уласцівасць матэрыяльнага цела займаць пэўную частку прасторы, валодаць прасторавымі памерамі (мець даўжыню, шырыню, вышыню). Вырашае ўзаемасувязь элементаў або часцей цел, момант іх адноснай устойлівасці; можа параўноўвацца па велічыні.
У гісторыі філасофіі П. разглядалася як атрыбут матэрыяльнай субстанцыі і нярэдка атаясамлівалася з самой прасторай. Франц. матэрыялісты 18 ст. Р.Дэкарт, Т.Гобс лічылі П. сутнасцю матэрыі. Для свайго тлумачэння П. патрабуе матэрыяльнага цела, без яго яна пустая абстракцыя. У матэматыцы дакладнае ўяўленне аб адрозненні геам. уласцівасцей прасторы, такіх, як П. і форма, ад яго фіз. уласцівасцей было дасягнута пасля адкрыцця неэўклідавых геаметрый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯКА́РСКІ (Аляксандр Антонавіч) (н. 30.5.1952, в. Буда Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),
бел. матэматык. Д-рфіз.-матэм.н. (1991), праф. (1993). Скончыў БДУ (1975). З 1982 у Гродзенскім ун-це, з 2000 у Бел. тэхнал.’ ун-це. Навук. працы па тэорыі функцыі рэчаіснай і комплекснай пераменных. Даказаў прамыя і адваротныя тэарэмы рацыянальнай апраксімацыі ў класічных функцыян. прасторах.
Тв.:
Чебышевские рациональные приближения в круге, на окружности и на отрезке // Матем. сб. Нов. сер. 1987. Т. 133, №1;
Hardy space niethods in rational approximation // Grundlehren der matheniatischen Wissenschaften. Berlin etc., 1996. Bd. 304.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВІ́НСКІ (Антон Фёдаравіч) (н. 13.3.1952, в. Краглі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1997), праф. (1999). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1972). З 1977 у Брэсцкім ун-це (з 1991 заг. кафедры). Навук. працы па квантавай тэорыі фазавых ператварэнняў у сістэмах паўправаднік — метал і праваднік — звышправаднік. Распрацаваў методыку разліку на ЭВМ электронных энергетычных спектраў, параметраў электрон-фаноннага ўзаемадзеяння, тэрмадынамічных функцый паўправаднікоў і звышправаднікоў.
Тв.:
О корреляции между температурными зависимостями ширины запрещенной зоны и энтальпии полупроводниковых кристаллов // Физика и техника полупроводников. 1998. Т. 32, №9;
Квантовая теория динамики кристаллической решетки. Брест, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫ́НА (Якаў Валянцінавіч) (н. 1.12.1946, в. Брылькі Валожынскага р-на Мінскай вобл.),
бел. матэматык. Д-рфіз.-матэм.н. (1987), праф. (1988). Скончыў БДУ (1969), дзе і працуе (з 1975 заг. кафедры). Навук. працы па функцыянальным аналізе, дыферэнцыяльна-аператарных ураўненнях і тэорыі абагульненых функцый. Пабудаваў функцыянальнае злічэнне і даў яго дастасаванні, распрацаваў (разам з А.Б.Антаневічам) тэорыю нелінейных абагульненых функцый. Адзін з аўтараў «Руска-беларускага матэматычнага слоўніка» (1993). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Тв.:
Линейные уравнения и борнология. Мн., 1982;
Функциональный анализ и интегральные уравнения. Мн., 1984 (разам з А.Б.Антаневічам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОТ (Лазар Артуравіч) (н. 13.12.1920, г. Курган, Расія),
бел. вучоны ў галіне тэарэт. фізікі. Д-рфіз.-матэм.н., праф. (1977). Скончыў Ваенна-паветраную інж. акадэмію (1944). З 1953 у Бел.тэхнал. ун-це (у 1964—92 заг. кафедры). Навук. працы па статыст. тэрмадынаміцы, механіцы суцэльных асяроддзяў, біяфізіцы, даследаванні крытычных з’яў і турбулентнасці, праблемах удасканалення падрыхтоўкі навук. кадраў. Стварыў метад умоўных размеркаванняў — новы метад статыст. механікі, які дазволіў адзіным чынам апісаць ўсе віды фазавых пераходаў I роду.
