея Беларусі «Мемарыяльны музей З.Азгура», «Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва Беларусі 1-й палавіны 19 ст.» (абодва 2000, Мінск).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў (Алег Канстанцінавіч) (н. 31.7.1930, в. Вырубава Маскоўскай вобл.),
расійскі артыст цырка, клоун. Нар.арт. Расіі (1958). Нар.арт.СССР (1969). Скончыў Дзярж. вучылішча цыркавога мастацтва (1949). Напачатку выступаў як эквілібрыст-комік на слабанацягнутым дроце. У 1950 дэбютаваў як клоун дывановы. Выкарыстоўвае цыркавыя прыёмы: эквілібрыстыку, акрабатыку, жангліраванне. У нумарах спалучае буфанаду, псіхал. праўду, мяккі лірычны гумар і сатыр. фарбы. Вобраз-маска П. — бесклапотны юнак, надзелены рысамі казачнага Іванкі-прастачка; празваны «Сонечным клоунам». Сярод лепшых нумароў «Эксцэнтрыяда на свабодным дроце», «Повар», «Свісток», «Прамень», «Хімчыстка», «Баланс з лялькай», «Тапелец», «Карусель», вядучыя ролі ў цыркавых спектаклях «Лячэнне смехам», «Царэўна-Несмяяна», «Сёння ў цырку фестываль», «Казка пра папа і яго работніка Балду», «Водная пантаміма» і інш. Лаўрэат Міжнар. фестывалю цыркаў у Варшаве (1957), прэмій «Оскар» (1958, Брусэль), «Залаты клоун» на Міжнар. фестывалі ў Монтэ-Карла (1981). Жыве за мяжой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў (Аляксандр Сцяпанавіч) (16.3.1859, г. Краснатур’інск Свярдлоўскай вобл., Расія — 13.1.1906),
рускі фізік і электратэхнік, вынаходнік радыё. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882). З 1883 выкладаў у ваен.навуч. установах у Кранштаце. З 1901 праф. Пецярбургскага электратэхн. ін-та (з 1905 рэктар). Навук. працы па электра- і радыётэхніцы. Сканструяваў кагерэр — прыстасаванне для выяўлення эл.-магн. ваганняў (1894). 7.5.1895 на пасяджэнні Рас.фіз.-хім.т-ва прадэманстраваў работу першага ў свеце радыёпрыёмніка. Ажыццявіў тэлеграфаванне без правадоў, перадаўшы радыёграму на адлегласць 250 м (1896), а пазней серыю доследаў па радыётэлеграфіі на адлегласць да 150 км. Для практычнай сувязі (на адлегласці, большай за 40 км) прыборы П. былі выкарыстаны ў 1900 у час аперацыі па выратаванні браняносца «Генерал-адмірал Апраксін». Залаты медаль на Сусв. выстаўцы ў Парыжы (1900).
Літ.:
Радовский М.И. А.С.Попов. М.; Л., 1963;
Изобретение радио: А.С.Попов: Док. и материалы. М., 1966.