ВЕРХНЯНЁМАНСКАЯ НІЗІ́НА,

фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі, у Гродзенскай і на З Мінскай абласцей, уздоўж р. Нёман ад г. Стоўбцы да г. Гродна. Мяжуе на Пн з Сярэднянёманскай нізінай і Лідскай раўнінай, на ПнУ з Ашмянскім і Мінскім узвышшамі, на У і ПдУ з Капыльскай градой і прылеглымі раўнінамі, на Пд і З з Навагрудскім, Слонімскім, Ваўкавыскім і Гродзенскім узвышшамі Паўд.-Зах. адгалінавання Бел. грады (гл. карту да арт. Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі). Працягнулася з З на У на 160 км, з Пн на Пд ад 15 да 55 км. Вышыні рэльефу вагаюцца ад 160 м на У да 94 м на З.

Верхнянёманская нізіна прымеркавана да Цэнтральнабеларускага масіву. Крышт. фундамент перакрыты адкладамі верхняга пратэразою, мелу, палеагену, неагену і антрапагену. Магутнасць тоўшчы антрапагенавых адкладаў пераважна 70—120 м, у ледавіковых лагчынах да 180—200 м, найб. развіты ледавіковыя ўтварэнні бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў, адклады александрыйскага і муравінскага міжледавікоўяў. У ледавіковыя эпохі на Верхнянёманскай нізіне існавалі вял. прыледавіковыя азёры. У час паазерскага зледзянення было Скідзельскае прыледавіковае возера, пасля спуску якога Нёман атрымаў сцёк у Балтыйскае мора.

Рэльеф Верхнянёманскай нізіны пераважна эразійна-акумулятыўны. Пашыраны ледавікова-азёрная нізіна паазерскага веку (на Скідзельскім участку) і водна-ледавіковая нізіна сожскага веку (на Любчанскім участку). Спадзіста-хвалістая паверхня нізіны мае эолавыя формы выш. да 5—10 м (грады, пагоркі, дзюны), лагчыны сцёку, каля рэк — яры і лагчыны, абразійныя ўступы былых берагоў прыледавіковых азёр; месцамі забалочаныя, з азёрнымі катлавінамі. Ёсць участкі азёрна-алювіяльнай нізіны (пры ўпадзенні р. Бярэзіна ў р. Нёман) і марэннай раўніны. Вылучаюцца глыбока ўрэзаныя даліны Нёмана (да 20—45 м) і яго прытокаў з шырокімі забалочанымі поймамі, шматлікімі старыцамі, тэрасамі, з якіх найб. выразныя 2 узроўні — выш. 4—9 м і 8—12 м. Карысныя выкапні: легкаплаўкія і цэментныя гліны, мел, торф. Сярэдняя т-ра студз. ад -5,1 °C на З да -6,5 °C на У, ліп. 17,7—18 °C, ападкаў 540—613 мм за год. Гал. рака — Нёман з прытокамі Сула, Уса, Бярэзіна, Гаўя, Дзітва, Лебяда, Котра і інш. (справа), Уша, Сэрвач, Моўчадзь, Шчара, Зальвянка, Рось, Свіслач і інш. (злева). Найб. воз. Кромань. Глебы дзярнова-слабаападзоленыя пясчаныя і супясчаныя ў спалучэнні з тарфяна-балотнымі і поймава-лугавымі. Верхнянёманская нізіна ў межах падзоны грабава-дубова-цемнахвойных лясоў. Лясістасць 35%, хваёвыя, ялова-хваёвыя і мяшаныя лясы, дубровы. У поймах алешнікі і хмызняковыя зараснікі чаргуюцца з лугамі і забалочанымі ўчасткамі. На тэр. Верхнянёманскай нізіны біял. заказнікі Налібоцкі і Ліпічанская пушча.

В.​Р.​Сінякова.

Верхнянёманская нізіна ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці.

