«Партыя мірнага абнаўлення», партыя ў Рас. імперыі ў 1906—12. Займала месца на правым флангу ліберальнага лагера. Гал. яе ядро складалі дэпутаты-прагрэсісты 1-й Дзярж. думы (1906); заснавальнік і гал. ідэолаг П.А.Гейдэн. Выступала за стварэнне канстытуцыйна-манархічнай дзяржавы, за паліт. і грамадз. роўнасць для ўсіх народаў Рас. імперыі. Па многіх пунктах праграма М. супадала з кадэцкай (гл.Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя). У час выбараў у 2-ю Дзярж. думу ў ліст. 1906 у Вільні і Мінску былі створаны к-ты М., але сваіх прадстаўнікоў у Думу яны не правялі. У 3-й Дзярж. думе адзіным прадстаўніком М. ад Беларусі быў ляснічы Пружанскага пав. В.А.БІЧ, выбраны ад Гродзенскай губ. У сваіх выступленнях у Думе Біч прапаноўваў рэарганізаваць усё мясц. кіраванне Паўн.-Зах. краю, увесці земскае самакіраванне. У студз. 1912 узнік к-т прагрэсістаў у Вільні, у які пазней увайшлі і М. Пасля 1912 М. як самастойная паліт. сіла не выступалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ (НАП),
працэс удасканальвання арганізацыі працы на аснове дасягненняў навукі і тэхнікі з мэтай аптымізацыі яе ўмоў і вынікаў.
Пачынальнік укаранення НАП і кіравання — амер.інж. Ф.Тэйлар (гл.Тэйларызм). Рас. філосаф А.А.Багданаў вылучыў у 1912 ідэю стварэння навукі аб агульных законах арганізацыі — тэкталогію, якая пазней была развіта ў канцэпцыях НАП. Ініцыятар і арганізатар НАП у СССР — эканаміст А.К.Гасцеў, які ў 1920—38 узначальваў Цэнтр.ін-т працы. У СССР дзейнічала дзярж. сістэма планавання НАП і дзярж. стат. справаздачнасць прадпрыемстваў аб выкананні планаў, створаны ўсесаюзныя, галіновыя і рэсп. цэнтры НАП.
Асн. кірункі практычнай дзейнасці па ўкараненні НАП: удасканальванне форм падзелу і кааперацыі працы на прадпрыемствах, паляпшэнне арганізацыі і абслугоўвання прац. месцаў, рацыяналізацыя прыёмаў і метадаў працы, падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі работнікаў, паляпшэнне ўмоў працы, рацыяналізацыя рэжымаў працы і адпачынку, выкарыстанне матэрыяльных стымулаў. Пры распрацоўцы і ўкараненні НАП выкарыстоўваюцца дасягненні сацыялогіі, агульнай і інж. псіхалогіі, фізіялогіі і гігіены працы, эрганомікі, тэхн. эстэтыкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГО́РСКІ (Ігар Станіслававіч) (н. 17.2.1931, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі; стваральнік навук. школы па матэм. мадэліраванні і аўтаматызацыі с.-г. вытв-сці. Акад. Акадэміі агр. навук Беларусі і Рас. акадэміі с.-г. навук (1992). Д-ртэхн.н. (1978), праф. (1980). Скончыў БСГА (1953). З 1953 у Ін-це торфу Нац.АН, з 1961 у БелНДІ механізацыі сельскай гаспадаркі (у 1983—98 дырэктар, у 1984—98 ген. дырэктар НВА «Белсельгасмеханізацыя», з 1998 гал.навук. супрацоўнік, з 1999 саветнік). Навук. працы па абгрунтаванні сістэм тэхн. сродкаў для сельскай гаспадаркі, параметраў і рэжымаў работы с.-г. машын і агрэгатаў на стадыі іх праектавання на аснове метадаў матэм. мадэліравання; створаны высокаэфектыўныя машыны, глебаапрацоўчыя агрэгаты, тэхн. сродкі для ўборкі і пасляўборачнай апрацоўкі зерня, лёну, кармоў і інш.
Тв.:
Моделирование сельскохозяйственных агрегатов и их систем управления. Л., 1979 (у сааўт.);
Механизация процессов химизации и экология. Мн., 1993 (разам з Л.Я.Сцепуком, В.П.Дзмітрачковым).
