народны рух у дзяржаве Сасанідаў у 490 — канцы 520-х г. Ідэалогіяй М.р. было рэліг.-філас. вучэнне маздакізм, якое ўзнікла ў канцы 3 ст. Гал. змест вучэння — ідэі барацьбы Святла (Дабра) і Цемры (Зла), усеагульнай роўнасці, падзелу маёмасці. Рух узнік ва ўмовах эканам. і паліт. крызісу, росту ўплыву арыстакратыі і аслаблення царскай улады, разарэння іранскіх сялян, многія з якіх з-за жорсткага шлюбнага заканадаўства не маглі стварыць сям’ю. Быў падтрыманы царом Кавадам I [488—496, 499—531]. Прыхільнікі маздакізму занялі важныя дзярж. пасады, кіраўнік М.р. Маздак стаў адной з першых асоб дзяржавы. Маздакісты захоплівалі маёмасць знаці і аддавалі яе бедным, было палегчана шлюбнае заканадаўства. Аслабіўшы арыстакратыю, Кавад I у канцы 520-х г. парваў з маздакізмам, а яго сын Хасроў задушыў М.р. Маздак быў пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІЯ ЯРЫ́,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў г. Мазыр і Мазырскім р-не Гомельскай вобл.Засн. ў 1986 з мэтай захавання, рэкрэацыйнага выкарыстання і павышэння ўстойлівасці лагчынна-яравых утварэнняў. Пл. 1141,5 га.
Размешчаны на ўзвышанай і расчлянёнай ч. Мазырскай грады на выш. 150—200 м. Шчыльнасць яроў да 30 шт/км². Града складзена з пяскоў, пясчана-гравійнага матэрыялу, марэнных супескаў і суглінкаў. Лясы бярозавыя, хваёвыя, дубовыя, чорнаальховыя, грабавыя і кляновыя; ёсць бук і піхта. У флоры больш за 500 відаў сасудзістых раслін, у т. л. занесеных у Чырв. кнігу: венерын чаравічак сапраўдны, гусіная цыбуля пакрывальцавая, званочак сібірскі, клапагон еўрапейскі, кураслеп лясны, лілея кучаравая, мнаганожка звычайная. Шмат гаспадарча-карысных раслін, у т. л. ажына, барбарыс, маліна, каліна, шыпшына і інш.; у арнітафауне шмат драпежных птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАК (Papaver),
род кветкавых раслін сям. макавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 3 дзікарослыя віды М.: аргемона (P. argemone), няпэўны (P. dubium), самасейка, або відук (P. rhoeas). Трапляюцца як пустазелле на палях, каля дарог. Культывуецца М. снатворны (P. somniferum). 5 інтрадукаваных: М. амурскі (P. anomalum), ападаючы (P. fugax), голасцябловы (P. nudicaule), прыкветкавы (P. bracteatum), усходні (P. orientale).
Адна- і шматгадовыя травяністыя, пераважна карэнішчавыя расліны з млечным сокам. Лісце перыстарассечанае або перыстараздзельнае. Кветкі буйныя, адзіночныя, на доўгіх кветаносах, чырв., белыя, светла-фіялетавыя ці жоўтыя. Плод — каробачка. З няспелых каробачак М. снатворнага атрымліваюць опіум (загусцелы млечны сок, які выкарыстоўваецца ў вытв-сці лекаў, напр., кадэін, марфін, папаверын, і наркотыкаў), з насення — тэхн. алей. Лек., харч., алейныя, меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКАРАНІ́ЧНЫ ВЕРШ, макаранічная паэзія (італьян. poesia maccheronica ад maccheroni макароны),
від жартоўнага ці сатыр. верша, камізм якога ствараецца перанасычанасцю тэксту варварызмамі, падпарадкаванымі марфал. законам роднай мовы. Узнік у старажытнасці, калі асобныя рым. паэты перамяжалі сваю мову грэч. словамі. У перыяд франкаманіі ў Расіі (18—19 ст.) І.Мятлеў высмейваў сумесь «французскага з ніжагародскім» у мове пануючых класаў. У паэме І.Катлярэўскага «Энеіда» сатыр. гучанне набыло ўвядзенне лац. лексікі ва ўкр. моўны кантэкст. Аснова для з’яўлення М.в. ў бел. паэзіі была яшчэ ў сярэдневякоўі, калі на Беларусі шырока ўжывалася лац., стараслав. і польск. мовы. Найб. раннія з такіх вершаў — «Плач пакінутага каханай» і «За пенкнай паненкай аж душа сумуе...» (апубл. А.Рыпінскім, 1840). М.в. зрэдку трапляецца ў сучаснай бел. паэзіі (К.Крапіва) і прозе (Я.Купала, Я.Колас).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬКО́ (Мікалай Андрэевіч) (4.5.1883, г.п. Браілаў Вінніцкай вобл., Украіна — 23.6.1961),
расійскі дырыжор, педагог. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1909) па класах кампазіцыі (у М.Рымскага-Корсакава), дырыжыравання і фп. З 1909 дырыжор Марыінскага т-ра. У 1918—21 узначальваў Віцебскую нар. кансерваторыю і сімф. аркестр. З 1925 гал. дырыжор філармоніі і праф. кансерваторыі ў Ленінградзе. З 1928 за мяжою, выступаў як прапагандыст рус. і сав. музыкі, працаваў дырыжорам Радыё ў Капенгагене (1928—32). З 1938 у ЗША, заснаваў дырыжорскія курсы ў Чыкага. З 1957 узначальваў створаны ім сімф. аркестр у Сіднеі (носіць яго імя). Аўтар кн. «Асновы тэхнікі дырыжыравання» (1950). Сярод яго вучняў: Л.Гінзбург, А.Мелік-Пашаеў, Я.Мравінскі, І.Мусін, Б.Хайкін. З 1963 у Капенгагене праводзіцца Міжнар. конкурс дырыжораў імя М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЧЭ́СТЭРСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т.