т. 4, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́ЛІ,

горад, сталіца Індыі і адм. ц. саюзнай тэр. Дэлі. Знаходзіцца на Пн краіны на р. Джамна (прыток р. Ганг), каля паўн.-ўсх. падножжа ўзгорыстай грады Аравалі. 7,2 млн. ж., з прыгарадамі 8,4 млн. ж. (1991). Складаецца са Старога Д. (Шахджаханабада, гіст. ядро горада), тэр. ваен. пасялення і Новага Д. (Нью-Дэлі з нас. 301,3 тыс. ж., 1993), які лічыцца афіц. сталіцай. Вузел 5 чыгунак і 11 аўтадарог. Міжнар. аэрапорт (Палам). Буйны прамысл., фін. і культ. цэнтр краіны. Развіты галіны прам-сці, што абслугоўваюць патрэбы сталіцы: тэкст. (баваўняныя і шарсцяныя тканіны), швейная, трыкат., хім., фармацэўтычная, гарбарна-абутковая, шклокерамічная, металаапр., паліграф., буд., некат. галіны машынабудавання (станкабудаванне, радыёэлектронная прам-сць). Маст. рамёствы (філігранныя сярэбраныя і залатыя ювелірныя вырабы, кераміка, разьбярства па слановай косці і камені, вырабы з пап’е-машэ), саматужнае ткацтва. Цэнтр турызму. 4 ун-ты. Акадэмія музыкі, танца і драмы.

Паводле «Махабхараты» ў 1-м тыс. да н.э. горад быў рэзідэнцыяй царскай дынастыі Пандаваў і меў назву Індрапрастха. Сучасная назва з 736 пасля буд-ва на месцы стараж. гарадзішча г. Дхіліка (Дэлі). У 1206—1526 сталіца мусульман Дэлійскага султаната, з 1658 — імперыі Вялікіх Маголаў. У 1803 захоплены англічанамі, якія ў 1858 перанеслі сталіцу ў Калькуту. Адзін з цэнтраў Індыйскага народнага паўстання 1857—59. З 1911 сталіца Брыт. Індыі, з 1947 — дамініёна, з 1950 — Рэспублікі Індыя.

У Старым горадзе захаваліся гар. муры з брамамі (часткова), Саборная мячэць (1644—58), крэпасць Лал-Кіла (Чырвоны форт, 1639—48, з палацамі Ранг-Махал, Дывані-Ам, Дывані-Кхас, усе 1639—48, і Жамчужнай мячэццю, каля 1660). На Пд ад Старога горада — руіны г. Фіразабад (1351—88), палацава-крапасны ансамбль Пурана-Кіла (закладзены ў 1540; мячэці Кулан, 1380, і Кілаі-Кухна, 1545), маўзалей Хумаюна (2-я пал. 16 ст.). Прыкладна за 20 км на Пд ад Старога горада — 4 гарады-крэпасці: Сіры (будаваўся з 1303), Джаханпанах (14 ст.), Туглакабад (1325; маўзалей Гіяс-ад-дзіна) і Лал-Кот (канец 12 ст.; жал. калона, 415; руіны мячэці Куват-уль-Іслам, пачата ў 1193; мінарэт Кутб-Мінар, каля 1200—20; маўзалей Ільтутмыша, пасля 1235). Новы Д. — буйны раён з шэрагам плошчаў, паркаў і вуліц, якія радыяльна ад іх разыходзяцца. Уключае ансамбль урадавых будынкаў 1912—30-х г., «Браму Індыі» (помнік салдатам, якія загінулі ў сусв. войнах), нац. стадыён, абсерваторыю Джантар Мантар (1725), храм багіні Лакшмі Нараян (1938—39), мемар. музей М.​Гандзі (канец 1960-х г., арх. А.​Канвіндэ). Музеі: Нац. музей Індыі, нац. галерэя сучаснага мастацтва, Міжнар. музей лялек, мемар. музеі М.​Гандзі, Дж.​Нэру і інш.

Літ.:

Короцкая А.А., Сапожников Б.Н. Дели. Л., 1983.

Да арт. Дэлі. Брама ў Чырвоным форце.
Да арт. Дэлі. Храм багіні Лакшмі. Нараян. 1938—39.