чарнагорскі паэт і дзярж. дзеяч. З дынастыі Негашаў. Уладыка (свецкі і духоўны правіцель) Чарнагорыі [1830—51] пад імем Пятра II Петравіча. Умацоўваў цэнтр. ўладу ў краіне (у 1831 створаны Правячы сенат), адстойваў яе незалежнасць ад замахаў Турцыі і Аўстрыі. Арыентаваўся на падтрымку Расіі, якую наведаў у 1833 і 1837. У сталіцы Чарнагорыі г. Цэтыне заснаваў першую школу і друкарню. У 1834 выдаў у Цэтыне зб. вершаў «Цэтынскі пустэльнік» і «Аблічча лютасці турэцкай», у 1845 зб.нар. і сваіх песень «Люстэрка сербскае», які адкрыў вершам-прысвячэннем «Цені Аляксандра Пушкіна». У паэме «Свабадыяда» (нап. 1835, апубл. 1854) услаўляў барацьбу сербаў і харватаў за нац. незалежнасць Вяршыня яго творчасці — драм. паэма «Горны вянец» (1847) пра барацьбу чарнагорцаў супраць тур. няволі ў канцы 17 ст. Аўтар філас. паэмы «Прамень мікракосма» (1845) і драм. паэмы «Самазванец Сцяпан Малы» (нап. 1848).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАЛЕ́ЖНЫ ПРАФСАЮ́З БЕЛАРУ́СІ, Беларускі незалежны прафсаюз гарнякоў,
хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і інш. работнікаў. Створаны 6.11.1991 на базе арг-цыі «Рабочы саюз» і стачкома г. Салігорска. Аб’ядноўвае больш за 10 тыс.чл. Складаецца з пярвічных і рэгіянальных арг-цый, кіруючы орган — Савет прадстаўнікоў. Арг-цыі Н.п.Б. існуюць ў Салігорску, Мінску, Наваполацку, Гродне, Мазыры, Слуцку і інш.Асн. мэты прафсаюза: павышэнне жыццёвага ўзроўню і сац. абароненасці чл. прафсаюза, абарона іх працоўных, сац.-эканам., грамадз., маёмасных і інш. правоў і законных інтарэсаў. Асн. задачы — прадстаўляць і адстойваць інтарэсы чл. прафсаюза ў органах дзярж. улады і кіравання, заключаць пагадненні і калект. дагаворы, ажыццяўляць нагляд і кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы, дабівацца прывядзення законаў Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з міжнар. нормамі права і інш. Выдае штотыднёвую газ. «Салідарнасць» (1991). З’яўляецца чл.Міжнар. федэрацыі прафсаюзаў работнікаў хім., горназдабыўной прам-сці, энергетыкі і рознарабочых (ІСЕМ), заснавальнікам Бел. кангрэса дэмакр. прафсаюзаў (БКДП).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЕ́РУШ»,
народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль БДУ. Створаны ў 1980, у 1985 нададзена званне народнага. Арганізатар і маст. кіраўнік В.Гладкая. Уключае вак.-танц. групу (36 удзельнікаў) і інстр. ансамбль (8 чал.). У рэпертуары аўтэнтычныя бел.нар. песні, музыка, танцы, абрады розных рэгіёнаў Беларусі. Валодае школай нар. спеву з захаваннем рэгіянальных асаблівасцей. Большасць твораў запісана этнамузыколагамі і ўдзельнікамі калектыву ў фалькл.-этнагр. экспедыцыях, у т. л. песні «Ой, ты, сонца да яснае сонейка», «Да повідэмо куста», «Ой, і дай ты мне раду», «Там на лужку, на лужку», полька «Верацяно», «Ацьмінаўская кадрыля», веснавыя карагоды. Ансамбль зрабіў некалькі дзесяткаў запісаў на Бел. радыё, выпусціў кампакт-дыск. Творчасці калектыву прысвечаны фільмы Бел. тэлебачання «Вяселле ў Траецкім» (1989), «Каляда», «Піліпаўка». Лаўрэат і дыпламант рэсп. і міжнар.фалькл. фестываляў і конкурсаў, у т. л. ў Балгарыі (Сафія, 1985, Залаты медаль), Нарвегіі (г. Ф’ёрдэ, 1995), Італіі (г. Віка-Экуэнсе, 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЖНІ ЗЕ́МСКІ СУД, земскі суд,
калегіяльны выбарны адм.-паліцэйскі орган на тэр. павета ў Рас. імперыі ў 1775—1863. Створаны на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Расійскай імперыі» 1775. Павінен быў забяспечваць у павеце «добрапрыстойнасць, добрыя паводзіны і парадак», выкананне законаў, пастаноў губернатара і губ. устаноў, сачыць за гандлем і станам цэн, займацца вышукам збеглых сялян, сачыць за станам дарог і мастоў і інш. Праводзіў папярэдняе расследаванне па пэўнай катэгорыі крымін. спраў і выконваў рашэнні, вынесеныя суд. органамі. На Беларусі такія суды ўводзіліся ў 1775—96. Напачатку ў іх уваходзілі земскі