Засн. ў Вялікабрытаніі ў 1851 як Оўэнс-каледж. З 1880 сучасная назва. У 1996/97 навуч.г. больш за 16 тыс. студэнтаў; ф-ты: пед.; права; медыцыны і стаматалогіі; кіравання ў бізнесе; эканомікі і сац. навук (уключае эканоміку сельскай гаспадаркі, сац. антрапалогію, кіраванне); навукі і тэхнікі (біял. навукі, псіхалогія, матэматыка, хімія, фізіка, навукі аб Зямлі, тэхн. навукі і інш.); мастацтваў (архітэктура, музыка, гісторыя мастацтваў, грэч. і лац. мовы, археалогія, гісторыя, філасофія, тэалагічныя навукі і інш.). У складзе ун-та школа біял. навук (анатомія, біяхімія, біямедыцына, нейралогія, заалогія, генетыка, фармакалогія і інш.). У бібліятэках ун-та 4 млн. тамоў кніг, манускрыпты і архіўныя дакументы, 800 тыс. найменняў на мікрафільмах. Мае радыёастр. лабараторыі, навук. парк, выд-ва, музей, тэатр, маст. галерэю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЗО́РКІ (Asteroidea),
клас беспазваночных жывёл тыпу ігласкурых. Вядомы з ардовіку (каля 400 млн. гадоў назад). З вымерлыя і 8 сучасных атр., 30 сям., 300 родаў, больш за 1500 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, да глыб. 10 км. На Беларусі вапнавыя шыпы М.з. знойдзены ў сярэднеардовікскіх адкладах.
Памеры ад 1 см да 1 м. Цела звычайна мае форму 5-прамянёвай, часам многапрамянёвай (да 50 прамянёў) зоркі або пяцівугольніка. Многія ярка афарбаваны. Шкілет унутраны. Шкілетныя пласцінкі скуры ўзброены шыпамі, іголкамі, часам педыцылярыямі (гл.Марскія вожыкі). Рухаюцца з дапамогай амбулакральных ножак. Пераважна драпежнікі. кормяцца малюскамі і інш. беспазваночнымі, некат. грунтаеды. Большасць раздзельнаполыя. Развіццё з метамарфозам (плаваючая лічынка); некат. жывародныя. Здольныя да рэгенерацыі страчаных частак цела.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я СВІ́НКІ (Cavia),
род грызуноў сям. свінкавых. 5—6 відаў. Пашыраны ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы. Жывуць у норах на адкрытых мясцінах, забалочаных ускраінах лясоў. Трымаюцца паасобку або невял. групамі. М.с. (C. porcellus) прыручана інкамі. Завезена ў Еўропу ў 16 ст. (адсюль другая, першапачатковая назва «заморская свінка»). На Беларусі найб. трапляюцца М.с. шарсткашэрсная (абісінская, або разеткавая) і даўгашэрсная (ангорская, або перуанская).
Даўж. да 35 см, маса да 900 г. На задніх лапах 3, на пярэдніх 4 пальцы. Расліннаедныя. Нараджаюць да 6 дзіцянят 1—2 разы за год. Існуе шэраг парод з розным колерам і якасцю поўсці. Утрымліваюцца аматарамі і ў віварыях доследных устаноў. Выкарыстоўваюцца як свойскія дэкар. і лабараторныя жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКО́Е ДНО (прававы рэжым),
глыбакаводнае марское дно, якое размешчана па-за знешнімі межамі кантынент. шэльфа. Прынцыпы і нормы міжнар. прававога рэжыму М.д. вызначаны Канвенцыяй ААН па марскім праве 1982. Паводле Канвенцыі, агульныя паводзіны дзяржаў у адносінах да гэтага раёна павінны адпавядаць яе палажэнням, прынцыпам Статута ААН і інш. нормам міжнар. права ў інтарэсах падтрымання міру і бяспекі і садзейнічання міжнар. супрацоўніцтву і ўзаемаразуменню. Прававы рэжым М.д. не закранае прававога статуса вод, якія яго пакрываюць, і паветр. прасторы над ім. Канвенцыя абвясціла М.д. агульнай спадчынай чалавецтва. Ні адна дзяржава не можа прэтэндаваць на суверэнітэт або суверэнныя правы ці ажыццяўляць іх у адносінах нейкай часткі гэтага раёна М.д. або яго рэсурсаў, ні адна дзяржава, фіз. або юрыд. асоба не можа прысвойваць ніякую частку дадзенага раёна і яго рэсурсы. Гл. таксама Марское права.