БРА́ГІНСКА-ЛО́ЕЎСКАЯ СЕДЛАВІ́НА,

тэктанічная структура Прыпяцка-Данецкага аўлакагена. Падзяляе Прыпяцкі і Дняпроўска-Данецкі прагіны, прыўзнята адносна іх на 1,5 і 0,5 км адпаведна, абмежавана разломамі на З, Пн і У. Уключае Брагінскі пахаваны выступ (заходзіць з Пд ад Украінскага шчыта і цягнецца на ПнПнЗ, шыр. каля 40 км, даўж. 50 км, паверхня крышт. фундамента на адзнаках ад -0,3 км да -1,5 км) і Лоеўскую седлавіну (на Пн ад выступу, шыр. 30—40 км, даўж. 60 км, фундамент на адзнаках ад -2 км да -4,5 км). Большая частка платформавага чахла седлавіны складзена з парод дэвону.

т. 3, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНО́СНЫ РУХ,

рух матэрыяльнага пункта (цела) адносна сістэмы адліку, якая сама рухаецца адносна інш. сістэмы адліку, што ўмоўна прымаецца за нерухомую. Звычайна нерухомая сістэма адліку (K) лічыцца інерцыйнай сістэмай адліку; рухомая сістэма (K′) можа быць інерцыяльнай і неінерцыяльнай. Скорасць і паскарэнне цела адносна сістэмы K′ наз. адноснымі (Vад, aад), адносна сістэмы K — абсалютнымі (Vаб, aаб), скорасць і паскарэнне сістэмы K′ адносна K — пераноснымі (Vпер, aпер). У кінематыцы паміж гэтымі велічынямі ўстаноўлена залежнасць: Vаб = Vад + Vпер ; aаб = aад + aпер + aкар , дзе aкарКарыяліса паскарэнне.

т. 1, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКАЕ РАДО́ВІШЧА КАМЕ́ННАЙ СО́ЛІ У Гомельскай вобл., за 5 км на Пд ад г. Мазыр. Адкрыта ў 1963. Паклады звязаны з познадэвонскай саляноснай фармацыяй, прымеркаваны да скляпення Мазырскай саляна-купальнай структуры. Соль залягае пластамі на глыб. 699—734 м, мае ад 81 да 99,9% хлорыстага натрыю, ад 0,42 да 3,48% нерастваральных рэшткаў. Прамысл. запасы каля 600 млн. т. Ускрытая магутнасць ад 499 да 767 м. Распрацоўваецца метадам падземнага вышчалочвання. На базе радовішча працуе расолапромысел адкрытага акц. т-ва «Мазырсоль» па вытв-сці кухоннай солі гатунку «Палессе». Гл. таксама Мазырскі солевыварны камбінат.

А.​П.​Шчураў.

т. 9, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖЗО́РНАЕ ПАГЛЫНА́ННЕ,

аслабленне святла пры праходжанні ў міжзорным асяроддзі. Абумоўлена рассеяннем і паглынаннем святла пылавымі часцінкамі і ў бачнай вобласці спектра залежыць ад даўжыні хвалі λ прыкладна як ​1/λ. Важная ўласцівасць М.п. — яго выбіральнасць (залежнасць паглынання ад даўжыні хвалі святла — паглынанне павялічваецца да сіняй часткі спектра). Таму далёкія зоркі выглядаюць больш чырвонымі. Пылавая матэрыя размеркавана нераўнамерна: канцэнтруецца да плоскасці Галактыкі і асабліва да яе спіральных рукавоў. У галактычнай плоскасці М.п. рознае ў розных напрамках і мяняецца ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх зорных велічынь ад адлегласці ў 1 КПС.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 10, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́РЭЙ, Мары (Murray),