Тв.:
Статистическая теория молекулярных систем. М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАФІ́ЗІКА,
раздзел астраноміі, які вывучае фізічную будову, хімічны састаў і развіццё нябесных целаў. Узнікла ў сярэдзіне 19 ст. ў выніку выкарыстання ў астраноміі спектральнага аналізу, фатаграфіі і фотаметрыі, што дало магчымасць вызначаць т-ру атмасфер Сонца і зорак, іх магнітныя палі, скорасць руху ўздоўж праменя зроку, характар вярчэння зорак і інш.Асн. раздзелы астрафізікі: фізіка Сонца, фізіка зорных атмасфер і газавых туманнасцяў, тэорыя ўнутранай будовы і эвалюцыі зорак, фізіка планет і інш. Тэарэтычная астрафізіка вывучае асобныя нябесныя аб’екты (планеты, зоркі, пульсары, квазары, галактыкі, скопішчы галактык і інш.) і агульныя фіз. прынцыпы астрафіз. працэсаў з мэтай устанаўлення агульных законаў развіцця матэрыі ў Сусвеце. Практычная астрафізіка распрацоўвае інструменты, прылады і метады даследаванняў. Крыніцы атрымання інфармацыі пра нябесныя целы: эл.-магн. выпрамяненне (гама-, рэнтгенаўскае, ультрафіялетавае, бачнае, інфрачырвонае і радыёвыпрамяненне); касм. прамяні, якія дасягаюць атмасферы Зямлі і ўзаемадзейнічаюць з ёю; нейтрына і антынейтрына; гравітацыйныя хвалі, што ўзнікаюць пры выбухах масіўных зорак. Значны ўклад у развіццё Астрафізікі зрабілі А.А.Белапольскі, М.М.Гусеў, Ф.А.Брадзіхін, В.Я.Струвэ, Г.А.Ціхаў (Расія), Г.Фогель, К.Шварцшыльд (Германія), У.Кэмпбел, Э.Пікерынг, Э.Хабл (ЗША), А.Эдынгтан (Англія), В.А.Амбарцумян (СССР) і інш.Найб. значныя дасягненні сучаснай Астрафізікі — адкрыццё нябесных аб’ектаў з незвычайнымі фіз. ўласцівасцямі (нейтронныя зоркі, чорныя дзіркі, квазары).
Літ.:
Мартынов Д.Я. Курс обшей астрофизики. 4 изд. М., 1988;
Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТАЛО́ГІЯ (ад клімат + ...логія),
навука аб кліматах зямнога шара, іх тыпах, фактарах фарміравання, заканамернасцях геагр. пашырэння і змянення ў часе. Уваходзіць у сістэму геагр. навук і адначасова з’яўляецца раздзелам фіз. навукі метэаралогіі. Падзяляецца на агульную, або фізічную (вывучае генезіс клімату і яго фіз. абумоўленасці), і кліматаграфію. Клімат высокіх слаёў атмасферы вывучае аэракліматалогія, прыземнага слоя паветра — мікракліматалогія, мінулых эпох — палеакліматалогія; дынамічная К. разглядае кліматы і іх фарміраванне ў залежнасці ад агульнай цыркуляцыі атмасферы. Уплыў клімату на раслінны і жывёльны свет, на розныя бакі гасп. дзейнасці чалавека даследуюць біякліматалогія, агракліматалогія, медыцынская, тэхн. і трансп., лясная, марская К. і інш.
Першыя звесткі пра клімат былі ў апісаннях ант. вучоных (Герадот, Страбон і інш.). У 17—18 ст.англ. вучоныя Э.Галей, Дж.Хэдлі і рас. вучоны М.В.Ламаносаў выказалі меркаванні пра ўплыў атм. цыркуляцыі на клімат. Як самаст. галіна навукі К. сфарміравалася ў сярэдзіне 19 ст. (рас. вучоны А.І.Ваейкаў, ням. А.Тумбальт, У.П.Кепен і інш.). Вял. значэнне для развіцця К. ў 20 ст. мелі працы рас. вучоных А.А.Камінскага, Я.С.Рубінштэйн, Л.С.Берга, амер. Г.Ландсберга, Д.Мілера, аўстр. Ф.Штайнгаўзера і інш.