т. 6, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭРЫЯЛІ́ЗМ (ад лац. materialis рэчыўны),

філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога сцвярджаюць першаснасць матэрыі, прыроды, грамадства, аб’ектыўнай рэчаіснасці і другаснасць чалавечай свядомасці (духу). Свядомасць чалавека незалежна ад сваёй канкрэтнай формы прызнаецца ўласцівасцю высокаарганізаванай матэрыі. Прынцыповая супрацьлегласць пунктаў гледжання на рэчаіснасць, законы і рухаючыя сілы яе развіцця абумовілі барацьбу М. і ідэалізму па найб. істотных праблемах філасофіі (пабудова свету, пазнавальнасць рэчаў і з’яў, сутнасць чалавека, грамадства і інш.). Гал. ідэі філас. М.: прызнанне нестваральнасці свету, яго існавання і развіцця незалежна ад чыёй-н. волі; асэнсаванне прасторы і часу, руху ў якасці аб’ектыўных форм быцця матэрыі; адмаўленне самастойнасці свядомасці адносна матэрыі; тлумачэнне адзінства свету яго матэрыяльнасцю. У падыходзе да разумення грамадства і грамадскага жыцця для М. характэрна цікавасць да эканомікі і яе выключнай ролі ў функцыянаванні ўсіх грамадскіх сістэм (дзяржавы, права і інш.), навукі і асветы. Стаўленне прыхільнікаў М. да прыроды і грамадства абумоўлена ўпэўненасцю ў пазнавальнасці прадметаў і з’яў, што стварае магчымасць атрымання дакладных ведаў пра аб’ектыўную рэчаіснасць і іх выкарыстанне ў грамадскім жыцці. Паняцце М. зыходзіць з філас. разумення матэрыі і не датычыць якіх-н. канкрэтна-гіст. уяўленняў аб яе структуры. Таму нельга атаясамліваць з навук. матэрыяліст. ведамі выпадковыя прымітыўныя высновы, дзе, напр., агульны змест чалавечага мыслення дэтэрмінуецца непасрэдна фізіял. працэсамі ў арганізме, духоўнае жыццё і формы культуры тлумачацца ўзроўнем эканомікі і матэрыяльнага дабрабыту людзей, арганізацыяй эканам. дзейнасці і г.д.

Матэрыяліст. погляды на свет і змены ў ім узніклі ў глыбокай старажытнасці і складаюць значную частку духоўнай і культ. спадчыны чалавецтва. Першай даволі стройнай сістэмай матэрыяліст. поглядаў на свет быў стыхійны, наіўны М. стараж. грэкаў і рымлян, у якім у зародкавай форме праявіліся ўсе пазнейшыя кірункі М.: механістычны, вульгарны, дыялектычны і інш. Для стараж. М. характэрна разуменне свету як адзінага, непадзельнага цэлага, якое знаходзіцца ў стане сталага руху згодна са сваімі законамі. У новыя часы значны ўплыў атрымаў механістычны (метафізічны) М. (Ф.​Бэкан, Т.​Гобс, М.​Ламаносаў і інш.). Гал. ўвагу яны скіроўвалі на вывучэнне мех. (знешніх) уласцівасцей рэчаў і адносін паміж імі. Сцвярджаючы наяўнасць матэрыі, філосафы-механіцысты трактавалі дадзеную катэгорыю ў абстрактна-метафіз. сэнсе і адрывалі матэрыю ад атрыбуту яе існавання — руху, які зводзіўся да мех. перамяшчэння цел у прасторы і часе. У тлумачэнні ўнутр. структуры рэчаў значную ролю адыгрывалі атамістычныя ідэі. У 19 ст. развіццё філас. М. адбывалася шляхам перапрацоўкі дыялектычнага вучэння Г.​Гегеля, што залажыла асновы сучаснага М. Абагульненне развіцця матэрыяліст. ідэй на працягу гісторыі даецца ў філас. вучэнні К.​Маркса, Ф.​Энгельса, У.​І.​Леніна і іх паслядоўнікаў. Гл. Дыялектычны матэрыялізм, Гістарычны матэрыялізм, Дыялектыка, Філасофія і л-ру да гэтых артыкулаў.

В.​І.​Боўш.

т. 10, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ СХОД ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ, нацыянальны сход Заходняй Беларусі,