самая вялікая рака ў Аўстраліі. Даўж. 2570 км (ад вытоку р. Дарлінг — 3750 км), пл. басейна 1057 тыс. км². Вытокі ў Аўстрал. Альпах, цячэ пераважна па засушлівай раўніне, упадае ў мелкаводны заліў-лагуну Александрына (адгароджаны ад Індыйскага ак. штучным барам для папярэджання ад засалення). Гал. прытокі: Дарлінг і Марамбіджы (справа). Жыўленне снегавое і дажджавое. Вясной і летам паўнаводная, у сухі перыяд (зімой) большасць прытокаў перасыхае, не дасягае гал. ракі, і М. моцна мялее. Сярэдні гадавы расход вады 330 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Рыбалоўства. На М. і яе прытоках вадасховішча, ГЭС. Суднаходная ад г. Олберы.

т. 11, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯ́РНАЕ ЗЗЯ́ННЕ,

аптычная з’ява ў верхніх слаях атмасферы (іанасферы), якая выяўляецца ў свячэнні (люмінесцэнцыі) разрэджанага паветра (гал. чынам атамаў кіслароду і малекул азоту) на вышыні ад 60 да 1000 км. Свячэнне (блакітна-белае, жоўта-зялёнае, радзей чырванаватае і фіялетавае) назіраецца пераважна ў высокіх шыротах (на адлегласці да 20—25° паўн. ш. і паўд. ш. ад магнітнага полюса), адначасова на ўсіх даўготах, з рознай інтэнсіўнасцю. Доўжыцца ад дзесяткаў мінут да некалькіх сутак. Паводле формы П.з. адрозніваюць: дыфузнае свячэнне і дугі ад аднаго пункта гарызонту да другога, а таксама прамяні, стужкі, кароны, плямы.

Палярнае ззянне.

т. 12, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЦКІЯ,

старажытны княжацкі род герба «Друцк». Паходзяць, верагодна, ад кн. Рагвалода Рагвалодавіча, які пасля паражэння ў 1161 у барацьбе за полацкі трон замацаваў за сабой Друцкае княства (адсюль прозвішча яго нашчадкаў). У 1-й пал. 14 ст. Д. падзяліліся на 2 лініі: старэйшую (ад кн. Васіля Міхайлавіча), прадстаўнікі якой пасля ўдзелу ў Глінскіх мяцяжы 1508 выехалі ў Маскву, і малодшую (ад кн. Сямёна Міхайлавіча), прадстаўнікі якой засталіся ў ВКЛ і падзяліліся на некалькі галін, атрымаўшы другія прозвішчы ад сваіх маёнткаў (Д.-Азярэцкія, Друцкія-Горскія, Друцкія-Любецкія, Друцкія-Сакалінскія і інш.) і ад мянушак заснавальнікаў асобных галін роду (Д.-Адзінцэвічы, Д.-Бабічавы, Д.-Каноплі, Д.-Пуцяцічы і інш.).

Літ.:

Насевіч В.Л. Род князёў Друцкіх у гісторыі Вялікага княства Літоўскага (XIV—XVI стст.) // Старонкі гісторыі Беларусі. Мн., 1992.

В.​Л.​Насевіч.

т. 6, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГА... (ад грэч. oligos нешматлікі, нязначны),

першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на малую колькасць, нешматлікасць чаго-н., на адхіленне ад нормы ў бок памяншэння, напр. алігамеры, алігаполія.

т. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРО́ГА (франц. pirogue ад ісп. piragua ад карыбскага piragva),

лодка індзейцаў-карыбаў. Драўляны каркас П. абцягнуты карой дрэў ці скурамі. Назву «П.» еўрапейцы перанеслі на падобныя лодкі інш. народаў.

т. 12, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НКАС, баранкасы (ісп. barrancos),

глыбокія эразійныя барозны, якія праразаюць у радыяльным напрамку схілы конусаў вулканаў ад вяршыні да іх падэшваў. Утвараюцца ад размыву парод воднымі патокамі, што сцякаюць па схілах.

т. 2, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)