спраўнік і 2—4 засядацелі ад дваранства, якіх выбіралі на дваранскіх выбарах на 3 гады і зацвярджаў губернатар. З 1832 земскіх спраўнікаў выбіралі на 6 гадоў. Прадугледжвалася і выбранне 2 засядацеляў ад сялян (фактычна іх выбіралі толькі ў Віцебскай і Магілёўскай губ.). Скасаваны ў 1863 на падставе «Часовых правіл аб арганізацыі паліцыі ў гарадах і паветах губерняў» (1862) і заменены павятовымі паліцэйскімі ўпраўленнямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́БАЛЬСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКАЕ ПАДПО́ЛЛЕ («Юныя мсціўцы») у Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з пач. 1942 да жн. 1943 у Сіроцінскім р-не Віцебскай вобл. Створана па ініцыятыве Сіроцінскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ з моладзі пас. Обаль, вёсак Зуі, Масцішча, Ушалы і Ферма. Мела 3 групы: Обальскую, Масцішчанскую і Ушальскую (каля 40 чал.). Узначальваў падполле камсам. к-т (сакратар Е.С.Зянькова). Падпольшчыкі праводзілі паліт. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, здабывалі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, разведданыя пра размяшчэнне варожых войск, рух эшалонаў, забяспечвалі партыз. разведчыкаў дакументамі, учынілі 21 дыверсію (спалілі льнозавод, пілараму, электрастанцыю, некалькі мастоў, эшалон з боепрыпасамі і інш.). У 1942—43 гітлераўцы арыштавалі і пасля катаванняў расстралялі амаль усё кіраўніцтва арг-цыі і многіх падпольшчыкаў; пазбегшыя арышту пайшлі ў партызаны. Зяньковай і З.М.Партновай прысвоена званне Героя Сав. Саюза. У гонар арг-цыі ў Обалі пастаўлены помнік, створаныОбальскага камсамольскага падполля музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛЬСТЭР (Ulster),
гістарычная вобласць на Пн в-ва Ірландыя, што ахоплівае тэр.Паўночнай Ірландыі і часткі Ірл. Рэспублікі (графствы Каван, Донегал і Монахан). У раннім сярэднявеччы самаст. каралеўства Улідыя. У 1177 заваявана англа-нармандцамі, з 1205 — графства, з 1461 — пад уладай англ. кароны. У 1585—1608 тут створаны 9 адм. акруг — Антрым, Даўн, Арма, Монахан, Калрэйн (з 1613 Ландандэры, з 1984 Дэры), Донегал, Тырон, Фермана, Каван. З 1609 Ландандэры, Тырон, Донегал і Каван заселены англічанамі і шатландцамі. Пасля Ірландскага паўстання 1641—52 большасць мясц. землеўладальнікаў-ірландцаў пазбаўлена ўласнасці. Далейшая каланізацыя О. англічанамі і шатландцамі (пратэстанты паводле веравызнання) абвастрыла іх адносіны з тутэйшымі ірландцамі (вернікі-католікі) на рэліг. глебе (узбр. сутыкненні ў 1798 і з 1886). Паводле англа-ірландскага дагавора 1921б.ч. О. пасля правядзення тут плебісцыту засталася пад уладай англічан як Паўн. Ірландыя (6 населеных пераважна пратэстантамі графстваў: Антрым, Даўн, Арма, Фермана, Тырон і Ландандэры), меншая ўвайшла ў новаствораную ірл. дзяржаву як яе прав. Ольстэр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1848,
польскае нац.-вызв. паўстанне супраць прускага панавання, якое адбылося 20 сак. — 9 мая ў Пазнанскім вялікім княстве. Пасля атрымання звестак пра рэв. падзеі 1848 у Францыі і Германіі 20 сак. ў г. Познань створаныНац.к-т. Паўстанне было скіравана супраць праекта падзелу Пазнанскага княства і далучэння значнай яго ч. да Прусіі. Рух набыў форму напаўлегальнага захопу ўлады ў правінцыі. Нац.к-т стварыў тайны Нац. ўрад (К.Лібельт, Г.Патвароўскі, В.Стафанскі), кіраўніком паўстання 10 крас. стаў Л.Мераслаўскі. Прускія ўлады, у парушэнне заключанага 11 крас. ў Яраслаўцы пагаднення, якое легалізавала існаванне польскіх узбр. сіл (3 тыс.чал.), пачалі задушэнне паўстання. 29 крас. прускія войскі разграмілі польскі атрад у Ксенжы. 30 крас. паўстанцы атрымалі перамогу пад Мілославам, 2 мая — пад Вжэсняй-Саколавам. Аднак шляхта выступіла супраць працягу барацьбы, а спробы разгарнуць партыз. дзеянні скончыліся беспаспяхова. 9 мая падпісана капітуляцыя. Разгром паўстання стаў першым поспехам контррэвалюцыі ў Еўропе ў 1848.