вярхоўны орган нар. улады ў Заходняй Беларусі пасля яе ўз’яднання з БССР. Выбары ў Нар. сход адбыліся ў адпаведнасці з пастановай Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 1.10.1939 «Пытанні Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі». У ёй вызначаліся мэты, час, працэдура арганізацыі і правядзення выбараў, а таксама пытанні, якія павінны быць вырашаны дэпутатамі сходу. Пастанова прадугледжвала правядзенне выбарчай кампаніі пад лозунгамі ўстанаўлення сав. улады на тэр. Зах. Беларусі і Зах. Украіны, уваходжання Зах. Беларусі ў склад БССР і Зах. Украіны ў склад УССР, адабрэння канфіскацыі памешчыцкіх зямель, патрабавання нацыяналізацыі банкаў і буйной прам-сці. 1-му сакратару ЦК КП(б)Б П.​К.​Панамарэнку даручалася падрыхтаваць адпаведныя дэкларацыі па парадку дня Нар. сходу. Права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Нар. сходу прадастаўлялася сял. к-там, часовым упраўленням гарадоў, сходам рабочых на прадпрыемствах, членам рабочай гвардыі, прадстаўнікам інтэлігенцыі. Выбарчае права атрымалі ўсе грамадзяне, якім споўнілася 18 гадоў, незалежна ад сац. паходжання, маёмаснага стану, нац. прыналежнасці і папярэдняй паліт. дзейнасці. Рэальнае права выбіраць і быць абранымі атрымалі і жанчыны. Выбары праводзіліся на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Ад 5 тыс. выбаршчыкаў у Нар. сход выбіраўся 1 дэпутат. У выбарах, якія адбыліся 22.10.1939, з агульнай колькасці 2 763 191 выбаршчык у галасаванні ўдзельнічала 2 672 280 чал. (96,71%). Было абрана 929 дэпутатаў. Супраць галасавалі 247 245 выбаршчыкаў (9,3%), прызнаны несапраўднымі 14 932 бюлетэні. У 2 выбарчых акругах Высока-Мазавецкага пав. кандыдаты не атрымалі большасці, і выбары былі праведзены паўторна. Пасяджэнне Нар. сходу адбылося 28—30.10.1939 у Беластоку. Прысутнічала 926 дэпутатаў, з іх паводле сац. складу — 563 селяніны, 197 рабочых, 112 прадстаўнікоў інтэлігенцыі, 29 служачых, 25 саматужнікаў; паводле нац. складу — 621 беларус, 127 палякаў, 72 яўрэі, 53 украінцы, 43 рускія і інш. Сярод дэпутатаў былі актыўныя ўдзельнікі рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. На сходзе прысутнічалі прадстаўнікі ўрада БССР, нар. паэты Беларусі Я.​Купала і Я.​Колас. Парадак дня: аб дзярж. уладзе (С.​В.​Прытыцкі); аб уваходжанні Зах. Беларусі ў склад БССР; аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель; аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прам-сні. Сход адкрыў старэйшы дэпутат селянін С.​Ф.​Струг. Нар. сход аднагалосна прыняў 4 канстытуцыйныя акты, выбраў Паўнамоцную камісію з 66 чал. для пасылкі ў Маскву, каб перадаць яго рашэнне адносна ўступлення Зах. Беларусі ў склад СССР. Нар. сход абвясціў 17 верасня днём вызвалення працоўных Зах. Беларусі ад прыгнёту буржуазіі і памешчыкаў.

Літ.:

Народное (Национальное) собрание Западной Белоруссии 28—30 октября 1939 г.: Стеногр. отчет. Мн., 1946;

Назаўсёды разам: Да 60-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Мн., 1999.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 11, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЎГАРО́ДСКАЯ ФЕАДА́ЛЬНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