На Беларусі навук. даследаванні ў галіне К. праводзіліся з пач. 20 ст. ў сістэме гідраметэаслужбы (А.І.Кайгарадаў склаў кліматычны атлас Беларусі). Развіццё К. звязана з імёнамі Г.В.Валабуевай, М.А.Гольберга, А.І.Савікоўскага (Гідраметэаслужба), А.Х.Шкляра (БДУ), М.А.Гольчанкі (БСГА), М.І.Касцюкевіча (Бел.тэхнал.ун-т).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯССО́ННІЦАінсамія, агрыпнія,
парушэнне начнога сну. Выяўляецца цяжкім засынаннем, частым на працягу ночы або раннім абуджэннем ці поўным знікненнем глыбокага сну. Прычыны бяссоніцы: няўстойлівасць сну з дзяцінства (спадчынная, ад некаторых перанесеных у дзяцінстве хвароб), парушэнні ўмоў і дынамічнага стэрэатыпу сну (начная работа, дзённае фіз. і псіхічнае ператамленне, познія заняткі, нязвыклае месца для сну і інш.), хваробы нерв. сістэмы, траўмы галаўнога мозга, змены біялагічных рытмаў і фізіял. працэсаў у арганізме пры пераходзе ў сталы і старэчы ўзрост. Бяссонніца — абавязковы сімптом некаторых хвароб, напр. алкагалізму, цяжкіх неўрозаў і псіхозаў. Лячэнне: правільны рэжым працы і адпачынку, заняткі фізкультурай, водныя працэдуры, заспакаяльныя і снатворныя сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДЗЯ́КА (Міхаіл Мікалаевіч) (н. 17.8.1914, в. Пячары Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Чл.-кар.АН Беларусі (1974), д-ртэхн.н., праф. (1968). Скончыў Маскоўскі ін-т сталі (1941). З 1950 у БПІ, з 1953 у Фіз.-тэхн. ін-це АН Беларусі. Навук. працы па тэрмадынаміцы структурных і фазавых ператварэнняў у металах і сплавах ва ўмовах звышвысокіх скарасцей награвання. Распрацаваў тэарэт. асновы тэрмадынамікі рэкрышталізацыі. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.
Тв.:
Термокинетика рекристаллизации. Мн., 1968 (разам з С.А.Астапчыкам, Г.Б.Ярашэвічам);
Мартенситностареющие стали. Мн., 1976 (з імі ж);
Электротермообработка сплавов с особыми свойствами. Мн., 1977 (разам з С.А.Астапчыкам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫСЕ́ПТЫКА (ад анты... + грэч. sēptikos гніласны),
комплекс лячэбна-прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на знішчэнне патагенных мікробаў у пашкоджаных тканках або арганізме ў цэлым, на папярэджанне або ліквідацыю інфекц. запаленчага працэсу. Пры мясцовай антысептыцы антысептычныя сродкі ўплываюць непасрэдна на інфекцыю ў ране, пры агульнай лек. рэчывы дзейнічаюць праз кроў.
У практыцы выкарыстоўваюць мех. (хірург. апрацоўка раны), фіз. (гіграскапічная павязка, ультрагук, ультрафіялетавыя прамяні), хім. (хлорзамяшчальныя злучэнні, к-ты, шчолачы, спірты і інш. рэчывы, якія знішчаюць ці стрымліваюць развіццё мікробаў, актывізуюць ахоўныя сілы арганізма і фагацытоз), біял. (антыбіётыкі, бактэрыяфагі) і спалучаныя метады антысептыкі. У хірург. практыку антысептыку ўпершыню ўвёў англ. хірург Дж.Лістэр (1867).