дзяржава на ПнЗ сучаснай Расіі з цэнтрам у г. Ноўгарад у 1136—1478. Узнікла ў выніку распаду Кіеўскай Русі. Тэр. Н.ф.р. пашыралася шляхам каланізацыі і ў 15 ст. распасціралася ад Балтыйскага м. да Паўн. Урала і ад Баранцава м. да вярхоўяў Волгі. Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля, а таксама лясныя і марскія промыслы, ільнаводства, здабыча солі і выплаўка жалеза. Цэнтрамі рамяства і гандлю былі гарады Ноўгарад, Старая Руса, Ладага, Таржок, Арэшак і інш. Наўгародскія купцы мелі шырокія гандл. сувязі з інш. землямі Русі і замежнымі краінамі. Вышэйшы орган улады Н.ф.р. — наўгародскае веча, якое выбірала пасадніка (гал. службовую асобу), тысяцкага і (з 1156) архіепіскапа. Архіепіскап фактычна ўзначальваў выканаўчую ўладу дзяржавы, кіраваў яе знешнімі зносінамі, выконваў суд. і інш. функцыі. Наўгародскі князь запрашаўся з інш. княстваў вечам, якое заключала з ім дагавор («рад»), і выконваў пераважна функцыі военачальніка. Рэальная ўлада знаходзілася ў руках невял. групы буйных феад. землеўладальнікаў (30—40 баярскіх сем’яў). У 12—15 ст. Н.ф.р. вяла шматлікія, пераважна абарончыя войны супраць Швецыі, Лівонскага ордэна, Даніі, ВКЛ і Маскоўскага вялікага княства. З 1250-х г. яна была вымушана плаціць даніну Залатой Ардзе. Маскоўскае вял. княства і ВКЛ з пач. 14 ст. імкнуліся, у т. л. з дапамогай ваен. сілы, усталяваць свой суверэнітэт над Н.ф.р., урад якой шляхам лавіравання паміж імі (у т. л. запрашаючы князёў то з ВКЛ, то з маскоўскіх уладанняў) працяглы час захоўваў фактычную незалежнасць сваёй дзяржавы. У 1410-я г. рым. папы Іаан XXIII і Марцін V выдалі некалькі булаў, якімі прызнавалі Вітаўта і Ягайлу «ген. вікарыямі» Ноўгарада і Пскова, але спробы Вітаўта заваяваць Н.ф.р. былі безвыніковымі. Залежнасць Н.ф.р. ад маскоўскіх князёў узмацнілася пасля Яжалбіцкага міру 1456, якім скончылася чарговае, няўдалае для Ноўгарада супрацьстаянне з Масквой. Каб пазбегнуць поўнага падпарадкавання Маскве, правячыя колы Н.ф.р. ў 1470 запрасілі да сябе князем слуцкага кн. Міхаіла Алелькавіча і былі гатовы прызнаць сваім сюзерэнам вял. князя ВКЛ Казіміра IV, аднак у 1471, пасля паражэння ад маскоўскіх войск у Шалонскай бітве, падпісалі з вял. маскоўскім кн. Іванам III Карастынскі мір, які амаль пазбавіў Н.ф.р. самастойнасці. У 1478 Іван III канчаткова ліквідаваў Н.ф.р. і далучыў яе тэр. да Маскоўскай дзяржавы. Н.ф.р. была самай развітай у культ. адносінах часткай Русі з шырока распаўсюджанай пісьменнасцю (пра гэта сведчаць берасцяныя граматы), багатымі традыцыямі летапісання (гл. Наўгародскія летапісы), уласнымі школамі дойлідства і выяўл. мастацтва (гл. Наўгародская школа дойлідства, Наўгародская школа іканапісу).

Літ.:

Янин В.Л. Новгородские акты XII—XV вв. М., 1991;

Фроянов И.Я. Мятежный Новгород. СПб., 1992.

С.​В.​Пазняк.

т. 11, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЮ́РНБЕРГСКІ ПРАЦЭ́С,

судовы працэс над групай гал. нацысцкіх ваенных злачынцаў. Праводзіўся 20.11.1945—1.10.1946 у г. Нюрнберг (Германія), у Міжнар. ваен. трыбунале, створаным паводле Лонданскага пагаднення ад 8.8.1945 паміж СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй і Францыяй, да якога далучыліся яшчэ 19 дзяржаў. Ад СССР гал. абвінаваўцам выступаў Р.​А.​Рудэнка. Пад суд былі аддадзены 24 ваен. кіраўнікі фаш. Германіі: Г.​Герынг, Р.​Гес, І.​Рыбентроп, В.​Кейтэль, Р.​Лей (скончыў самагубствам у турэмнай камеры), Э.​Кальтэнбрунер, А.​Розенберг, Г.​Франк, В.​Фрык, Ю.​Штрэйхер, В.​Функ, К.​Дзёніц, Э.​Рэдэр, Б. фон Шырах, Ф.​Заўкель, А.​Іодль, М.​Борман (судзілі завочна), Ф. фон Папен, А.​Зейс-Інкварт, А.​Шпеер, К.​Нейрат, Г.​Фрычэ, Г.​Круп (прызнаны невылечна хворым, яго справа спынена ў сувязі са смерцю). Адбыліся 403 адкрытыя суд. пасяджэнні, на якіх заслуханы паказанні падсудных (за выключэннем Геса і Фрыка), 116 сведак, разгледжана больш за 5 тыс. дакумент. доказаў, у т. л. пра злачынствы ням.-фаш. захопнікаў на тэр. Беларусі: паведамленні і акты Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, пра знішчэнне сав. людзей шляхам заражэння сыпным тыфам у 3 канцлагерах на тэр. Палескай вобл., расстрэлы жыхароў у Гомелі, Пінску, Лідзе, знішчэнне дзяцей у Брэсцкай вобл. Віна падсудных у змове супраць міру і чалавечнасці, ва ўчыненні найцяжэйшых ваен. злачынстваў была даказана. Да пакаранню смерцю праз павешанне прыгавораны Герынг, Рыбентроп, Кейтэль, Розенберг, Франк, Фрык, Кальтэнбрунер, Штрэйхер, Іодль, Заўкель, Зейс-Інкварт, Борман (завочна), да пажыццёвага турэмнага зняволення Гес, Функ, Рэдэр, да турэмнага зняволення на 20 гадоў Шырах і Шпеер, на 15 — Нейрат, на 10 — Дзёніц, апраўданы Папен, Фрычэ, Я.​Шахт. Ваенны трыбунал прызнаў злачыннымі дзярж. тайную паліцыю (гестапа) і службу бяспекі (СД), кіруючы склад Нацыянал-сацыялісцкай партыі і яе ахоўныя атрады (СС). На прыгавор чл. трыбунала ад СССР заявіў асобную думку: Папен, Фрычэ і Шахт апраўданы беспадстаўна, да Геса павінна быць ужыта пакаранне смерцю, беспадстаўна адмоўлена прызнаць злачыннымі арг-цыямі генштаб і ўрадавы кабінет. Прыгавор да пакарання смерцю здзейснены ў ноч на 16.10.1946, целы пакараных і Герынга (скончыў самагубствам перад пакараннем смерцю) сфатаграфаваны, спалены і прах развеяны. Так упершыню ў гісторыі былі пакараны арганізатары агрэсіўнай вайны, агрэсія прызнана найцяжэйшым міжнар. злачынствам. На працэсе былі выкрыты агрэсіўная і чалавеканенавісніцкая сутнасць фашызму, жудасныя дзеянні нацыстаў у акупіраваных краінах, устаноўлена віна гал. кіраўнікоў фаш. Германіі ў арганізацыі і ва ўчыненні найцяжэйшых злачынстваў супраць чалавецтва. Прынцыпы міжнар. права, што ўтрымліваюцца ў Статуце трыбунала і выказаныя ў прыгаворы, былі пацверджаны рэзалюцыяй Ген. Асамблеі ААН ад 11.12.1946.

Літ.:

Нюрнбергский процесс: право против войны и фашизма. М., 1995;

Нюрнбергский процесс: Сб. материалов: В 8 т. Т. 1—5. М., 1987—91.

І.​І.​Пацяружа.

т. 11, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗІТЫВІ́ЗМ (франц. positivisme ад лац. positivus станоўчы),

філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога прызнаюць адзінай крыніцай «станоўчых» (пазітыўных) ведаў спец. навукі, што абапіраюцца на эмпірычны вопыт. Узнік у 1830—40-я г. ў Францыі ў рэчышчы агульнай традыцыі эмпірызму. Заснавальнік А.Конт. Гіст. папярэднікамі П. з’яўляюцца Ж.​Д’Аламбер, А.​Сен-Сімон, А.Р.​Ж.​Цюрго, Д.​Юм. Адрозніваюць 3 этапы станаўлення і развіцця П. 1-ы этап — класічны. Яго гал. прадстаўнікі — Конт, Э.​Літрэ, Ж.​Э.​Рэнан, І.​Тэн (Францыя), Дж.​Міль, Г.​Спенсер, К.​Пірсан (Вялікабрытанія), П.​Л.​Лаўроў, У.​В.​Лясевіч, М.​К.​Міхайлоўскі, М.​М.​Троіцкі (Расія) і інш. Яны зыходзілі з таго, што пазітыўныя веды ў адрозненне ад абстрактна-метафіз. тлумачэнняў павінны быць рэальнымі, дакладнымі, тэарэтычна ажыццявімымі і карыснымі, а асн. задача любой навукі і пазнання ў цэлым заключаецца ў вызначэнні пастаянных і ўстойлівых сувязей паміж з’явамі, а не ў высвятленні іх прычын; 2-і этап — махізм, або эмпірыякрытыцызм. Яго тэарэтыкі Р.​Авенарыус, Э.​Мах і іх прыхільнікі фармулявалі задачу філасофіі як стварэнне спец. тэорыі навук. пазнання, а не як пабудову сінтэтычнай сістэмы, якая аб’ядноўвае вывады ўсіх навук; 3-і этап — неапазітывізм, які ў адрозненне ад махісцкага біялагізму і псіхалагізму ў вытлумачэнні пазнання зрабіў прадметам свайго аналізу розныя формы мовы, дзе выражаюцца вынікі звычайнага або канкрэтна-навук. мыслення (гл. Аналітычная філасофія). Прадстаўнікі лагічнага пазітывізму ў якасці ідэальнага сродку аналіт. філас. дзейнасці выкарыстоўвалі апарат матэматычнай логікі. Да агульнай платформы П. далучаліся Л.​С.​Стэбінг, Дж.​Уісдам (Вялікабрытанія), К.​Г.​Гемпель, Г.​Шольц (Германія), Э.​Нагель, Ч.​Морыс, П.​У.​Брыджмен (ЗША), К.​Айдукевіч (Польшча) і інш. На змену неапазітывізму прыйшло мноства метадалагічных канцэпцый філасофіі, аб’яднаных назвай «постпазітывізм», якія аддаюць асн. ўвагу рацыянальным метадам пазнання і на першы план вылучаюць вырашэнне праблемы росту ведаў, а не пошук тэорыі. Філас. сістэма П. паўплывала на метадалогію прыродазнаўчых і грамадскіх навук, асабліва 2-й пал. 19 ст. Пашырэнне агульных прынцыпаў эмпірычнага прыродазнаўства на ўсе астатнія навукі, стварэнне «сацыяльнай фізікі» і пазітыўнай сац. тэорыі стала адной з тэарэт. асноў пабудовы новага грамадства, якое вырастае з саюзу навукі і прам-сці. Паводле П., сацыялізацыя і самарэалізацыя індывідаў — гэта найперш стварэнне грамадскай структуры сувязей, у якія яны ўключаюцца і якой павінны падпарадкоўвацца. Пазітывісцкая трактоўка сацыяльнасці як адцягненай ад чалавечых прынцыпаў формы, арганістычная аналогія паміж грамадствам, прыродай і чалавечым арганізмам характэрная і для інш. філас. кірункаў (напр., экзістэнцыялізму), механістычных, геагр., расава-антрапалагічных навук. школ.

Літ.:

Трошкина В.П. Социологическая концепция Огюста Конта. М., 1984;

Современная философия науки: Хрестоматия. М., 1994;

Философия и методология науки. М., 1996.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 11, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРФЯ́НСКАЕ ЦА́РСТВА,

старажытная дзяржава ў 250 да н.э. — 224 н.э. на ПдУ ад Каспійскага м. Узнікла пасля распаду дзяржавы Селеўкідаў. Першым царом П.ц. быў правадыр племя парнаў Аршак (родапачынальнік дынастыі Аршакідаў), які ў 247 да н.э. перамог грэч. намесніка Парфіі Андрагора. Аршакіды пашырылі сваю ўладу на У, захапілі Бактрыю і Маргіяну, на З — да межаў Сірыі і Месапатаміі. Каля 170—137 да н.э. цар Парфіі Мітрыдат I заваяваў Мідыю, б.ч. Месапатаміі, Элімаіду з Сузамі, Парсу і ч. Грэка-Бактрыйскага царства (каля 136 да н.э.). Тэр. П.ц. ў час росквіту (сярэдзіна 1 ст. да н.э.) распасціралася ад Двухрэчча да р. Інд, было сапернікам. Стараж. Рыма на Усходзе. У пач. 1 ст. да н.э. адбыліся першыя сутычкі парфян з рымлянамі. Паводле пагаднення 92 да н.э. паміж П.ц. і рым. дзяржавай мяжой прызнана р. Еўфрат. У 53 да н.э. рым. войскі М.Краса разбіты каля Караў. Да 40 да н.э. парфяне захапілі амаль усю М. Азію, Сірыю і Палесціну. У 39 да н.э. рымляне зноў адкінулі парфян за Еўфрат. Адначасова Рым імкнуўся выкарыстаць унутр. барацьбу ў Парфіі паміж варагуючымі групоўкамі, супрацьстаянне паміж якімі выклікала грамадз. войны ў П.ц. (57—55, 31—25 да н.э.). У 1 ст. н.э. пачаўся заняпад П.ц., выкліканы ростам мясц. сепаратызму, дынастычнымі спрэчкамі і набегамі качэўнікаў. У 224 правіцель васальнай Парсы (Персіды) Ардашыр I разграміў армію апошняга з Аршакідаў Артабана V. П.ц. перастала існаваць, яго тэр. ўвайшла ў дзяржаву Сасанідаў.

Першапачаткова мастацтва П.ц. развівалася як галіна эліністычнага мастацтва, элементы якога часткова творча перапрацоўваліся мясц. насельніцтвам. Для ўсх. часткі П.ц. тыповымі былі храмы, якія паводле плана (квадратнае свяцілішча з 4 калонамі ў цэнтры, абкружанае памяшканнямі), магчыма, паходзяць ад стараж. храма агню (у Персепалі, 3 ст. да н.э.). Пабудовы палацавых ансамбляў звычайна групаваліся вакол цэнтр. двара, у які выходзілі айваны (тэрасы; палац на гары Кухе-Ходжа, 1—3 ст.). Разам з прывазнымі эліністычнымі творамі пластыкі пашырыліся мясц. размаляваныя гліняныя статуі (у будынках Нісы), тэракотавыя статуэткі (у Маргіяне). Вядомы плоскасныя франтальныя наскальныя рэльефы (на скале Бехістун, першыя ст. н.э.), фрагменты паліхромных размалёвак палаца на гары Кухе-Ходжа, рытоны мясц. форм з фрызамі на грэч. і мясц. сюжэты (слановая косць, 2 ст. да н.э.). Для зах. часткі характэрны свяцілішчы вавілонскага тыпу (памяшканні размяшчаліся па перыметры ўнутр. двара; у Ніпуры) з грэка-рым. уплывам (у Хатры). У крапасных і палацавых збудаваннях часта спалучаліся грэч. перыстыль і мясц. айван (палац у Ашуры, 1 ст.). Для архітэктуры жылля ўласцівы пераход ад «пастаткавага» тыпу дома да «айваннага». У жывапісе (Дура-Еўрапас) і скульптуры (Хатра) у першыя ст. н.э. відавочны тэндэнцыі да франтальнасці кампазіцыі і плоскаснасці. Дробная пластыка адметная паступовым знікненнем грэч. тыпаў і зваротам да мясц. сюжэтаў.

А.​У.​Казленка.

т. 12, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНВІТЭ́ЛІ ((Vanvitelli) Луіджы) (12.5.1700, г. Неапаль, Італія — 1.3.1773),

італьянскі архітэктар неапалітанскай школы. Працаваў у Рыме, Анконе, Ф’юмічына, Брэшыі, Неапалі, Мілане. Творчасць Ванвітэлі — пераход ад барока да класіцызму. У яго гал. збудаванні Палацца Рэале ў Казерце, каля Неапаля (пач. ў 1752; прамавугольнае ў плане, з 4 унутр. дварамі, утворанымі крыжападобным перасячэннем карпусоў), барочная пластычнасць дэкору і дынамізм прасторавай арганізацыі інтэр’ераў спалучаюцца з класіцыстычнай строгасцю і плоскаснасцю фасадаў.

Л.Ванвітэлі. Лесвіца ў Палацца Рэале ў Казерце каля Неапаля. Пачаты ў 1752.

т. 3, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСПУРАКА́НСКАЕ ЦА́РСТВА,

армянская феад. дзяржава дынастыі Арцрунідаў у 908—1021 у вобласці Васпуракан. Знаходзілася ў васальнай залежнасці ад царства арм. Багратыдаў. Праз Васпураканскае царства праходзіла паўд. адгалінаванне важнага гандл. караваннага шляху. Высокага ўзроўню дасягнулі рамёствы, гандаль, культура. У час праўлення цара Гагіка Арцруні [908—943] вяліся вялікія буд. работы ў гарадах Вастан, Ахтамар, Ван. Васпураканскае царства ахапіў антыфеад. і антырэліг. рух тандракійцаў. На пач. 11 ст. падверглася нападу цюрк. плямён, што ішлі з У. У 1021 далучана да Візантыі.

т. 4, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)